Поиск по этому блогу

Біяграфія

Аўтабіяграфічныя звесткі

 

Інтэрв’ю Аляксея Якімовіча (сам задаваў пытанні і сам адказваў на іх)

 

-- Дзе нарадзіўся, Аляксей Мікалаевіч?

-- У вёсцы Парэчча Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1949 годзе. Здаецца, 15 кастрычніка.

 

-- Чаму здаецца?

-- Бацькі неяк казалі, што нарадзіўся ці то на два дні раней, ці то на два дні пазней, а запісалі як пятнаццатага. Маці Надзея Аляксандраўна казала адно, бацька Мікалай Аляксандравіч – другое. Дык я так і не зразумеў, у які дзень дакладна нарадзіўся. Няхай будзе пятнаццатага.

 

-- А з імем не наблыталі?

-- Наблыталі. У пашпарце я запісаны як “Аляксей”, а дома мяне называлі “Лёня, Лёнік”. А калі вучыўся, то аднакурснікі клікалі “Алесем”.

 

-- Дарэчы, дзе вучыўся пасля школы?

-- Закончыўшы Парэцкую васьмігадовую школу, пайшоў вучыцца ў СШ № 4 горада Слоніма, а ў 1967 годзе, правучыўшыся там два гады, паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, дзе атрымаў спецыяльнасць выкладчыка беларускай і рускай мовы і літаратуры.

 

-- Падабалася жыць у вёсцы?

-- Наша вёсачка размешчана ў вельмі прыгожым месцы, стаіць на беразе ракі Шчары. У дзяцінстве мы вельмі любілі бавіць там свой час. Рэчка цягнула, як магнітам. Помніцца, як упершыню пераплыў яе там, дзе было глыбока ад берага да берага. Тое месца называецца Камяніцай. Магчыма, таму, што на дне шмат каменняў. Напэўна, там калісьці быў брод, дно вымасцілі каменнем, каб з вазамі можна было прерапраўляцца без асаблівых турбот. А ў той час там, у Камяніцы, вады імчалася хутка, дзе-нідзе віравала. Было страшнавата кінуцца і плысці, добра ведаючы: калі сам не даплывеш да процілеглага берага, то ніхто цябе не паспее выратаваць. Але паплыў і пераадолеў раку. Потым вельмі ганарыўся гэтым і, мабыць, падрос у вачах хлапчукоў-аднавяскоўцаў.

 

-- Напэўна, і па гаспадарцы бацькам прыходзілася дапамагаць.

-- І бульбу капаў, і агарод палоў, паліваў, і ў крынічцы, якая пачыналася адразу ж за нашым агародам, мыў посуд, і дровы пілаваў і калоў, і падлогу, зробленую з дошак (спачатку яна была нефарбаваная), дзеркачом дзёр, стараючыся зрабіць светлай, чыстай. А яшчэ пасвіў кароў, так называемую чаргу. У нашым статку было шэсцьдзесят кароў. За адну кароўку людзі па чарзе пасвілі адзін дзень. А мы звычайна трымалі дзве каровы альбо карову і цяля. Таму на месяц выпадала пасвіць два дні. Тады, на прыродзе, упершыню і вершы пачаў складаць, зпісваючы іх у невялікую кніжачку з цвёрдымі вокладкамі. Аб чым пісаў? Аб прыродзе, канешне. Бывала так, што карова раніла нагу, ходзячы ў статку. Тады цэлымі днямі прыходзілася пасвіць яе непадалёку ад вёскі на балоце. А яшчэ мы са старэйшым братам трымалі шмат трусоў. Вось гэтыя па-сапраўднаму замучылі мяне! З самай ранняй вясны рваў для іх і малачай, і лопух, і траву, і канюшыну. Усё з’ядалі. Брат сушыў на гарышчы і здаваў трусіныя шкуры. За гэтыя шкуры ён купіў сабе маторны веласіпед, але мне не даваў катацца, вельмі шкадаваў, бярог яго.

 

-- Значыць, вёска прывучала да суровага жыцця.

-- Наша вёска складаецца з дзвюх вуліц, ці, як мы называлі іх, з двух канцоў. Людзі з аднаго канца называліся Пескамі (мабыць, таму, што там была ў асноўным пясчаная зямля),   а ў нашым канцы, які падыходзіў да самай Шчары, -- Сялянамі. Дык паміж Пескамі і Сялянамі заўжды ішла канкурэнтная барацьба, якую я назваў бы выпрабаваннем. Часта мы збіраліся на горцы, якая ўзвышалася за былым будынкам васьмігадовай школы (пазней яе ператварылі ў клуб), і пачыналі ваяваць, хто каго пераможа: Пескі альбо Сяляне. Біліся звычайна дзярном, які рукамі выдзіралі на горцы. Нас, Сялянаў, было менш, але мы не паддаваліся. Калі нехта здраджваў (а гэта маглі зрабіць тыя, хто жыў непадалёку ад Пескаў) і перакідаўся на бок праціўніка, то мы потым жорстка распраўляліся з ім: маглі пабіць.

 

-- На што любіў глядзець у дзяцінстве?

-- На калгасных коней, якія пасля начной пашы вярталіся ў канюшню з-за ракі, з-за Шчары. Яны беглі спачатку нешырокай вулачкай, потым выбягалі на дарогу, якая вяла праз балота, затым падымаліся на пагорачак і імчаліся да канюшні. Развяваліся грывы, хвасты, даносілася іржанне. Вялікай маналітнай сілай здаваўся мне гэты рознаколерны конскі табун. А яшчэ побач са мною часта стаялі бацька і маці. Як і я, яны любаваліся, коньмі, захапляліся імі, адзначаючы найлепшых, найхутчэйшых. Я адчуваў, што разам з маці і бацькам складаю адну сям’ю, адзін калектыў, які ў цяжкую хвіліну падтрымае, выручыць, не падвядзе.

 

-- А яшчэ на што любіў глядзець?

-- На раку Шчару, якая працякала каля самай вёскі. Любіў глядзець у любы час сутак: і раніцай, калі над ёю клубіўся туман, і днём, калі водбліскі сонца скакалі, гулялі на яе хвальках, падкрадваючыся да берага, зарослага асакою, аерам, касачамі, і вечарам, калі станавілася ціха, калі выходзілі на здабычу шчупакі, палохаючы плотак, і ноччу на таемную, незвычайную, задумлівую. Шчара перад маімі вачыма цякла, вірылася, цэлыя бярвенні несла на сваіх плячах. Яна мне здавалася самай вялікай, самай хуткай, самай глыбокай, самай магутнай, самай прыгожай. І тады ў маёй душы непрыкметна нараджалася любоў да свайго краю, да Радзімы.

 

-- А яшчэ?..

-- На жыццё, якое ішло вакол мяне. На сваіх аднавяскоўцаў: і старых, і маладзейшых. Кожны з іх меў цікавую, запамінальную клічку. Многія з гэтых клічак, відаць, перадаваліся як спадчына: ад старэйшых малодшым. Клічкі былі розныя: і крыўдныя, і зусім бяскрыўдныя, якімі нават можна было ганарыцца. Аб’ядноўвала іх адно: яны былі дасціпныя, меткія, запамінальныя. Назіральныя і вострыя на язык былі нашы родзічы.

 

-- І ў цябе ў дзяцінстве была свая клічка?

-- Яшчэ якая!

 

-- Дык якая?

-- Заяда.

 

-- Ты адрозніваўся…

-- Вялікай упартасцю, зацятасцю, не любіў і не хацеў уступаць ні ў чым нават старэйшым, часта нават у цяжкай сітуацыі не здаваўся, стаяў да канца.

 

-- З-за гэтага, напэўна, не раз і не два цярпеў?

-- Яшчэ як цярпеў і, відаць, яшчэ і цяпер цярплю!

 

-- Такое цярпенне наганяе страх?

-- Асабліва не радуе. Так, у адной з боек паламаў руку. Хіба можна гэтаму радавацца?

 

-- Цярпенне, экстрэмальныя сітуацыя нічаму не вучыць?

-- Магчыма, прывучае да асцярожнасці, а яшчэ можа накапляць у душы злосць. Пякучая, як агонь, бывае яна, калі вырываецца на волю.

 

-- Твая ўпартасць дапамагала табе іншы раз?

-- Так, іншы раз дапамагала пераадольваць цяжкасці, цярпець, чакаць свайго зорнага часу, а таксама ўзнімацца на людзьмі з нізкім духам і пратухлай душой.

 

-- Што хацелася б зрабіць, азірнуўшыся на свой жыццёвы шлях?

-- Выправіць зробленыя памылкі. Яны падобныя на камяні, якія ты пакінуў, раскідаў пасля сябе. Яны гнулі цябе цяжарам, перашкаджалі ісці да пастаўленай мэты. А самае найгоршае: аб гэтыя камяні могуць спатыкнуцца твае блізкія, родныя. Нішто не праходзіць бясследна. Шмат пра што мы забыліся.

 

-- Напрыклад.

-- Напрыклад, пра гонар свайго роду. Няхай кожны задасць сабе такія пытанні: “А ці паспрыяюць мае ўчынкі таму, каб праз гады мае нашчадкі ганарыліся маім родам? Што падумаюць пра мой род іншыя, чужыя людзі?”

 

-- Ці магчыма выправіць зробленыя памылкі?

-- Сціснуўшы зубы, старайся выпраўляць. Дзеля гэтага працуй са сваімі малодшыі родзічамі, рыхтуй іх да жыцця, старайся зрабіць так, каб яны не паўтарылі тваіх памылак.

 

-- Ці ёсць чыстыя душы?

-- Ёсць, незямныя.

 

-- А людскія, чалавечыя, на зямлі?

-- У дарослых людзей, лічу, душы сапасваныя нейкай нядобрай спакусай. У  каго больш, у каго менш.

 

-- А ці можна ачысціць душу?

-- Душа не посуд, які можна ўзяць і памыць вадаою, а потым любавацца яго чысцінёю.

 

-- А паўсядзённай малітваю?

-- Магчыма, Бог можа дараваць. Але ці даруе сумленне? Яно суровае, бязлітаснае. Рана ці позна, а напомніць пра чысціню тваёй душы.

 

-- Чаго трэба баяцца ў жыцці?

-- Стомленасці, асабліва ў сталым узросце. На свае вочы бачыў здаровых, але стомленых людзей, якія пасля сустрэчы, пасля размовы-споведзі, падобнай на скаргу, нечакана паміралі. Не толькі пастаянная, без адпачынку праца прыводзіць да стомленасці, але і штодзённае п’янства, алкагалізм.

 

-- Значыць, сябе трэба берагчы?

-- Трэба. Усё павінна быць у меру. Той, хто забываецца пра гэта, ідзе на чырвонае святло святлафора.

 

-- Да чаго трэба прыслухоўвацца?

-- Да сваёй інтуіцыі. Не раз і не два ў многіх бывае такое, калі раптам, здавалася б, без усякай прычыны ў душы з’яўляецца, нарастае трывога. Тады спыніся, прааналізуй свае ўчынкі, падумай, што табе можа пагражаць. Магчыма, здагадаешся, знойдзеш прычыну трывогі. А знайшоўшы, імкніся прадухіліць яе. Магчыма, нават з тваім Анёлам-ахоўнікам, які імкнецца дапамагчы табе, не пакідае аднаго ў бядзе.

 

-- А яшчэ да чаго?

-- Да многіх яскравых сноў, якія прыходзяць да цябе, стомленага, соннага і папярэджваюць аб небяспецы або паведамляюць аб нейкай радаснай падзеі, якая вось-вось адбудзецца ў тваім жыцці.

 

-- Што табе дапамагае адысці ад цяжкага, змрочнага?

-- Нерэальнасць, фантазія, як цяпер кажуць, віртуальна прыдуманы свет. У сваёй фантазіі пераношуся да тых людзей, з якімі хацеў бы быць. Разам з імі праз фантазію можна здзяйсняць нейкія гераічныя ўчынкі, адкрываць новае, нязведанае. Праз фантазію можа прыйсці сяброўства і нават каханне. Не бойцеся гэтага, не адганяйце. На адмоўных эмоцыях нялёгка пражыць. Як можаце, накапляйце станоўчыя, толькі іншым не шкодзьце, умейце потым аддзяліць рэальнае ад нерэальнага.

 

-- Чаго табе не хапала ў дзяцінстве?

-- Ласкі. А яшчэ ў душы жыло пачуццё несправядлівасці. У 1941 годзе як актывістаў савецкай улады фашысты расстралялі майго дзядулю і бабулю Якімовіча Аляксандра Максімавіча і Якімовіч Парасю Лявонцеўну. А ў 1945 годзе пад Кенігсбергам загінуў мой дзядуля па мацярынскай лініі Талерчык Аляксандр Міхайлавіч. Было крыўдна, што ў іншых хлапчукоў ёсць па два дзядулі, а ў мяне няма ніводнага. Мне і цяпер не хапае іх.

 

-- А як называлі тваю бабулю па мацярынскай лініі?

-- Марыся.

 

-- Цяжка прыходзілася ёй у пасляваенны час?

-- Вельмі цяжка. Ёй адной прыходзілася гадаваць сына Васіля і маю будучую маму дачку Надзю. Неяк людзі параілі ёй: “Марыся, схадзі да начальства ў Слонім. Няхай табе як салдатцы акажуць дапамогу”. Паслухаўшы добрых людзей, прыйшло яна ці то  ў раённы камітэт камуністычнай партыі (тады ён меў найбольшую ўладу), ці то ў райвыканкам (гэтага добра не ведаю) да начальніка. Начальнік выслухаў яе і запытаўся: “Ваш муж загінуў?” “Загінуў на вайне”, -- адказала мая бабуля. “Яго ўжо няма. Значыць, і ніякай карысці для нас ад яго няма”, -- прамовіў начальнік. Што заставалася рабіць беднай удаве? Пайшла пяшком у Парэчча, выціраючы на твары слёзы.

 

-- Як выхоўвалі дзяцей у беларускай сям’і?

-- Сурова, я сказаў бы. Вечарамі з розных канцоў вёскі, асабліва ў гарачы летні час, даносіўся  і крык, і плач, і енк дзяцей. Без памылкі можна было здагадацца, што бацькі фізічна караюць сваіх дзяцей за нейкую правіннасць. Іншы раз слухаў і ў душы радаваўся, што не мяне.

 

-- А цябе фізічна каралі?

-- Каралі, не раз і не два. Бывала, бацька клаў на калена і лупцаваў альбо рукою, альбо папругаю. Ці засталася крыўда? Не.

Такое выхаванне дысцыплінавала, прывучала да таго, каб слухаўся бацькоў, не пярэчыў, не агрызаўся ім. Так спрадвеку было ў Беларусі. З хлопчыкаў рыхтавалі ваяроў. Вучылі цярплівасці, адказнасці. Баліць – цярпі, цяжка – не здавайся, пераадольвай цяжкасці.

 

-- Ці пратэставаў, калі падрос?

-- Быў такі выпадак, быў! Неяк (магчыма, у восьмым класе) павінен быў гнаць кароў на пашу, за раку Шчару. Не памятаю, чым угневаў бацьку. Ён вырашыў мяне пакараць, а я ўброд перайшоў раку і знік у лесе. Дзве ночы не начаваў у хаце. Першую ноч, вярнуўшыся з лесу, начаваў у хляве на палатках, на сене. Потым зноў адправіўся ў лес. Страшна хацелася есці. Падбіраў пад дубамі жалуды і еў, хоць і былі вельмі горкія. Тады вельмі здзівіла, чаму іх так любяць свінні.

Наступнай ноччу залез у сцірту, якая стаяла каля калгаснай канюшні. Там мяне і знайшоў бацька, наш сабака Шарык прывёў яго туды. Пасля гэтага выпадку мяне, калі не памыляюся, больш фізічна не каралі. Дарэчы, гэты выпадак я апісаў у аповесці “Мой сябар Дон Кіхот” (у раздзеле “Нечаканая аб’ява”).

А кароў за мяне на пашу пагнала бабуля Марыся, вымушана была пасвіць, хоць ужо і была немаладая. Бачыў яе, выглядаў з ускрайку лесу, але не падышоў, не дапамог. Вінаваты, вельмі вінаваты! Прабач мне, калі можаш, дарагая бабуля Марыся!

 

-- Ці ёсць яшчэ ў цябе творы, у якіх успамінаеш дзяцінства?

-- Ёсць. Напрыклад, апавяданне “Цяпло суніц”. З бацькам у дзяцінстве вельмі часта і зімою, і нават летам конна ездзілі па дровы. Аднойчы летнім спякотным днём ён нарваў жменю духмяных спелых суніцаў і прынёс мне, пачаставаў. Запомнілася назаўсёды. Мабыць, таму часта і цяпер хаджу ў лес, збіраю сунічкі, каб потым пачаставаць імі блізкага мне чалавека.

 

-- З лесу, з-за Шчары прывозілі ў вёску толькі дровы?

--  Не толькі дровы, але і высокія тоўстыя сосны, калі будавалі новую хату. Сасну разам з бацькам спілоўвалі звычайнай двуручнай пілкай. Я вельмі стараўся, пілуючы. Калі звалілі першую магутную сасну, то падумаў прыкладна так: “Я змог, спілаваў, зрабіў такую ж самую працу, як і бацька”.

Потым гэтую ж сасну з дапамогай іншых мужчын клалі на воз (яго спецыяльна рабілі даўжэйшым, расцягвалі) і везлі. Праз Шчару перапраўляліся ўброд (летам вады там было прыкладна па пояс ці вышэй каленяў). Конік стараўся, цягнуў, бацька даваў яму крыху адпачыць (у час вялікага адпачынку пяском магло замыць колы), а я з цікавасцю глядзеў і здзіўляўся: цяжкую працу прыходзілася выконваць каню.

 

-- Помніш свой першы надрукаваны твор?

-- Была вясна. Паштальён прынёс мне газету Піянер Беларусі”, у якой было надрукавана маё першае апавяданне “Па дарозе са школы”. Спяваюць галасістыя птушкі, свеціць цёплае сонца, вакол светла, урачыста, а я чытаю гэтае апавяданне і радуюся. Па-сапраўднаму шчаслівым адчуваў тады сябе. Потым мне напісала дзяўчынка з іншай вобласці Беларусі, прапанавала пазнаёміцца. Зноў шчасце, зноў радасць! Гэта было для мяне як першае каханне, як прызнанне маіх здольнасцей, маіх задаткаў і магчымасцяў. Праўда, я ёй так і не адказаў, не стаў перапісвацца. Было няёмка. Быў сарамлівы ад прыроды.

 

-- У тваіх твораў лёгкая дарога?

-- Цяжкая. Вялікія намаганні прыходзіцца прыкладаць, каб убачыць сваю кнігу. Мая першая кніга выйшла, калі мне было ўжо 38 гадоў, хаця ўвесь час мяне лічылі перспектыўным літаратарам. Маю літаратурную працу можна параўнаць са своеасаблівым бегам на доўгую, марафонскую дыстанцыю з перашкодамі. У пачатку маёй творчасці мяне заўважалі і ў дзіцячых выданнях, і ў дзіцячай рэдакцыі рэспубліканскага радыё. Потым пакінуў пісаць, шмат гадоў не браўся за пяро. Затым зноў узяўся і стаў літаральна ўгрызацца ў літаратурную працу. На маім шляху сустрэўся добры чалавек паэт Мікола Чарняўскі. У многім дзякуючы яму, а таксама дырэктару выдавецтва “Юнацтва” Валянціну Лукшу пабачыла свет мая першая кніга “Гордзіеў вузел”. Пасля пайшла другая, трэцяя, чацвёртая, пятая… Мяне вельмі добра прынялі ў выдавецтве “Юнацтва”. 2001 год. У дзяржаўным выдавецтве “Юнацтва” выходзіць мая кніга “Залатая дзіда”. Аповесць “Залатая дзіда” ўключана ў школьную праграму, вытрымала тры выданні (праўда, цяпер са школьнай праграмы новыя людзі яе знялі). І нечакана для мяне як для літаратара загарэлася чырвонае святло светлафора. Мая наступная мастацкая кніга ў дзяржаўным выдавецтве выйшла толькі ў 2010 годзе -- зборнік казак, апавяданняў і смяшынак “Каб мама ўсміхалася” (праз два гады яна была перавыдадзена). Знайшоўся добры, мудры чалавек, які звярнуў на мяне ўвагу, пашкадаваў мяне і маю літаратуру, --  супрацоўнік выдавецтва “Народная асвета”Бехціна Вера Генадзьеўна. З яе лёгкай рукі мне ўдалося выдаць некалькі метадычных і мастацкіх кніг.

 

-- Грамадска-палітычнай дзейнасцю не займаўся, Аляксей Мікалаевіч?

-- Яшчэ як займаўся! Быў нефармальным лідарам Беларускага Народнага Фронту ў Слоніме. Мясцовым чыноўнікам спуску не давалі, ладзілі самыя розныя акцыі. Памятаю такі выпадак. Неяк мясцовыя ўлады вырашылі зрабіць пераразлік па аплаце за ваду. Вядома, на сваю карысць, знайшоўшы некую абсурдную прычэпку. Дык мы з жанчынай Варварай, якая жыла ў суседнім доме, развесілі на дзвярах пад’ездаў (у асноўным у мікрараёне вуліцы Яршова) аб’явы, у якіх напісалі, каб людзі прыйшлі да нашага дома. Прыйшло чалавек сорак. І вось усёй гэтай кампаніяй мы рушылі ў будыніну на прыём да начальніка. Імгненна апусцела прасторная будыніна, за дзвярыма пахаваліся перапалоханыя чыноўнікі. Праз нейкі час перад намі з’явіўся чырвоны ад злосці начальнік. Ён адразу ж з крыкам стаў падступацца да мяне, але людзі, настроеныя сур’ёзна, яго супакоілі, астудзілі. У выніку пераразліку за ваду ніхто не стаў рабіць. Вось як у нас выходзіць: можна і так, можна і гэтак. Два разы ад Народнага Фронта балатаваўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета: спачатку па вясковай акрузе, а потым па гарадской (прайшоў у другі тур і, магчыма, стаў бы пераможцам, калі б правільна лічылі галасы).

 

-- Значыць, першая акруга, па якой балатаваўся ў дэпутаты, была вясковая?

-- Так.

 

-- Ты лічыўся моцным кандыдатам?

-- Цвёрдым. Беларускі народны фронт у Слонімшчыне заўжды карыстаўся аўтарытэтам.

 

-- Які ж вынік быў у той акрузе? Як прагаласавалі за цябе жыхары слонімскіх вёсак?

-- Прывяду афіцыйныя дадзеныя.

 

-- Калі ласка.

“Па папярэдніх звестках выбарчай камісіі Слонімскай-Чырвонаармейскай выбарчай акругі № 141 выбары ў акрузе адбыліся. Пры спісачнай колькасці 23. 926 ў галасаванні прыняло ўдзел 18. 985 выбаршчыкаў.

Выбаршчыкі прагаласавалі так:

                                                            “за”                            “супраць”

Астапковіч М. У.                              3228                           15314

Барысік М. А.                                    1071                           17471

Калодка А. С.                                    3098                           15444

Караўка А. А.                                    282                             18260

Койпаш У. С.                                    3154                            15388

Харужык Л. І.                                   2110                            16432

Якімовіч А. М.                                 2103                             16439”.

 

-- Верыш гэтым лічбам?

-- Не веру. Апазіцыйных кандыдатаў і ў тыя часы ў нас “не дапускалі”.

 

-- Лічыш, што павінен быў падняцца вышэй?

-- Так лічу.

 

-- Гэта было…

-- У маі 1995 года.

 

-- Шкадуеш, што ўдзельнічаў у той палітычнай барацьбе, якая, так сказаць, не прынесла табе аніякіх дывідэнтаў, а толькі прыбавіла ворагаў боку чынавенства?

-- Шкадую Беларусь і яе людзей.

 

-- Якія кнігі (творы і ў калектыўных зборніках) за час тваёй літаратурнай працы выйшлі ў свет?

-- Можна пазнаёміцца са спісам такіх кніг.

1. “Напісалі кніжку самі”, выдавецтва “Беларусь”, 1967 год (у гэты калектыўны зборнік дзяцей уключана апавяданне “Па дарозе са школы”).

2. “Гордзіеў вузел”, выдавецтва “Юнацтва”, 1987 год (уключаны аповесці “Гордзіеў вузел, альбо нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі” і “Свята Францыска Скарыны”).

3. “Вясёлка”, выдавецтва “Юнацтва”, 1987 год (у гэты калектыўны зборнік уключана апавяданне “Каб мама ўсміхалася”).

4. “Эльдарада просіць дапамогі”, выдавецтва “Юнацтва”, 1989 год (уключаны аповесці “Эльдарада просіць дапамогі” і “Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі”).

5. «Казкі для сцэны», Рэспубліканскі цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцей, 1992 год (уключаны 2 інсцэніроўкі).

6. “Сакрэт Тунгускага метэарыта”, выдавецтва “Юнацтва”, 1993 год (уключаны аповесці “Сакрэт Тунгускага метэарыта” і “Прыгоды шасцікласніка Максіма”).

7. “Сінязорка”, выдавецтва “Навука і тэхніка”, 1995 год (у гэты калектыўны зборнік п’ес уключана п’еса для дзяцей “Чарадзейныя суніцы”).

8. “Казкі для сцэны”, ПП “МЕТ”, 1995 год (у гэты калектыўны зборнік уключаны п’есы для дзяцей “Як курачка пеўніка ратавала” і “Як кот звяроў напалохаў”).

9. “Беларуская дзіцячая літаратура”, выдавецтва “Вышэйшая школа”, 1996 [хрэстаматыя] (уключана 6 казак).

10. “Пастка для пярэваратня”, выдавецтва “Юнацтва”, 1997 год (уключаны аповесці “Пастка для пярэваратня” і “Гуслі на дзікай грушы”).

11. “Вясёлка”, выдавецтва “Юнацтва”, 1997 год (у гэты калектыўны зборнік уключана казка “Вось дык суседзі!”).

12. “Пра багоў язычніцкіх”,  Слонімская друкарня, 2000 год (паданні з мінулага).

13. “Залатая дзіда”, выдавецтва “Юнацтва”, 2001 год (уключаны аповесці “Залатая дзіда”, “Выпрабаванне” і 4 дэтэктыўныя апавяданні).

14. “Займальны алфавіт”, Слонімская друкарня, 2001 год (казкі і гульні).

