Поиск по этому блогу

Навошта мне гнілая бульба?


З напісанага даўней

Навошта мне гнілая бульба?

Нядаўна  я пайшоў у краму “Агародніна”, каб набыць бульбы. На паліцах у краме гэты прадукт быў расфасаваны ў сеткі. Памацаў бульбу ў адной упакоўцы, потым – у другой. Акрамя таго, што яна мела непрывабны выгляд, дык была яшчэ і мяккая. Што тут зробіш? Трэба купляць. Адзін кілаграм каштуе 9 тысяч 100 рублёў. Прадавец сталага ўзросту ўзважыла маю сетачку, за якую я заплаціў 23 тысячы 200 рублёў.
Дома стаў чысціць бульбу, узяўшы першую. Авохці мне! Адзін бок яшчэ так-сяк, а другі – зусім гнілы. Чысціў, рэзаў, выкідаючы гніль, -- і ад гэтай бульбіны застаўся, што называецца, толькі змылачак.
А ўрэшце вось што ў мяне выйшла:
1. Добрых, здаровых бульбін было 18.
2. Часткова гнілых, тых, з якіх выйшлі змылкі – 13.
3. Зялёных – 2.
4. Цалкам гнілых, якія, можна сказаць, трухою сталі – 5.  Іх схавалі ў самую сярэдзіну сетачкі.
Сяджу на кухні і нявесела разважаю: “Гэтую бульбу і свінні не ядуць, а мне яе прадалі. Навошта?”
Пасля нядоўгага разважання пяць трухлявых бульбін зноў паклаў у сетачку і накіраваўся ў краму, дзе ў мяне неўзабаве адбылася наступная размова.
-- Я нядаўна ў вас купляў бульбу. Вось якую вы мне прадалі, -- кажу прадаўцу і кладу на вагі сетачку з пяццю цалкам гнілымі бульбінамі, а потым паказваю ліст са сваёй арыфметыкай.
Прадавец аж падскочыла, неўзабаве яшчэ дзве супрацоўніцы крамы як з-пад зямлі з’явіліся.
-- У нас самаабслугоўванне! У нас самаабслугоўванне!.. – як патрывожаныя птушкі, зашчабяталі яны.
-- Дык хто вінаваты, што на паліцах крамы гнілая бульба?
-- У нас самаабслугоўванне! – зноў заявілі яны.
-- Пры чым тут самаабслугоўванне? – абурыўся я.
-- Вы павінны былі праверыць, якую бульбу купляеце!
“Выходзіць, ва ўсім вінаваты я”, --нарэшце дайшло да мяне.
Майму абурэнню не было мяжы.
-- Значыць я павінен корпацца ва ўсіх вашых сетках, гнілую бульбу пальцамі вышукваць?
Прадаўцы вымушаны былі здацца.
-- Мы можам памяняць бульбу!
-- Я яе ўжо пачысціў.
-- І пачышчаную памяняем!
-- Я не збіраюся чысціць другі раз.
-- Грошы вернем!
Грошай я не ўзяў: такім чынам даў зразумець нядбайным прадаўцам, што пакупніку патрэбен якасны тавар, набыты без спрэчак.
                                                                               Аляксей Якімовіч,
                                                                               12 – 18 чэрвеня 1998 года.
Газета тады магла каштаваць каля 5 тысяч рублёў.