Поиск по этому блогу

Зборнік казак на тэму мовы "Казкі-падказкі"


                                                                                                      Аляксей Якімовіч












КАЗКІ-ПАДКАЗКІ



У кнізе сабраны незвычайныя, мастацка-навуковыя казкі, напісаныя паводле агульнаадукацыйных праграм па беларускай мове для 3-5 класаў. Іх галоўныя героі Сарока, Шпачок і сабачка Жучок. Яны не толькі выконваюць розныя заданні на тэму мовы, але і прапануюць выканаць іх чытачам -- дзецям і дарослым. Казкі пабудаваны ў займальнай форме, яны падказваюць чытачам, якія правілы трэба захоўваць, каб правільна карыстацца мовай. Гэтая кніга -- новае слова ў беларускай літаратуры. Яна адрасуецца дзецям, настаўнікам, выхавацелям, бацькам -- самаму шырокаму колу чытачоў.
Выпушчана выдавецтвам “Народная асвета” ў 2012 годзе.
Якімовіч А. М. Казкі-падказкі : для малод. шк. узросту / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2012. – 104 с. : іл.
Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе. Друкаваць толькі ў гэтым варыянце.
























З трох дубчыкаў

Паспрачаліся сябры-суседзі Шпачок і Сарока.
-- Я ўчора склаў пяць літар з трох дубчыкаў! – пахваліўся суседцы Шпачок.
-- Не веру! – усклікнула Сарока.
-- Выходзіць, падманваю я? – усклікнуў Шпачок.
-- Так, так! – крыкнула Сарока.
∙ Ці верыце вы Шпачку?
Якія літары можна скласці з трох дубчыкаў?

Проста так не бывае

Аднаго дня ў госці да Шпачка прыйшла Сарока. А Шпачок сядзіць на крэсле за сталом, дзюбку апусціўшы.
-- Чаго ты так задумаўся, Шпачок? -- пацікавілася Сарока.
-- Адно вельмі важнае слова забыўся. Ніяк не ўспомню! -- паскардзіўся Шпачок.
-- А я таямнічае пісьмо знайшла! -- паведаміла Сарока і паклала на стол спісаны словамі ліст паперы.
-- Рака, жолуд, джып, дом, цукар, шэсць, -- па складах прачытаў Шпачок.
-- Сярод гэтых слоў адно лішняе! -- прашаптала Сарока. -- Дапамажы яго знайсці. Я цэлую раніцу думала і яшчэ паўдня думала, але не дадумалася.
-- Слова "дом" лішняе! -- усклікнуў Шпачок.
-- Чаму яно лішняе? -- запыталася Сарока.
-- Проста лішняе і ўсё.
-- Проста так не бывае, -- не пагадзілася Сарока. -- Давай паразважаем! Ва ўсіх гэтых словах ёсць галосныя, якія стаяць пасля зацвярдзелых зычных ж, дж, р, ц, ч, ш. А ў слове “дом” няма галосных пасля зацвярдзелых зычных. Таму яно і лішняе.
-- Галосныя, якія стаяць пасля зацвярдзелых зычных, можна назваць арфаграмамі, --прагаварыў Шпачок і запытаўся ў Сарокі: -- Ты ведаеш, што такое арфаграма?
 -- Арфаграма -- гэта напісанне, якое патрабуе прымянення арфаграфічнага правіла альбо звароту да арфаграфічнага слоўніка, --  прамовіла Сарока.
Назавіце галосныя, якія пішуцца пасля зацвярдзелых зычных.

Падарожжа

Аднаго разу Шпачок і Сарока адправіліся ў падарожжа па родным краі.
Прыселі на ўзгорку, каб адпачыць.
Унізе распасціраецца зялёны луг, пасярод яго прытаілася азярцо, паўз берагоў парослае чаротам. На азярцы качкі плаваюць, гуляюць, ежу здабываюць.
-- Сапраўдная казка перад намі! -- у захапленні прамовіў Шпачок.
-- У слове "казка" пасля а якая літара пішацца: с ці з ? -- пацікавілася Сарока. Яна любіла задаваць пытанні, не давала сумаваць Шпачку.
-- Напэўна, с, -- выказаў здагадку Шпачок.
-- Шаноўны, калі ты напішаш літару с, у цябе выйдзе іншае слова -- "каска", -- усміхнулася Сарока. -- Каскі звычайна на галаву надзяваюць. Напрыклад, салдаты ў час бою альбо будаўнікі ў час працы. А ты хацеў сказаць пра тую казку, якую ў кнізе можна прачытаць. Так?
-- Так. Але я не магу зразумець, чаму ў слове "казка" трэба пісаць з, а не с.
-- Каб не памыліцца ў напісанні, трэба ведаць, як правільна абазначыць на пісьме парны зычны, -- сказала Сарока.
-- Як?
-- Трэба змяніць слова ці падабраць праверачнае так, каб гэты гук знаходзіўся перад галосным, -- прамовіла Сарока. --  Паспрабуй змяніць  слова "казка" і адразу пачуеш, што пішацца пасля а.
-- Казачка, казачны, казачнік, -- стаў змяняць слова "казка" Шпачок. -- Затым паглядзеў на сяброўку і радасна ўсклікнуў: -- Я ўсё зразумеў! Няхай жыве казка праз літару з!
Назавіце словы з глухімі зычнымі гукамі і праверце іх напісанне.

На рэчцы

Вырашыў Шпачок скласці верш. Пра што можна верш скласці? Вядома, пра тое, што ты сам бачыў.
А Шпачок якраз нядаўна на рэчцы быў. Толькі-толькі вярнуўся адтуль. Вось і вырашыў напісаць верш "На рэчцы".
-- Я на рэчцы сёння быу, -- такі першы радок запісаў на чыстым аркушы паперы.
Пра што далей пісаць? Успомніў Шпачок, якую вялікую вусатую рыбу -- Сама--                  бачыў у рэчцы. Той падплыў да берага і з вады пазіраў на Шпачка. Гэты ж Сом і раней да берага прыплываў, з цікавасцю глядзеў з вады.
-- Сом вусаты зноу прыплыу, -- такі вось другі радок атрымаўся.
Што ж далей было? Ага, яму, Шпачку, захацелася пагаварыць з Сомам. Цікава было даведацца, што пад вадою робіцца. І Шпачок спытаўся. Думаеце, адказаў Сом? Не, маўчаў, як вады ў рот набраў.
-- Размауляць Сом  не умеу,
Там я доуга не сядзеу, -- дапісаў два апошнія радкі Шпачок і вырашыў прачытаць, праверыць, што  атрымалася:
                                                         Я на рэчцы сёння быу,
                                                        Сом вусаты зноу прыплыу.
                                                        Размауляць Сом не умеу,
                                                       Там я доуга не сядзеу.
Здзівіўся Шпачок: чамусьці не гучыць запісаны верш так, як задумана. І словы, здаецца, правільныя, але ўсё роўна штосьці не так.
 Чаму не гучыць верш?
 Дапамажыце Шпачку, напішыце верш правільна.

Паспрабуйце адказаць

У хаце за сталом сядзелі Шпачок і Сарока. Шпачок знаёмаму ліст пісаў, з днём нараджэння яго віншаваў.
-- Шаноўная Сарока, -- прагаварыў, падняўшы галаву, -- у сваім лісце я ўжываю словы "быў" і "вучоба". У першым слове, калі ты заўважыла...
-- Заўважыла! -- перапыніла сябра Сарока. -- У слове "быў" пішам ў нескладовае, а ў слове "вучоба" -- у складовае.
Шпачок хітра прыжмурыўся.
-- Чаму? Адкажы.
-- Калі ласка, -- пагадзілася Сарока. -- Але потым і ты адкажаш на мае пытанні.  Дамовіліся?
Хоць Шпачок не любіў адказваць на пытанні, але мусіў пагадзіцца:
-- Так і быць. Дамовіліся.
-- Слухай, -- пачала Сарока. -- Літара ў (у нескладовае)  пішацца пасля галосных, у -- пасля зычных і знакаў прыпынку. Запомніў?
-- Лёгка запомніў, -- кіўнуў галавою Шпачок.
-- А цяпер слухай мае пытанні, праверым, як запомніў, -- сказала Сарока. -- Пытанне першае. Калі пішацца літара ў (у нескладовае), калі -- у (складовае)? Пытанне другое. Які гук абазначае вялікая літара У пасля галосных: галосны (складовы) ці зычны (нескладовы)? Ці перадаецца на пісьме скарачэнне гэтай літары?
 Праверце сябе, адкажыце на гэтыя пытанні.

Як пішацца?

Аднойчы Жучок патэлефанаваў Шпачку і пацікавіўся:
-- Як пішацца слова "вясёлы": з літарай я ці з літарай е?
-- Думаю, што з літарай е, -- адказаў Шпачок.
-- Чаму? – гукнуў у тэлефонную трубку Жучок.
-- Можна падабраць праверачнае слова “весела”, -- растлумачыў Шпачок.
Як пішацца названае Жучком слова?

Прысвяціць і пасвяціць

Аднойчы Жучок і Шпачок сядзелі ў цёмным пакоі. За акном трашчалі конікі, заліваліся салаўі. Уключаць святло сябрам не хацелася. Тым больш, што Шпачок прыдумаў верш, прысвечаны Жучку. Вось які:
Ты Жучок.
                                                               А я Шпачок.
                                                               Прыемна усміхаемся,
                                                               Калі пастараемся.
-- Цудоўны верш! -- пахваліў сабачка.
-- Жучок, -- падаў голас Шпачок, -- я пасядзеў і падумаў, што мне трэба прысвяціць табе...
-- Ага! -- перапыніў сябра сабачка. -- Пасвяці, калі ласка. Я тут свой нашыйнік згубіў.
Шпачок прызўняўся і паглядзеў у бок Жучка.
-- Я не твайму нашыйніку прысвячаю, а табе! Твой нашыйнік мяне мала цікавіць.
-- А мяне вельмі цікавіць, бо я яго згубіў. Не чуеш? -- незадаволена прамовіў Жучок.
-- Чую! Чую! -- адказаў Шпачок і павярнуўся да акна.
Чаму сябры не зразумелі адзін аднаго? Аднолькавае ці рознае лексічнае значэнне маюць словы "пасвяціць" і "прысвяціць"?

Невялікія вершы Шпачка

-- Як жывецца табе, Шпачок? -- сустрэўшыся ў хвойнічку, пацікавілася ў маленькага Шпачка Сарока-суседка.
-- Някепска жывецца. Я стаў паэтам, -- важна заявіў Шпачок.
Ад неспадзеўкі Сарока ледзь не папярхнулася, дзюбку раскрыла, стаіць, як укопаная.
Шпачок ускочыў на пянёк і звысоку паглядзеў на сяброўку.
-- Не здзіўляйся! У мяне даўно праявіліся паэтычныя здольнасці, але я не хацеў іх паказваць, як кажуць людзі, на суд выносіць, бо саромеўся.
-- І... І... І ў чым жа яны праявіліся сёння? -- ледзь прамовіла Сарока.
-- Сёння... Сёння я! Я!..
-- Кажы хутчэй, не цягні!
-- Сёння я два вершы напісаў, --  нарэшце паведаміў Шпачок.
-- Ух ты! -- вырвалася ў Сарокі.
-- Вершы атрымаліся невялікія. Мае паэтычныя здольнасці яшчэ развіваюцца, -- удакладніў Шпачок і задраў ўгору дзюбку, гатовы заспяваць на ўвесь хвойнічак.
-- Я не разумею, што значыць невялікія, -- прызналася Сарока.
-- Яны складаюцца толькі з двух радкоў, -- растлумачыў Шпачок.
-- Пакажы мне свае вершы, будзь ласкавы, -- з павагай прамовіла Сарока.
 Шпачок дастаў з партфеліка ліст, спісаны акуратнымі літаркамі, і працягнуў яго суседцы.
-- Бяры!
Вось што ўбачыла на лісце Сарока.
Вершы
                                                
                                               Сёння мой сусед Дзям’ян
                                               Пакасіў увесь  бурян.

                                               Каб дамоў не несці,
                                               Вырашылі зесці.
Сарока прачытала і нахмурылася.
Чаму нахмурылася Сарока? Якія памылкі заўважыла яна ў вершах Шпачка?

Жучок і Дамавічок

Аднойчы сабачка Жучок напісаў на лістку паперы словы з раздзяляльным мяккім знакам і апострафам: пье, паштальён, аб'ём, канферансье, б'ю, більярд.
На хвілінку адышоўся ад стала, а Дамавічок, які жыў у яго ў доме ў цёмнай кладоўцы, у гэты час падбег і проста так, дзеля смеху, усе апострафы і раздзяляльныя мяккія знакі са слоў прыняў, пасціраў. Вось якімі сталі словы: пе, пашталён, абём, канферансе, бю, білярд.
Радуецца ў цёмнай кладоўцы Дамавічок. Ён нават песеньку прыдумаў са словам на гэтае правіла і стаў спяваць яе:
Вадзічка з крана льецца,
                                                   Дамавік смяецца.
Але не доўга ён радаваўся. Жучок добра ведаў, калі пішуцца раздзяляльны мяккі знак і апостраф. Таму хутка выправіў памылкі ў словах.
А вы ведаеце, калі пішуцца раздзяляльны мяккі знак і апостраф? Устаўце іх у наступных словах: сям..я, Іл..я, міл..янер, шампін..ён, аб..ехаць.

Пакрыўдзіў

Прыйшла Сарока ў госці да Шпачка.
-- А я практыкаванне ўжо напісаў! – пахваліўся ён сяброўцы.
-- Мне можна паглядзець тваё практыкаванне? – зацікавілася Сарока.
-- Калі ласка! – усміхнуўся Шпачок і працягнуў Сароцы сшытак.
Сарока ўзяла сшытак і нахмурылася.
-- Некаторыя словы ты пакрыўдзіў.
-- Якія словы я пакрыўдзіў? – вырвалася ў Шпачка.
-- Вось гэтыя! – сказала Сарока, паказаўшы на словы "весёлка", “весковы”, “лесны”, “цемнець”.
 Якое правіла кепска засвоіў Шпачок? Напішыце словы "весёлка", “весковы”, “лесны”, “цемнець” правільна.

Словы ветлівасці

Аднаго разу папрасіў Шпачок Сароку:
-- Назаві мне словы ветлівасці. Я іх хачу вывучыць.
Сарока вельмі спяшалася да сваякоў, таму вось як ветлівыя словы на паперы запісала: добра раніцы; наведвацеся часце; бываце здаровы; усяго налепшага; да скора сустрэчы; добра ночы;  скора папраўкі; даруце, калі ласка; не крыўдуце.
Паляцела Сарока, а Шпачок словы ветлівасці ўсе-ўсе вывучыў, да адзінага, так, як было напісана.
Выйшаў на двор, Варону сустрэў.
-- Добра раніцы, цётка Варона, -- прывітаўся.
Зірнула на яго Варона, адвярнулася і ў лес падалася. Здзівіўся Шпачок: чаму яна яму не адказала?
Крыху пастаяў ён і далей пайшоў. Бачыць: Сініца ляціць.
-- Куды ляціш, Сінічка? -- пацікавіўся.
-- Да сябровак, -- апусціўшыся на зямлю, адказала Сініца.
-- Да скора сустрэчы. Усяго налепшага, -- пажадаў Шпачок.
Са здзіўленнем паглядзела на яго Сініца, галавой пакруціла і далей паляцела.
      "Нібы на дзівака, глядзяць яны на мяне", -- падумаў Шпачок і далей паскакаў. А насустрач Верабей цягнецца, кульгае.
-- Дзядзька Верабей, вам лапка баліць? -- вырашыў паспачуваць Шпачок.
-- Яшчэ як баліць! -- уздыхнуў Верабей. -- У бальніцу іду. У бальніцы мне лапку абавязкова вылечаць.
-- Скора папраўкі, -- пажадаў Шпачок.
А Верабей чамусьці злосна буркнуў:
-- Знайшоўся суцяшальнік!
-- Не крыўдуце, -- збянтэжыўся Шпачок.
-- Смяешся? -- натапырыў пер'е Верабей.
-- Даруце, калі ласка, -- ледзь чутна прамовіў Шпачок.
Верабей штосьці буркнуў у адказ і як мага хутчэй паклыпаў па сцяжынцы.
Разгубіўся Шпачок, не ведае, чаму не разумеюць птушкі яго слоў ветлівасці.
 Можа, вы яму падкажаце?

Непрыемнасці

Сядзіць Жучок за сталом, ліст паперы ў лапах камечыць. Змрочныя думкі яго адольваюць. Зайшоў у дом Шпачок. Ён адразу заўважыў, што ў Жучка непрыемнасці.
-- Сябар, што з табою? Падзяліся сваёю бядою. Магчыма, я тваю бяду адной лапкай развяду.
-- Я з Гусаком паспрачаўся! -- скрывіўся Жучок.
-- Ты прайграў яму? -- устрапянуўся Шпачок.
Жучок нагнуў галаву, каб Шпачок не ўбачыў скупыя мужчынскія слёзы на яго вачах.
-- Пакуль не прайграў, але прайграю. Цэлы тыдзень гусянят з раніцы да вечару буду ахоўваць, калі яго заданне не выканаю.
-- Пакажы гэтае заданне, -- прыўстаў на лапкі Шпачок.
-- Глядзі, мне не шкада. Толькі ведай: і ты яго не выканаеш. -- сказаў Жучок і працягнуў сябру скамечаны ліст паперы.
Шпачок узяў у Жучка ліст і прачытаў:
-- Якія спалучэнні галосных пішуцца нязменна незалежна ад націску? Яны ёсць у словах “фіялка”, “варыянт”, “кліент”, “арыенцір”.
Дапамажыце Жучку, адкажыце на гэтае пытанне.

Прызначэнне літар

-- Учора гаспадынька Насця вучыла тэму "Прызначэнне літар е, ё, ю, я, і", а я ляжаў пад акном і слухаў, -- прыйшоўшы да Шпачка, паведаміў Жучок.
-- Усё запомніў, зразумеў? -- пацікавіўся Шпачок.
Жучок пачухаў лапкай каля вуха і цяжка ўздыхнуў.
-- Зразумеў бы, калі б не Сарока... Перашкаджала, сакатала, слухаць не давала.
Шпачок уважліва паглядзеў на сябра.
-- А ты што рабіў?
-- Брахаў на яе!
Шпачок патрос галавою, выказваючы незадаволенасць.
-- Дык ты, выходзіць, Насцю зусім не слухаў, Сароку палохаў. Так?
--  Мабыць, так, -- заморгаў вачыма Жучок.
Шпачок далей працягвае, Жучка павучае:
-- Ты хацеў і правіла запомніць, і з Сарокай нагуляцца. На дзвюх галінах не ўсядзіш, даражэнькі.
Сабачка зноў цяжка ўздыхнуў.
-- Што ж мне цяпер рабіць? Я хачу ведаць гэтае правіла. Зацікавіла яно мяне. Разумееш?
Шпачок дастаў з партфеля Запіску-"дапамагатку" "Прызначэнне літар е, ё, ю, я, і" і даў яе Жучку, сказаўшы на развітанне:
-- Уважліва прачытай маю Запіску-"дапамагатку". Яна табе ўсё як след растлумачыць.
Разгледзьце Запіску-"дапамагатку"  "Прызначэнне літар е, ё, ю, я, і" і адзначце тыя словы з казкі, у якіх літары е, ё, ю, я, і абазначаюць два гукі.
Е, ё, ю, я, і абазначаюць
пасля зычных адзін гук і мяккасць     у пачатку слова, пасля галосных, пасля мякка-
папярэдняга зычнага.                           га знака, пасля апострафа , пасля ў -- два гукі.

Без падрыхтоўкі

Аднаго дня разышоўся Жучок.
-- Я ўсё ведаю! Я ўсё магу! Любое заданне без падрыхтоўкі магу выканаць! -- заявіў ён Шпачку.
-- Каб выканаць заданне, правіла трэба вывучыць, -- заўважыў Шпачок.
-- Без правіла абыдуся. Няхай правіла певень на сметніку вучыць! -- сказаў Жучок і зарагатаў, задаволены сваім жартам.
Шпачок моўчкі паківаў галавою, сеў за стол і пачаў пісаць, старанна выводзячы літары.
-- Сусед, што ты там так доўга пішаш? -- не выцерпеў Жучок.
-- Заданне табе падрыхтаваў. Зараз пагляджу, як без падрыхтоўкі яго  выканаеш.
-- Адной левай, сусед! -- Жучок наблізіўся да стала, прачытаў на лістку заданне і здзіўлена ўсклікнуў : -- Мне трэба назваць словы са свісцячымі гукамі?!
-- Так, -- прамовіў Шпачок.
Закруціў Жучок хвастом.
-- Першы раз чую, што ёсць свісцячыя гукі!
-- Ты ж хваліўся, што без падрыхтоўкі любое заданне выканаеш, -- напомніў Шпачок.
Сабачка пачырванеў да самых вушэй.
-- Пагарачыўся я... Вось што, братка. Дай мне, калі ласка, падручнік. Я спачатку правіла вывучу, а потым тваё заданне выканаю.
Назавіце свісцячыя гукі.

Шыпячыя

Цёплым летнім вечарам Шпачок патэлефанаваў да Жучка, свежымі навінамі хацеў з ім падзяліцца. Ды не тут тое было. Апярэдзіў яго Жучок:
-- Слухай! У сваёй паштовай скрынцы я знайшоў запіску.
-- Дапамагатку? -- вырашыў удакладніць Шпачок.
-- Незвычайную дапамагатку! У ёй паведамляецца, што з вучэбнага дапаможніка “Беларуская мова” ўцяклі шыпячыя гукі. Той, хто іх знойдзе, атрымае вялікую ўзнагароду!
-- Ого! -- вырвалася ў Шпачка.
-- Гэтыя гукі ёсць у словах "жук", "шар", -- дзеліцца сваёй інфармацыяй Жучок.
-- Толькі ў гэтых словах? -- пацікавіўся Шпачок.
-- Такі гук ёсць і ў слове "пчала", -- адказаў Жучок.
-- Ты лічыш, што гэта гукі... -- пачаў Шпачок
-- [Ж], [ш], [ч], -- перапыніў Шпачка сабачка. -- Пойдзем іх шукаць?
Прамаўчаў Шпачок.
-- Табе вялікая ўзнагарода не патрэбна? -- не вытрываў, абурыўся Жучок.
-- Мне здаецца, не ўсе шыпячыя гукі ты назваў, -- заўважыў Шпачок.
Які шыпячы гук не назваў Жучок? Ён ёсць у слове “джала”.

З двух дубчыкаў

Аднойчы Шпачок падляцеў да Сарокі і працягнуў ёй два дубчыкі?
-- Вазьмі, калі ласка.
-- Падарунак мне прынёс? – усміхнулася Сарока.
-- Паспрабуй з гэтых дубчыкаў скласці літары! – растлумачыў сяброўцы Шпачок і, крыху памаўчаўшы, дадаў: -- Калі складзеш, то малайчынкай назаву цябе.
Якія літары можна скласці з двух дубчыкаў?

Словы і цаглінкі

Аднаго разу, сустрэўшыся з Сарокай, Шпачок сказаў:
-- Я чуў ад Дзятла, што ўсе словы падобны на цаглінкі. Як гэта зразумець?
Сарока паказала на  шматпавярховы  дом, які ўзвышаўся непадалёку.
-- З чаго пабудаваны гэты дом?
-- З цаглінак.
-- Там шмат цаглінак?
-- Шмат. Да ночы не палічыш.
-- Словы таксама падобны на цаглінкі. Іх таксама вельмі шмат у мове.
Шпачок акінуў поглядам шматпавярховік.
-- З цаглінак можна пабудаваць прыгожы дом. А са слоў што пабудуеш?
-- Словазлучэнні, прыгожыя сказы, з дапамогай якіх кожны з нас можа перадаць свае думкі, пачуцці.
-- Не толькі перадаць, але і запытацца, як я ў цябе цяпер пытаўся! -- падхапіў Шпачок.
З дадзеных слоў пабудуйце скорагаворку: і, Рома, раніцай, прывезлі, Рыта, рабіну.
Скорагаворка: Рыта і Рома раніцай прывезлі рабіну.

Здагадаўся

Шпачок і Сарока сядзелі ў траве, атуленай клёнамі.
-- Я чуў, што кожнае слова мае сваё лексічнае значэнне, -- падаў голас Шпачок. -- А што гэта такое?
-- Лексічнае значэнне -- гэта тое, што слова абазначае, называючы што-небудзь. Напрыклад, духмяны, -- сказала Сарока.
-- Духмяны -- значыць пахучы. Пахучы хлеб! -- усклікнуў Шпачок. -- Сарока-белабока, я здагадаўся! Каб раскрыць значэнне слова, можна падабраць блізкія па значэнні словы. Не ўсе ведаюць, што такое яліна. А калі скажаш елка, то адразу зразумеюць.
Падбярыце блізкія па значэнні словы да слоў "аранжавы", "ліловы".

Барвовы, пурпуровы...

