Поиск по этому блогу

Уражанні. Калі чую словы “жывіца”, “зелле”

 

Калі чую словы “жывіца”, “зелле”

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “жывіца”

У дзяцінстве я часта быў у лесе і са старэйшымі, і з сябрамі. Мне асабліва падабаўся сасновы бор. Сваёй веліччу ён нагадваў жывы, рухомы храм, у якім лёгка дыхалася.

У пасляваенныя гады пачалася так называемая падсочка. З тоўстых, магутных соснаў спускалі сок, смалу. Для гэтага спецыяльным прыстасаваннем рэзалі на ствале канаўкі. Па гэтых канаўках дзень і ноч сцякала смала, напаўняючы невялікія конусападобныя бляшанкі, якія віселі ўнізе. Белая сасновая смала ў конусападобных бляшанках застывала, станавілася вельмі цвёрдаю. Яе мы называлі жывіцаю, так як яна цякла з жывога дрэва.

Мы са шкадаваннем глядзелі на сосны, іншы раз нам хацелася пазнімаць і павыкідаць напоўненыя жывіцаю бляшанкі. Але мы разумелі, што такім чынам нашкодзім людзям, якія збіраюць з соснаў жывіцу.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “жывіца”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з шасці літар.

Падказкі.

Першае слова з шасці літар: назоўнік, які абазначае назву аднаго з элементаў шафы.

Другое слова з шасці літар: назоўнік, які абазначае назву птушкі.

                                                        Слова “жывіца”

                                                        Рыфмуецца са словам п..,

                                                        Яму сугучна і слова с.. .

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “зелле”.

У пасляваенны час у нашым калгасе, як і ў многіх іншых, сеялі шмат буракоў: як кармавых, так і цукровых. Потым іх дзялілі на асобныя часткі, якія называлі дзялкамі. Гэтыя дзялкі давалі вясковым калгасніцам-жанчынам. Іх трэба было прапалоць, потым прарваць буракі, каб не былі надта густыя. А восенню буракі людзі вырывалі і грузілі на аўтамабілі ці на трактары, здавалі калгасу, дзяржаве.

Праполка звычайна пачыналася ў першы летні месяц, калі асабліва пякло сонца. Да гэтага часу буракі зарасталі густым, як шчотка, зеллем. Канешне, жанчына – гаспадыня хаты – не магла адна справіцца з такой працай. Таму на праполку выходзілі ўсёю сям’ёю, разам з дзецьмі. Не адзін год на калгасным полі, на дзялках побач з блізкімі працаваў і я.

Дзялкі (маглі даць і дзве, і тры) былі доўгія (больш чым на сто метраў) і шырокія (па пяць – пятнаццаць радкоў буракоў). Укленчыўшы, я старанна выдзіраў з зямлі зелле і раз-пораз пазіраў уперад, каб убачыць канец поля, дзялкі.

Усе мы з палёгкай уздыхалі тады, калі заканчвалася цяжкая праполка.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “зелле”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з дзесяці і сямі літар.

Падказкі.

Слова з дзесяці літар: назоўнік, да якога можна падабраць аднакарэннае слова “зямля”.

Слова з сямі літар: назоўнік, які абазначае назву абраду, звязанага з жаніцьбай.

                                                         Слова “зелле”

                                                         Рыфмуецца са словам б..,

                                                         Яму сугучна і слова в.. .

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю патрэбныя словы, напісаныя наадварот): ацілап, ацініс; еллемяззеб, еллесяв.

                                                                         Распрацаваў Аляксей Якімовіч