Поиск по этому блогу

Зварот да чытачоў



1. Калі ласка, прысылайце даўнія беларускія словы – словы нашага беларускага рода – з тлумачэннем іх значэння. Размяшчу ў блогу.

2. Калі ласка, з добрай інтанацыяй прачытайце маю казку (яе можна знайсці ў блогу на старонках "Зборнік апавяданняў і казак "Каб мама ўсміхалася"" і "Зборнік казак і апавяданняў "Слёзкі Сонца"" ці ў бібліятэцы), запішыце яе і прышліце відэаролік на  мой блог. Размяшчу.

3. Калі ласка, інсцэніруйце маю сцэнку (яе можна знайсці ў блогу), запішыце яе і прышліце відэаролік на мой блог. Размяшчу.

4. Калі ласка, праспявайце мае частушкі (можна загрыміраваўшыся; іх можна знайсці ў блогу), запішыце і прышліце відэаролік на мой блог. Размяшчу.
           5. Прысылайце свае вершы, малюнкі і цікавыя паведамленні
Электронная пошта lena-yakimovich8@mail.ru

Каб не сумавалі, пацешу адной гісторыяй.

Сустрэча з ваўкамі

Гэта было гадоў пяць-сем таму. Летам перад шасцю гадзінамі раніцы з горада Слоніма на веласіпедзе паехаў на сваю дачу, якая знаходзіцца ў вёсцы Чамяры.
У пачатку вёскі ад магазіна па сцяжынцы накіраваўся да невялікага мосціка, пабудаванага над рачулкай Валобрынкай. Крыху пастаяў, падзівіўся на альховы лясок, парослы крапівою і высокаю травою, і, перабраўшыся цераз чыгунку, па невялікай вулачцы дабраўся да здзічэлага, даўно някошанага балота. Злева і справа ад балота стаяць дачы, адгароджаныя платамі. Між імі метраў сто пяцьдзесят-дзвесце.
Павёў веласіпед па сцяжынцы, пратаптанай людзьмі злева. Прайшоў метраў трыццаць-пяцьдзесят, зірнуў управа і не паверыў сваім вачам. Ад вёскі каля самых дач, размешчаных насупраць мяне, імкліва беглі два вялікія калматыя ваўкі. Беглі побач (адзін крыху, магчыма, на галаву ўперадзе), раўнамерна, адным тэмпам. Занятыя сваёй справай (бегам), у мой бок яны не глядзелі.
Я стаяў і моўчкі пазіраў на іх як заварожаны. Неўзабаве ваўкі дабеглі да даўніх чамяроўскі могілак і схаваліся за імі. Наперадзе іх чакаў сасновы лясок.
І сёння іншы раз задаю сабе пытанні: адкуль беглі гэтыя ваўкі?; дзе яны знаходзіліся; у густой траве на балоце?;  у альховым ляску каля чыгункі? Магчыма, перабеглі паблізу магазіна праз шасэйную дарогу.
Потым адзін мой знаёмы мне расказваў, што прыкладна ў гэты час у хадзявіцкім лесе (вёска Хадзявічы стаіць непадалёку ад вёскі Чамяры), едучы на веласіпедзе па дарозе (там на возеры лавіў рыбу), убачыў двух ваўкоў. Можа, тых жа самых, што і я.
Працяг гісторый будзе.
Сустрэча з дзіком

У нашым Слонімскім раёне ёсць вёска Дзераўная.
Аднаго разу я разам з бацькам, маці і малодшым братам Валодзем паехаў за Дзераўную па чорныя ягады.
Знаёмы з Дзераўной завёў нас у стары сасновы лес. Высока ўгору ўзнімаліся магутныя хвойкі, а каля тоўстых мядзяных ствалоў на кусціках чарнелі ягады.
Вакол было ціха, урачыста, толькі нябачныя птушкі пераклікаліся між сабою, вітаючы нас. На памяць чамусьці прыйшла знаёмая народная песня “А я ў печы не паліла”.
-- А я ў печы не паліла,
                                                     Мілы мой, міленькі!
                                                     А я ў печы не паліла,
                                                   Голуб мой сівенькі!
                                                            -- Запалі, міла,
                                                            Запалі, міла,
                                                            Запалі, уха-ха,
                                                            Чарнабровая мая! –
хацелася заспяваць на пацеху птушкам.
Але я стрымаўся, наблізіўся да густых кустоў ядлоўцу. Неспадзявана ў кустах затрашчала, затым пачуўся тупат. Я кінуўся ў процілеглы бок.
-- Што здарылася? – падняўшы галовы, пацікавіліся мае блізкія.
Я торкнуў рукою, паказаўшы на кусты ядлоўцу.
-- Адтуль нехта выскачыў!
-- Мабыць, дзік, -- выказаў здагадку бацька.
У кустах ядлоўцу (гэта мы ўбачылі, калі зноў наблізіліся туды) сапраўды спаў дзік. Вылежаная месціна засталася там.
Ён спаў, а я яго разбудзіў, перапыніў салодкі сон.