15. “Жывыя літары”, выдавецтва “”Народная асвета”, 2002 (дапаможнік для настаўнікаў).

16. “Рыжык”, Слонімская друкарня, 2002 год (апавяданні і казкі).

17. «Творческая азбука», выдавецтва «Народная асвета», 2008 год (пособие для учителей).

18. “Алфавіт ад А да Я”, выдавецтва “Народная асвета”, 2009 год (дапаможнік для настаўнікаў).

19. “Кветка для анёла”, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, 2003 год (у гэты калектыўны зборнік уключана п’еса для дзяцей “Аварыйная пасадка, або Першы Дыназаўрык”).

20. “Каб мама ўсміхалася”, выдавецтва “Народная асвета”, 2010, 2012 гады (апавяданні, казкі, смяшынкі).

21. “Аповесці”, выдавецтва “Беларусь”, [2010 год] у серыі “Школьная бібліятэка” (уключаны аповесці “Залатая дзіда”, “Эльдарада просіць дапамогі”, “Там мая казка”).

22. “Хітрая ліса”, выдавецтва “Народная асвета”, 2011, 2013 гады (апавяданні, казкі).

23. “Я, Сямён і барабашка”,  выдавецтва “Народная асвета”, 2011 год (аповесць-казка).

24. “На нёманскай хвалі”, Гродзенская друкарня, № 2, 2010 год [літаратурны альманах] (уключана апавяданне “Русалка”).

25. «Забавный алфавит»,  выдавецтва «Народная асвета», 2011 год (пособие для учителей).

26. “Пагуляем у алфавіт”,  выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, 2012 год (дапаможнік для настаўнікаў).

27. “Як дзядуля ў прыметы верыў”, выдавецтва “Народная асвета”, 2012 год (аповесць пра школьныя гады).

28. “Казкі-падказкі”, выдавецтва “Народная асвета”, 2012 год.

29. “Калі кукавала зязюля”, “Выдавецкі дом “Звязда”, 2013 год (уключаны аповесці “Калі кукавала зязюля” і “Панскае дзіця”).

30. “Залатая дзіда. Рыжык”, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, 2013 год (аповесць і апавяданне).

31. “Слёзкі Сонца”, выдавецтва “Народная асвета”, 2014 год (апавяданні, казкі, смяшынкі).

32. «Творческие уроки по русскому языку»: 5 – 7 классы, выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», 2014 год.

33. «Творчыя ўрокі па беларускай мове», выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», 2014 год.

34. “Металічны чалавек”, выдавецтва “Пачатковая школа”, 2016 год (аповесці-казкі).

35. “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”, выдавецтва “Пачатковая школа”, 2016 год (апавяданні і казкі).

36. “Творчыя ўрокі беларускай мовы ў 3 класе” [№ 18 за 2016 год, №№ 19, 20 за 2017 год] (як дадатак да часопіса «Пачатковае навучанне: сям'я, дзіцячы сад, школа»).  

37. “Радзіма мая дарагая”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, [2017 год] у серыі “Школьная бібліятэка” (у гэты калектыўны зборнік уключана аповесць “Эльдарада просіць дапамогі”).

38. «Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі»,  выдавецтва «Народная асвета», 2017 год (казкі).

39. “Творчыя ўрокі беларускай мовы ў 4 класе” [№ 22 за 2017 год, № № 23, 24 за 2018 год] (як дадатак да часопіса «Пачатковае навучанне: сям'я, дзіцячы сад, школа»).

40. Калектыўны зборнік «Пакліч у госці сонца». Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2012 год.

41. Калектыўны зборнік «Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе»  (уключана казка «Аб чым спрачаліся кнігі»), выдавецтва «Сэр-Віт», 2017 год.

42. «Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 4 класе» (уключаны ўрывак з аповесці «Эльдарада просіць дапамогі»), выдавецтва «Сэр-Віт», 2017 год.

43. «Матэматычныя казкі-падказкі» (казкі), выдавецтва «Народная асвета», 2018 год.

44. «Мой сябар Дон Кіхот» (зборнік аповесцей), выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2018 год.

45. «Прыгоды Белай Мышкі» (аповесці-казкі), «Выдавецкі дом «Звязда», 2018 год.

46. «Учим алфавит», № 26 за 2018 год (як дадатак да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”).

47. “Чарадзейныя Ружы” (п’есы-казкі), самвыдат (для ўласнага карыстання), 2003 год.

48. “Хітрыкі Бабы Ягі” (п’есы-казкі), самвыдат (для ўласнага карыстання), 2003 год.

49. “Зачараваны Матылёк і Белая Мышка” (п’есы-казкі), самвыдат (для ўласнага карыстання), 2004 год.

50. “Вядзьмарка і Дыназаўрык” (п’есы-казкі), самвыдат (для ўласнага карыстання).

51. “Барацьба за агонь” (п’еса-казка), самвыдат (для ўласнага карыстання).

52. “Пералёт-трава” (п’еса-казка), самвыдат (для ўласнага карыстання), 2005 год..

53. “Сабачая грамата” (п’еса-казка), самвыдат (для ўласнага карыстання).

54. “Дзяўчынка і Тэрмінатар” (п’есы), самвыдат (для ўласнага карыстання).

55. “Залаты Заяц” (казкі, паданні, гумар), самвыдат (для ўласнага карыстання).

56. “Дарожка да мамы” (апавяданні, казкі, смяшынкі), самвыдат (для ўласнага карыстання).

57. “Там мая казка” (аповесць і гумарэскі), самвыдат (для ўласнага карыстання).

58. “Слова” (апавяданні, гумарэскі), самвыдат (для ўласнага карыстання).

59. “Зялёная рука” (апавяданні), самвыдат (для ўласнага карыстання).

60. “Прыгоды Белай Мышкі” (аповесці-казкі),  выдавецкі Дом “Звязда”, 2018 год.

61. “Мой сябар Дон Кіхот” (аповесці), выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2018 год.

62. “Ветлівыя словы” (казкі), выдавецтва “Народная асвета”, 2019 год.

63. “Казкі-крыжаванкі”, выдавецтва “Народная асвета”, 2020 год.

64. “Русалка” (аповесць і дэтэктыўныя апавяданні), выдавецтва “Беларусь”, 2020 год.

65. “Вучым азбуку”. Дадатак да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, № 34, снежань 2020 года.

66. Вывучаем беларускі правапіс у 4 класе. Дзеяслоў. Дадатак да часопіса “Пачатковае навучанне”: сям’я, дзіцячы сад, школа, № 36, чэрвень 2021 года.

67. “Пан” (фантастычна-містычная аповесць і апавяданні), выдавецтва “Беларусь”, 2021 год.

68. “Карп у футры” (дэтэктыўныя апавяданні, вершы і антывірусныя прыпеўкі), выдавецтва “Беларусь”, 2021 год.

 

-- Шмат тваіх твораў апублікавана ў перыядычным друку?

-- Пералічу некаторыя, тое, што ў мяне пад рукою, выпісана.

1.  У часопісе “Рукзачок” у нумарах 9, 10, 11, 12 (за 2015 год), 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 12 (за 2016 год), 1 (за 2017 год) друкаваліся мае казкі пра літары алфавіта.

2. У часопісе “Беларуская мова і літаратура” друкаваліся “Творчыя ўрокі па беларускай мове”:

а) у 5 класе (у № 8 – 12 за 2010 год, 1 – 4 за 2011 год);

б) у 6 класе (у № 8, 9,11, 12 за 2011 год, 1 – 3 за 2012 год);

в) у 7 класе (у № 7 –10, 12 за 2012 год, 1 – 4 за 2013 год);

г) у 8 класе (у № 7 – 10, 12 за 2013 год, 1 – 5 за 2014 год);

д) у 9 класе (у № 8 – 12 за 2014 год, 1 – 4 за 2015 год);

е) у 10 класе (у № 9, 11, 12 за 2016 год, 2, 3, 8 за 2017 год);

ё) у 11 класе (у № 7 – 11 за 2015 год, 1 – 4 за 2016 год).

3. У часопісе “Беларуская мова і літаратура” друкаваліся казкі для школьнага тэатра  ў 7 за 2014 год.

4. У часопісе “Беларуская мова і літаратура” друкаваліся лінгвістычныя казкі у № 6 за 2013 год, у № 6, 7 за 2017 год.

5. У часопісе “Вясёлка” друкавалася казка ў № 1 за 2016 год.

6. У часопісе “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” друкаваўся займальны матэрыял да кожнай літары алфавіта (з аўтарскімі казкамі) “Літар дружная сям’я” ў № 3 – 8 за 2017 год, 3, 7, 11 (калі не памыляюся) за 2018 год.

7. У часопісе “Полымя” у № 4 за 2009 год друкавалася апавяданне “Квецень на дзікай грушы”.

8. У часопісе “Полымя” ў № 1 за 2012 год друкавалася апавяданне “Зайздрасць”.

9. У часопісе “Бярозка” друкавалася аповесць “Гордзіеў вузел, ці нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі” ў № 9, 10 за 1983 год.

10. У часопісе “Маладосць” друкавалася аповесць “Мой сябар Дон Кіхот” у № 3 за 1993 год.

11. У часопісе “Маладосць” друкавалася аповесць “Панскае дзіця” ў № 9, 12 за 1998 год.

12. У часопісе “Маладосць” друкавалася аповесць “За родную зямлю” (кніжны варыянт яе “Калі кукавала зязюля”) ў № 8 за 1996 год.

13. У часопісе “Бярозка” друкавалася аповесць “Залатая дзіда” ў № 6, 7, 8 за 1995 год.

14. У часопісе “Бярозка” ў № 6, 7, 8 за 1986 год  друкавалася аповесць“Свята Францыска Скарыны, ці нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі”.

15. У часопісе “Бярозка” ў № 3, 4, 5 за 1989 год друкавалася аповесць “Эльдарада просіць дапамогі”.

16. У часопісе “Бярозка” ў № 11, 12, друкавалася аповесць “Гуслі на дзікай грушы”.

17. У часопісе “Бярозка” ў № 9 за 1999 год друкавалася апавяданне “Неразумныя людзі”.

18. У часопісе “Бярозка” ў №  4 за 1991 год друкавалася аповесць “Сакрэт Тунгускага метэарыта”.

19. У часопісе “Бярозка” ў № 1 за 2008 год друкавалася апавяданне “Русалка”.

20. У часопісе “Тэатральная Беларусь” у № 3 за 1995 год друкавалася п’еса “Апошні Дыназаўрык”.

21. У часопісе “Вясёлка” ў № 6 за 1991 год друкавалася мая казка “Неслух”.

22. У часопісе “Вясёлка” ў № 9 за 1990 год друкавалася маё апавяданне “Лесвіца”.

23. У часопісе “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы, сад, школа” у № 6 за 2002 год друкаваліся мае казкі пад назвай “Займальны алфавіт”.

24. У часопісе “Вясёлка” ў № 10 за 1999 год друкавалася казка “Хто вінаваты?”

25. У часопісе “Вясёлка” ў № 10 за 2009 год друкавалася казка “Як Мальва сябра знайшла”.

26. У часопісе “Бярозка” ў № 9 за 1983 год друкавалася апавяданне “Цяпло суніц”.

27. У часопісе “Вясёлка” ў № 3 за 2002 год друкавалася апавяданне “Тройка”.

28. У часопісе “Вясёлка” ў № 3 за 1998 год друкавалася апавяданне “Каб не сварыліся”.

29. У часопісе “Беларуская мова і літаратура ў школе” ў № 12 за 1988 год друкаваліся мае казкі пад назвай “Урокі творчасці”.

30. У часопісе “Вясёлка” ў № 4 за 1995 год друкавалася казка “Чаму Хмаркі плачуць”.

31. У газеце “Піянер Беларусі” ў № 2, 3, 4, 6, 8, 10, 12 за 1987 год друкавалася аповесць-казка “Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі”.

32. У газеце “Піянер Беларусі” ў № 12 – 15 за 1989 год друкавалася аповесць “Пяць добрых спраў”.

33. У газеце “Піянер Беларусі” ў № 15, 16 за 1992 год друкавалася аповесць “Залатая дзіда”.

34.  У газеце “Раніца” ў № 27 – 34, 36, 37 за 1994 год друкавалася аповесць “Мы з Сямёнам і барабашка”.

35. У газеце “Раніца” ў № 26 – 34 за 2000 год друкавалася аповесць “Залатая дзіда”.

36. У газеце “Раніца” ў № 48 за 1999 год друкавалася мая крыжаванка “Рэкі, азёры, балацявіны”.

37. У газеце  “Літаратура і мастацтва” ў № 16  за 2008 год друкавалася апавяданне “Рэцэпт”.

38. У газеце “Гродзенская праўда” ад 5 ліпеня 2005 года друкавалася апавяданне “Прывітанне ад вядзьмаркі”.

39. У газеце “Чырвоная змена” ад 26 кастрычніка 1999 года друкавалася апавяданне “Квіток”.

40. У часопісе “Вясёлка” ў № 9 за 1993 год друкавалася казка “Вось дык суседзі!”

41. У “Настаўніцкай газеце” ад 5 лістапада 1998 года, ад 14 лістапада 1998 года, ад 17 лістапада 1998 года,  ад 12 студзеня 1999 года, ад 14 студзеня 1999 года – крыжаванкі.

42. У “Настаўніцкай газеце” ад 3 кастрычніка 1987 года – казка “Дзіўная літара”.

43. У газеце “Дзеці і мы”(№ 19, кастрычнік 1992 года – казка “Хто стукаецца, таму адчыняюць”).

44. У газеце «Отдушина» (№ 38 – 52 2010 года, № 1 – 4 2011 года) друкавалася аповесць «Загадкавы храм».  

45. У “Газеце Слонімскай” (№ 34 – 50 і болей за 2011 год) друкавалася аповесць “Панскае дзіця”.

46. Апавяданні ў “Газеце Слонімскай”:

а) “Гадзіннік” у № 52, 53; 2000 год, у № 1; 2001 год;

б) “Крыж Міхала Валовіча” ў № 2; 2010 год;

в) “Зграя” ў № 2; 2010 год;

г) “Зялёная рука” ў № 46; 2009 год;

д) “Помста” ў № 30; 2008 год;

е) “Бізнес” у № 25; 2008 год;

ё) “Вусень” у № 32; 2008 год;

ж) “Тэлефонны званок” у № 28; 2008 год;

з)  “Квіток” у № 3; 1998 год;

і) “Неразумныя людзі” у № 31; 2008 год;

к) “Жывая Сляза” ў № 40, 41; 2008 год;

л) “Слова” ў № 27 – 29; 2001 год;

м) “Прывітанне ад вядзьмаркі” ў № 1; 2000 год;

н) “Бычок” у № 18; 1998 год.

47. Апавяданні ў газеце “Отдушина»:

а) “Прывітанне ад вядзьмаркі” ў № 24; 2007 год;

б) “Вожыкава шкура” ў № 46; 2010 год;

в) “Тройка” ў № 4; 2011 год;

г) “Сябры” ў № 47; 2010 год.

48. Казкі ў “Газеце Слонімскай”:

а) “Як два Зайцы пасябравалі” ў № 24; 2013 год;

б) “Лёс” у № 41; 2014 год;

в) “Чаму Хмаркі плачуць” у № 41; 2002 год;

г) “Захварэла яблынька” ў № 50; 2002 год;

д) “Чаму Жабы ноччу палююць” у № 43; 2002 год;

е) “Неслух” у № 13; 2007 год;

ё) “Спрэчка” ў № 41; 2011 год;

ж) “Чуласць” у № 38; 2002 год.

49. Апавяданні, якія друкаваліся ў газеце “Слонімскі веснік”:

а) “Дарожка да мамы” у № 123; 2007 год;

б) “Прывітанне ад вядзьмаркі” ў № 108; 1998 год.

50. Казкі, якія друкаваліся ў газеце “Слонімскі веснік”:

а) “Залаты Заяц” у № 8; 1998 год;

б) “Намахляваў” у № 22; 1994 год;

в) “Чуласць” у № 123; 2007 год;

г) “Чалавек і ўсмешка” ў № 77; 1998 год;

д) “Вайна” ад 1 студзеня 1993 года;

е) “Чуласць” ад 30 красавіка 1993 года;

ё) “Вайна” ад 1 студзеня 1993 года.

51. Крыжаванка ў газеце “Слонімскі веснік” у № 108; 1998 год.

52. У газеце “За перамогу камунізму” друкаваўся ўрывак з аповесці “Пастка для пярэваратня” ў № 1; 1989 год.

53. У зэльвенскай газеце “Праца” друкавалася казка “Чаму Хмаркі плачуць” у № 100; 1998 год.

54. У газеце “Раніца” друкавалася апавяданне “Каб не сварыліся” ў № 9; 1997 год.

55. У газеце “Ніва” друкавалася апавяданне “Каб мама ўсміхалася” ў № 9; 1990 год.

56. У газеце беларускіх дзяцей у Польшчы “Зорка” друкавалася апавяданне “Тройка” ў № 46; 1968 год.

57. Казкі, якія друкаваліся ў газеце «Отдушина»:

а) “Хто дужэйшы”, у № 41; 2010 год;

б) “Як Бярозка дажджу чакала”, у № 43; 2010 год;

в) “Чаму Жабы ноччу палююць”, у № 27; 2008 год;

г) “Ледзяныя зярняткі”, у № 20; 2008 год;

д) “Чаму Зязюля кукуе”, у № 10; 2008 год;

е) “Чаму Мядзведзь зімою спіць”, у № 2; 2010 год;

ё) “Воўчае Лыка”, у № 4; 2008 год;

ж) “У Навагоднюю ноч”, у № 1; 2008 год;

з) “Як Камарык Пчолцы дапамог”, у № 20; 2007 год;

і) “Як Мураш дарогу дамоў шукаў”, у № 28; 2007 год;

к) “Чаму Хмаркі плачуць”, у № 26; 2008 год;

л) “Не там капаў”, у № 30; 2007 год;

м) “Чаму Прасвірнік з Сонейкам сябруе”, у № 22; 2007 год;

н) “Чалавек і ўсмешка”, у № 16; 2007 год;

о) “Варона”, у № 33; 2007 год;

п) “Перастараліся”, у № 32; 2007 год;

р) “Не зразумелі”, у № 28; 2008 год;

с) “Самы смелы”, у № 33; 2008 год;

т) “Чаму Сабака і Кот не сябруюць”, у № 30; 2008 год;

у) “Фантазёр ці зайздроснік?”, у № 25; 2008 год;

ў) “Малаток”, у № 29, 2008 год;

ф) “Кропелькі”, у № 37; 2008 год;

х) “Хто дужэйшы”, у № 31, 2008 год;

ц) “Чуласць”, у № 44; 2008 год.

58. Газета “Раніца”. Надрукавана крыжаванка ў № 48; 1999 год.

59. Газета «Отдушина»:

а) гумар “У дапамогу” ў № 49; 2010 год;

б) гумарыстычная сцэнка “Выпрабаванне” ў № 19; 2007 год;

в) гумарыстычная сцэнка “Пудзіла” ў № 31; 2007 год.

60. “Газета Слонімская”:

а) гумар “Беларусы пра саміх сябе” ў № 13; 1998 год;

б) гумар “Імгненні школьнага жыцця” ў № 1; 2007 год.

61. Газета “Пагоня”.

Надрукавана крыжаванка ад 3 снежня 1998 года.

62. Газета “Слонімскі веснік”.

“Сказы аб багах язычніцкіх” ад 7 кастрычніка 1999 года.

63. У газеце “Слонімскі веснік” друкавалася аповесць “пастка для пярэваратня (пад назвай “Пярэварацень” у №№  76 – 78, 80, 82; 1991 год.

64. Газета “Слонімскі веснік”. Апавяданне “Рыжык” ад 2 ліпеня 1996 года, № 52 (7819).

65. “Настаўніцкая газета” ад 31 студзеня 2002 года, № 11 (5342). Апавяданне “Пажар”.  

66. Артыкулы на тэму мовы ў “Газеце Слонімскай”:

а) “Мова, вясна і Вялікдзень” ад 1 траўня 2019 года, № 18 (1143);

б) “Мова і расчараванне” ад 27 лютага 2019 года, № 9 (1134);

в) “Мова і некалькі прыкладаў з жыцця, альбо Нялёгка дома быць канём у палоне” ад 9 студзеня 2019 года, № 2 (1127);

г) “Мова і нефантазійнае разважанне” ад 13 лістапада 2019 года, № 46 (1171);

д) “Мова і праўда” ад 28 лютага 2018 года, № 9 1082);

е) “Мова і сімвалы” ад 13 чэрвеня 2018 года, № 24 (1097);

ё) “Мова і Якуб Колас” ад 18 красавіка 2018 года, № 16 (1089);

ж) “Мова і два нацыянальныя героі” ад 10 ліпеня 2019 года, № 28 (1153);

з) “Мова і асветніцтва” ад 31 кастрычніка 2018 года, № 44 (1117).

67. Вершы ў “Газеце Слонімскай”:

а) “Жывём незалежна” ад 22 студзеня 2020 года, № 4 (1181);

б) “Тут не любяць…”, ад 9 кастрычніка 2019 года, № 41 (1166);

в) “Цягне холадам” ад 24 кастрычніка 2019 года, № 43 (1168);

г) “Маім ворагам” (дадатак да “Газеты Слонімскай” Отдушина») ад 13 лістапада 2019 года, № 46 (793);

д) “Падышоў да магазіна” ад 25 верасня 2019 года, № 39 (1164);

е) “У маленькім гарадку” ад 25 снежня 2019 года, № 52 (1177).

67. Казкі пра літары алфавіта ў газеце “Слонімскі веснік”:

а) “Но-но!..” пра літару “н” ад 2 сакавіка 2019 года, № 26 (11467);

б) “У малінніку” пра літару “м” ад 2 лютага 2019 года, № 14 (11455);

в) “Дзіўна” пра “дз” ад 5 мая 2018 года, № 53 (11339);

г) “Як Чмель хлопчыкаў напалохаў” пра “дж” ад  7 красавіка 2018 года, № 41 (11327);

д) “Якое слова лішняе” пра літару “е” ад 2 чэрвеня 2018 года, № 65 (11351);

е) “Лёд, вёска, вясёлы” пра літару “ё” ад 14 ліпеня 2018 года, № 83 (11369);

ё) “Няма сяброў” пра літару “з” ад 8 верасня 2018 года, № 107 (11393);

ж) “Вырашыў напалохаць” пра літару “ж”ад 4 жніўня 2018 года, № 92 (11378);

з) “Як Васілёк літару забыўся” пра літару “л” ад 12 студзеня 2019 года, № 5 (11446);

і) “Як Зайка лясных жыхароў напалохаў” пра літару “й” ад 3 лістапада 2018 года, № 131 (11417);

й) “Хто родзіцца з барадою?” пра літару “к” ад 1 снежня 2018 года, № 143 (11429).

67. Вершы ў дадатку да “Газеты Слонімскай” Отдушина»:

а) «Стаю на ўзлеску» ад 22 красавіка 2020 года;

б) «Сядзім на палубе» ад 6 мая 2020 года, № 19 (818);

в) «Адзінокі дзед» ад 29 красавіка 2020 года, № 18 (817);

г) «Не хавайся, зорачка» ад 20 мая 2020 года, № 21 (820);

д) «Антывірусныя прыпеўкі», частка 1 ад 27 мая 2020 года, № 22  (824);

е) «Кнігу даўнюю адкрыў» ад 17 чэрвеня 2020 года, № 25 (824);

ё) «Вецер хмары падганяе» ад 10 чэрвеня 2020 года, № 24 (823);

ж) «Антывірусныя прыпеўкі», частка 2, ад 3 чэрвеня 2020 года;

з) «Бяжыць вецярок» ад 9 верасня 2020 года, № 37 (836);

і) «Не будзі ты, мама» ад 12 мая 2020 года, № 33 (832);

к) «Мутанты» ад 19 мая 2020 года, № 34 (833);

л) «На мурожным беражку» ад 26 мая 2020 года, № 35 (834);

м) «Як казка» ад 16 верасня 2020 года, № 38 (837);

н) «Размова» ад 23 верасня 2020 года, № 39 (838);

о) «Стаіць вярба над вадою» ад 30 верасня 2020 года, № 40 (839);

п) «Прывёў дзед у хату» ад 21 кастрычніка 2020 года, № 43 (842);

р) «Пра дзеда і залатую рыбку» ад 28 кастрычніка 2020 года, № 44 (843);

с) «Сядзіць хітрун шчакасты» ад 4 лістапада 2020 года, № 45 (844).

68. Вершы ў «Газеце Слонімскай»:

а) «Проста прыпеўкі» ад 10 чэрвеня 2020 года, № 24 (1201);

б) «А я лезу» ад 22 ліпеня 2020 года, № 30 (1207).

69. Урокі, надрукаваныя ў часопісе «Беларуская мова і літаратура»:

а) Правапіс літар о, э, май 2020 года, № 5 (223);

б) Правапіс літар е, ё, я, чэрвень 2020 года, № 6 (224);

в) Правапіс спалучэнняў іё (ыё), ліпень 2020 года, № 7 (225);

            г)  Правапіс звонкіх і глухіх, жнівень 2020 года, № 8 (226);

д) Правапіс свісцячых і шыпячых, жнівень 2020 года, № 8 (226); 

е) Правапіс галосных пасля зацвярдзелых, жнівень 2020 года, № 8 (226);

ё) Правапіс мяккага знака, верасень 2020 года, № 9 (227);

ж) Правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа, верасень 2020 года, № 9 (227);

з) Правапіс літар дз, ц, кастрычнік 2020 года, № 10 (228);

і) Правапіс літары ў, кастрычнік 2020 года, № 10 (228);    

й) Падоўжаныя зычныя і іх правапіс, “Беларуская мова і літаратура”, лістапад 2020 года, № 11; 

к) Прыстаўныя гукі, “Беларуская мова і літаратура”, лістапад 2020 года, № 11;

л) Вымаўленне і правапіс некаторых спалучэнняў зычных (зн, сн, сл, рн, рц, шч), “Беларуская мова і літаратура”, снежань 2020 года, № 12.

м) Чаргаванне зычных і галосных у аснове, “Беларуская мова і літаратура”, студзень 2021 года, № 1.

н) Беглыя галосныя, “Беларуская мова і літаратура”, студзень 2021 года, № 1.

