Поиск по этому блогу

Аповесць "Там мая казка"

 

 

 

 

 

 

                                                                     АЛЯКСЕЙ  ЯКІМОВІЧ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ТАМ  МАЯ  КАЗКА

 

Аповесць пра школьныя гады

 

У аповесці расказваецца аб тым, як шасцікласнік Максім пераязджае з маленькай вёсачкі ў сталіцу. Цяпер ён вучыцца ў вялікай сталічнай школе. Шмат незвычайнага пабачыў тут хлапчук.

 

Друкавалася ў кнізе “Аповесці”, выпушчанай выдавецтвам “Беларусь” у 2010 годзе.

Якімовіч, А. М. : аповесці : для сярэд. шк. узросту / Аляксей Якімовіч ; склад. З. І. Падліпская. – Мінск : Беларусь, 2010. – 262 с. – (Школьная бібліятэка).

Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе. Друкаваць у гэтым варыянце.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

                                

У школу

 

   Максіму не шанцавала з самага ранку. Бывае ж такое: не шанцуе, і ўсё. Па-першае, тата і мама праспалі. Паставілі гадзіннік на сем, а ён зазваніў у восем. Невядома, ці будзільнік быў вінаваты, ці тата, які яго наводзіў.

   -- Уставай, сынок, уставай! -- разбудзіла Максіма мама. – Прыйдзецца табе аднаму ў школу ісці. Памятаеш, у якім класе будзеш вучыцца?

   -- У шостым “Гэ”, -- адказаў Максім, споўзшы з ложка. Ён адчуў, як трывожны халадок прабег у грудзях. Нагадаў сваю вёсачку, сваю дзевяцігодку, дзе проста шосты клас, без гэтых літар “А”, “Бэ”, “Вэ”, “Гэ”. Захацелася зноў заплюшчыць вочы, каб імгненна перанесціся туды...

   Максімавага бацьку перавялі на працу сюды, у вялікі горад, яшчэ ў пачатку года, а Максім з мамай жыў у вёсцы. Нядаўна, напрадвесні, тату далі кватэру. Спачатку да яго пераехала мама, а потым і ён, Максім. Усяго два месяцы засталося да канца навучальнага года. Максіму хацелася хоць гэты навучальны год у сваёй школе закончыць, ды тата сказаў, як кропку паставіў: “Прыязджай!..”

   Максім сядзеў за сталом і піў гарбату, раз-пораз пазіраючы ў акно. Там, у вёсцы, каля самага акна ўзвышаецца яблыня, далей цягнецца агарод,  за агародам распасціраецца балота, а за балотам віднеюцца рэчка і лес. А тут аўтобусы, тралейбусы, трамваі грукацяць. Людзі бягуць, спяшаюцца, быццам на пажар.

   Максіму стала страшна: магчыма, раптам не ў той аўтобус сядзе. Невядома, куды гэты аўтобус яго завязе. У вялікім горадзе, напэўна, як у вялікім лесе: не ведаеш сцежак-дарожак – заблудзішся. А ён у новай школе ні разу не быў, нават не ўяўляе, якая яна. Учора мама паабяцала, што сама ў школу завязе. Але ж не выходзіць, праспалі...

   -- Пара ісці, сынок, -- напомніла мама. –  У дванаццаты нумар аўтобуса сядзеш, пяць прыпынкаў праедзеш, а на шостым выйдзеш. Праз дарогу перабяжыш, а там і твая школа. Запомніў?

   -- Угу, -- уздыхнуў Максім і выйшаў на двор. Глянуў на гадзіннік, які перад ад’ездам купіў яму дзядуля. Стрэлка гадзінніка паказвала палову дзявятай.

   Як і наказвала мама, ён уціснуўся ў дванаццаты нумар аўтобуса, адлічыў пяць прыпынкаў і вылез на шостым. Пакуль усё складвалася як след, добра. А затым зноў не пашанцавала.

   Толькі прыпусціўся, каб перабегчы дарогу, -- свісток, такі нечаканы, што прымусіў сцяцца. Азірнуўся – міліцыянер стаіць, да сябе кліча.

   Максім хацеў ірвануцца і пабегчы ( міліцыянер, напэўна, не стаў бы яго даганяць ), але па дарозе ўжо імчаліся машыны.

   Як перапалоханы заяц, хлапчук скокнуў на тратуар. А міліцыянер тут як тут.

   -- Ты з якой школы?

   Максім маўчаў, моргаючы вачыма. Што ён мог сказаць міліцыянеру? Вылецеў з галавы нумар школы, у якую запісала яго мама. Да гэтага памятаў, а цяпер раптам забыўся: ці то ад таго, што спалохаўся, ці то ад таго, што разгубіўся.

   Міліцыянер узяў яго за руку, як малое дзіцё, і павёў за сабою ў шкляную будку, якая стаяла непадалёку. Максіму здавалася, што ўсе людзі, да адзінага, зараз спыняцца і будуць з дакорам глядзець на яго. Але, на дзіва, ніхто не спыніўся. Усё гэтак жа хутка імчацца машыны, а гараджане кудысьці бягуць, спяшаюцца.

   У шкляной будцы было ціха. Гукі вуліцы сюды даносіліся як здалёку, і таму незвычайна моцна прагучаў голас міліцыянера, калі ён запытаўся:

   -- Чаму пабег на чырвоны агонь святлафора?

   -- Баяўся, што ў школу спазнюся.

   Міліцыянер кіўнуў галавою, паказаўшы на Максімаў гадзіннік.

--Ужо спазніўся. З якой ты школы, артыст?

Максім зірнуў на пагоны міліцыянера. Дзве сярэбраныя зорачкі выдзяляюцца на іх.

   -- Я, дзядзька лейтэнант, з Прырэцкай школы.

   Міліцыянер аж галавою страсянуў. Нейкую хвіліну ён моўчкі глядзеў на Максіма, а потым стомлена прагаварыў:

   -- Хлусіць не ўмееш, хлопец...

   -- Максім увесь напяўся, нават пачырванеў. Хіба гэта няпраўда? У Прырэцкай школе ён больш чым пяць год правучыўся, а ў новай зусім не быў, ні дня.

   -- Мы ў горад нядаўна пераехалі,  заўсёды жылі ў вёсцы. Наша вёска называецца Прырэчча, бо пры рацэ стаіць. Тату ў горад на новую працу перавялі, і мы з мамай нядаўна да яго пераехалі.

   Міліцыянер неспадзявана весела ўсклікнуў:

   -- Дык ты вясковы? Я таксама вясковы, таксама з вёскі Прырэчча і нядаўна ў горад перабраўся. У маім Прырэччы вясною яблыні цвітуць!..

   -- І ў маім яшчэ як цвітуць! – усміхнуўся Максім, забыўшыся, што ён --  парушальнік вулічнага  руху. І здалося яму: выйдзі з гэтай шкляной будкі – і ўбачыш каля яе яблыню белы наліў, падобную на тую, што ў іх за хатай расце. Каля яблыні кружацца, дзынькаюць пчолы, яшчэ лянівыя пасля зімы...

   Міліцыянер адчыніў шкляныя дзверы – зноў загудзела, занервавалася.

   -- Хлопец, запомні: правілы вулічнага руху трэба паважаць.

   -- Мне можна ісці?

   -- Ідзі.

   Загарэўся зялёны агонь святлафора. Максім няспешна перайшоў цераз дарогу і азірнуўся. Міліцыянер, прыгожы, высокі, стаяў каля шкляной будкі і ўсміхаўся яму.

   Хлапчук нарэшце ўспомніў нумар школы, у якую запісала  мама.

   -- Сто дваццаць трэцяя школа! – гукнуў моцна, каб пачуў міліцыянер. Хацеў дадаць “мая”, ды чамусьці духу не хапіла.

   Лейтэнант махнуў рукою: маўляў, ідзі, хлопец.

 

Чхалка, альбо ёсць жа такія дзяўчынкі!

 

  Максім прывык бачыць каля сваёй школы бярозкі, ліпкі, нават стогадовыя таполі. Таполяў усяго чатыры. Яны падобныя да казачных асілкаў, нямала перажыўшых. Ліпкі, адна ў адну, танклявыя, як блізняткі-сёстры, пасаджаны ад вуліцы, пры плоце. А паабапал дарожкі, якая вядзе да школы, -- бярозкі. Весела крочыць па такой дарожцы. Быццам па шырокім гасцінцы. Яшчэ за школаю – яблыневы сад. Пахне ўвосень яблыкамі!

   А тут Максім убачыў цагляную будыніну на пяць паверхаў. Вакол будыніны бетон, сям-там латкі чорнага асфальту і ніводнага дрэўца няма.

   Хлапчук спыніўся каля дзвярэй, каб перавесці дух.

   -- Ага, спазніўся! -- раптам пачулася ззаду.

   Максім азірнуўся. Дзве дзяўчынкі, відаць, чацвёртакласніцы (у абедзвюх тоўстыя косы, вялікія банты. Толькі ў адной  бант блакітны, а ў другой – белы), пазіраюць на яго і ўсміхаюцца, як пераможцы.

  “Кыш!” – хацеў крыкнуць ён, ды нечакана (бывае ж такое!) чхнуў.

  -- Цябе чакае непрыемнасць! – дружна ўсклікнулі дзяўчынкі.

   Максім узяўся за ручку дзвярэй. Пра што можна гаварыць з гэтай малечай? Хіба яны нешта разумеюць?

   -- Цябе чакае непрыемнасць, бо ты чхнуў, -- голасам строгай настаўніцы прагаварыла дзяўчынка з белым бантам.

   -- Хто чхае з дзевяці да дзесяці гадзін, таго чакае непрыемнасць, -- дадала дзяўчынка з блакітным бантам.

   Стрэлка гадзінніка мінула лічбу дзесяць, а вялікая прыпынілася на лічбе два. “На першы ўрок я ўжо спазніўся, мне няма куды спяшацца,  -- падумаў Максім. -- З гэтымі стракозамі пагавару, крыху душу адвяду”.

   -- А вы адкуль ведаеце, што непрыемнасць чакае, калі з дзевяці да дзесяці чхнеш? Вы старажытныя аракулы?

   -- У нас ёсць чхалка, -- паведаміла дзяўчынка з белым бантам.

   -- Чхалка – гэта такая табліца, -- стала тлумачыць дзяўчынка з блакітным бантам. – Там сказана, што цябе чакае, калі ты днём ці ноччу чхнеш. Сёння панядзелак. Дык вось. Калі чхнеш з васьмі да дзевяці гадзін – нехта прыйдзе. Калі з дзесяці да адзінаццаці – цябе чакае сяброўка. Калі з адзінаццаці да дванаццаці – наведаюць сябры. І так далей. Усю чхалку не хутка раскажаш. Яна доўгая.

   -- Калі-небудзь яна ў вас збываецца? – запытаўся Максім.

   -- Не заўсёды, -- нахмурылася дзяўчынка з белым бантам. – Заўчора я чхнула з дваццаць адной гадзіны да дваццаці дзвюх. Па чхалцы – цябе чакае радасць. А выйшла так, што тата насварыўся на мяне.

   -- Я ўчора чхнула з сямнаццаці да васямнаццаці, --падхапіла  дзяўчынка з блакітным бантам.-- Так хвалявалася, так хвалявалася!.. А тата мне новыя туфелькі купіў.

  -- З урока ўцяклі, каб чхалку вызубрыць? – выгаварыў Максім.

  -- Мы вучымся ў другую змену, -- сказала дзяўчынка з белым бантам. – Цяпер прыйшлі на секцыю. А чхалку дома зубрым. Яна нам цікавая.

