Поиск по этому блогу

Беларуская Народная Рэспубліка


БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА

25 сакавіка беларускія патрыёты адзначаюць свята незалежнасці беларускага народа, беларускай дзяржавы.
 
Як гэта адбывалася?

У снежні 1917 года ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі З’езд. Ён павінен быў вырашыць лёс Беларусі. Бальшавікі яго разагналі. 19 лютага 1918 года беларускія патрыёты ў  Мінску паднялі паўстанне і вызвалілі горад ад бальшавікоў. Улада перайшла да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая звярнулася да народа Беларусі з першай Устаўной граматай.
Нягледзячы на тое, што Мінск занялі нямецкія войскі, 9 сакавіка Рада БНР прыняла другую Устаўную грамату, а 25 сакавіка – трэцюю, абвясціўшы Беларусь вольнай і незалежнай краінай. Цэлую ноч цягнулася паседжанне Рады. Толькі з усходам сонца была прынята пастанова. Некалькі чалавек выгукнулі: “Узыходзіць сонца незалежнай Беларусі!”
БНР праіснавала нядоўга. Не маючы дастатковай вайсковай сілы, яна не змагла абараніцца ад ворагаў. Амаль стотысячнае беларускае войска, якое ў гэты час знаходзілася ў Румыніі, не змагло прабіцца ў Беларусь.

З ТРЭЦЯЙ УСТАЎНОЙ ГРАМАТЫ
Беларускай Народнай Рэспублікі

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо Расійскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь: не пытаючыся народа, ён укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА АБВЯШЧАЕЦЦА НЕЗАЛЕЖНАЙ І ВОЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВАЙ. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі.
Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ.
Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
Дана ў Менску – Беларускім 25 сакавіка 1918 г.

ГІМН БНР

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
                                               На вольны, родны свой прастор:
                                               Хай воля вечна будзе з намі,
                                               А гвалту мы дамо адпор!
                                               Няхай жыве магутны, смелы
                                               Наш беларускі вольны дух;
                                               Ужо сцяг наш бел-чырвона-белы
                                               Пакрыў сабой народны рух.
                                               На Бой! За шчасце і за волю
                                               Народу слаўнага свайго!
                                               Браты, цярпелі мы даволі…
                                               На бой – усе да аднаго!
                                               Імя і сілу беларуса
                                               Няхай пачуе й бачыць той,
                                               Хто смее нам нясці прымусы
                                               І першы выкліча на бой.
                                               Браты, да шчасця мы падходзім;
                                               Хай гром грыміць яшчэ мацней!
                                               У крывавых муках мы народзім
                                               Жыццё Рэспублікі сваей.
                                                                              Макар Краўцоў.

Культурная праца, якая праводзілася БНР

Ствараліся беларускія школы, сталі выходзіць беларускія газеты і часопісы: у Мінску – “Беларускі Шлях”, “Вольная Беларусь”, “Беларуская Зямля”, “Беларуская Рада”, “Беларускі ілюстраваны часопіс”, у Слуцку --  “Родны край”, у Вільні – “Гоман”, Крынічанін”, “Грамадзянін”, “Беларускае Жыццё”, “Незалежная Беларусь”, у Кіеве – “Беларускае Слова”, “Беларускае рэха”, у Пецярбурзе – “Крыніца”, “Чырвоны Шлях”, у Адэсе – “Беларусы ў Адэсе”.

Першы ўрад (Народны Сакратарыят) Беларускай Народнай Рэспублікі
                             
                                                        
Злева направа сядзяць: консул БНР у Маскве Алесь Бурбіс, народны сакратар гаспадаркі Янка Серада, Старшыня Народнага Сакратарыяту і народны сакратар міжнародных спраў Язэп Варонка, дзяржаўны скарбнік БНР Васіль Захарка; стаяць: народны сакратар асветы Аркадзь Смоліч, народны сакратар кантролю Пётра Крэчаўскі, сябра Народнага Сакратарыяту палкоўнік Кастусь Езавітаў, сябра Народнага Сакратарыяту Антон Аўсянік, загадчык спраў Народнага Сакратарыяту Лявон Заяц.
Мінск, травень 1918 г.