Аляксей
Якімовіч
СВАТ
Фантастычна-містычнае
апавяданне
1
Скончыўся працоўны дзень, а Антон Нарушэвіч усё сядзеў у
кабінеце, грудзямі абапёршыся аб стол. У яго балела галава, як пасля цяжкага
неспакойнага сну.
Сёння ў паліклініку зноў прывезлі мужчыну з адбіткам
жучка на руцэ. Мужчына не рэагаваў на пытанні, а потым страціў прытомнасць.
Прыйшлося адправіць яго ў бальніцу.
Дзверы адчыніліся, і ў кабінет зайшла медсястра Таня, з
якой ён, Антон, у паліклініцы прымаў хворых. Яна ўжо скінула свой белы халацік,
была ў тонкай ажурнай кофтачцы і кароткай спаднічцы.
-- Антон Ягоравіч, я вас даўно чакаю!
Кожны дзень яна яго чакае, разам з ім едзе дамоў на
маршрутным аўтобусе. Іншы раз яму, Антону, хочацца сказаць ёй: "Танюша,
мне ўжо трыццаць, а табе толькі дзевятнаццаць гадкоў. Знайдзі сабе хлопца, каб
сустракаў цябе з букецікам".
Нарушэвіч ускудлачыў рукою кучаравую чупрыну на галаве,
устаў з-за стала і паморшчыўся.
-- Антон Ягоравіч, вам сёння нездаровіцца? -- Таня
памкнулася наперад, каб дапамагчы лекару, падтрымаць яго.
Махнуўшы рукою, Антон спыніў каляжанку.
-- Хацелася б мне ведаць, чаму ў маіх пацыентаў ні з таго
ні з сяго з'яўляюцца на руках адбіткі жучка, падобнага да каларадскага.
Шырока адкрытымі вачыма, у якіх скакалі гарэзлівыя
чорцікі, Таня глядзела на лекара і як бы казала яму: "Ты мой цар. Ты
ўпарты і разумны. Ты абавязкова разгадаеш гэтую таямніцу, але паберажы
сябе".
Антон зняў халат, павесіў яго на вешалку, павярнуўся да
Тані і прагаварыў:
-- Хворых знаходзяць у адным і тым жа лясным урочышчы
каля крынічкі ў нядзелю альбо панядзелак звычайна апаўдні. Што гэта значыла б?
-- Мясцовыя жыхары кажуць, што ў нядзелю і панядзелак над
тым урочышчам успыхвае яркае святло, -- напомніла Таня.
Нарушэвіч шырокімі крокамі прайшоўся па кабінеце і стаў
насупраць Тані, зусім блізенька ад яе. "Ну пацалуй мяне, хоць у
шчочку!" -- карцела сказаць дзяўчыне.
-- У нядзелю я адпраўлюся туды, пагляджу на тую крынічку,
-- нечакана заявіў Антон.
-- І я з вамі адпраўлюся! -- вырвалася ў Тані.
На высокі Антонаў лоб набеглі маршчынкі.
-- Калі з табою штосьці здарыцца, твае блізкія мяне
праклянуць.
-- Антон Ягоравіч, я ўжо не маленькая!
Нарушэвіч зірнуў на медсястру і ледзь прыкметна
ўсміхнуўся.
-- Глядзі, каб потым не каялася!
2
Антон з рукзаком на спіне, а Таня з сумкай на баку, у
якой ляжалі лекі і медыцынскія інструменты, прабіраліся праз лес, які мясцовыя
жыхары называлі Кажухава. Тут раслі і старыя яліны, і бярозы з цёмнай карой, і
гонкія асіны, купінамі ўзвышалася ляшчына, сустракаліся зараснікі алешніку,
парослыя крапівой, пустазеллем, якое даходзіла да пояса.
Антону і Тані прыходзілася мінаць сухія сукаватыя яліны,
якія ляжалі па ўсім лесе, нібы знарок раскіданыя.
