Аляксей Якімовіч
Верш “Залатая кветка”
(дадзены ў скарачэнні)
Пасадзіў
ля хаты
Кветку залатую.
Думаю: пацеху
Сабе падарую.
Свежаю вадзіцай
Кветку паліваю,
На яе дзіўлюся,
Ціха напяваю:
-- Расці, расці,
кветка,
І дажджом, і ў сушу.
Прыгажосць тваю я
Ніколі не парушу.
У чужыя рукі
Цябе не аддам,
За любыя грошы
Цябе
не прадам.
Цікалі хвілінкі,
Дзянькі прабягалі.
Разам з кветкай залатой
Мы іх сустракалі.
Цёплым летнім ранкам
Ўбачыў я дзяўчыну:
Маладую, стройную,
Дзіўную рабіну.
«Не чакаў спаткання», --
Сэрца прашаптала.
Да красуні я звярнуўся,
Хоць горача стала:
-- Ты
прыйшла здалёку?
Мабыць, сірацінка.
Скажы, не таіся,
Мілая дзяўчынка.
-- Я твая пацеха,
Кветка залатая.
Мяне ажывіла
Расіца
начная, --
На мяне зірнуўшы,
Дзяўчына сказала.
Мне тады здалося:
Песню праспявала.
Песню пра каханне
Шчырае, зямное.
Дайшло, зразумеў я,
Што цяпер нас двое.
Са мной жыве ў хаце
Кветка
залатая.
З сонейкам устаўшы,
Мне дапамагае.
2021
Цалкам верш надрукаваны ў кнізе “Загадкавы храм” (аповесць і вершы), якая ў
лістападзе 2021 года выйшла ў выдавецтве “Беларусь”.