о) Правапіс прыставак, “Беларуская мова і літаратура”, люты 2021 года, № 2.

п) Галосныя і, ы, зычны й пасля прыставак, люты 2021 года, № 2.

р) Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў першага скланеня ў адзіночным ліку, сакавік 2021 года, № 3.

с) Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў другога скланення ў адзіночным ліку, сакавік 2021 года, № 3.

т) Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў трэцяга скланення ў адзіночным ліку, красавік 2021 года, № 4.

у) Скланенне назоўнікаў мужчынскага роду з канчаткамі –а, -я ў адзіночным ліку, красавік 2021 года, № 4.

ф) Правапіс канчаткаў назоўнікаў першага скланення ў множным ліку, май 2021 года, № 5.

х) Правапіс  канчаткаў назоўнікаў другога і трэцяга скланення ў множным ліку, май 2021 года, № 5.

ц) Правапіс канчаткаў рознаскланяльных назоўнікаў, што абазначаюць назвы маладых істот, чэрвень 2021 года, № 6.

ч) Правапіс канчаткаў рознаскланяльных назоўнікаў імя, племя, стрэмя, чэрвень 2021 года, № 6.

ш) Напісанне складаных назоўнікаў разам, ліпень 2021 года, № 7.

ы) Напісанне складаных назоўнікаў праз злучок, ліпень 2021 года, № 7.

ь) Правапіс канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў адзіночным ліку, жнівень 2021 года, № 8.

э) Правапіс канчаткаў прыметнікаў жаночага роду ў адзіночным ліку, жнівень 2021 года, № 8.

ю) Правапіс канчаткаў прыметнікаў у множным ліку, жнівень 2021 года, № 8.

я) Прыметнікі з суфіксамі –ск-, -к-, іх правапіс, верасень 2021 года, № 9.

70. Урокі, надрукаваныя ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” (працяг):

а) Правапіс –н-, -нн- у прыметніках, верасень 2021 года, № 9.

б) Напісанне складаных прыметнікаў разам, кастрычнік 2021 года, № 10.

в) Напісанне складаных прыметнікаў праз злучок, кастрычнік 2021 года, № 10.

г) Напісанне складаных прыметнікаў праз злучок, кастрычнік 2021 года, № 10.

д) Правапіс простых колькасных лічэбнікаў, якія абазначаюць цэлыя лікі, лістапад 2021 года, № 11.

е) Правапіс кладаных і стастаўных колькасных лічэбнікаў, якія абазначаюць цэлыя лікі, лістапад 2021 года, № 11.

ё) Правапіс састаўных колькасных лічэбнікаў, якія абазначаюць прыблізную колькасць, снежань 2021 года, № 12.

ж) Ужыванне і правапіс дробавых лічэбнікаў паўтара (паўтары), паўтараста, снежань 2021 года, № 12.

з) Скланенне, ужыванне і правапіс зборных лічэбнікаў, снежань 2021 года, № 12.

і) Правапіс прыналежных займеннікаў мой, твой, свій, маё, тваё, сваё, наш, ваш, студзень 2022 года, № 1.

к) Правапіс азначальных займеннікаў сам (сама, само, самі), студзень 2022 года, № 1.

л) Правапіс азначальнага займенніка самы (самая, самае, самыя), студзень 2022 года, № 1.

 

-- Ці былі ўключаны твае творы ў вучэбную праграму для вывучэння на ўроку?

-- У 2008 годзе ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры для 5 класа для вывучэння на ўроку была ўключана мая казка “Воўчае Лыка”. Паспрыяла гэтаму інспектар беларускай мовы і літаратуры Міністэрства адукацыі Саўчук Тамара Мікалаеўна. А неўзабаве яна пайшла на пенсію. Разам з ёю пайшла і мая казка “Воўчае Лыка”, знялі яе з вучэбнай праграмы. Яе нават не паспелі надрукаваць у падручніку па беларускай літаратуры. Хутка ўключылі і хутка знялі.

 

-- Ці шмат пісалі пра цябе і твае творы сталічныя крытыкі?

-- Можна сказаць, анічога не пісалі, імкнуліся адкінуць на ўзбочыну. Ёсць толькі адна публікацыя ў часопісе “Роднае слова” (№ 5, 2007 год) “Літаратурнае выхаванне. Творчасць Аляксея Якімовіча”. Належыць гэтая публікацыя Алейнік Ладзе. Калі не памыляюся, напісала яе Лада па просьбе часопіса.

У 2010 годзе ў серыі “Школьная бібліятэка” выходзіла мая кніга “Аповесці”. Рэдактар папрасіла мяне даслаць ёй цытату з крытычнага артыкула аб маёй творчасці, каб змясціць яе на апошняй вокладцы кнігі (у гэтай серыі так заведзена). Калі б не гэтая адзіная публікацыя Алейнік Лады, то не ведаю, што прапанаваў бы змясціць.

 

-- Ты не толькі празаік, але і драматург.

-- Так. Вось якія мае п'есы пастаўлены ў тэатрах.

1. "Чарадзейныя суніцы" (Слонімскі драматычны тэатр).

2. "Добры змей" (Слонімскі драматычны тэатр, Маладзечанскі драматычны тэатр).

3. "Маўглі" (Слонімскі драматычны тэатр).

4. "Пудзіла" (Слонімскі драматычны тэатр, Бабруйскі драматычны тэатр).

5. "Апошні Дыназаўрык" (Слонімскі драматычны тэатр).

6. "Дзюймовачка" (Мазырскі драматычны тэатр).

7. "Белая Мышка" (Слонімскі драматычны тэатр).

8. "Навагоднія прыгоды Бураціна" (Мазырскі драматычны тэатр, Палескі драматычны тэатр, г. Пінск).

9. "Хітрыкі Бабы Ягі" (Слонімскі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр).

10. "Прыгоды ў лясным гушчары” (Мазырскі драматычны тэатр).

11. "Ледзяныя зярняткі (Палескі драматычны тэатр, г. Пінск).

12. "Вядзьмарка і Дыназаўрык" (Віцебскі драматычны акадэмічны тэатр).

13. "Спакуса" (Слонімскі драматычны тэатр, для дарослых).

14. «Улыбка Шерлока Холмса» (Театр юного зрителя, город Тверь, Россия). Намініравалася на вышэйшую тэатральную прэмію Расіі “Залатая маска”.

15. «Магические ягоды», (театр города Феодосия, Россия).

 

-- Хто падахвоціў, натхніў на напісанне драматычных твораў?

-- Найперш жыццёвая сітуацыя. Калі перасталі друкаваць прозу, узяўся за драматургію. Першыя свае творы паказаў кіраўніку Слонімскага драматычнага тэатра Варвашэвічу Мікалаю Фёдаравічу – адданаму тэатру рэжысёру. Увесь час ён мяне падахвочваў, каб пісаў, казаў, што ў мяне атрымаецца, што некалі стану вядомым драматургам. А каб я паверыў у сябе, ставіў мае п’есы ў Слонімскім тэатры.

 

-- Твае п’есы і цяпер часта ставяць у Слонімскім драматычным тэатры?

-- Не. Нават не хочуць бачыць. Так адбылося, калі ў тэатр прыйшлі новыя людзі: дырэктар Лішык Мікалай, галоўны рэжысёр Васіль Сявец, загадчык літаратурнай часткі Сяргей Чыгрын. А Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча, заснавальніка Слонімскага драматычнага тэатра, з ганьбай выгналі на вуліцу. Як выгналі? Хто выгнаў? Чаму выгналі? Цёмная, непрыгожая гісторыя. Толькі Мікалай Фёдаравіч не змог перажыць гэтай гісторыі, неўзабаве памёр. Тэатр для яго быў усім.

 

-- Да самай пенсіі ты працаваў настаўнікам у вясковых школах.

-- Працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай працы ў Жыровіцкай сярэдняй школе, там, дзе знаходзіцца сусветна вядомы манастыр. Потым нейкі час быў дырэктарам Дзеравянчыцкай дзевяцігодкі. Пакрыўдзіўшыся, напісаў заяву на звальненне. А яе тагачасны загадчык народнай асветы падпісаў і пакінуў мяне без працы ў самым канцы лета, калі заканчваўся мой адпачынак. І тут на дапамогу мне прыйшла тагачасны сакратар райкама партыі Мукасей Лізавета Іванаўна. Яна прапанавала мне папрацаваць выхавальнікам групы падоўжанага дня ў Касцянёўскай дзевяцігадовай (пазней сярэдняй) школе нашага Слонімскага раёна. Паабяцала, што на наступны год дасць працу па спецыяльнасці. Я пагадзіўся, выхоўваў самых маленькіх школьнікаў, а на наступны год у гэтай жа школе пачаў выкладаць рускую мову і літаратуру.

 

-- Пра школу не забыўся, калі пайшоў на пенсію?

-- Не забыўся. Школа часта снілася мне. Нібыта прыходжу ў клас, хачу правесці ўрок, але нешта ўсё не атрымліваецца, не складваецца. Каб супакоіць сваю душу, стаў пісаць метадычныя распрацоўкі ўрокаў.

 

-- Табе ўдалося іх надрукаваць, выдаць?

-- У асноўным па беларускай мове  напісаў і выдаў распрацоўкі ўрокаў для настаўнікаў пад назвай “Творчыя ўрокі”. Можна прыблізна падлічыць аб’ём тэксту, набранага на камп’ютары шрыфтам “12”, і колькасць распрацаваных урокаў.

3 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) – 137  старонак (24 урокі).

4 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) – 106 старонак (16 урокаў).

5 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) – 141 старонка (22 урокі).

6 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) – 132 старонкі (20 урокаў).

7 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) – 132 старонкі (20 урокаў).

8 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) -- 131 старонка (19 урокаў).

9 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) -- 135 старонак (18 урокаў).

10 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) -- 82 старонкі (10 урокаў).

11 клас (для настаўнікаў беларускай мовы) -- 72 старонкі (10 урокаў).

5 – 7 класы (для настаўнікаў рускай мовы) – 142 старонкі  (20 урокаў).

Усяго прыблізна каля 1200 старонак.                                    Усяго 179 урокаў.

Уяўляеце, колькі прыйшлося папрацаваць? Звычайна кожнаму класу аддаваў адзін год. Іншы раз было цяжка, вельмі цяжка, але праца захапіла. Я працаваў не толькі для сябе, але найперш для настаўнікаў, для нашай беларускай мовы. Хацелася, каб настаўнікі прыйшлі на ўрок з цікавымі ўрокамі, каб зачаравалі імі вучняў, каб яны ўбачылі, якая прыгожая, мілагучная наша беларуская мова.

Спачатку не ўсё атрымлівалася. Калі прапанаваў для друку першыя распрацоўкі, некаторыя метадысты сустрэлі іх у штыкі, адмовілі ў публікацыі. Але я не здаваўся, упарта працаваў, дапрацоўваў, удасканальваў. Нарэшце мяне заўважыла супрацоўнік часопіса “Беларуская мова і літаратура” Бельская Алена Уладзіміраўна. Менавіта дзякуючы ёй мае “Творчыя ўрокі”, як птушачкі, якія прыляцелі з далёкага выраю на Радзіму, сталі з’яўляцца на старонках часопіса. Іх адразу ж прыхільна сустрэлі нашы настаўнікі, сталі прасіць рэдакцыю, каб друкаваліся. І, як гаворыцца, і пайшло, і паехала. А ўжо потым я атрымаў падтрымку ад галоўнага рэдактара часопіса “Пачатковае навучанне: дзіцячы сад, сям’я, школа” Цірынавай Вольгі Ігараўны. Шмат гадоў яны ішлі туды. Вольга Ігараўна прачытала – і ўхваліла.

Мне думаецца, што гэтымі распрацоўкамі я ўнёс штосьці новае, творчае ў наша школьнае жыццё. Цяпер іншы раз чытаю распрацоўкі ўрокаў  беларускіх настаўнікаў і бачу, што нешта яны бяруць у мяне, выкарыстоўваюць нейкія мае прыёмы, мой падыход да пабудовы сучаснага ўрока, што, канешне, радуе.

 

-- Ці ёсць учынкі, якія прымушаюць цябе каяцца?

-- Калісьці вельмі часта наведваў рэдакцыю часопіса “Маладосць”, якая тады ў горадзе Мінску размяшчалася ў былым будынку цэнтральнага камітэта беларускага камсамола. У той час загадчыкам аддзела прозы там працаваў Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч. Разам з ім у тым жа кабінеце сядзела і наша вядомая паэтэса Яўгенія Янішчыц. Як і кожнаму пачаткоўцу, мне вельмі хацелася хутчэй пабачыць свае творы на старонках часопіса. А Уладзімір Максімавіч звычайна паказваў на стол, дзе ляжалі сапраўдныя горбы рукапісаў: маўляў, бачыў, колькі тут ляжыць?; да цябе чарга яшчэ не дайшла. А аднаго разу на Вялікдзень Яўгенія Янішчыц устала і працягнула мне пірог, сказаўшы: “Пачастуйся. Мая мама пякла”. Замест таго, каб узяць пірог і падзякаваць, я адказаў: “Мая мама пячэ лепшыя, бялейшыя”. З твару Жэні адразу ж знікла ўсмешка. А я толькі праз гады зразумеў, якую вялікую крыўду прычыніў ёй сваёй нетактоўнасцю.

 

-- А як адрэагаваў на гэты выпадак Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч?

-- Прамаўчаў. Але свае два апавяданні, падрыхтаваныя да друку, я не ўбачыў на старонках часопіса “Маладосць”. Ён аддаў іх мне са штампам часопіса.

 

-- Не сказаў, чаму аддаў творы, ужо падрыхтаваныя да друку?

-- Напэўна, вырашыў, што сам здагадаюся.

 

-- Значыць, ён чытаў твае апавяданні?

-- Чытаў, хаця і не так хутка, як мне хацелася. І патрабаваў дапрацоўваць, дапрацоўваць і дапрацоўваць. І я дапрацоўваў і зноў нёс, такім чынам гартуючы сябе да нялёгкага пісьменіцкага жыцця.

 

-- Іншы раз прыходзілася працаваць да знямогі?

-- Калі вучыўся ў дзясятым класе, то ў горадзе Слоніме жыў на вуліцы Школьнай у бабулі Надзі (яна была сястрой маёй роднай бабулі Марысі). У дзясятым класе купіў тоўсты агульны сшытак і пачаў пісаць аповесць на ваенную тэму (мяне тады асабліва захаплялі творы Івана Шамякіна на ваенную тэму). Пісаў і днём, і вечарам да самай апоўначы. Да паўдня вучоба ў школе, а пасля паўдня бягу дамоў (на той час дом бабулі Надзі стаў маім другім домам) і пішу, пішу… Амаль цэлы сшытак спісаў…Бабуля Надзя была незадаволена, прасіла, каб пакінуў пісаніну. А я захапіўся. Ды так моцна, што аднаго разу, раніцою, на кухні страціў прытомнасць і ўпаў.

 

-- Пасля гэтага зноў узяўся за той сшытак?

-- Узяўся б, пісаў бы… Але бабуля Надзя кудысьці схавала яго, пашкадаваўшы маё здароўе. Магчыма, выкінула альбо спаліла. А шкада! Сёння хацелася б прачытаць напісанае.

 

-- Ці мог бы ты яшчэ раз назваць тых людзей, якія найбольш паспрыялі табе ў літаратурным жыцці?

 

Як гаворыцца, пачну па парадку.

Алесь (Аляксандр) Восіпавіч Пальчэўскі. У 1937 годзе ён быў рэпрэсаваны, прыгавораны сталіністамі да 8 гадоў пазбаўлення волі. У Мінск з паўночнай высылкі вярнуўся ў 1955 годзе. У час маёй вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ён працаваў у часопісе “Вясёлка”. Менавіта яму я прынёс свае першыя апавяданні для малодшага школьнага ўзросту. Ён вельмі прыязна сустрэў і пазней сустракаў мяне. Звычайна прасіў, каб прапанаванае рэдакцыі апавяданне я прачытаў уголас. І звычайна слухаў мяне не адзін: запрашаў да сябе ў пакой галоўнага рэдактара Васіля Вітку і супрацоўніка “Вясёлкі” Сяргея Грахоўскага.

У час майго чытання Алесь Восіпавіч глядзеў на мяне і ўсміхаўся як самы шчаслівы чалавек. Яму, як пазней я зразумеў, падабаліся не толкі мае маленькія творы, але і мая беларускасць, юнацкая непасрэднсць, шчырасць, натхнёнасць.

Што я адзначыў бы ў характары гэтага пісьменніка?

Вялікую дабрыню, чалавечнасць, тактоўнасць, інтэлігентнасць, а яшчэ ўменне працаваць з пачынаючымі аўтарамі і іх творамі.

Дзякуючы Васілю Восіпавічу ў “Вясёлцы” былі надрукаваны мае першыя апавяданні, за якія я атрымаў неблагі ганарар.

Ужо названы мною Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі. Дзякуючы яму ў часопісе “Бярозка” былі надрукаваны мае першыя аповесці (“Гордзіеў вузел” і “Свята Францыска Скарыны”), а потым выдадзена  мая першая кніга “Гордзіеў вузел”. Ён прывёў мяне і ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Колішні дырэктар выдавецтва “Юнацтва” Валянцін Антонавіч Лукша.

Упершыню сустрэўся з ім, калі ён працаваў у газеце “Чырвоная змена”. Праўда, мае літаратурныя творы ў газеце не з’явіліся (па-мойму, быў надрукаваны толькі нарыс пра старшыню нашага калгаса “Перамога” Важэйку Канстанціна Сцяпанавіча), але Валянцін Антонавіч мяне запомніў, шанаваў. Дзякуючы і яму ў выдавецтве “Юнацтва” былі выдадзены мае першыя кнігі. Іх аднаго разу нават абмяркоўвалі на пашыранай нарадзе з супрацоўнікамі выдавецтва. Шмат цёплых слоў пачуў я тады і ад Валянціна Антонавіча, і ад іншых супрацоўнікаў гэтага цудоўнага выдавецтва.

Цудоўныя ўражанні засталіся ў мяне і ад супрацоўніцтва з галоўным рэдактарам газеты “Піянер Беларусі” (пазней яна стала называцца “Раніца” Угальнік Ірынай Уладзіміраўнай. На старонках гэтай газеты дзякуючы Ірыне Уладзіміраўне за адносна кароткі час былі надрукаваны чатыры аповесці.

Неяк я быў на семінары маладых літаратараў Беларусі ў пісьменніцкім доме творчасці “Каралішчавічы”. Праведаўшы пра гэта, Ірына Уладзіміраўна папрасіла, каб зайшоў у рэдакцыю “Піянера Беларусі”. У той час яны якраз закончылі друкаваць маю аповесць-казку “Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі”. Дзеці з родных куточкаў Беларусі прыслалі свае ілюстрацыі да гэтай аповесці. Ірына Уладзіміраўна пачала мне іх паказваць. Якой радасцю тады свяціліся яе вочы! Як міла, прыязна ўсміхалася яна мне!

Дзякуючы загадчыку аддзела прозы часопіса “Маладосць” Анатолю Казлову я здзейсніў сваю даўнюю мару: прарваўся на старонкі вядомага часопіса. З ягонай лёгкай рукі ў часопісе былі надрукаваны тры мае аповесці. Як мне здаецца, Анатоль быў патрыятычна настроеным, сумленным чалавекам. Пра такіх, як ён, пісаў вядомы рускі паэт М. А. Някрасаў: “Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан». Ён шмат не гаварыў. Браў твор і, прачытаўшы, аддаваў яго ў друк. Было прыемна працаваць з ім, з паўслова разумелі мы адзін аднаго.

Самыя прыемныя ўражанні пакінула Ніна Сымонаўна Загорская. Яна не толькі чытала мае п’есы, але і набывала іх для Міністэрства культуры, падахвочвала, каб пісаў. Звычайна адводзіла ў куточак і заводзіла нейкую цёплую размову. Пасля сустрэчы з ёю шчасцем поўнілася душа.

І яшчэ раз з прыемнасцю пералічу тых, хто не баяўся падаць мне руку, калі спатыкаўся па волі нейкай злой сілы: супрацоўнік выдавецтва “Народная асвета” Бехціна Вера Генадзьеўна, супрацоўнік часопіса “Беларуская мова і літаратура” Бельская Алена Уладзіміраўна, галоўны рэдактар часопіса “Пачатковае навучанне” Цірынава Вольга Ігараўна, галоўны рэжысёр Слонімскага драматычнага тэатра Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч, галоўны рэдактар газеты “Піянер Беларусі” Угальнік Ірына Уладзіміраўна, дырэктар выдавецтва “Юнацтва” Лукша Валянцін Антонавіч, адказны сакратар рэдакцыі часопіса “Вясёлка” Алесь Восіпавіч Пальчэўскі, загадчык аддзела прозы часопіса “Маладосць” Анатоль Казлоў, галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры Ніна Сымонаўна Загорская. Не магу не ўспомніць і інспектара Міністэрства адукацыі Саўчук Тамару Мікалаеўну. Яна паспрыяла таму, каб былі ўключаны ў вучэбную праграму як творы для самастойнага чытання аповесці “Залатая дзіда” і “Эльдарада просіць дапамогі”. А потым папрасіла, каб тэрмінова прыслаў ёй казку, каб уключыць яе ў вучэбную праграму для вывучэння на ўроку ў 5 класе. Прыслаў, уключылі казку “Воўчае Лыка”. Помняцца яе словы: “Аляксей Мікалаевіч, некалі вашы творы вучні будуць вывучаць на ўроках”. Што магу сказаць пра яе? Гэта быў адданы беларускай справе чалавек.

 

-- А ці ёсць цяпер падобныя прыхільнікі тваёй творчасці?

-- Ёсць, але пакуль не хачу іх называць. Няхай гэта застанецца паміж намі. Не хачу нашкодзіць і ім, і сабе.

 

-- Любіце хадзіць па ягады, па грыбы?

-- Люблю. Звычайна з самага пачатку лета збіраю суніцы, а потым – грыбы. Добрая забава, прыемная. Дый у лесе адпачываю душой, на ўвесь зімовы сезон запасаюся той энергіяй, якую шчодра дорыць мне лес. Там, асабліва калі шчасціць, забываешся пра ўсе хатнія клопаты і турботы, думкі пераключаюцца на іншае,  лясное жыццё. А яшчэ адчуваеш сябе шчаслівым, калі падарункамі лесу радуеш сваіх блізкіх. Дый нешта ўдаецца прадаць, зарабіць. А гэта вельмі патрэбна маім блізкім у сённяшні няпросты час.

 

-- У лес дабіраешся на машыне?

-- На двухколавай машыне, на веласіпедзе. Звычайна еду ў лес за дзесяць – чатырнаццаць кіламетраў. Іншы раз прыходзіцца нялёгка, асабліва калі едзеш супраць ветру. А яшчэ вельмі цяжка ў спёку. Неяк гэтым летам (летам 2017 года) паехаў, калі было каля трыццаці градусаў цяпла (магчыма, болей). Прыйшлося цяжка, але вытрымаў. І гэтым жа самым летам дабраўся дамоў на зламанай восьцы пярэдняга кола. Пасля праліўнога дажджу сунуўся на веласіпедзе па ліпкай гразі (на рулі віселі два вядры з грыбамі) і, відаць, там паламаў воську. Кола хадзіла туды-сюды, калі ехаў па шашы. Абганяючы мяне, імчаліся аўтамабілі… Потым папрасіў знаёмага, каб дапамог адрамантаваць веласіпед. Адкруціўшы пярэдняе кола і дастаўшы з яго разламаную воську, ён узяўся за галаву і прамовіў: “Як ты прыехаў дамоў?” “Як?” – у сваю чаргу запытаўся я. У гэты момант мне стала не зусім добра.

 

-- Запомніліся нейкія лясныя сустрэчы?

-- Аднаго разу непадалёку ад Слоніма ў мікрараёне газапровада збіраў суніцы. Падняўся на горку і раптам убачыў, што з-за горкі высунуліся сабачыя галовы з абвіслымі вушамі. Сабакі моўчкі, уважліва глядзелі на мяне. Прыкрываючыся веласіпедам, я намацаў у сетцы маленькую сякерку і стаў павольна спускацца з горкі. На маё шчасце, сабакі не скрануліся. Я дабраўся да ўскрайка лесу і пачаў збіраць суніцы. А сабакі, чаго ніяк не чакаў, выйшлі са свайго логава-сховішча і накіраваліся проста да мяне. Іх у зграі было сем, не меней. Уперадзе ішоў вялікі  лабасты важак. Не спяшаючыся, сабакі набліжаліся да мяне. “Позна ўцякаць. Трэба было раней ісці адгэтуль”, -- падумаў я і дастаў з сеткі сякерку. Сабакі прыспешылі свой ход, а я, надаючы голасу цвёрдасць і бескампрамінасць, гукнуў: “Пайшлі вон!” Здарыўся цуд. Зграя разам з важаком дружна павярнулася і накіравалася туды ж, на горку, у сваё логава, неўзабаве схаваўшыся там. А я, азіраючыся, стаў перабірацца на іншае месца, далей ад гэтай дружнай зграі.

 

-- Яшчэ былі падобныя сустрэчы?

-- Непадалёку ад Слоніма знаходзіцца палігон. Неяк ехаў па грыбы, па зеляніцы. У той час перад уваходам на палігон, там, дзе размяшчаліся салдаты, стаяла будка, але звычайна яна тады не ахоўвалася. Перад гэтым я неяк паехаў па асфальце праз гэты палігон. Убачыўшы мяне, афіцэр закрычаў: “ Вы хіба не ведаеце, што тут вайсковая часць?” “Дазвольце праехаць”, -- папрасіў я. Афіцэр у адчаі  махнуў рукою, а я мацней націснуў на педалі і неўзабаве схаваўся ў лесе.

У гэты дзень зноў вырашыў праехаць праз месца размяшчэння салдат. Яны якраз пастроіліся на пляцы. Перад імі стаяў афіцэр, а побач з ім сядзелі дзве сабакі (аўчарка і цёмна-карычневы сабака байцовай  пароды. “Людаед”, -- як потым назвала яе мая мама.