-- Бачыш? -- звярнуўся да дзяўчыны Антон, -- паказаўшы на
яліну, што ляжала ў крапіве. -- Гэтую яліну, як і іншыя, нейкі лясны шкоднік
каля самага кораня падтачыў. Вось чаму ўпала яна.
-- Магчыма, той невядомы жучок? -- выказала здагадку
Таня.
-- Магчыма, -- уздыхнуў Антон. Нарадзіўшыся ў вёсцы, ён у
дзяцінстве бачыў лес чыстым, гаманлівым, прыгожым. А тут змрочна, птушынага
голасу не чуваць.
-- Ідзём, як праз джунглі! -- выціраючы з ілба пот,
паскардзілася Таня.
-- Хутка будзе крынічка. Там адпачнём, -- падбадзёрыў
дзяўчыну Нарушэвіч.
3
Крынічка выбівалася з-пад вялікага, пакрытага шэрым мохам
каменя-валуна і далей ручайком цякла праз паляну.
Таня села каля крынічкі, намерваючыся прыгаршчамі набраць
вады.
-- Не трэба! -- гучна крыкнуў Антон.
Таня з недаўменнем паглядзела на яго.
-- Хочацца піць!
Нарушэвіч скінуў з плячэй рукзак, дастаў з яго тэрмас і
моўчкі падаў дзяўчыне.
"Мог бы і "калі ласка" мне сказаць. Не, ты
не герой рыцарскіх раманаў", -- падумала пра Антона Таня і, узяўшы тэрмас,
выпіла цёплай гарбаты і лягла на траву.
Угары пачуўся гул.
-- Антон Ягоравіч, нейкі самалёт ляціць, набліжаецца, --
зірнуўшы на Нарушэвіча, краёчкамі вуснаў ўсміхнулася дзяўчына.
-- Уставай! -- з трывогай у голасе прамовіў лекар. --
Невядома, што сюды ляціць.
4
Таня і Антон схаваліся за вялікай сукаватай ялінай, якая
ляжала каля самай паляны. Непадалёку расла яшчэ жывая, зялёная яліна, але яе
вершаліна была абпалена і сохла.
Гул стаў узмацняцца. Неўзабаве ў небе з'явілася невялікая
цёмная кропка. З кожнай хвілінай яна павялічвалася.
Таня падсунулася да лекара і зашаптала, дыхаючы яму ў
твар:
-- Антон Ягоравіч, лятальны апарат спускаецца!
Сапраўды, гэта быў лятальны апарат, падобны да гіганцкай
чарапахі. Ён на імгненне ўспыхнуў яркім чырвоным агнём і плаўна апусціўся на
паляну.
-- Зараз госцейкаў-іншапланецян убачым! -- прагаварыў
Антон. Як і Таня, ён задыхаў часцей.
У лятальным апараце збоку, пры самай зямлі, павольна
адчыніліся дзверцы, і з яго выйшла трое іншапланецян, узброеных аўтаматамі.
Падобныя на маскі блішчастыя шлемы закрывалі іх твары. У аднаго іншапланецяніна
шлем быў чырвоны, у другога -- карычневы, а ў трэцяга -- сіні.
Іншапланецяне -- Чырвоны, Карычневы і Сіні, -- як пра
сябе іх назвала Таня, пастаялі, паўзіраліся і накіраваліся да крынічкі,
ступаючы важка, упэўнена, як гаспадары.
Таня заварушылася. Ёй хацелася ускочыць і кінуцца
наўцёкі.
-- Ляжы! -- папярэдзіў Антон.
Іншапланецяне падышлі да крынічкі. Чырвоны махнуў рукою,
і па ягонай камандзе Карычневы і Сіні дасталі з кішэняў зялёныя шпрыцы і
пырснулі ў крынічку нейкую вадкасць.
"Чырвоны камандуе. Ён тут старэйшы", --
здагадалася Таня.
Над крынічкай узняўся дымок, падобны на туман, а вада
запенілася, забулькала, як у час кіпення.
