Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ЗМЯНЕННЕ ДЗЕЯСЛОВАЎ ПРОШЛАГА ЧАСУ ПА РОДАХ І ЛІКАХ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ЗМЯНЕННЕ ДЗЕЯСЛОВАЎ ПРОШЛАГА ЧАСУ ПА РОДАХ І ЛІКАХ

           

Мэты: пазнаёміць са змяненнем дзеясловаў прошлага часу па родах і ліках; фарміраваць уменні і навыкі вызначаць род і лік дзеясловаў прошлага часу; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць павагу да старэйшых, да маці.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Паўтарыце з рознай інтанацыяй.

(Ціха.) Добра вучыць паслухмянага!

(Мацней.) Добра вучыць паслухмянага!

(Моцна.) Добра вучыць паслухмянага!              [2, с. 176, “Беларускія прыказкі…”].

Слухайце ўважліва, будзьце паслухмяныя.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя арфаграмы. Растлумачце іх напісанне.

Галубачка белая

                                                     Ў хату зал..цела.

                                                     А дзе і што сустракала,

                                                     Пра ўсё ра..казала. (Ліст, газета.)           [2, с. 367, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                         З народнага.

Вызначце ў словах прыстаўкі.

4. Чыстапісанне.

Літару, якую мы будзем пісаць на хвілінцы чыстапісання, вы вызначыце, калі знойдзеце заканамернасць падбору літар у групах:

        а              в                      ж         і                       к          м

                б                                    з                                  ?

Якую бачыце заканамернасць? Якую літару будзем пісаць? (л).  (Заканамернасць: літара, якая знаходзіцца ўнізе, стаіць  у алфавіце паміж дзвюма верхнімі.)

Напішыце радок літар, які складаецца з некалькіх пар літар. У кожную пару павінны ўваходзіць літара л і  тыя літары, якія знаходзяцца ў вышэй напісаных еняах згодна з алфавітным парадкам.

                        Л  ла  лб  лв  лж  лз  лі  лк  лл лм

- Запішыце скорагаворку, якая не атрымалася б без літары л.

Ляснік Лёня спыніўся каля лаўкі (Аляксей Якімовіч.)

 Вызначце часціны мовы ў скорагаворцы.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. У краіне Мовазнавіі ёсць часціна мовы, якая сама гаворыць пра сябе. Яна можа паведаміць пра дзеянне (іду), падзяліцца бядою (перажываю) і радасцю (весялюся), суцешыць (супакойся). Як вы ўжо здагадаліся, называецца яна…

Так, дзеяслоў. еня дзеясловы прошлага часу раскажуць вам, як змяняюцца па  родах і ліках. А дапамогуць ім у гэтым добрыя казачныя героі.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі.

Аднаго разу ў госці да Сарокі адправіліся Пеўнік і Курачка. Доўга яны ішлі. Стамілася Курачка, пачала скардзіцца:

- Ідзём, ідзём, а ніяк не дойдзем. Мне здаецца, што гэтая дарога бясконцая.

- Пацярпі, - папрасіў сяброўку Пеўнік. -  Як-небудзь дойдзем.

Пайшлі далей. За павароткай дарогі  ўбачылі  на пяньку  ліст паперы,  спісаны літарамі.

Цікаўны Пеўнік узяў яго і паказаў Курачцы.

- Во што мы знайшлі!

- Каб рысавае зярнятка! – расчаравана прагаварыла Курачка.

- У гасцях пачастуемся зярняткамі, - прамовіў Пеўнік і, адзеўшы акуляры, прачытаў на лістку: - Змяненне дзеясловаў прошлага часу  па родах і  ліках.

Зацікавіўшыся, Курачка прыўстала на лапках і паўзіралася.

- Тут  нейкія заданні!

- Нялёгкія заданні! -  страсянуў чырвоным грэбенем Пеўнік. – Каб выканаць іх, трэба добра паразважаць.

Вось  якія заданні ўбачылі на лістку Курачка і Пеўнік:

Дзеясловы прошлага часу называюць дзеянні, якія …, і адказваюць на пытанні… .

Выразы для даведкі: што рабіў? (што зрабіў?), што рабіла? (што зрабіла?), што рабілі? (што зрабілі?); ужо адбыліся.

Дзеясловы прошлага часу змяняюцца

                               адз. лік                                      мн. лік

                       агеньчык свяціў (м.р.)                    агеньчыкі свяцілі

                       лямпачка свяціла (ж. р.)

                       сонца свяціла (н. р.)

Што называюць дзеясловы прошлага часу?

