Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ПАЎТАРЭННЕ. ГАЛОЎНЫЯ І ДАДАНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА

 

Творчы ўрок у 4 класе. ПАЎТАРЭННЕ. ГАЛОЎНЫЯ І ДАДАНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб галоўных і даданых членах сказа; выпрацоўваць уменні і навыкі правільна вызначаць галоўныя і даданыя члены сказа (без дыферэнцыяцыі), дапаўняць сказ даданымі членамі; садзейнічаць развіццю маўлення, пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць вызначаць поры года па характэрных для іх прыметах.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Раніца, світанне,

                                                          Адзенне, дровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Складзіце і запішыце са слоў сказы. Падкрэсліце дзейнік (           ) і выказнік (            ).

Бярозка, прыгожая, каля, расла, крынічкі.

Заяц, па, ішоў, сцяжынцы, лясной.

Закончыце сказы.

Дзейнік і выказнік – гэта ... (галоўныя члены сказа.) Іх паясняюць і дапаўняюць ... (даданыя члены сказа.)

Да дзейніка можна паставіць пытанні … . Да выказніка можна паставіць пытанні … .

Словы для даведкі: даданыя члены сказа; галоўныя члены сказа.

4. Чыстапісанне.

Паслухайце верш.

                                                           Гром грыміць,

                                                           Блішчыць маланка,

                                                           Ручаёк бяжыць

                                                           На падворку, каля ганка.                           

                                                                  Аляксей Якімовіч

На хвілінцы чыстапісання мы будзем пісаць зычную літару, з якой пачынаецца першае слова верша.

Якая гэта літара?

Сапраўды, гэта літара г.

Г          Г          Г          Г

Скорагаворка.

Прачытайце скорагаворку.

Галубы не збіраюць грыбы (Аляксей Якімовіч).

Вызначце ў сказе галоўныя члены.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Гэтыя словы ў сказе заўсёды з'яўляюцца галоўнымі і ганарацца такою роляю, але не зазнаюцца. Яны называюцца, як вы ўжо адзначалі, дзейнік і выказнік. У дзейніка і выказніка ёсць сябры -- даданыя члены сказа.

6. Актуалізацыя ведаў па асноўных пытаннях вывучанага.

Праца з тэкстам.

Прачытайце сказы. Назавіце ў кожным з іх дзейнік, выказнік і даданыя члены сказа.

Пакідае нас, адыходзіць лета. Яно парадавала хлебаробаў залатымі каласамі жыта, пшаніцы. Радасна на душы і ў садавода. У садзе спеюць яблыні, грушы, слівы. Працавітыя пчолкі кружацца над кветкамі, збіраюць нектар. Некаторыя ўжо ляцяць да вулля. Непадалёку ад вулля стаіць сівы пчаляр. Сёння ён пачастуе  свайго малога ўнука залацістым мёдам (Аляксей Якімовіч).

Слоўнікавая праца.

Выразна прачытайце. Вусна пастаўце пытанні да выдзеленых слоў. Якія гэта члены сказа? Да дзейніка ці да выказніка адносіцца кожны з іх?

1. На ўзлеску ўзвышаліся тонкія асінкі. 2. Адышлі цёплыя летнія дзянькі. 3. У лесе з’явіліся першыя баравікі. 4. У паветры ляцяць прыгожыя шары. 5. З кустоў данесліся звонкія дзіцячыя галасы. 6. У акварыуме плавалі залацістыя рыбкі. 7. Раніцай паштальён прынёс нам свежую газету.

Што абазначае слова “паштальён”? (Назву прафесіі.)

Пры напісанні слова “паштальён” у якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Да слова «паштальён» падбярыце роднасныя (аднакаранёвыя) словы. Выдзеліце корань.

Перакладзіце слова «паштальён» на рускую мову. Параўнайце гучанне і напісанне.

Ведайце! Паштальён -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік, выдзеліўшы каранёвую літару ш.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

А цяпер паслухайце казку. 

Сядзіць Шпачок за сталом галаву павесіўшы. Змрочныя думкі яго адольваюць,  спакою не даюць.

Ляцела Сарока, апусцілася каля стала. Яна адразу ж заўважыла, што ў Шпачка непрыемнасці.

-- Сусед, што з табою? Падзяліся сваёю бядою. Можа, я тваю бяду адной лапай развяду.