Сустрэча з мышшу

Пасля чарговага рамонту ў кватэры мы з жонкай Ірынай Анатольеўнай свой стары дыван скруцілі ў трубку і паклалі ў зале на доўгую секцыю. Праз нейкі час у кватэры стаў раздавацца піск, падобны на мышыны.
-- У нашай кватэры, мабыць, мышы завяліся, -- неяк заўважыла жонка.
Я не паверыў ёй, але абышоў усю кватэру, праверыў, як здавалася мне, кожны куточак, але ніводнай мышы – ні малой, ні вялікай – не заўважыў, не зайшоў.
-- Давай прынясём ад суседкі ката. Няхай ён паходзіць, пашукае, -- прапанавала мая Анатольеўна.
Не стаў пярэчыць ёй. Прынеслі рыжага ката ад суседкі. Падняўшы хвост трубою, ён пагуляў па кватэры і… таксама не знайшоў мышы.
Аднаго разу раніцай я таропка накіраваўся да акна, каб адчыніць яго і… непадалёку ад стала наступіў на штосьці мяккае.
-- О-о! – вырвалася ў мяне.
Жонка са здзіўленнем паглядзела на мяне  і пацікавілася:
-- Што здарылася?
-- На нешта мяккае наступіў, -- прамовіў я і падняў нагу.
На падлозе, выцягнуўшы доўгі хвосцік, ляжала мыш.
Жонка ўзяла мяне за рукаў і пацягнула ў залу.
-- На секцыі правер! Магчыма, мышы за дываном завяліся.
Я прыўзняў дыван, зірнуў у адтуліну-трубачку і… ўбачыў там маленькіх мышанят.
Прыйшлося вынесці іх на двор.



Сустрэча з мерцвяком

Едучы на веласіпедзе па шашы, непадалёку ад Слоніма спыніўся каля скрынак для смецця (побач знаходзяцца і могілкі), злез з веласіпеда і накіраваўся да большай скрынкі, каб выкінуць непатрэбны пакет. Раптам з прыдарожнага ляска выйшаў… мярцвяк. Твар у яго быў белы-белы, не падобны на звычайны, на чалавечы.
Ці спалохаўся я? Не, але спыніўся, каб лепей разгледзець, хто набліжаецца да мяне.
А мярцвяк таропка падышоў да скрынкі, узяў веласіпед (ён стаяў каля скрынкі са смеццем у супрацьлеглым ад мяне баку), адвёў яго ўбок і таксама спыніўся, павярнуўшыся да мяне спінай.
За гэты час я паспеў разгледзець мерцвяка.
Гэта быў малады хлапец з белай павязкай на твары. Як я зразумеў, перад маім прыездам ён корпаўся ў скрынках і выбіраў адтуль кардон (магчыма, і яшчэ што-небудзь іншае). Скрутак кардону ўжо быў прывязаны да яго веласіпеда.
Жорстка абышлося з ім жыццё: прывяло на сметнік і прымусіла адзець маску на твар. Хлопец, відаць, не хацеў, каб пазналі яго знаёмыя, каб ведалі, куды прыязджае ён на веласіпедзе.


Сустрэча з сонцам

Паехаў у лес на веласіпедзе і… знайшоў там толькі сем лісічак (між іншым, лічба “сем” мае магічнае значэнне; так, кожны тыдзень мае сем дзён, а гэты час – час стварэння свету).
Ці сапсаваўся ў мяне настрой пасля такой паездкі?
Адразу скажу: не. Чаму так?
У гэты дзень убачыў цудоўную з’яву прыроды: узыход сонца. Праўда, у нейкі момант (гэта працягвалася каля дзесяці хвілін) яно асляпіла мяне. Як вялікае круглае светла-жоўтае кола, стала пасярод дарогі (гэткае ўражанне  стварылася ў мяне) і пачало свяціць у вочы. Прыйшлося ўступіць яму, пераехаць на іншы бок дарогі. З сонцам, як і з іншымі сіламі прыроды, не люблю жартаваць.



