Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ТЭМА І АСНОЎНАЯ ДУМКА ТЭКСТУ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ТЭМА І АСНОЎНАЯ ДУМКА ТЭКСТУ


Мэты: засвоіць паняцці тэма і асноўная думка тэксту;  фарміраваць уменні вызначаць у дадзеных тэкстах тэму і асноўную думку; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывіваць спагадлівыя адносіны да дарослых.

 

                                                                      Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Прыгожы, чырвоны,

                                                          Жоўты, васільковы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя літары. Адгадайце загадку.

                                              На страсе жораў сядзіць,

                                              У хаце на стале скр..нка стаіць,

                                              У пакоі святло патуш..на,

                                              А ўвесь свет відаць. (Тэлевізар) [3, с. 369, “Беларускія прыказкі…”].       

                                                                                   З народнага.

4. Чыстапісанне.

                     Ттэ тэ   то

                     тэма  тэкст

                    Кожны тэкст мае тэму

• Якія словы сустрэліся нам у чыстапісанні? (Тэкст, тэма.)

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Што мы звычайна робім, калі, напрыклад, у гасцях сустракаем незнаёмага? Так, так, знаёмімся з ім, каб больш даведацца пра яго. Так здарылася і з казачнай гераіняй Сарокай, якая ў краіне Мовазнавіі сустрэла выхаванца каралевы Мовы -- Тэкст. Слухаючы  пра гэта казку, з дапамогай яе герояў вы даведаецеся, што такое тэма і асноўная думка тэксту. У час  чытання казкі запоўніце "запіску-"дапамагатку". Яна дапаможа вам у цяжкую хвіліну.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Запіска-"дапамагатка".

Замест кропак устаўце патрэбныя словы.

                                 Прыметы тэксту

Тэкст – гэта ... (выказванне), у якім сказы звязаны … (па сэнсе) і граматычна.  Яны аб'ядноўваюцца... (агульнай тэмай і асноўнай думкай).

                                       Прыметы тэмы

Тэма – гэта тое, пра што … (гаворыцца ) ў тэксце.

Асноўная … (думка) – гэта тое галоўнае, што выказана тэкстам.

Асноўная думка, як і тэма, можа быць выражана у ... (загалоўку) або ў адным са сказаў тэксту.

Словы для даведкі: па сэнсе; выказванне; агульнай тэмай і асноўнай думкай; загалоўку; гаворыцца; думка [6, с. 18 -- 19, “Беларуская мова”].       

.Чытанне казкі.

Ішлі па лясной сцяжынцы Тэкст, Тэма і Асноўная Думка з партфелямі ў руках. Бачаць: Сарока сядзіць на хваінцы.

- Я Сарока-белабока! А вы хто такія? Чаму з партфелямі тут ходзіце? - засакатала, каб паказаць, што яна ў гэтым ляску гаспадыня.

- Я Тэкст, - нясмела азваўся Тэкст.

- А я Тэма, - ціха прамовіла Тэма.

-- А я Асноўная Думка, -- падала голас Асноўная Думка.

Сарока паварушыла доўгім хвастом.

- У нашым ляску жывуць розныя птушкі і розныя звяркі, а пра Тэкст і Тэму я не чула.

- Мы жывём не ў ляску, а ў школе, - паведаміў Тэкст.

- Няўжо ты анічога  не ведаеш пра нас? - пацікавілася Тэма.

- Зусім не ведаю! - шчыра прызналася Сарока.

- Калі каму-небудзь патрэбна расказаць пра якую-небудзь падзею, паразважаць аб чым-небудзь, апісаць нешта, асобных сказаў яму недастаткова. Тады на дапамогу прыходжу я, Тэкст. Мяне яшчэ называюць выказваннем на пэўную тэму, - адрэкамендаваўся Тэкст.

- Выходзіць, ты складаешся з асобных сказаў?

- Са сказаў, якія звязаны па сэнсе. Яны аб'ядноўваюцца агульнай тэмай і асноўнай думкай.

- А  што вы скажаце пра сябе? - звярнулася да Тэмы і Асноўнай Думкі Сарока.

-  Тэма -  гэта тое, аб чым гаворыцца ў тэксце. Я магу быць заяўлена у загалоўку альбо ў першым сказе тэксту, - сціпла паведаміла Тэма.

-- Асноўная Думка -- гэта галоўнае, што аўтар хоча сказаць чытачу. Я таксама магу быць заяўлена ў загалоўку альбо ў першым сказе тэксту, -- дадала Асноўная Думка.

- Зусім заблыталі вы мяне! Зусім! Зусім! - ледзь не плачучы, затрашчала Сарока і апусцілася на зямлю.

Тэкст падумаў хвілінку і дастаў з партфеля два аркушы паперы.

- Сарока-белабока, прачытай, што тут напісана.

- На полі гудзяць трактары. У лесе спеюць суніцы. Па вуліцы рухаецца трамвай, - прачытала Сарока на першым аркушы.

- А цяпер прачытай на другім аркушы, - папрасіў Тэкст.

