Поиск по этому блогу

Апавяданне "Сляды"

                                                                                                   Аляксей Якімовіч

 

СЛЯДЫ

 

Апавяданне

 

1

Скінуўшы ў калідорчыку туфлі, Павел Герасюк замкнуў дзверы, зайшоў у пакой, лёг на ложак, заплюшчыў вочы і раскінуў рукі. Усё-ткі стаміўся, нахадзіўся за дзень. Зараз ён крышку адпачне, падрэмле, а потым наварыць бульбы і павячэрае. "Я і баба, і мужык, я і конь, я і бык", -- нявесела падумаў пра сябе. Так, усё аднаму прыходзіцца рабіць. Сем гадоў, дзень за днём, пасля таго, як развёўся з жонкай і пакінуў сям'ю.

-- Цяжка нам! Ой як цяжка нам! -- з калідорчыка нечакана пачуліся два скрыпучыя галасы.

Павел устрапянуўся, расплюшчыў вочы і прыўзняў галаву, прыслухоўваючыся.

-- Цяжка нам! -- у другі раз аднатонна, зладжана, як адзін, праскрыпелі галасы.

У Паўла ёкнула сэрца. Ён асцярожна ўстаў з ложка, сціснуў кулакі і падаўся на калідорчык. На калідорчыку анікога не відаць. І на кухні няма.

Крыху пастаяўшы, Герасюк адчыніў дзверы ваннай, туалета, але і там нікога не знайшоў.

-- Што ж гэта робіцца? -- прашаптаў ён і, азірнуўшыся, зноў зайшоў у пакой і стаў каля акна.

На двары ярка свеціць летняе сонца, пенсіянеры на лаўцы сядзяць, грэюцца, каля суседняга пяціпавярховіка ўчастковы стаіць.

-- Ой як цяжка нам! -- у трэці раз праскрыпелі галасы.

-- Таварыш лейтэнант, зайдзіце на хвілінку! Вельмі прашу вас! -- адчыніўшы акно, гукнуў Павел.

2

Хвілін праз пяць у Паўлаву аднапакаёвую кватэру зайшоў участковы. Павел паглядзеў на яго малады, ружовашчокі твар і міжволі ўздыхнуў. Некалі і ён быў гэткі ж малады, ружовашчокі, а цяпер зусім пастарэў: валасы сівыя, шчокі маршчыністыя, цёмныя кругі пад вачыма.

-- Чаго клікалі мяне, дзядзька Павел? -- прыемным баском прагаварыў участковы.

-- Таварыш лейтэнант...

-- Вадзімам мяне завіце, -- перапыніў Герасюка ўчастковы. -- Колькі разоў вам казаць!

Не, у яго, Паўла, ніколі не павернецца язык гэтага прыгожага хлопца ў міліцэйскай форме Вадзімам назваць. Ён прадстаўнік улады, як-ніяк.

-- Таварыш лейтэнант, я нядаўна на ложак прылёг, а з калідорчыка галасы данесліся.

Участковы Вадзім аж папярхнуўся.

-- Чые галасы?

-- Не ведаю. Яны на сваё жыццё скардзіліся. Я ўсю кватэру абшукаў, але нікога не знайшоў.

-- А я што магу зрабіць? -- заморгаў вачыма ўчастковы.

3

У гэты вечар галасы больш не трывожылі Паўла. А на другі дзень, калі ён, прыйшоўшы з працы, як звычайна, разуўся і прылёг на ложак, яны далі знаць пра сябе.

-- Цяжка! Ой як цяжка нам! -- скрыпуча паскардзіліся.

Герасюк ускочыў з ложка і выбег на двор. Ён крочыў па тратуары, утуліўшы галаву ў плечы і нікога не заўважаючы. Раптам хтосьці схапіў яго за руку і сказаў:

-- Сваіх не пазнаеш?

Павел павярнуўся і ўбачыў Ніну, з якой пазнаёміўся ў мінулым месяцы. Жыццё ў яе, як і ў яго, чамусьці не складвалася. Яна два разы выходзіла замуж і два разы разводзілася.

Пасля апошняй сустрэчы Ніна змянілася. Валасы на яе скронях моцна пасівелі.

-- Іду, а галава рознымі думкамі занятая! -- апраўдваючыся, сказаў Павел.