Як змяняюцца дзеясловы прошлага часу?

1. Прыклады дзеясловаў  прошлага часу ў адзіночным ліку:

2. Прыклады  дзеясловаў  прошлага часу ў множным ліку:

Адказ на пытанне.

Пакуль Курачка і Пеўнік разважаюць, адкажыце  на пытанне, выкарыстаўшы заданне з казкі:

Што называюць дзеясловы прошлага часу?

Вызначце час дзеяслова “звінелі”.

Пры напісанні слова “звінець” у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Перакладзіце на рускую мову слова “звінець”. Параўнайце гучанне і напісанне.

Складзіце і запішыце сказ са словам “звінець”.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Звінець – слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

Праца з тэкстам.

Прачытайце. Знайдзіце ў тэксце дзеясловы прошлага часу. Выпішыце іх. Пастаўце пытанні да дзеясловаў.

Узор. (Што зрабіў?) прыйшоў.

                                      Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

                                      Блінцы пякліся на сняданне,

                                      І ўжо пры печы з чапялою

                                      Стаяла маці… Пад рукою

                                      Таўкліся дзеці, заміналі,

                                      Або смяяліся, спявалі.

                                                         Якуб Колас  [4, с. 9, “Новая зямля”].

Вызначце значэнне слова “чапяла”. (Прыстасаванне, з дапамогай якога даставалі з печы патэльні, чыгуны.)

Падбярыце сінонім да слова “замінаць”. (Перашкаджаць.)

Як вы адносіцеся да старэйшых, да маці?

Гутарка.

Адкажыце на пытанне, выкарыстаўшы заданне з казкі.

Як змяняюцца дзеясловы прошлага часу?

Выканайце першыя два пункты задання Курачкі і Пеўніка, запішыце дзеясловы прошлага часу ў адзіночным і множным ліку.

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце. Вусна пастаўце пытанні да дзеясловаў. Запішыце дзеясловы, як паказвае ўзор.

Узор. Працаваў - працавала – працавалі; працавалі – працавала – працаваў.

 

Зіма

                                                   Надышлі марозы,

                                                   Рэчкі закавалі,

                                                   Белыя бярозы

                                                   Шэранем убралі.

 

                                                   Замялі дарогі

                                                   Ветрыкі снягамі.

                                                   Лес, як дзед убогі

                                                   З доўгімі вусамі,

 

                                                   Апусціў галіны

                                                   І стаіць журботна,

                                                   Зрэдку верхавіны

                                                   Зашумяць маркотна.

                                                                        Якуб Колас [6, с. 60, “Раніца ў нядзельку”].

Растлумачце значэнне слова “ўбогі”. (1) бедны, няшчасны. 2) Варты жалю.) [1, с. 333,  “Тлумачальны слоўнік”].

Назавіце сінонімы ў вершы. (Журботна, маркотна.) Падбярыце да іх яшчэ адзін сінонім. (Сумна.)

Н а с т а ў н і к.  Паслухайце працяг казкі і праверце, ці правільна адказалі вы на пытанні.

Чытанне працягу казкі.

- А я ўжо зразумеў! - паразважаўшы над заданнем, прамовіў Пеўнік.

Курачка падняла галаву.

- Цікава было б паслухаць, што ты зразумеў.

-  Дзеясловы прошлага часу называюць дзеянні, якія ўжо адбыліся. Яны адказваюць на пытанні што рабіў? (што зрабіў?), што рабіла? (што зрабіла?), што рабілі? (што зрабілі?).

- Я таксама нешта зразумела, - перапыніла Пеўніка Курачка. І ёй  захацелася паказаць свае веды. - Дзеясловы прошлага часу змяняюцца па ліках, а ў адзіночным ліку - па родах.

- Так, -- пагадзіўся Пеўнік і дадаў: -- А па асобах яны не змяняюцца.

-- А я магу змяніць дзеясловы прошлага часу і па асобах! -- заявіла Курачка. Вось паслухай: я пісала, ты пісала, яна пісала.

-- Ты толькі мяняеш займеннікі 1-й, 2-й і 3-й асобы, дапісваючы іх да дзеяслова. Пры кожным з гэтых займеннікаў дзеяслоў мае адзін і той жа канчатак. Значыць, сам дзеяслоў прошлага часу па асобах не змяняецца, - сказаў Пеўнік.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Дзеясловы прошлага часу па асобах не змяняюцца.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы люлі-люлі, люлі – потым прамовіце і вы.

                                                      Коцік Рыжык

                                                      Прылёг каля дзядулі,

                                                      На вуха напявае:

                                                      “Люлі-люлі-люлі”.