- “Заўтра ў школе здаюць макулатуру. Алеся вынесла з кладоўкі тоўстую кіпу старых газет. Паклала яе на падлогу і села на табурэтку. Усе гэтыя газеты яна цяпер павінна перабраць, роўненька скласці”, -- прачытала Сарока на другім аркушы і радасна ўсклікнула:  - Гэта тэкст! Я здагадалася!

- Сарока-белабока, ты вялікая разумніца! - пахваліў Сароку Тэкст і на развітанне падарыў ёй вучэбны дапаможнік па беларускай мове.  За кемлівасць і старанне (Аляксей Якімовіч “Песня маёй бабулі” [7, с. 8]).      

• Ці згодны вы з Сарокай? Дакажыце сваю думку. Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-"дапамагатку". З дапамогай вучэбнага дапаможніка праверце, ці правільна запоўнілі яе.

• Вызначце тэму і асноўную думку гэтага тэксту.

 Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Для тэксту характэрны паслядоўнасць развіцця падзей і завершанасць.

Праца з тэкстам.

- Прачытайце тэкст. Колькі ў ім сказаў? Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку ў канцы кожнага сказа.

-- Дзеці, што любіць наша бабуля? – аднаго разу запыталася мама(.)

-- Наша бабуля на дачы любіць працаваць, -- сказаў Міхась(.)

-- Наша бабуля ежу любіць гатаваць, -- зазначыла Кацярына(.)

-- Наша бабуля ў кватэры любіць прыбіраць, -- прагаварыў Пятрусь(.)

-- Наша бабуля любіць нашу ласку, -- прамовіла Алеся і прытулілася да бабулі(.) (Аляксей Якімовіч “Што любіць бабуля?” [7, с. 25]).     

• Які загаловак лепей адлюстроўвае тэму тэксту: “Што любіць бабуля?” ці “Ласкавая Алеся”? 

• Хтосьці з вас прыдумаў свій загаловак?

• Як можна сфармуляваць асноўную думку тэксту?

Гукавая гульня “Назавіце словы”.

Прачытайце верш і назавіце патрэбныя словы.

                                            Коцік Рыжык рыбку

                                            Сам вырашыў … (з’есці).

                                            Закрычала кошка:

                                            -- Дзеткам трэба … (несці)!

                                                            Аляксей Якімовіч.     

• Дайце загаловак тэксту. (Клапатлівая маці.) Ці адлюстроўвае ён і тэму, і асноўную думку тэксту?

• У слове “рыбку” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Рыбачка.)

• Якое правіла вы прымянілі?

Праца са словам.

У гліняным збаночку знаходзяцца ягады.  Іх назбірала дзяўчынка і запісала іх назвы. Але першыя літары расплыліся пад дожджыкам, згубіліся. Засталіся толькі апошнія чатыры літары – “ніцы”. Можа, вы падкажаце, якія ягады ляжаць у збаночку? Клубніцы, чарніцы, суніцы, брусніцы?

• Перакладзіце словы – назвы ягад --  на рускую мову.

• Якія ягады вы яшчэ ведаеце? Якія ягады растуць у вашым агародзе? Складзіце тэкст “Ягады ў нашым агародзе”.

План

1. Наш агарод.

2. Праца на агародзе.

3. Як папрацуеш, так і з’ясі.

Апорныя словы: каля хаты, знаходзіцца, падабаецца, працуем, пустазелле, спеюць, розныя, частуемся, варэнне.

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Пакладзіце далоні на парту. Уявіце: вы на агародзе. Спачатку старанна ўскопваеце градку, потым робіце разоркі і сыплеце туды насенне ягад. На вашай градцы з’явілася пустазелле. Вы яго полеце, а затым паліваеце градку.

Праца з тэкстам.

Выправіце памылкі. Што тут пераблытана? Запішыце тэкст правільна. Вызначце яго асноўную думку.  Дайце яму загаловак.

На беразе вялікага возера ляжаў какрадзіл. Раптам непадалёку загудзеў магутны тартрак. Какрадзіл разявіў рот і стаў уважліва глядзець на тартрак.

-- Не глядзі так! Мой тартрак не кусаецца! – гукнуў з тартрака татракрыст.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а гукі касы – жых-жах, жых-жах – перадасце вы.

                                               -- Жых-жах, жых-жах, --

                                              Каса вымаўляе.

                                              І траву, і кветкі

                                              Імгненна сцінае.

                                                          Аляксей Якімовіч.

• Якім словам можна замяніць слова “сцінае”? (Скошвае.)

• Вы сцвярджаеце, што гэта тэкст. Абгрунтуйце сваю думку. Дайце загаловак тэксту. Вызначце яго тэму.

• Як вядома, летняй раніцай на траве звычайна блішчаць кроплі расы. Падбярыце блізкія па значэнні словы да слова “блішчаць” (Ззяць, зіхацець.)

• Складзіце і запішыце сказ са словам "блішчаць".

• Пры напісанні слова "блішчаць" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

• Растлумачце правапіс шч у слове "блішчаць".

• Перакладзіце на рускую мову слова "блішчаць". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Блішчаць -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце шч.

Рэдагаванне тэксту.