   Максім падумаў, што ўсюды дзяўчынкі аднолькавыя. Усім ім даспадобы незвычайнае. І ў іх, у Прырэччы, дзяўчынкі збіраюцца разам і шушукаюцца. Нейкія сшыткі заводзяць, пад сямю замкамі іх трымаюць, быццам там важныя дзяржаўныя сакрэты.

 

Крыху праз шчылінку

 

   --  Ні пуха ні пяра вам! -- паждаў дзяўчынкам-стракозам Максім і адчыніў дзверы школы. Дзіўна, але пасля гэтай сустрэчы на душы стала весялей. Так бывае, калі ўбачыш добрага сябра.

   Ён спыніўся на калідоры, доўгім, шырокім, быццам станцыя метро. Гладкая падлога зіхацела, нібы выслізганы лёд на сажалцы.

   Максіму вельмі захацелася разагнацца і праехаць па гэтай падлозе. Канешне, ён абавязкова разагнаўся б, абавязкова праехаў бы, але ўдалечыні, недзе за павароткай калідора, пачулася: цок-цок-цок, цок-цок-цок...

   Максім ведаў: так цокаюць туфлі, у якіх абцасы-шпількі. Відаць, нейкая настаўніца ідзе, набліжаецца. З настаўніцай яму не хацелася сустракацца. Мажліва, да дырэктара завядзе. Стой там, апусціўшы галаву, тлумач, чаму спазніўся. Не. Лепей самому знайсці шосты “Гэ” і сказаць класнаму, што ён новенькі.

   Па шырокіх прыступках лесвіцы хлапчук падняўся на другі паверх. На другім паверсе таксама доўгі калідор, а яшчэ безліч пафарбаваных на белы колер дзвярэй з металічнымі лічбамі. Лічбы розныя: і пяць, і дзесяць, і дваццаць... Яны не падкажуць, за якімі дзвярыма зймаецца шосты “Гэ”.

   Максіму ўспомнілася Прырэцкая школа, такая маленькая і ўтульная. Зашчымела на душы. “Што ж рабіць? – разважаў ён. – Можа, спусціцца на першы паверх? Няхай вядзе тая настаўніца да дырэктара. Няхай!”

   Неспадзявана з-за дзвярэй, насупраць якіх стаяў, данёсся магутны рогат. Уяўляеце, як могуць зарагатаць разам, ну, напрыклад, трыццаць дзесяцікласнікаў?

   Максім забыўся пра ўсё на свеце. Яму захацелася паглядзець, што робіцца ў гэтым класе. Крыху прыадчыніць дзверы і паглядзець праз шчылінку. Пераадолеўшы страх, прыадчыніў іх і глянуў, прыжмурыўшы левае вока. У класе быў паўзмрок. Каля стала стаяў настаўнік, а воддаль ад яго –  высокі, плячысты хлапец. Яшчэ Максім заўважыў тэлевізар, на экране якога бегалі нейкія цёмныя лініі. “У іх тэлеўрок, а тэлевізар сапсаваўся”, -- падумаў ён і хацеў зачыніць дзверы, але пачуў, як настаўнік сказаў плячыстаму хлопцу:

   -- Вось так, Сямён Капец. На Марс мы цябе завезлі, а на Зямлю ты не трапіў, не вярнуўся, бо адлегласць да яе не вылічыў.

   -- Ён там пад руку з марсіянкай гуляе, -- пачуўся чыйсьці голас.

   Клас зноў выбухнуў рогатам.

   “У класе не тэлевізар, а кампутар, -- здагадаўся Максім. – Вунь і клавішы ўнізе. Выходзіць, старшакласнікі займаюцца ў кабінеце інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, на кампутары вучацца працаваць “.

   Падобныя кампутары ёсць і ў Прырэцкай дзевяцігодцы. Іх дзевяцікласнікі вывучаюць.

   -- Што будзем рабіць? – звярнуўся настаўнік да Сямёна.

   -- Рыгор Мікалаевіч, я чалавека на экране намалюю. Дазвольце!

   Голас у Сямёна задрыжаў. Яму, напэўна, вельмі хацелася паказаць сябе. “Дазвольце! Калі ласка! Няхай намалюе!” – ледзь не крыкнуў Максім.

   -- Паспрабуй, -- дазволіў Рыгор Мікалаевіч.

   Сямён таропка націскаў на клавішы. Па экране бегалі, імгненна мяняючыся, розныя лініі.

   -- Усё! – нарэшце выдыхнуў.

   -- Рыгор Мікалаевіч, у яго чалавек уверх нагамі стаіць! – пачуўся вокліч. – Ха-ха-ха...

   Максім таксама заўважыў, што чалавек, падобны да тых, якія на старажытных малюнках, сапраўды стаіць уверх нагамі.

   Максім ціхенька зачыніў дзверы. Няёмка пазіраць праз шчылінку, асабліва калі бачыш, як з кагосьці смяюцца.

   Куды цяпер ісці? Такі вялікі калідор, а прытуліцца няма дзе.

 

Знаёмства з аднакласнікам

 

   “Усё-ткі пайду да дырэктара, -- вырашыў Максім.-- Не з’есць ён мяне”.

   У гэты час дзверы з лічбай 20 адчыніліся, і на калідор выскачыў хлапчук. Валасы ў яго, што вельмі здзівіла Максіма, былі белыя-белыя. Ён спачатку падумаў, што хлапчук сівы, але потым адагнаў ад сябе гэтую недарэчную думку.

   Белавалосы зачыніў дзверы, спыніўся і, з цікаўнасцю пазіраючы на Максіма, хутка-хутка, як заяц, перабіраючы губамі, зашаптаў: “Індульгенцыя – форма поўнага апраўдання і адпушчэння грахоў пры жыцці... Дэвіз баронаў Кусі: “Я не кароль і не князь, я барон Кусі”.

   Максім хацеў запытацца, дзе знаходзіцца шосты “Гэ” , але хлапчук ірвануўся з месца і метэорам панёсся ўніз па лесвіцы.

   Напэўна, хвіліны не прайшло – назад ляціць  з невялікай анучкай у руцэ. Зноў спыніўся, пазірае на Максіма і шэпча: 

   --Я не кароль і не князь, я барон Кусі. Індульгенцыя – форма поўнага апраўдання і адпушчэння  грахоў пры жыцці.

   “Лапоча, нібы індык, спадылба пазірае. Вось-вось растапырыць рукі, як індык крылы, і кінецца на мяне”, -- падумаў Максім.

   -- Ты не здзіўляйся. Гісторыю паўтараю, каб не забыцца,    звярнуўся да Максіма хлапчук і заморгаў вачыма. Непрыемнае, індычынае, адразу знікла з яго твару. – Я сёння дзяжурны, а анучку, якой дошку выціраем, хлопцы кудысьці закінулі. Дык мяне географ па анучку паслаў.

   -- Цяпер геаграфія, а ты гісторыю паўтараеш?

   -- Геаграфію я ўжо адказаў. А ты хто такі? Раней цябе ў нашай школе не сустракаў.

   -- Я ў ваш горад нядаўна пераехаў, да гэтага вучыўся ў Прырэцкай дзевяцігодцы.

   -- У якой?

   У хлапчука, заўважыў Максім, бровы папаўзлі ўгору. Можна было падумаць: ён, Максім, сказаў яму, што пешшу з Афрыкі прытопаў.

   -- Прырэчча – гэта вёска, ад яе дзвесце кіламетраў да вашага горада. Майго тату на працу сюды перавялі. Я буду вучыцца ў вашай школе, у шостым “Гэ”.

   -- І я вучуся ў шостым “Гэ”, -- паведаміў хлапчук і працягнуў руку. –  Сяргей Макарэвіч.

   Максім павесялеў. Нарэшце і свой клас знайшоў, і з аднакласнікам пазнаёміўся.

   -- Максім Гародка, -- сказаў, паціснуўшы Сяргею руку.

  Сяргей на хвілінку наморшчыў лоб, штосьці абдумваючы, а потым заявіў:

   -- Мы будзем зваць цябе Агарод.

  -- Чаму?

   -- Бо тваё прозвішча на гэтае слова падобна. Га-род-ка – а-га-род... Разумееш?

   Максім хацеў сказаць, што ў Прырэцкай школе яго звалі дзедам-казачнікам, бо казкі любіць складаць і расказваць, але адумаўся, разважыў: лепей не прызнавацца. Прызнайся – і першая мянушка прыліпне, і ад другой не пазбавішся. А дзве адразу будзе нялёгка насіць.

   -- Сяргей, а ў цябе якая мянушка?

   Макарэвіч пачырванеў і пераступіў з нагі на нагу.

   -- Ну! – падахвоціў яго Максім. – Усё роўна праведаю.

   -- Снежная Каралева... Бачыш, якія белыя валасы ў мяне? Вось і прыдумалі. Быццам я дзяўчынка... Ты так не называй мяне!

Сяргей сціснуў кулакі і зноў стаў падобны да індыка. Дакраніся – і кінецца ў бойку.

   -- Я ніколі не буду цябе абзываць, -- паабяцаў Максім.

   Сяргей заўсміхаўся і перавёў гаворку на іншае:

   -- А ты ведаеш, якая плошча Паўднёвай Амерыкі?

   -- Сямнаццаць мільёнаў васямсот трыццаць чатыры тысячы квадратных кіламетраў. Найбольшая вышыня над узроўнем мора – шэсць тысяч дзевяцьсот шэсцьдзесят метраў (гара Аконкагуа). Найменшая вышыня ад узроўню мора – сорак метраў (паўвостраў Вальдэс), -- без запінкі адказаў Максім.

   -- Малайчына! -- пахваліў Сяргей. – Але я не раю табе ісці на ўрок. Сёння географ як тыгр. Палова класа да ўрока не падрыхтавалася. Учора ў паход хадзілі.

   Максім разгубіўся. Ён спадзяваўся, што Сяргей цяпер жа завядзе ў клас, пазнаёміць з настаўнікам і аднакласнікамі.

   -- А што мне рабіць? Па калідоры сноўдацца?

   -- Стой тут і чакай мяне. Я цябе да нашай класнай завяду. Наша класная класная, во! – Сяргей падняў угору выцягнуты палец, і Максім зразумеў, што класная душа-чалавек.

   -- Чакай, -- прагаварыў Сяргей і накіраваўся ў клас.

   Максім падышоў да акна. Школьны двор залівала спякотаю сонца, на вуліцы грукатала, гуло.

   І там, за дзвесце кіламетраў адгэтуль, у Прырэччы, свеціць гэтае ж сонца. А яшчэ кружацца над яблынямі пчолы і жыве казка...

   Максім прытуліўся шчакой да цёплай шыбы. Нагадаўся такі ж сонечны дзень.

   Гэта было ў чацвёртым класе.  Ён упаў з лесвіцы і зламаў нагу. Занудзіўся тады, лежачы ў ложку. Аднаго дня бабуля Марыся, прысеўшы каля яго, распачала гаворку: “Не сумуй, унучак. Паправішся ты, ачуняеш. Калісьці вырасцеш вялікім і прыгожым. Напэўна, будзеш жыць далёка ад дома. І, магчыма, станецца так, што засумуеш, як сёння, будзе цяжка табе. Тады дамоў прыедзь. Падыдзі да сваёй хаты і прытуліся да сцяны. Хата цябе пазнае, зразумее, казку раскажа. Тут, Максімка, твая казка. Яна разам з табою нарадзілася. Ты паедзеш, а казка застанецца ў хаце, будзе чакаць. Хочаш паслухаць казку пра маленькага Мураша, як ён дарогу дамоў шукаў?..” “Хачу”,  -- сказаў ён.