-- Антон Ягоравіч, яны крынічку хочуць атруціць! --
шэптам прамовіла Таня.
-- Ляжы! -- паўтарыў Нарушэвіч.
"Злуешся на мяне, незадаволены. А я ж сюды прыйшла,
каб дапамагчы табе, бо шкадую, кахаю цябе. Відаць, ніколі не зразумееш ты
гэтага", -- з сумам і страхам
падумала дзяўчына.
Дымок над крынічкай знік, рассеяўся, вада перастала
булькацець. Іншапланецяне разам усклікнулі, падышлі да лятальнага апарата і
залезлі ў яго. Дзверцы паволі зачыніліся. Лятальны апарат, на імгненне
ўспыхнуўшы яркім чырвоным агнём, узняўся і пачаў аддаляцца. Хвілін праз пяць ён
стаў падобны на маленькую цёмную кропку, а потым знік зусім.
5
Антон устаў і абтрос з каленяў сухія травінкі, прыліплыя
да спартыўнага трыко.
-- Уставай, Танюшка.
Таня стала на калені і знізу ўверх паглядзела на лекара.
Упершыню ён назваў яе так ласкава. Няўжо і ў ягонай душы абудзілася пачуццё?
-- Антон Ягоравіч, бяда абмінула нас, нават сваім крылом
не зачапіла. Напэўна, у кашулі нарадзіліся мы.
-- Пажывём -- пабачым, -- адказаў Нарушэвіч і накіраваўся
да крынічкі.
6
У крынічцы каля каменя-валуна павольна плаваў жучок,
падобны да каларадскага. Тоненькімі вусікамі ён вадзіў па вадзе, як бы
прынюхваючыся.
-- Яны яго пакінулі? – выцягнутаю рукою паказала на жучка
Таня.
-- Не пакінулі, а вывелі, -- удакладніў Антон. -- Як мне
здаецца, ён з таго туману з'явіўся.
-- З туману нарадзіўся! Вось як бывае! -- у роздуме
прагаварыла Таня.
-- З іхняга туману, са штучнага, -- зноў удакладніў Антон
і дадаў: -- Нам трэба злавіць яго, каб потым у лабараторыі праверыць, ці
менавіта ён пакідае на чужым целе адбітак.
Непадалёку пачуўся трэск.
-- Антон Ягоравіч, да нас хтосьці набліжаецца! --
прашаптала Таня.
-- Што ж, схаваемся і паназіраем, -- спакойна сказаў
Нарушэвіч.
7
Таня і Антон ляглі за тую ж самую сукаватую яліну. А з
лесу на паляну выйшаў невялікі калматы Чорцік з рожкамі на галаве, з хвосцікам
і капытцамі. Ён, відаць, добра не выспаўся, бо час ад часу пацягваўся і
пазяхаў, прыкрываючы далонню рот.
Таня страсянула галавою. Ёй не паверылася, што
сапраўднага чорта бачыць перад сабою.
-- Антон Ягоравіч, гэта чорт?
Лекар сарваў травінку і раскусіў яе. Яна была горкая, як
палын.
-- Думаю, што чорт.
-- Увесь лес сухастоем завалілі, усё запаскудзілі!
Адпачыць няма дзе, -- тоненькім галаском прагаварыў Чорцік і, падбегшы да
крынічкі, нагнуўся над ёю.
Таня кранула лекара за плячо.
-- Атон Ягоравіч, ён з крынічкі хоча напіцца, а там жучок
сядзіць!
-- Вой! -- раптам усклікнуў Чорцік і ніцма ўпаў на траву,
страціўшы прытомнасць.
-- Жучок укусіў яго! -- прамовіў Нарушэвіч і,
усхапіўшыся, выйшаў на паляну.
8
Чорцік ляжаў на траве, а на камяні-валуне сядзеў вусаты
жучок, падобны да каларадскага. Каля яго поўзала мноства жучкоў, падобных да
невялікіх тараканчыкаў. Іх, напэўна, было больш сотні.