Неяк запытаўся Шпачок у Сарокі:
-- Як можна раскрыць лексічнае значэнне слова "барвовы"?
Сарока крыху падумала і адказала:
-- Лексічныя значэнні слоў звычайна раскрываюцца з дапамогай аднакаранёвых слоў.
-- Спрабаваў, але ў мяне не атрымліваецца, -- развёў лапамі Шпачок.
-- А вытлумачыць праз родавае паняцце спрабаваў?
-- Не атрымліваецца! -- усклікнуў Шпачок.
-- Тады паспрабуй падабраць блізкія па значэнні словы. Напрыклад, "пурпуровы", -- параіла Сарока.
-- Я здагадаўся! -- зноў усклікнуў Шпачок. -- Да слоў "барвовы", "пурпуровы" можна падабраць блізкае па значэнні слова "чырвоны". Дзякую табе за падказку, Сарока!
∙ З дапамогай блізкіх па значэнні слоў раскрыйце лексічнае значэнне слова "самотны".

Загадка, вулей і вецер

Сарока прысела ў густой зялёнай траве і задрамала. Але Шпачок не даў ёй паспаць.
-- Сарока-белабока, я цяпер падумаў, што лексічнае значэнне слова можа раскрыць і загадка. Так?
-- Так. Загадкі -- гэта таксама тлумачэнні слоў, толькі вобразныя, -- адказала Сарока і адразу ж загадала Шпачку загадку:
-- У адным доме сотні жыхароў, а сям'я адна. (З народнага.)                           
-- Гэта вулей, -- адгадаў Шпачок  і Сароцы задаў загадку:
-- Ляціць, а не птушка, вые, а не звер. (З народнага.)                
-- Вецер, -- сказала Сарока і зноў задрамала.
-- Сарока-белабока, па- мойму, ёсць слова "лексіка". Што яно азначае? -- разбудзіў сяброўку Шпачок.
-- Гэта ўсе словы мовы, яны ўтвараюць яе слоўнікавы склад, альбо лексіку, -- па-вучонаму растлумачыла Сарока.
-- Выходзіць, лексіка -- гэта ўсе словы мовы, у тым ліку і нашы, якімі цяпер карыстаемся? -- усё-ўсё хочацца ведаць Шпачку.
-- Усе да аднаго.
-- Акрамя цябе і падручніка беларускай мовы, хто яшчэ зможа растлумачыць лексічнае значэнне слова?
-- Тлумачальны слоўнік. У ім сабрана шмат слоў!
-- Ён, напэўна, тоўсты?
-- Вельмі тоўсты! -- сказала Сарока.
З дапамогай тлумачальнага слоўніка растлумачце лексічнае значэнне слова "загадкавы".
Загадкавы – незразумелы, непазнаны, таямнічы.

Плакса

Выйшла Сарока на двор і бачыць: Шпачок сядзіць на лавачцы і лапкай старанна слёзкі выцірае.
-- Хто цябе пакрыўдзіў, сусед? -- усклікнула Сарока.
Убачыўшы сяброўку, Шпачок мацней заплакаў.
 -- Пчала пакрыўдзіла! Я за ёю лятаў, лятаў, даганяў, даганяў, а яна гудзела, гудзела, кружылася, кружылася, а затым апусцілася і ў правую лапку ўджаліла.
-- Напэўна, моцна баліць табе лапка! -- паспачувала Сарока.
-- Яшчэ як! -- Шпачок устаў з лавачкі і прайшоўся, кульгаючы, каб паказаць суседцы, як пацярпеў ён ад пчалы.
-- Джала ты выцягнуў? -- запыталася Сарока.
-- Ыгы! -- усхліпнуў Шпачок. -- Дзюбкаю выцягнуў.
-- Дык не плач. Калі будзеш плакаць, цябе будуць называць...
Сарока замаўчала. Ёй не хацелася крыўдзіць сябра, вымаўляць абразлівае слова.
-- Як мяне будуць называць? -- вырашыў удакладніць Шпачок. Уважліва глядзіць на Сароку, з нецярпеннем адказу чакае.
Сарока цяжка ўздыхнула і прагаварыла:
-- Плаксам цябе будуць называць.
Шпачок тупнуў  правай лапкай і ўсміхнуўся.
-- А мне ўжо не баліць!
Растлумачце лексічнае значэнне слова "плакса".

Каравай

-- Сарока-белабока, -- звярнуўся да суседкі Шпачок, -- паслухай, што скажу.
-- Калі ласка,  -- падрыхтавалася слухаць Сарока.
-- Учора Варона з суседняй вёскі прыляцела, на слуп села і паўдня пракаркала: "Каравай! Каравай!"
-- Няхай каркае на здароўе. Хто як умее, так і спявае.
-- Няхай, -- пагадзіўся Шпачок. -- Але мяне вельмі зацікавіла гэтае слова -- "каравай". Ты не магла б сказаць, што яно абазначае?
-- Чаму ж не! -- прамовіла Сарока.
А вы змаглі б растлумачыць значэнне слова "каравай"?

Скарб

Прыйшоў Шпачок да Жучка ў госці, а той за сталом сядзіць, на аркуш паперы глядзіць, хмурыцца.
-- Мабыць, нейкай важнай справай ты цяпер заняты? -- нясмела пачаў Шпачок.
Цяжка ўздыхнуў сабачка.
-- Заданне не магу выканаць, мучэнне дый годзе!
-- Па матэматыцы? -- вырашыў удакладніць у яго сусед.
-- Ды не! Па беларускай мове. Не ведаю, як растлумачыць значэнне слова "скарб" -- ціха прамовіў Жучок і апусціў чорную касматую галаву.
Шпачок прымасціўся побач з сябрам.
-- Не бядуй так моцна. Зараз я табе дапамагу.
Жучок ажывіўся, падняў галаву.
-- Лічыш, што мы растлумачым значэнне слова "скарб"?
-- Абавязкова растлумачым! -- упэўнена сказаў Шпачок.
Дапамажыце Жучку, растлумачце значэнне слова "скарб".

Публіцыстыка

-- Братка, растлумач мне, калі ласка, значэнне слова "публіцыстыка", -- аднаго разу папрасіў Шпачка сабачка Жучок.
Задумаўся Шпачок. Нялёгка растлумачыць лексічнае значэнне слова "публіцыстыка". Невядома, ці зразумее яго сусед.
-- Растлумачыш? -- з надзеяй паглядзеў на сябра Жучок.
-- Публіцыстыка -- гэта літаратура па грамадска-палітычных пытаннях, -- па-вучонаму пачаў Шпачок.
Стаіць Жучок, моргае бусінкамі-вачыма.
-- Не зразумеў! -- уздыхнуў Шпачок. -- Ёсць слова "публіка". Чуў такое?
-- Чуў. Публіка -- гэта, гэта...
-- Па-іншаму, гэта людзі, -- падказаў Шпачок.
-- Цяпер я зразумеў, -- сказаў Жучок. -- Публіцыстыка адрасавана грамадству, публіцы, людзям.
-- Праверце па слоўніку, ці правільна растлумачылі казачныя героі лексічнае значэнне слова "публіцыстыка"? Якім слоўнікам вы будзеце карыстацца?

Кампазітар і кампазіцыя

-- А я ведаю!.. -- неяк пахваліўся Жучок Шпачку.
-- Што ты ведаеш? -- зацікавіўся Шпачок.
-- Адно цікавае слова ведаю. Ведаю яго значэнне! -- задаволены пачаткам размовы, Жучок перакуліўся ў густой зялёнай траве, якая пахла летам.
-- Назаві мне гэтае слова. Хутчэй! -- Шпачок у нецярпенні пераступіў з лапкі на лапку.
-- Калі ласка. Ты можаш яго запісаць, свой слоўнік папоўніш. Гэта слова "кампазіцыя", -- паведаміў Жучок.
-- Кампазіцыя? -- са здзіўленнем паўтарыў Шпачок.
Сабачка звысоку паглядзеў на Шпачка.
-- Уважліва слухай і запамінай. Кампазіцыя -- тое ж самае, што і кампазітар. Ведаеш, хто такі кампазітар?
-- Ведаю! Кампазітар складае музыку, як наш сусед Салавей. Але мне здаецца, што кампазітар і кампазіцыя не адно і тое ж, -- нахмурыўся Шпачок.
-- А я табе адказна заяўляю, што гэта адно і тое ж. Кампазіцыя і кампазітар -- словы-сінонімы! -- усклікнуў Жучок.
Вы згодны з Жучком? Растлумачце значэнні слоў "кампазітар" і "кампазіцыя".

Лесвіца

Сядзелі ў хаце Сарока і Шпачок. Надакучыла ім проста так сядзець. Сарока ўзяла ліст паперы і напісала слова "бал". (Як адзінка вымярэння: вецер у пяць балаў і як лікавая ацэнка поспехаў: знізіць адзнаку на бал.)
Паказала яго Шпачку дый кажа:
-- Давай лесвіцу пабудуем.
-- Драўляную? -- запытаўся Шпачок.
-- Не. Давай пабудуем лесвіцу са слоў.
-- Хіба ёсць такія лесвіцы? -- здзівіўся Шпачок.
-- Пад першым словам з трох літар спачатку напішам мнагазначнае слова, якое складаецца з чатырох літар, потым мнагазначнае слова з пяці літар, -- стала тлумачыць Сарока, пішучы патрэбныя словы.
-- Пасля з шасці, сямі? -- здагадаўся Шпачок і, каб не адстаць ад Сарокі, напісаў слова "век".
 -- Правільна! -- кіўнула галавою Сарока. -- Усе гэтыя словы павінны быць мнагазначнымі.
-- Ты будзеш запісваць свае мнагазначныя словы, а я -- свае? -- удакладніў Шпачок.
-- Вядома. Кожнаму сваю лесвіцу трэба будаваць. Хто пабудуе самую вялікую, той і выйграе.
Пачалі Сарока і Шпачок мнагазначныя словы запісваць, свае лесвіцы будаваць.
У Сарокі выйшла вось якая лесвіца:
       Бал (лікавая ацэнка поспехаў і адзінка вымярэння сілы якой-небудзь з'явы).
       Конь (жывёла і спартыўны снарад).
       Байка (вершаваны твор і ў гутарковай мове выдумка, небыліца).
       Балкон (пляцоўка з поручнямі і месцы для гледачоў у тэатры).
       Валынка ( народны музычны інструмент і важданіна, зацягванне справы).
А ў Шпачка такая:
       Век ( прамежак часу ў сто гадоў і вельмі доўгі час: не бачыліся цэлы век).
       Баль (вялікі танцавальны вечар і багаты званы абед).
       Банан (расліна і плод).
       Басейн (штучны вадаём і тэрыторыя, напрыклад, ракі з усімі яе прытокамі).
Хацелі яшчэ прыступкі-словы будаваць, ды Сініца прыляцела, на двор паклікала. Так і пакінулі. У Сарокі лесвіца выйшла даўжэйшая: пяць слоў -- пяць прыступак. А ў Шпачка толькі чатыры словы, чатыры прыступкі.
Хто прыдумае апошняе мнагазначнае слова-прыступку для лесвіцы Шпачка, каб яна не была карацейшая за лесвіцу Сарокі?

Калыханка і...

Выйшла Сарока на двор і бачыць: Шпачок ляжыць пад кусцікам. Вочы заплюшчыў і спявае:
Люлі-люлі, люляшу,
                                                      Я сабачку калышу,
                                                      Нітачку звіваю,
                                                      Песеньку спяваю.
                                                      Што выведу нітку --
                                                      Камару на світку,
                                                      Астануцца кончыкі
                                                      Камару на штончыкі.
                                                                     З народнага.
Сарока гучна засакатала: маўляў, ведай, Шпачок, ты тут не адзін.
Шпачок расплюшчыў вочы, на суседку глядзіць незадаволена.
-- Адпачываеш? -- не вытрывала, пацікавілася Сарока.
-- Сам сабе калыханку спяваю, каб заснуць хутчэй, -- паведаміў Шпачок.
Сарока ад неспадзеўкі аж галавою страсянула. Не чакала яна гэткага адказу.
-- Хіба забаронена самому сабе калыханку спяваць? -- з выклікам прамовіў Шпачок.
-- Лічу, што можна, не забаронена, -- адказала Сарока, сама сабе ўсміхнуўшыся.
Шпачок устаў з-пад кусціка, соладка пазяхнуў і прагаварыў:
-- Я не толькі спяваў, але і думаў.
-- Цікава! -- вырвалася ў Сарокі.
-- Яшчэ як цікава! -- Шпачок няспешна прайшоўся перад Сарокай і заявіў. -- У гэтай калыханцы ёсць слова з пераносным значэннем "спяваю". Сам пра гэта здагадаўся, дадумаўся!
Ці згодны вы са Шпачком? У якім значэнні ўжываецца ў калыханцы слова "спяваю"?
Назавіце ў калыханцы слова з пераносным значэннем. 
Падбярыце блізкае па значэнні слова да выразу "выведу нітку".

Успамін

Неяк сустрэліся Шпачок і Сарока і сталі расказваць розныя гісторыі са свайго жыцця.
-- Калі я была маленькая... -- пачала Сарока.
-- Невялікая, -- паправіў яе Шпачок.
Сарока скоса паглядзела на сябра і цвёрда паўтарыла:
-- Маленькая!
-- Невялікая! -- вырашыў не здавацца Шпачок.
"Зараз мы ні за што паспрачаемся. А спрэчка часта сваркай заканчваецца", -- падумала Сарока і вырашыла ўважыць суседа.
-- Няхай будзе па-твойму. Невялікая, маленькая... Розніца невялікая.
Шпачок з павагай паглядзеў на суседку.
-- Я слухаю цябе, Сарока-белабока.
Сарока паглядзела ўдалячынь і ўздыхнула.
-- Я помню, вельмі добра помню, цудоўна помню, як мама мяне калыхала і спявала прыгожыя песенькі.
Расчулены Шпачок з захапленнем паглядзеў на сяброўку. У яго нават слёзкі на вачах выступілі.
-- А тата не дапамагаў тваёй маме даглядаць  цябе?
-- Тата вельмі часта мяне люляў! -- у задуменні прамовіла Сарока.
-- А старэйшы брацік? -- ціха запытаўся Шпачок.
-- І брацік дапамагаў, гушкаў, -- паведаміла Сарока.
Назавіце блізкія па значэнні словы, выкарыстаныя ў казцы.

Бегемоты...

Выслухаўшы Сароку, Шпачок сваю гісторыю вырашыў ёй расказаць. Ды такую, каб не толькі  за душу ўзяло, але і моцна здзівіла.
-- А мой тата, -- сказаў ён, --  у Афрыку лятаў!
-- На чым? -- не зразумела Сарока.
-- На крылах, вядома!
-- Афрыка так далёка! -- пакачала галавою Сарока.
-- Вядома, яна няблізка. Ведаеш, што ён бачыў у Афрыцы?
-- Што? -- разгубілася Сарока. Ва ўсе вочы глядзіць на Шпачка. Не ведае, верыць яму ці не верыць.
-- Папугайчыкаў бачыў. Яны бываюць і маленькія, і вялікія, але ўсе чамусьці стракатыя. Не верыш?
Сарока пакруціла галавою, паглядзеўшы на сваё стракатае ўбранне.
-- Веру.
-- А яшчэ ў Афрыцы ў рэках водзяцца вялікія пражэрлівыя кракадзілы. Верыш?
-- Веру, -- прамовіла Сарока. Канешне, яна таксама нешта чула пра жыццё ў Афрыцы ад бывалых пералётных птушак.
-- Побач з кракадзіламі жывуць бегемоты і гіпапатамы. Верыш?
-- Не веру! -- усклікнула Сарока.
Чаму Сарока не паверыла Шпачку? Не здагадаліся?

"Пераблытаныя" словы

Прыйшла Сарока да Шпачка, а той сядзіць за сталом, касматую галаву павесіўшы. На падлозе ляжаць параскіданыя лісткі з напісанымі на іх словамі.
-- Што здарылася, сусед? -- занепакоілася Сарока.
-- На гэтых лістках, -- паказаў Шпачок на параскіданыя лісткі, -- дзяўчынка Насця  сінонімы напісала і на стале параскладвала, каб я запомніў іх, вывучыў. Калі яна пайшла дамоў, праз адчыненае акно гарэза-вецер уляцеў і параскідаў лісткі, пераблытаў.
-- Давай збяром іх, -- прапанавала Сарока.
-- Давай! -- уздыхнуў Шпачок.
Сарока і Шпачок сабралі лісткі са словамі, усе разам паклалі на стол, сядзяць, уздыхаюць: не ведаюць, у якім парадку раскладваць іх.
-- Дапамажыце Сароцы і Шпачку, назавіце сінонімы. Вось гэтыя "пераблытаныя" словы: даўні,  балець, глядзець, бясстрашны, незапамятны, смылець, паглядаць, смелы, азбука, старажытны, шчымець, цікаваць, алфавіт.

Гульня са словамі

У лясок да Шпачка прыбег сабака Жучок і прапанаваў:
-- Давай у футбол пагуляем!
            Жучок падскочыў высока ўгору і адчайна забрахаў, каб паказаць Шпачку, які вялікі ён футбаліст.
            -- Я не супраць, пагуляў бы з табою, але ў нас няма мяча, -- адказаў Шпачок.
            -- А мы шышку сарвем і шышкай пагуляем. -- Жучок зноў падскочыў угору, імкнучыся сарваць яловую шышку.
            -- Не трэба, не! -- спыніў яго Шпачок. -- Шышка калючая.
            -- Дык што? Цэлы дзень будзем сядзець і на сонца глядзець? -- спахмурнеў Жучок.
            -- Іншую гульню можна прыдумаць, -- сказаў Шпачок. Ён толькі што вярнуўся ад Сарокі, разам з ёю чытаў падручнік беларускай мовы і цяпер, як гаворыцца, вырашыў паказаць сябе.
            -- Што ж ты прыдумаў? -- ажывіўся Жучок.
             -- Загадкі будзем адгадваць.
             Жучок завіляў хвастом, быццам гаспадара ўбачыў.
            --  Я слухаю цябе, Шпачок.
            -- Летам шэры, а зімою белы. Хто гэта?
            -- Летам... Зімою... Я дзесьці чуў такія словы... Якое ж у іх значэнне?.. Круціцца ў галаве, а не ўспомню, -- думаючы, аж затрос доўгімі абвіслымі вушамі Жучок.
            -- Яны з процілеглым значэннем, -- не вытрываў, падказаў Шпачок.
            -- Ага, з процілеглым, як яшчэ і тыя...Тыя... Дай успомніць!..
-- Ты адгадаў маю загадку? -- не сцярпеў, запытаўся ў Жучка  Шпачок.
            Сабачка выцер лапай узмакрэлы лоб.
            -- Здаецца, адгадаў...  Гэта заяц… Шпачок, якую-небудзь лягчэйшую гульню мне прапануй.
            -- Можна і лягчэйшую. Давай падбіраць антонімы.
            -- Якія антонімы? Дзе падбіраць?
            -- Тут! Словы з процілеглым значэннем! Мы ўжо ўспаміналі пра іх! Летам -- зімою.
            -- А, словы! Ты першы называй.
            -- Белы, -- назваў слова Шпачок.
            -- Чорны! --  адразу ж падабраў да яго антонім  Жучок.
            Паўдзельнічайце ў гульні разам з казачнымі героямі: да двух сінонімаў падбярыце адзін антонім.
Узор. Сябар, прыяцель -- вораг.

Не пагадзіўся

Цёплым летнім днём на лавачцы сядзелі сябры-суседзі Шпачок і Жучок.
-- Дамоў пойдзем, разляцімся? -- пацікавіўся ў Жучка Шпачок.
-- Давай пагуляем. Усё роўна да вечара далёка, -- сказаў сабачка.
Шпачок дастаў з блішчастай папкі белы ліст паперы і прапанаваў Жучку:
-- Спішы прыказкі, устаўляючы словы-антонімы, якія адпавядаюць сэнсу.
Жучок глянуў на лісток і пазяхнуў, шырока адкрыўшы рот.
-- Іх тут так шмат, а мне ўжо спаць захацелася!
-- Не будзеш пісаць!? -- усклікнуў Шпачок.
-- Не, -- адказаў Жучок і павалокся ў будку.
Выканайце заданне Шпачка, устаўце прапушчаныя антонімы, якія адпавядаюць сэнсу.
Добрае чуваць далёка, а ... яшчэ далей. Хто ліхога не бачыў, той ... шанаваць не ўмее. Аднаму шчасце ракою плыве, а другі ў ... цэлы век жыве. Перш чым зайсці, падумай, як ... . Разумны вініць заўсёды сябе, а ... -- свайго таварыша.

Якое слова з'яўляецца ўстарэлым?

Прыйшлі ў хату Жучок і Шпачок і бачаць: на стале аркуш паперы ляжыць.
-- Дамавічок пакінуў! -- паказаўшы на аркуш, сказаў Жучок.
-- Што ж ён піша нам? -- усклікнуў Шпачок.
Сябры падбеглі да стала.
-- У жыцці народа на працягу шматгадовай яго гісторыі адбываюцца розныя змены, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў лексіцы. З цягам часу выходзяць з ужытку асобныя прылады працы, прадметы побыту. Як вынік гэтага, такія словы перастаюць выкарыстоўвацца і паступова старэюць, забываюцца іх назвы, -- прачытаў Шпачок на аркушы.
-- Але, -- кіўнуў галавою Жучок. -- Такія словы называюцца ўстарэлымі.
Шпачок далей старанна чытае:
-- Саха, плуг. Якое з гэтых слоў з'яўляецца ўстарэлым?
-- Канешне, саха! Выйшла з ужытку такая прылада праца. Яе цяпер толькі ў музеі можна ўбачыць! -- упэўнена заявіў Жучок.
-- Так, -- кіўнуў галавою Шпачок і зноў чытае. -- Ступа, каструля. Якое з гэтых слоў з'яўляецца ўстарэлым?
-- Ступа! -- здагадаўся Жучок. -- Выйшаў з ужытку такі прадмет быту.
-- Меч, кулямёт. Якое з гэтых слоў з'яўляецца ўстарэлым? -- чытае, не дае сумаваць сябру Шпачок.
-- Меч, вядома ж! Выйшаў з ужытку такі від зброі, -- усміхнуўся Жучок, задаволены сабою.
-- У пачатку дваццатага стагоддзя ўжывалася слова "лятун", якое пазней было заменена словам "лётчык". Якое з іх з'яўляецца ўстарэлым? -- прачытаў Шпачок.
Задумаўся Жучок, не ведае, як адказаць. Дапамажыце яму, сябры.
 Лятун, лётчык. Якое з гэтых слоў з'яўляецца ўстарэлым і чаму?

Пакрыўдзіўся

Неяк Шпачок сустрэў Сароку і прызнаўся ёй:
-- Сарока-белабока, я зайздрошчу табе. Ты так шмат ведаеш!
Сарока задрала галаву.
-- Але. На валовай скуры не спішаш.
Шпачку здалося, што не расслухаў.
-- Паўтары, калі ласка, -- папрасіў ён.
-- Шпачок, ты, відаць, на вераб'іным харчы сядзіш. Вунь як зблажэў, схуднеў, -- усміхнулася хітрая Сарока.
-- Я не схуднеў. Я кожны дзень як след харчуюся, -- пакрыўдзіўся Шпачок.
-- Эх ты! Паказаць, дзе ўюны зімуюць? -- напалохала суседа Сарока.
Шпачок натапырыў пер'е.
-- Сам ведаю, дзе ўюны зімуюць: і ў рэчках, і ў азёрах, і ў сажалках!
Сарока вільнула хвастом.
-- На грош не веру!
Не разумее Шпачок, што суседка знарок з яго пацяшаецца. Усё больш крыўдзіцца і злуецца ён:
-- Не хачу размаўляць з табою, Сарока-белабока! Ты нядобрая.
-- Чаму ты такі злосны? -- сакоча, не спыняецца Сарока. -- Надзьмуўся, як мыш на крупы.
-- Я не мыш. Я птушка! -- абурыўся Шпачок.
Сарока нарэшце пашкадавала Шпачка і стала тлумачыць яму:
-- Не крыўдуй. Я цябе на кручок узяла. Размаўляючы, фразеалагізмы ўжывала. Трэба ведаць, што ў мове ёсць словазлучэнні, якія трапна і вобразна называюць якую-небудзь з'яву, падзею ці асобу, напрыклад: задзіраць нос -- зазнавацца, фанабэрыцца, задавацца. Такія словазлучэнні называюцца ўстойлівымі словазлучэннямі, або фразеалагізмамі.
-- Ты сапраўды на кручок мяне ўзяла! -- уздыхнуўшы, прамовіў Шпачок.
Назавіце некалькі фразеалагізмаў.

З чатырох дубчыкаў

-- Давай будзем складаць літары, -- аднаго разу прапанаваў Шпачок Сароцы.
-- З чаго? – усклікнула Сарока.
Шпачок  працягнуў Сароцы чатыры дубчыкі і сказаў:
-- З дубчыкаў!
Сарока паглядзела на дубчыкі і зноў усклікнула:
-- Цікавае заданне прыдумаў ты, Шпачок!
Якія літары можна скласці з чатырох дубчыкаў?

Словазлучэнне

На траўцы пад кучаравай вішанькай сядзелі Шпачок і Сарока.
-- Сарока-белабока, а я ўжо вялікі вырас! -- першым распачаў гаворку Шпачок.
-- Дакажы! -- устрапянулася Сарока. -- Скажы мне!.. Ну, скажы!.. Што такое словазлучэнне?
Сарока нездарма запыталася пра словазлучэнне. Гэтую тэму яна назубок вывучыла.
Шпачок ускочыў і радасна ўсклікнуў:
  Словазлучэнне -- гэта...
  Што такое словазлучэнне? Назавіце словазлучэнні ў казцы.

Даказаў?

