Поиск по этому блогу

Інтэрв’ю з самім сабою

 

Інтэрв’ю з самім сабою (сам задаваў сабе пытанні і сам адказваў на іх)

 

-- Аляксей Мікалаевіч, якім для цябе як для пісьменніка выдаўся 2021 год?

-- Плённым, багатым. У гэтым годзе выйшла пяць маіх кніг.

-- Ці не змог бы ты пералічыць іх?

-- У выдавецтве “Беларусь” выйшлі наступныя мае зборнікі: фантастычна-містычная аповесць і апавяданні “Пан”, дэтэктыўныя апавяданні, вершы і антывірусныя прыпеўкі “Карп у футры”, дэтэктыўная аповесць, вершы і прыпеўкі “Загадкавы храм”. А часопіс “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў якасці дадаткаў да свайго часопіса выдаў наступныя кніжачкі: “Вывучаем правапіс у 4 класе. Дзеяслоў” і “Вывучаем беларускі правапіс у 4 класе. Прыметнік, займеннік”.

-- Значыць, ты не пакінуў распрацоўваць урокі, працуеш над методыкай выкладання?

-- Працую, стараюся. Хочацца падрыхтаваць для беларускіх настаўнікаў цікавыя ўрокі, каб потым яны змаглі данесці іх да сваіх выхаванцаў, вучняў. Хочацца зрабіць так, каб урок беларускай мовы быў святам. І каб гэта свята адбывалася найчасцей.

-- Выдаўшы кнігі, цябе падтрымалі.

-- Падтрымалі разумныя людзі, гуманісты, сапраўдныя прыхільнікі цудоўнага беларускага слова і нашай беларускай адукацыі. Вялікі дзякуй ім за гэта.

-- Хацелася б пачуць колькі слоў пра сюжэт аповесцей.

-- Героі аповесці “Пан”, якія прыехалі адпачываць у санаторый, сустракаюцца ў лесе з Панам – міфічным гаспадаром лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Гэты твор аб каханні, вернасці і здрадзе.

Дзеянне аповесці “Загадкавы храм” адбываецца ў невялікім раённым гарадку. Прадпрымальнік Менкін пасяляецца ў будынку, які некалі быў храмам. Менкін і яго жонка Святлана адчуваюць сябе на вяршыні шчасця. Але іх радасць азмрочваецца нечаканымі падзеямі, якія неўзабаве пачынаюць адбывацца ў храме і наганяюць жах на гаспадароў.

-- Ты ніколі не адчайваешся?

-- У адным са сваіх нядаўніх вершаў я напісаў:

                                                            Дзве сілы ёсць:

                                                            Святло і цемра.

                                                            У плямах свет,

                                                            Нібыта зебра.

Вера дапамагае жыць.

-- У што верыш?

-- У справядлівасць, у тое, што задуманае рана ці позна ажыццявіцца.

-- Гэта можна паказаць і на прыкладзе толькі што выдадзеных кніг?

-- Мая аповесць “Загадкавы храм” друкавалася ў слонімскай газеце “Отдушина» ў 2010 – 2011 гадах. А была напісана яшчэ раней. Праз колькі гадоў яна пабачыла свет у кнізе? Больш чым праз дзесяць! Падобнае здарылася і з дэтэктыўнымі апавяданнямі, змешчанымі ў кнізе “Карп у футры”. У “Газеце Слонімскай” яны друкаваліся з 1998 года да 2008 (прыблізна). Потым я іх вырашыў выпусціць асобнай кнігай у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Тады дырэктарам гэтага выдавецтва працаваў Георгій Марчук. Ён сустрэў мяне і мае апавяданні прыязна, падрыхтаваў да выпуску. Яны ўжо былі звярстаны. Але нечакана прыйшоў новы дрэктар. Георгій Марчук  перайшоў на іншае месца працы. Аднаго разу супрацоўнікі выдавецтва паведамілі мне, што маю кнігу не выпусцяць, набор раскіданы. Праўда, хтосьці гэты зборнік перадаў у інтэрнэт, дзе ён доўга знаходзіўся. Магчыма, знаходзіцца і цяпер.