 

Як Мураш дарогу дамоў шукаў

( казка бабулі Марысі )

 

   Заблудзіўся на агародзе маленькі Мураш. Плача, бядуе:

   -- Як я цяпер дамоў дабяруся?

  Пачуў Рамонак Пахучы, паківаў жаўтавата-зялёнымі кветкамі.

   -- Чаго ж ты так расплакаўся? Няўжо зусім не памятаеш, дзе твой дом знаходзіцца?

   -- Пад вялікім камянём, -- мацней заплакаў Мураш. – Мама нам казала, каб на поўдзень ішлі, калі заблудзімся. Але я забыўся, у якім баку поўдзень. Я яшчэ маленькі, у школу не хаджу.

   -- Вунь туды, да плота, кіруйся, -- параіў Рамонак. – Там жыве Піжма. Яна ў школе добра вучылася, пакажа, дзе поўдзень.

   -- Я не пазнаю Піжму.

   -- У яе кветачкі жоўтыя, на маленькія кошычкі падобныя. А некаторыя кажуць, што жоўтыя гузікі яны нагадваюць.

   -- Дзякую! -- крыкнуў Мураш і пабег да плота.

   Ускарабкаўся на градку. А там буракі лапушацца. Цёмна на градцы, быццам у густым лесе.

   Мураш спусціўся ў разорку, спыніўся, дух перавёў і далей пабег як мага. Дабег да плота, высокую расліну ўбачыў. Кветкі ў яе быццам жоўтыя гузікі, а лісцікі вузкія, па краях няроўныя, выгінастыя.

   -- Вы цётачка Піжма? – ціха запытаўся ў расліны.

   -- Так. Мяне яшчэ называюць Дзікаю Рабінкаю, бо мае ягады падобныя на ягады Рабіны.

   -- Цётачка Дзікая Рабінка, я дарогу дамоў шукаю. Мама нам казала, што на поўдзень трэба ісці, калі заблудзішся. Вы ведаеце, дзе поўдзень?

   -- Рабрынкі маіх лісцікаў заўсёды накіраваны з поўначы на поўдзень. Глядзі! Поўдзень там, дзе сцелецца Бярозка. Ідзі туды, і свой дом неўзабаве знойдзеш.

   -- Дзякую, цётачка Дзікая Рабінка, -- падзякаваў Мураш і пабег уздоўж плота.

   -- Шчаслівай дарогі, Муравейка! – пажадала Піжма.

   Бяжыць Мураш, спяшаецца. Убачыла яго Крапіва, засыкала:

   -- Апяку!..

   Мураш не спалохаўся, абмінуў Крапіву, далей бяжыць.

   Вось і Бярозка. На плот залезла, свавольніца, дзівіцца.

   -- Куды бяжыш, маленькі? – пацікавілася.

   -- Цётачка Бярозка, я заблудзіўся, -- паведаміў Мураш, а потым дадаў: -- Вы мяне не пакрыўдзіце?

   -- Я не люблю крыўдзіць, -- сказала Бярозка. – З маіх духмяных кветак і Мухі, і Пчолы, і Матылькі п’юць нектар.

   -- А чаму цяпер вашы кветачкі закрытыя? Нектару няма?

   -- Хутка будзе вялікі дождж. Перад дажджом мае кветачкі заўсёды закрываюцца.

   На вачах у Мураша выступілі слёзкі.

   --  Мяне ручаінка падхопіць і панясе далёка.

   -- Не плач, -- супакоіла Бярозка. – Мой сусед Сланечнік табе дапаможа.

   -- Абавязкова дапамагу, -- пачуўшы, азваўся Сланечнік. – Залазь пад маю шапку, Муравейка. Яна схавае цябе ад дажджу.

   Шапка ў Сланечніка круглая, цяжкая, уніз нагнулася. Не марудзячы, Мураш спрытна ўскарабкаўся па сцябліне-стволіку і неўзабаве схаваўся пад гэтай шапкай.

   “Кап-кап”, -- упалі першыя кроплі дажджу.

   Мураш залез у шчылінку, дзе раней было семачка(няйначай, Верабей яго выдзеўб), сядзіць, не варушыцца.

   Капаюць кроплі, важка б’юць па Сланечніку, а Мурашу пад магутнай шапкай цёпла і ўтульна. Ён нават заснуў непрыкметна. Дом яму сніцца, мама сніцца, брацікі-мурашы сняцца.

   -- Уставай, уставай! – будзіць Сланечнік. – Дождж ужо прайшоў.

   Мураш працёр вочкі. Сапраўды, Сонейка свеціць, Матылькі лятаюць, Пчолы дзынькаюць.

    -- На маю шапку залезь, -- параіў Сланечнік. – Адтуль свой дом убачыш.

   Мураш ускарабкаўся на шапку, на самы верх, і ўбачыў за агародам вялікі камень. Каля яго брацікі і сястрычкі ўвіхаюцца, працуюць.

   Мураш як га сказаць спусціўся ўніз.

   -- Дзякую, цётачка Бярозка і дзядзечка Сланечнік! Цяпер не заблуджуся, знайду дарогу дамоў.

   Сланечнік усміхнуўся і падумаў:” Маленькі, а такі разумны!”

 

Разам з другакласнікамі

 

   Максім так задумаўся, што не пачуў, калі да яго падышла маладая настаўніца. У яе, як і ў бабулі Марысі, былі добрыя, прыязныя вочы.

   -- Хлопчык, як цябе зваць? – пацікавілася настаўніца.

   -- Максім, -- адказаў Гародка. – Я раней вучыўся ў вёсцы, а цяпер да вас у горад пераехаў.

   Настаўніца, чаго Максім ніяк не чакаў, пагладзіла  яго па галаве.

   -- У шостым “Гэ” будзеш вучыцца? Так?

   -- Ага. А вы як здагадаліся?

   -- Я твая новая класная настаўніца Ніна Іванаўна. З самага ранку чакаю цябе.

   -- Я незнарок спазніўся. Тата навёў будзільнік не на сем, а на восем гадзін. Прабачце, Ніна Іванаўна.

   Шырока адкрытымі вачыма Максім глядзеў на класную. Ці зразумее яна яго?

   -- Я ў суседнім класе з другакласнікамі займаюся. Іх настаўніца захварэла. Дык мяне папрасілі, каб замяніла яе. Хадзем са мною, потым завяду да сваіх.

   Максім разам з Нінай Іванаўнай пайшоў у другі клас. “Цікава выходзіць, -- падумаў ён. – Спачатку за старшакласнікамі назіраў праз шчылінку, а зараз з другакласнікамі буду сядзець. Калі ж да шасцікласнікаў дабяруся?”

   Другакласнікі, як адзін, уважліва паглядзелі на Максіма, штосьці зашапталі, а некаторыя дзяўчынкі ў далонькі пырснулі.

   Ніна Іванаўна паказала на вольную парту.

   -- Сядай там, калі ласка.

   Максім хуценька сеў, а Ніна Іванаўна звярнулася да другакласнікаў:

   -- Дзеці, напамінаю: у нас урок матэматыкі. Паслухайце задачу. У адным кавалку было восем метраў матэрыялу, а ў другім – на два метры больш. Колькі метраў матэрыялу было ў двух кавалках? Зрабіце кароткі запіс задачы і складзіце яе графічную схему.  Хто выканае заданне?

   -- Я! Можна? – з пярэдняй парты пацягнулася ўгору пухленькая ручка.

   -- Калі ласка, Наташа.

 Маленькая з вялікім жоўтым бантам дзяўчынка – сапраўднае куранё – выйшла да дошкі і стала старанна, высунуўшы кончык языка, пісаць:

   І –      8   м                            ?      кароткі

   І І –    ? на 2  м б.                        запіс

  

   8    +    2

 

         ?    +    8                                 графічная

                                                         схема

                      ?

   Максім глядзеў і дзівіўся. Вось дык другакласнікі, вось дык кураняткі! Ведаюць і рымскія лічбы, і ў графічных схемах разбіраюцца. Сямёна Капца каб сюды. Няхай павучыўся б. Не выйшаў бы тады ў яго на кампутары чалавек уверх нагамі.

   -- Малайчына, Наташа, -- пахваліла настаўніца дзяўчынку і зноў звярнулася да класа: -- Дзеці, рашыце задачу выразам.

   -- Ніна Іванаўна, вы мне дзясятку пастаўце, -- нечакана заявіла Наташа.

   -- Не хвалюйся. У канцы ўрока абавязкова пастаўлю, -- усміхнулася Ніна Іванаўна.

   Другакласнікі нагнуліся над партамі.

   -- Цяпер  стоячы трэба пісаць, -- зрабіла заўвагу настаўніца.

   Накрыўкі парт падняліся як адна. Другакласнікі ўсталі і пачалі пісаць стоячы. Ніводзін з іх не запратэставаў.

   Да Максіма наблізілася Ніна Іванаўна і ціха прагаварыла:

   -- У вашай школе, напэўна, не парты, а сталы ў класах стаяць?

   --Ага.
   -- Гэта не зусім правільна. Я растлумачу табе, чаму трэба пісаць менавіта за партамі.

   Але яна не паспела растлумачыць. З усіх бакоў пацягнуліся ўгору рукі.

   -- Я рашыў!

   -- І я рашыла!

   -- І я!

   Ніна Іванаўна падышла да дошкі.

   -- Які адказ выйшаў у вас?

   Дзеці загудзелі як у вуллі:

   -- Адказ: васямнаццаць метраў!

   -- Вось якія вы! -- развяла рукамі настаўніца.

   Неспадзявана на столі загарэліся рознакаляровыя агеньчыкі. Яны беглі, быццам дзівосная вогненная хваля. Другакласнікі пазіралі ўгору і радасна ўсміхаліся.

   Агеньчыкі апошні раз прабеглі рознакаляроваю хваляю і патухлі. Другакласнікі селі, накрыўкі парт плаўна апусціліся.

   -- Дзеці,  -- сказала Ніна Іванаўна, -- наступную задачу паспрабуем рашыць вусна. Пара коней прабегла сорак кіламетраў. Па колькі кіламетраў прабег кожны конь?

   Максім з цікавасцю назіраў за малымі. Адзін чарнявенькі хлапчук кусае ручку ад нецярпення. Так хочацца яму хутчэй рашыць задачу! А тая, бялявая, што сядзіць каля акна, губамі перабірае, шэпча, вылічвае. А вунь той, вушасты, чамусьці чухае патыліцу, а не лоб.

   -- Дык па колькі кіламетраў прабег кожны конь? – парушыў цішыню голас настаўніцы.

   -- Ніна Іванаўна, а чаму гэтыя коні беглі? -- усхапіўся з-за парты чарнявенькі.

   -- Бо такое спаборніцтва было.

   -- Зразумела. Кожны конь прабег па сорак кіламетраў.

   -- Растлумач, Раман, як ты пра гэта даведаўся.

   Раман адкрыў рот, каб растлумачыць, але нечакана заплакала тая бялявая дзяўчынка, што сядзела каля акна.

   Ніна Іванаўна падышла да яе.

   -- Што здарылася? Чаму плачаш?

   Дзяўчынка заплакала яшчэ мацней.

   -- Чаму плачаш? Скажы нам!

   -- У яе непрыгожае імя, -- падаў голас Раман. – Быццам у хлапчука – Лёня.

   -- Непрыгожае імя? –  з недаўменнем прамовіла Ніна Іванаўна.

   Раман паказаў на вушастага, які сядзеў разам з Лёняю.

   -- Пятрусь толькі што сказаў на яе: Лёня-кавалерыст!

   Дзяўчынка плакала няўцешна, усхліпваючы і шморгаючы носам.

   -- У мяне непрыгожае імя!.. – пачулася праз усхліп.

