Кажуць,
што ў нашых лясах з’явіліся бурыя
мядзведзі, што нібыта прыйшлі сюды з Украіны. Вайна іх прагнала адтуль.
Некаторыя людзі, кажуць, ужо пабойваюцца хадзіць у лес, хоць там і ягады, і
грыбы.
Аж не верыцца.
Чытаю даўнюю народную прыказку: баяцца
воўка – у лес не хадзіць.
Што рэкамендуе яна нам: адкінуць страх ці схавацца за ім, як за каменнай
сцяной? Паразважайце.
Сёння
людзі ўжо расказваюць пра мядзведзяў, хаця два гады таму пра іх нават не
думалі. Вось якую гісторыю нядаўна пачуў ад адной жанчыны. Яе знаёмыя –
гарадскія жыхары – у бацькоўскай сядзібе (яна знаходзіцца наводшыбе ад вёскі)
трымалі курэй. Каб яны не паразбягаліся, зрабілі спецыяльную загараду, зверху
абнеслі металічнай сеткай. Баяліся, што каршун пакрадзе іх жыўнасць.
Бяда нібыта прыйшла адтуль, адкуль яе зусім не чакалі. Мядзведзь ноччу
разламаў загараду і падушыў курэй.
Як можна адносіцца да гэтага?
Не хачу быць суддзёй. У чужую галаву не залезеш, каб прачытаць думкі.
Магчыма, жанчына старалася напалохаць мяне, бо добра ведала, што не сядзіцца
мне: люблю збіраць грыбы.
Успамін.
Некалькі разоў глядзеў тэлеперадачы, у якіх расіяне не проста выказваюць
занепакоенасць, але б’юць сапраўдную трывогу. У Бураціі, у Краснаярскім краі і
ў некаторых іншых мясцінах Расіі развялося вельмі шмат мядзведзяў. Вялізнаму
мядзведзю не проста пракарміцца, не хапае корму ў лесе. Вось і сталі яны прыходзіць
у вёскі, на дачныя ўчасткі і нават на ўскраіны гарадоў. Калі мядзведзь,
пераадолеўшы страх перад людзьмі, прыйшоў туды адзін раз, то абавязкова
вернецца, паўторыць свой разбуральны набег.
Мяне асабліва ўразілі два выпадкі.
Першы. Ноччу мядзведзь выцягнуў з палаткі турыстку, разадраў яе і закапаў,
хаця сябры той няшчаснай турысткі, заўважыўшы нядобрае, паднялі крык.
Другі. Мядзведзь выламаў акно, залез у хату і разадраў жанчыну. І цяпер
перад вачыма стаіць тая хатка з выдраным акном.
Мера перасцярогі.
Некалі мой знаёмы, ідучы ў лес, браў з сабой петарды. Ён узрываў іх у
лясным масіве, каб напалохаць дзікоў. “Ці ўцякалі яны?” – пацікавіўся я ў яго. “Яшчэ
як! – усміхнуўся ён. – Аж кусты трашчалі”.
Як вы адносіцеся да гэтага?
У
прыгожых казках
Мішка добры звер.
Зверу, як вядома,
Ніколі не вер.
Аляксей Якімовіч
Вы згодны з такой думкай?