Поиск по этому блогу

Экспертыза "Кепскі настрой"

 

Кепскі настрой

 

Скардзіцца Андрэй.

-- Часта прыходзіць кепскі настрой. Ствараецца ўражанне, што не з той нагі ўстаю. Хаджу незадаволены, раздражнёны, іншы раз не хочацца глядзець на людзей. Яны здаюцца такімі ж змрочнымі і невясёлымі, як і я.

Так жыць і далей, змірыцца з гэтым? Як вы лічыце?

 

Як Вы, нашы эксперты, ацэньваеце гэту сітуацыю?

Што зрабілі б у дадзеным выпадку?

 

Эксперт Антось.

-- Табе, Андрэй, трэба закахацца. Каханне паднімае настрой, акрыляе. Неяк назіраў, як мая каханая на базары купляла агародніну. Яна не проста бегала ад прылаўка да прылаўка, а лятала, як лятае матылёк. Я глядзеў на яе і здзіўляўся. Упершыню бачыў такое.

 

Эксперт Ніна.

-- Андрэй, менавіта ты стваральнік свайго настрою. Табе не падабаюцца людзі? Яны, лічыш, усе нядобрыя? Але ж гэта не так. Людзі бываюць розныя, як дрэвы ў лесе. У кожнага свой характар, свой погляд на жыццё. Дзякаваць Богу, сярод нас нямала добрых людзей. Андрэй, расплюшчы вочы і ўважліва паглядзі на іх, паднімі сабе настрой.

 

Эксперт Маруся.

-- Адганяй кепскія думкі, Андрэй, пазбаўляйся ад іх, як ад непатрэбшчыны. Сябруй толькі са светлымі. Няхай яны паднімаюць твой сапсаваны настрой.

 

Эксперт Піліп.

-- Лічу, што Андрэя нешта пастаянна трывожыць, непакоіць. Магчыма, гэта трывога звязана з яго працай. Магчыма, там яго не любяць, прыніжаюць. У такім выпадку яму трэба знайсці іншае месца працы, сваё месца ў жыцці.

 

Эксперт Антось.

 

-- Трэба жыць як набяжыць. Не загружайся, Андрэй. Інакш калісьці не зможаш пацягнуць зацяжкі груз, знясілішся і ўпадзеш.

 

А як да гэтай сітуацыі адносіцеся Вы, нашы чытачы?