-- Ого! -- сказаў Антон, разглядваючы незвычайную
сямейку. -- Ён Чорціка ўкусіў і дзякуючы гэтаму сваіх дзетак нарадзіў.
-- Антон Ягоравіч, душыце іх, пакуль яны не распаўзліся!
-- у адчаі закрычала Таня.
Нарушэвіч залез на камень і падэшвамі красовак стаў
душыць жучкоў, прыгаворваючы:
-- Мы вас да сябе не прасілі. У нас і сваіх шкоднікаў
хапае. Не прасілі! Не прасілі!
-- Ой! -- нечакана ўсклікнула Таня і адскочыла ўбок. --
Адзін вусаты жучок з каменя уцёк, каля маёй нагі прабег.
-- Куды ён пабег? -- запытаўся Антон.
-- Вунь да той абгарэлай яліны!
Нарушэвіч саскочыў з каменя і, узіраючыся пад ногі, рушыў
на ўскраек паляны.
"Жых-жах, жых-жах", -- пачулася шорганне,
падобнае на шорганне пілы, і з камля абгарэлай яліны, рассыпаючыся, паляцелі
свежыя белыя апілкі.
Таня застыла ў здзіўленні, а Антон падышоў да яліны і
паведаміў:
-- Жучок сваімі вусікамі яліну пілуе, угрызаецца ў яе,
стараецца паваліць. Цяпер мне зразумела, чаму ў Кажухава так шмат ялін
павалена.
Гэта стала зразумела не толькі Антону, але і Тані. Са
штучнага воблачка, падобнага на туман, нараджаецца жучок, які пасля ўкусу,
паспрабаваўшы крыві, нараджае сабе падобных. Потым яны ўсе разам нападаюць на
лес і знішчаюць яго.
-- Антон Ягоравіч, -- махнула кулачком Таня, -- задушыце
шкодніка!
Лекар падняў галіну і раздушыў ёю жучка.
9
Чорцік, як і раней, ляжаў на траве. На ягонай далоні быў
адбітак жучка, падобнага да каларадскага.
-- Што з нашым нячысцікам будзем рабіць? -- пацікавілася
ў Антона Таня.
-- На лапы паставім! -- усміхнуўся лекар і паднёс да носа
чорціка вату, намочаную нашатырным спіртам.
Чорцік гучна чхнуў, ускочыў і наставіў перад сабою
касматыя лапы, абараняючыся.
-- Людзей баішся? -- запытаўся Нарушэвіч.
-- Баюся, -- прызнаўся Чорцік. -- Вы нават да балота
дабраліся, асушылі яго.
-- Нас не бойся. Мы балоты не асушваем, -- пастаралася
супакоіць балотнага жыхара Таня і расказала яму, чаму прыйшла сюды з Антонам
Ягоравічам.
Чорцік уважліва выслухаў яе і нахмурыўся.
-- Іншапланецяне, выходзіць, увесь лес збіраюцца
знішчыць?
-- Яны вось-вось сюды вернуцца, чуе мая душа, -- уздыхнуў
Антон. -- Адным нам будзе цяжка з імі справіцца. Дапамажы. Ты тут усе ходы і
выхады ведаеш.
Чорцік пачухаў патыліцу.
-- Я ж ніколі людзям не спрыяў, толькі шкодзіў!
Угары пачуўся гул.
Таня задрала галаву, узіраючыся.
-- Антон Ягоравіч, яны ляцяць да нас!
-- Трэба хавацца, -- сказаў Нарушэвіч і разам з Таняй
накіраваўся да яліны, што ляжала на ўскрайку паляны.
Чорцік патаптаўся, паўздыхаў і пабег да сваіх новых
знаёмых.
10
Гул узмацніўся, і неўзабаве ў небе паказалася невялікая
цёмная кропка. З кожнай хвілінай яна павялічвалася.