Сарока дастала з партфеля ручку, ліст паперы і напісала на ім словазлучэнне "будаўнічы кран".
Шпачок выцягнуўся на лапках, паглядзеў на ліст і сказаў:
-- Што ты яшчэ прыдумала?                            
-- Конкурс прыдумала. Са словазлучэннем "будаўнічы кран" будзем складаць сказы.
-- Я ўжо склаў, -- пахваліўся Шпачок. -- З будаўнічага крана цячэ цёплая вада.
-- З якога крана? -- здзівілася Сарока.
Шпачок зразумеў, што памыліўся, але не захацеў  прызнавацца.
-- Я сам бачыў, як адна дзяўчынка на кухні кран адкрывала і талеркі  мыла вадой. З крана цякла цёплая вада.
-- Цякла, але не з таго крана! -- усклікнула  Сарока.
Шпачок натапырыўся, як вожык.
-- Я даказаў табе, што вада цякла з крана? Даказаў! Значыць, я перамог у конкурсе.
Чыё разважанне правільнае: Шпачка ці Сарокі? Складзіце сказ са словазлучэннем "будаўнічы кран".

Дзе сказ?

Неяк Шпачок сустрэў Сароку і прызнаўся ёй:
-- Сарока-белабока,  зайздрошчу табе. Ты так шмат ведаеш!
Сарока задрала галаву.
-- Але, нямала!
Шпачок апусціў галоўку.
-- А я думаю і не магу дадумацца!..
-- Магчыма,  дапамагу табе... -- усміхнулася Сарока.
Шпачок з надзеяй паглядзеў на суседку і вострай хваёвай іголкай напісаў на мокрым пасля дажджу пяску:
трава      кропля
раса              блішчалі 
зялёная             на
А крыху ніжэй так.
На зялёнай траве блішчалі кроплі расы.
Сарока ўважліва паглядзела на Шпачка, чакаючы ад яго далейшага тлумачэння. 
-- Дзе тут  асобныя словы, а дзе -- сказ? -- у роспачы ўсклікнуў Шпачок, тыцнуўшы хваёвай іголкай у напісанае.
-- Ведайце, Шпачок! -- на "вы" звярнулася да Шпачка Сарока. -- Сказ выражае закончаную думку і складаецца са слоў, якія звязаны паміж сабой па сэнсе.
-- І гэта ўсё? -- раскрыў дзюбку Шпачок.
Як патрабавальная настаўніца, Сарока строга паглядзела на Шпачка.
-- Не ўсё. Кожны сказ мае свае межы. Пры размове ці чытанні яны вызначаюцца інтанацыяй. У канцы сказа мы звычайна паніжаем голас і спыняемся. На пісьме сказы аддзяляюцца адзін ад аднаго знакамі прыпынку: кропкай, клічнікам або пытальнікам. Выбар знака прыпынку залежыць ад сэнсу сказа і інтанацыі.
Шпачок з нецярпеннем пераступіў з лапкі на лапку.
-- Усё?
-- Запомніце, Шпачок! Першае слова ў сказе з'яўляецца яго пачаткам і пішацца з вялікай літары, -- сказала Сарока.
-- Я здагадаўся! -- уклікнуў Шпачок. Мой сказ пачынаецца са слова...
З якога слова пачынаецца сказ Шпачка? Назавіце гэты сказ. Вызначце яго від.

Апавядальны сказ

Аднаго разу лясная гарэза Сарока ўбачыла суседа Шпачка, які сядзеў на пяньку і ўважліва глядзеў на ліст паперы.
Узрадавалася Сарока: ёй вельмі хацелася паказаць каму-небудзь свой падарунак – вучэбны дапаможнік “Беларуская мова”, які падарыў ёй казачны герой Тэкст.
Падскочыўшы да Шпачка, Сарока застракатала:
-- А ў мяне ёсць вучэбны дапаможнік! Мне яго падарыў мой найлепшы настаўнік Тэкст. Падарыў не проста так, а за кемлівасць і старанне.
Шпачок уздрыгнуў ад неспадзеўкі, зірнуў на суседку і не сцярпеў, сваёй бядой падзяліўся:
-- Хутка ў нашым ляску адбудзецца святочны канцэрт. Я папрасіў свайго сваяка вядомага паэта Салаўя, каб верш мне прыслаў. Музыку да яго хачу напісаць. Салавей штосьці прыслаў, але на верш гэта зусім не падобна. Адна блытаніна. Зірні, Сарока-белабока.
Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і ўбачыла напісаныя на ім словы: кропелька, неба, з, упала; вішаньцы, і, заззяла, на.
-- Блытаніна? -- падаў голас Шпачок.
-- Я так не сказала б, -- прамовіла Сарока. -- Тут напісаны словы, з якіх трэба скласці сказы. Калі правільна складзеш іх, то выйдзе верш. Ведаеш, што такое сказ?
-- Не ведаю, -- апусціў дзюбку Шпачок.
-- А я ведаю! Я ўжо вывучыла! -- пахвалілася Сарока. --  Сказ --  гэта слова або некалькі слоў, якія звязаны па сэнсе і выражаюць закончаную думку. Зразумеў?
-- Зразумеў! Калі я скажу проста Сарока, то гэта будзе слова. А калі скажу Сарока гучна застракатала, то гэта будзе сказ, -- скоса глянуў на суседку Шпачок. Ён не забыўся, як яна напалохала яго, гучна застракатаўшы.
-- Не зусім добры сказ у цябе выйшаў! -- натапырылася Сарока. -- Можна скласці па-іншаму. Сарока прыгожа застракатала.
-- Я не супраць, -- пагадзіўся Шпачок. -- Давай цяпер з тых слоў паспрабуем скласці сказ. Можа, верш у нас выйдзе.
-- Думаю, што выйдзе, -- павесялела Сарока. -- Па мойму, трэба пачаць так. З неба кропелька ўпала...
-- І на вішаньцы заззяла, -- падхапіў Шпачок.
-- Гэты сказ апавядальны, -- паведаміла Сарока.
-- Чаму? -- запытаўся Шпачок.
-- З дапамогай апавядальных сказаў паведамляецца пра падзеі, думкі і пачуцці.  У канцы апавядальных сказаў звычайна ставіцца кропка. А тут таксама паведамляецца.
Складзіце свае апавядальныя сказы.

Трава

Шпачку таксама захацелася сябе паказаць. Ён шчоўкнуў дзюбай і запытаўся ў Сарокі:
-- Якая бывае трава?
Сарока паглядзела на сябра як на дзівака.
-- Вядома, якая. Зялёная.
Шпачок  важна прайшоўся перад Сарокай і сказаў:
-- Трава бывае не толькі зялёная, але і светлая, цёмная, шэрая.
 Як вядома, трава ўвесну, увосень бывае пажухлая, кволая. Калі адзначаем месца, адкуль яна, бывае лугавая, балотная, лясная, прыдарожная. Калі адчуваем яе навобмацак, бывае калючая, сухая, вільготная. Калі спрабуем на смак, бывае гаркавая, кіславатая. Калі бачым рух, бывае хвалістая, палеглая. Калі чуем яе, шапатлівая. Калі бачым яе форму, бывае карункавая, вострая. Калі пытаемся пра яе велічыню, бывае вялікая, малая.
  Складзіце апавядальны сказ са словам, якое характарызуе траву.

Зацікавіўся

Каб насіць падручнік беларускай мовы, які ёй падарыла Тэма, Сарока набыла прыгожы рознакаляровы партфель з блішчастымі металічнымі заклёпкамі.
Прыляцела яна да Шпачка, каб абновай пахваліцца.
-- Добры дзень! -- гучна прывіталася.
А Шпачок сядзіць на пяньку, галаву ў пер'е схаваў, не азываецца.
Сарока зняла партфель са спіны, на відным месцы, каля пянька, паставіла. Няхай бачыць яго Шпачок.
-- Што з табою, шаноўны? Чаму ты такі задуменны?
-- Эх! -- цяжка ўздыхнуў Шпачок.
"Ён, мабыць, з суседзямі пасварыўся. Магчыма, з калючым Вожыкам. Магчыма, з гарэзлівым Зайчыкам. Цяжка яму цяпер. Трэба яго разварушыць, раскатурхаць, каб выкінуў з галавы благія думкі", -- вырашыла Сарока і, дастаўшы з партфеля падручнік, пахвалілася:
-- А я нядаўна вывучыла правіла "Змест і інтанацыя пытальных сказаў". Даволі-такі цікавае правіла. Ты ведаеш, якія сказы з'яўляюцца пытальнымі?
-- Не! -- буркнуў Шпачок.
"Яшчэ не раскатурхала я яго", -- падумала Сарока і запыталася:
-- А што заключаецца ў пытальных сказах? Як ты лічыш?
-- Раз яны пытальныя, то лічу, што заключаецца пытанне, -- нехаця разважыў Шпачок.
-- Разумна сказана! -- пахваліла сябра Сарока.
Шпачок павесялеў.
-- Яшчэ пытайся. Я пастараюся, адкажу!
Сарока падскочыла, наблізілася да Шпачка.
-- Які знак прыпынку трэба паставіць у канцы пытальнага сказа? Га?
 Шпачок даў правільны адказ. Адкажыце і вы на пытанне Сарокі.

Што такое стрыжань?

-- Пытальныя сказы? Пытальныя? -- усклікнуў Шпачок і падняў галаву.
-- Што ж цябе так здзівіла? Ты ўжо не на адно пытанне адказаў! -- прамовіла Сарока.
Шпачок саскочыў з пянька і наблізіўся да суседкі.
-- Добра, што ты нагадала мне пра пытальныя сказы. Я ў цябе хачу запытацца. Што такое стрыжань?
-- Які стрыжань? Растлумач падрабязней, -- не зразумела Сарока.
Шпачок пачухаў лапкай сваё светлае горлачка.
-- Можна і падрабязней. Братка Салавей мне пісьмо прыслаў. Піша, што купіў новы стрыжань. Што такое стрыжань?
-- Стрыжнем пішуць. Ён знаходзіцца ў ручцы, -- усміхнулася Сарока і дадала: -- Сказ "Што такое стрыжань?" ты ўтварыў пры дапамозе пытальнага слова "што".
Назавіце пытальныя словы, з дапамогай якіх утвараюцца пытальныя сказы.
           
Прыемна паслухаць

-- Як жывецца табе, сусед? -- пацікавілася Сарока, аднойчы прыляцеўшы да Шпачка.
Шпачок устрапянуўся і ўсклікнуў, азірнуўшыся:
-- Глянь, якая прыгажосць вакол! Лета стаіць!
-- Выходзіць, някепска жывецца, -- вызначыла Сарока настрой суседа.
-- Летам мне заўжды някепска, -- усміхнуўся Шпачок. -- Можна на бярозцы пасядзець, на галінцы крыху пагайдацца, можна да крынічкі паляцець, халодненькай вадзічкі папіць, а потым паспяваць на пацеху суседзям.
-- Так, так, так! -- засакатала Сарока і ўсклікнула: -- Няхай жыве лета!
-- Няхай жывуць нашы песні! -- падхапіў Шпачок.
-- А ты ведаеш, што цяпер мы з табою выкарысталі клічныя сказы? -- прагаварыла Сарока.
Шпачок з недаўменнем паглядзеў на сяброўку.
-- Не ведаеш? Тады я прачытаю табе правіла "Клічныя сказы".
-- Калі ласка, -- пагадзіўся Шпачок. -- Мне прыемна паслухаць вучоную Сароку.
Заззяўшы ад шчасця, Сарока дастала з партфеля неразлучны вучэбны дапаможнік “Беларуская мова” і прачытала:
-- Сказы, якія вымаўляюцца з асаблівым пачуццём і больш голасна, чым іншыя, называюцца клічнымі. Клічныя сказы звычайна выражаюць моцнае пачуццё, заклік, загад, пажаданне або прывітанне. У канцы апавядальных і пабуджальных клічных сказаў ставіцца клічнік. У канцы пытальных клічных сказаў ставіцца спачатку пытальнік, потым клічнік.
-- Вельмі цікава! -- усклікнуў Шпачок і, пырхнуўшы крыльцамі, узляцеў і сеў на пянёк. На высокім пяньку ён заўжды адчуваў сябе больш упэўнена.
Прывядзіце прыклад клічнага сказа.

Ах!

-- Сяброўка, я чуў, што ёсць словы "ах", "ой", "вох". Яны ўваходзяць у клічныя сказы, -- аднаго разу падзяліўся сваёй думкай з Сарокай Шпачок.
-- Так. Гэта спецыяльныя словы -- словы-выгукі і "хітрыя" словы, з дапамогай якіх утвараюцца клічныя сказы, -- растлумачыла суседу адукаваная Сарока.
Шпачок ступіў на край пянька, пахіснуўся і ўсклікнуў:
-- Ах, я ледзь не ўпаў!
-- Вось як хутка ўтварыў ты клічны сказ з дапамогай спецыяльнага слова "ах"! -- адзначыла Сарока.
Утварыце клічны сказ з дапамогай спецыяльнага слова.

Ох!

-- Сарока-белабока, давай мы зробім так. Ты будзеш дыктаваць, а я буду пісаць пад тваю дыктоўку, -- аднойчы прапанаваў Шпачок.
--  Хочаш паказаць мне сваю граматнасць?
 -- Канешне, хачу! -- прызнаўся  Шпачок і ўзяў вострую галінку.
-- Пішы, -- сказала Сарока і прадыктавала: -- Ох, як цяжка летам сядзець у хаце!
Востраю галінкаю Шпачок напісаў на вільготным пасля дажджу пяску:
-- Ох, як цяшка летам сядзеть у хаці!
-- Шаноўны, ты няправільна напісаў! -- усклікнула Сарока.
-- Правільна! -- не пагадзіўся Шпачок. -- У канцы клічнага знака я паставіў клічны знак, а пасля спецыяльнага слова -- коску.
-- Ты ў трох словах зрабіў памылкі, -- незадаволена прагаварыла Сарока.
Напішыце сказ Шпачка правільна.

Вох!

Жыло-было ў кнізе Правіла. Як і кожнае правіла, яно складалася са сказаў. А сказы, як вядома, складаюцца са Слоў. Але аднойчы Словам надакучыла жыць у кнізе. Цэлы тыдзень у кнізе, цэлы месяц у кнізе, цэлы год у кнізе! Хочацца і пагуляць!
-- Калі ласка, пусці нас пагуляць, -- звярнуліся Словы да Правіла.
-- Хіба вам кепска ў кнізе? -- здзівілася Правіла. -- Тут цёпла, утульна.
-- Кепска! Няўтульна! Мы тут сталі нейкія невясёлыя! -- раскрычаліся Словы.
-- Гуляйце! Хоць цэлую ноч. Але раніцай, у дзевяць нуль-нуль, каб усе, да адзінага, былі ў кнізе. Інакш пакараю, -- памякчэла Правіла.
Надвор'е было хмурнае. Але Словы дружна высыпалі на вуліцу. Усю ноч бавіліся. Хто адзічэлага ката ганяў, хто сабак дражніў, а хто на неба глядзеў і ўздыхаў, выпадковыя зорачкі лічыў.
Раніцай, у дзевяць нуль-нуль, Словы ў кнігу прыбеглі, кожнае сваё месца ў ёй заняло. Толькі слова "вох" спазнілася.
-- Доўга ты гуляла, паважанае! -- строга прамовіла Правіла.
Вох апусціла галаву і цяжка ўздыхнула.
У якіх сказах звычайна ўжываецца слова "вох"?

Не так сказаў?

-- Сарока-белабока, сёння да мяне ў госці прылятаў сваяк Салавей, -- аднаго разу паведаміў суседцы Шпачок. -- У яго шмат прыгожых песень. А нядаўна ён напісаў яшчэ адну цудоўную песенку.
Сарока незадаволена страсянула галавою.
Шпачок адразу ж заўважыў гэта і пацікавіўся:
-- Я штосьці не так сказаў?
-- Ты няправільна вымавіў слова "песеньку".
--  Ты цяпер вымавіла няправільна. У гэтым слове няма мяккага знака, -- стаў спрачацца Шпачок.
Сарока стукнула дзюбай па пяньку, патрабуючы ўвагі.
-- Паслухай, шаноўны! Ад слоў "песень", "вішань", "яблынь" можна ўтварыць іх памяншальныя формы "песенька", "вішанька", "яблынька", у якіх мяккасць н захоўваецца. Зразумеў?
-- Зразумеў! -- мусіў пагадзіцца Шпачок і прапанаваў. -- Сарока-белабока, давай мы з гэтымі памяншальнымі формамі ўтворым клічныя сказы.
Утварыце клічны сказ са словам "яблынька".

Незвычайныя загадкі

Цёплым вясновым днём на лузе гулялі Жучок і Шпачок.
-- Шаноўны, -- назаві, калі ласка, пунктуацыйныя знакі, -- звярнуўся да Шпачка Жучок. Яму захацелася праверыць, ці шмат ведае сябар.
-- Навошта табе гэта? -- усміхнуўся Шпачок.
Жучок таксама ўсміхнуўся і паказаў вострыя зубкі.
-- Не можаш назваць?
-- Пунктуацыйныя знакі -- гэта двукроп'е, працяжнік, двукоссе... -- стаў называць пунктуацыйныя знакі Шпачок.
-- Хопіць, хопіць! -- закрычаў Жучок. -- Зараз я задам табе загадку, а ты скажаш, пра які пунктуацыйны знак яна гаворыць.
-- Давай, задавай! -- падрыхтаваўся слухаць Шпачок.
Калі пойдзеце гуляць,
                                                     Радасць можа перадаць, --
                                                           
на адным дыханні прамовіў Жучок.
Шпачок адгадаў гэтую загадку і сваю сябру задаў:
                                                             Гэта ён, сябры мае,
                                                             Вам пытанні задае.
Разгуляліся сябры на лузе. Шпачок нават песеньку заспяваў. І, канешне, гэта была яго новая загадка:
                                                  На радку ён лёг,
                                                  Як мост.
                                                  Не маленькі
                                                   У яго рост.
Жучок таксама не стрымаўся і заспяваў:
                                                   Гэты слаўненькі значок
                                                   Нам нагадвае сярпок.
Потым Шпачок і Жучок разам праспявалі яшчэ адну загадку-песеньку:
                                                   Маленькая, як кнопка,
                                                   Стаіць у тэкстах … кропка.
Аб якіх пунктуацыйных знаках гаворыцца ў загадках Жучка і Шпачка?

Прыгожы тэкст

Аднаго разу сабачка Жучок і Шпачок сядзелі на беразе ракі.
Было ціха. Ласкава свяціла сонца, лагодны ветрык калыхаў на хвалях лілеі.
Нечакана з'явіўся прыгожы белы матылёк. Нібы маленькі незвычайны самалёцік, ён закружыўся над кветкамі.
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Куплю чаравічкі
                                                         На ножку вялічкі, --
гледзячы на матылька, нараспеў прамовіў Шпачок. Мабыць, у дарогу з матыльком яму захацелася адправіцца.
Жучок з цікаўнасцю паглядзеў на сябра.
-- Гэты верш ты сам напісаў?
"Можа, сказаць "так"? Але ж непрыгожа чужое сабе прысвойваць. Потым сумленне будзе мучыць, спакою не даваць", -- падумаў Шпачок і сказаў праўду:
-- Не, гэты верш народны. Народ прыдумаў, склаў. Дзяўчынка Насця яго на памяць вучыла, а я слухаў і запамінаў.
-- Прыгожы тэкст! -- у задуменні прамовіў Жучок.
-- Што такое тэкст? -- запытаўся Шпачок.
-- Тэкст ёсць тэкст! -- важна адказаў Жучок.
Вы згодны з такім тлумачэннем Жучка?

Пытанне-апісанне?

Прыйшла Сарока да Шпачка ў госці, а ён сядзіць за сталом галаву павесіўшы.
-- Сусед, чаму ты такі невясёлы? Чаму галаву павесіў? -- пацікавілася  Сарока.
-- Я думаю, -- паведаміў Шпачок.
-- І да чаго ж ты дадумаўся? -- хочацца ведаць Сароцы.
Шпачок устаў з-за стала, прайшоўся па пакоі і запытальна паглядзеў на суседку.
-- Зараз я задам табе пытанне-апісанне. Ты зможаш на яго адказаць?
-- Не ведаю, -- прамовіла Сарока. --  Ёсць тэкст-апісанне. А пытанне -- гэта не тэкст.
-- Чаму? -- вырвалася ў Шпачка.
-- Бо яно складаецца толькі з аднаго сказа і тэкстам не з'яўляецца. Але я паспрабую  адказаць. Задавай сваё пытанне.
-- Якая літара падобна на серп? -- вось якое незвычайнае пытанне задаў Шпачок.
Па-вашаму, як адказала Сарока Шпачку?

Каб уявіць, як сапраўдную

Аднаго разу  Шпачок звярнуўся да Вароны:
-- Цётка Варона, многія птушкі кажуць, што хутка восень наступіць. Апішы мне гэтую восень, каб я мог уявіць яе, як жывую.
Варона да знаёмай  Ластаўкі збіралася ляцець, не мела часу. Таму вось як апісала наступленне восені:
Пакарацелі дні. Пайшлі дажджы. Пажаўцела лісце. Закурлыкалі жураўлі. Наступіла восень.
Сядзіць Шпачок за сталом, уважліва чытае татаў тэкст, а восень уявіць, як жывую, ніяк не можа.
Невядома, што ён рабіў бы, калі б суседка Сарока да яго не завітала.
-- Сарока-белабока, птушкі кажуць, што восень неўзабаве наступіць. Я папрасіў цётку Варону, каб апісала яе, як жывую. Яна, здаецца, апісала, але я не магу ўявіць яе, -- паскардзіўся Шпачок.
Сарока села побач са Шпачком за стол, прачытала тэкст і заявіла:
-- Слабавата апісала Варона. Мабыць, кудысьці спяшалася.
-- Чаму слабавата? -- пацікавіўся Шпачок.
-- Слухай і, як людзі кажуць, на вус матай, -- прамовіла Сарока. -- Сказы твайго таты складаюцца з якіх членаў сказа: з галоўных ці з даданых?
-- Толькі з галоўных, -- падумаўшы, адказаў Шпачок і падскочыў на крэсле. -- Я здагадаўся! Каб уявіць восень, як жывую, трэба ўжыць сказы, у якіх ёсць галоўныя і даданыя члены сказа.
-- Малайчына, -- пахваліла Сарока Шпачка за правільны адказ. -- Зараз мы гэтыя  сказы перабудуем так, каб ты мог уявіць сабе восень як жывую, як гаспадыню нашых палёў і лясоў. Згодзен?
-- Згодзен! -- узрадаваўся Шпачок.
-- Першы сказ я перабудую так, -- пачала Сарока. -- Нечакана пакарацелі дні.
Шпачок лапкай пачухаў бурую пярынку на крыле.
-- Выходзіць, ночы пабольшалі?
-- А як ты думаў! Далей слухай, -- незадаволена прагаварыла Сарока. У гэты дзень яна была без асаблівага настрою. Напэўна, устала не з той лапкі. -- Пайшлі халодныя дажджы.
Шпачок сагнуўся, скурчыўся.
-- Не люблю, калі ідуць халодныя дажджы.
Сарока незадаволена зірнула на Шпачка і наступны сказ перабудавала так:
-- Адразу ж пажаўцела зялёнае лісце.
-- Не хачу, каб лісце адразу ж жаўцела! -- не вытрываў, перапыніў суседку Шпачок.
Сарока дзюбаю пастукала па стале, патрабуючы ўвагі.
-- Трывожна закурлыкалі жураўлі.
-- Бр-р-р! -- страсянуўся Шпачок. Дрыжыкамі яго працяло.
-- Наступіла халодная восень, -- бадзёра закончыла Сарока.
 -- Мне страшна, -- прызнаўся Шпачок.
-- Ты ж хацеў уявіць восень як жывую. Вось і ўяўляй сабе! -- сказала Сарока.
 -- Мне страшна! -- паўтарыў Шпачок.
Дапамажыце Шпачку, перабудуйце сказы такім чынам, каб не баяўся восені, каб  для яго стала прывабнай. Яна ж бывае рознай.

