Поиск по этому блогу

Пажаданні выпускнікам школы

 

Пажаданні выпускнікам школы

 

Што ты сказаў бы выпускнікам школы на ўрачыстай лінейцы?

Ты хацеў бы, каб пажаданні на школьнай урачыстай лінейцы сёлета прагучалі на беларускай, на рускай, на польскай ці на англійскай мове?

Якія словы ты ўставіў бы ў трэці радок наступнага вершаванага тэксту:

У кожным куточку

                                                      Гучы, наша мова.

                                                      …,

                                                      Дзівоснае слова.

Аляксей, выпускнік 1967 года.

-- Выпускнікі, за школьныя гады вы пераадолелі значны жыццёвы шлях разам з настаўнікамі, сябрамі і блізкімі людзьмі. Нямала намаганняў вы прыклалі, каб паспяхова закончыць школу. Цяпер ад вас залежыць, як складзецца ваш жыццёвы шлях. Усё лепшае, што было ў школьным жыцці, вазьміце з сабою, а горшае, нядобрае пакіньце за сваімі плячыма. Няхай яно ляціць з ветрам далёка-далёка.

Пажаданні выпускнікам павінны прагучаць на мове той нацыі, назва якой ёсць у назве нашай краіны: на беларускай. Мы яе павінны не толькі пашырыць, але і ўзвысіць, а разам з ёю і саміх сябе.

У трэці радок вершаванага тэксту я ўставіў бы словы яднай беларусаў.

 

Юля, выпускніца 2005 года.

-- Школьная лінейка – усмешкі, кветкі, зычлівыя позіркі, накіраваныя на выпускнікоў. Няхай яны будуць разам з імі і ў далейшым жыцці, няхай падтрымліваюць іх, натхняюць на добрыя ўчынкі.

Мы чамусьці забыліся, што ў беларусаў ёсць свая, беларуская мова. Менавіта яна павінна гучаць на ўрачыстай лінейцы. Не трэба яе саромецца, не трэба баяцца таго, што нейкаму чужынцу яна не спадабаецца. Як гаворыцца, кожнаму сваё. Дзякаваць Богу, у нас яшчэ ёсць сваё, спрадвечнае.

У трэці радок вершаванага тэксту я ўставіла б словы склікай беларусаў.

 

Антон, выпускнік 2001 года.

--  Урачыстая лінейка, прысвечаная выпускнікам, падводзіць адзін з этапаў іх жыцця. Потым будуць іншыя этапы, яны наступяць ужо хутка, неўзабаве. Іх трэба сустрэць смела, без страху. Ёсць такая беларуская прыказка: век зжыць – не пальцам паківаць. Розныя перашкоды могуць сустрэцца на тваім шляху, выпускнік. Не адчайвайся, пераадолей іх і дасягні пастаўленай перад сабою мэты.

Паважаю  і рускую, і польскую, і англійскую мовы, але свая бліжэйшая і раднейшая. На школьнай лінейцы выпускнікі павінны пачуць беларускую мову, гэта права, лічу, у іх не трэба адбіраць.

У трэці радок вершаванага тэксту я ўставіў бы словы вітай беларусаў.

 

Ніна, выпускніца 1997 года.

-- Вельмі важна не спатыкнуцца ў гэты час, выбраць правільны шлях, правільныя паводзіны. Вось пра гэта я і сказала б выпускнікам. Школа – гэта падмурак іх жыцця, але ў кожнага ён свой: у некага вельмі трывалы, а ў кагосьці не зусім надзейны, з трэшчынкамі.

Лінейка павінна праводзіцца на беларускай мове, адназначна.

У трэці радок вершаванага тэксту я ўставіла б словы мяне падтрымай.

А што сказалі б выпускнікам Вы, нашы чытачы?

                                                                        Падрыхтаваў Аляксей Якімовіч