Чорцік, які ляжаў побач з Таняй, захваляваўся, задрыжаў.
Дзіўна, але Таня зусім не баялася гэтага балотнага
жыхара, які спалохаўся, разгубіўся, трапіўшы ў няпростую сітуацыю.
"Невядома, каму спатрэбіцца дапамога. Магчыма, не нам, а яму", --
прамільгнула ў яе галаве трывожная думка.
Чорцік паднёс да вачэй далонь, на якой застаўся адбітак
жучка, і забурчаў, як сабака.
На паляну спускаўся лятальны апарат. На імгненне
ўспыхнуўшы яркім чырвоным святлом, ён плаўна сеў на траву.
-- Не бойся! -- падбадзёрыла Чорціка Таня. А ў самой
кончыкі пальцаў затрымцелі, пахаладзелі.
У лятальным апараце адчыніліся дзверцы, і з яго выйшлі
знаёмыя іншапланецяне, узброеныя аўтаматамі: Чырвоны, Карычневы і Сіні.
-- Яны нядаўна тут былі? -- пацікавіўся Чорцік.
-- Яны! -- шэптам адказала дзяўчына.
Іншапланецяне пастаялі, паўзіраліся на лес і таропка
накіраваліся да крынічкі.
Таня думала, што яны, як і першы раз, дастануць з кішэняў
зялёныя шпрыцы і пырснуць у крынічку вадкасць, пасля чаго з'явіцца воблачка,
падобнае на туман.
Але выйшла па-іншаму. Чырвоны тыцнуў рукою, паказаўшы на
камень-валун. Сіні і Карычневы штосьці закрычалі, махаючы аўтаматамі. Чырвоны
ўзяў Сіняга за руку і кіўнуў галавою, паказаўшы на лятальны апарат. Сіні
падышоў да яго і стаў, як укопаны.
-- Антон Ягоравіч, што яны задумалі? -- занепакоілася
Таня.
-- Зараз убачым, -- азваўся лекар.
Чырвоны і Карычневы пераглянуліся і накіраваліся ў глыб
лесу, напагатове трымаючы аўтаматы.
-- Іншапланецяне здагадаліся, што хтосьці ім нашкодзіў,
-- звярнуўся да Тані Антон.
У кустах арэшніку, што рос за ялінай, пачуўся трэск.
-- Яны ззаду да нас падкраліся! -- гукнуў Антон і,
ускочыўшы, схапіў Таню за руку, падняў і пацягнуў за сабою.
11
Крапіва апякала
ногі, рукі, галінкі кустоў сцёбалі па твары, але Таня, не зважаючы на
гэта, бегла, стараючыся не адстаць ад Антона.
Прагучала аўтаматная чарга. Над галавою прасвісталі кулі.
Таня міжволі спынілася, угнуўшы галаву ў плечы.
-- Бяжым! – падаў голас Антон.
Зноў прагучала аўтаматная чарга. Лекар войкнуў і ўпаў.
Таня нагнулася над ім.
-- Антон Ягоравіч, што з вамі?
-- У нагу паранілі.
Таня хуценька дастала з сумкі бінт.
-- Антон Ягоравіч, я перавяжу рану!
Нарушэвіч працягнуў руку, каб узяць бінт.
-- Я сам перавяжу, а ты ўцякай, ратуйся.
Таня села каля лекара і заплакала.
-- Я не пакіну вас!
-- Не бачыла, дзе Чорцік? -- пацікавіўся Антон.
-- Мабыць, там застаўся! -- плачучы, адказала дзяўчына.
12
Перапалоханы Чорцік застаўся ляжаць за ялінай і бачыў, як
Чырвоны і Карычневы кінуліся даганяць Таню і Антона. Крыху супакоіўшыся, ён
стаў сачыць за Сінім. А той дастаў з кішэні невялікі круглаваты прадмет і завёў
яго, як людзі звычайна заводзяць гадзіннік. Прадмет зацікаў у руках
іншапланецяніна.