   “Яна адзінокая тут, у класе, як і я, -- з жахам падумаў Максім. – Ёй боязна сядзець за партаю, бо кожную хвіліну можа пачуць абразлівае Лёня-кавалерыст. Ёй трэба дапамагчы. Але як?  Петруся на перапынку за вушы як след нацягаць? Але ж заўтра хтосьці іншы крыкне: “Лёня-кавалерыст!..” Непрыгожае імя... Так яна лічыць, так лічаць і аднакласнікі. А чаму яно непрыгожае? Трэба даказаць, што гэта не так”. Успомніліся словы бабулі Марысі: “Унучак, ад многіх няшчасцяў казка лечыць. Яна для чалавека як гаючая трава”.

   Максім устаў з-за парты і папрасіў:

   -- Ніна Іванаўна, я раскажу ім казку “Непрыгожае імя “. Можна?

   -- Можна, можна, -- два разы паўтарыла настаўніца.

 

Непрыгожае імя

 

   На прыгуменні каля плота раслі Крапіва, Лопух, Асот і Гусіная Лапка. З самых першых дзён вясны неўзлюбілі Крапіва, Лопух і Асот Гусіную Лапку. З усходам Сонейка дражніцца пачынаюць:     

                                               Гусіная Лапка,

                                               А дзе твая шапка?

   -- За што вы так на мяне? – ціха азываецца Гусіная Лапка. – Хіба я за вас горшая?

   -- У цябе імя непрыгожае! – крычыць Лопух.

   -- Непрыгожае, -- паўтарае за ім Крапіва і ціснецца бліжэй, каб апячы Гусіную Лапку.

   -- У цябе гусінае імя. Табе толькі з Гусямі сябраваць! – галёкае Асот і стараецца ўкалоць суседку.

   -- У мяне імя непрыгожае. Няхай, -- пагаджаецца яна. – Але мае кветачкі прыгожыя, залаціста-жоўтыя. Яны красуюць з самай вясны да позняй восені і  так цудоўна пахнуць! Панюхайце, калі не верыце.

   -- І не падумаю, -- адварочваецца Крапіва.

   -- Не хачу, -- крывіцца Асот.

   -- Не буду, -- са злосцю вымаўляе Лопух.

   -- Паглядзіце, якія лісцікі ў мяне, -- просіць Гусіная Лапка. – Такіх ніводная расліна не мае:  зверху зялёныя, а знізу белыя.

   Незычліўцы нават слухаць не хочуць, пацяшаюцца:  

                                              Гусіная Лапка,

                                              А дзе твая шапка?

   І так кожны дзень. “Лепей мяне Гусі з’елі б, чым такое цярпець”, -- не раз крадком уздыхала Гусіная Лапка.

   Але ў гэтым двары былі толькі Куры і Качкі. А яны, як вядома, не ядуць Гусіную Лапку.

   Аднаго разу Гусіная Лапка прачнулася і бачыць: Дзяўчынка да іх басанож бяжыць,

  паласаты мяч угору падкідае.

   -- Не бяжы сюды! – гукнула Гусіная Лапка. – Тут кепскія расліны. Яны пакрыўдзяць цябе.

   -- Вядома, пакрыўдзім, -- шэпчуць Крапіва, Асот і Лопух.

   Дзяўчынка не чуе, угору глядзіць, мяч ловіць, смяецца звонка. Калі падбегла да плота, Крапіва па назе сцебанула, Асот у пяту ўкалоў, Лопух за сукенку ўчапіўся.

   Заплакала Дзяўчынка, мяч кінула.

   -- Не пушчу! -- палохае  Лопух.

   -- Укалю! -- пагражае Асот.

   -- Апяку! -- да горкіх слёз даводзіць Крапіва.

   Дзяўчынка выцерла слёзы.

   -- Я не баюся, я вырву гэтае пустазелле.

   -- Паспрабуй! – натапырыўся Асот.

   -- Зараз паспрабую, -- сказала Дзяўчынка і схапіла Асот рукою. Усю далоньку пакалола. Павярнулася і назад бягом.

   -- Ха-ха-ха… -- рагоча Асот.

   -- Хі-хі-хі… -- хіхікае Крапіва.

   -- Го-го-го… -- аж заходзіцца Лопух.

   -- Вы злосныя, нядобрыя, -- не сцярпела, выгаварыла Гусіная Лапка.

   -- Гусіная Лапка... – распачалі дражнілку Асот, Крапіва і Лопух, але не закончылі, бо ўбачылі, што Дзяўчынка зноў на прыгуменне бяжыць. На нагах у яе  сандалікі, на руках рукавічкі. Ухапілася за Крапіву --  адразу вырвала. Ухапілася за Асот – таксама вырвала, за плот шпурнула. За Лопух ухапілася, цягне.

   -- Я не паддамся! -- крэкча Лопух.

   Дзяўчынка пацягнула з усёй сілы – і Лопух вырвала.

   Выцерла успацелы лоб, азірнулася, Гусіную Лапку заўважыла.

   -- А ты хто? – пытаецца.

   -- Гусіная Лапка.

   -- Якое ў цябе імя прыгожае! А якія дзівосныя кветачкі! Як прыемна пахнуць яны! – усклікнула Дзяўчынка і, зняўшы рукавічкі, дакранулася пальчыкамі да Гусінай Лапкі, пагладзіла. Затым узяла свой мяч і пабегла.

   -- Якая я шчаслівая! Маё імя прыгожае! Пры-го-жа-е!.. – радасна прамовіла Гусіная Лапка.

   З-пад плота Крапіва пазірае. Што ж, у яе доўгія карэньчыкі, не заўважыла Дзяўчынка, што Крапіва яшчэ і каля плота засталася.

   -- Ты чула? – звярнулася да Крапівы Гусіная Лапка. -- Маё імя прыгожае. Будзеш са мною сябраваць?

   Крапіва пад самы плот залезла і адтуль сыкае:

                                                  Гусіная Лапка,

                                                  А дзе твая шапка?

 

Пра “вечны” каляндар

 

   Здарылася дзіва. Бялявенькая Лёня перастала плакаць, але гэтак жа няўцешна заплакаў Пятрусь.

   -- Я не хачу быць крапівою!.. Не хачу быць асотам!.. Не хачу быць лопухам!

   Максім не шкадаваў Петруся. Калі горкія слёзы Лёні быццам капалі і на яго душу, то на Петруся глядзеў як на свавольніка, які бег, упаў, падрапаў калена і расплакаўся. Больш ад страху, чым ад болю.

   Яму было шкада Ніну Іванаўну. Яна, відаць, моцна пержывала: яе чорныя павекі часта дрыжалі, як дрыжаць параненыя крылы ў матыля.

   Празвінеў званок, як заўжды, нечакана.

   -- Максім, -- папрасіла Ніна Іванаўна, -- калі ласка, пачакай мяне на калідоры.

    Максім выйшаў з класа. Калідор, які раней здаваўся вялізным, як бы сціснуўся, паменшаў. Вакол гаманілі, бегалі, пхаліся школьнікі.

   “Чаму яны таўкуцца на калідоры? – прыціснуўшыся да сцяны, думаў Максім. – На двор беглі б. Там сонца, вясна.

   Вясна… на асфальце. Можа, таму і не бягуць на двор, а на калідоры таўкуцца цэлага паўдня. А пасля ўрокаў дамоў, у кватэры. Яны, напэўна, пчалу бачаць толькі на малюнках…

   Няўжо так і са мной будзе?”

   -- Ты тут? – неспадзявана падскочыў Макарэвіч.

   Максім вырашыў падзяліцца тым патаемным, што было на душы, не давала спакою.            

-- Сяргей, у нас каля акна яблыня цвіце, пчолкі дзынькаюць…

   -- Забудзься пра тое, што было ў вас. Цяпер ты ў нас. Дзе быў? Я шукаў цябе.

   -- У другім класе, -- з крыўдаю прагаварыў Максім. – Ніна Іванаўна там урок вяла, замяняла іх настаўніцу. Там такое робіцца!..

   -- Робіцца – пераробіцца. У галаву не бяры.

   Максім уздыхнуў. Вунь які Сяргей. Ні пчолкі, ні яблыні яго не хвалююць. На жыццё проста глядзіць. Можа, і яму забыцца пра тое, што было? Забыцца, каб не хвалявала. Будзе прыносіць дамоў добрыя адзнакі – тата і мама будуць хваліць. А за пчолку, калі раскажа, як лятае, як кружыцца, не пахваляць.

   -- Табе даспадобы ў нас? – перапыніў думкі Сяргей.

   -- Многае  незразумела, -- прызнаўся Максім. – У другім класе на столі лямпачкі хваляю загараюцца, дзеці пішуць стоячы.

   -- Наш дырэктар  зрок у вучняў стараецца збергчы. Вучоныя не раяць пісаць за сталамі. Стол гарызантальны, і ў час пісьма верхняя частка не толькі ўсяго тэксту, але і кожнай літары знаходзіцца ад вачэй далей, чым ніжняя. Каб нейтралізаваць гэта, мы нахіляем галаву. Дый зрэнка вока цягнецца ўніз, і паступова развіваецца блізарукасць. Таму  і замянілі сталы на парты. Яны хітра зроблены. Прыпаднімеш накрыўку –  на канторку становяцца падобнымі. За такімі канторкамі некалі многія славутыя людзі любілі працаваць. Дзесяць хвілін, не меней, раяць вучоныя пісаць стоячы. Каб блізарукасці не было, каб шкілет правільна фарміраваўся. А лямпачкі на столі для фізкультхвілінкі. Калі яны загараюцца, адпачываюць і галава, і вочы. Зразумеў? 

   Так, Максім ужо шмат чаго зразумеў. Сёння ён прыйдзе дамоў і, не адкладваючы, напіша пісьмо свайму дырэктару Мікалаю Мікалаевічу. Мікалай Мікалаевіч перад ад’ездам наказваў яму, каб пісаў, не забываўся. “ Штосьці новае там убачыш – напішы, не палянуйся”. Ён напіша і пра гэтыя лямпачкі на столі, і пра парты-канторкі.

   -- Глядзі, Матэматык ідзе! – штурхнуў Сяргей, паказаўшы на высокага хударлявага хлапчука. – Ён з нашага шостага “Гэ”. Уцякайма!

   Максім не разумеў, чаму ім трэба ўцякаць ад аднакласніка.

   Сяргей як бы прачытаў яго думкі.

  -- Ён зараз пачне расказваць пра штосьці вечнае, замучыць цябе. Уцякайма, пакуль не позна.  

   Але ўжо было позна. Матэматык наблізіўся да Максіма і падаў руку.

   -- Эдуард.    

   -- Максім.                                                                                                                                                                                              

   -- У нашым класе будзеш вучыцца? – пацікавіўся Матэматык і паглядзеў на Максіма, нібы прафесар на абітурыента.

   -- Буду, -- цвёрда адказаў Максім.

   Эдуард намацаў на пінжаку Максіма гузік і ўхапіўся за яго доўгімі гнуткімі пальцамі.

   -- Ты чуў, што ёсць вечныя календары?

   Максім хацеў сказаць, што не чуў, але Эдуард нават рот не даў яму адкрыць.

   -- Ведай: вечныя календары  падзяляюцца на тры тыпы: таблічныя, механічныя і аналітычныя. Для мяне, напрыклад, самыя цікавыя аналітычныя календары.

   Эдуард гаварыў не спыняючыся і ўсё круціў гузік на пінжаку. “Зараз адкруціць, з мясам вырве”, -- падумаў Максім, ды чамусьці пасаромеўся сказаць пра гэта Матэматыку.

