Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Паглыбленне паняцця пра публіцыстычны стыль


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Паглыбленне паняцця пра публіцыстычны стыль

Што трэба ведаць пра публіцыстычны стыль?

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца на радыё, на тэлебачанні, на сходах, у газетах, у часопісах.

Як яго распазнаць?

------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Асноўныя рысы і характэрныя асаблівасці публіцыстычнага стылю
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Надзённасць
Лаканічнасць падачы матэрыялу
Даходлівасць выкладу матэрыялу
Яркасць, эмацыянальнасць, абагульненасць
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------
Характэрныя асаблівасці мовы
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Выкарыстанне моўных штампаў, клішэ (працаўнікі тыла, вядучы канструктар, вядучы акцёр, свецкая львіца)
Выкарыстанне перыфразы (апісальнай перадачы прамога значэння слова: блакітныя дарогіводныя шляхі, карабель пустыні -- вярблюд)
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------
Лексічная праца.
Пазнаёмцеся з лексічнымі значэннямі слоў "штамп" і "клішэ".
Штамп -- 1) металічная форма для вырабу (шляхам штампоўкі) вялікай колькасці аднолькавых дэталей. 2) Прамавугольная або трохвугольная пячатка з назвай установы. 3) перан. Шаблон.
Клішэ -- рысунак, чарцёж, план, зроблены на металічнай, драўлянай або каменнай дошцы для друкавання.
А як вы зразумелі значэнне выразу "моўныя штампы, клішэ"?
            [1, стар. 171, 360, “Тлумачальны слоўнік”]
Рэдагаванне.
Прачытайце моўныя штампы, клішэ. Замяніце іх.
Не было даверу (не верылі), меў намер (збіраўся, хацеў), палепшыўся стан здароўя (паправіўся пасля хваробы).
Складзіце сказы з прыведзенымі моўнымі штампамі і замененымі вамі спалучэннямі слоў.
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Да якога стылю адносіцца тэкст? Як вы гэта вызначылі?
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Папа -- тато.
Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі вымаўляеце слова "тата"? Раскажыце аб гэтым, выкарыстаўшы публіцыстычны стыль маўлення.
Праца з табліцай.
Пазнаёмцеся з табліцай "Асаблівасці сінтаксісу тэкстаў публіцыстычнага стылю".
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------
Асаблівасці сінтаксісу тэкстаў публіцыстычнага стылю:
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------
пераважнае выкарыстанне простых сказаў;
няпоўныя, без дзеясловаў, сказы (Грамадзяне -- радзіме);
аднасастаўныя сказы розных відаў, асабліва ў якасці загалоўкаў (“Гадоў назад не вернеш", "Не лезь на чужое седала");
градацыя -- аднародныя члены сказа размешчаны ў парадку ўзрастання ці ўбывання, змяншэння (Крынічка журчала, спявала, весялілася);
рытарычныя пытанні (Ну як не ганарыцца такім сынам?);
рытарычныя звароткі (Вёсачка мая, часта ўспамінаю пра цябе!);
пытальныя, клічныя сказы (Вы бачылі спелыя жытнёвыя палеткі? Як прыемна адчуваць сябе пераможцам!);
антытэзы -- процілегласці; супастаўленне процілеглых думак ці мастацкіх вобразаў у літаратуры (Хто быў нічым, той стане ўсім), інверсіі (Арол, імклівы і рашучы), анафары -- паўтарэнне аднаго і таго ж слова або гука ў пачатку некалькіх вершаваных радкоў (Чаго іх сюды прынесла? Чаго ім тут трэба?), паралелізм у будове сказаў (Не віхор нясецца – ворагі зямлю нявечаць);
чляненне сказа, пры якім змест рэалізуецца ў некалькіх адрэзках, аддзеленых адзін ад аднаго знакамі прыпынку і паўзамі (Як добраадчуваць сябе патрэбным у калектыве! Неяк  (гэта было зімою) мы з татам запраглі каня і на возе паехалі ў раённы горад.)
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Аналіз тэксту.
Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Выпішыце словы і выразы, характэрныя для гэтага стылю. Пры неабходнасці выкарыстайце табліцу "Асаблівасці сінтаксісу тэкстаў публіцыстычнага стылю".
Мова і змест слова