-- З Вераб'ём  паспрачаўся! -- скрывіўся Шпачок.

-- Ён перамог цябе? -- устрапянулася Сарока.

Шпачок змахнуў скупую мужчынскую слязінку.

-- Пакуль не перамог, але пераможа. Рысавае зярнятка  яму прайграю, калі яго заданне не выканаю.

Суцяшаючы, Сарока лапкай пагладзіла Шпачка па пярынках.

-- Пакажы мне гэтае заданне.

-- Глядзі, мне не шкада! – сказаў Шпачок і працягнуў суседцы ліст паперы з наступным заданнем:

Сёння з поўдня дзьме цёплы вецер.

-- Ахарактарызуйце дзейнік і выказнік у гэтым сказе.

Сарока села каля Шпачка, падсунула да сябе ліст і хутка выканала  заданне.

-- Якая ж ты разумніца! -- усклікнуў Шпачок і, дзюбкай схапіўшы ліст, паляцеў да Вераб'я [5, с. 58 – 59, “Казкі-падказкі”].          

Назіранне за словам у кантэксце.

Выканайце і вы заданне Шпачка.

Узор. (Хто?) Шпачок – дзейнік, абазначае, пра каго гаворыцца ў сказе. Звязаны з выказнікам усклікнуў.

(Што зрабіў?) усклікнуў – выказнік, абазначае, што гаворыцца пра дзейнік. Звязаны з дзейнікам Шпачок.

Назавіце словы, якія паясняюць дзейнік і выказнік.

Як яны называюцца? (Даданыя члены сказа.)  

Праца з практыкаваннем.

Выпішыце з кожнага сказа спачатку дзейнік з даданым членам сказа, які дапаўняе яго; потым – выказнік з даданым членам сказа, які яго дапаўняе. У дужках стаўце пытанні да гэтых членаў сказа.

Узор: Варона (якая?) шэрая, вылецела (адкуль?) з гнязда.

Цёплыя кроплі дажджу сыплюцца на маладзенькія бярозкі. Лёгкі ветрык калыша тонкія галінкі. Каля берага возера шчыльнаю сцяною стаіць чарот. Непадалёку ад возера на лясной палянцы  растуць чырванаватыя суніцы.

Якая пара года апісваецца ў гэтым тэксце? (Лета.)

Якія прыметы характэрны для лета?

Прыдумайце назву для тэксту. (Летні дзень.)

Знайдзіце ў тэксце словы, якія можна замяніць наступнымі: падаюць, свежы, суцэльнаю,  спеюць.

У слове “лёгкі” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Лёгенькі.)

Якое правіла вы прымянілі?

Хвілінка адкрыцця.

Разгледзьце схему і адкажыце, чаму дзейнік і выказнік з’яўляюцца граматычнай асновай сказа.

Непрыкметна наступіла летняя ноч.

Ноч                          наступіла

 ---↓----                 -------↓------

якая?                             як?

летняя                     непрыкметна

(Даданыя члены сказа паясняюць дзейнік і выказнік або іншыя даданыя члены сказа).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Калі са сказа знікае дзейнік ці выказнік, сказ становіцца незразумелым.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць словы з разыходжаннем вымаўлення і напісання. Падкрэсліце дзейнік і выказнік.

Узор. Міхась прыгнуўся, лё(г, х) на зямлю і хутка папоў(з, с).

Праца з тэкстам.

Устаўце прапушчаныя літары і даданыя члены сказа. Абазначце ў дужках лічбамі парадак сказаў, каб атрымаўся тэкст. Вусна пастаўце пытанні да галоўных членаў сказа. Падкрэсліце іх.

(2) З.. мля ноччу … (крыху) падмерзла. (1) Ішоў я неяк кастрычніцкай раніцай уздоўж …  (невялікага) балота па ўскрайку лесу.  (3) З..лёныя ўсходы азімай руні на … (суседнім)  полі серабрыліся інеем. (4) У … (блакітным) небе свяціла няяркае сонца. (Віталь Вольскі, “Месяц за месяцам”, замалёўка “Кастрычнік”, с. 65) [2, с. 65, “Месяц за месяцам”].

Раскрыйце сэнс слова “рунь”. (Усходы азімых.) [1, с. 285, “Тлумачальны слоўнік”].