   -- Ведай: аналітычныя календары – гэта звычайная матэматычная формула. З яе дапамогай можна вылічыць любы дзень тыдня, любы год.

   Максім пачуў, як трэснулі ніткі.

   -- Вазьмі!

Эдуард працягнуў Максіму адарваны гузік і ўхапіўся за другі.

   “ Сёння без гузікаў застануся”, -- з жахам падумаў Гародка.

 --  Ведай: ёсць шмат розных матэматычных формул, але я напішу толькі адну, для новага стылю. Праўда, не забудзься пра такую папраўку: 1700, 1800 і 1900 гады не вісакосныя. – Эдуард адпусціў гузік, дастаў з кішэні запісную кніжку і шарыкавую ручку: – Глядзі, Максім. Уважліва глядзі!

   -- Эдуард, можа, заўтра напішаш сваю формулу? – падаў голас Сяргей.

   “Не трэба адкладваць на заўтра, -- падумаў Максім. – Няхай сёння растлумачыць, да канца выкажацца. Інакш заўтра зноў зловіць, зноў гузікі пачне адрываць. Потым тлумач дома, чаму без гузікаў кожны дзень прыходзіш”.

   -- Пішы, Эдзік, пішы, -- падахвоціў Матэматыка.

   Натхнёны Максімаваю просьбаю, Эдзік стаў пісаць і тлумачыць:

   -- Ведай: літара А ў нашай формуле абазначае каляндарную дату месяца, літара Б – месячны каэфіцыент, В – нумар года, Г – колькасць стагоддзяў. Месячны каэфіцыент Б знаходзім па наступнай табліцы: студзень – 6 (для вісакосных гадоў – 5), люты – 2 (для вісакосных гадоў – 1), сакавік – 2, красавік – 5, май – 7, чэрвень – 3, ліпень – 5, жнівень – 1, верасень – 4, кастрычнік – 6, лістапад – 2, снежань – 4.

   Максім уважліва сачыў за тымі лічбамі, якія з’яўляліся на паперы. Сапраўды, было цікава.

   -- Ведай: па формуле знаходзім лік Д, -- працягваў тлумачыць Эдуард. – Вось яна: Д =А+ Б+ В+ (    ) – Г + (     ).

   Значыць, па гэтай формуле  знаходзім лік Д. Калі цяпер падзяліць Д на 7, то астатак пакажа дзень тыдня (1 – панядзелак, 2 – аўторак і гэтак далей). Калі Д дзеліцца на 7 без астатку, то гэта – нядзеля.

   Вылічым, напрыклад, дзень тыдня 22 чэрвеня 1941 года. А = 22, Б = 3, В = 1941. (    ) = 485. Г = 19. (    ) =  4. Падстаўляем гэтыя лічбы ў формулу і атрымаем Д = 2436. Гэты лік на 7 дзеліцца без астатку. 22 чэрвеня 1941 года была нядзеля. Цікавы каляндар?

   -- Вельмі цікавы, -- пагадзіўся Максім. – Толькі, здаецца мне, вельмі складаны.

   Эдуард падняў угору палец.

   -- Гэта матэматыка!

   -- Эдзік, ты можаш апісаць колер неба, калі сонца летам узыходзіць? – не вытрываў Максім.

   -- У час усходу сонца ён, здаецца, ружовы. Не, чырвоны… А-а… Каму трэба, той і апіша.

Эдуард махнуў рукою і важна пакрочыў далей.

   -- Зноў некага зловіць і будзе пра вечны каляндар расказваць. Добра, што хоць адчапіўся ад нас. Я табе зараз штосьці іншае пакажу, – сказаў Сяргей і, схапіўшы Максіма за руку, пацягнуў за сабою на трэці паверх.

 

Пішыце, малюйце, калі ласка

 

   На трэцім паверсе, збіўшыся ў цесную купінку, стаялі і старшакласнікі, і зусім малыя: першакласнікі, другакласнікі… На дзіва, ніхто не бегаў, не крычаў. Толькі час ад часу ў гэтай купінцы гучаў дружны смех.

   Максім крануў Сяргея за плячо.

   -- Што ж там ім паказваюць?

   -- Ідзі за мною. Падзівішся.

   Сяргей палез наперад, пхаючыся плячамі, локцямі. Максім не адставаў ад яго. Нарэшце ён убачыў шырокую, даўжэзную дошку, падобную на класную. На ёй некалькі вучняў малявалі незвычайныя веласіпеды.  Адзін веласіпед падобны на парасон, толькі з коламі і рулём. Дзяўчына трымае яго, усміхаецца, шчаслівая. Унізе надпіс: велапарасон. Крыху правей дзядуля з сівой барадой вязе на веласіпедзе аж восем унукаў. Адзін унук сядзіць на раме, другі – у рукзаку за спінаю, а іншыя – на крэслах. Прымацаваныя да тонкіх трубачак, крэслы разыходзяцца ўбакі, як галіны на яблыні. Дый унукі, ружавашчокія, як адзін, нібы налітыя яблычкі. Справа веласіпед з прапелерам, быццам самалёт. А яшчэ адзін з гусеніцамі, бы танк.

   Максім зірнуў на Сяргея.

   -- Навошта яны гэтыя веласіпеды малююць?

   -- Раней многія ў нашай школе крадком пісалі і малявалі: на партах, на сценах і асабліва ў туалеце.

   -- Настаўнікі ў калідоры гэтую дошку паставілі, каб кожны мог душу адвесці? – здагадаўся Максім.

   -- Але. Пішыце, малюйце, калі ласка. Спачатку на дошцы ніхто не пісаў: саромеліся. А потым ракатурхаліся, і пачалося!..  Сталі праводзіць конкурс на лепшы малюнак. Сёння конкурс малюнкаў “Веласіпед-фантазія”. 

   -- А мне можна паўдзельнічаць у конкурсе?

   -- Чаму ж не!

   Максім праціснуўся да дошкі, узяў мел і… намаляваў невялікі аднапавярховы дом, пяць вокнаў у ім. У двух вокнах, што злева, намаляваў дзядулю і бабулю. Пазіраюць яны з вокнаў на дарогу, узяўшыся за шчокі рукамі. Затым замест падмурка намаляваў веласіпедныя колы і адышоўся.

   А Сямён Капец (Максім адразу пазнаў яго), схапіўшы мел, тлустымі лініямі перакрыжаваў тры акны, намаляваныя справа.

   У Максіма самі сабою сцяліся кулакі.

   -- Навошта вокны закрэсліў?

   -- Я іх дошкамі забіў. Гы-гы-гы… Зараз і астатнія заб’ю. Я быў у вёсцы. Там шмат падобных дамоў.

   -- Ты н-не маеш права д-дошкамі забіваць, не т-тваё! – заікаючыся ад хвалявання, прамовіў Максім.

   -- Ды я!.. Я!.. – Сямён моцна пхнуў Максіма ў грудзі. Але Гародка ўстаяў на нагах.

   -- Не кранай мяне, бо пашкадуеш!

 Вочы ў Капца прыжмурыліся і сталі падобныя на невялікія варожыя шчылінкі.  

   -- Я цябе адною пстрычкаю!..

   Невядома, чым скончыўся б канфлікт, калі б не Сяргей. Ён імгненна выцер анучкай дом на веласіпедных колах, схапіў Максіма за руку і пацягнуў за сабою.

   -- Сямён з цябе ляпёшку зрабіў бы! – пачаў выгаворваць, калі адышліся далей. – У гарачай вадзе купаны?

   -- Я намаляваў свой дом, той, што ў Прырэччы, -- прызнаўся Максім. – Тыя тры акны там і сапраўды апусцелі, але я не хачу, каб  перакрыжоўваліся дошкамі. Хачу, каб мы з татам і мамай праз іх на двор глядзелі.

   -- Ды не бяры ты ў галаву! Я табе наш музей пакажу. Хочаш?

   Максім рукавом змахнуў слёзы, якія набеглі на вочы.

   -- Хачу.

 

Музей казкі

 

   Музей быў незвычайны. У вялікім пакоі каля ялінкі прытулілася хатка Бабы Ягі на курыных нагах, непадалёку ад яе ўзвышаецца вежа на скалістай гары. Напэўна, у такой вежы сядзела царэўна, і да яе на сваіх цуда-конях стараўся даскочыць Іван. Воддаль ад вежы – сялянская хатка, пахіленая, скасабочаная, каля яе – драўляны калодзеж. У падобнай хатцы, відаць, жылі дзед і баба з казкі “З рога ўсяго многа “. Пры самай сцяне цэлая вёсачка размясцілася. Вакол хат – частакол, дзе-нідзе --  стажкі сена.

   -- Гэтае хараство, -- пахваліўся Сяргей, -- зроблена з саломы ў адным з нашых гурткоў. Каб стварыць такі цуд, гурткоўцы нажом разрэзваюць салому на дзве палавінкі, пасля наклейваюць іх на паперу, якая потым накручваецца на металічны стрыжань. Кропелька клею, і стрыжань можна вымаць. Выходзіць прыгожая лёгкая трубка. Яе качаюць на гарачай патэльні, каб была падобная на дрэвы-круглякі, з якіх раней будавалі хаты і нават палацы.

   -- Пра гэта я абавязкова напішу, у сваю школу ліст адпраўлю, -- паабяцаў Максім.

   -- А ў вашай школе ёсць музей? – пацікавіўся Макарэвіч.

   -- “Музей хлеба”. Там знаходзяцца даўнія рэчы.

   Максіму ўспомнілася, як яны, прырэцкія школьнікі, лазілі па гарышчах, хадзілі ў навакольныя вёскі, каб што-небудзь знайсці для музея. Прыйдуць у хату, дзе жывуць старыя: “У вас, казалі, ёсць жорны. Дайце, калі ласка. У нашай школе ствараецца музей “. А ў адказ чуюць: “Няма, сыночкі”. Шкадавалі аддаваць. Адна бабуля прызналася: “Дзяжу ў мяне просіце? А я каля гэтай дзяжы яшчэ дзеўкаю стаяла, цеста расчыняла, замешвала. Яна ад мамы мне дасталася “. Пасля гэтай размовы Максім па-іншаму стаў глядзець на старых. Калі заўважаў, што па вуліцы клыпае дзядуля ці бабуля, здаля вітаўся.

   -- Якія даўнія рэчы ёсць у вашым музеі? – перапыніў думкі Сяргей.

   -- Шмат рэчаў.  Напрыклад, дзяжа.

   -- Якая дзяжа?

   -- Не ведаеш, што такое дзяжа?

   -- Першы раз чую.

   -- Даўней у дзяжы цеста расчынялі, замешвалі. Потым  яго ў бляхі клалі і хлеб пяклі.

   -- Максім, -- з сумам прагаварыў Сяргей, -- мы, гарадскія школьнікі, бачылі мора, вялікія гарады, а дзяжу, у якой расчынялі цеста на хлеб, не бачылі. Я нават не ведаў, што ёсць такое слова.

   “Шмат якія словы непрыкметна знікаюць, -- падумаў Максім. – На іх месца новыя прыходзяць: кампутар, кібернетыка, сервер… А каб сабраць іх, якія знікаюць, у адну вялікую жменю і рассыпаць вакол, як зерне! Каб прараслі. Няўжо ім было б цесна разам з новымі словамі?”

   -- Максім,-- зноў патурбаваў Сяргей, -- можа, даўнія словы зусім непатрэбныя? Яны ж архаізмы.

   Гародка ўважліва паглядзеў на сябра.

   -- Усе словы патрэбныя, як і кнігі.

   -- Цэлая кніга і адно слова! Параўнаў! – запярэчыў Сяргей. – Цэлая кніга во колькі дае!