Вякамі ненавіснікамі беларушчыны ўбівалася (і цяпер убіваецца) ў галаву і ў душу тутэйшага чалавека, што наша мова грубая, непрыгожая, незмястоўная, а таму яе трэба замяніць іншай, рускай. Не раз і не два падобныя выказванні прыходзілася чуць нават ад беларусаў старэйшага пакалення, якое зведала не адну акупацыю.
Каб пераканацца, ці так гэта, паспрабуем паразважаць, правядзём параўнальны аналіз слоў.
        Эх, мілы край адвечнай мукі!
                                                Пракляты будзьце, вусны, рукі,
                                                Што на цябе ланцуг кавалі
                                                І ў твар зняважліва плявалі! –
чытаю радкі з неўміручай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. (Раздзел “Вечарамі”.)
             [3, с. 126]
У вочы найперш кінулася, выдзелілася слова “вусны”. Міжволі перакладаю яго на рускую мову (уста) і параўноўваю, разважаю. Вусны – гэта губы. Над імі, як падказвае нам закон прыроды, звычайна вырастаюць вусы. Нездарма слова “вусны” з’явілася на свет, яно, трапнае, змястоўнае, дапамагае нам уявіць даўняга беларуса з шыкоўнымі вусамі. Хіба не так?
Нагадваюцца яшчэ два словы: беларускае “капялюш” і рускае “шляпа”. Нямногія помняць, ведаюць, што некалі шырока выкарыстоўвалася людзьмі слова “капялюш”. “Капялюш!” – кажу ўголас і чую, як важка падаюць кроплі дажджу:  кап-кап. Менавіта капялюш абараняў галаву ад гэтых важкіх кропляў. Не разумею, чаму яго трэба было адпраўляць у нябыт і браць ва ўжытак новае: шляпа.
Параўнаем іншыя словы: люляць і кочать.
          Люлі-люлі-люлі,
                                                           Прыляцелі гулі,
                                                           Селі на варотах
                                                           У чырвоных ботах, --
                [2, с. 9]
праз гады даносіцца да мяне даўняя калыханка майго народа, ад якой мой народ дзякуючы сваім дабрадзейкам ужо выракаецца, тым самым імкнецца знішчыць такое цудоўнае, такое чароўнае слова “люляць”, замяняючы яго словам “кочать”.
У апошні час, заўважыў, вельмі часта замест слоў “вялікдзень” (вялікі дзень, ён якраз прыходзіць вясною, што заўважылі нашы продкі; а яшчэ ў гэты вялікі дзень  з’явіўся перад намі Ісус Хрыстос) і “пірог” беларусы пад уплывам новых камісараў-агітатараў (яны могуць прымаць рознае аблічча) сталі ўжываць словы “пасха” і “куліч”.
Чытаю слова “пірог” і ўяўляю пір, смачны наедак. Помню, як некалі дома, у хаце, пяклі пірагі. Гэта быў жаданы час і для малых, і для дарослых. Пірагі маглі быць з макам, з чарнічным ці з яблычным варэннем. Накрытыя чыстыя ручніком, яны ляжалі на стале толькі на вялікія святы.
Пішу артыкул, спрачаюся з тымі (а гэта могуць быць розныя па нацыянальнасці грамадзяне, у тым ліку і беларусы, якія вольна ці нявольна сталі пярэваратнямі на маёй зямлі), хто пазбаўляе беларусаў беларускага слова, з коранем вырывае яго і кідае на бязлітасны пясок вечнай пустыні, каб там згінула, прапала.
“Спрэчка – спор, -- шэпчуць вусны і кажуць далей: -- Спрэчка – прэч”. Так, мне не хочацца  збліжацца з тымі, хто ўступае са мною ў нядобрую спрэчку, не хочацца бачыць іх побач, каля сябе.
“Ты вучыш арла лятаць”, -- сказаў старажытнарымскі камедыёграф Цэцылій Стацый пра таго, хто робіць глупства.