"Гэта ж міна з гадзіннікавым механізмам!" --
здагадаўся Чорцік. Падобную міну ён не так даўно бачыў у нейкіх маладых людзей,
што прыехалі ў лес на пікнік. Там яны дзеля жарту ўзарвалі ёю магутны дуб.
Ухмыльнуўшыся, Сіні падышоў да каменя-валуна, пад ягоны
рабрысты бок падклаў міну і, вярнуўшыся назад, сеў на кукішкі каля лятальнага
апарата.
Хвалюючыся, Чорцік паскроб капытцам аб капытца. Ён
зразумеў, што іншапланецянін хоча ўзарваць камень-валун, на якім улетку так
добра пасядзець, на сонейку пагрэцца.
Сіні, было відаць, задрамаў. Усё-ткі размарыла яго
сонейка.
Чорцік узяў у траве важкі кій і, прыгнуўшыся, пабег па
ўскрайку паляны.
13
Таня перабінтавала Антону нагу. Ён сеў, абапёршыся спіною
аб ствол старой дуплістай бярозы.
-- Антон Ягоравіч, я вас зараз падніму і павяду. Я хоць
худзенькая, але дужая!-- рашуча прамовіла дзяўчына.
Паблізу пачуўся трэск сухіх галінак.
-- Позна. Яны набліжаюцца, -- сказаў Нарушэвіч.
14
Асцярожна ступаючы, Чорцік выйшаў з-за лятальнага
апарата. Сіні сядзеў на кукішках і драмаў.
Узняўшы кій, Чорцік з сілай апусціў яго на блішчасты шлем
іншапланецяніна. Падаючы, Сіні пальцамі націснуў на курок аўтамата. Аўтамат
гучна застракатаў.
15
Таня і Антон ляжалі ў крапіве за бярозай, а з густога
алешніку выйшлі Чырвоны і Карычневы.
"Усё-ткі загубіў я дзяўчыну, якая, як маладая
рабінка, сілы набіраецца", -- падумаў Антон, з жалем паглядзеўшы на Таню.
Нечакана прагучала доўгая аўтаматная чарга. Чырвоны і
Карычневы, пераглянуўшыся, павярнуліся і пабеглі назад, на выручку свайму
сябруку.
16
Чорцік узяў каля каменя-валуна гадзіннікавую міну і
прымацаваў яе пад дзверцамі да металічнай абшыўкі лятальнага апарата.
17
Прыбегшы на паляну, Чырвоны і Карычневы ўбачылі, што іхні
сябрук ляжыць на траве. Яны паднялі яго і занеслі ў лятальны апарат. Дзверцы
павольна зачыніліся. Лятальны апарат, на імгненне ўспыхнуўшы яркім чырвоным
агнём, узняўся і стаў паднімацца ўгору.
18
Чорцік ляжаў за ялінай і глядзеў, як лятальны апарат
паднімаецца ўгору. Ён усё вышэй і вышэй. Няўжо знікне, не ўзарвецца?
-- Адзін, два, тры... -- з нецярпеннем чакаючы развязкі,
пачаў лічыць нячысцік.
Пачуўся выбух. Лятальны апарат, як спалоханы стаеннік,
падскочыў і ўзарваўся, разламаўшыся на кавалкі, якія са свістам паляцелі ўніз.
Задаволены сабою, Чорцік падскочыў і пабег шукаць Антона
і Таню.
19
Антон і Таня таксама бачылі, як лятальны апарат узляцеў і
ўзарваўся ў паветры.
-- Антон Ягоравіч, яны больш не прыляцяць да нас! --
прамовіла дзяўчына.
-- Хацелася б мне ведаць, хто ўзарваў іх, -- прагаварыў
лекар і паморшчыўся ад болю.
20
Хвілін праз дзесяць Чорцік знайшоў сваіх новых знаёмых
каля старой дуплістай бярозы і адразу ж пахваліўся:
-- Бачылі, як яны ў паветра ўзляцелі? Я ім дапамог.