   -- А адно слова хіба мала дае? – не пагадзіўся Максім. – Цяпер са старымі мы здалёку вітаемся. А раней, і праўда, глядзелі на іх як на нейкія архаізмы.

   Празвінеў званок.

   -- Па раскладу ў нас урок працы, -- сказаў Макарэвіч.  – У майстэрню хадзем.

 

У майстэрні

 

   Майстэрня была падобная на звычайны клас. І дошка на сцяне, і парты. Ніводнага станка, ніводнага варштата.

   За партамі ўжо сядзелі аднакласнікі-хлапчукі. Максім здагадаўся, што дзяўчынкі займаюцца ў іншым пакоі.

   -- Чаму ў майстэрні станкоў не відаць? – запытаўся Максім у Сяргея, калі яны селі за парту.

   -- Станкі ў другім пакоі, а гэта клас тэорыі. Сёння ў нас якраз тэорыя.

   “Някепска ім жывецца, раскошна. У нашай школе няма падобнага класа”, -- з зайздрасцю падумаў Максім, зусім забыўшыся, што і ён у гэтай школе не госць.

   Новыя Максімавы аднакласнікі, не адрываючыся, штосьці старанна пісалі ў сшытках.

   -- Яны тэорыю запісваюць? – пацікавіўся Максім.

   Сяргей пырснуў у кулак.

   -- Матэматыку не паспелі дома выканаць, а пасля працы матэматыка. Няхай пішуць. Табе спакайней. У вочы не будуць лезці.

   У клас увайшоў настаўнік з вялікім жоўтым чамаданам у руцэ. Ён быў зусім малады, як і  Ніна Іванаўна. “Відаць, спортам займаецца”, -- акінуўшы поглядам яго шырокія плечы, падумаў Максім.

   -- Добры дзень, хлапчукі! – гучна прывітаўся настаўнік.

   Максімавы аднакласнікі імгненна схавалі сшыткі і дружна адказалі:

   -- Добры дзень!

   -- Сядайце, -- настаўнік хітра падмаргнуў, паказаўшы на чамадан. – Не здагадаліся, што тут?

   -- Вожык! – гукнуў канапаты хлапец, які сядзеў наперадзе.

   -- Змітрок, ты сам як вожык. Калючы вельмі, -- адпарыраваў настаўнік.

   У класе засмяяліся.

   -- Васіль Рыгоравіч, -- усхапіўся Сяргей, -- у нас новенькі, са мною сядзіць.

   -- Ведаю. Мне Ніна Іванаўна казала. Новенькага зваць Максімам?

   Максім устаў і кашлянуў у кулак.                                                                                    

   -- Максім Гародка.

   -- Сядай, -- дазволіў настаўнік. – Будзь як дома, але не забывайся, што ў гасцях.

   -- Ён у нас любіць пажартаваць, -- заўважыў Сяргей.

   Васіль Рыгоравіч паставіў на стол чамадан і стаў павольна адчыняць яго, хаваючы на вуснах усмешку.

   -- Паглядзім, які скарб тут ляжыць!

   Школьнікі ўсталі, цягнучыся на дыбачках.

   Васіль Рыгоравіч адчыніў чамадан. У ім ляжалі… малаткі. Усе без ручак, акрамя аднаго, слясарнага.

   -- Сёння мы пазнаёмімся з самым старажытным інструментам. Імя яму – малаток.

   Максім выцягнуў шыю, хоць да гэтага ці не кожны дзень бачыў малаток, мо тысячу разоў трымаў яго ў руках.

   -- Малаткі бываюць розныя,  – паведаміў настаўнік і  дастаў два маленькія малаточкі. – Як называюцца гэтыя? Хто ведае?

   -- Адзін малаточак доктарскі, а другі – гадзіннікавага майстра, -- адрапартаваў Змітрок.

   Васіль Рыгоравіч паказаў малаток, падобны на прышчэпку для бялізны.

-- А гэты?

   Шасцікласнікі моўчкі глядзелі на настаўніка.

   -- Дык як называецца гэты малаток?

   -- Малаток тынкоўшчыка, --  быццам само сабою вырвалася ў Максіма. – У майго дзядулі ёсць такі.

   -- Малайчына твой дзядуля, -- чамусьці не яго, Максіма, а дзядулю пахваліў Васіль Рыгоравіч. Быццам менавіта дзядуля на пытанне правільна адказаў.

   Настаўнік дастаў два вузкія доўгія малаткі, завостраныя на канцы: адзін карацейшы, а другі даўжэйшы.

  -- А гэта якія? Хто скажа?

   -- Карацейшы малаток аглядчыка чыгуначных вагонаў, даўжэйшы – геалагічны, -- сказаў Сяргей.

   -- А гэты?

   Васіль Рыгоравіч трымаў у абедзвюх руках тоўсты, амаль квадратны малаток.

   -- Кувалда! – з нейкай асаблівай павагай прагаварыў Эдзік-матэматык.

   -- Правільна. Кувалдай у кузні плюшчаць жалеза. А вось гэтыя?..

У руках настаўніка былі два маленькія малаточкі, падобныя на малаточак гадзіннікавага майстра.

   Вучні зноў замаўчалі.

   -- Чаго насы павесілі? Смялей. Гародка, не дапаможаш нам?

   -- Гэта кавальскія малаткі. – Максім ужо не саромеўся, не баяўся, як раней. – Такія малаткі каваль звычайна трымае ў руках і паказвае свайму памочніку, куды і як трэба біць кувалдай.

   -- Малайчына! – цяпер ужо Максіма пахваліў Васіль Рыгоравіч.

   -- Гародку добра, --  пазайздросціў Змітрок. – У яго вёсцы, відаць, кузня ёсць. Таму ён і ведае.

   -- Ведае, бо цікавіцца. Можна і ў вёсцы жыць, а нічога не ведаць,  – заўважыў настаўнік і, дастаўшы з чамадана слясарны малаток,  працягнуў Змітраку. – Як цвік будзеш забіваць? Пакажы.

   Змітрок узяў малаток, пакруціў у руках.

   -- Стукну, і няхай лезе.

   Васіль Рыгоравіч усміхнуўся.

   -- Ты, мабыць, хочаш дзейнічаць, як у адной смяшынцы?  “Міколка, будзь асцярожны з пілачкай, не парань руку!” – гукае з хаты.  “Не праню, мамачка! Пілачку я аддаў Сымону”.

   У класе засмяяліся, а Змітрок пакрыўдзіўся:

   -- Васіль Рыгоравіч, вы ўсё жартуеце!

   -- Я сур’ёзна пытаюся. Як трэба трымаць малаток, калі забіваеш цвік?

   Змітрок паклаў малаток на парту і адсунуў далей. Настаўнік узяў яго і ўзняў угору.

   -- Заўсёды трымайцеся за канец ручкі і глядзіце на шляпку таго цвіка, па якім б’яце малатком.

   -- Я доктарам хачу стаць, -- падціснуў губы Змітрок.

   -- А малаткі Тані даручыш? – сказаў Васіль Рыгоравіч і подбегам накіраваўся ў другі пакой. Неўзабаве вярнуўся, прынёс крэсла з выгнутымі ножкамі і выгнутай спінкай.

   -- Хочаце паслухаць гісторыю крэсла? – звярнуўся да класа.

   -- Хочам! –  дружна адказалі шасцікласнікі.

   -- Першая мэбля, прызначаная для сядзення, з’явілася ў Старажытным Егіпце – нізкія ўслончыкі, табурэткі на трох нагах. А яшчэ былі складныя крэслы, ножкі ў якіх перакрыжоўваліся.

   -- А фараоны на чым сядзелі? – не выцерпеў Эдзік-матэматык.

   -- На тронах. Трон – гэта крэсла з высокай прамой спінкай і падлакотнікамі. Розныя крэслы рабілі ў старажытнасці, нават плеценыя. Сядзелі на круглых калодах або на крэслах са спінкай, якія высякалі з цэлага кавалка дрэва.

   -- Мелі ж яны цярпенне! – пакруціў галавою Змітрок.

   -- На ўсё трэба мець цярпенне і майстэрства, канешне, -- прамовіў Васіль Рыгоравіч. – Пазней сталі рабіць прыгожыя крэслы. Аздаблялі іх пазалотай, перламутрам, абівалі скурай, для жанчын прыдумалі  мяккія табурэткі – банкеткі. А ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя нямецкі сталяр М. Тонет вынайшаў гнутыя, так званыя венскія крэслы. Такое крэсла я ў клас прынёс. На наступным уроку будзем яго рабіць. Сёння тэорыя, а заўтра практыка.

   Васіль Рыгоравіч зачыніў карычневы чамадан і ўсміхнуўся. Максіму падалося, што настаўнік усміхнуўся яму. Вось так скончыўся яго першы ўрок у новай школе.

 

Жук-бамбардзір

 

   Максім і Сяргей выйшлі на калідор.

   -- Глянь туды, – тыцнуў рукою Сяргей, паказаўшы направа.

   Сяргей павярнуў галаву направа і ўбачыў Сяргея Капца.   Абедзвюма рукамі абхапіўшы другакласніка Рамана, таго самага, што рашыў задачу па матэматыцы, у якой пра коней гаварылася, ён качаў яго з боку на бок, нібыта ляльку. У Рамана ў вачах страх, а ў Капца на твары задавальненне, як у ката, які мыш злавіў.

   -- Ён і мае вокны перакрыжаваў,  і з другакласніка здзекуецца! – паказаўшы на Сяргея, усклікнуў Максім.

   -- Жук-бамбардзір прывык здзекавацца са слабейшых, -- уздыхнуў Сяргей.

   -- Чаму ты назваў яго Жуком-бамбардзірам? – пацікавіўся Гародка.

   -- Ёсць у прыродзе цікавы жучок, -- стаў тлумачыць Сяргей. – Абараняючыся, ён страляе кіпячай вадкасцю, тэмпература якой сто градусаў. Прыляціць, напрыклад, якая-небудзь птушка, раскрые дзюбу, каб ухапіць жука, а ён падагне жывоцік і ёй у дзюбу кіпенем як пырсне! Уяўляеш?

   -- Хіба цела жука вытрымае такую вялікую тэмпературу? – не паверыў Максім.

   -- Вытрымлівае. Мы і яго, -- Сяргей пальцам непрыкметна паказаў на Капца, -- Жуком-бамбардзірам называем. Праўда, ён звычайна не абараняецца, а нападае. Радуецца, што злавіў малога.

  “Калі б ён у нашай школе здзекаваўся з малых, то даўно ад старэйшых па шапцы атрымаў бы”, -- падумаў Максім і прапанаваў Сяргею:

   -- Давай дапаможам другакласніку.

  -- Не звязвайся з Жуком-бамбардзірам! – замахаў рукамі Сяргей. – Бяды не абярэшся.

   Стараючыся не выдаць хвалявання, Максім наблізіўся да Сямёна. Краечкам вока заўважыў, што і Макарэвіч непадалёку стаіць.

   А Капец качае Рамана з боку на бок і пяе яму на вуха:

                                               Люлі-люлі-люлі,

                                            Прыляцелі гулі…

                                                         (З народнага.)

   Максім адчуў, як задрыжалі кончыкі пальцаў. Такое з ім часта здаралася ў час злосці ці хвалявання.

-- Адпусці хлопчыка! – прагаварыў.

Жук-бамбардзір ухмыльнуўся, але ўсё-ткі адпусціў Рамана, напаследак узнагародзіўшы пстрычкаю.

   -- Чаму здзекуешся з малых? Хто табе даў такое права?.. – прагаварыў Максім. Ён стараўся стрымаць злосць, якая, адчуваў, вось-вось прарвецца, выбухне.