-- За творы прыходзіцца змагацца?

-- Не толькі за творы, але і за сваё імя, і за свае ідэі.

-- Шкадуеш, што тады не выйшла падрыхтаваная да друку кніга дэтэктыўных апавяданняў?

-- Сёння не шкадую, нават у нейкай меры рады гэтаму, бо пасля таго некалькі разоў перапрацоўваў апавяданні і зрабіў іх больш дасканалымі, больш пісьменнымі, мастацкімі, як і аповесць “Загадкавы храм”.

-- Ніколі не спыняешся на дасягнутым?

-- Так, так, так! У напісаным раней бачу нейкія агрэхі. Таму стараюся выправіць іх, адшліфаваць твор, як шліфуюць, напрыклад, камень ці дрэва.

-- Ты ўжо стаў пісаць і вершы.

-- Вершы пачынаў пісаць у школьныя гады, але не атрымалася, не пайшлі яны ў мяне. А некалькі гадоў таму яны іншы раз сталі вылазіць з маёй галавы. Некаторыя ледзь паспяваў запісваць. Сам не ведаю, як так здарылася, што мяне натхніла ці ўзрушыла. Бывае, складаю іх у час працы на дачы, але такі працэс аднімае фізічныя сілы. Таму стараюся не злоўжываць ім. Многія вершы ў чарнавым варыянце напісаў, устаўшы ложка, у той час, калі хадзіў па кватэры, рыхтуючыся да працоўнага дня. Пасля начнога адпачынку някепска думаецца.

-- Дзе можна набыць твае кнігі?

-- У кнігарнях, у бібліятэках, у выдавецтве “Беларусь”.

 

Кароткія адказы на пытанні

 

--- Ты помслівы, доўга помніш зло?

-- З маёй душы яно не сыходзіць ніколі.

-- У якой форме помсціш крыўдзіцелям?

-- Раней іншы раз махаў кулакамі.

-- А цяпер?

-- Цяпер чакаю, магу чакаць доўга. А яшчэ раблю ўсё для таго, каб узвысіцца над імі, паказаць сябе з лепшага боку. Няхай глядзяць і скрыгічуць зубамі.

-- Як адносішся да такога паняцця, як праўда?

-- Праўда іншы раз можа не спадабацца, паказаць свае зубкі. Але яна павінна быць у жыцці як вада, як паветра. Няшчасныя тыя людзі, якія сталі жыць не па праўдзе, прызвычаіліся да хлусні. Хлусня разбурае, нясе разачараванне, непрыемнасці, бяду.

-- Як адносішся да іншых нацый, народаў?

-- Паважаючы іншых, абараняй сваё. Гэта ці не галоўны прынцып майго сённяшняга жыцця.

-- Ці можна быць беларусам, адмаўляючы беларускую мову?

-- Без мовы не ўяўляю сябе беларусам.

-- Але ж многія ўяўляюць.

-- За невялікі гістарычны прамежак, роўны жыццю некалькіх пакаленняў, многія бязмоўныя беларусы ўжо не называюць сябе беларусамі. Яны выбралі іншы шлях і сталі, што надта страшна, зацятымі ворагамі беларушчыны, зомбі.

-- Што іхзамбіравала, пазбавіла магчымасці лагічна думаць, разважаць?

-- Навакольнае жыццё.

-- Ты ўпарты?

-- Думаю, што так, хаця дзеля дасягнення мэты магу на нейкую хвіліну адмовіцца ад упартасці, выбраць нейкі іншы шлях. Прыходзіцца ўспамінаць, што лобам сцяну не праб’еш, а толькі нашкодзіш сабе і іншым.

-- Думаеш не толькі пра сябе?

-- Па-іншаму, лічу, жыць немагчыма.

                                                                            Аляксей Якімовіч

              29. 01. 2022 года.