Поиск по этому блогу

Сатырычныя п'ескі



 З жонкай Ірынай і дачкой Аленай






ВЫПРАБАВАННЕ
Сцэнка з жыцця
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Іван -- бацька
Мікіта -- сын
Ульяна -- маці
Пакой хаты. Ульяна з венікам у руках наводзіць парадак у хаце. На канапе ляжыць
Мікіта. У руках ён трымае плэер, на вушах -- навушнікі. На твары Мікіты --
задаволенасць.
Уваходзіць Іван з пучком дубцоў у руках.
ІВАН (звяртаецца да Мікіты). Мікіта!..
Мікіта моўчкі ляжыць на канапе.
ІВАН (падыходзіць бліжэй і гукае). Мікіта!
Мікіта махае рукою, паказваючы Івану, што анічога не чуе.
УЛЬЯНА ( з трывогай глядзіць на Івана). Іван, што гэта ты задумаў? (Паказвае на
дубцы.)
ІВАН. Не хвалюйся, Ульяна. Я не намерыўся з сынам біцца, хоць іншы раз думаецца:
трэба было б пагаварыць з ім, як Рымша з панам гаварыў. (Трасе дубцамі.)
Мікіта махае галавою, паказваючы, што анічога не чуе.
ІВАН (паказвае на навушнікі). Мікіта, знімі гэтыя пробкі!
МІКІТА (знімае навушнікі і садзіцца на канапе, звесіўшы ногі). Бацька, заўжды ты
прыходзіш не ў час. Такую класную музыку не даў паслухаць!
Ульяна становіцца воддаль і ўважліва назірае за Іванам і Мікітам.
ІВАН (Мікіту працягвае дубец). Вазьмі.
МІКІТА. Я не пан, каб з дубчыкам па хаце шпацыраваць. І без яго абыдуся.
ІВАН (Мікіту працягвае дубец). Паломіш?
МІКІТА. А-а, сілу маю правяраеш, бацька! (Робіць фізкультурныя практыкаванні.) Сіла
ў мяне ёсць, і немалая. (Рагоча.) Сіла ёсць – розум не патрэбен... (У Івана бярэ дубец.)
Дзівіся, бацька! (Ломіць дубец.)
Чуецца гучны трэск.
УЛЬЯНА (гледзячы на Мікіту). Як націнка, хруснуў! Загадаваў сілу сынок!
МІКІТА. А я табе што казаў, бацька!? (Паламаны дубец кідае на падлогу.)
Цяжка ўздыхнуўшы, Ульяна паднімае з падлогі паламаны дубец.
ІВАН (МІкіту працягвае некалькі дубцоў). Вазьмі.
МІКІТА (у Івана бярэ дубцы). Колькі тут іх, бацька?
ІВАН. А ты палічы.
МІКІТА (лічыць дубцы). Адзін, два, тры, чатыры... Здаецца, пяць... (Запытальна
глядзіць на Івана.)
ІВАН. Пяць.
МІКІТА. Думаеш, што не паламлю?
ІВАН. Думаю, што не паломіш.
МІКІТА. Дзівіся, бацька! (Ломіць пяць дубцоў.)
Чуецца гучны трэск.
УЛЬЯНА (гледзячы на Мікіту). І пяць паламаў!
Мікіта кідае паламаныя дубцы на падлогу і, ухмыляючыся, глядзіць на Івана.
Цяжка ўздыхнуўшы, Ульяна паднімае з падлогі паламаныя дубцы.
ІВАН (Мікіту працягвае астатнія дубцы). А сем паломіш?
МІКІТА. Яшчэ як паламлю!