Сустрэча з цяцеркай

Вяду па лясной дарозе веласіпед. Дарога пясчаная, пабітая вострымі капытамі дзікоў. У некаторых месцах метраў на дзесяць у даўжыню ўся патаптаная, здратаваная імі. Напэўна, вялікі статак пераходзіў там.
Крочу павольна, пазіраючы па баках. У нейкі момант зірнуў уперад і ўбачыў  буравата-рыжую цяцерку. Усё яе апярэнне было пакрыта чорным рабаціннем. Яна ішла па дарозе, крыху перавальваючыся з боку на бок.
Я прыгнуўся, намерваючыся наблізіцца і лепей разгледзець лясную прыгажуню. А яна ўзмахнула крыламі, залапатала, пырхнула, падняўшыся ўверх, і схавалася з маіх вачэй.





 





 
Цецярук і цяцерка


Сустрэча з рыссю

Хаджу па лесе, шукаю грыбы, мінаючы елачкі, дубкі, бярозы. Раптам трывожна стала на душы, здалося, што тут не адзін, што хтосьці нябачны глядзіць на мяне не адрываючы вачэй, спапяляе позіркам. Такое адчуванне іншы раз узнікае, калі бываеш у лесе.
Я азірнуўся, потым падняў галаву і на дрэве непадалёку ад сябе заўважыў ката. Ён мільгануў перад вачыма і праз імгненне схваўся.
“Магчыма, гэта рысь, магчыма, здзічалы кот, выкінуты нядобрым гаспадаром”, -- падумаў я і неўзабаве пакінуў лясок, накіраваўся ў другі, адышоўся на паўкіламетра, не меней.
І тут хвілін праз дзесяць – пятнаццаць адчуў на сабе чужы  нядобры позірк. “Няўжо гэты кот за мною прыбег?” – падумаў і, задраўшы галаву, зноў убачыў яго на дрэве. Як і першы раз, ён мільгануў маланкаю і схаваўся.
“Беражонага Бог беражэ”, -- вырашыў я і пакінуў лес, дамоў пакрочыў.
“Хто ж там быў: рысь ці здзічалы небарака-кот?” – часта задаваў сабе пытанне, успамінаючы тую сустрэчу.
Толькі нядаўна атрымаў адказ ад былога лесніка. У тым жа самым месцы ён некалькі разоў бачыў рысь, якая на старым дубе знайшла дупло і пасялілася там разам з малымі рысянятамі.
Драпежная жывёліна рысь, асабліва з дзіцянятамі, вельмі небяспечная.



Сустрэча з сям’ёй вожыкаў

26 чэрвеня 2019 года. Каля двух гадзін дня. Нясцерпна паліць сонца. На тэрмометры, напэўна, каля трыццаці градусаў спёкі
З дачы, якая знаходзіцца ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна, вяртаюся дамоў. Перайшоўшы праз масток, які ўзвышаецца над рачулкай Валдобрынкай, паабапал якой стаяць высокія альшыны, растуць густое зелле, кусты, на пратаптанай людзьмі сцяжынцы ўбачыў вожчыху і трох маленькіх важанятак. Не спыняючыся, яны бегалі вакол сваёй вожычыхі-мамы, часам адштурхоўвалі адзін аднаго. Магчыма, спадзяваліся, што мама вось-вось пачастуе іх смачным малачком. Магчыма, гулялі, забаўляліся вось так каля рачулкі ў цяньку. Іх цёмныя востранькія пыскі былі падобныя на пыскі маленькіх шчанят.
Калі я наблізіўся да дружнай сямейкі, вожычыха зачмыхала і  імгненна скруцілася ў клубок, выставіўшы вострыя іголкі. Прыціснуўшыся да мамы, у клубочкі скруціліся і важаняткі, але няўмела: іх лапкі засталіся адкрытымі, безаабароннымі.
Я крыху пастаяў, падзівіўся і пайшоў далей. Жывіце шчасліва, вожыкі!                                                  Каля рэчачкі імклівай
                                                      Вожыкаў убачыў.
                                                      Не сумуйце, вожыкі!
                                                      Добрых дзён, удачы!