Поиск по этому блогу

Масква і Мінск. Погляд са Слоніма


З напісанага даўней

Масква і Мінск. Погляд са Слоніма

Ці ўзарвецца кампот?

Адшумелі, адгрымелі выбара ў Дзяржаўную Думу Расіі. Многія палітыкі і звычайныя людзі думаюць-гадаюць, што будзе з нашай так называемай саюзнай дзяржавай, ці скончыцца, нарэшце, палітычная барацьба і палепшыцца наш дабрабыт.
У адным сваім інтэрв’ю вядомы расійскі алігарх Беразоўскі, не хаваючы радасці, заявіў: “Барацьба за ўладу ў Расіі закончылася”. Не сакрэт, што менавіта ён у многім фарміруе расійскую знешнюю і ўнутраную палітыку. Дзякуючы яго намаганням ў кароткі час быў створаны блок “Адзінства”, які на выбарах заняў другое месца ўслед за камуністамі.
Цяпер Дзяржаўная Дума Расіі нагадвае кампот. Адзін з кампанентаў гэтага кампоту – вышэй згаданае пуцінскае “Адзінства”, у якім сабраліся прадстаўнікі розных ідэалогій і розных поглядаў. Там прысутнічаюць і супрацоўнікі спецслужбаў, сярод якіх Беразоўскаму, думаецца, будзе няўтульна, і прыстасаванцы, і перабежчыкі з іншых фракцый, якія адчулі, адкуль дзьме вецер. Таму “Адзінства” не такое маналітнае, як здаецца на першы погляд. Яно ўзарвецца ў любы момант, як толькі аслабнуць пазіцыі яго лідэра Уладзіміра Пуціна, што ў бліжэйшы час малаверагодна. “Адзінства” ў асобе лідэра адкрыта прэтэндуе на вышэйшую ўладу Расіі – прэзідэнцкую. Такую ж задачу ставіць перад сабою і фракцыя камуністаў, якая стаіць у апазіцыі да ўлады. Значыць, у бліжэйшы час на прасторах Расіі разгарнецца цяжкая і зацятая барацьба за ўладу.
Як бы водбліскам гэтай барацьбы з’яўляецца навагодняе пажаданне Жырыноўскага Генадзю Зюганаву: “Жадаю, каб увесь наступны год ён прахварэў”. Як стаеннік, адкормлены на дзяржаўнай канюшні, лідэр ЛДПР ужо рвецца ў бой.
Свой погляд на дзяржаўнае ўладкаванне мае “Яблыка” на чале з Рыгорам Яўлінскім. Яшчэ не сказалі свайго слова тонкі і хітры дыпламат і разведчык Прымакоў і настойлівы Лужкоў з камандай. Даўно плятуць тонкую (невядома, ці трывалую) сетку інтрыгі правыя: Кірыенка, Нямцоў, Чубайс. У Думе гэтага склікання нямала алігархаў тыпу Беразоўскага, якія прысутнічаюць літаральна ў кожнай фракцыі. Зубы ў іх адточаныя, а хватка бульдожая. Як выказаўся адзін з расійскіх палітыкаў, Расіяй цяпер кіруюць усе, толькі не рускія.
Для Мінска, для яго палітычнай эліты выбары ў расійскую Думу, несумненна, з’яўляюцца паражэннем.Там цяпер сабралася многа ўплывовых асоб, якія не любяць нашага лідэра.
У такім выпадку, ці палепшыцца абяцаны нам у бліжэйшы час дабрабыт? З упэўненасцю можна канстатаваць: у бліжэйшы час, тужэй зацягнуўшы паясы, мы будзем назірапць за палітычнай бітвай на прасторах Расіі і гадаць, ці ўзарвецца расійскі кампот і што ад яго застанецца.

Ракіроўка ў Крамлі

Аб тым, што палітычная барацьба ў Расіі не закончылася, сведчыць нядаўняя заява Барыса Ельцына, што ён скідае з сябе паўнамоцтвы Прэзідэнта. Не будзем гадаць, ці па добрай волі ён гэта зрабіў. Бясспрэчна адно: яго апрацоўка даўно вялася, і за такі крок ён атрымаў гарантыі для сябе і сваёй сям’і.
Ракіроўка ў Крамлі найперш была патрэбна Пуціну і тым, хто за ім стаіць. Уладзіміра Пуціна некаторыя называюць бяссрэбнікам і рамантыкам у палітыцы. Думаю, што яны ўсё ж памыляюцца або, як кажуць у нас, наводзяць цень на пляцень. Рамантыкі не ўзначальваюць спецслужбы.

Уладзімір Пуцін у палітыцы – жорсткі малады прагматык

Што атрымаў Пуцін ад ракіроўкі ў Крамлі?
1. Рэальныя неабмежаваныя рычагі ўлады для правядзення прэзідэнцкай кампаніі.
2. Знянацку застаў канкурэнтаў, не даў ім магчымасці падрыхтавацца да зацяжной прэзідэнцкай гонкі.
3. Пазбавіў Дзяржаўную Думу магчымасці ўплываць на падзеі менавіта ў гэты час, бо яна яшчэ не мае кіруючых органаў.
4. Пуцін выйграў час. Цяпер у яго высокі рэйтынг сярод выбаршчыкаў. А ці палепшыцца жыццё расіян праз паўгода, што ў адпаведнай ступені паўплывае на яго папулярнасць?
Цяпер Пуціну абавязкова трэба закончыць ваенны канфлікт у Чачні і пад пераможныя гукі фанфараў сесці на трон у Крамлі.
Што атрымаў Мінск ад ракіроўкі ў Крамлі? Наш кіраўнік хваравіта сустрэў заяву Барыса Ельцына, ацаніўшы яе для сябе як палітычную страту. Калі раней было спадзяванне, што з хворым Барысам можна было дамовіцца аб перадзеле ўлады, то цяпер яно згінула. З Пуціным вуха трэба трымаць востра.

Беларусь у рэанімацыі

Сёння Беларусь ляжыць у рэанімацыі. Рэзка пагоршыўся яе эканамічны і палітычны стан. Рэальная страта той незалежнасці, якую мелі, -- гэта вынік таго, што захацелася стаць часткай Расіі. Каб не сканаць эканамічна, беларускае кіраўніцтва, як цуда, чакае ад Расіі лекаў. А цуды, як вядома, бываюць толькі ў казках. Дый трэба памятаць і іншае: бясплатны сыр звычайна кладуць у пастку для мышэй.
Мусіць, як былі мы правінцыяй Расіі, так і застанёмся ею. А так хочацца бачыць Беларусь еўрапейскай дзяржавай!
                                                          Аляксей Якімовіч, студзень 2000 года.