Незвычайная сустрэча

Ішлі па лясной сцяжынцы Тэкст, Тэма і Асноўная Думка з партфелямі ў руках. Бачаць: невялікі чорны сабачка каля хваінкі сядзіць.
-- Я сабака Жучок! А вы хто такія? Чаму з партфелямі тут ходзіце? -- закрычаў Жучок, каб паказаць, што ён у гэтым ляску гаспадар.
-- Я Тэкст, -- нясмела азваўся Тэкст.
-- А я Тэма, -- ціха прамовіла Тэма.
-- А я Асноўная Думка, -- назвала сябе Асноўная Думка.
Жучок паварушыў доўгім хвастом.
-- У нашым ляску жывуць розныя звяркі і птушкі, а пра вас я не чуў.
-- Мы жывём не ў ляску, а ў школе, -- паведаміў Тэкст.
-- Няўжо ты анічога не ведаеш пра нас? -- пацікавілася Тэма.
-- Зусім не ведаю! -- шчыра прызнаўся Жучок.
-- Калі каму-небудзь патрэбна расказаць пра якую-небудзь падзею, паразважаць аб чым-небудзь, апісаць нешта, асобных сказаў яму недастаткова. Тады на дапамогу прыходжу я, Тэкст. Мяне яшчэ называюць выказваннем, аб'яднаным паводле сэнсу і законаў граматыкі, -- адрэкамендаваўся Тэкст.
-- Выходзіць, ты складаешся з асобных сказаў?
-- У Тэксце кожны сказ звязаны з папярэднім, -- заўважыла Тэма.
-- Тэкст мае пачатак, асноўную частку і заключэнне, -- дадала Асноўная Думка.
-- Тэкст аб'ядноўваецца Асноўнай Думкай, -- зноў падала голас Тэма.
-- Да кожнага Тэксту можна падабраць загаловак, -- сказала Асноўная Думка.
-- А што вы скажаце пра сябе? -- звярнуўся да Тэмы і Асноўнай Думкі Жучок.
-- Тэма --  тое, пра што ці пра каго расказваецца, гаворыцца ў Тэксце. Мяне можна вызначыць у загалоўку ці ў першым сказе Тэксту, -- сціпла паведаміла Тэма.
-- А я -- тое, што хацеў выказаць аўтар, да чаго ён заклікае, чаму вучыць, --  сказала Асноўная Думка.
-- Загаловак адпавядае Тэме або перадае Асноўную Думку, -- удакладніла Тэма.
-- Зусім заблыталі вы мяне! Зусім! Зусім! -- ледзь не плачучы, усклікнуў Жучок.
Тэкст падумаў хвілінку і дастаў з партфеля два аркушы паперы.
-- Шаноўны, прачытай, што тут напісана.
-- Поле аруць трактары. У лесе спеюць суніцы. Па вуліцы рухаецца трамвай, -- прачытаў Жучок на першым аркушы.
-- А цяпер прачытай на другім аркушы, -- папрасіў Тэкст.
-- У гэты цёплы летні дзень з самай раніцы свяціла сонца. З хаты выйшаў маленькі Алесь. Непадалёку на яблыньцы сядзеў Шпачок. Убачыўшы Алеся, ён весела засвістаў. Алесь усміхнуўся і памахаў рукою, вітаючы Шпачка, -- прачытаў Жучок на другім аркушы і радасна ўсклікнуў: -- Гэта Тэкст! Я здагадаўся!
-- Жучок, ты вялікі разумнік! -- пахваліў Жучка Тэкст і на развітанне падарыў яму падручнік беларускай мовы. За кемлівасць і старанне.
Ці згодны вы з Жучком?

У ляску

Сядзіць Шпачок на ўскрайку бярозавага гаёчку і ад смеху заходзіцца.
Падбегла да яго Сарока, пацікавілася:
-- Што так рассмяшыла цябе, сусед?
-- Не што, а хто, -- паправіў сяброўку Шпачок. -- Хлопчык Міколка тут нядаўна быў. Пад ядлоўцавым кустом вожык ляжаў, а Міколку здалося, што гэта мяч!..
-- Міколка хацеў падфутболіць яго? -- выказала здагадку Сарока.
-- Яшчэ як хацеў! Але ўцёк ад яго вожык! Я пра гэта нават тэкст склаў. Паслухай! Па сцяжынцы, якая вяла цераз поле, у лясок зайшоў хлапчук Міколка. Каля беластволай бярозкі ён убачыў невялікую казульку. Хлапчук стаў набліжацца да яе. А яна падскочыла і пабегла, схаваўшыся за дрэвамі.
Цікавае апісанне выйшла ў мяне?
Хоць і спадабаўся Сароцы Шпачкоў тэкст, але яна мусіла зрабіць заўвагу:
-- Гэта не апісанне.
-- А што? -- усклікнуў Шпачок.
Да якога тыпу маўлення адносіцца тэкст Шпачка?

Апісанне ці апавяданне?

Цёплым вясновым днём, калі навокал усё зелянела, буяла, Шпачок запрасіў да сябе ў госці  суседку Сароку. Пачаставаўшы яе свежымі чарвячкамі, ён дастаў з шуфляды ліст паперы, спісаны дробненькімі літарамі.
-- Братка Салавей пісьмо прыслаў? -- здагадалася Сарока.
Шпачок шырока раскрыў дзюбу, усміхнуўшыся на ўвесь рот.
-- Прыслаў, пра мяне цікава расказвае.
-- Прачытай, калі ласка! -- устрапянулася Сарока. Вельмі захацелася ёй нешта новенькае пра Шпачка пачуць.
Шпачок гучна кашлянуў, прачышчаючы горлачка, і пачаў няспешна чытаць:
-- Нядаўна я пазнаёміўся з хлапчуком Алесем.  Вочы ў яго блакітныя. Яны быццам палявыя васількі, якія звычайна растуць у жыце.
Сарока заварушылася, як быццам яе нечакана патрывожылі, напалохалі. Здавалася, вось-вось ускочыць і застракоча на ўвесь голас.
Шпачок  паглядзеў на яе строга, як настаўнік на вучаніцу-свавольніцу.
-- А валасы ў Алеся цёмныя, густыя,  -- далей чытае, раз-пораз пазіраючы на Сароку.
Сарока зноў заварушылася і крыкнула, не стрываўшы:
-- Хіба Салавей тут расказвае?
-- А што ж ён робіць?! -- у сваю чаргу ўзбурыўся Шпачок.
-- Апісвае, -- паведаміла Сарока. -- Гэта тэкст-апісанне.
-- А мне здаецца, што гэта тэкст-апавяданне! -- заявіў Шпачок.
Які гэта тэкст: апісанне ці апавяданне?

Тэкст-дыялог

 Прыбег Шпачок да сяброўкі Сарокі і пахваліўся:
-- Я знайшоў верш-забаўлянку, які з'яўляецца тэкстам-дыялогам.
Сарока якраз у хаце падмятала і любімую песеньку-калыханку напявала:
                                                      Люлі-люлі-люлі,
                                                      Прыляцелі гулі,
                                                      Селі на варотах
                                                      У чырвоных ботах.
                                                                      З народнага.
Канешне, Сарока перастала спяваць, як толькі пачула, што Шпачок знайшоў незвычайны верш.
Праўда, на хвілінку яна засумнявалася. А таму запыталася:
-- А ты ведаеш, што такое тэкст- дыялог?
-- Чаму ж не ведаю! -- з крыўдай прамовіў Шпачок. -- Тэкст-дыялог складаецца з размовы дзвюх ці некалькіх асоб.
-- І гэта ўсё, што ты ведаеш пра тэкст-дыялог? --  цікавіцца Сарока, не зважаючы на крыўду Шпачка.
-- Не ўсё. Словы кожнага ўдзельніка дыялога завуцца рэплікамі і пішуцца з новага радка. Перад імі заўсёды ставіцца працяжнік, -- як салдат, адрапартаваў Шпачок.
Сарока прыязна ўсміхнулася Шпачку,  паставіла ў кут венік і села на канапу.
 -- А ты не мог бы прачытаць верш, які з'яўляецца тэкстам-дыялогам?
-- Магу. Я яго на памяць вывучыў, -- заявіў Шпачок і выразна, каб перадаць перапаўняўшыя яго пачуцці, прачытаў забаўлянку, якую чуў ад мамы:
-- Коця, коця, дзе была
                                                    -- У каморы
                                                    -- Што рабіла
                                                    -- Малачко піла
                                                    -- Што зрабіла
                                                    -- Збан пабіла
                                                    -- Апсік, апсік, апсік
                                                                      З народнага.
Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку ў канцы сказаў. Дакажыце, што гэта тэкст-дыялог.

Дуб і дубец

Пад магутным разложыстым дубам сядзелі Шпачок і Сарока.
-- Шаноўны Шпачок, -- распачала гаворку Сарока, -- як ты лічыш: слова "дуб" мае аднакаранёвыя словы?
Шпачок паглядзеў угору.
-- Мабыць, мае. Вунь як  ён укараніўся!
-- Ты не мог бы іх назваць?-- усміхнулася Сарока.
-- Аднакаранёвыя словы маюць адзін і той жа корань, -- лапкай пачухаў крыльца Шпачок. -- Так я разумею?
-- Так, -- кіўнула галавою Сарока.
-- Ведаю адно такое аднакаранёвае слова, -- падумаўшы, пахваліўся Шпачок. -- Дубовы!
-- Правільна. Яшчэ адно назаві.
Шпачок апусціў галаву.
-- Каб ведаў, то адразу назваў бы.
-- Давай крыху паразважаем, -- прапанавала Сарока. -- Тут расце адзін дуб? Так?
-- Так, -- пагадзіўся Шпачок.
-- А калі б расло шмат дубоў, то як ты назваў бы гэтае месцейка?
-- Дубняк! -- усклікнуў Шпачок. -- Сарока-белабока, я яшчэ адно аднакаранёвае слова ўспомніў.
-- Якое?
-- Дубец!
-- Ой! -- ад неспадзеўкі вырвалася ў Сарокі. -- Словы "дуб" і "дубец" не аднакаранёвыя.
-- Аднакаранёвыя! -- заўпарціўся Шпачок. -- У іх ёсць агульная частка -- "дуб".
Як вы лічыце: ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы "дуб" -- "дубец"?

Бавіцца і бавоўна

На беразе рэчкі сядзелі Шпачок і Сарока. Адзін гарэзлівы Шчупачок вырашыў іх напалохаць. Падплыў да берага, з усёй сілы пляснуў па вадзе хвастом і схаваўся ў густым аеры.
Але не спалохаліся Шпачок і Сарока. Шпачок дык усклікнуў:
-- Ух ты!
А Сарока заўважыла:
-- Бавіцца!
-- Але, гуляе, свой час так праводзіць, -- пагадзіўся Шпачок і, падумаўшы хвілінку, дадаў. -- Сарока-белабока, як ты лічыш: ці можна падабраць аднакаранёвыя словы да слова "бавіцца"?
-- Можна. Напрыклад, "бавіць", -- адказала Сарока.
-- І я ўспомніў адно такое слова, -- падумаўшы, паведаміў Шпачок. -- Бавенне!
-- Малайчына! -- пахваліла сябра Сарока.
Шпачок любіў, калі яго хвалілі.
-- Я яшчэ адно такое аднакаранёвае слова магу назваць, -- прамовіў ён, задаволены. -- Бавоўна!
-- Ой! -- ад неспадзеўкі вырвалася ў Сарокі. -- Словы "бавіцца" і "бавоўна" не аднакаранёвыя.
-- Аднакаранёвыя! -- заўпарціўся Шпачок. -- У іх ёсць агульная частка -- "бав".
Ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы "бавіцца" і "бавоўна"?

Сустрэча

Сустрэліся на лясной сцяжынцы Шпачок і шэрая Варона.
-- Куды бяжыш, маленькі? -- запыніла Шпачка Варона. Яна любіла пагаварыць, знаёмым костачкі перамыць.
-- Да Сарокі, -- паведаміў Шпачок.
Варона пакруціла доўгім хвастом.
-- І што ж ты ў яе забыўся?
-- Хачу, каб яна мне растлумачыла...
-- Што табе трэба растлумачыць?.. Я растлумачу! Я шмат чаго ведаю. Я нават каркаць умею. А ты не ўмееш, і Сарока не ўмее. Кар-р! -- гучна каркнула Варона, каб паказаць, як незвычайна яна каркае.
 Шпачок ад неспадзеўкі ўздрыгнуў.
-- Мне трэба назваць аднакаранёвыя словы ў вершы!
-- Прачытай гэты верш, -- заморгала вачыма, на хвілінку разгубілася Варона.
-- Калі ласка, -- адказаў Шпачок і выразна прачытаў:
  -- Сёння, сынок, трэба
                                                      Насілкі нам зрабіць.
                                                      На насілках будзем
                                                      Цяжкі груз насіць.
-- У гэтым вершы няма аднакаранёвых слоў! Няма! Няма! -- замахала крыламі Варона.
-- Такога не можа быць! -- паспрабаваў запярэчыць Шпачок.
-- Можа! -- сказала Варона і гучна каркнула, зноў прымусіўшы ўздрыгнуць Шпачка.
Ці ёсць аднакаранёвыя словы ў вершы Шпачка?

Прапусціў слова

Засумаваў Шпачок. Бадзяецца з кута ў кут, месца сабе не знаходзіць. Не ведае, чым яму заняцца.
Прыляцела Сарока.
 -- Што з табою, Шпачок? Чаму ты такі невясёлы?
-- Сумна мне, не ведаю, чым заняцца, -- паскардзіўся Шпачок.
Сарока зірнула на яго і прапанавала:
-- А ты зрабі ланцужок.
-- З дроту? -- запытаўся Шпачок.
-- Не, са слоў.
-- Дзівачка! Хіба можна са слоў ланцужок зрабіць? -- засмяяўся Шпачок.
-- Можна, -- запэўніла Сарока. -- Для свайго незвычайнага ланцужка будзеш падбіраць словы, якія ў раздзеле "Склад слова" з'яўляюцца назвамі асобных тэм.
Шпачок з недаўменнем паглядзеў на суседку.
-- Як падбіраць?
-- У алфавітным парадку. Зразумеў?
-- Ага. Зразумеў. Першае слова ў маім ланцужку  -- корань.
-- Пішы, -- сказала Сарока.
Шпачок сеў за стол і акуратна напісаў: корань. А за ім цэлае словазлучэнне напісаў: роднасныя словы. І спыніўся. Сядзіць, ручкай па пярынках водзіць, ніяк не здагадаецца, што за трэцім словам у ланцужку напісаць. Нарэшце дадумаўся, старанна вывеў: прыстаўка. А за прыстаўкай -- суфікс.
Вось які ланцужок са слоў атрымаўся ў яго.
Корань -- роднасныя словы -- прыстаўка -- суфікс.
-- Адно слова ты ўсё-ткі прапусціў! -- з дакорам прагаварыла Сарока.
Якое слова прапусціў Шпачок?

Перакрыжаванне

Аднаго разу Шпачок падслухаў, як дзяўчынка Насця вучыла правіла "Прыстаўка". Ён яго запомніў, а потым на вільготным пяску вось што намаляваў:                                 
                           знаходзіцца перад коранем
                                              
частка слова              Прыстаўка             утварае словы з новым значэннем
                                              
                                  несці -- занесці
­­­Прыляцела Сарока, пацікавілася:
-- Што ты тут намаляваў, сусед?
-- Перакрыжаванне дарог, --  паведаміў Шпачок.
Сарока застыла ў здзіўленні.
-- Не разумееш? -- усміхнуўся Шпачок. Задаволены, што  суседку збянтэжыў. Як жа! Яна яго не раз і не два на гэткі ж самы кручок брала.
Але хітрая Сарока здагадалася,  што азначае гэтае перакрыжаванне.
А вы здагадаліся, што азначае гэтае незвычайнае перакрыжаванне? Чаму ў цэнтры яго паказана прыстаўка? Чым яна з'яўляецца?  Дзе знаходзіцца? Што ўтварае? Ці можна ўбачыць гэта на прыкладзе?

Не назваў

У гэты дзень Шпачку было вельмі сумна, бо з самай раніцы  з Сарокай пасварыўся. А з-за чаго, запытацца? Ён, Шпачок, дзеля жарту ў калюжыну ўскочыў, крыльцамі пырхнуў і Сароку вадою абліў і прабачэння не папрасіў.
Цяпер адзін сядзіць на галінцы, пазірае ў адчыненае акно хаты, дзе  дзяўчынка Насця  вучыць  правіла.
Заслухаўся Шпачок,  не заўважыў, як Сарока побач з ім на галінку села.
Загайдалася галінка ад цяжару, а Сарока ўсміхнулася Шпачку.
Шпачок адразу павесялеў і запытаўся:
-- Сарока-белабока, ты больш не злуешся на мяне?
-- Тсс! -- ціха прамовіла Сарока. -- Давай Насцю паслухаем.
У гэты час Насця гучна прачытала:
-- Частка слова, якая знаходзіцца пасля кораня перад канчаткам, называецца суфіксам. Суфікс служыць для ўтварэння слоў з новым значэннем.
-- Суфікс вывучае! -- адзначыў Шпачок.
-- А ты, відаць, тут даўно сядзіш! -- засакатала Сарока. -- Напэўна, шмат запомніў.
-- Я асаблівасці суфікса вельмі добра запомніў! -- упэўнена прагаварыў Шпачок. -- Першая асаблівасць: суфікс -- частка слова; другая асаблівасць -- ён знаходзіцца пасля кораня перад канчаткам.
Яшчэ якую асаблівасць суфікса не назваў Шпачок?

Сад і...

Сарока ўбачыла каля хаты Насцін мяч і прапанавала Шпачку:
-- Давай пагуляем. Мяч адзін аднаму будзем кідаць і пры дапамозе суфіксаў новыя словы ўтвараць.
-- Добра ты прыдумала! -- усміхнуўся Шпачок.
Сарока кінула мяч і назвала слова "сад".
Шпачок злавіў мяч і, назваўшы слова "садовы", кінуў мяч сяброўцы.
Сарока назвала слова "садавіна" і зноў кінула мяч Шпачку.
Злавіўшы мяч, Шпачок назваў слова "садавінка".
  Пры дапамозе якіх суфіксаў утвораны словы "сад" -- "садовы" -- "садок" -- "садочак"? Якія з іх перадаюць пачуццё? (Пачуцці -- радасць, захапленне, замілаванне і інш.).

Незразумелае пісьмо

Ляцела Сарока, бачыць: у садку каля хаты Шпачок сядзіць і трымае перад сабою два лісты паперы.
Сарока апусцілася каля яго і засакатала:
-- Добры дзень, Шпачок. Даўно не бачыліся мы. Табе, напэўна, братка Салавей  зноў пісьмо прыслаў?
--  Прыслаў. На двух вялікіх лістах такое панапісваў, такое!.. Адным словам, не магу разабрацца. Глянь ты, суседачка! -- Шпачок працягнуў Сароцы ліст паперы.
Сарока ўзяла яго і прачытала:
-- Кроплі дажджу падалі налес                             
-- Не разумею, што азначае слова "налес"! -- у роспачы ўсклікнуў Шпачок.
-- Сусед, твой сваяк Салавей тваю кемлівасць правярае, -- растлумачыла Сарока.
Шпачок на хвілінку задумаўся.
-- Выходзіць, ён гэтае слова знарок напісаў няправільна?
-- Так, -- кіўнула галавою Сарока.
-- Але ж у  слове "налес" на з'яўляецца прыстаўкай і таму пішацца разам, -- не пагадзіўся Шпачок.
-- Паспрабуй паставіць ад на пытанне. 
--  На што? Налес.
--  Ад прыстаўкі хіба можна паставіць пытанне? Успомні, Шпачок!
-- Ад прыстаўкі нельга паставіць пытанне. Я ўспомніў! Пытанне можна паставіць  ад прыназоўніка, які пішацца асобна! Значыць, тут на з'яўляецца прыназоўнікам і пішацца асобна з назоўнікам "лес", -- зрабіў для сябе нечаканае адкрыццё Шпачок.
-- Так, -- пацвердзіла Сарока. --  Прыназоўнікі служаць для сувязі назоўнікаў з іншымі словамі ў сказе. З іншымі словамі яны пішуцца асобна. Паміж прыназоўнікам і наступным словам можна ўставіць...
-- Пытанне! Я ж казаў! -- не сцярпеў, перапыніў Сароку Шпачок.
-- Не толькі пытанне, але і якое-небудзь слова. Напрыклад: на (яловы) лес, -- сказала Сарока.
Назавіце ў тэксце прыназоўнікі з назоўнікамі:

У госці да Сарокі

Аднаго разу ў госці да Сарокі адправіліся Пеўнік і Курачка. Доўга яны ішлі. Стамілася Курачка, пачала скардзіцца:
-- Ідзём, ідзём, а ніяк не дойдзем. Мне здаецца, што гэтая дарога бясконцая.
-- Пацярпі, -- папрасіў сяброўку Пеўнік. --  Як-небудзь дойдзем.
Пайшлі далей. За павароткай дарогі  Пеўнік і Курачка убачылі  на пяньку  ліст паперы,  спісаны літарамі.
Цікаўны Пеўнік узяў яго і паказаў Курачцы.
-- Вось што мы знайшлі!
-- Каб рысавае зярнятка! -- расчаравана прагаварыла Курачка.
-- У гасцях пачастуемся зярняткамі, -- прамовіў Пеўнік і, адзеўшы акуляры, прачытаў на лістку: -- Змяненне дзеяслова па ліках.
Зацікавіўшыся, Курачка прыўстала на лапках і стала ўзірацца.
-- Тут  нейкае заданне!
-- Нялёгкае заданне, --  страсянуў чырвоным грабянём Пеўнік. -- Каб выканаць яго, трэба добра паразважаць.
Вось  якое заданне ўбачылі на лістку Курачка і Пеўнік:
Змяненне дзеяслова па ліках
                       сонца свеціць                                   агеньчыкі свецяць
                       чалавек працуе                     людзі працуюць
Як змяняецца дзеяслоў?
1. Прыклады дзеясловаў у адзіночным ліку:
2. Прыклады  дзеясловаў у множным ліку:
1. У адзіночным ліку абазначае...
2. У множным ліку абазначае...
-- А я ўжо зразумеў! -- паразважаўшы над заданнем, -- пахваліўся Пеўнік.
Курачка падняла галаву.
-- Скажы мне, што ты зразумеў.
-- Дзеяслоў змяняецца па ліках. У адзіночным ліку абазначае дзеянне аднаго прадмета ці асобы, -- пачаў Пеўнік.
-- Я таксама нешта зразумела, -- перапыніла Пеўніка Курачка. І ёй  захацелася паказаць свае веды. -- Дзеяслоў у множным ліку абазначае дзеянне двух і больш прадметаў ці асоб.
-- Хацелася б мне ведаць, хто пакінуў тут гэтае заданне, -- у задуменні прагаварыў Пеўнік.
-- Сарока пакінула. Каб не засумавалі мы ў дарозе, -- здагадалася Курачка.
-- Я іду, -- сказаў Пеўнік і ўсміхнуўся.
-- Мы ідзём! -- падхапіла Курачка і пакрочыла па дарозе.
Выпішыце з тэксту дзеяслоў у адзіночным ліку. Што ён абазначае? Пастаўце яго ў множным ліку.

Сум прагнала

У дажджлівы асенні дзень у госці да Пеўня і Курачкі завітала Сарока.
 -- Як жывецца вам, шаноўныя? -- запыталася.
-- Ой, сумна мне! Ой, нудна мне! -- пачала ўздыхаць Курачка.
-- Бяда! Бяда! -- пляснуў крыламі Певень. --  Увесь дзень яна сумуе. Не ведаю, як дапамагчы!
-- А я ведаю, што трэба зрабіць, каб не было сумна і табе, і тваёй Курачцы, -- сказала Сарока.
-- Дапамажы! Век буду дзякаваць! -- з радасці пракукарэкаў Певень.
Сарока наблізілася да гаспадыні.
-- Курачка, ты калісьці ў школу хадзіла.
-- Хадзіла, на выдатна вучылася, -- важна кіўнула рабенькаю галавою Курачка.
-- І тэму "Дзеяслоў" на выдатна вывучыла?
-- Але. Я, як ты ведаеш, самая разумная Курачка.
-- Я зараз праверу гэта. Ты не супраць? -- пацікавілася Сарока.
-- Калі ласка, правярай, -- дазволіла Курачка.
Сарока дастала з партфеля аркуш паперы са сказамі і паказала яго Курачцы.
-- Як ты лічыш: тут усё правільна напісана?
-- 1. Каля дарогі расла беластволыя бярозкі. 2. У траве чырванела суніцы. 3. На пісьмовым стале ляжыць Насціны кнігі. 4. Два трактары спыніўся на ўзлеску. 5. На лясной палянцы вырасла лісічкі. 6. Каля пад’езда сядзела хлопчыкі і дзяўчынкі, -- прачытала Курачка і ўсклікнула: -- Няправільна!
Курачка сапраўды была вялікай разумніцай. Яна хутка выправіла ў тэксце памылкі, узрадавалася і перастала сумаваць.
Выпраўце памылкі ў сказах.                                                 

Святлафор

-- У дзеяслова, не здзіўляйцеся гэтаму, ёсць свой святлафор. Чырвоны агеньчык у ім кажа "няможна", зялёны -- "можна", чырвоны -- "прашу падрыхтавацца".
Паслухайце, што здарылася аднойчы са Шпачком і Сарокай, калі яны да дзеяслова ў госці вырашылі схадзіць. Праведаўшы пра гэта, дзеяслоў прыслаў ім вось які сігнал свайго святлафора: "Я магу запрасіць". Узрадаваліся птушкі, пачалі рыхтавацца, а дзеяслоў неспадзявана новы сігнал ім прыслаў: "Я не магу запрасіць". Шпачок і Сарока засумавалі, дзюбы павесілі, ды неўзабаве новае паведамленне атрымалі ад дзеяслова: "Я не магу не запрасіць". Перад Шпачком і Сарокай нарэшце загарэўся зялёны агеньчык святлафора.
Якое невялікае слова дапамагала дзеяслову мяняць  каманды?

Спрэчка

У гэты дзень сабачка Жучок быў не ў настроі. Бывае так. Магчыма, не з той лапкі ўстаў ён. Гэта нават Шпачок заўважыў.
-- Што з табою здарылася? Ты не захварэў? -- сустрэўшыся з Жучком, пацікавіўся ён.
-- Незахварэў, -- напісаў Жучок на лістку паперы. Яму нават гаварыць не хацелася.
"Ён словы піша няправільна! Сапраўды, захварэў!" -- занепакоіўся Шпачок і вырашыў паправіць суседа:
-- Шаноўны, трэба пісаць "не захварэў", каб было асобна, як два словы.
Не спадабалася Жучку, што Шпачок заўвагу яму зрабіў.
-- Незахварэў пішацца разам! -- паказаўшы вострыя зубкі, сказаў ён.
Хто мае рацыю ў спрэчцы: Жучок ці Шпачок?