                                                            Аляксей Якімовіч.

Пакажам, як напявае коцік, прамовім разам: “Люлі-люлі-люлі!”

Дзеяслоў спявае пастаўце ў прошлым часе і ахарактарызуйце яго, выкарыстаўшы запіску-заданне Курачкі і Пеўніка.

Н а с т а ў н і к. Зноў запрашаю на вас на сустрэчу з Курачкай і Пеўнікам.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

- Хацелася б мне ведаць, хто пакінуў тут гэта заданне! - у задуменні прагаварыў Пеўнік.

- Сарока пакінула. Каб не засумавалі мы ў дарозе, - здагадалася Курачка.

- Я іду, - сказаў Пеўнік і ўсміхнуўся.

- Мы ідзём! - падхапіла Курачка і пакрочыла па дарозе, заспяваўшы:

                                                  Сарока паспрыяла,

                                                  Заданне нам дала.

                                                  Хацелася б мне ведаць,

                                                  Дзе яго ўзяла.

Назавіце ў казцы дзеясловы прошлага часу. Вызначце іх род і лік. Якая часціна мовы дапамагла вам гэта зрабіць?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Каб вызначыць род і лік дзеяслова прошлага часу, трэба вызначыць род і лік назоўніка ці займенніка, з якім звязаны гэты дзеяслоў. Яны маюць адзін і той жа род і лік.

Самастойная праца.

Прачытайце верш. Выпішыце дзеясловы  множнага ліку. Што яны абазначаюць? Пастаўце іх у адзіночным ліку.

                                                 Між алешын, кустоў,

                                                 Дзе пяе салавей,

                                                 І шуміць і грыміць

                                                 Срэбразвонны ручэй.

 

                                                 Як матулька, вярба

                                                Хіліць голаў над ім,

                                                І глядзяцца кусты

                                                Пышным верхам сваім.

 

                                                Абступаюць яго

                                                Чараты, асака,

                                                Падыходзіць мурог

                                                Да яго здаляка.

                                                           Якуб Колас                  [6, с. 129, “Раніца ў нядзельку”, “Ручэй”].

Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “голаў” (галаву), “здаляка” (здалёку), “чараты” (чарот).

Растлумачце значэнне слова “мурог”.  (Сухадольная трава высокай кармавой якасці , а таксама сена з гэтай травы.) [1, с. 216,  “Тлумачальны слоўнік”].

Дзеясловы цяперашняга часу замяніце дзеясловамі прошлага часу.           

Гульня "Крок уперад".

Удзельнікі становяцца ў дзве шарэнгі, выбіраюць капітанаў. Вядучы называе дзеяслоў у форме прошлага часу адзіночнага ліку. Капітан у адказ называе дзеяслоў у форме прошлага часу множнага  ліку, напрыклад: касіў -  касілі; малаціў - малацілі; дзейнічаў - дзейнічалі; спаў - спалі - і робіць разам са сваёй шарэнгай крок уперад.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                               Каля хаты пад акном

                                               Ружы пасадзіла.

                                               “Малайчына, Ніначка!” --

                                               Мама … (пахваліла).

                                                                Аляксей Якімовіч.

Вучань сцвярджае, што ў тэксце а) ёсць дзеяслоў прошлага часу, б) няма дзеяслова прошлага часу. З якім меркаваннем вы згодны?

Фізкультхвілінка.

Уявіце, што вы садзіце куст руж, пакажыце, як вашы пальчыкі бяруць яго, каб не пакалоцца, як садзяць, як потым льецца вадзічка, калі паліваеце.

Праца з табліцай.

Разгледзьце табліцу "Канчаткі дзеясловаў". Запомніце канчаткі дзеясловаў прошлага часу ў адзіночным і множным ліку.

Канчаткі дзеясловаў

---------------------------------------------------------------------------------------------------

                                        Адзіночны лік

Мужчынскі род             Ён ішоў□, маляваў□, наведаў□

Жаночы род                   Яна ішла, малявала, наведала

Ніякі род                        Яно ішло, малявала, наведала

                                        Множны лік

                                        Яны ішлі, малявалі, наведалі.

---------------------------------------------------------------------------------------------------

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг казкі.

У дажджлівы асенні дзень у госці да Пеўня і Курачкі завітала Сарока.

 - Як жывецца вам, шаноўныя? - з парога запыталася.

- Ой, сумна мне! Ой, нудна мне! - пачала ўздыхаць Курачка.

