Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў другога скланення ў адзіночным ліку

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ  

 

Тэма: Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў другога скланення ў адзіночным ліку.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Хатка, лужынка,

                                                   Люстэрка, вераснёвы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успомнім! Да другога скланення адносяцца назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне і назоўнікі ніякага роду з канчаткамі –о, -ё, -е, -а [6, стар. 166, “Беларуская мова”].

Напрыклад: снег, шчасце.   

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: лёду ці лёда, клею ці клея? (1)

Як  пішам: цукру ці цукра, гаю ці гая? (2)

Як  пішам: ветру ці ветра, ценю ці ценя? (3)

Як  пішам: шляху ці шляха, краю ці края? (4)

Як  пішам: абавязку ці абавязка, гневу ці гнева? (5)

Як пішам: грыпу ці грыпа, коклюшу ці коклюша? (6)

Як пішам: поспеху ці поспеха, клімату ці клімата? (7)

Як пішам: кірмашу ці кірмаша, форуму ці форума? (8)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Большасць назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду, у тым ліку ўсе асабовыя, у родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі а (-я): Васіля, каменя, стала.

Канчаткі у (-ю) маюць назоўнікі, якія абазначаюць:

1) уласцівасці, дзеянні, пачуцці: абавязку, гневу.

2) прасторавыя і часаввыя паняцці: шляху, краю, веку.

3) з’явы прыроды: ветру, ценю.

4) зборныя прадметы: цукру, гаю. Але: аўса, хлеба.

5) матэрыялы і рэчывы, з якіх складаюцца прадметы: лёду, клею.

6) захворванні: грыпу, коклюшу.

7) абстрактныя паняцці: поспеху, клімату.

8) падзеі ў грамадскім жыцці: кірмашу, форуму [4, стар. 97, “Беларуская мова”].

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

      [3, стар. 232, “Беларуская мова”]  

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “грузу” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “грузу”?

Для даведкі: цяжкага грузу – грузу праблем.

Адзначаем! Некаторыя назоўнікі мужчынскага роду ў залежнасці ад лексічнага значэння ў родным склоне могуць мець канчаткі а, (-я) і у (-ю): размаўлялі каля клёна (прадмет) – стол з клёну (матэрыял), падышлі да перахода (прадмет) – спыніліся пасля пераходу (дзеянне) [5, стар. 163, “Беларуская мова”].

                [3, стар. 232, “Беларуская мова”]

               [4, стар. 97, “Беларуская мова”].

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Каля, з, дуба, крэслы, дубу, паставілі. (Каля дуба паставілі крэслы з дубу.)

Растлумачце напісанне выдзеленых літар.

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Канчатак  а (-я) характэрны для ўсіх назоўнікаў ніякага роду [5, стар. 163, “Беларуская мова”].

  Напрыклад: вясла, лісця.

Назавіце слова.

                                                             Пішам з а, я 

                                                             Пляча, раздолля,

                                                             Свята, мора,

                                                             … (Наваколля).

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літар а,  я ў словах вершаванага тэксту “пляча”, “раздолля”, “свята”, “мора”, “наваколля”.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары а, я, потым напішыце беларускае слова “воблачка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: на беразе ці на берагу? (1)

Як  пішам: на дажджы ці на дажджу (2)

Як  пішам: у краі ці ў краю? (3)

Як  пішам: на шляху ці на шляхе? (4)     

Як  пішам: пры суседу ці пры суседзе, пры Генадзю ці пры Генадзі? (5)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! У месным склоне адзіночнага ліку назоўнікі другога скланення маюць канчаткі е, --ы, -і, -у, -ю. Правапіс канчаткаў залежыць ад зычнага асновы і значэння назоўнікаў:

1. Канчаткі –у, -ю маюць назоўнікі, якія абазначаюць асобу чалавека, імёны і прозвішчы людзей: пры суседу, пры Генадзю.

2. Канчатак -у маюць назоўнікі з асновай на [г], [к], [х], калі яны не чаргуюцца з [з], [с]: на шляху. 

3. Канчатак -і маюць назоўнікі з асновай на мяккі зычны: у краі.

4. Канчатак -ы маюць назоўнікі з асновай на зацвярдзелы зычны: на дажджы.