Цікавая гісторыя

Прыбег Жучок да Шпачка і кажа:
-- Мне наш Індык адну вельмі цікавую гісторыю расказаў! Але мне здаецца, што яна хлуслівая!
-- Магчыма, -- заўважыў Шпачок. -- Раскажы мне гэтую цікавую гісторыю. Калі выслухаю, тады і вывад зраблю.
Шпачок крыху супакоіўся і вось што расказаў сябру.
-- Пчолкі раздурэліся, і мама Пчала ніяк не магла іх супакоіць.
-- Дзеці, -- сказала яна, -- калі вы цэлы тыдзень будзеце сябе добра весці, то ў нядзелю мы паляцім з вамі на луг.
Пчолкі адразу ж заціхлі.
Жучок закончыў расказваць, з нецярпеннем на Шпачка глядзіць, чакае, што скажа ён.
Шпачок махнуў дзюбай, як перад бойкай, і заявіў:
-- Гэта не хлусня, а праўда!
Чаму "не" з назоўнікам "хлусня" пішацца асобна?

Няправільныя сказы

У бярозавы гаёк, дзе жыў Шпачок, прыляцела Сарока. Шпачок яшчэ спаў: натаміўся ўчора, па гайку гуляючы. 
-- Кар! Кар! Кар! Кар! -- сеўшы на бярозку, як варона, закрычала Сарока.
Шпачок  пазяхнуў і, павярнуўшыся на другі бок, захроп як пшаніцу прадаўшы.
-- Кар! Кар! Кар! Кар! -- мацней закаркала Сарока і разбудзіла Шпачка. Мусіў устаць Шпачок.
-- Сарока, перасмешніца, -- прагаварыў ён сонным голасам, -- не хавайся. Я пазнаў цябе.
Сарока зляцела з бярозкі, прысела каля Шпачка і прывіталася як нічога ніякага:
-- Добры дзень, сусед.
-- Добры! Добры! -- Шпачок пацягнуўся і дастаў з кішэні ліст паперы. -- Вось што ўчора Салавей мне прыслаў. Нейкія няправільныя сказы панапісваў, а мне ламі галаву, разбірайся.  Падзівіся, можа, ты разбярэшся, дапаможаш мне.
Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і прачытала:
-- Рана ўстанеш -- многа не зробіш. Хто хлусіць, той і не чырванее. Не вывучыш урок -- атрымаеш добрую адзнаку. Хто не сее, той і жне. Не будзеш працаваць -- будуць людзі паважаць.
-- Няправільныя? -- не цярпіцца ведаць Шпачку.
-- Канешне, няправільныя! -- сказала Сарока.
-- Спачатку я падумаў, што яны правільныя, бо там  не з дзеясловамі напісана асобна, як ты і вучыла мяне.
-- Вучыла, ды не давучыла, -- усміхнулася Сарока і растлумачыла суседу, якую памылку зрабіў у сказах Салавей.
Выпраўце памылкі ў сказах Салаўя і запішыце іх правільна.

Не змог выканаць

Аднойчы Салавей прыслаў Шпачку пісьмо з заданнем. Прачытаў яго Шпачок  і не змог яго выканаць. Прыляцеў ён да Сарокі і працягнуў ёй ліст.
-- Дапамажы! -- папрасіў.
Сарока  ўзяла ліст і гучна прачытала:
-- Учора было дажджліва, і дзеці гулялі на двары. Мы вазілі сена, таму што яно было мокрае. Наша футбольная каманда прайграла, бо добра падрыхтавалася.
Шпачок з надзеяй паглядзеў на Сароку.
-- Дапаможаш выканаць заданне? Разабралася?
-- Разабралася! -- сказала Сарока і растлумачыла Шпачку, як трэба правільна напісаць сказы.
Як трэба правільна напісаць сказы?

Як трэба выправіць

-- У цябе ўсё? Больш няма пытанняў? -- пацікавілася Сарока ў Шпачка.
-- Не, не ўсё. На гэты раз Салавей не на адным, а на двух лістах напісаў. -- Шпачок дастаў з канверта яшчэ адзін ліст і працягнуў яго Сароцы. -- Чытай.
-- Міхась каля вёскі ўбачыў бусла. Ён з ім прывітаўся, -- прачытала Сарока.
-- Невядома, хто прывітаўся: Міхась ці бусел, -- сказаў Шпачок і ўсклікнуў: -- А я здагадаўся, як трэба выправіць! Сам здагадаўся!
Як вы выправіце сказ, калі гаворка ў ім ідзе пра Міхася?
А калі гаворка ў ім ідзе пра бусла?

Паэт

Сустрэўшыся са Шпачком, пахваліўся Жучок:
-- А я верш напісаў, новым паэтам стаў!
-- І я верш напісаў, вялікім паэтам стаў! -- нечакана заявіў Шпачок.
Жучок падціснуў хвост, хацеў уцячы, але перадумаў.
-- Увесь мой верш з'яўляецца простым сказам!  -- выпаліў ён
-- Прачытай, калі ласка, -- папрасіў Шпачок.
Жучок прыўстаў на лапкі і выразна прачытаў:
                                                     Сонейка за лес закацілася.
                                                     Цэлы дзень на зямлю глядзела, дзівілася.
                                                     Пчолкі ў вулей паляцелі,
                                                     Камары ўжо загудзелі.
Верш Жучка складаецца толькі з простых сказаў. Вы згодны з гэтым?

Цяжкае заданне

Сядзіць Шпачок за сталом, галаву павесіўшы. Змрочныя думкі яго адольваюць,  спакою не даюць.
Ляцела Сарока, апусцілася каля стала. Яна адразу ж заўважыла, што ў Шпачка непрыемнасці.
-- Сусед, што з табою? Падзяліся сваёю бядою. Можа, я тваю бяду адной лапай развяду.
-- З Вераб'ём  паспрачаўся! -- скрывіўся Шпачок.
-- Ён перамог цябе? -- устрапянулася Сарока.
Шпачок лапай змахнуў скупую мужчынскую слязу.
-- Пакуль не перамог, але пераможа. Рысавае зярнятка  яму прайграю, калі яго заданне не выканаю.
Суцяшаючы, Сарока лапкай пагладзіла Шпачка па пярынках.
-- Пакажы мне гэтае заданне.
-- Глядзі, мне не шкада! -- Шпачок працягнуў суседцы ліст паперы з наступным заданнем:
З поўначы дзьмуў халодны вецер.
Ахарактарызуйце дзейнік і выказнік у гэтым сказе.
Сарока села каля Шпачка, падсунула да сябе ліст і хутка выканала  заданне.
-- Якая ж ты разумніца! -- усклікнуў Шпачок і, дзюбкай схапіўшы ліст, паляцеў да Вераб'я.
Выканайце і вы заданне Шпачка. Выкарыстайце для гэтага трэці сказ казкі.
Узор. (Хто?) Шпачок -- дзейнік, абазначае, пра каго гаворыцца ў сказе. Звязаны з выказнікам усклікнуў.
(Што зрабіў?) усклікнуў -- выказнік, абазначае, што гаворыцца пра дзейнік. Звязаны з дзейнікам Шпачок.

Мама і тапкі

-- А я ведаю галоўныя члены сказа! -- сустрэўшыся з Сарокай, пахваліўся Шпачок.
-- Назаві іх, калі ласка, -- папрасіла Сарока.
-- Галоўныя члены сказа -- дзейнік і выказнік! -- гучна, як салдат на службе, адрапартаваў Шпачок.
-- А ў сказе ты мог бы іх вызначыць, знайсці? -- пацікавілася Сарока.
-- У сказе?.. -- на хвілінку разгубіўся Шпачок. -- Напэўна...
-- Напэўна, не зможаш.
Шпачок з дакорам паглядзеў на суседку.
-- Змагу! Возьмем, напрыклад, такі сказ: Мама купіла мне новыя тапкі. Тут выказнік -- купіла, а дзейнікі -- мама, тапкі.
-- Не! -- усклікнула Сарока.
-- Мама, тапкі -- гэта дзейнікі, -- упэўнена паўтарыў Шпачок, -- бо яны адказваюць на пытанне што? і выражаны назоўнікамі.
Ці згодны вы з маленькім Жучком? Што ён не сказаў пра дзейнік як галоўны член сказа?

Праверка

На наступны дзень Сарока вырашыла праверыць, ці вывучыў Шпачок  тэму "Галоўныя і даданыя члены сказа".
Яна сустрэла яго на сцяжынцы каля знаёмага пянька і, дастаўшы ліст паперы, паказала напісаны на ім сказ.
-- Лістапад -- апошні месяц восені, -- прачытаў Шпачок і скурчыўся, бо са страхам чакаў доўгую і халодную зіму. Чуў ён ад старэйшых, што зімою нялёгка прыходзіцца птушкам.
А Сарока падумала, што новае заданне яго так моцна настрашыла.
-- Ты анічога не ведаеш пра галоўныя члены сказа?
-- Ведаю. Я не прывык чужым розумам жыць! -- з гонарам заявіў Шпачок.
-- У такім разе растлумач пастаноўку працяжніка ў гэтым сказе, -- папрасіла Сарока.
-- Калі дзейнік і выказнік выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне, то паміж імі ставіцца працяжнік, -- растлумачыў Шпачок.
Прыдумайце сказ, у якім паміж дзейнікам і выказнікам ставіцца працяжнік.

Я ведаю...

Аднаго разу Жучок і Шпачок сядзелі ў хаце і пазяхалі: не ведалі, чым ім заняцца.
Нарэшце Шпачок прапанаваў сябру:
-- Шаноўны, давай пагуляем у "Я ведаю пяць жывёл".
Скрывіўся Жучок, як серада на пятніцу.
-- Учора цэлы дзень гулялі ў "Я ведаю пяць жывёл". Надакучыла!
-- Тады давай пагуляем у "Я ведаю пяць імён хлопчыкаў".
Ледзь не завыў Жучок.
-- Пазаўчора гулялі ў "Я ведаю пяць імён хлопчыкаў". Надакучыла!
Шпачок прайшоўся па хаце, падумаў, паразважаў і зноў прапанаваў:
-- Давай пагуляем у "Я ведаю пяць знакаў прыпынку". Такой гульні ў нас яшчэ не было.
-- Давай! -- ажывіўся сабачка. -- Ты першы пачынай.
-- Першы знак прыпынку -- кропка, -- сказаў Шпачок і запытальна паглядзеў на Жучка, як бы перадаючы яму эстафету.
-- Другі знак прыпынку -- коска! -- падхапіў Жучок.
-- Трэці знак прыпынку -- кропка з коскай, -- назваў Шпачок.
-- Чацвёрты знак прыпынку -- працяжнік! -- крыху падумаўшы, здагадаўся Жучок.
Засумняваўся Шпачок.
-- Хіба ёсць такі знак прыпынку?
-- Ёсць! -- упэўнена прагаварыў Жучок. -- Ён ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам, калі яны выражаны назоўнікамі ў форме назоўнага склону. Напрыклад: Мінск – сталіца Беларусі.
Ці згодны вы з Жучком? Назавіце дзейнік і выказнік у прыведзеным ім сказе.

Як Жучок і Шпачок збіраліся на рэчку

Жучок і Шпачок вырашылі схадзіць на рэчку. Шпачок узяў ручнік і выйшаў на двор. Стаіць, чакае сябра. А яго ўсё няма і няма.
-- Жучок, ты хутка выберашся з хаты? -- гукнуў, страціўшы цярпенне.
Сабачка высунуўся ў адчыненае акно.
-- Я сваю кепку ніяк не знайду. А без кепкі на рэчку не пайду: галаву сонцам напячэ. Пасля разбаліцца.
-- Жучок -- гэта зваротак, -- уголас разважаючы, адзначыў Шпачок.
-- Я не зваротак. Я Жучок! -- пакрыўдзіўся сабачка. -- Не абзывайся!
-- Я не абзываюся, -- пачаў апраўдвацца Шпачок. -- Я падумаў, што ў вымаўленым мною сказе слова "Жучок" з'яўляецца звароткам. Ты не ведаеш, што такое зваротак?
-- Краем вуха чуў, але добра не запомніў. Памяць у мяне курыная, -- паскардзіўся Жучок.
-- Ты проста няўважлівы. У цябе ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае, -- паўшчуваў Шпачок. -- Пастарайся запомніць наступнае правіла: зваротак -- гэта слова (ці спалучэнне слоў), што абазначае асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца ў размове. Зразумеў?
Жучок наморшчыў лоб.
-- Здаецца, зразумеў. Назаві сказ са звароткам, а я паспрабую яго знайсці.
-- Калі ласка, -- павесялеў Шпачок. -- Эх, ты, вясна!
-- Ты звярнуўся да прадмета пад назвай "вясна". Выходзіць, слова "вясна" -- зваротак, -- крыху паразважаўшы, здагадаўся Жучок.
Шпачок змахнуў пот з ілба.
-- Так. А цяпер яшчэ адзін сказ. Эх, ты, вясна жаданая!
-- Тут звароткам з'яўляецца не адно слова, а спалучэнне слоў, -- і на гэты раз здагадаўся Жучок і, азірнуўшыся, усклікнуў: -- Мая кепка на стале ляжыць, а я яе шукаю!
Жучок схапіў са стала кепку і выбег з хаты.
Прыдумайце сказы са звароткамі.

Няма прыставак?

-- А я ведаю загадку, якая складаецца з аднаго сказа, -- сустрэўшыся з Варонай, пахваліўся Шпачок.
Варона ўхмыльнулася.
-- Шпачок, ты сам як загадка. Так і быць. Паслухаю тваю загадку. Кар-р-р!..
Шпачок набраў у грудзі як мага болей паветра і на адным дыханні прамовіў:
-- Вярхом сядаю, на кім -- не знаю, знаёмага ўбачу -- адразу саскочу.  (З народнага.)
З выглядам знаўцы Варона паглядзела на Шпачка.
-- Нябось, не адгадаў загадку. Мне прыйдзецца галаву ламаць!
-- Адгадаў. Гэта шапка. А яшчэ мне трэба назваць у гэтай загадцы словы з прыстаўкамі.
-- Няма тут прыставак! --  заявіла Варона.
Ці ёсць словы з прыстаўкамі ў загадцы Шпачка?

Заблудзіўся

Нездарма кажуць: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца. Так сталася і з нявопытным маленькім сабачкам Жучком.
Аднаго разу ён адправіўся ў лес прагуляцца. Ды заблудзіўся ў лесе. Не ведае, у якім баку яго дом знаходзіцца. Вакол усё незнаёмае, страшнае: і дрэвы ўсе нейкія тоўстыя, і кусты ўсе нейкія вялізныя, густыя, і лясны ручай, здаецца яму, не цурчыць, а гучыць сярдзіта, быццам чмель.
-- Ау-у-у!.. -- моцна закрычаў Жучок.
Вавёрка з дупла выглянула, прачнулася.
-- Чаго крычыш, звярам спаць не даеш? -- пытаецца ў сабачкі.
-- Заблудзіўся я, -- прызнаўся Жучок.
-- Будзеш ведаць, як з дому ўцякаць! -- папракнула Вавёрка.
Не ведаў Жучок, што ў гэты дзень лясныя жыхары праводзілі конкурс "Утвары слова", у якім Вавёрка паказала сябе не з лепшага боку.
-- Ты можаш утварыць новае слова? -- запыталася яна.
-- Не! -- разгубіўся Жучок.
-- Тады атрымай! -- крыкнула Вавёрка і кінула ў Жучка яловай шышкай. Проста ў лоб яму трапіла.
Сабачка заскуголіў і пабег на злом галавы. Ды нядоўга бег, бо моцна стаміўся.
Сеў пад кусцікам, абхапіў лапкамі галаву і сказаў, скардзячыся:
-- Нялёгкі выдаўся для мяне дзянёк!
Прыбег ветрык, лісцем зашапацеў, Жучка асвяжыў, падбадзёрыў.
-- Я ўспомніў! -- усклікнуў Жучок. --Я магу ўтварыць новае слова!
Узяў ён востры кіёчак і напісаў на пяску...
Якія словы напісаў на пяску Жучок? Пакажыце, як утварыў ён новае слова.

Без настрою

Неяк Жучок папярэдзіў Шпачка:
-- Сёння ты мяне лепей не кранай, бо ў мяне няма настрою.
Шпачок не хацеў яшчэ больш псаваць настрой сабачку, але ўсё-ткі пацікавіўся:
-- Што здарылася з табою? Можаш сказаць?
Жучок апусціў галаву.
-- Нядаўна Сонечны Праменьчык прыляцеў і на лаўку сеў. Я лапкай да яго хацеў дакрануцца, а ён устрапянуўся і паскакаў па дарожцы. Відаць, спалохаўся, падумаў, што хачу пакрыўдзіць яго. А я... Я хацеў прывітацца з ім і расказаць, як жывецца мне, -- нявесела прамовіў Жучок і заморгаў вачанятамі.
-- Не перажывай. Зараз мы разам пойдзем і знойдзем той Сонечны Праменьчык. Ты здалёку з ім прывітаешся і раскажаш пра сябе.
-- Упэўнены, што яго знойдзем?
-- Абавязкова знойдзем! -- сказаў Шпачок.
Жучок падняў галаву, паглядзеў на сябра і ўсміхнуўся.
Назавіце ў казцы словы з прыстаўкамі.

Не з'явіліся на ўрок

У вучэбным дапаможніку “Беларуская мова” жыло-было Правіла разам са сваімі вучнямі -- Прыстаўкамі.
На ўроку Прыстаўкі дружна працавалі, стараліся, каб заслужыць пахвалу. А ў час перапынка на школьным двары гулялі, адпачывалі.
Аднаго разу, калі Прыстаўкі вярнуліся на ўрок, Правіла пацікавілася:
-- Ці ўсе тут?
-- Мы тут! -- дружна адказалі Прыстаўкі раз- (рас-), якія ў кнізе заўсёды знаходзіліся побач.
-- І мы тут! -- дружна крыкнулі неразлучныя Прыстаўкі з- (с-).
-- А дзе астатнія? -- строга запыталася Правіла.
-- Мы не ведаем! -- у адзін голас усклікнулі Прыстаўкі без- (бес).
 Якія Прыстаўкі на з- (с-) не з'явіліся на ўрок? Назавіце іх.

Лёгкае правіла?

-- Я сёння чуў, як дзяўчынка Насця вучыла правіла "Аднародныя члены сказа", -- сустрэўшы суседку Сароку, паведаміў Шпачок.
-- Ты яго, канешне, не запомніў, -- выказала здагадку Сарока.
-- Запомніў! Яно вельмі лёгкае. Хочаш паслухаць?
-- Хачу, -- адказала Сарока.
-- У сказе можа быць, -- урачыста пачаў Шпачок, -- некалькі дзейнікаў пры адным выказніку або некалькі выказнікаў пры адным дзейніку і некалькі даданых членаў сказа, якія адказваюць на адно і тое ж пытанне. Напрыклад: Мы пасеялі жыта і авёс.
-- Сарока незадаволена пакруціла галавою.
-- І гэта ўсё?
-- Усё! -- цвёрда прамовіў Шпачок.
Вы згодныя са Шпачком? Прачытайце ў падручніку тэму "Сказы з аднароднымі членамі " і скажыце, як трэба закончыць выказванне Шпачка.

З асаблівай інтанацыяй

-- Сарока-белабока, -- неяк звярнуўся да сяброўкі Шпачок, -- мне здаецца, што сказы з аднароднымі членамі трэба чытаць з асаблівай інтанацыяй.
-- Правільна табе здаецца, -- падхапіла Сарока. -- Гэтая інтанацыя называецца інтанацыяй пералічэння.
Задумаўся Шпачок.
-- Сарока-белабока, я не зусім добра разумею, што такое інтанацыя пералічэння. Ёсць лікі. Адзін, два, тры, чатыры... Мы іх лічым, іх шмат.  А аднародныя члены?..
-- Аднародных членаў у сказе таксама можа быць шмат. І два, і тры, і чатыры...
-- Цікава! -- зрабіў для сябе новае адкрыццё Шпачок. -- Лічым і пасля кожнага аднароднага члена прыпыняемся, робім паўзу...
-- А на месцы гэтай паўзы звычайна ставім коску, -- дадала Сарока.
-- Выходзіць, аднародныя члены можна выдзеліць у сказе не толькі пісьмова, падкрэсліўшы іх, але і інтанацыяй, пры дапамозе голасу! -- яшчэ адно новае адкрыццё зрабіў Шпачок.
∙ Прачытайце з інтанацыяй пералічэння наступны сказ: Бяроза, сасна, асіна, дуб, клён, ясень, ліпа, каштан -- гэта дрэвы.

Шыфроўка

-- Шыфроўка! У мяне шыфроўка!.. -- сустрэўшы на лясной сцяжынцы Сароку, закрычаў Шпачок.
-- Пацяшаешся з мяне? -- не паверыла Сарока. Не ведала яна, што Шпачок вырашыў праверыць яе кемлівасць, здагадлівасць.
-- Вельмі важная шыфроўка! -- перайшоў на шэпт Шпачок, каб яшчэ больш зацікавіць суседку.
І, трэба сказаць, яму гэта ўдалося.
Сарока  падскочыла і засакатала:
-- Пакажы, пакажы шыфроўку!
Шпачок хітра ўсміхнуўся і, дастаўшы з партфеліка  ліст, разгарнуў і прымацаваў яго да магутнай смалістай сасны.
Вось што ўбачыла на лісце Сарока.
                                                           Аднародныя члены
                                                                    злучнікі
                                    а, але                                                        і
                              O, а (але) O                                                O і  O
                                                                                                   O, і O, і  O
-- Кружочкі ўнізе, як я разумею, абазначаюць аднародныя члены сказа, -- пачала разгадваць незвычайную шыфроўку Сарока.
-- Ты правільна разумееш, -- махнуў дзюбаю Шпачок.
Сарока з выглядам пераможцы паглядзела на яго.
-- Значыць, можна прыйсці да вываду, што...
Сарока разгадала шыфроўку Шпачка. Паспрабуйце і вы яе разгадаць, выканаўшы наступныя заданні.
Закончыце думку наступнага сказа.
Аднародныя члены сказа могуць быць звязаны паміж сабой з дапамогай... .
Замест кропак устаўце патрэбныя словы.
Перад злучнікамі ..., ... заўсёды ставіцца коска.
Перад злучнікам ... , калі ён ужываецца ў сказе адзін раз, коска не ставіцца.
Перад злучнікам ..., ... , ... , калі ён паўтараецца ў сказе некалькі разоў, коска ставіцца.
Закончце думку сказа.
Калі аднародныя члены сказа звязваюцца без злучнікаў, з дапамогай інтанацыі, на пісьме паміж імі коска... .

Пахваліўся сяброўцы

Прыбег Шпачок да сяброўкі Сарокі і пахваліўся:
-- Я знайшоў верш, у якім гаворыцца, як коцік з кошкай танцуе!
Сарока якраз у хаце падмятала і любімую песеньку напявала:
Чыкі, чыкі сарока
                                                        Прыляцела здалёка,
                                                        Села ў пана на таку,
                                                        Меле крупы на муку.
                                                        А пан кажа: "Засяку!
                                                        Ў мяне шабля пры баку".
                                                        "Хоць і шабля пры баку,
                                                        Ад цябе я ўцяку!"
                                                                        З народнага.
Канешне, Сарока перастала спяваць, як толькі пачула, што Шпачок знайшоў незвычайны верш. Праўда, на хвілінку яна засумнявалася. А таму запыталася:
-- А ты не хлусіш?
-- Хіба я калі-небудзь табе хлусіў? -- з крыўдай прамовіў Шпачок.
Сарока прыязна ўсміхнулася Шпачку,  паставіла ў кут венік і села на канапу.
-- А ты не мог бы прачытаць гэты верш?
-- Магу. Я яго на памяць вывучыў, -- заявіў Шпачок і прачытаў выразна, каб перадаць перапаўняўшыя яго пачуцці:
                                                           А ты, коцік шэранькі,
                                                           Твой хвасточак беленькі.
                                                           Ходзіць кіска ля лаўкі,
                                                           Водзіць кошку за лапкі.
                                                                             З народнага.
-- Малайчына! Добра прачытаў! -- пахваліла суседа Сарока.
-- А ты ведаеш, што слова "кот" усё з'яўляецца асновай? -- запытаўся Шпачок.
-- Такога не можа быць! -- сказала, як адрэзала, Сарока.
А як лічыце вы? Слова "кот" усё з'яўляецца асновай?

Вось дык прывітаўся!