  -- Я сёння кепскую адзнаку атрымаў, а кепская адзнака – адмоўны зарад эмоцыі. Адмоўныя эмоцыі, як расказвалі нам настаўнічкі, шкодзяць. Значыць, трэба нейтралізаваць іх. Некалі старажытны чалавек, каб нейтралізаваць адмоўныя эмоцыі, альбо ўцякаў, альбо нападаў.   

 Сяргей Капец расказваў пра адмоўныя эмоцыі і нахабна глядзеў Максіму ў вочы.

   “ Як мне хочацца цябе нейтралізаваць, каб надоўга запомніў!” – падумаў Максім.

   -- Выбраў другое: нападаеш, як першабытны?

   -- А што ж рабіць, калі мне кепскія адзнакі ставяць?

   -- На старшакласнікаў нападай.

   Жук-бамбардзір павярнуўся да Сяргея.

   -- Снежная Каралева, адкуль гэтага заступнічка да нас прынесла?

   Максім заўважыў, што твар у Макарэвіча пачырванеў, перакасіўся і стаў падобны на індычыны.

   -- Гэты заступнічак, каб ты ведаў, даўно займаецца каратэ і самба!

   -- Да пабачэння. Я ўжо нейтралізаваў свае адмоўныя эмоцыі, – сказаў Капец і, памахаўшы рукою, пашпацыраваў па калідоры.

   -- Ён спалохаўся! – усклікнуў Сяргей, мабыць, сам сабе ў гэта не паверыўшы.

   -- Навошта ты выдумаў, што я займаюся каратэ і самба? --  выгаварыў Максім.

   Але Сяргей як бы не пачуў гэтага. Іншыя эмоцыі перапаўнялі яго душу.

   -- Ён спалохаўся! Спалохаўся!.. Максім, я табе наш клуб філолагаў пакажу. Дзівакі там збіраюцца. Ох і дзівакі!

   -- Нас яны туды пусцяць?

   -- Усіх пускаюць.

 

Пасяджэнне філолагаў

 

   У пакоі за круглым сталом сядзела чалавек дваццаць, не меней. Тут быў і другакласнік Раман. Але асабліва выдзяляліся два старшакласнікі: дагала пастрыжаны і рыжы.

   Максім таўхануў Сяргея ў бок.

   -- Хто гэты, што на лыса пастрыгся?

   -- Анатоль! – з павагай прагаварыў Сяргей. – Ён даў сабе зарок, што будзе хадзіць дагала пастрыжаны датуль, пакуль пяць іншаземных моў не вывучыць.

   -- А рыжага як зваць?

   -- Алег. Але ён любіць, калі яго называюць Мяфодзіем.

   -- Чаму?

   -- Хіба не ведаеш, што былі браты-асветнікі Кірыл і Мяфодзій, балгары па нацыянальнасці? Яны бацькі азбукі кірыліцы. Гэтай азбукай мы даўно карыстаемся.

   “Сур’ёзныя людзі тут сабраліся. Будзе цікава іх паслухаць”, -- адзначыў Максім.

   -- Сядай, не маяч, -- сказаў Сяргей.

   Максім прымясціўся побач з дзяўчынай, падобнай на мадэль.

    -- Значыць, большасць з вас лічыць, што цяпер вучыцца цяжка? – прамовіў Анатоль, падышоўшы да класнай дошкі.

   -- А хіба лёгка? – падала голас дзяўчына, падобная на мадэль. – Я забылася, калі апошні раз была на дыскатэцы.

   -- Не буду спрачацца,  пакажу, як раней вучыліся, – азваўся Анатоль і мелам напісаў на дошцы літару: ъ.

   – Гэта літара яць з кірыліцы! – падаў голас Раман.

   Анатоль нахмурыў бровы.

   -- Так. Раней у кірыліцы выкарыстоўвалі, пісалі літару яць.

   -- Не чытай нам лекцыю, -- не вытрываў Мяфодзій.—Лепей скажы, чаму ў тыя даўнія часы школьнікі называлі яць літарай-страшылішчам.

   -- Шаноўны Мяфодзій, -- звярнуўся да рыжага Анатоль, -- асабіста мне яна даспадобы. Яе называлі не толькі літарай-страшылішчам, але і Сатурнам, бо падобна на знак, якім вучоныя абазначаюць планету Сатурн. Так што для адных яна страшылішча, а для другіх Сатурн.

   -- Зараз яны сатнуцца!  -- заўважыў Сяргей.

   У клубе філолагаў на Максіма павеяла рамантыкай. На хвілінку здалося, што не за партай сядзіць, а па неабсяжным моры ляціць пад блакітным ветразем. Вецер дзьме, дзьме ў ветразь, і хуткасць усё мацней.  

   -- Сатурн! Сатурн!.. – падскочыў да дошкі Мяфодзій. – Ты ведаеш, што яць быў дублетам літары е? Яны вымаўляліся зусім аднолькава, ды чамусьці ў слове вечар пісалася е, а ў слове вецер – яць.

   -- Шаноўны Мяфодзій, дазволь напомніць: літара яць пісалася ў канчатках  займеннікаў. Напрыклад, мне пісалі з яць. А яшчэ яць пісалі ў каранях слоў. Бегаць, мел з яць пісалі. Усяго ў ста трыццаці каранях. Правілы трэба было вучыць.

   --Усё не вывучыш! – не здаваўся Мяфодзій. – Вось ты паабяцаў пяць іншаземных моў вывучыць. Вывучыў? Да старасці лысым праходзіш.

   Максім думаў, што Анатоль пакрыўдзіцца, магчыма, возьме Алега за грудкі, і  тады тут пачнецца такое, што і на калідоры ў час перапынку не ўбачыш. Але, на дзіва, Анатоль адрэагаваў спакойна:

   -- Я вывучу, абавязкова вывучу. Ведаеце, якія ў мяне валасы прыгожыя?..

   Мяфодзій пакруціў галавою.

   -- Школьнікаў даўней за тваё яць розгамі білі, на калені ў кут ставілі.  

   -- А ты чуў такі выраз: ведаць на яць? – не здаваўся Анатоль. – Так казалі пра самых адукаваных!

   Хлопцы, відаць, яшчэ доўга спрачаліся б, калі б другакласнік Раман не пацікавіўся:

   -- А калі яць знікла з кірыліцы?

   -- Не знікла, а было выключана, -- паправіў Рамана Анатоль. – У 1918 годзе. Лічу, што хопіць нам спрачацца. Сам таго не хочучы, Мяфодзій паказаў, што  раней было нялёгка вучыцца, але  многія не скнарыліся,  як сёння, старанна вучыліся і высокіх вяршынь дасягалі. Пра літару яць мы з Мяфодзіем тэт на тэт пагаворым. Цяпер паслухаем, што новага прачыталі вы ў газетах і часопісах. Хто жадае выказацца?

   З-за парты ўстала дзяўчына, падобная на мадэль.

-- Я раскажу, якое адкрыццё зрабілі эстонскія вучоныя з дапамогай філолагаў.

-- Слухаем цябе, Таня, --кіўнуў галавою Анатоль.

-- Філолагі заўважылі, -- пачала расказваць Таня, -- што ўздоўж ракі Пірыта (яна ўпадае ў Балтыйскае мора) ёсць шмат вёсак, у назвах якіх сустракаецца слова веры, што ў перакладзе з эстонскай мовы азначае кроў. Вучоныя-філолагі выказалі здагадку, што яе напамінала жыхарам бурая вада, якая ўтрымлівала жалеза. Пачаліся пошукі, і яны прывялі да адкрыцця аднаго з буйнейшых залежаў руды ў Эстоніі. Яно знаходзіцца ў раёне горада Таліна – сталіцы Эстоніі. Тут знайшлі жалезаплавільні, пабудаваныя дваццаць стагоддзяў назад. Так філолагі дапамаглі даказаць, што дзве тысячы гадоў назад у Эстоніі выплаўлялася жалеза.

   Анатоль прыязна ўсміхнуўся дзяўчыне, падобнай на мадэль.

   -- Калі ласка, змясці гэтую інфармацыю на дошцы аб’яў. Няхай усе ведаюць, што з дапамогай мовы можна зрабіць навуковае адкрыццё.

   -- Заўтра напішу і павешу, -- паабяцала Таня.

   -- А я чытаў… Я чытаў!.. – ускочыў Раман. – Чытаў, што ўключанае радыё перашкаджае ўрокі вучыць.

   -- Слухай, хлапчук, -- сказаў Анатоль як капітан, беручы ў рукі руль маленькага карабля, якому нялёгка ў неспакойным моры. – Калі мы рыхтуемся да ўрокаў, то міжволі прыслухоўваемся да таго, што перадаюць па радыё. Вучоныя даказалі, што наша працаздольнасць паніжаецца тады ў два-чатыры разы. Дзеянне радыёшуму перавышае дзеянне вулічнага шуму ў восем-дзесяць разоў.

   -- А калі гук зрабіць цішэй? – уставіў сваё слова Сяргей.

   -- Працаздольнасць значна панізіцца, бо ты будзеш старацца больш уважліва прыслухоўвацца да гукаў радыё.

   -- Дык што? – паціснуў плячыма Сяргей. --  Радыё з кватэры выкінуць? А калі мне хочацца паслухаць любімую музычную перадачу?

-- Слухай на здароўе ў вольны час. На сёння ўсё, сябры. Да пабачэння, -- закрыў пасяджэнне клуба філолагаў Анатоль.

 

Урок беларускай мовы

 

   Апошнім урокам у шостым “Гэ”  была беларуская мова. Яе вяла Ніна Іванаўна. Зайшоўшы ў клас, яна прывіталася і сказала:

-- Дзеці, учора я прасіла вас, каб падрыхтаваліся да сачынення на тэму “Радзіма”.  Працуйце. Поспехаў вам.

   Максімавы аднакласнікі схіліліся над сшыткамі, а ён сядзеў, паклаўшы на стол ручку. Яму  хацелася пераказаць казку бабулі Марысі, ды не ведаў, ці можна. А запытацца не хапала смеласці.

   Неўзабаве да яго падышла Ніна Іванаўна.

   -- Ты чаму не пішаш?

   -- Мая бабуля складае казкі. Мне можна пераказаць адну з іх?

   Настаўніца ўважліва паглядзела на Максіма.

   -- Можна.

   -- На дварэ па-ранейшаму пякло сонца, на вуліцы гудзелі машыны, але Максім не заўважаў і не чуў гэтага. Ён пісаў хутка, не спыняючыся. Літары роўна клаліся на радкі, вырасталі ў словы, словы ў сказы, а сказы ў казку. Хлапчук нават здзівіўся, калі дапісаў апошняе слова і паставіў кропку.

   -- Ужо напісаў? – пацікавілася Ніна Іванаўна.

   Максім моўчкі кіўнуў галавою.

   Ніна Іванаўна ўзяла яго сшытак і пачала чытаць. Хлапчук апусціў галаву. Яму здавалася, што настаўніца зараз засмяецца і скажа са здзекам: “Ну й накруціў ты тут!” І тады ён адразу ўцячэ з класа.

   -- Дзеці, -- сказала Ніна Іванаўна, -- я хачу прачытаць вам казку, якую напісаў Максім. Вядома, з яго дазволу. Дазволіш мне?

   -- Чытайце. Казку склала мая бабуля Марыся, -- ціха прамовіў Максім.

 

Нырэц

(казка бабулі Марысі)

 

   На невялікім возеры жыла сям’я качак-крыжанак.

   Добра качкам на возеры: плаваюць, ныраюць, жукамі, малюскамі ласуюцца, са стракозамі ў хованкі гуляюць.

