Поиск по этому блогу

Прыслоўе як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

 

              Тэма: Прыслоўе як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады на, гуч; нізе, у;

                                                          Тра, заў; ра,ча, зга; рок, зна

                                                          Старанна вымаўляю,

                                                          З іх прыслоўі я складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце прыслоўі, у якія ўваходзяць склады на, гуч; нізе, у; тра, заў; ра, ча, зга;  рок, зна.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце словазлучэнні з прыслоўямі гучна, унізе, заўтра, нездарма, знарок: гучна сказаўшы, стоячы ўнізе, напішу заўтра, вывучыў нездарма, знарок паказаўшы. 

Да прыслоўяў гучна, унізе, заўтра, нездарма, знарок пастаўце пытанні ад слоў, да якіх яны адносяцца.

В ы в а д.

Прыслоўі адказваюць на пытанні я к? д з е? к а л і? ч а м у? з  я к о й  м э т а й? і іншыя.

Прааналізаваўшы запісаныя словазлучэнні і пастаўленыя пытанні, выберыце патрэбнае:

а) калі прыслоўі адносяцца да дзеяслова або дзеепрыслоўя, то абазначаюць прымету дзеяння;

б) калі прыслоўі адносяцца да дзеяслова або дзеепрыслоўя, то абазначаюць прымету іншай прыметы ці прымету прадмета.

А д к а з: а.

Ведайце! Прымету іншай прыметы прыслоўі абазначаюць, калі адносяцца да прыметніка, дзеепрыметніка ці прыслоўя: крыху туманнае, надта павольна, напісанае нядаўна.

Прымету прадмета прыслоўі абазначаюць, калі адносяцца да назоўніка: праца напаказ.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа тэарэтычны матэрыял параграфа 34 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Бегла ліска

                                                    Каля лесу блізка.

                                                    Ні яе дагнаць,

                                                    Ані след пазнаць. (Маланка.)

                                                                   З народнага [1, с. 355, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

   Вызначце прыслоўе ў тэксце. (Блізка.)

Ці можна змяніць форму прыслоўя блізка? (Прыслоўе не змяняецца.)

З прапанаваных назавіце слова, якое рыфмуецца з прыслоўем блізка.

Хутка, вечарам, вечар, нізка, зверху. (Нізка.)

         Ці ўсе гэтыя словы з'яўляюцца прыслоўямі? Абгрунтуйце сваю думку.

Складзіце і запішыце сказ з прыслоўем блізка.

Назавіце слова.

Гэта праца надарма,

                                              У школе вучымся … (нездарма).

                                              Са сцэны ўрачыста абвясцілі,

                                              У класе выразна … (прачыталі),

                                               Яны наперакор … (зрабілі).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Падбярыце сінонім да прыслоўя наперакор. (Знарок.)

Якімі членамі сказа бываюць прыслоўі? (Прыслоўі бываюць рознымі членамі сказа, найчасцей --  акалічнасцю.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца прыслоўі ў тэксце.  

У слове “ўрачыста”  пасля р і ч пішам а, ы.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

1. Дзе дровы сякуць,  …(там трэскі ляцяць). 2. Добра смяецца той, … 

   (хто смяецца апошнім). 3. Дождж не тады ідзе, калі просяць, … (а калі сена 

  косяць). 4. Жураўлі ляцяць высока -- … (зіма яшчэ далёка). 5. Зімой сонца   

  свеціць, … (ды не грэе) [1, с. 217, 218, 219, “Беларускія прыказкі” Я.  Рапановіча].  

               П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: а калі сена косяць; ды не грэе; там        

      трэскі   ляцяць; зіма яшчэ далёка; хто смяецца апошнім.

   Выпішыце словазлучэнні з прыслоўямі. Пастаўце пытанні да прыслоўяў. Якую прымету яны абазначаюць?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў шмат напісалі падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца прыслоўем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Вызначце, якой часцінай мовы з’яўляецца галоўнае слова ў словазлучэнні.

Якую прымету абазначае прыслоўе? Ці змяняецца яно?

Што вам вядома пра напісанне слова “напісалі”? (Прыстаўка на ў беларускай мове пішацца нязменна.)

Д л я  д а в е д к і: шмат напісалі – многа напісалі.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Беражыся каня спераду, а каровы ззаду.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Беражыся каровы спераду, а каня ззаду) [1, с. 215, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Вызначце прыслоўі. Якую ролю яны выконваюць у сказе? (Акалічнасці.) Дакажыце гэта.

Якое месца ў жыцці чалавека займаюць карова і конь?

Гульня “Шукаю сябра”.

Да прыслоўя высока, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце прыслоўе, якое адказвае на такое ж пытанне.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы-прыслоўі вы запісалі ў пачатку ўрока. (Гучна, унізе.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: прыстаўка, як у слове “накормлены”, корань, як у слове “доўгі”, суфікс, як у слове “клікаць”.

Так, гэта слова “надоўга”. Дзякуючы кораню, прыстаўцы і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта прыслоўе.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Шпак узляцеў бясшумна (Аляксей Якімовіч).

Выпішыце словазлучэнне з прыслоўем, абазначце ў ім галоўнае і залежнае словы. Пастаўце пытанне да прыслоўя.

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “бясшумна”?

Запомніце! Пішам бясшумна, а вымаўляем [б′а‾шумна].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы прыслоўі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Хлопчык, ці далёка знаходзіцца ваш стадыён? (--Наш стадыён знаходзіцца непадалёку.)

         -- Блізка?  (-- Зусім блізка.)

         -- Мне трэба ісці па гэтай вуліц..? (Крыху пройдзеце, а потым павернеце направа і адразу ж убачыце стадыён.)