Прыйшоў Шпачок да Жучка ў госці, прывітаўся, як заведзена:
-- Добры дзень, Жучок!
А Жучок у адказ:
-- Добры дзень, прадмет.
Пачуўшы гэткае, Шпачок аж галавою страсянуў.
-- Не крыўдуй, -- вырашыў супакоіць яго Жучок. -- Ты прадмет, бо ты назоўнік.
Нахмурыўся Шпачок, глядзіць на Жучка, як кот на мыш.
А Жучок далей тлумачыць як нічога ніякага:
-- Назоўнік -- самастойная часціна мовы, якая змяняецца па склонах і ліках.
-- Ну і што? -- Шпачок топчацца ў парозе, а далей не праходзіць.
-- Назоўнік мае род: мужчынскі, жаночы і ніякі.
-- Ну і што?
-- Назоўнік абазначае прадмет. У граматыцы прадметам з'яўляецца не толькі канкрэтны прадмет (стол, напрыклад), але і асоба чалавека, і з'явы прыроды, і назвы дзеяння, і назвы прыметы, і назвы жывых істот. Зразумеў? -- прагаварыў Жучок.
-- Зразумеў, але ты мяне больш не называй прадметам. Тата і мама мяне заўсёды называюць Шпачком. Зразумеў? -- сказаў Шпачок.
Жучок апусціў галаву і ціха прамовіў:
-- Зразумеў.
Назавіце назоўнікі ў гэтай казцы.

Гаворка, размова...

-- Раптам з лесу данеслася гаворка, -- старанна піша Шпачок на белым аркушы паперы.
Побач на дубовым крэсле сядзіць Сарока, назірае.
-- Размова мяне зацікавіла, -- напісаў Шпачок і ўсміхнуўся. -- Сарока-белабока, а ў гэтых сказах ёсць блізкія па значэнні словы. Ты не магла б іх назваць?
Сарока зірнула на белы аркуш.
-- Чаму ж не! Гаворка -- размова.
-- Гаворка -- размова! -- у задуменні прамовіў Шпачок і нечакана ўсклікнуў: -- А гэтыя словы, як мне здаецца, адказваюць на пытанне што?
Ці згодны вы са Шпачком?
На якое пытанне адказваюць словы "гаворка", "размова"?
Як называецца часціна мовы, якая абазначае прадмет і адказвае на пытанні хто? што?
На сунічнай палянцы

У адным ляску стаяў вялікі і прывабны магазін "Цацкі", дзе лясныя жыхары куплялі падарункі сваім маленькім дзеткам. Яны прыходзілі ў прасторную залу і доўга хадзілі там, пазіраючы на паліцы. На паліцах стаялі самыя розныя цацкі, вабячы сваёй прыгажосцю.
Але ў магазіне, акрамя залы, была і невялікая кладоўка, у якой на палічцы, зробленай са звычайнай дошкі, таксама стаялі цацкі: Мядзведзік, Вавёрачка, Слон, Конь і перакошанае Кола, якое круцілася, калі праз разбітую шыбіну акенца ў кладоўку залятаў халодны вецер.
Гэтыя цацкі ніхто не купляў, бо, як сказаў вусаты загадчык магазіна, усе яны мелі дэфекты. Мядзведзік быў тоўсты-тоўсты, як надзьмуты паветраны шарык. Яго за гэта празвалі Круглячком. Конь быў вялікі, нібы слон, а Слон маленькі. Яго хвосцік нагадваў мышыны. З Вавёрачкі фарба аблезла, і яна стала паласатай, як тыгр. Вавёрачка сябравала са Сланом, часта прыходзіла да яго ў госці.
Аднаго дня Конь, якому вельмі надакучыла цесная і цёмная кладоўка, прапанаваў сябрам па няшчасці хоць не  на  доўга пакінуць яе і адправіцца на прагулку ў лес. 
Праз разбітае акенца цацкі вылезлі на двор і неўзабаве апынуліся на невялікай сунічнай палянцы. Пры дарозе, на пяньку, Конь заўважыў ліст паперы, на якім было напісана:
ён: вецер
яна: цацка
яно: акенца
-- Гэта нейкае зашыфраванае пісьмо! -- усклікнула Вавёрачка і з надзеяй паглядзела на Каня. -- Ты зможаш яго прачытаць?
-- Не ведаю! -- разгубіўся Конь.
-- А я ведаю! -- саскочыўшы з бярозкі, нечакана паведаміла белабокая Сарока. -- Растлумачыць вам, што гэта азначае?
-- Калі ласка! -- дружна закрычалі цацкі.
-- На лісце напісаны тры групы слоў -- тры роды назоўнікаў.
-- Якія роды? -- запытаўся Конь.
-- Вось ты, Конь, якога роду?
-- Я без роду, без племені.
-- Такога не можа быць, -- прамовіла  Сарока і расказала цацкам пра род назоўнікаў.
Ці згодны вы з Сарокай? Якога роду бываюць назоўнікі?

Як цацкі развесяліліся

-- Запомнілі, якога роду і ліку бываюць назоўнікі? -- запыталася ў цацак Сарока.
-- Запомнілі! -- за ўсіх адказаў Конь.
-- А чаго ж вы па лесе гуляеце? Ваша месца, па-мойму, у магазіне.
Конь пачырванеў і ціха прагаварыў:
-- Гаспадар магазіна трымае нас у цёмнай каморцы, бо мы непрыгожыя.
-- Усе мы з дэфектамі, -- дадаў Мядзведзік.
-- Мы нікому не патрэбныя, -- падаў голас Слон.
-- Нам ніхто не рады! -- усхліпнула Вавёрачка.
-- Пра нас даўно забыліся, -- уздыхнула Кола.
-- Такога не можа быць! -- затрывожылася, засакатала Сарока. -- Мне вы вельмі патрэбныя!
-- Навошта? -- разам усклікнулі цацкі.
-- У якасці слухачоў! Я з самага ранку лятаю, удзячнага слухача шукаю, адну цікавую гісторыю хачу расказаць. Ды чамусьці сёння ніхто мяне не слухае, усе занятыя, кудысьці спяшаюцца.
-- Нам раскажы цікавую гісторыю! -- тупнуў капытам па зямлі конь.
--  Калі ласка! Мы любім слухаць цікавыя гісторыі! -- падтрымалі Каня іншыя цацкі.
Сарока кашлянула, прачысціла горлачка і стала расказваць:
-- Намалюйце хатнюю жывёлу, -- аднаго разу папрасіла настаўніца першакласнікаў.
Нагнуліся дзеці, сталі старанна маляваць на белых лістах.
Настаўніца падышла да Міколкі, зірнула на ліст і запыталася:
-- Ты што тут малюеш?
-- Муху! – сказаў Міколка. --  Мухі – нашы хатнія жывёлы.
-- Ой! – вырвалася ў настаўніцы.
---Іншыя жывёлы ў нашай хаце не водзяцца, -- прагаварыў Міколка.
Цацкі  засмяяліся. І Конь, і Вавёрка, і Мядзведзік, і Слон, і скрыўленае Кола.
Запомнілі, якія назоўнікі ўжыла Сарока ў казцы? Назавіце іх і вызначце род і лік.

Скорагаворка

Сядзіць Жучок на лавачцы і ўсё паўтарае:
-- Пятрусь і Павел купілі ў краме пенал. Пятрусь і Павел купілі ў краме пенал...
Падышоў да яго Шпачок. А Жучок быццам не бачыць яго, паўтарае, як заведзены:
-- Пятрусь і Павел купілі ў краме пенал...
Не вытрываў Шпачок:
-- Шаноўны, табе не надакучыла адно і тое ж паўтараць?
На ўвесь рот усміхнуўся Жучок.
-- Гэта не адно і тое ж. Гэта скорагаворка. Каб правільна яе вымавіць, трэба доўга трэніравацца. Паспрабуй, скажы хутка-хутка: Пятрусь і Павел купілі ў краме пенал.
Шпачок кашлянуў і прамовіў:
-- Пятрусь і Павел купілі ў праме...
-- Была крама, а стала прама! -- гучна зарагатаў Жучок.
Шпачок прысеў і пачухаў лапкай шыю.
-- Сапраўды, язык можна зламаць.
-- Каб не зламаць язык, -- павучальным тонам пачаў Жучок, -- гэтую скорагаворку я вымаўляю не хутка, а павольна. Такую трэніроўку сабе прыдумаў. Зразумеў?
-- Зразумеў!.. Пятрусь і Павел... Хм... Жучок, звярні ўвагу: у гэтай скорагаворцы адзін прыметнік "купілі" трымае на сабе чатыры назоўнікі.
-- Але!-- кіўнуў галавою, пагадзіўся Жучок.
Ці з'яўляецца прыметнікам слова "купілі"?
Назавіце ў казцы дзеясловы.

Аркуш з заданнем

Па дарозе ішлі Пеўнік і Курачка. Ляцела Сарока і кінула на дарогу аркуш паперы. Прама пад ногі Пеўніку ўпаў ён. Пеўнік падняў яго і прачытаў:
-- Што вы ведаеце пра дзеясловы прошлага часу? Скажыце, калі ласка.
-- Цяжкае заданне! -- уздыхнула Курачка. 
А я ўжо зразумеў яго! -- паразважаўшы над заданнем, прамовіў Пеўнік.
Курачка падняла галаву.
-- Цікава было б паслухаць, што ты зразумеў.
--  Дзеясловы прошлага часу называюць дзеянні, якія адбываліся ў мінулым, і адказваюць на пытанні што рабіў? (што зрабіў?), што рабіла? (што зрабіла?), што рабілі? (што зрабілі?).
-- Я таксама нешта зразумела, -- перапыніла Пеўніка Курачка. І ёй  захацелася паказаць свае веды. -- Дзеясловы прошлага часу змяняюцца па ліках, а ў адзіночным ліку -- па родах.
-- Так, -- пагадзіўся Пеўнік і дадаў: -- А па асобах яны не змяняюцца.
-- А я магу змяніць дзеясловы прошлага часу і па асобах! -- заявіла Курачка. Вось паслухай: я пісала, ты пісала, яна пісала.
-- Ты мяняеш займеннікі 1-й, 2-й і 3-й асобы, дапісваючы іх да дзеяслова, які пры кожным з гэтых займеннікаў мае адзін і той жа канчатак, а гэта значыць, што сам дзеяслоў прошлага часу па асобах не змяняецца, -- сказаў Пеўнік.
-- Магчыма, -- сказала Курачка.
-- Хацелася б мне ведаць, чаму Сарока падкінула нам гэтае заданне! -- у задуменні прагаварыў Пеўнік.
-- Каб не засумавалі мы ў дарозе, -- здагадалася Курачка.
-- Я іду, -- сказаў Пеўнік і ўсміхнуўся.
-- Мы ідзём! -- падхапіла Курачка і пакрочыла па дарозе, заспяваўшы:
                                               Кую, кую ножку,
                                               Паеду ў дарожку,
                                               За чатыры мілі
                                               Падковачкі збілі.
                                                             З народнага.
Ці змяняюцца дзеясловы прошлага часу па асобах? Назавіце ў казцы дзеясловы прошлага часу.

Як адрозніць?

Сядзяць на крэслах Сарока і Шпачок, няспешна вядуць размову.
-- Я ўсё-ткі крыху заблытаўся, -- сказаў Шпачок, -- добра не ведаю, як адрозніць назоўнік ад іншай часціны мовы, якая, як і назоўнік, можа адказваць на пытанне куды?. Напрыклад: ляцець (куды?) у лес, (куды?) наперад.
-- Да назоўнікаў заўсёды можна паставіць два пытанні, -- адказала Сарока і прапанавала Шпачку: -- Паспрабуй паставіць два пытанні да назоўніка, які ўжываецца ў спалучэнні слоў "ляцець у лес".
-- Куды? у што? -- паставіў два пытанні да назоўніка Шпачок і прыязна ўсміхнуўся сяброўцы.
Прачытайце спалучэнні слоў.  Замяніце іх, як патрабуе ўзор.
 Узор. Паварочваць асцярожна --  паварочваць з асцярожнасцю.
Згаджацца ахвотна -- згаджацца ... , сказаць спагадліва -- сказаць... , аднесціся лёгка -- аднесціся..., глядзець сумна -- глядзець... , азірацца трывожна -- азірацца... .

Адзіночны і множны

-- Я нядаўна склаў прыгожы сказ! -- сустрэўшыся са Шпачком, пахваліўся Жучок.
-- Ну! -- падрыхтаваўшыся слухаць, прагаварыў Шпачок.
Жучок гучна кашлянуў, прачышчаючы горлачка, і прамовіў:
-- Дзетвара гуляюць у футбол.
Нахмурыўся Шпачок.
-- Трэба казаць "гуляе", а не "гуляюць".
-- Дзетвара -- іх жа многа! А гуляе -- адзін, -- не пагадзіўся, стаў тлумачыць Жучок.
Шпачок пакруціў галавою.
-- Большасць назоўнікаў маюць адзіночны і множны лік: дзень – дні.
-- Так, -- прагаварыў Жучок.
-- А некаторыя назоўнікі, -- далей працягвае Шпачок, -- не змяняюцца па ліках. Напрыклад: гуляем (гуляю) у шашкі, бяру (бярэм) абцугі, рэжу (рэжам) капусту.
-- Выходзіць, ёсць назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным і толькі ў множным ліку? Так? -- запытаўся Жучок.
-- Так, -- адказаў Паласацік.
Назавіце назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным і толькі ў множным ліку.

Дапамажыце

Казачныя героі Жучок і Шпачок вырашылі ўтварыць множны лік ад адзіночнага. Вось як гэта яны зрабілі:
сон -- сны, месяц -- месяцы, пара -- пары, дух -- духі, каса -- касы, шырыня -- шырыні, поўнач -- поўначы, кола -- калёсы.
Дапамажыце Жучку і Шпачку, выпраўце памылкі.


Памылка

Аднаго разу Шпачок прыбег да сяброўкі Сарокі і пахваліўся:
-- А я ўмею ставіць назоўнікі ў родным склоне!
-- Сам навучыўся? -- пацікавілася Сарока.
-- Не, Варона мне дапамагла, падказала. Яна для мяне нават Запіску-"дапамагатку" падрыхтавала. Аддала і на таполю паляцела, села, -- радуючыся, у рыфму загаварыў Шпачок.
-- Пакажы, калі ласка, Запіску-дапамагатку, -- папрасіла Сарока. Яна не давярала Вароне, бо ведала, што тая з халадком адносіцца да вучобы.
-- Глядзі, мне не шкада. У Запісцы-"дапамагатцы" ўсё-ўсё напісана: і на якія пытанні адказваюць назоўнікі ў родным склоне, і з якімі прыназоўнікамі ўжываюцца.  -- Шпачок паклаў на стол аркуш паперы.
Вось якую Запіску-"дапамагатку" ўбачыла Сарока:
                                                         Запіска-"дапамагатка"
                              каго? чаго?                  Р.                   дзе? куды? адкуль?
                                                ужываюцца прыназоўнікі
                                              ад, без, да, для, каля, у, з-за
Нахмурылася Сарока.
-- Тут ёсць памылка? -- захваляваўся Шпачок.
-- Ёсць, -- адказала Сарока.
-- А я  практыкаванне выканаў, назоўнікі у родным склоне паставіў так, як Запіска-"дапамагатка" мне падказала, -- разгубіўся Шпачок.
-- Пакажы, калі ласка, практыкаванне!
Шпачок моўчкі паклаў на стол яшчэ адзін аркуш паперы.
Вось як выканаў ён практыкаванне.
Кніга ад суседа, галінка ад таполі, верш ад паэта, акуляры ад дзядулі.
-- Не так! -- сказала Сарока.
Якую памылку зрабіла Варона, складаючы Запіску-"дапамагатку"?  

Зрабіў непрыгожымі

-- А я ўмею змяняць па склонах назоўнікі жаночага роду. Я іх у сшытку запісаў, -- аднойчы пахваліўся Шпачок Сароцы.
-- Калі ласка, пакажы, -- зацікавілася Сарока.
Шпачок разгарнуў сшытак.
-- Глядзі. Гэтыя назоўнікі я паставіў у давальным і месным склонах. Вучыся!
-- Нага -- наге, мука -- муке, страха -- страхе, -- прачытала Сарока і ўсклікнула: -- Я не хачу так вучыцца!
-- Хіба я запісаў гэтыя назоўнікі няправільна? -- абурыўся Шпачок.
-- Канешне, няправільна. Ты іх зрабіў непрыгожымі, -- сказала Сарока.
-- Такога не можа быць! -- запярэчыў Шпачок. -- Я вельмі стараўся.
Ці правільна запісаў Шпачок назоўнікі? Пастаўце  іх у давальным і месным склонах як патрабуе правіла.

Патрэбна дапамога

-- Цяжка мне даецца тэма "Правапіс канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах", -- паскардзіўся Сароцы Шпачок.
-- Ты хочаш, каб я табе дапамагла? -- запыталася Сарока.
-- Я ўжо Салаўя прасіў, каб Запіску-"дапамагатку" мне прыслаў, -- паведаміў Шпачок.
-- Уважыў тваю просьбу братка Салавей?
-- Уважыў, але не зусім.
-- Шпачок, я цябе не разумею! -- разгубілася Сарока.
-- Братка Салавей прыслаў незакончаную Запіску-"дапамагатку", -- сказаў Шпачок і працягнуў сяброўцы ліст паперы.
Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і ўбачыла вось такую Запіску-"дапамагатку", складзеную Салаўём.
              Правапіс канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў Д. і М. склонах
                                             Пішацца канчатак -е,
Н. нага, муха, рама            калі  ў Н. склоне перад канчаткам стаіць г, х або цвёрды
Д., М.                              зычны.
                                             Пішуцца канчаткі -э, - ы,
Н. шчака, фабрыка            калі ў Н. склоне перад канчаткам стаіць к або канчатак
Д., М.                              націскны.
Перад дзюбкай Шпачка Сарока патрэсла лістом.
-- Салавей амаль усё зрабіў! Табе засталося толькі паставіць гэтыя назоўнікі ў давальным і месным склонах.
-- Не выходзіць! -- скрывіўся Шпачок.
-- Падумай і выйдзе.
-- Мне сёння чамусьці зусім не думаецца, -- зусім зажурыўся Шпачок.
Дапамажыце Шпачку, пастаўце дадзеныя назоўнікі ў давальным і месным склонах.

Вагі і…

У нядзелю прыйшоў Жучок у госці да Шпачка.
-- Давай пагуляем, -- прапанаваў Шпачок.
-- Давай! – кіўнуў калматаю галавою сабачка.
-- Адгадай: як называецца прылада для вызначэння вагі? – распачаў гульню Шпачок.
-- Напэўна, вагі, -- няўпэўнена пачаў Жучок.
-- Адгадаў! -- усміхнуўся Шпачок і задаў новае пытанне: -- А як называецца лятальны апарат, прыстасаваны для ўзлёту і пасадкі без разбегу?
Падахвочаны пахвалою сябра, Жучок сказаў больш упэўнена:
-- Верталёт! Ім кіруе пілот.
-- А як называюцца цёплыя краіны, у якія адлятаюць птушкі? --  не дае засумаваць Жучку Шпачок.
 -- Вырай! – адразу ж здагадаўся Жучок. У мінулым годзе ён залез на высокую горку і доўга глядзеў на птушак, якія адпраўляліся ў вырай.
-- А што патрэбна дзеткам для працы ў пясочніцы? – зноў запытаўся Шпачок.
-- Дзеткі ў пясочніцы гуляюць, а не працуюць. Гульня -- не праца, -- не пагадзіўся  з сябрам Жучок.
-- Магчыма, -- не стаў спрачацца Шпачок.
Да якой часціны мовы належаць словы “вагі”, “верталёт”, “вырай”, "вядзёрка”?

У роспачы

Прыбег Жучок да Шпачка і закрычаў з парога:
-- Прапаў! Я прапаў!
Шпачок якраз на ложку ляжаў, адпачываў.
Ускочыў ён з ложка.
-- Што здарылася, даражэнькі?
Жучок дастаў з кішэні аркуш паперы і працягнуў сябру.
-- Чытай!
Шпачок узяў у сабачкі лісток, не без хвалявання разгарнуў яго і прачытаў уголас:
-- Пазнайце па наступных прыметах прадмет: белы і халодны. Хто не пазнае, той сталёвымі таўкачамі ад мяне атрымае. Дамавічок.
Жучок з надзеяй зірнуў на Шпачка.
-- Прапаў?
Шпачок страсянуўся, як пасля халоднага дажджу.
-- Не разумею! Не дайшло!
-- А што ж тут разумець! -- зусім панурыўся Жучок. -- Нядобры Дамавічок у маёй хаце завёўся. Патрабуе, каб прадмет па яго прыметах я адгадаў. Калі сталёвымі таўкачамі не пачастуе, то спаць не дасць. Усю ноч пад печчу будзе тупацець. Так ужо было нядаўна.
-- Белы і халодны... Гэта, мабыць... Мабыць... -- стаіць, разважае Шпачок.
-- Ну! -- не вытрываў, падахвоціў яго Жучок.
-- Гэта снег! -- усё-ткі здагадаўся Шпачок.
-- Снег! Сапраўды, гэта снег! -- узрадаваўшыся, усклікнуў Жучок. -- Яшчэ адзін прадмет пазнай, калі ласка, Шпачок!  Доўгі і зялёны. Што гэта?
-- Агурок на градцы.
-- А белы і салодкі?
-- Цукар.
-- А буры, вялікі і дужы?
-- Мядзведзь! -- сказаў, як паставіў кропку Шпачок.
Назавіце ў казцы прыметнікі.

Здарэнне ў лесе

Нездарма кажуць: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца. Так здарылася і з цацачным мядзведзікам Круглячком.
Аднаго разу ён непрыкметна выйшаў з магазіна "Цацкі" і па лясной дарозе накіраваўся на сунічную палянку ў госці да Сарокі.
У лесе вольна, прасторна. Ідзе Круглячок, песеньку спявае, якую сам жа, на хаду, прыдумаў:
                                               Конь ў кладоўцы -- гэта ён.
                                               А вялікі, быццам Слон.
                                               А Вавёрачка -- яна.
                                               Ў госці ходзіць да Слана.
                                               Кола круціцца -- яно.
                                               Вось такое ў нас кіно.
                                               Няхай слухаюць яны.
                                               Ў мяне праўда без маны.
Круглячок скончыў спяваць, азірнуўся. Вакол усё незнаёмае, чужое, страшнае: і дрэвы ўсе вялікія, і кусты ўсе густыя, і сцежка вузенькая, і лясны ручай, здаецца, не журчыць, а гудзіць сярдзіта, быццам загадчык магазіна "Цацкі".
"Заблудзіўся я, з дарогі збіўся", -- здагадаўся Круглячок і  закрычаў што ёсць сілы:
-- Ау-у-у!..
На яліне Варона сядзела, драмала.
-- Таўсцячок, чаго раскрычаўся на ўвесь лес? -- прабурчала яна.
-- Да Сарокі ў госці іду, але заблудзіўся. Цётачка, не падкажаце, як трапіць да яе  на сунічную палянку?-- нясмела запытаўся Круглячок.
Варона падскочыла і пагайдалася на галінцы.
-- Падкажу, калі выканаеш маё маленькае заданне.
Круглячок апусціў галаву.
-- Я на знаёмую дарогу хутчэй хачу выйсці.
-- Адмаўляешся, значыць? Ну, тады ў вёску палячу, там чым-небудзь пацешуся.
" Цётка Варона зараз паляціць,  і я застануся адзін у густым лесе", -- падумаў Круглячок і ўсклікнуў:
-- Я выканаю ваша заданне!
-- Слухай. Я буду расказваць верш, а ты яго запамінай. Потым назавеш прыметнік, які ў ім ужываецца. Затым вызначыш, з якой часцінай мовы ён звязаны. Я люблю прыметнік. Гэтае слова такое гучнае, што на ўвесь лес вымаўляецца.
Круглячок наставіў вушкі.
-- Я слухаю вас.
Варона шырока раскрыла дзюбу і пракрычала:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Дарожка ліхая,
                                                         Кабылка кульгае.
                                                                      З народнага.
Дапамажыце Круглячку, назавіце прыметнік у тэксце верша. Да якога слова ён адносіцца?

Захацелася праверыць

Аднаго дня Шпачку вельмі захацелася праверыць, ці на самай справе Сарока такая вялікая разумніца.
Шпачок вырашыў зрабіць гэта непрыкметна, каб не здагадалася і не пакрыўдзілася сяброўка.
Калі Сарока прыйшла да яго ў госці, ён сеў за стол і цяжка ўздыхнуў.
-- У цябе непрыемнасці? -- занепакоілася Сарока.
-- І не пытайся! -- адно што не заплакаў хітрун. -- У маім доме завёўся нядобры Дамавічок.
Сарока ўважліва паглядзела на суседа.
-- Доказы ў цябе ёсць?
-- Вось мае доказы! – усклікнуў Шпачок і высока падняў над галавою спісаны няроўным почыркам ліст паперы.
Сарока ўзяла ў Шпачка гэты ліст, уважліва яго прачытала і сказала:
-- Значыць, ён просіць выканаць заданне?
-- Патрабуе! -- удакладніў Шпачок.
-- Яно не вельмі цяжкае, -- прамовіла Сарока і хутка выканала заданне "Дамавічка".
Выканайце і вы заданне "Дамавічка". Адгадайце, у якім парадку стаялі прыметнікі ў сказе. Вызначце  род, лік і склон гэтых прыметнікаў і абазначце іх канчаткі.
Неўзабаве … сонечны праменьчык дакрануўся да … бярозкі, якая ўзвышалася каля … крынічкі.
Для даведкі: гаманлівы, стройны, яркі.