Мінуўшы вароты, я праехаў метраў пяцьдзесят. Неспадзявана для мяне аўчарка ўсхапілася і пабегла да мяне. Я саскочыў з веласіпеда і вырашыў пакінуць тэрыторыю ваеннай часці. Але не тут тое было. Аўчарка дагнала мяне і перагарадзіла дарогу, наступаючы. Я стараўся затуліцца ад яе веласіпедам, не даючы ёй магчымасці зайсці ззаду. Але і ўперад яна мяне не пускала, ні на крок, як ні стараўся, не наблізіўся да жаданых варотаў. Тады стаў крычаць афіцэру і яго падначаленым (яны стаялі далекавата ад мяне): “Забярыце сабаку!” У адказ на мой крык усхапіўся цёмна-карычневы людаед і пабег да мяне. “Усё, загрызуць!” -- пранеслася ў галаве думка. Калі “людаед” прабег палову дарогі, ад шарэнгі аддзяліўся салдат і таропка пакрочыў да людаеда, штосьці гукнуўшы. Людаед павярнуўся і паслухмяна накіраваўся да яго. А праз нейкае імгненне тое ж самае зрабіла і аўчарка. Я выдыхнуў з грудзей паветра і павёў веласіпед у бок варотаў, на шашу.

 

-- А ці не адбываецца часам вакол цябе нешта містычнае?

-- Што ёсць, тое ёсць. Раскажу толькі пра адну містычную гісторыю. Яна (пра яе ў “Газеце Слонімскай” пісаў журналіст Мікола Канановіч) здарылася некалькі гадоў таму назад пасля таго, як мною былі напісаны містычныя і дэтэктыўныя творы.

Быў канец мая. У той цёплы вясенні дзень я басанож працаваў на сваёй дачы, якая знаходзіцца каля вёскі Чамяры Слонімскага раёна. Непадалёку на сваім дачным участку (ён знаходзіцца перад маім участкам) шчыраваў мой сусед Мікалай – зубны ваенны лекар у адстаўцы.

“Мікалаевіч, на небе хмарка з’явілася”, -- раптам данёсся да мяне яго голас. Я падняў галаву і ўбачыў над нашымі ўчасткамі невялікую цёмную хмарку. “Можа, дождж будзе?” – выказаў сваё жаданне. “Не будзе”, -- адказаў  мой сусед. “Нешта будзе. Хмарка проста так не з’яўляецца”, -- не пагадзіўся з ім.

Праз нейкі час на зямлю сталі падаць рэдкія дажджынкі. Не зважаючы на іх, мы працягвалі працаваць. Неспадзявана над нашымі галовамі так аглушальна грымнула, што мы моўчкі, не сказаўшы адзін аднаму ні слова, пабеглі ў свае дачныя  хаты.

Дождж закапаў часцей. “Каля градкі стаяць мае тапкі”, -- стоячы ў верандзе хаты, успомніў я і прыпусціўся на агарод. Схапіўшы тапкі, па цэментаванай дарожцы (яна праходзіць пасярэдзіне майго ўчастка), пабег назад (Мікола, як высветлілася пазней, прыадчыніўшы дзверы,  назіраў за мною.) Над галавою страшэнна грымнула. Я ўскочыў ў хату.

Пад вішанькай, справа ад цэментавай дарожкі, застаўся мой веласіпед, на рулі якога вісела сплеценая са шпагату сетка – падарунак маёй цешчы. “Сетку памочыць. Веласіпед у хату трэба завесці”, -- падумаў я і зноў выскачыў на двор.

Схапіўшы веласіпед, таропка павёў яго ў напрамку хаты, а каля самай веранды прыпусціўся, пабег, што, лічу і цяпер, выратавала мяне.   

“Кап-кап-кап”, -- капаюць, б’юць па мне дажджынкі, цешацца. Разам з веласіпедам ўваліўся на веранду і ў трэці раз пачуў аглушальны выбух грому. У гэтае ж самае імгненне да мяне данёсся яшчэ адзін гук, падобны на той, калі стукнеш каменем аб жалеза або жалезам аб жалеза.

Я міжволі сагнуўся. “Маланка стукнула ў металічны слупок маёй агароджы, якая пры дарозе. Але ж я стаю. Значыць, жывы, у мяне не пацэліла”, -- падумаў і, зачыніўшы дзверы, зайшоў у пакой хаты і ў куточку прымасціўся на канапу.

Дождж неўзабаве скончыўся. У той дзень ён быў невялікі, мне нават прыйшлося паліваць агарод.

“Агонь – полымя!.. Полымя – агонь!.. Агонь – полымя!..” – данёсся з вуліцы ўзбуджаны голас маёй суседкі Ліды, якая нядаўна купіла тут дачны ўчастак. Яе хата стаяла насупраць маёй, крыху далей, праз адну дачную хату.

“Магчыма, гарыць што-небудзь”, -- занепакоіўся я і, выйшаўшы на двор, на дарозе ўбачыў Міколу і Ліду. Ліда махала рукамі і аднатонна паўтарала:  “Агонь – полымя!.. Полымя – агонь!.. Агонь – полымя!..”

“Што тут нарабілася?” – вырашыў пацікавіцца.

Вось што пачуў ад няшчаснай жанчыны.

У час грымотаў яна сядзела каля акна і глядзела на дарогу. І, напэўна, у той момант, калі маланка стукнула ў металічны слупок маё агароджы, неспадзявана па дарозе, з пагорачка, папаўзло, пакацілася вялікае полымя. Перад хатай Ліды яно нечакана ўзнялося, пайшло на яе і гэтак жа нечакана, як і з’явілася, прапала, анічога не пашкодзіла, прымусіўшы маю суседку здранцвець. “Навошта я купіла гэтую дачу? Чаго мяне сюды паперла?” – стоячы перада мною, галасіла яна.

У той дзень разам з Лідай на дачы была і яе дачка. У час дажджу яна стаяла на дварэ. А калі грымнула, то ўбачыла, што на зямлю каля нашых дач упала вогненная страла. Гэтая нябесная госця імгненна загнала маладую жанчыну ў хату.

Павойкаўшы, паўздыхаўшы, мы з Міколам адправіліся на свае дачныя ўчасткі. І вось што прыйшлося пачуць ужо ад яго.

Калі я з веласіпедам падбягаў да хаты, схапіўшы яго пад вішанькай, Мікола ўбачыў, што пасярэдзіне яго агарода  ў напрамку дарогі на вышыні веласіпеда нясецца полымя агню, падобнае на прычоску (пазней мы яго назвалі”вогненная галава”). “Нейкая гадасць Мікалаевіча даганяе”, -- пранеслася ў галаве ў Міколы. Вогненная галава не магла напрасткі дабрацца да мяне, бо на мяжы з майго боку раслі высокія, густыя яблыні, а непадалёку ад хаты плёўся вінаград. Ён заканчваўся роўна з вуглом веранды.

Я павярнуў за вугал веранды, і вогненная галава пад прамым вуглом на ўчастку Міколы павярнулася і паімчалася да мяне. Я знік у хаце, а Мікола ўбачыў каля  майго парога клуб агню. “Мікалаевіч столькі агню ў хату за сабою пацягнуў!” – падумаў мой сусед.

Але ён, як відаць, памыліўся. У той дзень я не бачыў ні гэтага нябеснага агню, ні самой вогненнай галавы. Пагаварыўшы, паразважаўшы, мы прыйшлі да такой высновы: вогненная галава даганяла менавіта мяне, была як бы запраграмавана на мяне. Калі б я не прыбавіў ходу перад хатай, мы абавязкова сустрэліся б каля самага парога.

Ніякага знаку пасля сябе ні на металічных слупках, ні на агароджы (яна ў мяне з алюмініевай сеткі) вогненная галава не пакінула. Толькі ў тым месцы, дзе паварочвала, некалькі каліваў бульбы на Міколавым агародзе прывялі. Потым яны адышлі, зазелянелі.

Ці магла быць вогненная галава шаравой маланкай? Думаю, што не. Шаравыя маланкі, як вядома, звычайна рухаюцца за хваляй паветра. А ў самым пачатку паміж мною і ёю была немалая адлегласць (можаце падлічыць самі, калі падкажу, што мой і Міколаў участак па пяць сотак;  яго даўжыня крыху большая, чым шырыня). Дый уцягнуў бы я шаравую маланку разам з веласіпедам у хату.

Цяпер перад паездкай на дачу і ў больш далёкія мясціны заўсёды надзяю праваслаўны крыжык. Набыў яго ў той жа самы дзень.

Вось такая незразумелая з’ява напаткала мяне і маіх суседзяў лагодным вясновым днём. Хто не верыць, няхай прыедзе і спытаецца ў Міколы, у Ліды. Праўда, пра гэта мы не любім гаварыць, нават не ўспамінаем. Магчыма, так яно і лепей.

 

-- Крыху яшчэ пра містыку.

-- Па-мойму, калі вучыўся ў дзясятым класе, бабуля Марыся прысніла пра мяне сон, які, лічу, спраўдзіўся.

 

-- Што ж ты рабіў у тым сне?

-- Лятаў (дакладна не памятаю), магчыма, разам з анёламі у тым жа самым адзенні (ці то ружовым, ці то парпуровым, цяпер дакладна не памятаю, але бабуля Марыся сказала, што я быў у адзенні анёлаў), а потым скінуў яго і апрануў іншае (па-мойму, белае).

 

-- Што ж сказала табе бабуля?

-- Сказала, што мяне чакала вялікае будучае, але я выбраў іншае жыццё: цяжкае, няпростае, без бліскучага будучага. Тады я не паверыў ёй, а дарма. Усе свае магчымасці, лічу, я не выкарыстаў, іншы раз адмаўляўся ад таго добрага, што само плыло ў рукі. Шкадую не за сябе. Шкадую за дзяржаву. Магчыма, пры спрыяльных умовах мог бы значна больш зрабіць для яе, чым раблю цяпер.

 

-- Больш ніякіх сноў бабуля Марыся табе не расказвала?

-- Толькі гэты, толькі адзін.

 

-- Раней беларусы часта лячыліся з дапамогай замоў? Ці было ў цябе нешта падобнае?

-- У дзяцінстве ад сполаху мяне часта лячыла прабабуля Алена (прыходзілася сваячкай па лініі  бацькі). У шклянку яна насыпала попел, узяўшы яго з печы, загортвала ў чыстую белую хусцінку і доўга качала па грудзяў, па спіне, прымаўляючы сваю замову (з гэтай замовы запомніліся словы “на ваўкоў, на мядзведзяў”). Потым разгортвала хусцінку і паказвала шклянку. Калі ў ёй утвараліся ямінкі, то бабуля Алена казала, што я сапраўды спалохаўся, што мучыў мяне страх.

 

-- Значыць, дапамагала, выгаворвала?

-- Не ведаю, у якой меры, але пасля гэтага я адчуваў сябе шчаслівым. І цяпер помню худзенькую, сагнутую ад непасільнай сялянскай працы бабулю Алену, помню яе шчырасць, жаданне дапамагчы мне, помню яе ласкавыя рукі.

 

-- А  маці не выгаворвала?

-- У дзяцінстве на маіх нагах было вельмі шмат бародавак. Таму мне было вельмі цяжка мыць ногі. Неяк мама папрасіла, каб палічыў бародаўкі: усе. Да адной. Старанна палічыў. Іх было ці то 123, ці то 125 (цяпер дакладна не помню). Спёкшы ў печы хлеб, мама завязала наадварот 123 (125) вузельчыкаў і кінула ў гарачы попел, які застаўся ў печы. Праз некалькі дзён бародаўкі непрыкметна прапалі. Засталася, паменшыўшыся ў памерах, толькі адна, найбольшая, на вялікім пальцы нагі. Але потым і яе не стала.

 

-- Яшчэ было нешта падобнае?

Калі быў ужо хлопцам, як у нас кажуць, кавалерам, памыўся ў душы на жывёлагадоўчай ферме і набраўся каросты. Яе плямкі рассыпаліся па грудзях і руках. Мама павяла мяне да нашай суседкі цёткі Волькі (па-вулічнаму “Мітрафанчы”, так як яе мужа звалі Мітрафанам). Мітрафанча тупым бокам нажа па гэтых плямках каросты пачала праводзіць крыжыкі і нешта шаптаць. Кароста, як і бародаўкі, згінула, прыпала непрыкметна.

 

 

-- Беларусы верылі ў добрую цудадзейную сілу, а яна ім спрыяла, дапамагала?

-- Выходзіць, што так. Шкада, што многае з гэтай сілы намі ўжо страчана. Яскравы прыклад таго, як перарываюцца сувязі, традыцыі паміж пакаленнямі, якія фарміраваліся не гадамі, а цэлымі стагоддзямі. Не беражэм, не захоўваем і становімся безабароннымі перад сіламі прыроды. Мы цяпер у нечым нагадваем вояў без даспехаў. Ідзём з адкрытай галавой і адкрытымі грудзямі і ганарымся гэтым. А трэба не ганарыцца, а спыніцца і задумацца.

 

-- Ці можна вярнуць тую сілу, якая не раз і не два аберагала беларуса ў нялёгкі час?

-- Можна, калі паверыць у яе ўсёй душой, калі тварам павярнуцца да яе, стаўшы на калені. Трэба пачаць з таго, што яднала, звязвала нас з той сілай: з мовы.

 

-- Наша жыццё ты параўноваеш…

-- Жывём як у густым тумане. Соваемся, блукаем, не бачым, куды ідзём, страцілі свой арыенцір, забыліся пра яго, выбраўшы чужы, падманны. Імкнемся да яго, а ён быццам гуляе з намі: мігне, як халоднае воўчае вока, і аддаляецца, прападае.

 

-- Такое блуканне не надакучыла?

-- Многім, думаю, надакучыла. Таму некаторыя стараюцца вырвацца з гэтага туману і пакінуць ахутаную ім прастору: за яе межы выязджаюць, шукаючы збавення. А некаторым хочацца зліцца з гэтым туманам, стаць гэткім жа падманным, непрыкметным.

 

-- У выніку…

-- Туман становіцца ўсё больш густы і ліпкі, як гніль, як нядобры сон.

 

-- Наша жыццё…

-- Нялёгкае і кароткае. Таму трэба вельмі адказна адносіцца да яго, не перагружаць сябе праблемамі. Яны, праблемы, могуць стаць каменем, які не дасць крочыць, запаволіць альбо нават спыніць хаду.

 

-- Нейкія кур’ёзныя выпадкі здараліся з табою?

-- Былі. Неяк нават прыйшлося скардзіцца  дырэктару КУП «Слонімскае ЖРЭА». Вось якую заяву яму напісаў.

У пятніцу, 1 ліпеня, я на веласіпедзе ехаў з дачы дамоў ад светлафора па пешаходнай дарожцы, якая знаходзіцца ў раёне Новай Брэсцкай вуліцы паміж царквой і домам газаправода. Насупраць стадыёна школы № 8 каля царквы і настаўніцкага дома (калі не памыляюся, № 103) бензакасілкай касіў траву работнік ЖРЭА. Месца гэтай працы не было абазначана ні чырвонай лентай, ні іншым знакам. Непадалёку ад касца стаялі некалькі жанчын-дворнікаў (некаторых з іх ведаю ў твар). Параўняўшыся з касцом, я адчуў, што ў галаву і ў вобласць грудзей мне стукнулі два камені. Несумненна, яны вылецелі з-пад бензакасілкі. Злез з веласіпеда і гучна паведаміў пра гэта работнікам ЖРЭА, заявіўшы, што так працаваць нельга, бо такая праца можа прывесці да калецтва прахожых. А яны ў гэты час рухаліся па дарожцы ў напрамку будынка міліцыі і вуліцы Брэсцкай. Касец не звярнуў на мяне ніякай увагі, працягваў касіць далей. А вось некаторыя жанчыны-дворнікі пачалі паводзіць сябе дзіўна. Яны сталі крычаць, што з імі нічога не здарылася, хоць яны ўвесь час знаходзяцца побач з касцом. (Цікава, як будуць рэагаваць яны, калі некаторую з іх раптам пакалечыць камень, які вылеціць з-пад касілкі. Хто будзе плаціць ёй пенсію па непрацаздольнасці?) А тое, што здарылася са мною, іх абсалютна не цікавіла.

У месцы касьбы травы амаль не было. Яна павыгарала, затое там ляжала шмат каменняў. Я сказаў работнікам ЖРЭА: “ Вы спачатку хоць каменні сабралі б, а ўжо потым касілі б”. У адказ ад адной з іх пачуў: “Сам збірай!”

Вырашыў даведацца прозвішча касца, каб пра гэты інцэдэнт паведаміць у ЖРЭА альбо пачуць ад яго элементарнае: “Прабачце!” Ён нарэшце перастаў касіць, зняў маску і крыкнуў мне: “Выклікай міліцыю!” Выказваўся ён на “ты”, без усякіх нормаў этыкету, не зважаючы на мой узрост.

Прыйшлося прыслухацца да яго парады. Я накіраваўся дамоў і, пераапрануўшыся, пайшоў у Слонімскі аддзел міліцыі, дзе паведаміў пра гэты выпадак. Пасля афармлення неабходных дакументаў накіраваўся ў ЖРЭА. Там расказаў пра гэта галоўнаму інжынеру прадпрыемства. Ён выклікаў жанчыну-майстра, якой, як зразумеў, непасрэдна падпарадкоўваўся гэты касец. Ад яе пачуў, па сутнасці, тое ж, што і ад дворнікаў: “А вы ведаеце, што каменні з-пад бензакасілкі ляцяць на шаснаццаць метраў?”

“А ці ведае гэта ваш касец, а ці ведаюць гэта вашы дворнікі, а ці помніце гэта вы і ці кантралюеце працу сваіх падначаленых?” – хацелася спытацца мне. Але ў гэты час выказаўся галоўны інжынер. Ён папрасіў у мяне прабачэння.

Дарэчы, у суботу, 2 ліпеня, калі я стаў расказваць гэтую гісторыю свайму знаёмаму з вуліцы Скарыны, ён прызнаўся мне, што таксама 1 ліпеня на гэтай жа самай тэрыторыі атрымаў пачастунак каменьмі, якія вылецелі з-пад бензакасілкі. Толькі не па грудзях і галаве, а па спіне. Праўда, потым кіраўнікі арганізацыі потым папрасілі ў мяне прабачэння.

 

-- Больш ніякіх заяў не пісаў?

-- Пісаў, нават былому дырэктару Слонімскага мясакамбіната як член садовага таварыства “Харчавік”, якое адносілася да Слонімскага мясакамбіната (потым ад гэтай ношкі пазбавіліся яны, каб не мець лішніх клопатаў). Вось яна, гэтая заява.

8. 11. 2011 года звярнуўся да Вас з просьбай забяспечыць вадой членаў садовага таварыства "Харчавік", нават вывучыў такую магчымасць і прапанаваў Вам на разгляд некалькі варыянтаў, каб падвесці ваду ў садовае таварыства "Харчавік".

Вось прыкладны змест той заявы і тых варыянтаў.

Варыянт першы. Непадалёку ад нашага таварыства знаходзіцца невялікае непрыватызаванае возера (ад майго ўчастка да яго прыкладна сто пяцьдзесят метраў). Некалі яно было выкапанае па ініцыятыве членаў садовага таварыства "Медык". Некаторыя члены нашага таварыства таксама ўдзельнічалі ў гэтай працы. Ці хопіць вады з таго возера, каб забяспечыць нашы ўчасткі? Магчыма, хопіць. Магчыма, прыйдзецца яго пашыраць. На ўсё гэта, канешне, патрэбна згода калгаса "Дружба". Таксама трэба паставіць у вядомасць і членаў таварыства "Медык". На асабістым узроўні з імі будзе цяжка дамовіцца. Прапанову членаў нашага таварыства яны ўспрымуць у штыкі. Значыць, ініцыятыва павінна сыходзіць ад Вас, ад Вашага прадпрыемства, дзе ёсць падрыхтаваныя юрысты.

Варыянт другі. Непадалёку ад нашых дачных участкаў на адлегласці прыкладна 150-200 метраў каля шашы, якая вядзе на Ваўкавыск, цячэ ручай. Са згоды калгаса "Дружба" там можна выкапаць возера і ад яго падвесці трубы да дачных участкаў. Там ёсць лінія электраперадачы. Магчыма, у гэтым возеры можна проста закапаць невялікую трубу з тым, каб потым адтуль браць ваду.

Дзе можна паставіць ёмкасць для вады? У свой час нашы гора-кіраўнікі так пастараліся, што забудавалі і тое месца, якое было адведзена для ўстанаўлення ёмкасці. На дадзены час ёсць участак, які не апрацоўваецца. Ён належыць работніцы Вашага камбіната Манжуле Святлане. Магчыма, яна дасць згоду на ўстанаўленне там ёмкасці.

Разумею, што ў цяперашні час работы па забеспячэнню членаў садовага таварыства вадой выканаць вельмі цяжка. Буду ўдзячны, калі Вы праявіце падобную ініцыятыву і зрушыце з месца гэтую справу. Калі ж не атрымаецца падобнае, то буду ўдзячны і за тое, калі дапаможаце набыць ёмкасць пад дажджавую ваду для майго дачнага ўчастка.

 

-- Каб паліць агарод на дачы, вёдрамі з возера прыходзілася насіць ваду?

-- І вёдрамі насіў, і бутлямі на веласіпедзе вазіў. Непрыемная, рабская праца, якая вялікай карысці не дае.

 

-- Не дапамог дырэктар, не падвёў да ўчасткаў ваду?

-- Выдзеліў ёмкасць літраў на семсот, на мясакамбінатаўскай машыне прывезлі яе на маю дачу. І за гэта дзякуй яму. Каля страхі паставіў тую ёмкасць, каб дажджавой вадой напаўнялася.

 

-- Ці верыш у лёс, Аляксей Мікалаевіч?

-- Мой бацька Мікалай Аляксандравіч верыў. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён тры разы цудам выратаваўся ад пагібелі.

Калі фашысты арыштоўвалі майго дзеда і маю бабулю, то нямецкі салдат павёў у машыну і яго, трымаючы за руку каля пляча. Наблізіўшыся да машыны, мой бацька ірвануўся і пабег на падворак. Заскочыў у хлеў, які знаходзіўся адразу ж за хатай і схаваўся там у цёмным куце. Неўзабаве немец зазірнуў у хлеў, але майго бацьку не заўважыў. Потым яму доўга балела вывернутая рука.

Вось як піша пра гэта мой зямляк Аляксандр Сямёнавіч Талерчык у кнізе “Парэчча”, выдадзенай ім у 2002 годзе: “Але дзесьці праз паўтара месяца (А. Я.: пасля акупацыі) немцы арыштавалі і расстралялі 7 сялян, якія былі дэпутатамі мясцовага савета    і лічыліся савецкімі актывістамі. Сярод іх былі Бартош Аляксей Мікалаевіч, Якімовіч Аляксандар Іванавіч, Шоцька Іван Варфаламеевіч (мой хросны бацька). Сярод іх былі Якімовіч Аляксандар Максімавіч і Якімовіч Парася Лявонцеўны – дзед і баба вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Аляксея Якімовіча”.

Другі раз з аднавяскоўцам мой бацька раніцай вяртаўся з лесу, з-за ракі Шчары (дакладна не ведаю, чаму; магчыма коней ноччу там пасвілі). А ў вёску якраз прыехалі паліцаі-літоўцы. Яны стаялі на Екшынавай горцы (там жыў чалавек па мянушцы Екшын), якая падступала да самай Шчары. Убачыўшы іх, бацька і ягоны сябар пабеглі назад, у лес. Паліцаі адкрылі па іх агонь з вінтовак. Бацька і ягоны аднавясковец, уцякаючы, час ад часу падалі, ратуючыся ад куль. Неяк уцяклі, схаваліся ў лесе. Праўда, потым бацька ўбачыў, што адна з куль прабіла абцас бота і выйшла праз халяву, нейкім цудам не зачапіўшы яго.

 

-- У тваёй маці падобнага ў жыцці не было?

-- Мая маці ў гады той страшнай вайны ў цэнтры Парэчча разам з адвяскоўцамі стаяла пад дуламі кулямётаў, куды іх сагналі фашысты-карнікі. Стаялі доўга, пакуль са Слоніма (з горада, як звычайна кажам мы) не прыехаў нямецкі афіцэр. І тады мясцовы каваль Яўген Акуновіч пачаў ратаваць тых людзей, якія не мелі дачынення да партызанкі. Выратаваў і маю маці Надзежду Аляксандраўну Талерчык. Пашанцавала ёй.

Вось як апісвае гэты выпадак мой зямляк Аляксандр Сямёнавіч Талерчык ў кнізе “Парэчча”: “У туманную кастрычніцкую раніцу бацька разбудзіў мяне дапамагаць па гаспадарцы. Глянуўшы праз акно на аселіцу, я ўбачыў ідучых шарэнгай людзей. Гэта салдаты акружалі вёску, але яны былі не ў нямецкай форме; як потым высветлілася, гэта былі латышы. Яны пачалі зганяць як быццам бы на сход  усіх жыхароў у цэнтр вёскі. Сабралі каля 300 чалавек, многа было дзяцей. Выстраілі ўсіх у дзве шарэнгі і перад імі паставілі два кулямёты. Праз пару гадзін прыехаў нямецкі начальнік. Ён праз перакладчыка растлумачыў, што сабралі людзей з той нагоды, што летам каля Васілевічаў (А. Я.: Васілевічы – суседняя наша вёска) быў забіты немец. У пакаранне за тое ў Васілевічах толькі што расстралялі сотню жыхароў. Вядома, што і ў Парэччы ёсць сем’і, родзічы якіх хаваюцца ў лесе. Ён прапанаваў гэтым сем’ям выйсці з шарэнгі, маўляў, іх, як закладнікаў, арыштуюць. Калі з лесу вернуцца іх дзеці і з’явяцца да немцаў, то закладнікаў адпусцяць дамоў. Такі прыём немцы паспяхова прымянілі ў суседняй вёсцы Хадзявічы. Але з парэцкіх жыхароў ніхто не выйшаў. Ён папярэдзіў, калі яны не прызнаюцца, а сяляне не выдадуць такіх людзей, то ўсіх жыхароў вёскі расстраляюць. Пачуўся лямант і плач. Немец яшчэ раз прапярэдзіў аб немінучым расстрэле ўсіх. І тады з натоўпу выйшаў стары парэцкі каваль Яўген Акуновіч і сказаў, што ён не хоча дапусціць гібелі мноства нявінных людзей і паказаў на тых, чые дзеці хаваюцца ў лесе. Такіх набралася 16 чалавек. Іх пачалі выводзіць з шарэнгі. Побач са мною і маімі бацькамі стаяла сям’я Якімовіча Мікалая: ён з малым дзіцём на руках, жонка і двое дзяцей-падлеткаў. Калі падышлі салдаты і сталі іх выводзіць, то Мікалай паспрабаваў аддаць суседу дзіця, але карнікі не дазволілі гэта зрабіць. Так і пайшлі ўсе на смерць. Усяго было расстраляна ў пясчаным кар’еры каля вёскі 16 чалавек. Гэта Бардун Сямён Антонавіч (47 год), Галёнка Лукаш Рыгоравіч (45), Галёнка Раіса Віктараўна (38), Галёнка Ніна (14), Галёнка Мікалай Лукіч, Селівончык Аляксей Паўлавіч (49) Селівончык Юлька Сцяпанаўна (51), Тумашык Мікалай Мікалаевіч (58), Уласік Вольга Лявонаўна (59), Якімовіч Мікалай Іванавіч (48), Якімовіч Лізавета Іванаўна (38), Якімовіч Валянціна Мікалаеўна (6), Якімовіч Ніна Мікалаеўна (3), Якімовіч Вера Мікалаеўна, Якімовіч Палуся Кандратаўна (46). А на наступны год ужо партызаны расстралялі і кінулі ў раку старога каваля Акуновіча і Селівончык Ганну”.