Мова ў маім уяўленні – гэта крылы, якія дапамагаюць народу, як арлу, узляцець на самую высокую вяршыню.  Таму ва ўсім свеце яе шануюць, аберагаюць, адносяцца як да таго, чаго нельга парушаць. А ў нас робяць глупства, замяняючы, напрыклад, словы “лічба, сведка, падмурак, плыт, нявечыць” словамі “число, свидетель, фундамент, плот, уничтожать».
Што чуеце вы ў словах “лічба, сведка, падмурак, плыт, нявечыць”? Прыслухайцеся, будзьце пільнымі, не паддавайцеся нядобрым спакусам (па-руску «искушениям»)! Спакуса балюча кусае.
“Ганяць тое, чаго не разумеюць”, -- такое выказванне пакінуў старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва Квінціліян. Думаю, што да многіх з нас яно адносіцца. 
          Жыві ж, наш край!  Няхай надзея
                                             Гарыць у сэрцы і мацнее,
                                             Што хоць не мы, дык нашы дзеці
                                             Убачаць цэльным цябе ў свеце! –
пажадаў сваёй Айчыне паэт-пясняр Якуб Колас.
            [3, с. 126]
“А ці ўбачаць? – думаю я і вымаўляю, праносячы боль праз душу: -- Чытайце Якуба Коласа!” (Аляксей Якімовіч).
Раскрыйце сэнс слова "свядомасць". (Здольнасць мысліць і разважаць, вызначаць свае адносіны да рэчаіснасці.)
Падбярыце сінонім да слова "свядомасць". (Разумнасць, асэнсаванасць.)
Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "свядомасць". Выдзеліце ў іх корань. (Свядомы, усведамляць.)
Пры напісанні слова "свядомасць" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?
Падбярыце рускі адпаведнік да слова "свядомасць". Параўнайце гучанне і напісанне.  (Сознательность.)
Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "свядомасць". (Свядомасць чалавека.)
Як вы разумееце значэнне выразу "нацыянальная свядомасць"?
Тэст.
Якія з пералічаных прымет характарызуюць публіцыстычны стыль?
1. Выкарыстоўваецца ў газетах, часопісах, выступленнях на радыё, тэлебачанні, сходах.
2. Выкарыстоўваецца ў дакументах.
   3. Задача стылю і сфера выкарыстання: паведамляць навіны культуры, навукі, грамадскага жыцця, пераконваць чытачоў і слухачоў, уздзейнічаць на іх, фарміраваць пэўныя адносіны да прадмета маўлення.
4. Задача стылю і сфера выкарыстання: выкарыстоўваецца ў бытавой сферы (у штодзённых зносінах).
5. Жанры стылю: артыкул, рэпартаж, нарыс, адозва, нататка, заклік, выступленне, віншаванне, ліст, лістоўка, інтэрв'ю, дыспут і інш.
6. Асноўныя прыметы: яркасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, доказнасць, эмацыянальнасць.
7. Асноўныя прыметы: дакладнасць, доказнасць, адсутнасць эмацыянальнасці.
8. Моўныя сродкі: сумяшчэнне кніжных і размоўных слоў; выкарыстанне слоў у пераносным значэнні, пытальных і пабуджальных сказаў, звароткаў.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “хараство” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "аршын". (Старая мера даўжыні, роўная 71 см.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі вымаўляеце слова "аршын"? Паразважайце.
[1, стар. 40, 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Аршын, замкнутасць, засцежка, дагавор, выпадак, буслы.
Адказ. Аршын, замкнутасць, засцежка, дагавор, выпадак, буслы.
Праца з вершаваным тэкстам.
Прачытайце.
Не будзі ты, мама…