Разумніца

Выканаўшы заданне "Дамавічка", Сарока папрасіла Шпачка:
-- Уключы, калі ласка, тэлевізар. Вось-вось пачнецца мая любімая перадача "У свеце жывёл".
А Шпачку яшчэ хочацца праверыць кемлівасць Сарокі.
-- Я ўключыў бы, але ж...
-- У цябе ёсць яшчэ адно заданне Дамавічка? -- здагадалася разумная Сарока.
-- Ёсць. Ён мне спаць не дасць, калі не выканаю яго.
-- Хм, -- хмыкнула сяброўка.
-- Не дасць спаць! -- паўтарыў Шпачок.
-- Ты бачыў Дамавічка калі-небудзь?
-- Не раз і не два бачыў. Ён маленькі, як жучок.
-- Такога маленькага баішся? -- усклікнула Сарока.
-- Кулачкі ў яго як жалезныя, -- панурыўся Шпачок.
-- Пакажы заданне! -- папрасіла Сарока.
Шпачок дастаў з шуфлядкі яшчэ адзін ліст паперы, на якім было напісана заданне "Дамавічка".
Сарока села за стол, выканала яго і ўсміхнулася сябру.
-- Сарока-белабока, ты вялікая разумніца! -- сказаў Шпачок і ўключыў тэлевізар.
Выканайце і вы заданне "Дамавічка". Вызначце, да якога назоўніка і ў чым дапасуюцца прыметнікі. Дапішыце іх канчаткі.
 Наступіла вясна. Зялён.. травой упрыгожыўся луг. Вясёл.. песняй сустракае вясну жаваранак. У высок.. небе плывуць лёгк.. хмаркі, падобныя на пушынкі.

Памыліўся

Сустрэліся на сцяжынцы Шпачок і Камар.
-- Учора да нас на балота Сарока прылятала, з намі, Камарамі, праводзіла ўрок "Граматычная сувязь прыметніка з назоўнікам у родзе і ліку". Скажу табе па сакрэту: я лепей за ўсіх засвоіў гэтую тэму, -- пахваліўся Камар.
Шпачок пераступіў з лапкі на лапку.
-- Граматычная сувязь прыметніка з назоўнікам у родзе і ліку?.. Не разумею, што гэта такое.
-- Прыметнікі змяняюцца па родах, ліках і склонах, -- стаў тлумачыць Камар.--  Прыметнік мае той жа самы род і лік, што і назоўнік. Вось і ўсё.
-- Які ж ты разумненькі, Камарык, насаты тварык! -- усклікнуў Шпачок.
Якую памылку зрабіў Камар, сказаўшы "прыметнік мае той жа самы род і лік,  што і назоўнік".

На дзень нараджэння

На дзень нараджэння Сарока падарыла Шпачку кнігу вершаў. Кніга была зусім новая.
Шпачок паўдня цешыўся, малюнкі ў кнізе разглядваў, а потым знайшоў зацішны куточак пад кусцікам і пачаў чытаць.
Прыляцеў Камар, прывітаўся:
-- Добры дзень, Шпачок.
Шпачок таксама прывітаўся з Камаром і пахваліўся:
-- А мне Сарока на дзень нараджэння  падарыла кнігу. У гэтай кнізе цікавыя вершы!
-- Добрыя вершы? -- пацікавіўся Камар.
-- Цудоўныя! -- адказаў Шпачок. -- Паслухай!
                                               Кую, кую ножку –
                                               Паедзем у дарожку,
                                               За чатыры мілі,
                                               Па масла, па сыры.
                                               Дарожка крывая,
                                               Кабылка кульгае,
                                               А ножка малая.
                                                          З народнага.
-- Някепскі верш! -- прапішчаў Камар.
-- У гэтым вершы ёсць прыметнік "малая". Дапамажы мне вызначыць яго род і лік, -- папрасіў Шпачок.
Камар падняў угору правую ножку, як людзі, бывае, паднімаюць указальны палец, калі штосьці стараюцца даказаць.
-- Гэты прыметнік мужчынскага роду множнага ліку, бо ён адказвае на пытанне  якая?".
-- Няправільна! -- затрос галавою Шпачок.
Камар  дудачкай выцягнуўся.
-- Чаму гэта няправільна?
-- Бо я ведаю!.. Я ўжо ўсё ведаю пра род і лік  прыметнікаў. Мне нядаўна сяброўка Сарока растлумачыла.
Камар ад крыўды раздзьмуўся, стаў тоўсты, нібы хрушч.
-- Чаму ж ты тады, такі  вялікі разумнік, пытаешся ў мяне?
Шпачок з сілай загарнуў кнігу.
-- А я хацеў праверыць, на што ты здатны!
Хто мае рацыю ў гэтай спрэчцы? Дакажыце.

Тонкая

Як кажуць у народзе? Дзе тонка, там і рвецца. Не верыце ў такое выказванне? Тады паслухайце.
Маленькі Жучок прыбег са школы дамоў і крычыць:
-- Тонкая!.. Тонкая!.. Я ведаю!.. Я ведаю!..
-- Што ты ведаеш? -- з недаўменнем запытаўся ў сына Сабака-бацька.
-- Тонкая!.. Тонкая!.. Я ведаю!
Сабака-бацька махнуў лабастаю галавою.
-- Завёў адно і тое ж!
-- Тонкая!.. Тонкая!.. Я забыўся, да якой часціны мовы адносіцца гэтае слова! -- заплакаў Жучок.
Да якой часціны мовы адносіцца слова "тонкая"?

Не пускае

Цёплым летнім днём да сабачкі Жучка патэлефанаваў Шпачок і прапанаваў:
-- Давай на рэчку сходзім, пазагараем крыху.
-- З радасцю схадзіў бы, пазагараў, але ёсць адна праблема, не пускае яна мяне, -- адказаў Жучок.
-- Зноў Дамавічок пра сябе напомніў? -- здагадаўся Шпачок.
Жучок зірнуў пад печ, дзе жыў неспакойны Дамавічок, і прамовіў шэптам:
-- Напомніў, хоча, каб яго заданне выканаў.
Дапамажыце Жучку, выканайце заданне Дамавічка. Вось яно.
Выберыце патрэбнае.
Не (ня) як прыстаўка пішацца з прыметнікамі разам:
а) калі слова (ужываецца; не ўжываецца) без не: нясцерпны боль;
б) калі прыметнік з не (ня) (можна замяніць; не заменіш) сінонімам без не: нядобры сусед.

На беразе рэчкі

На беразе рэчкі сядзелі Шпачок і Сарока. Адзін гарэзлівы Шчупачок вырашыў іх напалохаць. Падплыў да берага, з усёй сілы пляснуў па вадзе хвастом і схаваўся ў густым аеры.
Але не спалохаліся Шпачок і Сарока. Шпачок дык усклікнуў у захапленні:
-- Ух ты!
-- Шаноўны Шпачок, якое слова ў выразе "ух ты!" з'яўляецца займеннікам? -- запыталася Сарока.
-- Я некалі чытаў пра асабовыя займеннікі, але ўжо ўсё забыўся, вылецела з галавы, -- шчыра прызнаўся Шпачок.
-- Давай успомнім! -- ускочыла Сарока. Яна не любіла сядзець проста так. -- Якое слова ты выкарыстаеш, калі будзеш расказваць пра сябе?
-- Я, канешне, -- адказаў Шпачок.
-- А калі будзеш расказваць і пра сябе, і пра мяне?
-- Мы, напэўна.
-- Я, мы -- гэта займеннікі. Запомні! -- адзначыла Сарока і адразу ж задала новае пытанне: -- А як назавеш сваю сяброўку, мяне, напрыклад?
Шпачок усміхнуўся.
-- Ты!
-- А калі б я была на многа старэйшая за цябе, то як да мяне звярнуўся б?
-- Вы!
-- Ты, вы -- таксама займеннікі! Яны ўказваюць на асобу ці прадмет.
-- А ёсць яшчэ займеннікі ён, яна, яно, яны. Яны таксама ўказваюць на асобу ці прадмет, -- успомніў Шпачок і, ускочыўшы, стаў маршыраваць па беразе, гучна вымаўляючы ў такт крокам: -- Я, мы!
-- Ты, вы! -- прагаварыла Сарока і таксама стала маршыраваць па беразе.
-- Ён, яны! -- гукнуў Шпачок.
-- Яна, яно! -- падхапіла Сарока.
 Як два бравыя салдаты, маршыруюць Шпачок і Сарока і цвёрда вымаўляюць у такт:
-- Я, мы! Ты, вы! Ён, яна! Яно, яны!
А Шчупачок пазірае на іх з вады і думае: "Вось якія яны разумнікі!"
 Запішыце нагаданыя героямі казкі займеннікі ў два слупкі:
                                         Займеннікі
ў адзіночным ліку                                       ў множным ліку

Схаваліся займеннікі

Сябры-суседзі Жучок і Шпачок сядзелі на лаўцы. Побач у агародзе дружнаю сцяною стаялі каласы жыта.
-- Люблю глядзець на залатыя каласкі! – усклікнуў Шпачок.
-- У слове “залатыя” схавалася іншае слова, -- заўважыў Жучок.
-- Слова ў слове? -- засумняваўся Шпачок.
-- У гэтым слове схавалася слова "ты", -- хуценька назваў патрэбнае слова Жучок.
-- Сапраўды! -- здзіўлена прагаварыў Шпачок, а потым дадаў: -- І слова “я” схавался ў слове “залатыя”. "Ты", “я” -- гэта займеннікі.
-- Давай падбіраць словы, у якіх схаваліся займеннікі, -- прапанаваў Жучок.
-- Давай! -- пагадзіўся Шпачок і адразу ж назваў такое слова: -- Мыш!
-- Выраз, -- назваў сваё слова Жучок.
-- Тын, -- сказаў Шпачок.
-- Такога слова няма! -- запярэчыў Жучок.
-- Гэта такі плот. Праз яго нялёгка пераскочыць, -- прамовіў Шпачок і падскочыў на падлозе, успомніўшы, як яму прыйшлося аднаго разу скакаць цераз тын, уцякаючы ад раз'юшанага пеўня.
-- А я...  Я ведаю слова, у якім схаваліся чатыры займеннікі! -- заявіў Жучок.
Шпачок усміхнуўся, не паверыў Жучку. А дарма. Сабачка сказаў чыстую праўду. Ёсць такое слова. Назавіце яго.
Падказка да гэтага слова:
-- Якія павінны быць рукі перад ядою?

Сачыненне

Аднаго разу Шпачок і Жучок вырашылі разам напісаць сачыненне.
Шпачок напісаў:
-- У цэнтры вёскі стаіць школа. Яна пабудавана з цэглы.
Жучок напісаў далей:
-- Будынак школы прыгожы. Такі будынак пабудаваны і ў суседняй вёсцы.
Шпачок закончыў:
-- У нашай школе адзінаццаць класаў. Гэтулькі ж класаў і ў школе суседняй вёскі.
Стаіць Жучок, усміхаецца, задаволены, што сачыненне ўдалося так хутка напісаць.
А Шпачок падкрэсліў словы "школа", "прыгожая", "адзінаццаць" і папрасіў:
--  Жучок, знайдзі ў нашым сачыненні словы, якія ўжываюцца замест падкрэсленых слоў. Да якой часціны мовы яны адносяцца?

Адгадаў!

-- А я ведаю слова, у якім тры галосныя трымаюць на сабе шэсць зычных, -- пахваліўся, вырашыў здзівіць Шпачка Жучок.
-- Гэтае слова, думаю, складаецца з трох складоў, -- выказаў здагадку Шпачок.
Жучок з павагай паглядзеў на суседа.
-- Так.
Шпачок далей разважае, стараецца адгадаць загаданае Жучком слова:
-- У гэтым слове побач стаяць дзве аднолькавыя літары.
"Наш Шпачок самы разумны ў вёсцы шпачок, як піць даць", -- падумаў Жучок і кіўнуў галавою.
-- У гэтым слове ёсць нескладовы зычны гук [й]. Так?
-- Ты хутка адгадаеш гэта слова! -- усклікнуў Жучок.
-- Я яго ўжо адгадаў. Яно абазначае назву вядомай нам часціны мовы.
Якое гэта слова? Назавіце яго, калі ласка.

Сустрэча з Мядзведзем

Аднаго разу, так здарылася, Сарока і Шпачок трапілі ў цёмны-цёмны яловы лес, куды нават сонца не прабівалася.
-- Тут так  ціха! -- прамовіла Сарока.
-- І так няўтульна! -- скурчыўся Шпачок.
-- Давай разбудзім гэтую цішыню, -- прапанавала Сарока.
-- Як? -- не зразумеў Шпачок.
--  Песняй. Будзем спяваць. Я і ты.
-- Песняй разбудзім, -- пагадзіўся Шпачок і заспяваў, засвістаў на ўсе лады.
Сарока паглядзела на яго, усміхнулася і застракатала.
Неўзабаве мурашак у вялікім мурашніку разбудзілі птушкі. Захадзілі, заварушыліся мурашкі, прыслухоўваючыся. За мурашкамі розныя жучкі, чарвячкі прачнуліся,  на пянькі пазалазілі, каб убачыць  спевакоў.
Неспадзявана з самага гушчару вылез вялікі надзьмуты Мядзведзь. У гэты дзень ён быў не ў духу.
-- Прыйшлі сюды спяваць, цішыню тут парушаць!.. Хто дазволіў?.. Я разбяруся!.. -- насварыўся Мядзведзь і пайшоў без настрою.
Сарока паглядзела яму ўслед і прагаварыла ў задуменні:
-- Спяваць, парушаць -- гэта неазначальная форма дзеяслова.
-- На якія пытанні адказваюць дзеясловы ў неазначальнай форме? -- уздыхнуўшы, пацікавіўся Шпачок.
-- На пытанні што рабіць? або што зрабіць? -- адказала Сарока.
Назавіце дзеясловы ў неазначальнай форме.

Са слязамі на вачах

Запыхаўшыся, прыбег Жучок да Шпачка і выпаліў з парога:
-- Мой Дамавічок зноў з-пад печы вылез, заданне мне даў!
-- Цяжкае заданне? -- пацікавіўся Шпачок.
-- Вельмі цяжкае! Хоча, каб я раскрыў дужкі і напісаў словы правільна. Зірні, калі ласка! -- Жучок дастаў з кішэні і паклаў на стол згорнуты аркуш паперы.
Шпачок разгарнуў яго і вось што ўбачыў:
Прыйшлі (ў)лес.
(У)гразь (у)лез.
-- Прыдумаў дык прыдумаў Дамавічок! -- цяжка ўздыхнуў Жучок.
-- Не ведаеш, як пішацца ў першым радку “(ў)лес”? -- звярнуўся да сабачкі Шпачок.
-- Не ведаю! Ні ў першым, ні ў другім!.. -- прамовіў Жучок са слязамі на вачах.
Дапамажыце Шпачку, растлумачце яму правапіс гэтых слоў.

Гульня ў святлафор

Сарока і Шпачок прыйшлі ў сасновы бор.
У сасновым бары цікавае жыццё ідзе: сонца ласкава свеціць, птушкі весела спяваюць, матылькі мільгаюць, лятаюць.
-- Добра, калі сонейка свеціць, усміхаецца, -- прамовіў Шпачок.
-- Вельмі добра, -- пагадзілася Сарока і прапанавала сябру: -- Давай і мы сонейку ўсміхнёмся.
-- Давай! -- узрадаваўся Шпачок.
Сталі яны побач і так прыемна ўсміхнуліся сонейку, што яно яшчэ больш  расцвіло.
Заўважыла іх вядомая свавольніца Вавёрачка. Замахнулася шышкаю і закрычала з сасны:
-- Не прапушчу вас, калі са мною ў святлафор не пагуляеце. -- Гульня простая: я называю слова, а вы падбіраеце да яго іншае  -- антонім -- дзеяслоў у пачатковай (неазначальнай) форме. Першае маё слова такое: загарацца.
-- Антонім да яго -- тухнуць, -- сказала Сарока.
-- Праходзь, -- дазволіла Вавёрачка і ў Шпачка пытаецца: -- А які антонім ты падбярэш да слова "падняць"?
-- Апусціць, -- сказаў Шпачок. І для яго загарэўся зялёны агеньчык святлафора.
Назавіце дзеясловы ў неазначальнай форме. Падбярыце да іх антонімы або сінонімы.

Разгубіліся

Гэты тыдзень выдаўся дажджлівы.
Жучок і Шпачок сядзелі на ганку і чыталі кнігу, якая ляжала на століку.
-- Табе дамоў трэба бегчы, -- звярнуўся да суседа Шпачок. -- Вось-вось вялікая навальніца пачнецца. Чуеш, як пагрозліва грыміць за вёскай?
Жучку не хацелася бегчы дамоў. Да вечара яшчэ далёка, нябачнае сонца не хутка схаваецца за гарызонт. Прыйдзецца аднаму сядзець і сумаваць, гледзячы на бясконцы дождж.
-- Маё любімае апавяданне пра птушак прачытаем, і пабягу я хутка-хутка. Ніякая навальніца мяне не дагоніць, -- паабяцаў Жучок.
"Хоць маленькі, а смелы, сапраўдны герой!" -- з павагай гледзячы на Жучка, падумаў Шпачок.
Неспадзявана з-за ганка вылецеў моцны вецер, гучна свіснуў, падхапіў кнігу і ўверх, як лёгкую пярынку, падкінуў.
З любімага апавядання Жучка імгненна прапалі словы "знайсці",  "хаваюцца", "хадзіць", "убачыць", "збіраць". Па ўсёй кнізе раскідаў іх гарэза-вецер.
Вось якім стала апавяданне.
Алесь восенню разам з татам любіў … у лес і … там грыбы. У лесе можна …  і прыгожага баравіка, і рыжую лісічку. Баравікі звычайна … пад кусцікамі. А лісічкі можна … і на палянцы.
Глядзяць на такое апавяданне Жучок і Шпачок і сваім вачам не вераць. Разгубіліся, не ведаюць, што рабіць.
Дапамажыце Жучку і Шпачку, устаўце ў тэкст параскіданыя ветрам словы.


Пахваліўся

Неяк сустрэліся на сцяжынцы Шпачок і Жучок. Пра сяброў пагаварылі, некаторым костачкі перамылі. А потым Жучок вырашыў паказаць, што ён самы граматны і разумны.
-- Дарагі Шпачок, -- так пачаў ён, -- я нядаўна чуў, як дзяўчынка Насця вучыла такую важную тэму, як пераходныя і непераходныя дзеясловы. Скажу табе па сакрэту: усё зразумеў, усё засвоіў! Лепей за ўсіх, напэўна.
-- А я нічога не ведаю аб пераходных і непераходных дзеясловах, -- пачырванеўшы, сказаў Шпачок. -- Ты не мог бы мне даходліва растлумачыць?
-- Пераходныя ёсць пераходныя, -- стаў тлумачыць Жучок. -- Яны ўсюды пераходзяць. І вуліцу, і з класа ў клас пераходзяць, і нават у другую сям'ю могуць перайсці. А непераходныя дзеясловы сціплыя. Яны дома сядзяць, нікуды не выходзяць.
Шпачок з недаверам паглядзеў на Жучка.
-- Гэта ўсё тваё тлумачэнне?
-- Яно хоць маленькае, але правільнае, -- прамовіў Жучок і з выглядам знаўцы паглядзеў на Шпачка.
Вы згодны з Жучком? Назавіце пераходны дзеяслоў у казцы.

Сустрэча з незнаёмцамі

-- Аднаго дня Сарока і Шпачок сустрэлі ў сваім ляску двух незнаёмцаў: адзін з іх быў старэйшы, а другі крыху маладзейшы. Старэйшы выглядаў як важны чыноўнік: у чорным касцюме з іголачкі, пад гальштукам. А маладзейшы быў апрануты па-спартыўнаму: у блакітнай кашулі, у джынсах, на нагах красоўкі.
Незнаёмцы спыніліся на невялікай сунічнай палянцы і сталі гучна спрачацца. Першы пачаў старэйшы.
-- У цябе, -- сказаў ён маладзейшаму, -- памяць курыная.
У маладзейшага твар на чырвоныя плямы пабіла, як пачуў гэткае.
-- А ты... Ты!.. Ты з задзёртым носам ходзіш і нічога вакол сябе на бачыш! -- нарэшце падабраў ён слоўцы, каб укалоць сябрука.
-- Яны ў гарачай вадзе купаныя, зараз паб'юцца, -- шапнуў Шпачок Сароцы.
-- Мабыць, -- адзначыла Сарока, уважліва назіраючы за незнаёмцамі.
Твар у старэйшага скрывіўся, быццам яму па шчацэ балюча выцялі.
-- Я... Я выклікаю цябе на дуэль! -- заявіў ён малодшаму.
-- О! Не на жарты яны разышліся! -- прамовіла Сарока і загадала Шпачку: -- За мною!
Птушкі падляцелі да незнаёмцаў і апусціліся на сцяжынку.
Незнаёмцы, было відаць, разгубіліся. Не спадзяваліся яны, што хтосьці ў густым лесе іх сварку пачуе.
-- Добры дзень, -- прывіталася Сарока. -- Вы хто? Хацелася б з вамі пазнаёміцца.
У старэйшага вочы забегалі, як у злодзея, на якім шапка гарыць, але ён узяў сябе ў рукі, сказаў роўным голасам:
-- Я Тэкст-апавяданне.
-- А я Тэкст-апісанне, -- цяжка ўздыхнуўшы, адрэкамендаваўся маладзейшы.
-- Чаго вы так моцна спрачаецеся? -- не сцярпеў Шпачок.
Тэкст-апавяданне паправіў гальштук, нейкую нябачную пылінку змахнуў з пінжака.
-- Я кажу, што кожны з нас мае свае асаблівасці. А ён мне даказвае, што асаблівасці ў нас аднолькавыя, бо маем агульную назву -- Тэкст, -- прызнаўся Тэкст-апавяданне.
Сарока паглядзела на Шпачка.
-- Ім трэба дапамагчы, бо хутка і ў нашым ляску  блытаніна распачнецца, якая не аднаго да бойкі прывядзе.
-- Кепскі прыклад заразны, -- пагадзіўся Шпачок і пацікавіўся: -- Як мы ім дапаможам?
-- Складзём Запіску-"дапамагатку" "Прыметы тэксту-апавядання і тэксту-апісання". Няхай носяць яе з сабою і карыстаюцца.
Тэксты-браты дружна заківалі галовамі: маўляў, добра прыдумала ты, Сарока-белабока.
Сарока і Шпачок прыселі на пяньку і склалі Запіску-"дапамагатку" "Прыметы тэксту-апавядання і тэксту-апісання".
Назавіце прыметы тэксту-апавядання і тэксту-апісання (для чаго выкарыстоўваюцца, асаблівасці зместу).
Вызначце тып тэксту "Сустрэча з незнаёмцамі".

Чаму нахмурылася Сарока?

Аднойчы Сарока сустрэла Шпачка і ўбачыла ў яго вялікі ліст паперы, увесь спісаны літарамі.
-- Братка Салавей пісьмо прыслаў? -- здагадалася Сарока.
-- Але! -- важна кіўнуў галавою Шпачок. -- Чытаю і начытацца не магу! Вельмі ж добра напісана!
-- А мне можна пачытаць? -- пацікавілася Сарока.
-- Калі ласка! -- усклікнуў Шпачок.
Сарока ўзяла ў суседа ліст, прачытала тэкст і нахмурылася.
-- Змест табе не падабаецца? -- заўважыў незадаволенне сяброўкі Шпачок.
-- Змест цудоўны! Але чамусьці знакаў прыпынку ў тэксце няма! -- прамовіла Сарока.
Прачытайце пісьмо Салаўя і пастаўце знакі прыпынку.
Вельмі добра летам з самага ранку свеціць ласкавае сонейка яно быццам запрашае цябе, каб выйшаў з хаты на двор там, на двары, цябе сустрэнуць вясёлай песенькай шпакі яны сядзяць каля сваіх дашчаных хатак і з цікаўнасцю глядзяць на цябе а высока ў небе дружнай чародкай плывуць, усё кудысьці спяшаюцца белыя хмаркі.

Цікавае апавяданне

У невялікім ляску на пагорачку сядзелі Жучок і Шпачок. Шпачок чытаў апавяданне:
Прыйшлі ў незнаёмы лес два мурашы і заблудзіліся там. Стаяць, не ведаюць, якая дарога вядзе дамоў.
-- Мурашы ніколі не знойдуць яе? – не вытрываў Жучок.
-- Знойдуць, калі назавеш чароўнае слова.
-- Якое? -- ускочыў Жучок.
-- Яно схавалася вось у гэтых словах, -- сказаў Шпачок і паказаў на наступныя словы:
капуста
ордэн
сад
карона
армія
-- Здаецца, я ведаю!.. Ведаю гэтае слова!.. -- ціха, каб не спалохаць думку, якая з'явілася нечакана, прамовіў Жучок. -- Яго можна прачытаць, калі ўзяць...
-- Што ўзяць? -- таксама шэптам прамовіў Шпачок.
-- Першыя гукі слоў "капуста", "ордэн, "сад", "карона", "армія".
-- Вазьмі і прачытай, Жучок!
-- ..., -- прачытаў "чароўнае" слова Жучок і запытальна паглядзеў на Шпачка.
-- Мурашы знайшлі дарогу дамоў! -- прагаварыў Шпачок.
Назавіце "чароўнае" слова.