         -- Дзякую табе, хлопчык.

         Выпішыце прыслоўі.

         Вучаніца сказала: “Прыслоўе абазначае прымету іншай прыметы або прадмета”. Удакладніце сцверджанне вучаніцы.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце прыслоўе.

Надзень, шторы. (Штодзень.)

Выберыце патрэбнае.

Штодзень (працаваць, усміхацца, вітацца, студэнт, вясёлы).

Перакладзіце прыслоўе штодзень на рускую мову. (Ежедневно.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

-- Я хачу хадзіць штодзень, --

                                      Сказаў сонцу цёмны … (цень).

                                                              Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца прыслоўе штодзень.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што прыслоўе паведамляе пра сябе:

                                                Абазначаю месца, спосаб,

                                                Прычыну, меру, час.

                                                Сёння ў госці завітала.

                                                Даўно збіралася да вас.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

На якія пытанні адказваюць прыслоўі месца, спосабу дзеяння, прычыны, меры, часу?

Праца са словам.

Складзіце прыслоўе з першых літар наступных слоў: насустрач, есці, даручыць, зеляніна, ехаць. (Недзе.)

У словазлучэнні “недзе непадалёку” адно прыслоўе ці два?  (Два.)

У якім прыслоўі, ужытым у словазлучэнні, дзве літары абазначаюць адзін гук?

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

Какие особенности можно заметить у некоторых птиц?  У мышелова лугового продолговатые рыжие пятна снизу. Мухоловка серая обычно вертикально сидит на ветке. Воробей домовой чаще всего быстро скачет по земле.  Во время опасности лебедь-шипун громко шипит (Аляксей Якімовіч).

С л о ў н і к: вертикально -- вертыкальна, чаще всего – часцей за ўсё.

Назавіце ў тэксце прыслоўі.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” ўстаўце патрэбныя літары.

Цёплым асеннім днём каля пад’езда шматпавярховага дома сядзелі сябры-трэцякласнікі Змітрок, Мікола і Пятрусь.

-- Н..даўна я прачытаў у газеце пра вясковага хлапчука Алеся, -- распачаў гаворку Пятрусь.

Пра вясковых хлапчукоў не так часта пішуць у газетах, -- заўважыў Мікола. Ён любіў слухаць цікавы.. гісторыі.

-- А пра гэтага напісалі. Ён вывеў з палаючага дома нямоглага дзядулю, -- сказаў Пятрусь і паглядзеў удал..чыню. Як на яве, убачыў ён перад сабою і той палаючы дом, і нямоглага дзядулю, і вясковага хлапчука Алеся (Аляксей Якімовіч) [2, с. 11, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

Падбярыце сінонім да слова “нямоглага”. (Слабога.)

Падкрэсіце прыслоўі як члены сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як і ў прыслоўя ўдалечыню, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”. 

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.

Дазвання (пабудаваў, разбурыў).

Якім словам можна замяніць прыслоўе “дазвання”? Выберыце з двух варыянтаў: зусім, крыху.

                                                   Крот залез у агарод.

                                                   Зямлю рыў аж да світання.

                                                   Шмат там шкоды нарабіў:

                                                   Пазнішчаў усё дазвання.

                                                             Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць аб прыслоўі “дазвання”, выкарыстаным у вершаваным тэксце?

Падбярыце сінонім да слова “світанне”.

Адказы (словы напісаны наадварот): ўырубзар; місуз; ацінар. 

Праца са сказамі.

1. Паветраныя шарыкі ўзняліся … і імкліва паляцелі разам з ветрам (Аляксей Якімовіч). 2. … Сымон не зразумеў, што адбываецца ў хаце (Аляксей Якімовіч). 3. Іншыя людзі не кантралююць сябе, робяць сабе … (Аляксей Якімовіч). 4. Напрыканцы спектакля … прагучалі словы галоўнага героя гэтай пастаноўкі (Аляксей Якімовіч). 5. “… ты сёння нагаварыў”, -- сказаў мне мой сябар Кастусь.

Устаўце ў сказы прыслоўі месца (1), прычыны (2), мэты (3), спосабу дзеяння (4), меры і ступені (5).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ьсывў, укносарпс, олзан, атсычарў, еншілаз.

Хвілінка творчасці.

Якія прыслоўі тут рыфмуюцца?

                                                            1. Назоўнік урок

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем з.. .

                                                            2. Назоўнік пераправа

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем с.. .

                                                            3. Дзеяслоў аддам

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем с-т.. .

                                                            4. Назоўнік авадзень

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем ш.. .

                                                           5. Назоўнікі дата, тата

                                                           Рыфмуюцца з прыслоўем б.. .

                                                            6. Дзеяслоў натачы

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем у.. .

                                                            7. Прыслоўе даволі

                                                            Рыфмуецца з прыслоўем н.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): коранз, аварпс, мат-мяс, ьнездотш, атагаб, ычану, ілокін.                                  

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падкрэсліў няпарныя звонкія зычныя ў слове “насупраць”.

На якое пытанне адказвае слова “насупраць” у сказе “Дзіцячы садок пабудавалі насупраць школы”? (Дзе?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Прыслоўем.)

Што абазначае прыслоўе і на якія пытанні адказвае?

Ці можа быць прыслоўе галоўным словам у словазлучэнні?

Якімі членамі сказа бываюць прыслоўі?

Назавіце няпарныя звонкія зычныя ў прыслоўі насупраць. (Н, р.)

8. Тэст.

Адзначце прыслоўі.

1) Навыперадкі;

2) раней;

3) раніцай;

4) паступова;

5) наступаць;

6) адтуль;

7) адтуліна.

Адказы: 1, 2, 3, 4, 6.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 10, 2024 год.