Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Палітзаняткі"

 

Быў выпадак

 

Палітзаняткі

 

Нейкі час, калі існаваў Савецкі Саюз і яго Камуністычная партыя, я працаваў дырэктарам Дзеравянчыцкай дзевяцігадовай школы. Яна знаходзілася ў Слонімскім раёне. Тады ў кожнай школе праводзіліся палітзаняткі (палітычныя заняткі), якія павінны былі выхаваць адданых сыноў і дочак Савецкага Саюза і Камуністычнай партыі. Іх звычайна праводзілі партыйныя (члены КПСС, Камуністычнай партыі Савецкага Саюза) дырэктары школ. Хаця я быў беспартыйны, але і мне даручылі гэту важную справу.

Падрыхтаваўся да чарговых палітзаняткаў: на стандартных лістах напісаў тэкст выступлення.

Павесіўшы насы, сядзяць мае настаўнікі за сталамі, а я чытаю, час ад часу мяняючы лісты, паведамляю, як добра жывецца пры Савецкай уладзе і як клапоціцца аб нас наша родная Камуністычная партыя на чале са сваімі правадырамі.

Раптам заўважыў, што зноў чытаю тое ж самае, пачаўшы з першага ліста. “Настаўнікі мяне зараз на смех паднімуць”, -- падумалася.

Не, не паднялі. Сядзяць сонныя. Я хуценька закончыў чытаць мудрагелістыя сказы і паведаміў аб тым, што палітзаняткі закончаныя. Настаўнікі заўсміхаліся і разышліся.

Вось такі фармалізм, які надакучыў большасці, існаваў у тыя савецкія часы.

                                                                                              Аляксей Якімовіч.