Поиск по этому блогу

Тэст (лексічнае значэнне слова)


Тэст (лексічнае значэнне слова)

Казка

Выйшаў кот Паласацік на двор і бачыць: сабака Жучок сядзіць на лавачцы і касматай лапкай старанна слёзкі выцірае.
-- Хто цябе пакрыўдзіў, братка? -- усклікнуў Паласацік.
Убачыўшы коціка, Жучок мацней заплакаў.
 -- Пчала пакрыўдзіла! Я за ёю бегаў, бегаў, даганяў, даганяў, а яна гудзела, гудзела, кружылася, кружылася, а затым апусцілася і ў правую лапку ўджаліла.
-- Напэўна, моцна баліць табе лапка! -- паспачуваў Паласацік.
-- Яшчэ як! -- сабачка ўстаў з лавачкі і прайшоўся, кульгаючы, каб паказаць суседу, як пацярпеў ён ад пчалы.
-- Джала ты выцягнуў? -- запытаўся Паласацік.
-- Ыгы! -- усхліпнуў Жучок. -- Зубкамі выцягнуў.
-- Дык не плач. Калі будзеш плакаць, цябе будуць называць...
Коцік замаўчаў. Яму не хацелася крыўдзіць сябра, вымаўляць абразлівае слова.
-- Як будуць мяне называць? -- вырашыў удакладніць Жучок. Уважліва глядзіць на Паласаціка, з нецярпеннем адказу чакае. Ён ведаў, што кожнае слова мае пэўнае лексічнае значэнне.
Паласацік цяжка ўздыхнуў.                     
-- Плаксам цябе будуць называць.
Жучок тупнуў  правай лапкай і ўсміхнуўся.
-- А мне ўжо не баліць!

А
  •  Вызначыўшы лексічнае значэнне слоў, адзначце патрэбнае.
1) Сродак стварэння моцнага ўражання;
2) музычны твор, які з’яўляецца арыгінальным спалучэннем асобных частак;
3) практыкаванне ў музычнай, тэатральнай, шахматнай тэхніцы:
 а) кампазіцыя;
б) эцюд.                                                  
Б
• Падбярыце слова, якое ўказвае на род прадметаў, з'яў. Якое слова ў кожным радзе "лішняе"?
а) -----------------------------------  кот, воўк, бусел, мядзведзь;
б) ----------------------------------- ліса, карова, каза, конь;
в) ----------------------------------- патэльня, кубак, ложак, шклянка.
Адказы.
А-2 а. (Сыграць кампазіцыю.)
А-3 б. (Рашыць шахматны эцюд.)
Для даведкі. Сродак стварэння моцнага ўражання – эфект. (Шумавы эфект.)
                    [1, стар. 143, 394, “Слоўнік іншамоўных слоў”]
Б. “Лішнія” словы: бусел, ліса, ложак.
Каб падрыхтавацца да тэмы “Лексічнае значэнне слова”, вам трэба навучыцца даваць адказы на змешчаныя ніжэй пытанні.
• Якое значэнне слова называецца лексічным?
• Якія спосабы тлумачэння лексічнага значэння слова вы ведаеце?

Выкарыстаная літаратура
                                                                                 
1. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.