5. Канчатак -е маюць неадушаўлёныя назоўнікі з цвёрдай асновай і асновай на [г], [х], калі яны чаргуюцца з [з′], [с′]: на беразе [4, стар. 99, “Беларуская мова”].   

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

                    [3, стар. 231 -- 234, “Беларуская мова”]

Назавіце слова.

                                                               Пішам з і, ы, ю, у

                                                               Пры жыцці, у гушчары,

                                                               Аб герою, пры Андрэю,

                                                               У пясочку, у … (бары).

                                                                              Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс канчаткаў і,  ы, ю, у  ў словах вершаванага тэксту “пры жыцці”, “у гушчары”, “аб герою”, “пры Андрэю”, “у пясочку”, “у бары”.

Адзначаем! Назоўнікі з цвёрдай асновай, што абазначаюць асоб, ужываюцца таксама і з канчаткам е: аб сыне, пры Мікіце, аб Коласе.

Назоўнік “двор” у месным склоне ў залежнасці ад лексічнага значэння можа мець канчатак ы ці э: на машынным двары, на дварэ холадна. Назоўнік “малако” ўжываецца з канчаткам э: на малацэ [5, стар. 163, “Беларуская мова”].

Скорагаворка.

Аб Купале расказвалі пры браце (Аляксей Якімовіч).            

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                      Ад ветру нахіліўся.

                                                      -- Ледзь ён не зваліўся.

                                                      Каля поля слуп струхлеў,

                                                      Дзве сарокі мне сказалі:                       

Адказ: 1 – 3, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 2.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Сустрэча з фразеалагізмамі.

Назавіце фразеалагізмы ў вершах Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць  “зусім сур’ёзна, на самай справе” і “вельмі хутка, як толькі можна (бегчы, імчацца і г. д.)”.

                                                      -- Працуйце старанна,

                                                     Дбайна, без агрэху, --

                                                     Стануць паважаць вас…

                                                         … … .

                                                     Спалохаўся Міхасёк

                                                     Убачыўшы муху.

                                                     Войкнуў, паімчаўся

                                                     Ён дамоў … … .

Назавіце назоўнікі другога скланення ў вершаваных тэкстах. Вызначце іх склон і канчаткі.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: ачарпа ухемс; зеб ухуд [1, стар. 20,  24, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                -- Дзедку, глянь, а што бліскае

                                Там, дзядок, каля крыніц?

                                Блісь – і зараз жа знікае…

                                Што за з’явіна такая?

                                Што за забаўкі начніц?

                                -- Эге ж, хлопчыку: зман гэта,

                                На такі агонь не йдзі:

                                Ні цяпла ў ім, ні прывет(у, а) –

                                Лепш туды і не глядзі;

                                Не шукай агн(ю, я) такога:

                                Не даецца ў рукі ён,

                                Бо над ім вісіць праклён [2, стар. 399, “Паэмы Я. Коласа”].

Раскрыйце сэнс слова “начніцы”. (Кажаны, тут: нячыстая сіла.)

Якім словам можна замяніць назоўнік “зман”? (Падман.)             

Пастаўце ў форме роднага склону назоўнікі “падман”, “праклён”. (Падману, праклёну.) Што яны выражаюць? (Пачуцці.)

Пастаўце ў форме меснага склону назоўнікі з вершаванага тэксту Якуба Коласа “дзядок”, “хлопчык”. (Пры дзядку, пры хлопчыку.) Растлумачце правапіс іх канчаткаў.

Пастаўце ў форме меснага склону назоўнікі “падман”, “праклён”. (Аб падмане, аб праклёне.) Растлумачце правапіс іх канчаткаў.

Адказы на пытанні.

 Ад чаго залежыць правапіс канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку?

Якія канчаткі маюць назоўнікі 2-га скланення адзіночнага ліку ў месным склоне? Ад чаго яны залежаць?

Тэст.

Назавіце назоўнікі, якія стаяць у форме меснага склону адзіночнага ліку.

1. Лугу.

2. На паверсе.

3. Дажджу.

4. Поспеху.

5. У скверы.

6. Галля.

7. Граду.

Адказ: 2, 5.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

3. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

5. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.

6. Шэўчык, Н. І., Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар. асвета, 1977. --  240 с. : іл.  

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, сакавік 2021 года, № 3.