Падбярыце сінонімы да слова “неяк”. (Аднойчы, аднаго разу.)

Словы для даведкі: невялікага, крыху, блакітным, суседнім.

Гульня “Сказ-жартаўнік”.

Прачытайце.

Сабака ляціць на сваім хвасце.

Ці бывае такое? Запішыце адказ. Падкрэсліце ў сказе дзейнік і выказнік. Назавіце даданыя члены сказа.

(Сабака сядзіць на сваім хвасце.)

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                     Ваня жыве ў Брэсце.

                                                     Алесь жыве ў Пінску.

                                                     Люба жыве ў Гродна.

                                                     Соня жыве ў … (Мінску).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Вызначце ў тэксце галоўныя члены сказа. Дакажыце, што яны з’яўляюцца галоўнымі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку па яе прыметах.

Ён:

1) звычайна стуіць на кухні;

2) часта вурчыць, незадаволены;

3) у яго шмат розных прыпасаў, ежы. (Халадзільнік.)

Якую прымету можна дапасаваць да гэтага прадмета: старажытны ці сучасны? (Сучасны прадмет.) 

Перакладзіце словы “старажытны” і “сучасны” на рускую мову. Параўнайце іх напісанне.

-- Падбярыце да слоў “старажытны”, “сучасны” адпаведныя назвы прадметаў.

Са словамі “старажытны”, “сучасны” складзіце і запішыце сказы. 

Складзіце сказ са словам “халадзільнік”, запішыце яго і падкрэсліце ў ім галоўныя і даданыя члены.

Словы для даведкі (да слоў “старажытны”, “сучасны”): чалавек, палац, вежа, горад.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове “бярозка” пішам зычную літару с. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове “дубкі” пішам зычную літару п. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове “грушка” пішам зычную літару ш. (Вучні пляскаюць у далоні.)    

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Паслухайце працяг нашай казкі.

На наступны дзень Сарока вырашыла праверыць, ці вывучыў Шпачок  тэму “Галоўныя і даданыя члены сказа”.

Яна сустрэла яго на сцяжынцы каля знаёмага пянька і, дастаўшы ліст паперы, паказала напісаны на ім сказ.

-- Лістападапошні месяц восені, -- прачытаў Шпачок і скурчыўся, бо са страхам чакаў доўгую і халодную зіму. Чуў ён ад старэйшых, што зімою нялёгка прыходзіцца птушкам.

А Сарока падумала, што новае заданне яго так моцна настрашыла.

-- Ты зноў анічога не ведаеш пра галоўныя члены сказа?

-- Ведаю. Я не прывык чужым розумам жыць! – з гонарам заявіў Шпачок.

-- У такім разе растлумач пастаноўку працяжніка ў гэтым сказе, -- папрасіла Сарока.

-- Тут дзейнік і выказнік выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне. У такім выпадку паміж імі ставіцца працяжнік, -- растлумачыў Шпачок  [5, с. 60 – 61, “Казкі-падказкі”].

-- У слове “працяжнік” пішам ц. А як чытаем? (Мякка.)            

Самастойная праца.

Прачытайце. Вызначце, чым выражаны галоўныя члены сказа. Растлумачце пастаноўку працяжніка.

1. Ружжо – небяспечная агнястрэльная зброя. 2. Паслухмяны сын – надзея для бацькоў. 3. Добрая вучоба --  радасць нашага жыцця. 4. Першы дзень у школе – свята для настаўнікаў і вучняў. 5. Субота – шосты дзень тыдня. 6. Гасцінец – вялікая праезджая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі   [1, с. 84, “Тлумачальны слоўнік”].

Ці разумееце вы сэнс гэтых сказаў?

У слове “праезджая” пішам здж. А як чытаем? (жж)

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Спішыце тэкст, замест пытанняў устаўляючы патрэбныя даданыя члены сказа. Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Ахарактарызуйце іх. Растлумачце пастаноўку працяжніка і падзел тэксту на абзацы. Выпішыце з тэксту сінонімы. (Крычаць, сварацца.)

Лістапад – самы пахмурны месяц у годзе.

Пад дажджамі і ветрам ападаюць (з чаго?) апошнія пацямнелыя лісты. Дрэвы ў садах і лясах стаяць чорныя, голыя, мокрыя. Адны толькі елкі ды сосны (калі?) не губляюць сваёй адвечнай зялёнай красы.