          Не будзі ты, мама,
                                                          Не будзі так рана.
                                                          Учора я гуляла
                                                          Са сваім Сцяпанам.

                                                          Ночка нас застала,
                                                          Дамоў не пусціла.
                                                          У чараўніцы-ночкі
                                                          Вялікая сіла.

                                                          Казачнымі ручкамі
                                                          Ночка абнімала,
                                                          Ласкавыя слоўцы
                                                          У вушкі мне шаптала.

                                                          Месячык наш човен
                                                          На вадзе люляў,
                                                          Разам з цуда-ночкай
                                                          Дамоў не пускаў.

                                                          Зорачкі зляталі
                                                          З неба, з вышыні.
                                                          І цяпер на вуснах
                                                          Іхнія агні.

                                                          А яшчэ, матулька,
                                                          Салоўка спяваў,
                                                          Цёхкаў, заліваўся,
                                                          На нас пазіраў.

                                                         Потым непрыкметна
                                                         Дзед-туман прыплыў,
                                                         Коўдраю сівою
                                                         Човен затуліў.

                                                         Не будзі ты, мама,
                                                         Не будзі так рана.
                                                         Моцна пакахала
                                                         Я свайго Сцяпана.
                                                                              Аляксей Якімовіч.
Вы лічыце, што гэты тэкст напісаны ў... стылі. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.
Запішыце верш па памяці. Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([ч]).
Назавіце слова, якое можа мець два лексічныя значэнні. (Рана.)
Выпішыце дзеяслоўнае словазлучэнне, у якім галоўнае слова выражана дзеясловам. (Моцна пакахала.)
Назавіце прыметнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:
          Вёсны -- вясна!..
                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:
                                                                У першым складзе перад націскам яна.
                                                                                                                              (Вялікая.)
Творчая праца.
Прачытайце ў вучэбным дапаможніку лінгвістычны матэрыял "Рэпартаж як адзін з жанраў публіцыстыкі" і падрыхтуйце рэпартаж аб тым, як аднесліся да гэтага задання вашы аднакласнікі.
Тэст.
Адзначце характарыстыкі, якія адпавядаюць дадзенаму ніжэй тэксту:
1) стыль маўлення: а) мастацкі; б) публіцыстычны;
2) інфармацыя прызначаецца: а) для вузкага кола спецыялістаў; б) для ўсёй грамадскасці;
3) задача маўлення: а) паведаміць інфармацыю і ўздзейнічаць на слухача; б) паведаміць інфармацыю;
4) жанр маўлення: а) нататка; б) рэпартаж;
5) тып маўлення: а) апавяданне; б) разважанне.
Мова і ветлівасць