Мой бацька бачыў, як іх расстрэльвалі, назіраў, схаваўшыся ў густой лазе. Расстралялі ў чайцы (лодцы) на сярэдзіне Шчары, паставіўшы на нос лодкі. Селівончык Ганна затуляла твар рукамі, а каваль Акуновіч стаяў знешне спакойны.

У сваёй мамы я пацікавіўся, што яна адчувала, стоячы перад кулямётамі? Яна сказала прыкладна так: “Анічога не адчувала. Быццам здзервянела”.

 

-- Дык ці верыш ты ў лёс?

-- Бацька верыў. Значыць, трэба верыць і мне.

 

-- Якія выказванні выкарыстоўваеш у жыцці?

-- Тое добра, што добра заканчваецца. Дурань той, хто двойчы спатыкаецца аб адзін і той жа камень.

 

-- Ці ёсць у цябе ўласныя афарызмы, прыдуманыя табою.

-- Ёсць. Знаёмлю з імі.

За ліслівымі словамі часта хаваюцца нядобрыя ўчынкі. Калі б не было дурных, то не было б і разумных. Калі свеціш сам сабе, ты не зорка, а вугалёк. Бяссілле нараджае слёзы. Умееш лічыць – навучышся і разважаць. У асіным гняздзе не можа нарадзіцца лагодны чмель. Да пустога месца і гразь не прыліпае. Няхай вораг бяжыць за табою. Чым даўжэй будзе бегчы, тым хутчэй зняможыцца. І летні дзень бывае халодным. І летнія промні, бывае, не грэюць, а пякуць. Беражыся не чмяля, а асу. Глядзець, як людзі выходзяць у людзі. Яна хоць не гудзіць, а балюча джаліць. Сей не хутчэй, а спарней. Адпраўляючыся ў далёкую дарогу, падзякуй роднай хаце і парогу. Хто першы запыхаецца, той першы і адстане. Беражы сваю жыццёвую прастору. Захоўвай сваю жыццёвую прастору. Не пускай у сваю жыццёвую прастору таго, хто можа нашкодзіць табе. Дзве рукі чалавеку дадзены для таго, каб адна адной дапамагала. Разносяць смурод. Гэтая музыка іграе не для мяне. На дзятлах ездзяць. Пераступіць праз сябе. Праз шчылінку ўцякла надзея. Шчасце – гэта калі ўсё добра. Жабрак заўсёды есць з апетытам. Беднаму ўсё смачнае. Быць чужым у сваёй краіне. Няшчасны той, хто адчувае сябе чужым у сваёй краіне. Думкі, закутыя кайданамі. Любімы чалавек – нітка, якая выцягвае на свет. Трымайся за любімага. Беражы любімага. Сям’я распадаецца тады, калі свая хата становіцца чужою. Калі хочаш, каб праца палюбіла цябе, палюбі яе. Маё сумленне – мой арыенцір. Не падганяй будучае. Яно само прыйдзе. Час дае, час і забірае. Пустую душу нічым не напоўніш. Перамагаючы сябе, не забывайся пра сваё “я”.

-- Як зразумець апошні афарызм?

-- У кожнага чалавека ёсць нейкі стрыжань, які фарміруе яго характар, дапамагае яму трымацца на плыні жыцця. Да гэтага стрыжня трэба адносіцца беражліва, перш чым парушыць яго, некалькі разоў запытайся ў сябе: “А ці трэба мне так рабіць?”

 

-- Фанатызм. Ці дапамагае ён у жыцці?

-- Маладым параіў бы так: да ўсяго адносьцеся ў меру. Празмернае захапленне чымсьці можа прывесці да таго, што вы трапіце ва ўладу свайго захаплення і тых людзей, якія будуць стаяць на яго вяршыні. А на вяршыню часта прабіраюцца, залазяць не самыя лепшыя: хітрыя, хлуслівыя, прагныя. Самі не заўважаючы таго, вы можаце стаць служкамі іх хітрасці, хлусцлівасці і прагнасці. Акрамя таго, празмернае, фанатычнае захапленне псуе характар і адносіны з іншымі, звычайнымі людзьмі, тымі, якія адносяцца не да вашага атачэння. Вы пазіраеце на іх звысоку, лічыце іх недасканалымі, пазбаўленымі нейкага дару. Вам хочацца, каб яны ўспрымалі і падзялялі ваша захапленне. А яны не ідуць на кантакт, трымаюцца воддаль. Вось і наступае адчужэнне, канфлікт.

 

-- Славесны канфлікт?

-- Канфлікт спачатку можа нарадзіцца ў душы. На гэтым этапе ён будзе выклікаць непрыязь. А яна пазбаўляе радасці і светлых пачуццяў.

 

-- Ты помніш…

--  Помню, як светлым сонечным днём  мяне сустрэла жанчына гадоў пяцідзесяці пяці і, усміхнуўшыся, працягнула, аддала “Газету Слонімскую”, у якой было надрукавана маё дэтэктыўнае апавяданне. Гэтую газету з маім апавяданнем яна берагла шмат гадоў. Неўзабаве яе не стала.

 

-- Яна жыла непадалёку ад цябе?

-- Насупраць, на вуліцы Скарыны. Часта бачыў, як пазірала на мяне, высунуўшыся з акна. Здаралася, вітаўся з ёю. Іншы раз праходзіў міма.

 

-- Міма свайго шчасця?

-- Міма таго, хто глядзеў на цябе, як на самага-самага: самага моцнага, самага добрага, самага разумнага, самага таленавітага. Калі б было ўзаемнае пачуццё, то пад крылом такой жанчыны, напэўна, можна было б знайсці часцінку шчасця.

 

-- Яна не падарыла табе тую часцінку?

-- Відаць, падарыла. Іншы раз успамінаеш пра тую сустрэчу і на душы становіцца дабрэй, святлей.

 

-- Якія яшчэ афарызмы прыдумаў, бавячы час у адзіноце?

-- Жыццё збірае грахі. Чым болей грахоў, тым далей саломінка, за якую ў цяжкую хвіліну можна ўхапіцца. Асабліва не перажывай, калі нават нешта доўга не атрымліваецца. Змагайся за сябе. Крыўда пакідае след. Выбухнула крыўда. Адганяй крыўду. Крыўда вяртаецца.

 

-- Удаецца адагнаць крыўду?

-- Удаецца, але вяртаецца.

 

-- Напрыклад…

-- Шмат гадоў жыву ў невялікай нестандартнай аднапакаёўцы, якую набыў за ўласныя зберажэнні. За гэты час у нашым Слоніме многія атрымалі, як гаворыцца, праўдамі і няпраўдамі па некалькі вялікіх, прасторных кватэр. Мне таксама хацелася б адчуць нешта падобнае на камфорт: пажыць у прасторнай кватэры. Некалькі разоў звяртаўся да ўладаў з просьбай дапамагчы мне. Ніхто не пайшоў насустрач. Большая кватэра мне была патрэбна не толькі для нейкага камфорту, чалавечага жыцця, але і для працы. Асабліва цяжка прыходзілася, калі пісаў “Творчыя ўрокі па беларускай мове”. Тады выкарыстоўваў нямала дадатковай літаратуры. Кнігі ляжалі на падлозе, займаючы амаль увесь пакой. Прыходзілася хадзіць, пераступаючы праз іх. А з другога боку гэта дапамагло мне пражыць, выжыць, калі не хапала грошай: менш плаціў за кватэру.

 

-- А яшчэ што не забываецца?

-- Як пазбаўлялі працы.

 

-- Цябе?

-- Апошнія гады працаваў у Касцянёўскай сярэдняй школе, выкладаў там рускую мову і літаратуру. А ў 55 гадоў вымушаны быў пайсці на ільготную пенсію, так як патрэбны стаж для такой пенсіі выпрацаваў.

 

-- Прымусілі пайсці?

-- Што толькі не рабілі, каб прымусіць! Бясконца правяралі на ўзроўні раёна. У апошні год дык паставілі на кантроль нават выкладанне рускай літаратуры ў выпускным, адзінаццатым класе, не кажучы ўжо пра рускую мову. Падобнага ў сваёй педагагічнай практыцы не памятаю.

 

-- Але ж выпускнікам трэба было рыхтавацца да тэстаў па рускай альбо беларускай мове.

 

-- Так, трэба было, але пільныя правяраючыя на гэта не глядзелі. Самыя разнастайныя работы давалі пісаць вучням па рускай літаратуры. Канешне, і я ад іх, вучняў, патрабаваў, каб вучылі тэорыю літаратуры, чыталі літаратурныя творы. Дык яны ўжо сталі прасіцца: “Аляксей Мікалаевіч, у нас не толькі руская літаратура, ёсць і іншыя прадметы!” Аднаго дня падумаў: “Не пайду на ільготную пенсію – дзяцей замучаць  разам са мною”.

 

-- Былі і іншыя наскокі на цябе з боку адміністрацыйных работнікаў?

-- Супраць мяне, добра ведаю, настройвалі вучняў, бацькоў, настаўнікаў. Ціснулі з усіх бакоў.

 

-- А настаўнікі?

-- Настаўнікі былі розныя. Некаторыя спачувалі, падтрымлівалі словам, а некаторыя (некалькі чалавек) словам стараліся балюча параніць, напамінаючы пра гэтую самую пенсію.

 

-- А яшчэ як цябе выжывалі?

-- Забралі класнае кіраўніцтва, абмяжоўвалі ў нагрузцы, нарэшце прыслалі ў нашу школу яшчэ аднаго філолага, хаця і тым, якія ўжо працавалі, гадзін не хапала. А колькасць дзяцей у школе паступова змяншалася. Потым яна стала звычайнай дзевяцігодкай.

 

-- Ты дапрацаваў да канца навучальнага года?

-- Аформіўшы пенсію, пакінуў школу пасля першай чвэрці.

 

-- Як адрэагавалі на гэта дзеці?

-- Дзецям сказалі, што пакінуў школу па стану здароўя, намахлявалі, адным словам.

 

-- Было цяжка ў першыя пенсіённыя гады?

-- Грошай не хапала, але жыў, выжываў. Як кажуць? Няма дабра без ліха. Так адбылося і ў мяне. Навучыўся жыць эканомна. Калі існаваў Савецкі Саюз, быў папулярны такі лозунг: “Эканоміка павінна быць эканомнай”. Я яго, можна сказаць, узяў на ўзбраенне, крыху перафразіраваўшы: “Жыццё пенсіянера павінна быць эканомным”.

 

-- Новую працу, не звязаную з педагогікай, не шукаў?

-- Яшчэ як шукаў! Абышоў каля дванаццаці прадпрыемстваў ці ўстаноў, каб узялі вартаўніком. Амаль усюды чуў адно і тое ж: “Чакайце. Мы вам патэлефануем”.

 

-- Не дачакаўся?

-- Пра багаценькіх магу сказаць так: “Я ў іх хлеба прасіў – яны мне каменне давалі”.

 

-- Сябры, добрыя знаёмыя не дапамаглі?

-- Перад выхадам на ільготную пенсію два добрыя знаёмыя паабяцалі, што возьмуць вартаўніком. Адзін з іх кіраваў брыгадай вартаўнікоў, а другі – спартыўнай установай. І ад аднаго, і ад другога атрымаў адмову. Яны яшчэ ўсміхаліся мне. Дык я проста ў вочы выказаў усё, што думаў пра іх. Як гаворыцца, разышліся тры дарогі ў полі.

 

-- Здрадзілі?

-- Шмат здрады пабачыў у жыцці.

 

-- Чым страшная здрада?

-- Яна камень трымае за пазухай. Гэты камень у любы момант можа балюча выцяць цябе. І праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў, і на схіле жыцця можа дагнаць здрада. Яна не цырымоніцца, яна знішчае, б’е напавал. Адзін здраднік гадамі выношвае думку, як расквітацца з табою, другі, здрадзіўшы табе, імкнецца ўзвысіцца, падняць свой дабрабыт. Бойцеся здраднікаў!

 

-- Ці можа здраднік перавыхавацца, паспрыяць?

-- Не давярайце здраднікам! Можна памяняць адзенне, набыўшы новае, а душу не памяняеш, не абновіш.

 

-- Ёсць афарызм на гэтую тэму?

-- Здрада не спіць.             

 

-- Помніш нейкую навуку маці?

-- Выдатна помню наступную: жыві па сродках, ніколі не пазычай грошай.

 

-- Прытрымліваўся гэтай навукі?

 -- А як жа! Таму ніколі не сядзеў без кавалка хлеба і ніколі нікому не быў павінен. Жыў за сваё і за свае. Так мяркую рабіць і далей.

 

-- Не любіш…

-- Браць чужое і аддаваць сваё.

 

-- З гэтых слоў можна скласці яшчэ адзін афарызм.

-- Можна такі, напрыклад: не бяры чужое і беражы сваё.

 

-- Што асабліва ярка запомнілася з дзяцінства?

-- Як выратаваў малодшага брата Вову (Вовікам называлі мы яго). Тады Вовіку было каля трох гадкоў, а мне – каля дзевяці. Я, так пастанавілі бацькі, павінен быў глядзець, апякаць яго, што было няпроста. Наш Вовік быў вельмі хуткі і падкі на кепскае, куды заўгодна мог улезці.

Адразу ж за нашым агародам працякала крынічка (ручай).

Аднаго разу летам мы адправіліся з Вовікам туды. Я строга наказаў яму, каб гуляў воддаль ад крынічкі, а сам, наблізіўшыся да яе, стаў глядзець, як плаваюць каля дашчанай кладкі маленькія рыбкі-калючкі.

Раптам быццам штосьці штурхнула мяне. Я адагнуўся і ўбачыў, што Вовік ніцма, тварам ляжыць у вадзе.

Шчасце, што не разгубіўся: падбег да яго, схапіў і выцягнуў, паставіў на ногі. Прыгожанькі паласаценькі касцюмчык Вовіка быў увесь у гразі. Доўга і старанна я адмываў яго, каб не праведалі бацькі, што здарылася, але яшчэ больш  вымазаў. Так і павёў дамоў. Галоўнае: жывога і здаровага.

 

-- Што яшчэ помніцца?

-- Здаецца, малазначны факт, але адклаўся ў памяці на ўсё жыццё.

За нашай хатай быў дзядзінец – вялікая пустка, парослая дзяцелінай – травою высокай кармавой якасці (пазней на гэтым месцы мы паставілі новую хату).

Ці то ў канцы мая, ці то ў пачатку лета (тады стаяў вельмі цёплы дзень) маці адправіла мяне на дзядзінец папасвіць куранят (баялася, каб каршун іх не пакраў).

У той лагодны дзень хавалі нашага аднавяскоўца (цяпер дакладна не помню, каго).

Як раней у вёсцы адбывалася пахаванне? Нябожчыка ў апошні шлях звычайна праводзілі амаль усёй вёскай. Нам, малым, казалі, што ў такі час няможна спаць, што трэба быць з усімі.

Седзячы каля куранят, я непрыкметна заснуў, змораны сонцам. Калі прачнуўся, то мне паведамілі, што таго нябожчыка ўжо пахавалі. Пачуўшы гэта, я стаў горка плакаць.

І цяпер іншы раз адчуваю сваю віну і перад нябожчыкам, і перад яго блізкімі, што не правёў у апошні шлях, што не развітаўся.

Вось такім чынам у вёсцы выхоўваўся сапраўдны калектывізм, не падобны на хлуслівы, на камуністычны, на бальшавіцкі. “Дзень і ноч не спім, працуем, як рабы, каб вам было добра”, -- кажуць бальшавікі, набіваючы свае кішэні грашыскамі.

-- Былі кур’ёзныя літаратурныя выпадкі?

 

-- Былі. У № 4 за 2009 год часопіс “Полымя” на старонцы 75 змясціў маё апавяданне “Квецень на дзікай грушы”, даўшы там жа, насупраць майго прозвішча, партрэт зусім іншага, незнаёмага мне чалавека.

Супрацоўнікі часопіса прасілі мяне выбачыць за такую недарэчнасць і нават паабяцалі, што змесцяць у “Полымі” яшчэ адно маё апавяданне. У № 1 за 2012 год змясцілі апавяданне “Зайздрасць”.

У 2001 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” выйшла мая кніга аповесцей і апавяданняў  “Залатая дзіда” з надпісам на вокладцы “Алесь Якімовіч”. Але ж у беларускай літаратуры ўжо ёсць Алесь Якімовіч (Алесь Іванавіч Якімовіч – адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры).

Чаму так здарылася? У час вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце разам з тадышнім дырэктарам выдавецтва “Юнацтва” Алесем Камароўскім разам гуляў у футбол. А ў той час многія звалі мяне Алесем. Запомніў гэта шаноўны Алесь Камароўскі, на вокладку перанёс. Таксама прасіў прабачэння, не ведаў, што рабіць з ужо выпушчанай кнігай. Добра, што ў канцы напісалі маё сапраўднае прозвішча з ініцыяламі: Якімовіч Аляксей Мікалаевіч. Гэта і выратавала няпростую сітуацыю.

Тое ж самае зрабілі і ў выдавецтве “Сэр-Віт”, змясціўшы ў “Хрэстаматыі для пазакласнага чытання ў 3 класе” (2017 год) маю казку “Аб чым спрачаліся кнігі?” (Там аўтар пазначаны як Алесь Якімовіч.)

Тое ж самае паўтарылі і ў часопісе “Рукзачок”, друкуючы мае казкі пра літары алфавіта. 

 

-- Як адносіцеся да зайздрасці?

-- Неяк у раённай газеце “Слонімскі веснік” недакладна падалі маё інтэрв’ю, напісаўшы, што я нібыта зайздросціў класікам у дзяцінстве.

Было не так, зусім не так. У дзяцінстве я шмат чытаў, браў кнігі ў Парэцкай вясковай бібліятэцы. Асабліва мне падабаліся творы замежных класікаў. Трымаючы ў руках іх тоўстыя кнігі, я марыў аб тым, каб і самому праз гады выпусціць такую ж аб’ёмную і цікавую кнігу. Гэта была не зайздрасць, а мара. Хіба можна зайздросціць тым, каго любіш? А я вельмі любіў многіх замежных класікаў, раўняўся на іх, хацеў навучыцца пісаць гэтак жа цікава і запамінальна.

А калі казаць наогул пра зайздрасць, то такога пачуцця амаль не адчуваю. Багатым не зайздрошчу, бо ведаю, шт о не дацягнуся да іх. Сам выбраў сабе літаратурны шлях, крочу па ім, не збочваю, працую, працую і працую са спадзяваннем на тое, што некалі мая праца дасць мне большы плён. Сённяшні, хоць і выдадзена  нямала кніг, мяне не задавальняе. Таму ў апошнія гады стаў дапрацоўваць свае творы, спачатку драматычныя, а потым прозу.

 

-- Ёсць хібы ў драматургіі і прозе?

-- Ёсць, асабліва ў стылі. Раней гэтага не бачыў, не заўважаў. А цяпер быццам вочы адкрыліся ў мяне.

Помню, раней мяне не раз і не два крытыкавалі за літаратуршчыну ў драматургіі. Прыслухоўваўся, але не мог знайсці яе, не даходзіла. Потым знайшоў шмат лішніх, непатрэбных слоў у рэпліках. Здаецца, выправіў. Цяпер засталося адно: знайсці свайго рэжысёра.

 

-- Такі раней быў у цябе?

--  У Слонімскім драматычным тэатры, пераадольваючы супраціўленне некаторых адказных тэатральных супрацоўнікаў, непрафесійны рэжысёр Валерый Анатольевіч Голікаў паставіў цудоўны спектакль па маёй п’есе “Спакуса”. Заўжды  ён ішоў з вялікай цікавасцю, з павагай адносіліся да яго як мае незычліўцы, так і сябры. Ды Валерый Анатольевіч пераехаў працаваць у Мінск, стаў там выкладчыкам. Вось так і закончылася наша супрацоўніцтва, якое, я ўпэўнены, імкліва развівалася б, калі б Валерый Анатольевіч працягваў працаваць у тэатры.

 

-- Што для цябе азначае патрыятызм?

-- Патрыятызм – любоў да Радзімы? Так?

 

-- Так.

--  Мой патрыятызм умяшчаецца ў двух лёсавызначальных словах: “Жыве Беларусь!”

Хачу бачыць сваю Беларусь беларускай. Гэта не значыць, што ў ёй не будзе месца іншым культурам. Побач з маёй, беларускай, няхай жывуць, развіваюцца і іншыя. Але адзінай дзяржаўнай мовай бачу толькі беларускую. Толькі ў гэтым выпадку мы можам захаваць Беларусь як краіну, роўную сярод роўных і заможную сярод заможных у Еўропе, у свеце.

 

-- Аляксей Мікалаевіч, што прапануеш у канцы гутаркі?

-- Тэставую віктарыну. Калі ласка, знаёмцеся, вывучайце.

 

Тэставая віктарына

"Жыццё і творчасць пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Якімовіча"

 

Адзначце патрэбнае.

1. Аляксей Мікалаевіч Якімовіч нарадзіўся ў

а) Маладзечанскім раёне;

б) Слонімскім раёне;

в) Зэльвенскім раёне.

2. Нарадзіўся ў вёсцы:

а) Васілевічы;

б) Дзераўная;

в) Парэчча.

3. Вучыўся ў

а) Гродзенскім дзяржаўным універсітэце;

б) Беларускім дзяржаўным універсітэце;

в) Мінскім педагагічным універсітэце;

4. Увесь час працаваў

а) настаўнікам;

б) рабочым;

 в) урачом.

4. Першае апавяданне было надрукавана:

а) у часопісе "Вясёлка";

б) у газеце "Піянер Беларусі";

в) у часопісе "Бярозка".

5. Першае надрукаванае апавяданне называлася:

а) "Па дарозе са школы";

б) "Цяпло суніц":

в) "Рыжык".

6. Першая кніга выйшла

а) у выдавецтве "Мастацкая літаратура";

б) "Народная асвета";

в) "Юнацтва".

7. Першая кніга называлася

а) "Гордзіеў вузел";

б) "Эльдарада просіць дапамогі";

в) "Рыжык".

8. Працаваў дырэктарам

а) Касцянёўскай школы;

б) Кастровіцкай школы;

в)Дзеравянчыцкай школы.

9. Працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы

а) Жыровіцкай школы;

б) Міжэвіцкай школы;

в) Сянькоўшчынскай школы.

10. У 2013 годзе выйшла кніга "Калі кукавала зязюля", у якую ўвайшлі аповесці

а) "Калі кукавала зязюля";

б) "Панскае дзіця";

в) "Пастка для пярэваратня".

11. Героямі аповесці "Калі кукавала зязюля" з'яўляюцца хлапчукі:

а) Даніла;

б) Раман;

в) Нупрэй.

12. Героі аповесці "Панскае дзіця"

а) Тодар;

б) Міхал;

в) Канстанцін Валовіч.

13. Падзеі, паказаныя ў аповесці "Калі кукавала зязюля", адбываюцца ў

а) 14 стагоддзі;

б) 16 стагоддзі;

в) 19 стагоддзі.

14. Падзеі, паказаныя ў аповесці "Панскае дзіця", адбываюцца ў

а) 1830 годзе;

б) 1861 годзе;

в) 1794 годзе.

15. Піша

а) п'есы;

б) раманы;

в) апавяданні;

г) смяшынкі;

д) кінасцэнарыі;

е) аповесці;

ё) казкі;

ж) метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячых садкоў.

16. Першая п'еса пастаўлена ў

а) Маладзечанскім драматычным тэатры;

б) Слонімскім драматычным тэатры;

в) Мазырскім драматычным тэатры.

17. Першая п'еса называлася

а) "Хітрыкі Бабы Ягі";

б) "Пудзіла";

в) "Чарадзейныя суніцы".

г) Смяшынкі надрукаваны ў зборніку

а) "Хітрая ліса";

б) "Каб мама ўсміхалася";

в) "Я, Сямён і Барабашка".

Прачытайце кнігу пісьменніка. Калі магчыма, намалюйце да яе ілюстрацыю (ілюстрацыі).

18. Першая аповесць “Гордзіеў вузел” была надрукавана:

а) у часопісе “Бярозка”;

б) у газеце “Раніца”;

в) у часопісе “Вясёлка”.

19. Пачаў пісаць:

а) на рускай мове;

б) на англійскай мове;

в) на беларускай мове.

20. Выдаў казкі і гульні з малюнкамі школьнікаў Слоніма. Кніга называецца:

а) “Займальны матэрыял”;

б) “Займальны алфавіт”;

в) “Займальныя казкі і гульні”.

21. Выдаў апавяданні і казкі з малюнкамі школьнікаў Слонімскага раёна. Кніга называецца:

а) “Рыжык”;

б) “Барсік”;

в) “Шарык”.

22. У Слонімскім драматычным тэатры пастаўлена п’еса для дарослых. Яе назва:

а)“Слонімшчына”;

б) “Спакуса”;

в) “наша зямля”.

23. Выдаў зборнік п’ес. Яго назва:

а) “Зачараваны Матылёк і Белая Мышка”;

б) “Зачараваная Ліса”;

в) “Зачараваная Каза”.