(Як?) крычаць і сварацца неспакойныя, мітуслівыя сойкі.  (Віталь Вольскі, “Месяц за месяцам”, замалёўка “Лістапад”, стар. 68) [2, с. 68, “Месяц за месяцам”].     

Словы для даведкі: ніколі, рэзка, з дрэў.

Рэдагаванне тэксту.

Дапоўніце тэкст даданымі членамі.

Летам заўсёды весела на … пляцоўцы. Тут збіраюцца і бавяць час … дзеці. Здалёку можна пачуць іх … галасы.

Словы для даведкі: маленькія, звонкія, дзіцячай.

Складанне сказаў.

Уставіўшы прапушчаныя літары, складзіце са слоў сказы і запішыце іх. Падкрэсліце граматычныя асновы. Пакажыце,  якія даданыя члены паясняюць дзейнік і выказнік.

1. Жо..тыя, восенню, паветры, часта, у, лісты, л..таюць. 2. Каля, стаіць, хл..ве, на, бус..л, гн..зда, даўганогі. 3. Палянцы, на, з..лёнай, пад, елачкай, спіць, заяц, ш..ры.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы ў канцы верша – чытайце, калі ласка!  – потым прамовіце і вы.

                                                       Запрашае ў госці

                                                       Чароўная казка:

                                                       -- Вас даўно чакаю.

                                                       Чытайце, калі ласка!

Цяпер прамовім разам: “Чытайце, калі ласка!”

Вы сцвярджаеце, што ў гэтым вершы дзейнікам і выказнікам з’яўляюцца словы  … . Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Назавіце галоўныя і даданыя члены сказа ў трэцім, чацвёртым і пятым сказах.

 

Волки

 

Волки принадлежат к семейству собачьих. У них острые зрение, слух и обоняние, а также 42 сильных острых зуба. Волки – отличные охотники. Они охотятся стаями. Громким воем волки сообщают другу другу, что происходит (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 14) [4, с. 14, «Животные»].   

Слоўнік: семейство – сям’я; обоняние – нюх; стая -- зграя; вой – выццё.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Гудуць авадні й камары.

                                                           Прэюць мі(ж, ш) лесу балоты.

                                                           У лесе глухм(е, я)нь. Ціха ў бары.

                                                           Спяць над канавай чароты.

                                                           Пад наві(с, сс)ю дрэў, як баразна,

                                                           Легла далёка канава.

                                                           Дзівота, зірнеш, і навізна --

                                                           Дужа Міхасю цікава!    [3, с. 107 – 108, “Раніца ў нядзельку”].

Вусна пастаўце пытанні да дзейніка і выказніка.

Раскрыйце сэнс слоў “прэюць” (тут: пахнуць гніллю), “глухмень” (тут: не сустрэнеш, не ўбачыш нікога), “навісь” (тут: дрэвы закрываюць, затуляюць), “дзівота” (дзіва), “навізна” (нешта новае).

Якім блізкім па значэнні словам можна замяніць слова “дужа”? (Вельмі.)

Тэсты.

Выберыце правільны вывад. Адзначце яго.

Каб вызначыць галоўны член сказа, трэба:

1) прачытаць сказ;

2) падумаць, аб кім ці аб чым гаворыцца ў сказе;

3) праверыць, ці адказвае слова на пытанні хто? або што?

Вывад.

Значыць, гэта:

 а) выказнік,

 б) дзейнік.

Выберыце правільнае сцвярджэнне. Адзначце яго.

1. Дзейнік і выказнік з'яўляюцца граматычнай асновай сказа.

2. Даданыя члены сказа з'яўляюцца граматычнай асновай сказа.

Выберыце правільнае сцвярджэнне.

1. Сказ можа складацца толькі з галоўных членаў сказа.

2. Сказ можа складацца толькі з даданых членаў сказа.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое граматычная аснова сказа? Прывядзіце прыклады сказаў, назавіце іх граматычную аснову.

Чаму дзейнік і выказнік называюць галоўнымі членамі сказа?

На якія пытанні могуць адказваць даданыя члены сказа?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

5. Якімовіч, Аляксей. Казкі-падказкі / А. М. Якімовіч. -- Мінск  : Нар. асвета, 2012. – 104 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.