ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: правапіс
канчаткаў рознаскланяльных назоўнікаў, што абазначаюць назвы маладых істот.
Псіхалагічны настрой.
Вільгаць, вырай,
Блакітны,
цукровы --
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Успомнім назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот:
шпачаня (шпачанё), лісяня (лісянё), ваўчаня (ваўчанё), цяля (цялё), ягня
(ягнё), казляня (казлянё) і іншыя.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Пішам у
родным склоне: ягняці і ягнят.
Чаму так?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
У словах “ягняці” і “ягнят” выдзяляем суфіксы –яц-,
-ят-,
канчаткі і вызначаем лік.
Вывад.
Правапіс суфіксаў і канчаткаў у назоўніках ягняці
і ягнят
залежыць ад іх ліку.
Чытаем правіла.
Запомніце! Назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот, у родным, давальным і
месным склонах адзіночнага ліку набываюць суфікс –яц- (-ац-) і ўжываюцца, як і назоўнікі трэцяга скланення, з
канчаткам –і: ягняці. Ва ўсіх ускосных склонах
множнага ліку такія назоўнікі пішуцца з суфіксам –ят: ягнят. Але: дзяцей [4,
стар. 109, “Беларуская мова”].
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Ласянят і лісянят,
Кацянят і птушанят,
Ваўчанят і … (казлянят).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс слоў з вершаванага тэксту “ласянят”, “лісянят”, “кацянят”, “птушанят”,
“ваўчанят”, “казлянят”.
Працуем са спалучэннямі слоў.
• Са словам
“куранят” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• Праскланяйце
адно з гэтых спалучэнняў слоў.
Для даведкі: многа куранят – мора куранят.
Праца са сказам.
• Складзіце
скорагаворку са слоў.
Няма, сенажаці, барсучаняці, у. (У барсучаняці няма сенажаці.)
• Растлумачце
правапіс выдзеленых літар.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні
літар яц, ят, потым напішыце беларускае слова “квяцісты” і лагодна
ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Запомніце! Назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот, у творным склоне маюць
канчатак другога скланення -ём:
дзіцём [2, стар. 167, “Беларуская
мова”].
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Ласянём і лісянём,
Кацянём і птушанём,
Ваўчанём і … (казлянём).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс слоў з вершаванага тэксту “ласянём”, “лісянём”, “кацянём”, “птушанём”,
“ваўчанём”, “казлянём”.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
Малыя
качаняты –
Разам з мамай дзеткі –
Збіраюць зярняты.
Старанна працуюць:
Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.
• Знайдзіце
ў вершаваным тэксце назоўнік, што абазначае назву маладых істот. Праскланяйце
яго.
Скорагаворка.
Аслянё
пазнаёмілася з ягнём (Аляксей Якімовіч).
• Вызначце
склон назоўніка ягнём. Што вы ведаеце аб яго напісанні?
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “азывацца; заяўляць пра сябе”.
У густым жыце,
Дзе наліўся колас,
Шчыгол, азваўся,
… .
• Як
правільна назваць дзіця шчыгла? (Шчыгляня, шчыглянё.) Назоўнік шчыгляня пастаўце ў форме
роднага, давальнага, меснага і творнага склонаў адзіночнага і множнага ліку.
Словы фразеалагізма,
напісаныя наадварот: ўадап салог [1, стар. 224,
“Фразеалагічны слоўнік”].
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар.
Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
А на дубах, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы кл(е, я)кочуць, бусляняты
Пішчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есці ў сваю пору.
А там, дзе буслікі ўздужалі,
Іх пачынаю(ц, т)ь вабіць далі… [3, стар. 6, “Паэмы
Я. Коласа”].
• Падбярыце літаратурны
адпаведнік да аўтарскага слова “буславыя”. (Бусліныя.)
• Знайдзіце
ў вершаваным тэксце назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот.
Праскланяйце іх.
Адказы
на пытанні.
• Як скланяюцца ў адзіночным ліку назоўнікі, што
абазначаюць назвы маладых істот?
• Як скланяюцца ў множным ліку назоўнікі, што
абазначаюць назвы маладых істот?
Тэст.
Ад прапанаваных
слоў утварыце назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот.
1 Бабёр;
2 тхор;
3 арол;
4 собаль;
5 вавёрка;
6 сокал;
7 індык.
Для даведкі: 1) бабраня (бабранё), 2) тхараня (тхаранё), 3) арляня (арлянё), 4)
сабаляня (сабалянё), 5) ваверчаня
(ваверчанё), 6) сакаляня (сакалянё), 7) індычаня (індычанё).
Выкарыстаная
літаратура
1. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
2. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для
10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел.
мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М.
Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239
с.
3. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў
агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка
[і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --
240 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, чэрвень 2021 года, № 6.