-- Ты заўсёды заняты чалавек. У цябе куча розных спраў, -- з'едліва прагаварыла Ніна.

Герасюку стала няёмка. У час апошняй сустрэчы ён, можна сказаць, прагнаў Ніну са сваёй кватэры.

Стомленая і знерваваная прыйшла яна да яго.

-- Сёння я ў цябе застануся, -- заявіла, сеўшы на крэсла.

А ён яшчэ раней вырашыў: больш не будзе сустракацца з Нінай. Не пара яны. Яму ўжо за пяцьдзесят, а ёй толькі сорак.

-- Ніначка, -- сказаў тады пяшчотна, каб вельмі не пакрыўдзіць, -- мне няма калі. Я перакушу і пабягу. Справы ў мяне.

Ніна паглядзела на яго поўнымі болю вачыма.

-- Я пачакаю цябе. Калі трэба, есці звару ці адзенне памыю.

-- Кажу табе, што мне няма калі! -- з раздражненнем прамовіў ён.

Жанчына цяжка ўздыхнула.

-- Каб ты ведаў, як мне не хочацца дамоў вяртацца! Сын з нявесткай цэлымі днямі сварыцца.

-- У мяне куча спраў! Зразумей! -- усклікнуў ён.

Ніна моўчкі ўстала і пайшла, згорбіўшыся, як старая.

Не спадзяваўся ён, што сёння яе сустрэне. Можа, яна што-небудзь параіць яму.

-- Ніначка, -- сказаў пяшчотна, як і тады, калі выпраўляў з кватэры, -- у цябе скроні зусім пасівелі.

-- З тваёй ласкі, Павел, -- выказалася кабета і, адпусціўшы ягоную руку, таропка пакрочыла па тратуары.

"У той раз я яе прагнаў, а цяпер яна мяне пакінула, не стала слухаць. Тое зло, якое я ёй прычыніў, бумерангам да мяне вярнулася", -- падумаў Герасюк і пацягнуўся дамоў.

4

Звечарэла. Павел распрануўся і лёг на ложак. Ён спадзяваўся, што адразу ж засне, стомлены хадзьбой. Але не далі паспаць галасы, як звычайна, праскрыпеўшы:

-- Цяжка! Ой як цяжка нам!

Герасюк стукнуў кулаком па ложку.

-- А мне, вы думаеце, лёгка?

Галасы, відаць, не чакалі, што ён дасць ім адпор.

-- Ты з намі спрачаешся? -- пацікавіліся яны.

-- Я вас не хачу чуць! Мне заўтра раніцай на працу трэба ісці, мне трэба выспацца! -- са злосцю крыкнуў Павел, а ў галаве прабегла: "Сапраўды, як з роўняй, спрачаюся з імі".

-- І нам заўтра раніцай на працу трэба ісці, -- паведамілі галасы.

-- Хм, -- хмыкнуў Герасюк. Злосць прайшла. На душы стала неяк спакайней. -- Куды, дазвольце пацікавіцца?

-- Скажам. але крыху пазней, -- праскрыпелі галасы.

Павел сеў на ложку, углядаючыся ў цемру.

-- Вы доўга будзеце мяне мучыць?

-- Мы таксама мучымся, бо жывём з табою, -- адказалі галасы.

-- Раней я не мучыўся, нармальна жыў, -- не пагадзіўся Павел.

-- А ты добра падумай, успомні тыя гады, што, як адзін дзень, прабеглі ў цябе, -- не здаваліся галасы.

Паўлу надакучыла гэтая спрэчка.

-- Пакажыцеся, шаноўныя! Я вас хачу ўбачыць!

-- Заўтра нас убачыш, -- адказалі галасы.

-- І за гэта дзякуй! -- крыва ўхмыльнуўся Герасюк.

-- Спі. Мы больш не патрывожым цябе, -- паабяцалі галасы.

Павел лёг на падушку і заплюшчыў вочы. Ён зразумеў, што галасы не такія страшныя. З імі па-добраму можна дамовіцца.

5

Раніцай Герасюка сустрэў участковы.

-- Дзядзька Павел, галасы больш не трывожаць вас?

-- Не трывожаць, маўчаць, -- схлусіў Павел. Пакуль няма як казаць праўду ўчастковаму. Галасы паабяцалі, што сёння з'явяцца перад ім. Сёння ён сам з імі разбярэцца.