З даўніх часоў многія нашы суседзі адзначалі ў характары беларуса такую рысу, як ветлівасць.
Гэта асабліва ярка праяўляецца ў нашай мове, у нашых словах. «Добрай раніцы!» -- прачнуўшыся, віталі адзін аднаго сямейнікі. Яны ведалі, што наперадзе іх чакае цяжкая сялянская праца, а таму стараліся стварыць у хаце добры настрой. Такі ж добры настрой ствараў і госць, які іншы раз заходзіў у хату. «Добрай раніцы!» -- пераступіўшы цераз парог, прымаўляў ён, жадаючы дабра і гаспадару, і гаспадыні, і іх дзецям. А яшчэ ён хацеў, каб бачылі, што ласкавы, выхаваны, што прыйшоў без каменя за пазухай.
Для тых, хто забываўся ці ленаваўся разявіць рот, людзі прыдумалі наступныя прымаўкі-напамінкі: добрае слова далёка чуваць;  добрае слова не … забываецца.  
Якімі словамі беларусы сустракалі адзін аднаго днём? Таксама зычлівымі, тымі, што нам перадалі з надзеяй, што зберажэм іх: «Добры дзень! Дзень добры!»
Пачуўшы «дзень добры!» людзі скідалі з твару хмурынку, якая, здаралася, павуцінкай вісела на ім.
Роднае слова заўжды мела вялікую сілу. “Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе.  Ласкавае слова – што дзень ясны”, -- трапна заўважаюць прыдуманыя людзьмі прыказкі. Найбольш ветлівых людзей прыказка характарызавала так: “Скажа, як мёд пакажа”.
Чаму беларусы складалі прымаўкі і прыказкі? Не толькі для таго, каб пацешыць сябе ў вольны час, але і каб падказаць, навучыць, як жыць. Няпісаным законам былі прыказкі і прымаўкі для беларусаў. Вось і раслі яны спагадлівымі. Прыкладам такога беларуса з’яўляецца наш народны паэт Янка Купала.
“Пад шыракалістымі клёнамі, на лаўцы, насупраць будынка музея Янкі Купалы, сядзяць старажылы-мінчане.
-- Мы ведалі добра Янку Купалу, -- кажа адзін з іх, былы наборшчык. – Нашы друкары, старэйшыя рабочыя, неаднойчы былі гасцямі ў паэта. Пасля кожнага новага выдання Янка Купала запрашаў рабочых да сябе, бо ён ведаў, што першымі яго чытачамі былі мы – наборшчыкі, машыністы, пераплётчыкі. У таварыскіх, гасцінных абставінах мы нават смела рабілі свае заўвагі па некаторых яго творах, і, ці паверыце, Янка Купала заўсёды прыслухоўваўся да іх…
-- Пры сустрэчы Янка Купала знімаў капялюш і з вялікай павагай паціскаў руку кожнаму рабочаму, -- дадае другі», -- чытаем у кнізе пісьменніка Міколы Хведаровіча «Памятныя сустрэчы».        
Прывяду новы ўрывак з успамінаў Міколы Хведаровіча: “Хочацца адзначыць яшчэ адну характэрную рысу Янкі Купалы --  яго выключную далікатнасць, сардэчную ласкавасць, якія моцна прыварожвалі кожнага, каму даводзілася з ім сустракацца. Хацелася быць разам з ім, слухаць яго шчырыя словы развагі, яго ціхі, задушэўны голас. Самы ласкавыя словы знаходзіліся ў яго для кожнага. Іван Дамінікавіч адразу разгадваў трывогі і неспакой свайго субяседніка і, як мог, стараўся развеяць сум. Усіх маладых пісьменнікаў Іван Дамінікавіч называў толькі па імені і абавязкова ў лагоднай, ласкавай форме: Міхасёк, Петрусёк, Міколка, Васілёк, Сымонка”.   [4, с. 5, 17]
Ласкавая форма звароту была характэрна для беларуса і тады, калі ён глядзеў на тую прыроду, якая красавала вакол яго. Пазіраючы на вішню, якая расцвіла вясною і несла яму прыгажосць, беларус называў яе не вішняй, а вішанькай, а пчолаў, якія кружыліся, звінелі ў садку, называў пчолкамі. Гэта асабліва ярка праяўлялася ў народных песнях. Вось як пачынаецца адна з іх:
-- А я ў печы не паліла,
                                                     Мілы мой, міленькі!
                                                     А я ў печы не паліла,
                                                     Голуб мой сівенькі!
Падобныя словы з памяншальна-ласкальным значэннем можна знайсці і ў народных параўнаннях: абабраць, як ліпку, адзін, як месячык у небе, выгадаваць як кветачку ў садочку.
“Добрай раніцы! Добры дзень! Дзень добры! Прывітанне! Добры вечар! Дабранач! Да пабачэння! Да сустрэчы!”, -- з асалодай вымаўляю ветлівыя формы звароту і міжволі адзначаю ў гэтых словах, у нашай беларускай мове яшчэ адну адметнасць, характэрную для беларуса – ужыванне зацвярдзелых зычных (яны заўсёды цвёрдыя і адпаведных мяккіх не маюць) р, ч, ц (у беларускай мове ёсць і мяккі гук [ц], але ён парны па цвёрдасці і мяккасці не зацвярдзеламу [ц′], а цвёрдаму [т]: хвост – на хвасце). Гэтыя зацвярдзелыя зычныя разам з літарай “дз”, якой няма ў іншых мовах, надаюць ветлівым словам беларуса асаблівую адметнасць, звонкасць у гучанні.
Не бойцеся беларускіх слоў, часцей ужывайце іх. Будзьце добрыя і ласкавыя (Аляксей Якімовіч).
Растлумачце напісанне вялікай літары.
Адказы: 1 б, 2 б, 3 а, 4 а, 5 б.
Лінгвістычны каментарый.
Нататка -- кароткі запіс аб чым-небудзь.
 [1, стар. 221, “Тлумачальны слоўнік”]
5. Мытны кантроль.
Назавіце адным словам канечны пункт дыстанцыі пры спартыўных спаборніцтвах. (Фініш.)
[1, стар. 344, “Тлумачальны слоўнік”]
Падышоў да фінішнай прамой і сённяшні ўрок. Давайце падвядзём яго вынікі і вызначым, наколькі плённай была наша праца над тэмай "Паглыбленне паняцця пра публіцыстычны стыль". Для гэтага паспрабуем даць адказ на пытанні:
Дзе выкарыстоўваецца публіцыстычны стыль?
Назавіце задачы і асноўныя рысы публіцыстычнага стылю.
Якія жанры публіцыстычнага стылю вы ведаеце?
Назавіце характэрныя асаблівасці мовы публіцыстычнага стылю.

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2. Беларуская дзіцячая літаратура: хрэстаматыя : вучэб. дапам. / склад. М. Б. Яфімава, В. Я. Ляшук. – Мінск : Вышэйш. шк., 1996. – 655 с.       [1, с. 9]  
3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.
4. Хведаровіч, М. Памятныя сустрэчы / М. Хведаровіч. -- Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1960. -- 194 с.         [2, с. 5, 17]