1

ІВАН. Не паломіш!
МІКІТА (у Івана ўзяўшы дубцы). Зараз паверыш у маю сілу, бацька! (Ломіць сем
дубцоў.)
Чуецца гучны трэск.
УЛЬЯНА (гледзячы на Мікіту). І сем паламаў!
Мікіта кідае паламаныя дубцы на падлогу і, ухмыляючыся, глядзіць на Івана.
Цяжка ўздыхнуўшы, Ульяна кладзе венік і паднімае з падлогі паламаныя дубцы.
ІВАН (бярэ венік і працягвае яго Мікіту). А венік паломіш?
УЛЬЯНА ( у Івана хоча забраць венік). Не дам!
МІКІТА (у Івана бярэ венік і ўскоквае з канапы). Адыдзіся, маці!
Ульяна спыняецца і спалохана глядзіць на Мікіту.
МІКІТА ( звяртаецца да Ульяны). Адыдзіся, каму сказаў?! (Венік узнімае над галавою.)
Ульяна адступаецца.
Мікіта ломіць венік, стукнуўшы яго аб калена.
Чуецца гучны трэск.
УЛЬЯНА (успляснуўшы рукамі). Ой!
МІКІТА (кідае на падлогу паламаны венік). Паламаў!
ІВАН (з дакорам). Сынок!.. Сынок!.. Чым цяпер твая мама хату будзе падмятаць?
МІКІТА (разгублена). Бацька, дык ты не сілу правяраў?
УЛЬЯНА. Твой розум, тваю кемлівасць правяраў, сынок!.. (З падлогі паднімае
паламаны венік.)

ЗАСЛОНА

БЕЛЫ КАЗЁЛ
Сцэнка з жыцця
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

МІКІТА -- каля 30 год
ЛЮДМІЛА -- жонка Мікіты
ТОДАР -- каля 50 год
БЕЛЫ КАЗЁЛ
Пачатак лета. Агарод. На градзе расце цыбуля.
Хістаючыся, уваходзіць п'яны Мікіта.
МІКІТА (спявае). Белы конь, белы конь, белы, белы, беленькі!.. (Заікаецца.) Б... Б...
Б... (Трымае раўнавагу, каб не ўпасці.) Б... Б... Б... (Страціўшы раўнавагу, бяжыць
уперад.) Б... Б... Б... (Зрабіўшы паўкруга, падае і ляжыць.) Б... Б... Б... (Храпе,
заснуўшы.)
Уваходзіць Людміла.
ЛЮДМІЛА (глядзіць на Мікіту) . Узнагародзіў Бог мужам!.. У суседачак мужыкі як
мужыкі -- гаспадары. Дзядзька Тодар пасеку трымае, коз даглядае. А мой!.. (Штурхае
Мікіту.) Уставай, п'янтос!
Мікіта гучна храпе.
Уваходзіць Тодар у светлым капелюшы і белым халаце пчаляра, вядзе на вяроўчыне
Белага Казла.
ТОДАР (паказваючы на Мікіту, звяртаецца да Людмілы). Ляжыць, рыхтык чарвяк на
сонцапёку!
ЛЮДМІЛА (паказваючы на Мікіту). Дзядзька Тодар, цэлы тыдзень п'е, не прасыхае.
2