24. Выдаў зборнік п’ес. Яго назва:

а) “Чарадзейныя вішні”;

б) “Чарадзейныя катлеты”;

в) “Чарадзейныя Ружы”.

25. У школьную праграму як твор для самастойнага чытання ўключана апавяданне:

а) “Рыжык”;

б) “Коцік”;

в) “Барсучок”.

26. У школьную праграму як твор для самастойнага чытання ўключана аповесць:

а) “Залатая птушка”;

б) “Залатая дзіда”;

в) “Залаты лес”.

27. У школьную праграму як твор для самастойнага чытання ўключана аповесць:

а) “Эльдарада просіць дапамогі”;

б) “Горад просіць дапамогі”;

в) “Краіна просіць дапамогі”.

28. Выдаў зборнік жудасцікаў. Яго назва:

а) “Зялёны твар”;

б) “Зялёная нага”;

б) “Зялёны рука”.

28. Героямі п’есы “Пудзіла” з’яўляюцца:

а) Унучка;

б) Дзед Мароз;

в) Бураціна.

29. Назва п’есы. “Добры…

а)… Кот”

б) …Змей”;

в) … Сабака”.

30. Назва п’есы, пастаўленай у Віебскім акадэмічным драматычным тэатры. “Вядзьмарка і…

а) …Певень”;

б) …Пастух”;

в)… Дыназаўрык”.

 

З біяграфіі

 

А. М. Якімовіч шмат гадоў настаўнічаў на Слонімшчыне, працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы ў Жыровіцкай сярэдняй школе, дырэктарам Дзеравянчыцкай дзевяцігадовай школы, настаўнікам у Кастровіцкай і Касцянёўскай школе. Два разы ўдзельнічаў у раённых конкурсах на званне лепшага настаўніка года, адзін раз заняў трэцяе прызавое месца. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР і Навукова-даследчага інстытута педагогікі. Выйшаўшы на пенсію, выдаў дапаможнікі для настаўнікаў “Жывыя літары”, “Алфавіт ад А да Я”, “Пагуляем у алфавіт” і іншыя.

 

Дапаўненне да інтэрв’ю

 

-- Аляксей, як жылося тваім аднавяскоўцам у пасляваенныя гады?

-- Жылі цяжка. Аддаўшы нажытае (коней, вупраж, зямлю і нават свае гумны), працавалі ў калгасе. Грошай людзям не плацілі, налічвалі працадні, “палачкі”, як казалі тады. За дзень можна было зарабіць ад 0, 5 да 2 працаднёў. Амаль уся праца выконвалася ўручную: траву касілі косамі, жыта жалі сярпамі, поле аралі конна, плугамі, плугамі выворвалі і бульбу, якую потым прыходзілася збіраць, узяўшы ў рукі гачку. Дзіцячых садкоў не было. Таму часта дзяцей бралі на поле. Неяк мая суседка цётка Нюра расказвала, што мяне малога, калі яшчэ не хадзіў, маці клала ў разору, а сама ў гэты час ішла капаць бульбу. На дзіва, я быў вельмі трывалы. Моўчкі ляжаў, не плакаў, пазіраючы на сонца, на хмаркі і на аваднёў, якія заўжды круціліся каля людзей і жывёл на полі. Калі падрос, стаў дапамагаць маме. Яна жала жыта, звязвала яго ў снапы, а я гэтыя снапы басанож, па колкім іржышчы (іржышча не калолася, бо ўсю вясну і лета хадзіў босы, чаравікі абуваў толькі на святы ці перад паходам у клуб, калі з горада прывозілі кіно) зносіў і ставіў ў бабкі (горбачкі), каб прасушваліся там. А яшчэ зімою нашы мужчыны з вялікімі драўлянымі саначкамі ездзілі ў лес па дровы, каб прапаліць печку ці печ. Лес знаходзіўся за ракой Шчарай. Ехалі туды звычайна па ўжо ўтрамбаванай дарозе. А здаралася і так, што ехалі па снезе, па цаліку, каб мінуць леснікоў, якія са стрэльбамі-аднастволкамі стаялі каля лесу, не дазваляючы людзям самавольна браць дровы. Здарадлася так, што даганялі маіх аднавяскоўцаў. І тыя ўцякалі, скінуўшы з саначак свій набыты ў лесе скарб.

Я таксама стараўся дапамагчы бацьку: браў саначкі і ехаў у лес. Помніцца, неяк нагрузіў саначкі сукамі, якія ссякаў з соснаў, залезшы на іх, і пацягнуў дамоў, задаволены. Калі выязджаў з лесу, нарваўся на лесніка. Той наблізіўся да мяне і пачаў ушчуваць. Маўляў, без дазволу набраў дроў, прыйдзецца прыняць меры да цябе і тваіх бацькоў. Тады я сказаў, што не ссякаў жывыя дрэвы, не пакінуў у лесе пнёў. Ляснік паглядзеў на мяне, паківаў галавою і адпусціў разам з дровамі. Потым я, каб было лягчэй, да самай вёскі вёз іх па замёрзлай Шчары, па лёдзе. Лёгка каціліся яны, падганяемыя ветрыкам. А я радаваўся свайму шчасцю, таму, што змагу ў гэты дзень парадаваць бацькоў.

-- Выходзіць, ты не баяўся працы?

Прывык да яе, уцягнуўся, яна заўжды прыносіла мне задавальненне. У 66 гадоў мне трэба было выкапаць канаву адлегласцю ў 150 метраў і глыбінёю вышэй калена. Пачаў капаць восенню, а закончыў гэтую працу перад Новым годам, калі ў паветры закружыліся першыя сняжынкі. Капаў штодня, наваліў столькі зямлі, што людзі глядзелі і дзівіліся. Адзін знаёмы мужчына сказаў так: “Цяпер я ведаю, колькі можа зрабіць чалавек”.

-- А як плацілі ў калгасе за працадні?

-- У канцы года на адзін працадзень звычайна давалі 100 – 200 грамаў зерня: жыта ці пшаніцы. А яшчэ трэба было вырабіць мінімум працаднёў, каля 270 за год. Не выйшаў на працу – штраф, знімалі працадні.

-- Якая праца ў калгасе табе асабліва запомнілася?

-- Дзялкі буракоў. Выдзялялі кожнай сям’і пэўную колькасць радкоў буракоў, і сям’я павінна была іх апалоць, потым прарваць, восенню вырваць і здаць, пагрузіўшы ў выдзелены калгасам транспарт. Здаралася, вырывалі ўжо тады, калі ішоў снег. За гэта давалі цукар. Магло быць мех цукру ці нават некалькі мяхоў.

У той час буракі не апрацоўваліся транспартам, страшна зарасталі пустазеллем. Яно расло густа, як шчотка. І мы, укленчыўшы разам з маці, старанна палолі, вырывалі пустазелле пад пякучымі промнямі сонца.

 

Інтэрв’ю, якое правяла са мною карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Жанна Плешко. Надрукавана ў “Газеце Слонімскай” 7 верасня 2011 года, № 37 (744).

“Ніколі не глядзеў начальству ў рот”

Навукова-метадычны часопіс “Беларуская мова і літаратура” распачаў друкаваць цыкл творчых урокаў па беларускай мове для 6-га класа, аўтарам якіх з’яўляецца слонімец Аляксей Якімовіч. Так, у апошнім, восьмым, нумары часопіса змешчаны чатыры сцэнарыі ўрокаў, а ўсяго на працягу 2011/2012 навучальнага года ў ім будзе надрукавана 20 такіх урокаў.

Урокі, распрацаваныя аўтарам, дапамогуць настаўнікам роднай мовы развіваць вуснае і пісьмовае маўленне вучняў, іх творчыя здольнасці, удасканальваць арфаграфічныя навыкі. Сабраны дыдактычны матэрыял вучыць любіць радзіму, з павагай адносіцца да старэйшых, цаніць калектывізм, сяброўства, спрыяе фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця.

Трэба адзначыць, што гэтыя ўрокі з’яўляюцца своеасаблівым працягам цыкла творчых урокаў па беларускай мове ў 5-м класе, якія былі надрукаваныя ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” ў  2010/2011 навучальным годзе і якія атрымалі высокую адзнаку Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Карэспандэнт “ГС” сустрэлася з аўтарам дапаможніка для настаўнікаў Аляксеем Якімовічам і распытала яго пра творчую задуму і яе ажыццяўленне.

 

-- Аляксей Мікалаевіч, як у Вас з’явілася задума напісаць цыкл творчых урокаў у дапамогу педагогам?

-- Я прапаную сваю дапамогу настаўнікам, бо ведаю, якая ў іх нялёгкая праца. Магчыма, яны нешта выкарыстаюць з прыдуманага мной. Сваю задумку я цяпер ажыццявіць не магу, бо ў школе не працую, і прапаную, каб яе ажыццявілі іншыя настаўнікі. І, трэба сказаць, яны яе рэалізуюць. Часопіс “Беларуская мова і літаратура” праводзіў апытанні, і многія настаўнікі ў адказах зазначалі, што выкарыстоўваюць мае ўрокі поўнасцю ці часткова. Значыць, яны патрэбныя.

 

-- Метадычная літаратура не кожнаму даецца, і такія творчыя распрацоўкі – неацэнная дапамога настаўнікам. Вам паступалі прапановы прэзентаваць свае метадычныя творчыя напрацоўкі, каб пазнаёміць з імі больш шырокае кола зацікаўленых людзей?

-- Прапаноў наконт сустрэчы з настаўнікамі горада і раёна з упраўлення адукацыі мне не паступала. Мая творчасць наогул замоўчваецца. Чыноўнікі робяць выгляд, што нічога няма. А можа, і не бачаць. Магчыма, у Слонімскім раёне чыноўнікі ад адукацыі не выпісваюць і не чытаюць часопіс. Бо такая выснова напрошваецца сама сабой.

 

-- Вас не вельмі часта сустрэнеш на творчых імпрэзах, што праводзяцца ў нашым горадзе.

-- Іншы раз запрашаюць вусна на сустрэчы адказныя людзі ніжэйшага звяна. Аднак потым чамусьці гэтыя запрашэнні адмяняюць, хоць я, скажу па шчырасці, туды не рвуся. Я прыйшоў да высновы, што нейкая валасатая рука больш высокага чыноўніка забараняе такія сустрэчы. Няхай гэта будзе на яго сумленні.

 

-- Вы даўно не працуеце ў школе, аднак застаяцеся настаўнікам і нават падняліся на больш высокую прыступку – займаецеся метадычнай працай.

-- Я часта думаю пра школу, і яна часта мне сніцца. Школа мне снілася і раней, калі я працаваў, звычайна ўлетку, падчас доўгіх канікулаў. Мне снілася, што я прыходжу ў школу і пачынаю ўрок. І абавязкова гэты ўрок адбываўся. Цяпер мой сон выглядае па-іншаму. Мне сніцца, што я прыходжу на ўрок, пачынаю яго, але ён не адбываецца. Настальгія паклікала мяне ўзяцца за распрацоўку такіх урокаў. Я ўспомніў нешта з раней напрацаванага, пачаў чытаць літаратуру, знаёміцца з творамі нашых цудоўных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў і, такім чынам, стаў ствараць такія ўрокі. Яны мяне настолькі захапілі, што бывала такое, што  мог устаць у дзве, тры ці чатыры гадзіны ночы і пачаць працаваць. Вось такім чынам я працягваю сваю працу ў школе.

 

-- Аляксей Мікалаевіч, а што вымусіла Вас пакінуць школу?

-- Усё сваё жыццё я прысвяціў школе. Па сутнасці, я не працаваў нідзе, акрамя школы. Пасля сканчэння філалагічнага факультэта ўніверсітэта выкладаў у школе альбо рускую мову і літаратуру, альбо беларускую. Але так сталася, што мне не ўдалося дапрацаваць у школе да 60-ці гадоў. Я дачасна пайшоў на пенсію ў 55 гадоў. І на гэта, можна сказаць, была “воля” чыноўнікаў, якія мне “паспрыялі”. Па сутнасці, яны мяне выжылі са школы. Я не буду называць іхнія прозвішчы. Але калі яны прачытаюць пра гэта ў газеце, то зразумеюць, каго маю на ўвазе. Асаблівы ціск на мяне пачаўся, калі  задумаў выпусціць газету для падлеткаў “Званок”. Не вытрымаў гэтага ціску і пакінуў школу. Па-другое, я ніколі не глядзеў начальству ў рот і не збіраюся глядзець далей. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму мяне выжылі. Аднак мой творчы працэс усё роўна працягваецца. Мае творы выходзяць, іх заўважаюць неабыякавыя людзі, разумныя людзі. Таму спадзяюся на спррацоўніцтва з імі, хоць і завочнае.

 

-- Якія планы ў слонімскага творцы Аляксея Якімовіча?

-- Цяпер рыхтуецца да выхаду мая чарговая кніга. Чакаю яе ў верасні.

 

-- Жадаем Вам плёну ў працы і сіл ў здзяйсненні ўсіх Вашых творчых задум. Будзем з нецярплівасцю чакаць новых твораў нашага знакамітага земляка.

 

Аляксей Якімовіч: Страчанае цяжка вярнуць назад

Члену Саюза пісьменнікаў А. М. Якімовічу – 50 гадоў. Няпярэдадні рэдакцыя звярнулася з пытаннямі да юбіляра.

 

Аляксей Мікалаевіч, што для вас значыць гэты юбілей? Што радуе, што хвалюе?

-- У маім пашпарце запісана і да гэтага ўжо прызвычаіліся ўсе (акрамя мамы), што я нарадзіўся 15 кастрычніка, але сапраўдны дзень майго нараджэння – 10 кастрычніка. Так, пяцьдзесят гадоў – узрост сталасці і росквіту. Як казаў вядомы літаратурны герой Тарас Бульба, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Дзякаваць Богу, я гэта адчуваю, ні фізічныя, ні творчыя сілы не пакінулі мяне. Вядома, гэта натхняе і разам з тым патрабуе: марна не патраць іх на мітусню, на непатрэбшчыну, пражыві з карысцю.

А яшчэ юбілей прымушае задумацца і асэнсаваць пройдзены шлях. На жаль, не ўсё гладка было на гэтым шляху. Іншы раз здаецца, што ішоў па камяністым полі, да крыві раніў ногі і не заўважаў гэтага. Цяпер жа спыніўся і заўважыў. Штосьці хочацца змяніць, паправіць, хоць і разумееш: страчанае цяжка вярнуць назад.

Цяжкасці, напэўна, сфарміравалі і мой характар. Ён стаў больш валявым, што, спадзяюся, дапаможа ў далейшым жыцці. Стаў заўважаць, што ў нас шмат хамства, бескультур’я. Яно пануе ў кабінеце чыноўніка, на вуліцы, дома. Мы сталі як глухія. Не чуем і не хочам чуць адзін аднаго. І гэта страшна. Радуе, што жывуць тата і мама. Няхай Бог ахоўвае і зберагае іх.

 

З чаго пачалося ваша захапленне літаратурай, калі зрабілі першыя спробы ў творчасці?

-- Пачалося з захаплення роднай прыродай: воблакамі, якія плывуць над галавой, рэчкай Шчарай, заліўнымі лугамі, таемным лесам, васільком на бабулінай мяжы. У дзяцінстве, як і многія, пачынаў з вершаў. Часта пісаў іх на прыродзе альбо на палатках хлява, напакаванага духмяным сенам. Ды не хапала тэхнікі вершаскладання. Таму перайшоў на прозу. Першае апавяданне апублікавала газета “Піянер Беларусі” (тады вучыўся ў сёмым класе). Узрадаваліся і я, і мама, і бабуля Марыся, якая ў свой час таксама складала вершы, захоўваючы іх у памяці. Неўзабаве атрымаў ліст ад дзяўчынкі, якая пажадала са мной перапісвацца, але пасаромеўся, не адказаў ёй…

З удзячнасцю ўспамінаю першую настаўніцу Ніну Іосіфаўну Ганчарык, настаўнікаў мовы і літаратуры Аляксандра Васільевіча Скока і Марыю Данілаўну Чарняк – людзей цярплівых, самаадданых, сапраўдных майстроў сваёй справы. На жаль, яны, як і многія іншыя, не маюць высокіх узнагарод. З нагоды свайго юбілею праз газету перадаю ім нізкі паклон.

 

-- Хто з пісьменнікаў паўплываў на вас у маладосці?

-- Вучыўся на творах Янкі Маўра і Міхася Лынькова. А першым мяне заўважыў Алег Антонавіч Лойка – чалавек, улюблёны ў сваю справу. Ягоную бацькоўскую падтрымку часта адчуваў на сваім жыццёвым шляху. Іншы раз становіцца горка ад таго, што не апраўдаў усіх тых надзей, якія ён на мяне ўскладваў. У час вучобы ў Мінску мяне апякаў вядомы дзіцячы пісьменнік Алесь Пальчэўскі. Потым вялікую дапамогу аказаў Мікола Чарняўскі. Ён, можна сказаць, за руку прывёў мяне ў выдавецтва, каб пабачыла свет мая першая кніга “Гордзіеў вузел”. Не магу не назваць рэжысёра Слонімскага драмтэатра М. Ф. Варвашэвіча. Дзякуючы яму я адбыўся як драматург.

 

-- З кім з вядомых пісьменнікаў, членамі СП, вы ў добрых адносінах? Хто рэкамендаваў вас у пісьменніцкі саюз?

-- Рэкамендавалі Алег Лойка і Мікола Чарняўскі. Што датычыць кантактаў з іншымі пісьменнікамі, асабліва з мінскімі, то яны разладзіліся. У апошні час Мінск амаль не наведваю. Праўда, пра мяне там не забыліся, памятаюць. Час цяжкі, не хочацца лезці ў вочы. А яшчэ закруцілі-завіхурылі асабістыя справы.

-- Вы працуеце ў сельскай школе ў Касцянях. Якія адносіны з мясцовай моладдзю?

-- Як гарадскі жыхар, у самой вёсцы бываю рэдка. Многія вучні, калі не пераважная большасць, любяць урокі літаратуры, асабліва калі ўдаецца іх правесці цікава, нестандартна. Часам чытаю свае творы на мерапрыемствах. Слухаюць, што радуе.

 

-- Ужо выдадзена некалькі вашых кніжак: аповесцей для дзяцей. Над чым працуеце цяпер?

-- Сумесна з кандыдатам філалагічных навук з Гродзенскага ўніверсітэта З. М. Тамашэвіч падрыхтаваў да друку вучэбны дапаможнік для дзяцей-першакласнікаў “Жывыя літары”. Спадзяюся, што ў гэтым годзе ён выйдзе ў свет. Для выдавецтва “Мастацкая літаратура” падрыхтаваў зборнік дэтэктыўных апавяданняў “Тэлефонны званок”. Згодна з планам яго павінны выдаць у наступным годзе. Рыхтую дзве аповесці для выдавецтва “Юнацтва”. Абяцаюць уключыць у план на 2001 год.

Заканчваю працаваць над новым цыклам дэтэктыўных апавяданняў, збіраюся напісаць п’есу па кнізе французскага аўтара Жана Рані “Барацьба за агонь”. Гэты твор быў для мяне ці не самым любімым у дзяцінстве.

 

-- Чым захапляецеся ў вольны час?

-- Захапленняў хапае. Найперш – праца на дачным участку. Як пяецца ў песні, “Сама садзік я садзіла”. Люблю збіраць грыбы. А яшчэ раблю хатнія справы. Думаю больш заняцца і грамадскай працай, ад якой у апошні час адышоў.

 

-- Дзякуй Вам, Аляксей Мікалаевіч, за шчырыя адказы на пытанні! Поспехаў вам на літаратурнай ніве і ў жыцці!

-- Жадаю вашай газеце і яе чытачам моцнага сяброўства.

                                                                         Падрыхтаваў Сяргей Прасняк.

                                                          Надрукавана ў газеце “Слонімскі веснік” 16

                                                          кастрычніка 1999 года, № 128 (8029).

                                                          Тады каштавала 20 000 рублёў.

 

Інтэрв’ю,

змешчанае ў газеце “Літаратура і мастацтва” ад 9 студзеня 2009 года (№ 1, 2)

(інтэрв’ю ўзяў Сяргей Чыгрын)

У Слонімскім дзяржаўным драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Спакуса” паводле п’есы драматурга Аляксея Якімовіча. Пастаноўку ажыццявіў рэжысёр Валерый Голікаў. Раней тэатр паставіў некалькі п’ес А. Якімовіча, адрасаваных дзецям: “Хітрыкі Бабы Ягі”, “Апошні Дыназаўрык”, “Добры змей” ды іншыя. Спектакль “Спакуса” – першы яго твор для дарослых гледачоў, увасоблены тут. Наш суразмоўца – Аляксей Якімовіч.

 

-- У “Спакусе” дзейнічаюць Д’ябал, Распусніца. Але гэта далёка не казка, а сур’ёзнае сучаснае адлюстраванне жыцця, узаемаадносін людзей, іх спакушэння. Аляксей Мікалаевіч, чаму вы жанр свайго твора вызначылі як псіхалагічна-сатырычная п’еса-дэтэктыў?

-- Дэтэктыў таму, што хацелася напісаць нешта займальнае, цікавае, каб захапіла гледача, як захапляюць дэтэктыўныя творы сённяшніх літаратараў. А псіхалагічны, бо ставіў перад сабою задачу пазбегнуць спрошчанасці, прымітыўнасці ў раскрыцці падзей. Таму шмат увагі надаў раскрыццю псіхалогіі герояў. Яны не супермены, не баявікі, а звычайныя людзі; яны, як і кожны з нас, мараць пра тое, каб здзейсніліся іх жаданні. Праўда, мары ў кожнага свае, часам яны не супадаюць, і таму распачынаецца канфлікт. А што да сатыры, дык вобразы некаторых герояў раскрываюцца праз сатыру – гнеўны і выкрывальны смех.

 

-- Падаецца, вы як літаратар вельмі не любіце працаваць толькі ў адным нейкім жанры?

-- Сапраўды. Калісьці пачынаў з маленькіх апавяданняў і казак, якія ўключаліся ў падручнікі для пачатковых класаў. Казка “Воўчае лыка” была ўключана ў хрэстаматыю да 5-га класа, а праз год, сёлета, выключана. У Міністэрстве адукацыі Беларусі мне растлумачылі, што гэта звязана са скарачэннем зместу школьнай праграмы. Каго выключаць? Канешне, пісьменніка з правінцыі! Але я ўпэўнены, што мае малыя жанры з цягам часу вернуцца ў беларускую хрэстаматыю. Затым стаў пісаць для дзяцей аповесці прыгодніцкага жанру (прыгодніцка-пазнавальныя, прыгодніцка-фантастычныя і прыгодніцка-гістарычныя. Дзве з іх уключаныя ў праграму па беларускай літаратуры для 5-га і 6-га класаў як творы для самастойнага чытання). Напісаўшы некалькі аповесцей-казак, перайшоў да твораў драматургічных – п’ес для дзяцей (у нейкай меры гэта звязана з каньюнктурай рынку). На сённяшні дзень дзевяць маіх п’ес пастаўлены ў пяці дзяржаўных тэатрах Беларусі. Апошняе маё захапленне – вучэбныя дапаможнікі і п’есы для дарослых. “Спакуса” – першая мая п’еса для дарослых гледачоў, пастаўленая на слонімскай сцэне. Лічу, мне ўдалося ўнесці нешта новае ў драматургічны жанр. Мяне ўсцешыла стаўленне рэжысёра Валерыя Голікава, які прыхільна ўспрыняў п’есу на роднай мове і запаліў перад ёю зялёнае святло. А яшчэ спадабалася самаадданая праца слонімскіх артыстаў. Трупа тут невялікая. Увесь год артыстам даводзіцца іграць на сваёй сцэне і гастраляваць па Беларусі, рэпеціраваць у складаных умовах, бо будынак для тэатра ўсё абяцаюць пабудаваць, але ён за 19 гадоў так і не з’явіўся. Таму я знімаю перад калектывам капялюш і нізка кланяюся. Што датычыць спектакля, дык спадабалася само дзеянне, ігра артыстаў, музыка. Прыязнасць з боку ўсяго тэатральнага калектыву да мяне як да аўтара таксама важна. Але, на жаль, не заўсёды так бывае. У найбольш развітых эканамічна краінах на першы план ставіцца чалавек інтэлектуальнай працы: музыкант, артыст, пісьменнік, вучоны. Найперш ганарацца такімі асобамі, бо за імі – гісторыя краю, дзяржавы, нават аўтарытэт улады. Многія нацыі, у адрозненне ад нас, беларусаў, цэняць, шануюць і ўзнімаюць сваіх прарокаў. Думаю, што нам трэба вучыцца гэтаму, браць з іх прыклад. Часам у мяне складваецца ўражанне, што беларусы адгароджваюць сябе глухім плотам з калючым дротам, застаючыся сам-насам са сваімі праблемамі.

 

-- І ўсё ж, як стваралася ваша п’еса “Спакуса?”

-- З вялікімі перапынкамі працаваў над ёю шмат гадоў. П’есу для дарослых, дзе была, напрыклад, такая дзейная асоба, як Распусніца, напісаў яшчэ тады, калі ў Слонімскім драмтэатры працаваў незабыўны рэжысёр і чалавек Мікалай Варвашэвіч. Паказаў яму п’есу і пачуў прыкладна такое: “Задумка цікавая, але п’еса не атрымалася”. Зразумела, напісаць п’есу для дзяцей і для дарослых – не адно і тое ж. Але я не апусціў рукі, паставіў перад сабою мэту: гэтая жар-птушка будзе мая. Для дарослых да гэтага напісаў п’есы “Муляж”, “Сын прыехаў”, “Загадкавы храм”. А пасля “Спакусы” за кароткі час з’явіліся іншыя п’есы, розныя па жанрах. Некалі ў свае п’есы для дзяцей я ўвёў вобразы Чорта, Бабы Ягі, Цмока, Зюзі-Зімавіцы. Такую традыцыю, можна сказаць, працягнуў і ў “Спакусе”. Д’ябал (у “Спакусе” ён выступае, хутчэй за ўсё, як своеасаблівы пярэварацень) вельмі добра ўпісваецца ў сюжэт п’есы, цалкам пабудаванай на кантрасце-супрацьпастаўленні дабра і зла. Д’ябал, як ні горка гэта канстатаваць, не проста штурхае на грэх людзей, а жыве, прысутнічае ў чалавечых душах малой ці вялікай часцінкай, як кавалачкі крывога люстра з казкі Андэрсена “Снежная каралева”. Жыве, спакушае на грэх герояў п’есы. Хацелася б, каб гледачы задумаліся над гэтым. А як пазбавіцца д’ябла? Няхай кожны падумае сам.