   Маці-качка і бацька-качар ва ўсе куточкі водзяць маленькіх качанят. Расказваюць, паказваюць.

   -- Глядзіце, колькі тут жучкоў, малюскаў. І вада неглыбокая, і дно мяккае, -- расхвальвае возера бацька-качар.

   -- А які густы трыснёг, як прыемна шапаціць аер пад ветрам! – цешыцца маці-качка. – Пасярод нашага возера нават астравок ёсць. Хіба знойдзеш дзе лепшае месцейка для адпачынку?

   -- Лепшага няма, - пагаджаюцца качаняты.

   Толькі качаня Нырэц не пагаджаецца, пярэчыць бацькам:

   Гэтае возера маленькае і старэнькае, у ім вада каламутная. Калі падрасту, палячу адгэтуль. На Самым Вялікім Возеры буду жыць.

   -- Сыночак, -- пераконвае маці-качка, -- тут яшчэ твая прабабулька жыла. Хвалілася ім, не нахвалілася. Ці ж у цябе галава разумнейшая?

   -- Усё роўна палячу. Не ўтрымаеце! – бубніць Нырэц.

   І не ўтрымалі. Падрос, сілы набраўся і паляцеў, калі ўся сям’я ноччу на астраўку спала. Нават не развітаўся.

   Доўга ляцеў, стаміўся. Нарэшце ўбачыў возера: круглае, як вялікі сподак.

   Апусціўшыся каля берага, падмацаваўся малюскамі і заснуў. А як толькі сонца ўзышло, прачнуўся, выплыў на сярэдзіну возера і крыламі замахаў, пырскі паднімаючы.

   -- Га-га-га… – неспадзявана пачулася непадалёку.

   Бачыць Нырэц: плывуць да яго нейкія вялікія птушкі, доўгімі дзюбамі махаюць, злосна крычаць:

   -- Га-га-га…

   -- Як зваць вас, шаноўныя? – спалохаўшыся, ледзь вымавіў Нырэц.

   -- Я Гусак, -- загагатала самая вялікая птушка. – А гэта мае сяброўкі Гусі. Чуў пра нас?

   -- Не. Я Самае Вялікае Возера шукаю.

   -- Дык ляці хутчэй туды! – прасіпеў Гусак і стукнуў Нырцу дзюбаю ў галаву.

   Нырэц страпянуўся, прабег па возеры і паляцеў над вадою.

   Праз колькі дзён другое возера знайшоў: прыгожае і вялікае, як мора. Тут важна плавалі белыя-белыя птушкі.

   “Вось дзе Самае Вялікае Возера! – узрадаваўся Нырэц і, апусціўшыся на ваду, падплыў да белых птушак.

   Адна з іх ганарліва выгнула доўгую шыю і пацікавілася:

   -- Навошта ты прыляцеў да нас, Белых Лебедзяў? У цябе свайго возера няма?

   -- Маё возера маленькае, а я хачу жыць з вамі, на Самым Вялікім.

 Белы Лебедзь скоса паглядзеў на няпрошанага госця.

   -- Самае Вялікае Возера дзесьці далей знаходзіцца. Жыві тут, так і быць, але да нас не падплывай. Ты непрыгожы, брыдкі.

   -- Не хачу жыць з вамі, -- пакрыўдзіўся Нырэц. – На Самае Вялікае Возера палячу.

   --  Калі ласка! Калі ласка! –  закрычалі Белыя Лебедзі.

   Нырэц крыху адпачыў, падмацаваўся жучкамі і паляцеў далей.

   Усё лета з аднаго возера на другое пералятаў. Куды ні прыляціць, адно і тое ж чуе:

   -- У нас не Самае Вялікае Возера. Далей ляці.

   Схуднеў, блукаючы, шмат пер’я пагубляў.

   Аднаго разу, надвячоркам, знаёмую палоску вады ўбачыў.

   Мацней забілася сэрца ў Нырца. Няўжо ён прыляцеў да свайго старэнькага возера? Няўжо гэта яно?..  Так і ёсць, яно. Вунь астравок. І маці-качка, і бацька-качар, і браты, і сёстры каля астраўка плаваюць.

   -- Я ваш! Вярнуўся я! – закрычаў Нырэц і каменем упаў на ваду.

   Але бацька-качар не пазнае яго, і маці-качка ўбок адплывае.

   -- Я ваш. Нырэц я!

   -- Наш сынок быў маленькі. Яго ліса ноччу ўкрала, -- прамовіла маці-качка.

   -- Наш сынок быў прыгожы. А ты брудны і абскублены, -- прабурчаў бацька-качар і дзюбай пацягнуў Нырца за хвост.

   Нырэц вырваўся ад качара, забіўся ў трыснёг, сядзіць там і думае: “Як добра на гэтым возеры! Якое яно ціхае і ўтульнае! Няўжо не пазнаюць мяне бацька-качар і маці-качка?”

 

Свята Бульбы

 

   Пасля ўрокаў Максім хацеў ісці дамоў, але Сяргей спыніў яго.

   -- Не спяшайся. Сёння свята Бульбы. Прашу ў актавую залу.

   У актавай зале амаль усе крэслы ўжо былі занятыя. Максім і Сяргей ледзь знайшлі вольнае месца. На сцэну выйшаў Мяфодзій – вядучы  свята. Ён урачыста абвясціў:

                                        Просім вас, каб у гэтай зале

                                        Сёння вы, сябры, не спалі.

                                           Пажартуйце, пагуляйце,

                                           А захочацца – спявайце.

                                           Смеху будзе хай багата,

                                           Хай запомніцца вам свята.

                                           Не шкадуйце і далоняў,

                                        Праслаўляйце бульбу сёння.

   Далоняў школьнікі не шкадавалі. Білі ў ладкі так, што, напэўна, аж на вуліцы рэха разносілася.

   Затым на сцэну выйшлі дзяўчынкі малодшых класаў. Прыгожа станцавалі яны беларускую “Бульбу”.

   А потым Мяфодзій аб’явіў:

                                        Пачынаем віктарыну.

                                           Прыз –

                                            Бульбы цэлая карзіна.

   “Малайцы філолагі, -- думаў Максім. – Не паленаваліся, вершы склалі. Магчыма, крыху недасканалыя, але свае”.

   -- Назавіце радзіму бульбы, -- папрасіў са сцэны Мяфодзій.

   З залы пачулася:

   -- Беларусь.

   -- Італія.

   -- Францыя.

   Нарэшце назвалі як трэба:

   -- Чылі і Перу!

   -- Правільна, -- пагадзіўся Мяфодзій. – Радзіма бульбы – берагі Чылі і горы Перу. Перуанцы садзілі бульбу на горных раўнінах. Пытанне другое: калі ўпершыню бульба з’явілася ў Еўропе?

   Тут і Максім не сцярпеў, вырашыў сябе паказаць:

   -- Бульба ўпершыню з’явілася ў Іспаніі, а затым у Італіі. Пра яе праведалі ў Еўропе пасля таго, як іспанцы прыплылі ў Паўднёвую Амерыку.

   -- На дзясятку адказаў, -- пахваліў Максіма Мяфодзій. – А як называлі бульбу ў Францыі і для чаго яе там садзілі?

   Цішыня ў зале. “Штодзень ядуць бульбу, а яе гісторыю слаба ведаюць”, -- падумаў Максім і, азірнуўшыся, гукнуў, каб усе чулі:

   -- У Францыі называлі бульбу яблыкам земляным і садзілі на клумбах, як цяпер садзяць кветкі. Нават перад палацам французскага караля была такая клумба. А яшчэ ў Еўропе бульбу называлі чортавым яблыкам, таму што спярша елі горкія і атрутныя бульбяныя яблыкі.

   -- Як цябе зваць? – запытаўся Мяфодзій.

   -- Максім! – падказаў Макарэвіч.

   -- Прашу на сцэну, Максім.

   Гародка хацеў сесці на крэсла: вунь колькі вачэй яго свідруе! Ды Сяргей падштурхнуў.

   -- Ідзі!

   Прыйшлося ісці. А Мяфодзій у руках  сетку бульбы трымае.

   -- Бяры. Заслужыў.

   Максім абедзвюма рукамі ўзяў сетку.

                                              -- На пытанні адказаў –

                                              Падарунак атрымаў, --

павіншаваў яго Мяфодзій.  

   У зале смех, весялосць.

                                              -- Самых спрытных і умелых

                                            Я прашу сюды, на сцэну.

                                         Дам усім я вам нажы.

                                               Умееш чысціць бульбу –

                                                                             Дакажы! –

новы конкурс аб’явіў Мяфодзій.

   Знайшліся смелыя, выйшлі на сцэну. Сярод іх Сяргей, Раман і Сямён Капец. Мяфодзій перад кожным канкурсантам паставіў вядро і даў старт конкурсу:

                                                Дзесяць бульбін у вядры.

                                                Па парадку іх бяры.

   Замільгалі нажы ў руках. А ў зале падахвочваюць, быццам на спартыўных спаборніцтвах:

   -- Давай! Давай! Хутчэй!

   Першым, што вельмі здзівіла Максіма, закончыў чысціць бульбу Раман. Сяргей, як гаворыцца, толькі пятым прыйшоў да фінішу. Сеў на крэсла і паскардзіўся Максіму:

   -- Мне тупы нож далі.

   А вось Сямён так і не закончыў чысціць сваю бульбу. Стаіць каля вядра, як мокрая курыца, азіраецца. Хацеў са сцэны ўцячы, але Мяфодзій яго за крысо пінжака злавіў.

   -- Пачакай. Апошняга таксама чакае ўзнагарода.

   Толькі так сказаў – на сцэну выйшаў Раман з рэшатам, напоўненым цыбуляй. Жук-бамбардзір паглядзеў на цыбулю і скрывіўся як серада на пятніцу.

   -- Прымусіце есці?

   -- Чысціць! Чысціць! – закрычалі з залы.

   -- Не хачу, -- закруціў галавою Капец.

   З залы яшчэ мацней закрычалі:

   -- Чысціць! Чысціць!

   І Мяфодзій Сямёна падштурхоўвае.

   -- Трэба чысціць, не лянуйся.

   Жук-бамбардзір узяў нож і стаў чысціць цыбулю. Трэ вочы, са сцэны ўцякае, а Мяфодзій назад яго цягне.

   Максім так смяяўся, што з крэсла ледзь не ўпаў.

   Потым быў конкурс кулінараў, пяклі бліны з бульбы. Затым пачаліся танцы. Мабыць, ні адзін вечар, ні адно свята ў школе не абыходзіцца без танцаў.

   Максім не танцаваў. Ён сядзеў і размаўляў з Сяргеем.

   -- Ты чаму бабуліну казку на ўроку мовы напісаў?

   -- Не здагадваешся?

   -- На тое неразумнае качаня не хочаш быць падобным? Так? – выказаў здагадку Сяргей.

   -- Так.

   --  Усё-ткі дамоў хочаш вярнуцца? Табе кепска ў нас?

   -- Не. У вас школа прыгожая, адпачываць умееце, але ж там, у вёсцы, мая казка.

 

 

Змест

 

У школу

Чхалка, альбо ёсць жа такія дзяўчынкі!

 Крыху праз шчылінку

Знаёмства з аднакласнікам

Як Мураш дарогу дамоў шукаў (казка бабулі Марысі)

Разам з другакласнікамі

Непрыгожае імя

Пра “вечны” каляндар

   Пішыце, малюйце, калі ласка

Музей казкі

У майстэрні

Жук-бамбардзір

Пасяджэнне філолагаў

Урок роднай мовы

Нырэц (казка бабулі Марысі)

Свята Бульбы