ТОДАР. І галава яму не баліць.
ЛЮДМІЛА. А чаго ж ёй балець? Яна ж без мазгоў.
ТОДАР (ківае галавою). Прапіў мазгі! Прападзе, нават погаласу не застанецца.
ЛЮДМІЛА. Як нап'ецца, дык адразу на агарод валачэцца. Цыбульку спрэс здратаваў!..
Божа! Божачка! Як жа мне адвучыць яго ад гэтай гары?
ТОДАР. Цяжка яго адвучыць. На белага каня сеў, няйначай.
ЛЮДМІЛА. Дзядзька Тодар, а давайце яго (паказвае на Белага Казла) Белым Казлом
напалохаем.
Белы Казёл бляе.
ЛЮДМІЛА. Дзядзька Тодар, вядзіце сюды, барзджэй! (Паказвае Тодару, каб Белага
Казла падводзіў да Мікіты.)
ТОДАР. Чым чорт не жартуе! (Белага Казла цягне да Мікіты.) Паспрыяй суседачцы,
Козлік.
Белы Казёл упіраецца, незадаволена бляе.
ТОДАР (цягнучы Белага Казла). Перагар счуў, не цярпіць гэтай тхлані.
ЛЮДМІЛА (падбягае і пхае Белага Казла ў напрамку да Мікіты). Пацярпі колькі
хвіліначак, козлік!.. Каторы гадочак цярплю!
Белы Казёл упіраецца, незадаволена бляе.
ТОДАР (цягнучы Белага Казла). З цябе, Людміла, прыклад не хоча браць!
Тодар і Людміла падцягваюць Белага Казла да Мікіты.
ЛЮДМІЛА (штурхае Мікіту). Уставай!.. Уставай, п'янтос п'янтосавіч.
МІКІТА (расплюшчвае вочы і глядзіць на Людмілу). Фільтруй базар, Людміла.
ЛЮДМІЛА. Набраўся як жаба мулу!
МІКІТА. Не набраўся! Не бярэ мяне гарэліца. Цэлы цэбар гарэліцы магу выпіць і
ніякая халера не возьме, як цвік, буду стаяць. (Спявае.) Белы конь, белы конь, белы, белы,
беленькі!..
Белы Казёл гучна бляе.
МІКІТА (глядзіць на Белага Казла). А гэта хто?
ЛЮДМІЛА (з недаўменнем). Дзе?
МІКІТА (паказвае на Белага Казла). Во! Белы конь, здаецца.
ЛЮДМІЛА. Хрысціцца трэба, калі здаецца, у вачах мроіцца.
МІКІТА. Не мроіцца. Сапраўдны белы конь, але чамусьці з рагамі і... з барадой. (Рукою
дакранаецца да барады Белага Казла.)
Белы Казёл гучна бляе.
МІКІТА. І бляе, як казёл... (Глядзіць на Тодара.) А там яшчэ адзін белы... Той чамусьці
да дзядзькі Тодара падобны... Выкапаны дзядзька Тодар!.. Ой! Ой!.. (Затуляе твар рукамі.)
Людміла паказвае Тодару, каб выходзіў.
Тодар таропка выходзіць з Белым Казлом.
МІКІТА. Два белых рагатых каня!.. Аж два! (Рукі аднімае ад твару і азіраецца.) А
цяпер ніводнага няма!
ЛЮДМІЛА. Да белай гарачкі дапіўся!
МІКІТА. Я дапіўся? (Мацае лоб.) Гарачы, як агонь!.. Дапіўся!.. Дваіцца ў вачах!..
ЛЮДМІЛА. Хваліўся, што цэбар вып'еш і ніякая халера не возьме. Узяла, як бачыш...
Мо прынесці бутэлечку?
МІКІТА (ускочыўшы). Не хачу! Не хачу бутэлечку! (Выбягае.)
ЛЮДМІЛА (глядзіць услед Мікіту). Набраўся страху. Пярэпалахі прыйдзецца качаць,
няйначай. (Выходзіць.)