Падзяліце тэкст на часткі і абзацы. Абгрунтуйце сваё меркаванне. Які сказ “падказвае” вам, пра што будзе ісці гаворка ў тэксце? Дайце загаловак тэксту.

Нашы далёкія продкі здабывалі сабе ежу паляваннем. Найлёпшай здабычаю лічыўся мамант. Ён даваў шмат мяса і патрэбныя ў гаспадарцы косці.

Старажытныя людзі сяліліся на берагах рэк. Яны жылі ў буданах з жэрдак і з мамантавых костак, абцягнутых зверху шкурамі. Пасярэдзіне будана ўвесь час гарэў агонь. На ім смажылі мяса. Каля яго грэліся і ў доўгія вечары рабілі прылады працы. Вырабляць жалеза людзі яшчэ не ўмелі. Нажы, сякеры, наканечнікі дзід былі з каменю. Таму вучоныя назвалі той час каменным векам (Уладзімір Арлоў [1, с. 5] ).

• Ці характэрны для гэтага тэксту паслядоўнасць развіцця падзей і завершанасць?

• Падбярыце блізкае па значэнні слова да слова “дзіда”. (Кап’ё.)

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Вось і ц(я, е)пер, у дз(е, я)нёк гэты,

                                   Як мае быць ужо а(д, дз)еты,

                                   Сказаць, а(дз, д)еты і фарсіста

                                   І гла(т, д)ка выбры(у, ў)шыся, ч(ы, і)ста,

                                   Міхал ужо разгладжваў вусы      [5, с. 86, “Новая зямля”].     

• Раскрыйце сэнс выразу "як мае быць адзеты" (як трэба, як павінна быць, як след) і слова "фарсіста" (фарсіць – франціць; выхваляцца, выстаўляючы што-н. напаказ) [2, с. 341, “Тлумачальны слоўнік”]. Якімі словамі іх можна замяніць? 

• Ці можна назваць гэты вершаваны ўрывак тэкстам? Абгрунтуйце сваю думку.

Самастойная праца.

Прачытайце. Колькі ў тэксце сказаў? Пастаўце ў канцы кожнага з іх кропку.

З восені пачынае рыхтавацца да зімовай спячкі вожык (.) Ён выбірае сабе дзе-небудзь пад галлём ці пад кустом зручную ямку(.) Сюды ён прыносіць сухую траву, мох, лісце(,) З надыходам зімы вожык залазіць у ямку і засынае(.) Спіць ён да сакавіка(.)               (“Віталь Вольскі “Кастрычнік” [4, с. 63] ).

Тэст.

З прыведзеных прыкладаў выберыце той, які з'яўляецца тэкстам. Патрэбны абазначце знакам"+".

1. НЕЗВЫЧАЙНЫ ФОКУС

                                                                                                     

-- А я ўчора быў у цырку. Там фокуснікі выступалі! -- сустрэўшыся з матэматычным знакам Плюс і лічбай 55, пахваліўся заяц Шарачок.

-- Мы таксама можам паказаць табе незвычайны фокус, -- заявіў Плюс.

-- Так, так, -- падтакнула лічба 55.

Не паверыў ім Шарачок. Ён так і сказаў:

-- Не веру.

-- Дык мы далей пойдзем, -- прагаварыў Плюс.

-- Каму-небудзь іншаму пакажам незвычайны фокус, -- дадала лічба 55.

-- Пабудзьце крыху! -- замахаў лапамі заяц. -- Вы, напэўна, хочаце паказаць, як прыгожая птушка з рукава вылятае?

-- Такім фокусам ужо нікога не здзівіш, -- усміхнуўся Плюс.

-- Наш фокус незвычайны, -- напомніла лічба 55.

-- Пакажыце незвычайны фокус! Хутчэй! -- загарэўся Шарачок. Ён любіў, калі яму паказвалі розныя фокусы.

-- Глядзі! -- сказаў Плюс і стаў паміж дзвюма пяцёркамі, з якіх складалася лічба 55.

-- Лічба 55 ператварылася ў лічбу 10! Не верыцца! -- пакруціў галавою Шарачок.

-- Оп-ля! -- прагаварыў Плюс і зноў стаў каля зайца.

-- Незвычайны фокус мы табе паказалі? -- пацікавілася ў Шарачка лічба 55.

-- Такога фокуса я яшчэ не бачыў! -- адказаў Шарачок (Аляксей Якімовіч [7, с. 41 -- 42] ).

2. Тыдні праз два Міколу зноў прыйшоў у гэту вёску. Я стаў расказваць, як жывецца людзям у вёсцы. Па дарозе ў вёску ехала легкавушка. Да вёскі падступаў цёмны лес.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Што такое тэкст? 

• Што такое тэма і асноўная думка тэксту?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Арлоў, У. Адкуль наш род : апавяданні па гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў / Уладзімір Арлоў. – Мінск : ВЦ “Бацькаўшчына”, 1996. – 106 с.

2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

3. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

4. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

5.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

6. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. Для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

7. Якімовіч, Аляксей. Слёзкі Сонца : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : “Нар. асвета”, 2014. – 94 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.