-- Няўжо? -- не паверыў Антон.
Чорцік сеў на пянёк і расказаў, як аглушыў кіем
іншапланецяніна, а потым прымацаваў міну з гадзіннікавым механізмам да
лятальнага апарата.
-- Ты сапраўдны дыверсант! -- пахваліла яго Таня.
Антон варухнуў параненай нагой.
-- Паранілі яны мяне.
Чорцік устаў з пянька і дастаў з дупла бярозы невялікую
бляшаную баначку.
-- Ягоравіч, я цябе сваёй гаючай маззю вылечу, калі
пажадаеш.
Антон узяў у Чорціка баначку, зняў накрыўку і панюхаў
жаўтаватую мазь. Яна пахла смалой.
-- Ягоравіч, вылечыць?
-- Няхай паспрабуе! -- звярнулася да Антона Таня, якая да
гэтага сядзела моўчкі і ва ўсе вочы глядзела на балотнага жыхара.
Нарушэвіч кіўнуў галавою.
-- Давай!
Чорцік разматаў бінт на назе Антона. З раны пацякла кроў.
Лекар паморшчыўся, а Чорцік пальцам набраў з баначкі мазі
і памазаў ёю вакол раны. Кроў перастала цячы, а рана загаілася. На назе нават
рубца не засталося.
Антон устаў, тупнуў нагою, потым другою і паведаміў:
-- Не баліць!
-- Ягоравіч, мазь сабе можаш пакінуць, -- сказаў Чорцік і
падаўся ў гушчар.
-- Дзякую табе, балотны жыхар! -- услед Чорціку гукнуў
Нарушэвіч.
-- Можа, калі-небудзь сустрэнемся? -- крыкнула Таня.
Чорцік павярнуўся і сказаў:
-- Магчыма, сустрэнемся.
21
Мінуў год. Таня і Антон па-ранейшаму працавалі ў
паліклініцы. За гэты час Нарушэвіч праславіўся. З дапамогай чортавай мазі ён
вылечыў некалькіх безнадзейна хворых.
Аднаго разу цёплым летнім днём яны сядзелі ў садку каля
паліклінікі і ціха размаўлялі.
-- Цэлы год прайшоў, як з тым мілым Чорцікам мы
сустрэліся, а здаецца, што ўчора гэта было, -- уздыхнула Таня.
-- Хацелася б мне ведаць, дзе ён цяпер, -- у задуменні
прагаварыў Антон.
-- Я тут! -- пачуўся тоненькі галасок, і з-за куста бэзу
выйшаў знаёмы Чорцік з торбачкай на плячы.
-- Не забыўся пра нас! -- як малая, узрадавалася Таня.
-- Шаноўныя, вы яшчэ не пажаніліся? -- неспадзявана
запытаўся Чорцік.
-- Не, -- сумелася Таня.
Чорцік стукнуў капытцам аб капытца.
-- Вы ж кахаеце адно аднаго! Ці не так?
Таня зірнула на Антона і апусціла галаву.
Чорт усміхнуўся і падмаргнуў лекару.
-- Ягоравіч, бяры яе замуж. Лепшую жонку ты не знойдзеш.
Нарушэвіч устаў і пачырванеў.
-- Таццянка, я... Я не ведаю, ці ты...
-- Антон Ягоравіч, я выйду за вас замуж! -- прамовіла
Таня.
Чорцік зняў з пляча і працягнуў Антону торбачку.
-- Ягоравіч, я ведаў, што сасватаю вас. Вазьмі ад мяне
падарунак. Гаючая мазь у торбачцы ляжыць.
Антон узяў торбачку і прагаварыў, зусім разгубіўшыся:
-- Ну й ну! Нізашто не паверыў бы, калі б хто сказаў, што
Чорт маім сватам будзе.
Змешчана
ў зборніку “Русалка”. Выдадзены ў выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь,
2020. – 136 с.