ЗАСЛОНА

ПУДЗІЛА

3

Сцэнка з жыцця
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

МІКІТА -- каля 30 год
ТОДАР -- каля 50 год
Вясна. Агарод, на якім стаіць пудзіла.
Хістаючыся, уваходзіць п'яны Мікіта.
МІКІТА (спявае). Касіў Ясь канюшыну, касіў Ясь канюшыну... (Паказваючы, як Ясь
косіць, прысвіствае.) Ф'юць... Ф'юць... (Бяжыць, страціўшы раўнавагу.) Не туды!.. Не
туды!.. (Спыняецца перад пудзілам і глядзіць на яго.) А-а, пудзіла!.. Гарачае прывітанне ад
Мікіты!.. (Кулаком б'е сябе ў грудзі.) Я Мікіта! Я! (Падае на зямлю. Лежачы.) Ф'юць...
Ф'юць... (Заплюшчвае вочы і храпе.)
Уваходзіць Тодар.
ТОДАР (глядзіць на Мікіту). Набраўся Мікітка і на мае толькі што пасеяныя агурочкі
ўлёгся! А ўчора бурачкі здратаваў, загубіў. Як свіння, у агарод лезе. Сваю салдацкую
форму не пашкадую, а правучу цябе, апівошу-шкодніка. На доўга сённяшні дзень
запомніш. (Выходзіць.)
Мікіта гучна храпе.
Уваходзіць Тодар з салдацкім кіцелем, салдацкай фуражкай, дзіцячым аўтамацікам і
маскай.
ТОДАР. Трыццаць гадкоў бярог сваю салдацкую форму, хаваў ў шафе пасля таго, як з
войска дэмабілізаваўся. Не думаў, што так прыйдзецца выкарыстаць! (Кіцель вешае на
пудзіла.) Трымайся, Мікітка! (Фуражку вешае на пудзіла.) Давёў да злосці, штукар! (Маску
і аўтамацік вешае на пудзіла.) Ну, з Богам, як гаворыцца. (Хаваецца за пудзіла і высоўвае
рукі, трымаецца за курок аўтамаціка. Гукае.) Мікіта!
Мікіта гучна храпе.
ТОДАР (гукае). Мікіта!..
МІКІТА ( расплюшчвае вочы). Я Мікіта! Я! (Устае і садзіцца.) Хто клікаў? Можа,
гарэліца ёсць пахмяліцца?.. (Гукае.) Я ўжо на нагах! Я! (Глядзіць на пудзіла.) А ты чаго тут
стаіш?
ТОДАР (з-за пудзіла). На пасту.
МІКІТА. Н-на якім п-пасту?.. (Устае.) Т-ты т-таго? (Пальцам круціць каля скроні.)
ТОДАР (з-за пудзіла). Мой баявы пост нумар адзін!
МІКІТА. Н-не, т-ты т-таго.
Тодар клацае затворам аўтамаціка.
МІКІТА. Т-ты ш-што з-задумаў?
Тодар націскае на курок аўтамаціка.
Чуецца трэск аўтаматнай чаргі.
МІКІТА. С-страляеш?
ТОДАР (з-за пудзіла). Першая чарга -- папераджальная, угору. Чуў, як кулі прасвісталі?
МІКІТА. Ч-чуў. (Адступаецца.) Ф'юць!.. Ф'юць!..
ТОДАР (з-за пудзіла). Стаяць!
Мікіта адступаецца.
ТОДАР (з-за пудзіла). Стаяць! Каму сказаў!? (Клацае затворам аўтамаціка.)

МІКІТА (спыняецца). Н-не с-страляй, с-салдацік. С-самагоначкі т-табе п-рынясу, на м-
мурашках н-настоенай, г-гадам буду! (Адступаецца.)

ТОДАР (з-за пудзіла). Стаяць!

МІКІТА (спыняецца). П-пашкадуй, с-салдацік. Д-дзеткі ў м-мяне п-пад л-лаўку яшчэ б-
бегаюць. Х-хлопчык і д-дзяўчынка. З-зрабіў. (Кулаком б'е сябе ў грудзі.) Я! Я!

ТОДАР (з-за пудзіла). Апошнюю капейчыну прапіваеш, не шкадуеш дзяцей.

4

МІКІТА. К-кіну п-піць. З г-гэтага д-дня к-кіну, с-салдацік.
ТОДАР (з-за пудзіла). Хлусіш.
МІКІТА. Не х-хлушу, г-гадам б-буду. П-прысягну, к-калі н-не в-верыш. (Перад
пудзілам падае на калені.)
ТОДАР (з-за пудзіла). Прысягай!
МІКІТА. Р-рукі н-няхай п-паадсякаюць, к-калі д-да шклянкі з г-гарэлкай д-дакрануся!
ТОДАР (з-за пудзіла). Ідзі! (Клацае затворам аўтамаціка.)
МІКІТА (устае з каленяў). Н-не с-страляй! Н-не с-страляй! (Выбягае.)
ТОДАР (выходзіць з-за пудзіла). Вось і саслужыла ты мне службу, мая вайсковая
форма. (Знімае з пудзіла фуражку, кіцель, маску і аўтамацік.) У шафу панясу. Дай Бог, каб
больш не спатрэбілася.