"Іншапланецянін"

Цягнецца Жучок па вуліцы галаву апусціўшы і ўсё паўтарае:
-- Іншапланецянін! Іншапланецянін!..
Убачыў яго Паласацік, пацікавіўся:
-- Дзе іншапланецянін, браток?
-- Нядаўна на суседняй вуліцы стаяў, -- паведаміў Жучок.
-- Не можа быць! -- усклікнуў Паласацік.
-- У нас усё можа быць, -- сказаў Жучок і дастаў з кішэні лісток паперы. -- Ён хоча, каб я у гэтым тэксце назваў словы з зычнымі гукамі, якія чаргуюцца. Калі не назаву, кепска мне прыйдзецца, пакарае.
-- Дык шукай гэтыя словы, не траць дарэмна час.
Ледзь не да самай зямлі апусціў Жучок галаву.
-- Не змагу, не выйдзе. Гэты іншапланецяцін так мяне перапалохаў, што ні адна разумная думка ў галаву не лезе.
Пашкадаваў Паласацік сябра, вырашыў прызнацца:
-- Гэта быў я, а не іншапланецянін. Я пераапрануўся ў іншапланецяніна, каб прымусіць цябе заданне па мове выканаць. Ты ж цэлымі днямі па вуліцы гойсаеш, у кнігу не заглядаеш.
-- Не! Не! -- замахаў кудлатаю галавою Жучок. -- Ён быў не падобны на цябе, вялікі!
-- Я панчоху на галаву нацягнуў і на хадулі стаў, -- растлумачыў Паласацік.
Горка ўсміхнуўся Жучок.
-- З гультая, значыць, пацешыўся!
Паласацік строга паглядзеў на суседа.
-- Спадабалася ў гультаях хадзіць? Прывык?
-- Не прывык. Мяне кожны вечар сумленне мучыць, сон адбірае. Вось што скажу табе, Паласацік. Давай разам тваё заданне выканаем. Пасля такога вялікага стрэсу сам не спраўлюся.
-- Дапамажыце Жучку, сябры. У наступных сказах назавіце словы, у якіх чаргуюцца зычныя гукі.
1. Я магу  зрабіць шпакоўню. А што можаш ты? 2. З кустоў данёсся крык. Там крычала нейкая адзінокая птушка. 3. Я нашу дровы. А што носіш ты?

Адказы на заданні

Да казкі "З трох дубчыкаў".
Можна скласці наступныя літары: А, Д, К, Н, П, Р, С, Ч.
Да казкі "Проста так не бывае".
Пасля зацвярдзелых зычных пішуцца галосныя а, о, у, ы, э.
Словы з галоснымі пасля зацвярдзелых зычных: рука, цана, жук, шум, джынсы.
Да казкі "Падарожжа".
 Словы з глухімі зычнымі гукамі: рыбка -- рыба, вузкі -- вузенькі, скарб -- скарбы.
Да казкі "На рэчцы".
 Шпачок забыўся, што ў беларускай мове ёсць літара ў. Вось і не гучыць верш.
Да казкі "Паспрабуйце адказаць".
Літара ў (у нескладовае)  пішацца пасля галосных, у -- пасля зычных і знакаў прыпынку. Вялікая літара У пасля галосных звычайна абазначае галосны (складовы). Скарачэнне гэтай літары на пісьме звычайна не перадаецца. (У Галіны Ульянаўны.)
Да казкі "Як пішацца?"
У першым складзе перад націскам пішацца “вясёлы”.
Да казкі "Прысвяціць і пасвяціць".
Словы "пасвяціць" і "прысвяціць" маюць рознае лексічнае значэнне.
Да казкі "Паэтычныя здольнасці Шпачка".
У двух словах Шпачок прапусціў раздзяляльны знак -- апостраф: з'есці, бур’ян.
Да казкі "Жучок і Дамавічок".
Сям'я, Ілья, мільянер, шампіньён, аб'ехаць.
Да казкі "Пакрыўдзіў".
Правіла "Правапіс е, ё, я". Правільныя напісанні слоў: вясёлка, вясковы, лясны, цямнець.
Да казкі "Словы ветлівасці".
У ветлівых словах, формулах ветлівасці  Шпачок прапусціў літару й.
Да казкі "Непрыемнасці".
Спалучэнні галосных, якія пішуцца нязменна незалежна ад націску: ія (ыя), іе (ые).
Да казкі "Прызначэнне літар".
Я, яе, павучае, яна, разумееш.
Да казкі "Без падрыхтоўкі".
Свісцячыя гукі: [дз′], [с], [с′], [з, [ц].
Да казкі "Шыпячыя".
У казцы не прагучаў [дж].
Да казкі "З двух дубчыкаў".
Можна скласці наступныя літары: Г, Л, Т, У, Х.
Да казкі "Словы і цаглінкі"
Скорагаворка: Рома раніцай каля ракі пасадзіў рабіну.
Да казкі "Здагадаўся".
Аранжавы -- жаўтаваты, колеру апельсіна. Аранжавыя промні.
Ліловы -- светла-фіялетавы, колеру бэзу альбо фіялкі. Ліловыя званочкі.
Да казкі "Барвовы, пурпуровы..."
Самотны -- сумны, журботны.
Да казкі "Загадка, вулей і вецер".
Загадкавы – незразумелы, непазнаны, таямнічы.
Да казкі "Плакса".
Плакса -- той, хто плача без прычыны.
Да казкі "Каравай".
Каравай -- гэта круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-небудзь урачыстасці.
Да казкі "Скарб".
Тлумачэнне значэння слова "скарб": 1) што-небудзь дарагое, каштоўнасці. 2) Каштоўнасці, якія схаваны ў патаемным месцы. 3) дамашнія рэчы, маёмасць.
Да казкі "Публіцыстыка".
Тлумачальным слоўнікам.
Да казкі "Кампазітар і кампазіцыя".
Кампазітар -- аўтар музычных твораў.
Кампазіцыя -- 1) будова, суадносіны састаўных частак якога-небудзь твора. 2) Музыказнаўчая тэорыя. 3) Музычны твор.
Да казкі "Лесвіца".
Слова-прыступка: міндаль (паўднёвае дрэва з пладамі ў выглядзе арэхаў авальнай формы і плады гэтага дрэва).
Да казкі "Калыханка і..."
Слова "спяваю" ўжываецца ў прамым значэнні. Слова з пераносным значэннем "выведу". Выведу нітку -- выпраду.
Да казкі "Успамін".
Блізкія па значэнні словы: невялікая, маленькая; спрэчка, сваркай; калыхала, люляў, гушкаў.
Да казкі "Бегемоты..." 
Бегемоты, гіпапатамы -- словы-сінонімы. Яны па значэнні аднолькавыя. Слова "бегемот" ужываецца ў гутарковай мове, "гіпапатам" -- у навуковай.
Да казкі "Пераблытаныя словы".
Сінонімы: даўні, незапамятны, старажытны; балець, смылець, шчымець; глядзець, паглядаць, цікаваць; бясстрашны, смелы; азбука, алфавіт.
Да казкі "Гульня са словамі".
Антонімы да двух сінонімаў: кепскі, дрэнны -- добры, блізкі, суседні -- далёкі, будаваць, узводзіць -- разбураць, павольна, спакваля -- хутка.
Да казкі "Не пагадзіўся".
Сказы з устаўленымі антонімамі: Добрае чуваць далёка, а кепскае яшчэ далей. Хто ліхога не бачыў, той добрага шанаваць не ўмее. Аднаму шчасце ракою плыве, а другі ў горы цэлы век жыве. Перш чым зайсці, падумай, як выйсці . Разумны вініць заўсёды сябе, а неразумны -- свайго таварыша.
Да казкі "Якое слова з'яўляецца ўстарэлым?"
Устарэлым з'яўляецца слова "лятун". На змену яму прыйшла новая назва -- "лётчык".
Да казкі "Пакрыўдзіўся".
Фразеалагізмы: абіваць парогі (настойліва хадзіць куды-небудзь, просячы, дамагаючыся чагосьці), біць у званы (звяртаць увагу на тое, што выклікае трывогу), далёка пайсці (дасягнуць вялікіх поспехаў у жыцці).
Да казкі "З чатырох дубчыкаў".
Можна скласці наступныя літары: Ш, М.
Да казкі "Словазлучэнне".
Словазлучэнні ў тэксце казкі: пад кучаравай вішанькай, распачаў гаворку, радасна ўсклікнуў.
Да казкі "Даказаў?"
Сказ са словазлучэннем "будаўнічы кран": Наша арганізацыя купіла будаўнічы кран.
Да казкі "Дзе сказ?"
Да казкі “Апавядальны сказ”.
Апавядальны сказ: У гэты вясенні дзень ярка свяціла сонца.
Сказ Шпачка: На зялёнай траве блішчалі кроплі расы. Ён апавядальны.
Да казкі "Трава".
Апавядальны сказ: Увесну трава бывае кволая.
Да казкі "Зацікавіўся".
У канцы пытальнага сказа ставіцца пытальны знак.
Да казкі "Што такое стрыжань?"
Пытальныя словы, з дапамогай якіх утвараюцца пытальныя сказы: ці, няўжо, хіба, чаму, хто, што, як, дзе, які, колькі, калі, навошта.
Да казкі "Прыемна паслухаць".
Клічны сказ: Як прыгожа вясною на лузе!
Да казкі "Ах!"
Клічны сказ: Ах, як хораша навокал!
Да казкі "Ох!"
Правільнае напісанне сказа: Ох, як цяжка ісці па глыбокім снезе!
Да казкі "Вох".
Слова "вох" звычайна ўжываецца ў клічных сказах.
Да казкі "Не так сказаў?"
Клічны сказ са словам "яблынька": Як прыгожа расцвіла наша яблынька!
Да казкі "Незвычайныя загадкі".
Аб клічным знаку, пытальным знаку, працяжніку, косцы і кропцы.
Да казкі "Прыгожы тэкст”.
Тэкст -- гэта выказванне, у якім сказы звязаны па сэнсе і граматычна.
Да казкі "Пытанне-апісанне?"
-- Літара с, як мне здаецца, -- адказала Сарока.
Да казкі "Каб уявіць, як сапраўдную".
Тэкст пра восень: Непрыкметна пакарацелі дні. Пайшлі грыбныя дажджы. У небе гучна закурлыкалі жураўлі. На дрэвах пажаўцела лісце. Наступіла залатая восень.
Да казкі "Незвычайная сустрэча".
На другім аркушы запісаны тэкст.
Да казкі "У ляску". 
Тэкст Шпачка -- гэта тэкст-апавяданне.
Да казкі "Апісанне ці апавяданне?”
Тэкст Шпачка -- тэкст-апісанне.
Да казкі "Тэкст-дыялог".
Забаўлянка -- гэта тэкст-дыялог. Ён складаецца з размовы дзвюх асоб.
-- Коця, коця, дзе была?
                                                    -- У каморы.
                                                    -- Што рабіла?
                                                    -- Малачко піла.
                                                    -- Што зрабіла?
                                                    -- Збан пабіла.
                                                    -- Апсік, апсік, апсік!
Да казкі "Дуб і дубец".
Словы "дуб" і "дубец" не з'яўляюцца аднакаранёвымі, бо маюць рознае лексічнае значэнне.
Да казкі "Бавіцца і бавоўна".
Словы "бавіцца" і "бавоўна" не з'яўляюцца аднакаранёвымі, бо маюць рознае лексічнае значэнне.
Да казкі "Сустрэча".
Аднакаранёвыя словы ў вершы: насілкі, насіць.
Да казкі "Прапусціў слова".
Шпачок прапусціў слова "канчатак".
Да казкі "Перакрыжаванне".
Карыстаючыся Шпачковым перакрыжаваннем, можна расказаць пра прыстаўку як частку слова.
Да казкі "Не назваў".
Асаблівасць суфікса, якую не назваў Шпачок: служыць для ўтварэння слоў з новым значэннем.
Да казкі "Сад і..."
Утвораны пры дапамозе суфіксаў -ов, -ок, -оч (-ак). Пачуццё перадаюць словы "садок", "садочак".
Да казкі "Незразумелае пісьмо".
Прыназоўнікі з назоўнікамі з тэксту казкі: у садку, каля хаты, на лістах, у слове.
Да казкі "У госці да Сарокі".
Дзеяслоў у адзіночным ліку: стамілася. Абазначае дзеянне адной асобы. У множным ліку: стаміліся.
Да казкі "Сум прагнала".
Выпраўленыя памылкі ў сказах.
1. Каля дарогі раслі беластволыя бярозкі. 2. У траве чырванелі суніцы. 3. На пісьмовым стале ляжалі Насціны кнігі. 4. Два трактары спыніліся на ўзлеску. 5. На лясной палянцы выраслі лісічкі. 6. Каля пад’езда сядзелі хлопчыкі і дзяўчынкі.
Да казкі "Святлафор".
Дзеяслову дапамагала мяняць каманды слова "не".
Да казкі "Спрэчка".
"Не захварэў" пішацца асобна. Гэта не з дзеясловам.
Да казкі "Цікавая гісторыя".
У сказе ёсць супрацьпастаўленне.
Да казкі "Няправільныя сказы".
Выпраўлены тэкст.
Рана ўстанеш -- многа  зробіш. Хто хлусіць, той і  чырванее. Вывучыш урок -- атрымаеш добрую адзнаку. Хто сее, той і жне. Будзеш працаваць -- будуць людзі паважаць.
Да казкі "Не змог выканаць".
Правільна напісаныя сказы: Учора было дажджліва, і дзеці не гулялі на двары. Мы не вазілі сена, таму што яно было мокрае. Наша футбольная каманда не прайграла, бо добра падрыхтавалася.
Да казкі "Як трэба выправіць".
Калі гаворка  ў сказе ідзе пра Міхася: Міхась сустрэў дзіка, але не спалохаўся. Калі гаворка ў сказе ідзе пра дзіка: Міхась сустрэў дзіка, але той не спалохаўся.
Да казкі "Паэт".
Апошні сказ у вершы складаны.
Да казкі "Цяжкае заданне".
Заданне Шпачка: (Хто?) Сарока -- дзейнік, абазначае, пра каго гаворыцца ў сказе. Звязаны з выказнікам ляцела.
(Што рабіла?) Ляцела -- выказнік, абазначае, што гаворыцца пра дзейнік. Звязаны з дзейнікам Сарока.
Да казкі "Мама і тапкі". 
Шпачок не сказаў, што дзейнік выражаецца назоўнікам у назоўным склоне. Значыць, назоўнік "тапкі" дзейнікам не з'яўляецца, бо ён стаіць у вінавальным склоне і сам не ўтварае дзеяння. На яго накіравана дзеянне з боку другога назоўніка -- "мама".
Да казкі "Праверка".
Сказ, у якім паміж дзейнікам і выказнікам ставіцца працяжнік: Мая Радзіма -- Беларусь.
Да казкі "Я ведаю..."
Дзейнік -- сабака, выказнік -- сябар.
Да казкі "Як Жучок і Шпачок збіраліся на рэчку".
Сказы са звароткамі: Аленка, схадзі сёння да бабулі. Люблю цябе, Радзіма!
Да казкі "Няма прыставак?"
Словы з прыстаўкамі ў загадцы Шпачка: убачу, адразу, саскочу.
Да казкі "Заблудзіўся".
 Нялёгкі            лёгкі.
Да казкі "Без настрою".
Словы з прыстаўкамі: пацікавіўся, сказаць, прыляцеў, паскакаў, раскажаш.
Да казкі "Не з'явіліся на ўрок".
Прыстаўкі на з- (с-), якія не з'явіліся на ўрок: уз- (ус-).
Да казкі "Лёгкае правіла?"
Заканчэнне сказа Шпачка: Члены сказа, якія адказваюць на адно і тое ж пытанне і... (адносяцца да аднаго і таго ж слова, называюцца аднароднымі).
Да казкі "Шыфроўка".
Патрэбныя словы замест кропак:
Перад злучнікамі ..., ... а, але заўсёды ставіцца коска.
Перад злучнікам ... і , калі ён ужываецца ў сказе адзін раз, коска не ставіцца.
Перад злучнікам ..., ... , ... , і , калі ён паўтараецца ў сказе некалькі разоў, коска ставіцца.
Сказ, у якім трэба закончыць думку: Калі аднародныя члены сказа звязваюцца без злучнікаў, з дапамогай інтанацыі, на пісьме паміж імі коска... ставіцца.
Да казкі "Пахваліўся сяброўцы"
Слова "кот" усё з'яўляецца асновай.
Да казкі "Вось дык прывітаўся!"
Назоўнікі ў казцы: прадмет, галавою, кот, мыш...
Да казкі "Гаворка, размова..."
Так, словы "гаворка", "размова" адказваюць на пытанне што? Часціна мовы, якая абазначае прадмет і адказвае на пытанні хто? што?, называецца назоўнікам.
Да казкі "На сунічнай палянцы".
Назоўнікі бываюць мужчынскага, жаночага ці ніякага роду.
Да казкі "Як цацкі развесяліліся"
Сарока (ж. р., адз. л.), ліст (м. р., адз. л.), кола (н.. р., адз. л.), цацкі (ж. р., мн. л.).
Да казкі "Скорагаворка".
Слова "купілі" з'яўляецца дзеясловам. Дзеясловы ў казцы: сядзіць, паўтарае, вымаўлю, пагадзіўся…
Да казкі "Аркуш з заданнем".
Па асобах дзеясловы прошлага часу не змяняюцца. Дзеясловы прошлага часу ў казцы: ішлі, ляцела, адбываліся.
Да казкі "Як адрозніць?"
Згаджацца ахвотна -- згаджацца з ахвотаю, сказаць спагадліва -- сказаць са спагадаю, аднесціся лёгка -- аднесціся з лёгкасцю, глядзець сумна -- глядзець з сумам, азірацца трывожна -- азірацца з трывогаю.
Да казкі "Адзіночны і множны".
Толькі ў адзіночным ліку: капуста, гарох, мёд, золата. Толькі ў множным ліку: апілкі, насілкі, сані, нажніцы.
Да казкі "Дапамажыце".
Выпраўленыя памылкі: каса -- косы, кола -- колы.
Да казкі "Памылка".
Памылка Вароны: У Запісцы-"дапамагатцы" трэба напісаць "могуць ужывацца прыназоўнікі". У практыкаванні прыназоўнікі не патрэбны.
Да казкі "Зрабіў непрыгожымі".
Правільнае напісанне назоўнікаў: нага -- назе, мука -- муцэ, страха -- страсе.
Да казкі "Патрэбна дапамога".
Назоўнікі ў давальным і месным склонах: нага -- назе -- аб назе, муха -- мусе -- аб мусе,  рама -- раме -- аб раме; шчака -- шчацэ -- аб шчацэ,  фабрыка -- фабрыцы -- аб фабрыцы.
Да казкі "Вагі і…".
Словы “вагі”, “верталёт”, “вырай”, "вядзёрка” -- назоўнікі.
Да казкі "У роспачы".
Прыметнікі ў тэксце: белы, халодны, салодкі...
Да казкі "Здарэнне ў лесе".
Прыметнік у тэксце верша: ліхая. Ён адносіцца да слова "дарожка".
Да казкі "Захацелася праверыць".
Парадак прыметнікаў у сказе: Неўзабаве яркі сонечны праменьчык дакрануўся да стройнай бярозкі, якая ўзвышалася каля гаманлівай крынічкі.  Яркі -- м. р., у адз. л., Н. скл. Стройнай -- ж. р., у адз. л., Р. скл. Гаманлівай -- ж. р., у адз. л., Р. скл.
Да казкі "Разумніца”.
Выпраўлены тэкст.
Наступіла вясна. Зялёнай травой упрыгожыўся луг. Вясёлай песняй сустракае вясну жаваранак. У высокім небе плывуць лёгкія хмаркі, падобныя на пушынкі.
Да казкі "Памыліўся". Прыметнік мае той жа самы род і лік,  што і назоўнік, з якім прыметнік звязаны.
Да казкі "На дзень нараджэння". Прыметнік "малая" дапасуецца да назоўніка "ножка", ужыты ў ж. р., адз. л. .
Да казкі "Тонкая".
Тонкая -- гэта прыметнік.
Да казкі "Не пускае".
Патрэбнае: а) калі слова не ўжываецца без "не", б) калі прыметнік можна замяніць.
Да казкі "На беразе рэчкі".
Займеннікі
ў адзіночным ліку                                       ў множным ліку
я                                                                    мы
ты                                                                 вы
ён, яна, яно                                                  яны
Да казкі "Схаваліся займеннікі".
Слова, у якім схаваліся чатыры займеннікі: вы-мы-ты-я.
Да казкі "Сачыненне".
Замест слоў "школа", "прыгожая", "адзінаццаць" ужываюцца займеннікі "яна", "такі", "гэтулькі".
Да казкі "Адгадаў!"
Слова, якое абазначае назву часціны мовы: займеннік.
Да казкі "Сустрэча з мядзведзем".
Дзеясловы ў неазначальнай форме: працаваць, стаяць, напісаць.
Да казкі "Са слязамі на вачах".
У першым выпадку назоўнік “лес” з прыназоўнікам "ў" пішацца асобна. А ў другім выпадку слова "ўлез" абазначае дзеянне прадмета і належыць да дзеяслова.
Да казкі "Гульня ў святлафор".
Антонім і сінонім да дзеясловаў у неазначальнай форме: ляжаць -- стаяць, бегчы -- імчацца.
Да казкі "Разгубіліся".
Узноўлены тэкст.
З любімага апавядання Жучка імгненна прапалі словы "знайсці",  "хаваюцца", "хадзіць", "убачыць", "збіраць".
Алесь восенню разам з татам любіў  хадзіць у лес і збіраць там грыбы. У лесе можна знайсці  і прыгожага баравіка, і рыжую лісічку. Баравікі звычайна хаваюцца пад кусцікамі. А лісічкі можна ўбачыць і на палянцы.
Да казкі "Пахваліўся".
Не. Пераходны дзеяслоў у казцы: вучыла (тэму).
Да казкі "Сустрэча з незнаёмцамі".
У тэксце-апавяданні апавядаецца, расказваецца аб чым-небудзь. У тэксце-апісанні даецца апісанне прадмета ці асобы.
"Сустрэча з незнаёмцамі" -- гэта тэкст-апавяданне.
Да казкі "Чаму нахмурылася Сарока?”
Тэкст са знакамі прыпынку.
Вельмі добра летам. З самага ранку свеціць ласкавае сонейка. Яно быццам запрашае цябе, каб выйшаў з хаты на двор. Там, на двары, цябе сустрэнуць вясёлай песенькай шпакі. Яны сядзяць каля сваіх дашчаных хатак і з цікаўнасцю глядзяць на цябе. А высока ў небе дружнай чародкай плывуць, усё кудысьці спяшаюцца белыя хмаркі.
Да казкі "Цікавае апавяданне". "Чароўнае" слова  -- коска.
Да казкі “Іншапланецянін”.
Словы, у якіх чаргуюцца зычныя гукі: магу – можаш, крык – крычала, нашу – носіш.





Змест

З трох дубчыкаў
Проста так не бывае
Падарожжа
На рэчцы
Паспрабуйце адказаць
Як пішацца?
Прысвяціць і пасвяціць
Невялікія вершы Шпачка
Жучок і Дамавічок
Пакрыўдзіў
Словы ветлівасці
Непрыемнасці
Прызначэнне літар
Без падрыхтоўкі
Шыпячыя
З двух дубчыкаў
Словы і цаглінкі
Здагадаўся
Барвовы, пурпуровы...
Загадка, вулей і вецер
Плакса
Каравай
Скарб
Публіцыстыка
Кампазітар і кампазіцыя
Лесвіца
Калыханка і...
Успамін
Бегемоты...
"Пераблытаныя" словы
Гульня са словамі
Не пагадзіўся
Якое слова з'яўляецца ўстарэлым?
Пакрыўдзіўся
З чатырох дубчыкаў
Словазлучэнне
Даказаў?
Дзе сказ?
Апавядальны сказ
Трава
Зацікавіўся
Што такое стрыжань?
Прыемна паслухаць
Ах!
Ох!
Вох!
Не так сказаў?
Незвычайныя загадкі
Прыгожы тэкст
Пытанне-апісанне?
Каб уявіць, як сапраўдную
Незвычайная сустрэча
У ляску
Апісанне ці апавяданне?
Тэкст-дыялог
Дуб і дубец
Бавіцца і бавоўна
Сустрэча
Прапусціў слова
Перакрыжаванне
Не назваў
Сад і...
Незразумелае пісьмо
У госці да Сарокі
Сум прагнала
Святлафор
Спрэчка
Цікавая гісторыя
Няправільныя сказы
Не змог выканаць
Як трэба выправіць
Паэт
Цяжкае заданне
Мама і тапкі
Праверка
Я ведаю...
Як Жучок і Шпачок збіраліся на рэчку
Няма прыставак?
Заблудзіўся
Без настрою
Не з'явіліся на ўрок
Лёгкае правіла?
З асаблівай інтанацыяй
Шыфроўка
Пахваліўся сяброўцы
Вось дык прывітаўся!
Гаворка, размова...
На сунічнай палянцы
Як цацкі развесяліліся
Скорагаворка
Аркуш з заданнем
Як адрозніць?
Адзіночны і множны
Дапамажыце
Памылка
Зрабіў непрыгожымі
Патрэбна дапамога
Каму які прадмет патрэбен
У роспачы
Здарэнне ў лесе
Захацелася праверыць
Разумніца
Памыліўся
На дзень нараджэння
Тонкая
Не пускае
На беразе рэчкі
Схаваліся займеннікі
Сачыненне
Адгадаў!
Сустрэча з мядзведзем
Са слязамі на вачах
Гульня ў святлафор
Разгубіліся
Пахваліўся
Сустрэча з незнаёмцамі
Чаму нахмурылася Сарока?
Цікавае апавяданне
“Іншапланецянін”