 

Галоўныя ролі ў новым спектаклі выдатна сыгралі Сяргей Яўменаў, Сяргей Фурса, Віталь Спасюк ды Ірына Яцук. Ролю Распусніцы выканала маладая артыстка тэатра Юлія Лазоўская. Гэта быў яе сур’ёзны сцэнічны дэбют. І дэбют удалы.

 

Мой сённяшні каментарый да гэтага інтэрв’ю.

 

Вялікае натхненне выклікала п’еса “Спакуса” ў рэжысёра тэатра Валерыя Голікава (дарэчы, ён не з’яўляецца прафесійным рэжысёрам) і ў вышэй названых артыстаў тэатра. Яны ўжыліся ў вобразы п’есы, з любоўю падышлі да іх, і таму спектакль атрымаўся цікавы, запамінальны. Людзі розных узростаў некалькі гадоў з задавальненнем глядзелі яго. Праз нейкі час ён нават быў узноўлены. Але былі і тыя (у тым ліку і ўплывовыя асобы з тэатра), якія не хацелі бачыць на афішы маё імя. Іх раздражнёныя, непрыязныя твары назаўжды запомніліся мне ў дзень здачы спектакля (таму адно імя, вымаўленае мною ў інтэрв’ю, цяпер я апусціў, не хачу, каб гучала). Менавіта Валерый Голікаў шмат сіл прыклаў, каб даць “Спакусе” дарогу.

                                                                                          8. 01. 2020 года.

 

Інтэрв’ю, якое ўзяў у мяне Мікола Канановіч. “Немагчыма змагацца ўвесь час з імі ўсімі…”

Надрукавана ў “Газеце Слонімскай” 12 кастрычніка 2011 года, № 42 (749)

 

У кастрычніку 2011 года ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла мая кніга «Забавный алфавит». З гэтай нагоды карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч узяў у мяне інтэрвью.

 

-- Ці лёгка сёння выдаць сваю кніжку пісьменніку з правінцыі Аляксею Якімовічу?

-- Вельмі няпроста. Выдавецтвы цяпер толькі што выжываюць. Вось і ў апошняй кнізе выдавецтва скараціла матэрыялы, каб укласціся ў тыраж і бюджэт. Кажуць, вельмі не хапае сродкаў. А ў адным выдавецтве паабяцалі адразу ж выдаць кнігу, калі ганарар забяру часткай тыражу. Адмовіўся выдавацца на такіх умовах.

 

-- Што ў планах на будучае?

-- Не хачу і не люблю дзяліцца планамі на будучыню, скажу толькі, што ёсць што выдаваць.

 

-- Зразумела. Сёння многія творцы баяцца сурочыць свае планы па выданні твораў. Папера ў нас каштуе вельмі дорага, друкарня таксама, рынак настолькі завалены адносна таннай замежнай літаратурай на любы густ. Каб канкурыраваць з усім гэтым дабром, беларусам трэба вельмі пастарацца. Ды ўсё ж Вам, Аляксей, наколькі я магу меркаваць, асабліва крыўдзіцца на творчы лёс не выпадае. Ці не так?

-- Усё сваё жыццё я прыблізна ведаў, як складзецца мой грамадскі і творчы лёс. Чаму?.. Калі вучыўся ў старэйшых класах, мая бабуля Марыся расказала, што бачыла сон, нібыта я лятаю высока ў небе разам з анёламі ў блакітным адзенні. А потым, сказала яна, я скінуў гэтае адзенне і апрануў белае. Бабуля патлумачыла, што гэта нядобрая прыкмета, што дрэнна складзецца мой лёс. Сапраўды, так яно і здарылася. У сваім жыцці я не выкарыстаў усіх тых магчымасцяў, якія ў мяне былі. Таму ў апошнія гады, каб неяк нагнаць страчанае і апраўдаць тыя надзеі, якія, магчыма, нехта на мяне ўскладваў, пачаў вельмі шмат працаваць у літаратуры. Спачатку было вельмі цяжка. Гадоў дзевяць мяне не друкавалі. Тады пераключыўся на драматургію, стаў займацца навуковай педагогікай. У той час назапасіў матэрыялы і стаў пісаць вось гэтыя самыя “Алфавіты…”. Такім чынам павышаў свой творчы патэнцыял. Я ўзняўся ў паветра над зямлёю, але… тых вышынь, што былі прапанаваны кімсьці, не дасягнуў.

 

-- Да неба, значыць, не даляцеў. Чаго менавіта не дасягнулі і чаму так атрымалася?

-- У свой час я ўдзельнічаў не толькі ў літаратурным, але і ў палітычным жыцці Беларусі. І даволі актыўна. А не дасягнуў таго, што мне было прапанавана дасягнуць найперш у грамадска-палітычным жыцці: стаць уплывовай асобай.

 

-- Дык у грамадска-палітычным жыцці цяпер не мае поспехаў уся Беларусь. Але давайце вернемся да творчасці і вашай працы ў школе, бо хлеб надзённы Вы да пенсіі зараблялі якраз педагагічнай працай.

-- Да сваёй працы ў школе я заўсёды імкнуўся падыходзіць творча. Так, напрыклад, удзельнічаў у творчых конкурсах на званне лепшага настаўніка. Аднойчы такі конкурс праводзіўся ў Жыровічах. Там я не заняў прызавога месца, быў адзначаны вусна. Наступны конкурс быў у Дзераўноўскай школе. Я правёў  з вучнямі ўрок. Калі камісія (а там былі дырэктары школ і прадстаўнік раённага аддзела адукацыі) разбіралі той урок за закрытымі дзвярыма, я праходзіў па калідоры каля таго класа і выпадкова падслухаў, як дырэктары школ адстойвалі мяне перад прадстаўніком райана, каб даць мне нейкае прызавое месца, а той быў катэгарычна супраць гэтага. Вельмі дрэнны асадак застаўся ў душы, калі пачуў тую спрэчку. А калі паседжанне закончылася, адзін з дырэктараў падышоў да мяне і сказаў: “Мы, Аляксей, цябе ўсё-ткі адстаялі”. Тады ў тым конкурсе мне далі трэцяе месца, але тая перамога была з лыжкай дзёгцю. Калі трэці раз пасылалі на раённы конкурс настаўнікаў, я адмовіўся ў ім удзельнічаць… Цяжкавата працавалася мне з тым нашым кіраўніцтвам.

 

-- Але ж і самому давялося папрацаваць школьным кіраўніком?

-- Так. Нейкі час працаваў дырэктарам Дзеравянчыцкай няпоўнай сярэдняй школы. Працаваць было цяжка, але якраз тады мне ўручылі адзіную за ўсе гады працы ў школах Слонімскага раёна (а я працаваў толькі  ў Слонімскім раёне) грамату “За арганізацыю ў школе гарачага харчавання”. Да гэтага дзеравянчыцкія дзеці ў школе працяглы час не харчаваліся, а я з дапамогай саўгаса “Пераможац” арганізаваў падвоз школьных полудняў са сталоўкі, якая знаходзілася ў вёсцы Глоўсевічы. Больш кіраўніцтва раённай адукацыі ніколі нідзе не адзначала маю працу. Праўда, калі помніцца, неяк перад пачаткам навучальнага года  загадчыца раённай адукацыі змясціла свой артыкул у раённай газеце. Там напісала, што я з’яўляюся адным з лепшых настаўнікаў літаратуры ў раёне. Не паверыў, убачыўшы гэтае.

 

-- Як лічыце, чаму не адзначалі?

-- Лічу, за маю яршыстасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Калі мне прыйшлося напісаць заяву на звальненне з пасады дырэктара, то тагачасны загадчык райана (мужчына, не хачу называць яго прозвішча) адразу падпісаў яе і не прапанаваў мне ніякай працы. На маё пытанне, дзе я цяпер буду працаваць, ён адказаў: “Нідзе. Не ведаю, дзе вы будзеце працаваць”. Так напярэдадні новага навучальнага года я застаўся без працы. У той час у Слонімскім гаркаме партыі трэцім сакратаром працавала Мукасей Лізавета Іванаўна. Яна з разуменнем ставілася да людзей, у тым ліку і да мяне. Пайшоў да яе са сваёй праблемай. Лізавета Іванаўна ўважліва выслухала і сказала, каб прыйшоў да яе праз некалькі дзён, абяцала дапамагчы з працаўладкаваннем. Калі сустрэліся зноў, прапанавала мне месца выхавацеля групы падоўжанага дня ў Касцянёўскай школе з перспектывай праз год заняць пасаду выкладчыка рускай мовы і літаратуры, калі настаўніца з Касцянёў пойдзе на песнію. З пасады  дырэктара я пайшоў працаваць з самымі маленькімі (нулявікамі, першакласнікамі, другакласнікамі, трэцякласнікамі і чацвёртакласнікамі) ў Касцяні, а праз год стаў выкладаць там рускую мову і літаратуру. Як і абяцала Лізавета Іванаўна. І ў гаркаме партыі тады былі сапраўдныя людзі. А з кіраўнікоў раённай адукацыі добрым словам магу ўзгадаць Малчанава Уладзіміра Сцяпанавіча. Ён, былы франтавік, меў за плячыма нялёгкае жыццё і разумеў людзей.

 

-- З Касцянёўскай школы Вы  пайшлі на песнію?

-- Адтуль на пенсію пайшоў у 55 гадоў, бо працаваць далей там стала проста немагчыма.

 

-- Чаму?

-- Калі памятаеце, у свой час пры “Газеце Слонімскай” мы стварылі аб’яднанне “Літаратурная Слонімшчына” і паспрабавалі зарэгістраваць яго  ў райвыканкаме, каб мець магчымасць займацца гаспадарча-выдавецкай дзейнасцю. Калі з гэтай нагоды я прыйшоў на прыём да тагачаснага намесніка старшыні райвыканкама Тарсунова Аляксандра Міхайлавіча і паведаміў пра літаб’яднанне пры “Газеце Слонімскай” і нашы намеры, то ён счырванеўся і пачаў крычаць на ўвесь кабінет: “Навошта табе гэта патрэбна?! Мы ніколі табе гэтага не дазволім!..” А я тады пачаў крычаць на яго. Ды так, што калі мы выйшлі, крычучы, у прыёмную, то адтуль уцяклі сакратарка і вадзіцель. Пасля такога прыёму ў райвыканкаме на працы ў школе на мяне пачаўся шалёны ціск. Калі зразумеў, што любымі сродкамі імкнуцца выжыць са школы, звярнуўся да аднаго ўплывовага чалавека ў горадзе Гродна. Ён арганізаваў мне сустрэчу з тагачасным кіраўніком абласнога ўпраўлення адукацыі, якому я падаў загадзя напісаную скаргу. Той прачытаў і прамовіў: “Ну, хіба ж так можна абыходзіцца з пісьменнікам?! Едзьце дамоў і спакойна працуйце, больш вам нічога не будзе пагражаць”. Сапраўды, калі на наступны дзень прыйшоў у школу, да мяне аднесліся зусім па-іншаму. І так цягнулася некалькі гадоў, пакуль той загадчык абласнога ўпраўлення адукацыі не пайшоў на пенсію. Тады і я датэрмінова пайшоў на пенсію. Трэба было паправіць здароўе. Мясцовыя начальнікі нямала адабралі яго ў мяне. Бясконца цяжка змагацца, дый больш часу хацелася аддаць творчай працы.

 

-- Творчая праца пісьменніка Аляксея Якімовіча бачная па яго кнігах, па п’есах, якія ставяцца ў тэатрах па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў Слоніме. А зарэгістраваць “Літаратурную Слонімшчыну” так і не атрымалася.

-- Я ж кажу: немагчыма змагацца ўвесь час з імі ўсімі. Можна з адным, з двума ці з трыма. Але іх, такіх, падчас змагання становіцца ўсё больш і больш… Магчыма, болей паспеў бы зрабіць у творчым і грамадскім жыцці, калі б застаўся ў Мінску.

 

Інтэрв’ю, якое ўзяў у мяне Мікола Канановіч з нагоды выхаду ў свет (у выдавецтве “Народная асвета”)  маёй кнігі “Я, Сямён і барабашка”

Надрукавана ў “Газеце Слонімскай” 18 студзеня 2012 года, № 4 (763)

 

-- Аляксей Мікалаевіч, раскажыце крыху пра нараджэнне Вашай новай кнігі “Я, Сямён і барабашка…”

-- Даўнавата была напісана гэтая аповесць. Але толькі ў апошні час я давёў яе да ладу, дапрацаваў, каб атрымалася такая файная кніжка.

 

-- І што хацеў сказаць дзецям аўтар сваім новым творам?

-- Найперш я хацеў паказаць ім, у што верылі нашы далёкія продкі – свет язычніцкіх, ці, як іх яшчэ называюць у нас, паганскіх, багоў. Трэба, каб дзеці ведалі сваю гісторыю, уяўлялі сабе, што было ў дахрысціянскія часы. Я, праваслаўны хрысціянін, бачу, што некаторыя звычаі нашых продкаў дайшлі да нашага часу, яны невыкараняльныя. Напрыклад, падкладваць пад абрус сена на Каляды ці ўпрыгожваць сваё жыллё ці храм аерам увесну. Дзеці павінны ведаць і разумець: нішто не бярэцца ніадкуль, наш народ мае старажытную гісторыю. Наколькі змог, настолькі і рэалізаваў гэтую задуму ў фантастычна-прыгодніцкай аповесці “Я, Сямён і барабашка…”

 

-- Выдавецтва ахвотна ўзялося надрукаваць Вашу новую кнігу?

-- Гэта была трэцяя па ліку мая кніга, якая выйшла ў выдавецтве “Народная асвета” ў 2011 годзе (да гэтага выйшаў зборнік казак “Хітрая Ліса” і «Забавный алфавит»). Яна павінна была выйсці пры пэўных умовах з майго боку.

 

-- І якія гэта ўмовы?

-- Я павінен быў знайсці заказчыкаў амаль на тысячу экзэмпляраў кнігі. Знайшоў іх, аповесць пабачыла свет, як і было запланавана, у 2011 годзе.

 

-- Напрыканцы не магу не запытацца пра творчыя планы пісьменніка Аляксея Якімовіча на гэты год. Ці варта чытачам чакаць Вашых новых кніг?

-- Такія планы ёсць. Канкрэтызаваць іх цяпер не хачу. Скажу толькі, што ў мінулым годзе планаваў выдаць яшчэ адну кнігу для падлеткаў і дарослых у выдавецтве “Літаратура і мастацтва”. Выдавецтва прапанавала мне ў якасці аўтарскага ганарару… 1000 асобнікаў маёй кнігі. На такія ўмовы не пагадзіўся. Спадзяюся, што сёлета гэтая кніжка выйдзе ў свет у іншым месцы і пры іншых умовах.

 

-- То будзем спадзявацца. А пакуль дзякуй Вам, Аляксей Мікалаевіч, за гутарку, а Вашым чытачам – прыемнага чытання.

 

Напярэдадні майго 65-годдзя карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Наталля Іванова падрыхтавала падборку маіх выказванняў.

Надрукавана ў дадатку да Газеты Слонімскай” «Отдушина» 15 кастрычніка 2014 года ў № 43 (528).

Аляксей Якімовіч: “Законнае месца беларусаў – у Еўропе”.

 

Пра духоўнасць

 

Часта лаўлю сябе на думцы: на нашай зямлі ўсё больш становіцца храмаў. Здавалася б, павінен быў бы дзейнічаць і закон прапарцыянальнасці: болей храмаў – болей духоўнасці. Ды чамусьці не заўважаю гэтага.

Пашыраецца сацыяльная бездань паміж багатымі і беднымі, працвітае хамства, беззаконне, п’янства. Апошняе выклікае асаблівую трывогу. Цяжка глядзець на тое, як на тваіх вачах співаюцца знаёмыя. А калісьці, як расказвалі старэйшыя, п’янства не панавала ў Беларусі. П’яніц у вёсцы на пальцах адной рукі можна было пералічыць.

 

Пра тое, чаго бракуе беларусам

 

У большасці беларусаў адсутнічае крытычнае і рацыянальнае мысленне. Яны не могуць пралічыць наступствы той ці іншай гульні, якія вядуць з імі некаторыя палітычныя гульцы, не бачаць і не разумеюць таго, што адбываецца навокал, вераць не ў рэальнасць, а ў міфы, нават у звычайнае шарлатанства і махлярства. Ёсць павучальная народная прыказка: “Неразумны той, хто двойчы спатыкаецца аб адзін і той жа камень”. Хацелася б, каб кожны беларус заўжды помніў пра гэта.

 

Пра варварства

 

Сапраўдным варварствам лічу цяперашнія адносіны да лесу. З самай вясны люблю хадзіць у лес, збіраю ягады, грыбы. І кожную вясну бачу, як усё болей і болей высякаецца яго. Карчуюцца цэлыя плошчы, не пакідаюць нават дрэў з дупламі, у якіх жылі розныя птушкі і звяры. А высечаныя дзялянкі завальваюцца буртамі ламачча і зарастаюць хмызняком.

Раней да лесу адносіліся па-гаспадарску, цяпер адносяцца па-варварску, як нейкія шалёныя чужынцы. Калі адносіны не зменяцца ў лепшы бок, то хвойныя лясы застануцца толькі паабапал шасэйных дарог: як сумны напамінак пра пацёмкінскія вёскі.

 

Пра школу

 

Школа часта ўспамінаецца і сніцца. Дый не дзіва. Усё жыццё аддаў ёй. Калі працаваў, то звычайна снілася напрыканцы доўгіх летніх канікулаў. Нібыта прыходжу ў клас да сваіх вучняў і распачынаю ўрок. А цяпер, на пенсіі, сны ўжо не тыя. Таксама нібыта прыходжу ў клас, а ўрок ужо ніяк не магу распачаць. У сне, выходзіць, адбываецца амаль так, як у цяперашнім жыцці. І яшчэ адна дзіўная, незразумелая заканамернасць: сняцца дзве школы: Жыровіцкая і Касцянёўская, хаця працаваў у чатырох.

 

Пра дзяцінства

 

Дзяцінства – самая добрая часіна ў жыцці. Аднак сёння, так думаецца, дзяцінства ўжо не тое, якім было раней. Школа са сваімі жорсткімі, непрадуманымі патрабаваннямі адбірае ў дзяцей дзяцінства: цяпер ад вучняў у школе патрабуюць, каб ведалі ўсё, усе прадметы. Вось і сядзяць разумнейшыя над кнігамі, як гаротнікі, днямі і вечарамі, пад строгім наглядам бацькоў. А што адбываецца з тымі, хто не можа адолець непадатлівы школьны матэрыял? Слухаюць бясконцыя нараканні і ў школе, і дома.

Масавыя захворванні дзяцей пачынаюцца менавіта з пачаткам новага навучальнага года. Такое навучанне калечыць дзяцей, адбірае ў іх спакой. Падыход да навучання ў школах трэба мяняць. Але калі будуць мяняць тыя, хто ўжо мяняў, то няхай застанецца так, як ёсць.

 

Пра мову

 

Мова – нацыянальная свядомасць, адчуванне таго, што ты не такі на зямлі, як твае далёкія і блізкія суседзі. Мова гуртуе, збліжае крэўных людзей, робіць іх адной сям’ёй, дапамагае абараніцца ад розных нягод. Яна твой гонар, твой сцяг, з якім можаш упэўнена крочыць па жыцці. Яна твая вера, як рэлігія, як вера ў Бога, у бацькоў, у родны дом.

 

Пра крытыку

 

Многія мае творы на беларускай мове выдаюцца масімальнымі для Беларусі тыражымі. Значыць, іх заўважае чытач. А ці заўважаюць літаратурныя крытыкі? Ні добра, ні кепска не пішуць пра мяне крытыкі. Напэўна, яны жывуць у іншым вымярэнні, у свеце ілюзіі – той літаратуры, якая далёка-далёка ад чытача. Плачу ім той жа манетай: іх артыкулаў не чытаю. Спрабаваў чытаць, але выклікаюць толькі адмоўныя эмоцыі. Цяпер стараюся не псаваць сабе настрой.

 

Пра ўзамемаадносіны з мясцовай уладай

 

За апошнія гады ў Слоніме змяніліся, калі не памыляюся, тры кіраўнікі райвыканкама. Ні з адным з іх не сустракаўся, ні ў аднаго з іх не быў на прыёме. Неяк абыходжуся без іх, жыву, хаця, канешне, ёсць бытавыя праблемы, якія патрабуюць вырашэння, ды ўпэўнены, што кіраўнікі не дапамогуць мне іх вырашыць.  Яны могуць толькі паабяцаць, як не раз і не два было ў маім жыцці. Дый увогуле стараюся прытрымлівацца прынцыпу: не хадзі туды, дзе цябе не хочуць бачыць. Так што жыву з мясцовымі кіраўнікамі ў адным горадзе, але на розных полюсах. Дый глядзім мы, напэўна, у розныя бакі.

 

Пра “свет не без добрых людзей”

 

Веру ў гэта. У жыцці неаднаразова сустракаў добрых людзей, якія не толькі дапамагалі ў літаратуры, але і адводзілі ад бяды. Некалі мне адна бабуля запісала малітву падарожніка, бо вельмі баялася, што ў дарозе са мною можа здарыцца няшчасце. Гэтая малітва і сёння захоўваецца ў мяне як памяць пра тую зычлівую жанчыну.

 

Пра перамены

 

Часта лаўлю сябе на думцы, што жыву ў час пастаянных пераменаў. Калі працаваў настаўнікам, то ці не кожныя два – тры гады мяняліся формы і метады навучання. Яны ішлі не ад жыцця, а выдумляліся штучна і не давалі аніякага эфекту.

Цяпер адбываюцца бясконцыя палітычныя перамены, найперш накіраваныя на збліжэнне, на саюз з Расіяй. Збліжаемся, запрашаем адзін аднаго на белы вальс. Толькі чамусьці не заўважаю весялосці ў простых людзей. Жыццё становіцца ўсё цяжэйшым. Той саюз (Савецкі Саюз) давёў да страты фінансавых зберажэнняў простых людзей і абагачэння начальнікаў савецкай сацыялістычнай наменклатуры. А да чаго давядзе гэты?..

 

Пра Беларускі народны фронт

 

Доўгі час з’яўляўся сябрам Беларускага народнага фронту. Яго арганізатарам тут, у Слоніме, не быў, але стаяў ля яго вытокаў. То быў час другога нашага дзяцінства. Маладыя, поўныя сіл, мы марылі аб уладзе. Менавіта пра гэта марыў я, адначасова рамантык і рэаліст тых незабыўных дзён.

Хацелася сапраўдных пераменаў, хацелася бачыць Беларусь незалежнай, заможнай і справядлівай і ў той жа час непрымірымай да розных прыстасаванцаў. Да жаданай мэты ішоў упэўнена і без страху: побач былі аднадумцы, сябры. Нямала падаў карысных ідэяў, нямала правёў гучных акцый. Аднак потым абстаноўка ў народным фронце стала спакваля мяняцца. Найбольш актыўныя сябры фронту пачалі выцясняцца новымі людзьмі. Гэта адбывалася на ўсіх узроўнях ва ўсіх абласцях Беларусі, асабліва калі доступ да структур народнага фронту атрымаў вядомы ў недалёкім мінулым лідар адной з грамадскіх арганізацый – наш зямляк з Гарадзеншчыны.

Ціск з боку новых людзей адчуў і я. Ціск з падманам, з махлярствам. Надзейныя сябры паступова сталі пакідаць народны фронт. Неўзабаве яго шэрагі пакінуў і я: зразумеў, адчуў, убачыў, што вось-вось падставяць і падвядуць пад дурнога хату.

 

Пра месца Беларусі ў свеце

 

Неяк свайму знаёмаму, вельмі эрудзіраванаму чалавеку, задаў пытанне: “Ці ёсць у нас Беларусь?” “Беларусі ў нас няма”, -- пачуў у адказ.

Мой знаёмы так патлумачыў сваю пазіцыю.

Што найперш з’яўляецца прыкметай дзяржаўнасці? Канешне, гімн, герб, сцяг, мова… Гімн у беларусаў савецкі, па сутнасці, расійскі: некалі ядром савецкага сацыялістычнага аб’яднання з’яўлялася Расійская Федэрацыя. Герб і сцяг таксама ўзяты з савецкіх часоў, расійская мова ў нас ужо вынішчыла беларускую. А нашы назвы вуліцаў і плошчаў – прамое сведчанне таго, што мы нейкая расійская глыбінка.

Вось такое жахлівае тлумачэнне пачуў у той дзень.

Лічу, што наша месца ў Еўропе, у Еўрапейскім саюзе. Мы былі там, калі існавала Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая. І мы павінны вярнуцца туды, дзе наша законнае месца.

 

У 2013 годзе ў “Выдавецкім доме “Звязда” выйшла мая кніга “Калі кукавала зязюля”, у якую ўвайшлі прыгодніцка-гістарычныя аповесці для падлеткаў, юнакоў і старэйшых “Калі кукавала зязюля” і “Панскае дзіця”. З гэтай нагоды карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч узяў у мяне інтэрв’ю.

Надрукавана ў “Газеце Слонімскай” ад 5 чэрвеня 2013 года, № 24 (835).

Аляксей Якімовіч: “Дзеля захопніцкай мэты выкарыстоўваецца ўсё, у тым ліку і царква…”

 

-- Аляксей Мікалаевіч, пра што расказваюць творы?

-- У аповесці “Калі кукавала зязюля” расказваецца пра падзеі 16-га стагоддзя, калі ішла вайна з Масковіяй, пра імкненне, жаданне маскоўцаў захапіць беларускія землі. У аснову аповесці “Панскае дзіця” пакладзена нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1794 года ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць царскай Расіі і Прусіі, якія ў 1793 годзе ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай. Гэтыя патрыятычныя творы вучаць любіць Радзіму, шанаваць і зберагаць родных і блізкіх.

 

-- Ведаю, што раней гэтыя аповесці ўжо друкаваліся ў перыядычных выданнях. Ці лёгкім быў іх шлях пад такую шыкоўную цвёрдую кніжную вокладку?