ЗАСЛОНА

ПАРЫ
З народнага
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
МІКОЛА -- гаспадар Сабакі, які гаворыць
САБАКА, ЯКІ ГАВОРЫЦЬ
СЫМОН
НАВЕДВАЛЬНІКІ РЭСТАРАНА
Каля ўваходу ў памяшканне рэстарана стаяць Мікола і Сабака.
МІКОЛА. Слухай мяне, Сабака.
САБАКА. Заўжды слухаю цябе, гаспадар.
МІКОЛА. Уважліва слухай. Вушы настаў.
САБАКА. У мяне вушы заўжды стаячыя, гаспадар. У кніжачку запісвай, калі
забываешся.
МІКОЛА. Ты таго... Не вучы вучонага. Значыць, слухай. Зараз мы з табой увойдзем у
гэты рэстаран.
САБАКА. Угу!
МІКОЛА (уважліва глядзіць на Сабаку). Бач, як вочы заблішчалі!.. Пра што гэта я
казаў?
САБАКА. Што зараз увойдзем у гэты рэстаран.
МІКОЛА. Увойдзем, крыху патусуемся там, а потым я аб'яўлю, што ты ўмееш
гаварыць.
САБАКА. Не павераць людзі, падумаюць, што перапіў ты, гаспадар.
МІКОЛА. Мне гэта якраз і трэба. Заключу з імі пары на тысячу баксаў, не меней. А
ты... Ты пакажаш ім сваё незвычайнае ўменне.
САБАКА. Мне трэба будзе праспяваць?
МІКОЛА. Не! Ты так заспяваеш, што ўсе з рэстарана паўцякаюць. Табе мядзведзь на
вуха наступіў.
САБАКА. Магчыма, маеш рацыю.
МІКОЛА. Па-іншаму зробім. Я ў цябе запытаюся: "Што такое востраў?.." Як мне
адкажаш?
САБАКА. Востраў – гэта кавалак зямлі, які плавае ў моры альбо ў акіяне.
МІКОЛА. Што-о?

