Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс літар дз, ц

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ 

 

Тэма: правапіс літар дз, ц.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                         Ліхі, прыемны,

                                                         Лагодны, вясновы --

                                                         Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: на балоце ці на балоте?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Літары дз і ц пішуцца перад літарамі е, ё, ю, я, і   [4, стар. 129, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад словы: дзесьці, дзённік, дзюдо, дзяцел, дзірка, цень, цёплы, цюлень, цяжар, цішыня.

У словах “дзесьці”, “дзённік”, “дзюдо”, “дзяцел”, “дзірка”, “цень”, “цёплы”, “цюлень”, “цяжар”, “цішыня” адзначаем літары дз, ц і бачым, што яны пішуцца перад е, ё, ю, я, і.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: на балоце.

Працуем са спалучэннямі слоў.             

Са словам “цяжкі” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “цяжкі”?

Для даведкі: цяжкі камень – цяжкі вучань.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: Дзвіна ці Двіна?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Знаёмімся з правілам.

Запомніце! Літары дз, ц пішуцца перад літарамі в, м, калі яны абазначаюць мяккія гукі [в′], [м′] [4, стар. 129, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад словы: дзверы, цвісці.

У словах “дзверы”, “цвісці” адзначаем літары дз, ц і бачым, што яны пішуцца перад літарай в, якая абазначае мяккі гук [в′].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: Дзвіна.

Назавіце слова.

                                                             Пішам з дз

                                                             Дзед і дзервянець,

                                                              Дзённік, дзейнік

                                                              І … (мядзведзь).

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літары дз у словах вершаванага тэксту “дзед”, “дзервянець”, “дзённік”, “дзейнік”, “мядзведзь”.

Назавіце слова.

                                                              Пішам з ц

                                                              Цвікі, цяністы,

                                                              Цёмны, цёплы,

                                                              … (Залацісты.)

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літары ц у словах вершаванага тэксту “цвікі”, “цяністы”, “цёмны, “цёплы”, “залацісты”.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: адвезці ці адзвезці?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Гук [д] у прыстаўках і гук  [т] у суфіксах вымаўляюцца цвёрда і перад мяккім [в′], таму на пісьме захоўваюцца літары д і т. [4, стар. 129, “Беларуская мова”].

Напрыклад: адведаць, у грамадстве.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: адвезці.

Праца са сказам.

Складзіце скорагаворку са слоў.

У, для, будаўніцтва, адвялі, ўчасткі, садаводаў, таварыстве, адвячоркам. (Адвячоркам у таварыстве садаводаў адвялі ўчасткі для будаўніцтва.)

Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары дз, ц, т, потым напішыце беларускае слова “дзядуля” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: тэрмометр ці цермометр?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! У многіх іншамоўных словах гукі [д] і [т] вымаўляюцца цвёрда: артыст, тэма.

Толькі ў асобных словах [д], [т] змякчаюцца і пераходзяць у [дз′], [ц′]: акцёр, дзюны, цюль, уверцюра [1, стар. 58, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: тэрмометр.

                    [1, стар. 58, “Беларуская мова”]

                    [4, стар. 129, “Беларуская мова”]

Скорагаворкі.

У тэатры артысты паставілі цікавую камедыю (Аляксей Якімовіч).

Пойдзем да дзіка і вадзяніка (Аляксей Якімовіч).

Студзень сцюжай напалохаў (Аляксей Якімовіч).

Ці ёсць у словах скорагаворак арфаграма, якая паўтараецца?

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                               Раненька прачнуўся,

                                                               У цяністым садзе

                                                               Новы дзень вітае.

                                                               Шпак свішча, спявае.

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “згодна, зладжана (казаць, прасіць, прапаноўваць, патрабаваць)”.

                                                                 -- Жніво хутка пачнецца:

                                                                 Ужо наліўся колас, --

                                                                 Сказалі дзве ..яўчынкі

                                                                  … … … .

Устаўце прапушчаныя літары.

Растлумачце правапіс слова “дзве”.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: у нізда, салог [2, стар. 286, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                 Тыя ж зоркі, бы (дз, д)яўчаткі,

                                                 (Дз, д)есь бягуць у свае хаткі,

                                                 І апошні раз іх вочкі

                                                 Шлю(т, ц)ь свой усмех развітання, --

                                                 Промень ласкі і кахання, --

                                                 Да наступнай яснай ночкі.

                                                 (Дз, д)ень праз цёмныя заслоны

                                               Падымае с(т, ц)яг чырвоны…[3, стар. 361, “Паэмы Я. Коласа”].

Якімі словамі можна  замяніць словы “дзесь”, “промень”? (Дзесьці, прамень.)

Якім літаратурным адпаведнікам можна замяніць аўтарскае слова “ўсмех”? (Усмешка.)

Адказы на пытанні.

Перад якімі галоснымі літарамі пішуцца літары дз, ц?

Калі перад мяккім [в′] на пісьме захоўваюцца літары д, т? 

Ці змякчаюцца гукі [д], [т] у іншамоўных словах?

Тэст

Назавіце словы з дз, ц.

1. Пой..ем.

2. Вы..ер..і.

3. Апла..ысменты.

4. Бу..ённы.

5. Па..ешыў.

5. Ак..ёр.

6. С..ішыцца.

7. Вах..ёр.

Адказ:1, 2, 4, 5, 6, 7, 8.

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.       

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі. 

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, кастрычнік 2020 года, № 10.