Пра багоў язычніцкіх. Барацьба за зямлю
(у
форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх
цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем,
што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія
выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых
даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на
Вялікдзень, і на Каляды.
-- Мы ведаем, што прародзіца-багіня Жыва-Каляда нарадзіла
бога вясновага сонца Ярылу. Як склаўся яго лёс?
-- Вельмі хутка рос і дужэў Ярыла. Адчуўшы сілу, ён узяў
прамяністы меч і спусціўся ў цёмныя нетры, у царства злога бога Чарнабога, які
зямное жыццё на ключы замкнуў, цемру ўсталяваў, каб там бой яму даць, ключы забраць,
зямлю адамкнуць і да жыцця вярнуць.
-- Хто пра гэта ведаў?
-- І Жыва-Каляда, і ўсе багі ў выраі (у раі), і людзі,
што жылі на зямлі.
-- Чарнабог прыняў бой?
-- Не мог не прыняць. У падземных нетрах змагаліся дзве
сілы: святла і цемры. Мора калыхалася, зямля траслася, калі высякалі іскры мячы
багоў.
-- Ярылаў меч узяў Чарнабога?
-- Не браў. Адкінуў яго малады бог. Сарваўшы з пояса Чарнабога
зямныя ключы, схапіў яго і на скалы кінуў. Трэснула зямля, гарамі пакрылася, на
ўсёй зямлі землятрус пачаўся.
-- Як паведаміў Ярыла Жыва-Калядзе, багам і чалавеку, што
перамог Чарнабога?
-- Узяўшы шэрыя падземныя каменьчыкі, дзьмухнуў на іх і
ўверх кінуў. Пасланцамі Ярылавымі – лёгкакрылымі жаваранкамі – яны
абярнуліся і на зямлю паляцелі.
Заспявалі там, славячы Ярылу-пераможца. Перапалохаліся слугі Чарнабогавы: бог зімы Зюзя ў нетры схаваўся, ваўкі-віхуры
з зямлі паўцякалі.
-- Што ж было далей?
-- На белым кані выехаў Ярыла-пераможац на зямлю, ключамі
адамкнуў замерлае жыццё. Ад подыху яго каня расталі снег і лёд, ручайкамі
пацяклі па зямлі. Пад капытамі трава зазелянела, вярба пупехамі ўпрыгожылася.
Журавы ў трубы затрубілі, ад Дальбога (галоўнага бога) Ярылу прывітанне
прынеслі.
-- Як жа людзі назвалі той дзень?
-- Вялікім днём, Вялікаднем, днём перамогі святла над
цемраю.
-- Што з’яўляецца эмблемай Ярылы, яго сімвалам, ідэяй?
-- Мы ведаем, што эмблема міру – голуб, эмблема
Алімпійскіх гульняў – пяць кольцаў. А эмблема Ярылы – двукрыж і коннік з мячом
на белым кані. Жаваранкі яго славяць, яму дапамагаюць.
Аляксей
Якімовіч
Бог вясновага сонца
Дзве сілы ёсць:
Святло і цемра.
У плямах свет,
Нібыта зебра.
Некалі з цемры
Паўстаў Чарнабог.
Светлым тварэнням
Ён шкодзіў як мог.
Неяк зямное жыццё
На ключы замкнуў
І ў царстве падземным
Улёгся, заснуў.
Чорныя моцы
Носяцца ў цемры, гуляюць.
Зямлю марозяць,
Сняжком пакрываюць.
Сумуюць людзі,
Вясну чакаюць.
Не йдзе вясна.
Завеі завываюць.
Лютуюць, выюць,
З людзей смяюцца,
Праз дзверы, вокны
У хаты рвуцца.
Сын Каляды – Ярыла-бог --
На снопе жытнім нарадзіўся.
Калі падрос і падужэў,
Да Чарнабога апусціўся.
Каб злому Чарнабогу
Бой там даць,
Ключы зямныя
У яго забраць.
І адчыніць жыццё,
Каб уваскрэсла, красавала,
Каб людзям, птушкам і звярам
Святло, цяпло давала.
У нетрах скрыжаваліся мячы.
Бой распачаўся.
Уздрыганулася зямля.
Сусвет закалыхаўся.
Адолеў злога Чарнабога
Юнак Ярыла.
Не падвяла яго
Вялікая зямная сіла.
Ключы чароўныя забраў,
Іх з пояса сарваўшы,
А потым на каменьчыкі,
У жменю іх узяўшы,
Дзьмухнуў штосілы.
Жаўрукамі каменні сталі.
Увысь яны ўзняліся
І над зямлёю заспявалі.
Багіня Жыва-Каляда
Пасланцоў Ярылавых чакала.
“Сыночак адамкнуў жыццё!” --
З палёгкай прашаптала.
Так, адамкнуў,
Даў волю ён зямлі.
Ільдзіны слязой халоднай
З узгоркаў пацяклі.
Пупышкамі вясельнымі
Вярбіначка ўвабралася.
Цемра беспрасветная
Згінула, схавалася.
Журавы на трубах граюць,
Жаўрукі звіняць, спяваюць,
Сонцатварага Ярылу
Славяць і вітаюць.
2022 год