5

САБАКА. Малы востраў плавае ў моры, а вялікі – у акіяне.
МІКОЛА. Глупства! Глупства! Не хачу слухаць глупства! Лепей у цябе запытаюся так:
"Якія звяры водзяцца на поўначы?.. " Як мне адкажаш?
САБАКА. На поўначы водзяцца мехавыя звяры.
МІКОЛА. Што-о?
САБАКА. Холадна на поўначы, гаспадар. Там звярам заўжды мех патрэбен.
МІКОЛА. Несур'ёзна. Вельмі несур'ёзна. Вось што, Сабака. Раскажаш ім казку пра
залатое яечка. Помніш яе?
САБАКА. Як двойчы два помню. Жыў дзед, жыла баба і была ў іх рабенькая курачка...
Далей расказваць?
МІКОЛА. Годзе. Веру, што помніш.
Воддаль з'яўляецца Сымон.
МІКОЛА (Сабаку паказвае на Сымона). Во! Сымон ідзе, мой былы аднакласнік.
Нядаўна па горадзе шлындаўся, кулакамі трос, а цяпер высока ўгору падняўся: уладальнік
гэтага рэстарана. Зараз запытаецца ў мяне, як звычайна, дзе працую. Быццам не ведае, што
грузчыкам гарбачуся. Трымай вушы тырчком, Сабака. З ім пары заключу, адыграюся.
СЫМОН (падыходзіць да Міколы). Прывітанне, Мікола!
МІКОЛА. Добры дзень вам, Сымон Эдуардавіч.
СЫМОН. Па-простаму называй мяне -- Сымонам. Як у школе было заведзена. Мы ж з
табой аднакласнікі! Ці не так? Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. Былі калісьці, Сымон Эдуардавіч.
СЫМОН. Дзівак-чалавек! Хе-хе-хе-хе... Дзе працуеш, Мікола? Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. Грузчыкам ішачу, Сымон Эдуардавіч.
СЫМОН. Усё грузчыкам і грузчыкам. Як быў маленькім, так маленькім і застаўся, не
падрос. Хе-хе-хе-хе... (Паказвае на Сабаку.) А гэта хто такі знябожаны? Таксама грузчык?
Хе-хе-хе-хе...
Каля Міколы, Сымона і Сабакі спыняюцца наведвальнікі рэстарана, прыслухоўваюцца
да размовы.
МІКОЛА. Не. Трымаю божую скацінку, каб весялей было...
СЫМОН (гледзячы на Сабаку і Міколу). Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА (паказваючы на Сабаку). Сымон Казіміравіч, ён, скажу вам па сакрэту, умее
гаварыць!
СЫМОН. Далей смяшы... Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. Гаворыць па-нашаму, як рэпу грызе. Нават казкі расказвае...
СЫМОН. Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. Не верыце, Сымон Эдуардавіч!
СЫМОН. Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. Пары з вамі магу заключыць.
Наведвальнікі рэстарана ўважліва прыслухоўваюцца да размовы, на іх тварах
скептычныя ўсмешкі.
СЫМОН (уважліва глядзіць на Міколу). Пары, кажаш?
МІКОЛА. На тысячу баксаў магу заключыць.
СЫМОН. На тысячу, кажаш? Хе-хе-хе-хе...
МІКОЛА. На тысячу.
Наведвальнікі рэстарана ўважліва прыслухоўваюцца да размовы, твары ў іх
напружаныя.
СЫМОН. А давай, Мікола! Па руках! Хе-хе-хе-хе...
Сымон і Мікола паціскаюць адзін аднаму рукі, заключаюць пары.
МІКОЛА. Сабака, раскажы Сымону Казіміравічу казку пра залатое яечка.
Сабака сядзіць, панурыўшыся.
МІКОЛА (звяртаецца да Сабакі). Як была рабенькая курачка, як знясла... Ну!
Сабака сядзіць, панурыўшыся.

6

СЫМОН (паказваючы на Сабаку). Сядзіць, як саломы наеўшыся!.. Хе-хе-хе-хе...
Мікола адкрывае рот, хоча звярнуцца да Сабакі.
СЫМОН (рэзка). Баксы давай, Мікола!
МІКОЛА. Даў бы, ды ў хаце пакінуў, не ўзяў з сабою.
Наведвальнікі рэстарана, ухмыляючыся, глядзяць на Міколу.
СЫМОН (звяртаецца да Міколы). Заўтра сюды ж у гэты ж час прынясеш. Не прынясеш
-- цэлы год за так у рэстаране будзеш ішачыць. І не ўздумай хвастом круціць! Ты мяне
ведаеш! Хе-хе-хе-хе... (Заходзіць у рэстаран.)
Рагочучы, наведвальнікі заходзяць у рэстаран.
МІКОЛА (звяртаецца да Сабакі). Ну й дурань ты!.. Тысячу баксаў з-за цябе прайграў!
САБАКА. Ты дурань!
МІКОЛА. Я?
САБАКА. Заўтра ў яго мы зможам выйграць тры тысячы баксаў, калі заключыш новае
пары.
МІКОЛА. А гэта ідэя! Якая добрая ідэя! Хадзем, Сабака. Свежай костачкай пачастую.
Мікола і Сабака выходзяць.

ЗАСЛОНА
Змест

Выпрабаванне
Белы Казёл
Пудзіла
Пары