Аляксей Якімовіч
Вады сплыло (працякло)
Мастацкі
гіпотэз
Сябры-суседзі Сымон і Пятрусь сядзелі на высокім
абрывістым беразе ракі. Нібыта незвычайная сярэбраная лента, яна цячэ,
працягнуўшыся каля вёскі.
Цячэ, цячэ рэчка,
Сонца зіхаціць.
Бусел белакрылы
У
гняздо ляціць.
Воддаль плавала чародка дзікіх качак. Грудзямі яны
разрэзвалі ваду, набліжаючыся да процілеглага берага, парослага густым
лазняком.
Праз хвіліну качкі схаваліся ў аеры, які ўзвышаўся паўз
берага. “Кра-кра-кра”, -- неўзабаве данеслася адтуль. А яшчэ праз хвіліну са
звонкім свістам “віць-віць-віць” яны ўзняліся і хутка паляцелі, часта-часта
махаючы крыламі.
-- Штосьці напалохала іх у лазняку, -- заўважыў Пятрусь.
Сымон не адказаў. Яму ўспомнілася, як шмат гадоў таму
гэткім жа цёплым летнім днём разам з Петрусём сядзеў тут, на беразе. Тады
таксама чародка качак падплыла да процілеглага берага, а праз хвіліну ўзнялася, напалоханая. Як і
цяпер, Пятрусь прамовіў: “Штосьці напалохала іх у лазняку”.
“Шмат вады сплыло, працякло з таго дня! -- уголас
прагаварыў Сымон.
-- З якога дня? – азваўся Пятрусь. “Нейкія нядобрыя думкі
трывожаць майго сябра”, -- падумалася яму.
-- Помніш, як былі малымі, падшыванцамі, як сядзелі тут?
– глядзячы на ваду, прагаварыў Сымон.
Пятрусь прыўзняўся. Магчыма, каб лепей разгледзець,
убачыць той незабыўны, далёкі час.
-- Хіба забудзецца такое!
“Ён таксама ўспомніў, прыйшло на памяць”, -- здагадаўся
Сымон і сказаў:
-- Ворагі тады ў лазе сядзелі, схаваліся!
-- Каб ноччу на нашу вёску напасці, -- падтрымаў гаворку
Пятрусь.
-- Тады качкі іх спалохаліся, узняліся.
-- Адзін з ворагаў дзідай махнуў, вырашыў адагнаць.
-- А ты заўважыў яго і мне паказаў, -- сказаў Сымон і
заплюшчыў вочы.
Зноў нагадалася.
Тады яны з Петрусём ускочылі і пабеглі, каб аднавяскоўцам
паведаміць пра небяспеку. А ворагі высыпалі з лазы і з лукаў сталі страляць.
Ворагі стараліся
Край наш паланіць.
Вельмі ж ім хацелася
Панамі пабыць.
“Віць, віць, віць”, -- засвістала над галавою.
Няўжо зноў чужынцы з’явіліся, стрэлы пускаюць?
Сымон расплюшчыў вочы і зірнуў угору.
Дзякаваць Богу, няма ворагаў. Качкі вяртаюцца, ляцяць.
“Віць, віць, віць”, -- свішчуць, махаючы крыламі.
-- Пашанцавала нам тады, -- падаў голас Пятрусь.
Сапраўды, пашанцавала. Побач ляцелі, свісталі стрэлы. Яны
беглі, беглі… Потым ён, Сымон, упаў. А Петрусю здалося, што стралой ворагі
пацэлілі. Нагнуўся над ім і закрычаў:
-- Сымонка, ты жывы?
-- Жывы, -- прашаптаў.
А сэрцайка стукае ў грудзях, дыханне перахапіла.
-- Дык уставай!
Не хочацца ўставаць з цёплай, нагрэтай сонцам зямлі. Ногі
быццам здзервянелі, не слухаюцца.
-- Баішся? – гукнуў Пятрусь.
-- Вельмі баюся, -- прызнаўся яму.
Пятрусь упаў побач.
-- І я баюся!
Ляжыць, прытуліўшыся.
“Віць, віць, віць”, -- прасвістала страла.
“Ворагі неўзабаве вогненныя стрэлы на вёску пусцяць, з
усіх канцоў яе запаляць”, -- тады прабегла ў галаве ў Сымона.
Ён таўхнуў Петруся ў бок.
-- Чужынцы знішчаць вёску. Трэба бегчы, аднавяскоўцаў
папярэдзіць!
-- Трэба! – адказаў Пятрусь.
Усхапіліся і пабеглі.
Каля крынічкі, якая цякла непадалёку ад хаты, убачылі
суседа дзядзьку Мацея.
-- Дзядзька Мацей, -- закрычалі разам, -- чужынцы каля
вёскі!
-- Дзе яны? – усклікнуў Мацей.
-- Каля ракі, у лазняку, -- сказаў Пятрусь.
-- Яны качак напалохалі, -- дадаў ён, Сымон.
-- Не здалося вам, хлопчыкі?
Пятрусь заплакаў, кулачкамі размазваючы слёзы па шчаках.
І ён, Сымон, даў волю слязам.
Так і стаялі яны, плачучы.
-- Дамоў ідзіце, -- загадаў Мацей, а сам у вёску пабег,
падняў трывогу.
Сабраліся мужчыны і адправіліся за раку ўзброеныя. А ён,
Сымон, з мамай на падворку застаўся.
-- Наш татка вернецца? – не вытрываў, запытаўся.
-- Вернецца! – абнадзеіла мама.
Вярнуўся бацька, прагнаўшы чужынцаў. Здалёку яны яго на
лузе ўбачылі і таропка пакрочылі, каб сустрэць.
Цячэ вада, бяжыць удалеч, каб напаіць і людзей, і птушак,
і жывёл, і зямліцу.
-- Шмат вады сплыло, працякло! – як і ў пачатку размовы,
сказаў Сымон.
-- Шмат! -- пагадзіўся Пятрусь.
З таго дня мы, беларусы, сталі ўжываць выраз вады сплыло (працякло) многа, шмат, багата. “Прайшло многа часу, адбыліся вялікія змены”,
– вось што ён азначае.
Надрукаваны ў кнізе “Нязваныя госці”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.