-- Сапраўды, “Выдавецкі дом “Звязда” зрабіў цудоўную кнігу ў цвёрдым пераплёце, з густам аформленую, на добрай паперы. За гэта ім, канешне, вялікі дзякуй! А да гэтага ў твораў быў працяглы ў часе і няпросты шлях. Упершыню аповесць “Калі кукавала зязюля” надрукавалі ў часопісе “Маладосць” у 1996 годзе пад назвай “За родную зямлю”. Аповесць “Панскае дзіця” была надрукавана ў той жа “Маладосці” ў 1998 годзе, а потым яшчэ друкавалася і ў “Газеце Слонімскай” ужо ў вашай, у газетнай рэдакцыі. Пасля гэтага я дапрацаваў стыль твораў, унёс некаторыя змяненні ў пэўныя эпізоды.  У свой час некалькі разоў звяртаўся ў так называемыя дэмакратычныя арганізацыі з просьбай дапамагчы выдаць падобныя патрыятычныя творы, але ніхто з гэтых арганізацый не адгукнуўся, не зацікавіўся.

 

-- Адзін з галоўных герояў аповесці “Панскае дзіця” – шляхціц Канстанцін Валовіч. Чаму выбралі такое прозвішча?

-- Удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 года супраць той жа Расіі быў мой зямляк – ураджэнец маёнтка Парэчча Слонімскага павета Міхал Валовіч. Гэта быў мужны і свядомы беларус, знішчаны нашымі ворагамі. Вось і вырашыў у літаратурным творы пра крыху ранейшы, але падобны гістарычны час уславіць яго. Мы павінны ведаць і шанаваць сваіх герояў.

 

-- У аповесці “Калі кукавала зязяюля” дзеянне адбываецца ў вёсцы Смаўжы і яе ваколіцах. Тут Вы таксама знарок свядома прывязалі герояў да нашай мясцовасці?

-- Так. Навошта выдумляць нейкія населеныя пункты, калі існуюць сапраўдныя з багатым гістарычным мінулым. Можна сказаць, услаўляю іх, як і нашых герояў, звяртаю ўвагу чытача на тое, што яны былі, што гэта менавіта наша Беларусь, якая мае нашу, гістарычную назву.

 

-- Гісторыя чалавечая – гэта і гісторыя войнаў, калі больш моцныя і агрэсіўныя суседзі заваёўваюць, падпарадкоўваюць сабе слабейшых. У свой час Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай у Рэч Паспалітую, каб супрацьстаяць суседзям з Усходу і Захаду. Але праз стагоддзі Рэч Паспалітая не ўстаяла перад больш моцнымі і агрэсіўнымі на той час Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй і была падзелена між імі. Ці змянілася сёння палітыка больш моцных суседзяў у дачыненні да Беларусі? Як лічыце?

 

-- Абсалютна, зусім не змянілася. На нейкі час можа змяніцца толькі тактыка, а стратэгія агрэсара застаецца той жа самай – захопніцкай. Дзеля захопніцкай мэты выкарыстоўваецца ўсё, у тым ліку і такая арганізацыя, як царква. Крыху адхіляючыся ад тэмы нашай гутаркі, хачу сказаць, што цалкам падтрымліваю пазіцыю Мікалая Антонавіча Барысіка, якую ён выказаў у артыкуле “Мова набажэнства”, надрукаваным у “Газеце Слонімскай” 20 сакавіка гэтага года. Праўда на тваім баку, Мікалай Антонавіч.

 

-- Што ж, мне застаецца толькі падзякаваць Вам за гутарку ды пажадаць, каб маладыя чытачы кніжкі “Калі кукавала зязюля” станавіліся сапраўднымі патрыётамі Беларусі, як героі Вашых твораў.

 

У 2018 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла мая кніга “Мой сябар Дон Кіхот”, у якую ўвайшлі аповесці “Мой сябар Дон Кіхот”, “Здраднік” і “Эльдарада просіць дапамогі”. З гэтай нагоды карэспандэнт газеты “Слонімскі веснік” Алена Лынько ўзяля ў мяне інтэрв’ю.

Надрукавана ў газеце “Слонімскі веснік” 26 студзеня 2019 года ў № 11 (11452).

 

-- Аляксей Мікалаевіч, вы вядомы дзіцячы пісьменнік, аўтар многіх прыгодніцкіх аповесцей, а таксама вучэбных метадычных распрацовак. Адкуль у Вас гэткая прага да пісьменства?

-- З дзіцячых гадоў я верыў у тое, што стану вядомым пісьменнікам. Хадзіў у Парэцкую вясковую бібліятэку, часта браў у рукі кнігі замежных класікаў. Гэта былі цудоўныя, тоўстыя кнігі. Вельмі хацелася, каб і ў мяне праз гады выйшла гэткая ж прыгожая кніга. У мінулым годзе мая мара здзейснілася. У розных выдавецтвах выдалі шмат маіх кніг пад рознымі вокладкамі: і мяккімі, і картоннымі. Але гэтая самая тоўстая, самая важкая, менавіта такая, аб якой марыў.

 

-- Але можна сабраць яшчэ больш аповесцей і выдаць яшчэ больш важкую кнігу.

-- Так. Хацелася б убачыць некалькі тамоў, збор маіх твораў. Мне прыемна, што я ўжо ў нейкай меры параўняўся з тымі, на каго з павагай глядзеў у дзяцінстве.

 

-- Аляксей Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, крыху пра Вашу кнігу.

-- Кніга складаецца з трох аповесцей, якія разлічаны на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, падлеткаў і дарослых. Яна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” па заказу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Аповесць “Здраднік” расказвае пра падзеі, якія адбываліся ў сямнаццатым стагоддзі. Месца дзеяння – Беларусь. Трагічныя падзеі, калі рушылася беларуская дзяржаўнасць, тут паказаны на прыкладзе сем’яў Станішэўскіх і Краўцоў. Перапляліся, непадзельна звязаны лёсы дарослых і дзяцей. Дзеці Паўлюка Краўца Петрык і Мар’яна сябруюць з дачкой Вацлава Станішэўскага Янінай. Але Вацлаў Станішэўскі перашкаджае гэтаму, імнецца звесці са свету беларускую сям’ю Краўцоў.

Аповесць “Мой сябар Дон Кіхот” пра сучасных падлеткаў. З чым мы сустракаемся ў жыцці, без чаго не можам абысціся? Без сяброўства, цеплыні і дабрыні, чуласці і смеласці, чалавечай спагадлівасці, узаемавыручкі і мудрасці. Хто адкрые старонкі аповесці і прачытае яе, той, безумоўна, пазнае гэтыя вялікія гуманістычныя якасці, навучыцца ім.

Сябры-шасцікласнікі даведваюцца пра тое, што каля іх вёскі з’явіліся дзіўныя прышэльцы, знаходзяць у рэчцы прыбітую да берага бутэльку  з запіскай – крыкам аб дапамозе: “Людзі, дапамажыце нам! Вас просяць жыхары Эльдарада…”. Ці маглі дзеці застацца безуважнымі да чужой бяды? Аб гэтым Вы даведаецеся з аповесці “Эльдарада просіць дапамогі”.

 

-- Гэтыя аповесці напісаны спецыяльна для выдання  ў адной кнізе ці Вы пісалі іх у розныя гады?

Усе гэтыя творы напісаны ў розныя гады. Напрыклад, “Мой сябар Дон Кіхот” створаны даволі даўно, я ўжо нават і не памятаю, у якім годзе. Таму перад выданнем аповесць прыйшлося дапрацаваць, каб адпавядала сучаснай рэчаіснасці. У 1993 годзе яна была надрукавана ў часопісе “Маладосць”.

Аповесць “Здраднік” пабачыла свет упершыню, раней яна нідзе не друкавалася. На думку аднаго з рэдактараў вядомага беларускага часопіса, па гэтай аповесці можна вывучаць гісторыю нашай краіны, жыццё нашых людзей у сямнаццатым стагоддзі. У ёй паказаны няпросты час, калі пэўныя грамадскія колы далучалі Беларусь да Рэчы Паспалітай. Тут паказана, калі так сказаць, дваістасць беларусаў. Адны былі за тое, каб увайсці ў склад Польшчы, другія былі катэгарычна супраць. У Максіма Гарэцкага ёсць твор аб беларускй дваістасці, па ім нават пастаўлены спектакль “Дзве душы”.  Я згодны з нашым класікам, падтрымліваю выказаную ім думку аб дваістасці. З аднаго боку, беларусы могуць быць талерантнымі, добразычлівымі, а з другога – жорсткімі і страшнымі ў сваёй непакорнасці.

Аповесць “Эльдарада просіць дапамогі” ўжо перавыдавалася некалькі разоў. Яна ўключана ў школьную праграму як твор для пазакласнага чытання. У выдавецтве мне прапанавалі ўключыць яе ў склад гэтай кнігі, так як гэты твор хацелі б заказаць многія бібліятэкі.

 

-- Гэтая кніга спадабаецца толькі школьнікам?

-- Думаю, што спадабаецца школьнікам. Але і дарослыя знойдуць у ёй шмат цікавага і пазнавальнага.

Некалі ў маладым узросце я вырашыў напісаць шэраг прыгодніцкіх і гістарычных твораў для дзяцей. Тады задумаў браць за аснову нейкія важныя гістарычныя факты, вывучаць іх і дадумваць, што магло адбывацца ў той ці іншы час. У тыя дні паставіў перад сабою задачу напісаць па аднаму значнаму твору пра кожнае стагоддзе. Пачаў з 14 стагоддзя, напісаў аповесць “Пастка для пярэваратня”. За аснову ўзяў набегі крыжакоў на тэрыторыю нашай краіны. На тэму 15 стагоддзя выдадзены твор пад назвай “Выпрабаванне”, цяпер даў яму іншую назву: “Ішло лета 1461-е”. Тут расказваю пра набегі крымскіх татар, якія бралі ў палон нашых людзей. Аповесці “Калі кукавала зязяюля “ і “Панскае дзіця” апавядаюць пра няпростыя адносіны з Масковіяй у 16 і 18 стагоддзях, аповесць “Здарднік” – пра адносіны з Польшчай у 17 стагоддзі. Мару аб тым, каб калісьці аб’яднаць іх у двухтомнік. Хачу, каб дзеці, падлеткі і дарослыя чыталі гэтыя кнігі і бачылі, што ў нас была свая дзяржава, свая культура, свой этнас, свая гісторыя, свая мова, сваё жыццё.

 

Даю звесткі пра сябе па просьбе адной шаноўнай арганізацыі.

 

Аўтабіяграфія

 

Я, Якімовіч Аляксей Мікалаевіч, нарадзіўся 15 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.

Маці, Якімовіч Надзежда Аляксандраўна, працавала паляводкай у мясцовым калгасе “Перамога”, бацька Якімовіч Мікалай Аляксандравіч – у Парэцкім сельскім Савеце, у апошнія год вайны і ў пасляваенныя гады быў членам знішчальнага батальёна, створанага на Слонімшчыне для барацьбы з бандамі.

Мой дзед па бацькоўскай лініі Якімовіч Аляксандр Максімавіч у 1941 годзе як савецкі актывіст (быў дэпутатам мясцовага Савета) разам са сваёй жонкай, а маёй бабуляй Якімовіч Парасяй Лявонцеўнай у 1941 годзе быў расстраляны фашыстамі. Пахаваны ў брацкай магіле непадалёку ад Слоніма. Дзед па мацярынскай лініі Талерчык Аляксандр Міхайлавіч у 1945 годзе загінуў на фронце ва Усходняй Прусіі.

У 1967 годзе я скончыў 10 класаў у сярэдняй школе № 4 горада Слоніма і паступіў на філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў спецыяльнасць выкладчыка беларускай і рускай мовы і літаратуры і працаваў у школах Слонішчыны: быў настаўнікам у Кастровіцкай і Касцянёўскай школах, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы Жыровіцкай сярэдняй школы, дырэктарам Дзеравянчыцкай васьмігадовай школы. Цяпер на пенсіі. З 1990 года член Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 2008 года член ГА Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Узнагароджаны:

1. Пахвальнай Граматай Навукова-даследчага Інстытута Педагогікі ад 29 сакавіка 1978 года за даклад “Работа класнага кіраўніка па развіццю здольнасцей, інтарэсаў і схільнасцей вучняў”, прачытаны на Рэспубліканскіх педагагічных чытаннях 1978 года.

2.  Почётной Грамотой отдела народного образования Слонимского райисполкома как руководитель родительского лектория в Деревянчицкой восьмилетней школе за достигнутые успехи в повышении педагогической культуры родителей (от 25 августа 1980 года).

3. Почётной Грамотой отдела народного образования Слонимского райисполкома как директор Деревянчицкой восьмилетней школы за хорошую работу по организации горячего питания в ходе смотра-конкурса «Каждой школе – образцовую столовую» (от 29 января 1981 года).

4. Ганаровай Граматай як настаўнік Касцянёўскай сярэдняй школы за плённую працу па навучанню і выхаванню (1999 год).

5. Граматай выдавецтва “Адукацыя і выхавання”, часопіса “Беларуская мова і літаратура” як ветэран педагагічнай працы  за плённую працу ў галіне інфармацыйнага забеспячэння педагагічных работнікаў (2016 год).

6. Граматай выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, часопіса “Беларуская мова і літаратура” як ветэран педагагічнай працы за плённую працу ў галіне інфармацыйнага забеспячэння педагагічных работнікаў (2018 год).

                                                                                     Аляксей Якімовіч

29. 03. 2020 года.

 

Пра свае творы і зборнік казак “Ветлівыя словы”

 

Зборнік казак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Ветлівыя словы” выйшаў у выдавецтве “Народная асвета” ў 2019 годзе ў серыі “Бібліятэка Асветыка” тыражом у 1000 экзэмпляраў. Чытачы адразу ж палюбілі гэтую кніжку. Нездарма выдавецтвам яна была рэалізавана даволі хутка: месяцаў праз пяць.

Вось што гаворыцца ў анатацыі да яе.

Калі хочаце правільна сябе паводзіць і спадабацца вашым блізкім і сябрам, прачытайце гэтыя казкі. Іх героі – птушкі і звяры – Сінічка, Верабейка, Заяц, Барсук, Воўк і іншыя – раскажуць вам цікавыя і займальныя гісторыі.

А ці чулі вы аб прыгожых беларускіх словах і зваротах ветлівасці? Адкрывайце кнігу і чытайце іх.

Так, у канцы кнігі дадзены “Ветлівы слоўнічак”, у якім змешчаны і словы прывітання, і словы ўдзячнасці, і словы прабачэння, і словы просьбы, і словы развітання, і словы пажадання, і словы спачування, і словы-звароты.

Казак у зборнічку няшмат: усяго васемнаццаць, але кожная з іх захапляе, бярэ ў палон чытача. 

Чым? Што для іх характэрна? Вось іх галоўныя рысы: займальнасць, даходлівасць, шчырасць, праўдзівасць, дабрыня, рэалізаванае жаданне дайсці да псіхалогіі чытача, уменне пасябраваць з ім, зрабіць так, каб яны былі цікавыя не толькі самым маленькім, але і дарослым: татам і мамам, так як менавіта ад татаў і мамаў залежыць, ці возьмуць яны гэтую кнігу з паліцы, ці прынясуць яе дамоў, ці палічаць, што яна ў іх хаце будзе патрэбнай, карыснай.

Пісаць я пачаў ужо даўно. Але мая першая кніга – “Гордзіеў вузел” – выйшла толькі ў 1987 годзе ў выдавецтве “Юнацтва”, калі мне было 38  гадоў. Пасля гэтага мае кнігі выходзілі ў многіх выдавецтвах: У “Юнацтве”, у “Народнай асвеце”, у “Мастацкай літаратуры”, у “Беларусі”, у “Пачатковай школе”, у “Беларускай энцыклапедыі”, у “Адукацыі і выхаванні”, у “Выдавецкім доме “Звязда”. Да творчасці стаўлюся адказна, як да сваёй прафесіі. Так, у 2019 годзе дапрацаваў усе свае творы, якія выходзілі раней, бо ў іх стылі знайшоў нямала хібаў.

Якую задачу стаўлю перад сабою, калі бяруся пісаць? Найперш праз мастацкі твор папулярызаваць родную мне беларускую мову, паказаць, што яна прыгожая, разнастайная, багатая і зразумелая.

Дзеля гэтага працую ў розных жанрах. “Гордзіеў вузел” – гэта аповесць на філалагічную тэму, аповесць-гульня, “Калі кукавала зязюля” – прыгодніцка-гістарычная аповесць, “Эльдарада просіць дапамогі” – прыгодніцка-фантастычная аповесць, “Мой сябар Дон Кіхот” – аповесць пра школьныя гады”, “Залатая дзіда” – аповесць пра індзейцаў, “Прыгоды Белай Мышкі” – аповесці-казкі. А яшчэ ў мяне ёсць зборнікі апавяданняў і казак для маленькіх “Каб мама ўсміхалася” (адна з самых папулярных у чытачоў кніг), зборнік казак на матэматычную тэму “Матэматычныя казкі-падказкі”, зборнік казак на філалагічную тэму “Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі”, зборнік фантастычна-містычных апавяданняў для дарослых “Русалка” і іншыя.

Працую ў жанры драматургіі. У тэатрах пастаўлены мая п’еса для дарослых “Спакуса” і дванаццаць п’ес для дзяцей, дзве п’есы для дзяцей пастаўлены ў тэатрах Расіі, адна з якіх («Улыбка Шерлока Холмса») намінавалася на вышэйшую тэатральную прэмію Расіі “Залатая маска”.

Не забываючыся пра сваю настаўніцкую прафесію, распрацоўваю ўрокі (у асноўным па беларускай мове) для настаўнікаў, вучэбныя дапаможнікі, якія друкаваліся не толькі ў метадычных часопісах краіны, але і выйшлі асобнымі кнігамі. Вось некаторыя з іх: “Алфавіт ад А да Я”, “Жывыя літары” “Пагуляем у алфавіт”, “Творчыя ўрокі па беларускай мове для 6 класа”, «Творческие уроки по русскому языку для 5 – 7 классов», «Творческая азбука», «Забавный алфавит». Часопіс “Пачатковае навучанне” асобнымі кніжачкамі ў серыі “Школа педагагічнага майстэрства” выпусціў дадаткі да свайго часопіса “Творчыя ўрокі беларускай мовы” ў 3 класе”, “Творчыя ўрокі беларускай мовы ў 4 класе”, «Учим алфавит».

Цяпер распрацоўваю новы цыкл урокаў па беларускай мове, які будзе адрознівацца ад папярэдніх (а яны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” друкаваліся на працягу 6 – 7 гадоў і, лічу, зрабілі некаторы ўплыў на методыку выкладання ўрокаў настаўнікамі Беларусі).        

29. 03. 2020 года.

 

Інтэрв’ю з самім сабою (сам задаваў сабе пытанні і сам адказваў на іх)

 

-- Аляксей Мікалаевіч, якім для цябе як для пісьменніка выдаўся 2021 год?

-- Плённым, багатым. У гэтым годзе выйшла пяць маіх кніг.

-- Ці не змог бы ты пералічыць іх?

-- У выдавецтве “Беларусь” выйшлі наступныя мае зборнікі: фантастычна-містычная аповесць і апавяданні “Пан”, дэтэктыўныя апавяданні, вершы і антывірусныя прыпеўкі “Карп у футры”, дэтэктыўная аповесць, вершы і прыпеўкі “Загадкавы храм”. А часопіс “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў якасці дадаткаў да свайго часопіса выдаў наступныя кніжачкі: “Вывучаем правапіс у 4 класе. Дзеяслоў” і “Вывучаем беларускі правапіс у 4 класе. Прыметнік, займеннік”.

-- Значыць, ты не пакінуў распрацоўваць урокі, працуеш над методыкай выкладання?

-- Працую, стараюся. Хочацца падрыхтаваць для беларускіх настаўнікаў цікавыя ўрокі, каб потым яны змаглі данесці іх да сваіх выхаванцаў, вучняў. Хочацца зрабіць так, каб урок беларускай мовы быў святам. І каб гэта свята адбывалася найчасцей.

-- Выдаўшы кнігі, цябе падтрымалі.

-- Падтрымалі разумныя людзі, гуманісты, сапраўдныя прыхільнікі цудоўнага беларускага слова і нашай беларускай адукацыі. Вялікі дзякуй ім за гэта.

-- Хацелася б пачуць колькі слоў пра сюжэт аповесцей.

-- Героі аповесці “Пан”, якія прыехалі адпачываць у санаторый, сустракаюцца ў лесе з Панам – міфічным гаспадаром лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Гэты твор аб каханні, вернасці і здрадзе.

Дзеянне аповесці “Загадкавы храм” адбываецца ў невялікім раённым гарадку. Прадпрымальнік Менкін пасяляецца ў будынку, які некалі быў храмам. Менкін і яго жонка Святлана адчуваюць сябе на вяршыні шчасця. Але іх радасць азмрочваецца нечаканымі падзеямі, якія неўзабаве пачынаюць адбывацца ў храме і наганяюць жах на гаспадароў.

-- Ты ніколі не адчайваешся?

-- У адным са сваіх нядаўніх вершаў я напісаў:

                                                            Дзве сілы ёсць:

                                                            Святло і цемра.

                                                            У плямах свет,

                                                            Нібыта зебра.

Вера дапамагае жыць.

-- У што верыш?

-- У справядлівасць, у тое, што задуманае рана ці позна ажыццявіцца.

-- Гэта можна паказаць і на прыкладзе толькі што выдадзеных кніг?

-- Мая аповесць “Загадкавы храм” друкавалася ў слонімскай газеце “Отдушина» ў 2010 – 2011 гадах. А была напісана яшчэ раней. Праз колькі гадоў яна пабачыла свет у кнізе? Больш чым праз дзесяць! Падобнае здарылася і з дэтэктыўнымі апавяданнямі, змешчанымі ў кнізе “Карп у футры”. У “Газеце Слонімскай” яны друкаваліся з 1998 года да 2008 (прыблізна). Потым я іх вырашыў выпусціць асобнай кнігай у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Тады дырэктарам гэтага выдавецтва працаваў Георгій Марчук. Ён сустрэў мяне і мае апавяданні прыязна, падрыхтаваў да выпуску. Яны ўжо былі звярстаны. Але нечакана прыйшоў новы дрэктар, Георгій Марчук перайшоў на іншае месца працы. Аднаго разу супрацоўнікі выдавецтва паведамілі мне, што маю кнігу не выпусцяць, набор раскіданы. Праўда, хтосьці гэты зборнік перадаў у інтэрнэт, дзе ён доўга знаходзіўся. Магчыма, знаходзіцца і цяпер.

-- За творы прыходзіцца змагацца?

-- Не толькі за творы, але і за сваё імя, і за свае ідэі.

-- Шкадуеш, што тады не выйшла падрыхтаваная да друку кніга дэтэктыўных апавяданняў?

-- Сёння не шкадую, нават у нейкай меры рады гэтаму, бо пасля таго некалькі разоў перапрацоўваў апавяданні і зрабіў іх больш дасканалымі, больш пісьменнымі, мастацкімі, як і аповесць “Загадкавы храм”.

-- Ніколі не спыняешся на дасягнутым?

-- Так, так, так! У напісаным раней бачу нейкія агрэхі. Таму стараюся выправіць іх, адшліфаваць твор, як шліфуюць, напрыклад, камень ці дрэва.

-- Ты ўжо стаў пісаць і вершы.

-- Вершы пачынаў пісаць у школьныя гады, але не атрымалася, не пайшлі яны ў мяне. А некалькі гадоў таму яны іншы раз сталі вылазіць з маёй галавы. Некаторыя ледзь паспяваў запісваць. Сам не ведаю, як так здарылася, што мяне натхніла ці ўзрушыла. Бывае, складаю іх у час працы на дачы, але такі працэс аднімае фізічныя сілы. Таму стараюся не злоўжываць ім. Многія вершы ў чарнавым варыянце напісаў, устаўшы ложка, у той час, калі хадзіў па кватэры, рыхтуючыся да працоўнага дня. Пасля начнога адпачынку някепска думаецца.

-- Дзе можна набыць твае кнігі?

-- У кнігарнях, у бібліятэках, у выдавецтве “Беларусь”.

 

Кароткія адказы на пытанні

 

--- Ты помслівы, доўга помніш зло?

-- З маёй душы яно не сыходзіць ніколі.

-- У якой форме помсціш крыўдзіцелям?

-- Раней іншы раз махаў кулакамі.

-- А цяпер?

-- Цяпер чакаю, магу чакаць доўга. А яшчэ раблю ўсё для таго, каб узвысіцца над імі, паказаць сябе з лепшага боку. Няхай глядзяць і скрыгічуць зубамі.

-- Як адносішся да такога паняцця, як праўда?

-- Праўда іншы раз можа не спадабацца, паказаць свае зубкі. Але яна павінна быць у жыцці як вада, як паветра. Няшчасныя тыя людзі, якія сталі жыць не па праўдзе, прызвычаіліся да хлусні. Хлусня разбурае, нясе разачараванне, непрыемнасці, бяду.

-- Як адносішся да іншых нацый, народаў?

-- Паважаючы іншых, абараняй сваё. Гэта ці не галоўны прынцып майго сённяшняга жыцця.

-- Ці можна быць беларусам, адмаўляючы беларускую мову?

-- Без мовы не ўяўляю сябе беларусам.

-- Але ж многія ўяўляюць.

-- За невялікі гістарычны прамежак, роўны жыццю некалькіх пакаленняў, многія бязмоўныя беларусы ўжо не называюць сябе беларусамі. Яны выбралі іншы шлях і сталі, што надта страшна, зацятымі ворагамі беларушчыны, зомбі.

-- Што іхзамбіравала, пазбавіла магчымасці лагічна думаць, разважаць?

-- Навакольнае жыццё.

-- Ты ўпарты?

-- Думаю, што так, хаця дзеля дасягнення мэты магу на нейкую хвіліну адмовіцца ад упартасці, выбраць нейкі іншы шлях. Прыходзіцца ўспамінаць, што лобам сцяну не праб’еш, а толькі нашкодзіш сабе і іншым.

-- Думаеш не толькі пра сябе?

-- Па-іншаму, лічу, жыць немагчыма.

                                                                            Аляксей Якімовіч

              29. 01. 2022 года.