Пра багоў язычніцкіх. Тварэнне зямлі багіняй Маяй
(у форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем, што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на Вялікдзень, і на Каляды.
-- Тварыцелькай зямлі называюць жонку гаспадара сусвета Дальбога Маю-багіню.
-- Багіня Мая жыла на востраве-выраі (у раі) у харомах Дальбогавых. Але часта ўспамінала (раней была хваляю) марское дно з жоўтым залатым пяском. Сумавала, хацела штодзень яго бачыць.
Аднаго дня, апусціўшыся на марское дно, набрала залатога пяску і кінула на паверхню мора.
-- З тых пясчынак тады і ўтварылася зямная цвердзь?
-- Утварылася, стала валадарствам Маі. Пад яе ступою зазелянела яна. А пан сусвету Дальбог, успомніўшы, што Мая калісьці ў бярозку абярнулася, яго засаромеўшыся, упрыгожыў зямлю бярозавымі гаямі.
-- Ніхто ў той час не першкаджаў ні Дальбогу, ні Маі?
Быў тады валадар злога і цемры Чарнабог. З цемраў сусвету ён у першапачатку паўстаў. Вельмі баяўся поглядаў-праменняў Дальбога, таму звычайна ў марской процьме хаваўся. А калі ўбачыў, што Мая стварае зямную цвердзь, высунуўся адтуль і сваім гарбом гэту цвердзь стаў падкідваць, пароць.
-- Гэтым моцна нашкодзіў ён?
-- Маладая, незастылая зямля прадоннямі-шчылінамі пакрылася і карабаценнямі-гарамі нарасла.
Мала гэтага. Плюючыся ад злосці, дробненькія пясчынкі схапіў рукою і на зямлю кінуў. Каменнямі малымі і вялікімі яны ўпалі, каб Мая ногі раніла, па зямлі ходзячы.
-- А ў што абярнуліся пляўкі Чарнабогавы?
-- У дрыгву-балота, у царства яго. Там ён хаваецца і іншы раз на зямлю выходзіць, каб Дальбогу нашкодзіць.
-- Што з’яўляецца эмблемай Чарнабога, яго сімвалам, ідэяй?
-- Мы ведаем, што эмблема міру – голуб, эмблема Алімпійскіх гульняў – пяць кольцаў. А эмблема Чарнабога – мядзведзь і вуж. Віхуры-ваўкі, лесавікі, злыя духі, чэрці служаць яму.
Аляксей Якімовіч
У гаях бярозавых
Салаўі спяваюць,
На зямлі спрадвеку
Новы дзень вітаюць.
Слухаю салоўку,
Па зямлі ступаю.
Песню салаўіную
Ёй я прысвячаю.
Корміць нас зямелька,
У горы суцяшае.
Як матуля немаўля,
За руку трымае.
Люблю твае рэкі,
Люблю лес і поле.
Нарадзіцца на зямлі –
Шчаслівая доля.
Беражыце долю,
Зямлю свайго краю
Беларусы, землякі
Шчыра заклікаю.
Слухаю салоўку,
Па зямлі ступаю,
Пра багіню Маю
Тут успамінаю.
2024 год