- Бяда! Бяда! - пляснуў крыламі Певень. -  Увесь дзень сумуе. Не ведаю, як дапамагчы ёй.

- Я ведаю, што зрабіць, каб не было сумна і табе, і тваёй Курачцы, - сказала Сарока.

- Дапамажы! Век буду дзякаваць! - з радасці пракукарэкаў Певень.

Сарока наблізілася да Курачкі.

- Курачка, ты калісьці ў школу хадзіла.

Курачка важна кіўнула рабенькаю галавою.

- Хадзіла, на выдатна вучылася.

- І тэму "Дзеяслоў" на выдатна вывучыла?

- Але. Я, як ты ведаеш, самая разумная Курачка.

- Я гэта зараз праверу. Ты не супраць? - пацікавілася Сарока.

- Калі ласка, - дазволіла Курачка.

Сарока дастала з партфеля аркуш паперы з тэкстам "Сонца прачнулася" і паказала яго Курачцы.

- Як ты лічыш: тут усё правільна напісана?

- У гэты цёплы летні дзень сонца прачнуўся рана, нават раней, чым птушкі. Яно ўзышоў на неба і накіраваў свае праменьчыкі на раку, з якой даўно сябраваў, -- прачытала Курачка і ўсклікнула: -- Няправільна!

Курачка сапраўды была вялікай разумніцай. Яна хутка выправіла ў тэксце памылкі, узрадавалася і перастала сумаваць.

Якія памылкі выправіла Курачка? Як вы лічыце?

Граматычная праца.

Прачытайце. Знайдзіце ў тэксце дзеясловы прошлага часу. Выпішыце іх разам з тымі словамі, да якіх яны адносяцца. Пастаўце пытанні да дзеясловаў, абазначце іх канчаткі.

Узор. Алесь (што зрабіў?) вывучыў.

На балоцістым лузе каля рэчкі жаласна крычаць кнігаўкі. Прыляцелі яны рана, разам з жаваранкамі і шпакамі. Жывуць кнігаўкі каля вады, кормяцца чарвякамі, лічынкамі, слімакамі. У пачатку красавіка кнігаўкі выкапалі на лузе каля рэчкі невялікую ямку, і самка паклала туды чатыры зеленаватыя яйкі. Праз шаснаццаць дзён з яек выйшлі птушаняты (Віталь Вольскі, “Май”.) [3, с. 36, “Месяц за месяцам”, “Май”].

Рэдагаванне тэксту.

Пастаўце дзеясловы ў тэксце “Стройная бярозка” ў правільнай форме і запішыце.

На ўзлеску рос беластволая бярозка. Яе доўгія тонкія галінкі цягнулася ўгору. Маленькія зялёныя лісточкі пакрывала бярозку. На галінках часта сядзела і шчабятала птушкі.                                               

Праца з практыкаваннем.

Устаўце дзеясловы прошлага часу  адзіночнага ліку, якія "згубіў" аўтар.

Перад намі сцяной … спелае жыта. З самага ранку ў полі … магутныя камбайны. У садах галінкі аж … ад яблыкаў. Сёлетняя восень … людзей добрым ураджаем.

Словы для даведкі: парадавала, працавалі, стаяла, гнуліся.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Непрыветна цераз вокны

                                         Ночка пазірае.

                                   Ціха ў хаце. Ўся с(е, я)мейка

                                         Спіць, а(д, т) пачывае.

 

                                   Натрудзіўшы добра рукі,

                                          Натамі(у, ў)шы плечы,

                                   Толькі маці з в(я, е)раценцам

                                           Туліцца пры печы [5, с. 61, “З майго летапісу”].

Замяніце дзеясловы цяперашняга часу дзеясловамі прошлага часу.

Растлумачце значэнне слова "туліцца" (тут знаходзіцца, знайшла сабе прытулак).

Як вы адносіцеся да сваёй маці? Ці дапамагаеце ёй? Ці ўсё  робіце, каб яна была шчаслівая?

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што называюць дзеясловы прошлага часу? На якія пытанні яны адказваюць?

Як змяняюцца дзеясловы прошлага часу?

Як вызначаецца род дзеясловаў у форме прошлага часу?

Тэсты.

У кожным радзе падкрэсліце "лішні" дзеяслоў.:

1) працую; 2) танцавалі; 3) пазяхалі.

1) ляжаў; 2) адпачываў; 3) адпачывае.

1) выступаў; 2) ішоў; 3) спявае.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

4.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5. Колас, Я. З майго летапісу : выбр. вершы / Якуб Колас. — Мінск : Беларусь, 1967. — 308 с.

6.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 19 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.