-- Дзядзька Павел, -- усміхнуўся лейтэнант, -- калі зноў пачуеце іх, то патэлефануйце мне.

"А што ты ім зробіш?" -- падумаў Герасюк.

6

У дванаццаць гадзін ночы Павел выключыў святло і сеў каля стала на крэсла. Ён адчуваў: галасы неўзабаве дадуць знаць пра сябе.

За акном, бясшумна рассякаючы паветра, як дзіўныя здані, праносіліся кажаны, воддаль гудзелі машыны, прарэзлівы жаночы крык прымусіў Паўла ўздрыгнуць.

-- Сядзіш? -- данеслася з калідорчыка.

-- Сяджу, -- хрыплым голасам прамовіў Павел і павярнуўся. Крэсла зарыпела пад ім.

-- Зайдзі на калідорчык і ўключы святло.

Герасюк паволі ўстаў і, спатыкаючыся, зайшоў на калідорчык.

-- Уключы святло!

Кончыкам пальца, па якім прабеглі мурашкі, Павел намацаў выключальнік і ўключыў святло. Анікога ў калідорчыку не відаць. Толькі туфлі стаяць у куце.

-- Не бачыш нас. Адыдзіся назад і глянь перад сабою.

Павел ступіў два крокі назад і ўбачыў, што ягоныя туфлі прыўзняліся, і з-пад іх выйшлі Сляды: з ромбікамі-рубчыкамі, з абцасікамі.

-- Э! -- разявіў рот Герасюк. -- Вы мае Сляды?

Сляды тупнулі абцасікамі па лінолеуму, якім быў засланы калідорчык.

-- Мы твае Сляды!

-- Вы са мною размаўлялі?

-- Мы!

Павел правёў рукою па грудзях, стараючыся скінуць страх і цяжар з душы.

-- Чаго ж вы хочаце ад мяне?

Сляды ступілі крок наперад і сталі.

-- Мы табе хочам паказаць, што ты не так жывеш.

Герасюк прытуліўся да сцяны.

-- Я жыву так, як многія жывуць.

-- Не так! -- запярэчылі Сляды. -- Заўтра гэта дакажам. Разам з табою пойдзем у горад. Ты за намі будзеш ісці.

Павел далонню пастукаў сабе па цемечку.

-- Вас людзі заўважаць. Немаведама што падумаюць.

-- Не заўважаць. Ты часта заўважаеш чужыя сляды?

-- На чужыя сляды я не гляджу, -- прызнаўся Павел. -- А куды ж вы, хацелася б ведаць, мяне паведзяце?

-- Туды, дзе ты пакінуў свае сляды, -- паведамілі Сляды і сталі ў кут, каля туфляў.

7

На наступны дзень, у нядзелю, абмінаючы прахожых, Сляды смела тупацелі па тратуары. Ніхто іх не заўважаў.

Стараючыся не адстаць, Герасюк крочыў за Слядамі. "Куды ж яны вядуць мяне?" -- думаў ён. Яму было і цікава, і крыху страшнавата, як студэнту перад чарговым экзаменам.

Пачакаўшы, пакуль загарыцца зялёны агеньчык святлафора, Сляды перайшлі вуліцу і падаліся ў гарадскі парк.

На скасабочанай лаўцы, некалі пафарбаванай на чырвоны колер, сядзела бабуля з кіёчкам у руках. Побач з ёю ляжаў вузялок.

Старая ўсё-ткі заўважыла Сляды. Падслепаватымі вачыма яна ўставілася на іх.

-- А Божачка мой! Сляды ідуць!

-- Гэта мае Сляды, -- пастараўся супакоіць бабулю Павел, прыпыніўшыся каля яе.

Абедзвюма рукамі бабуля абаперлася аб кіёчак.

-- Яны, выходзіць, уцяклі ад цябе?

-- Не зусім так. Яны са мною жывуць, -- удакладніў Герасюк.

А Сляды павярнуліся да бабулі і сталі танцаваць, мабыць, каб пацешыць яе.

-- Танцуюць! -- усклікнула старая.

Хмурынка прабегла па твары Паўла.

-- Польку, -- сказаў ён. -- Як некалі я танцаваў. Мае Сляды маю маладосць успомнілі.

Станцаваўшы польку, Сляды пакрочылі далей. І Павел накіраваўся за імі, развітаўшыся з жанчынай.

-- Шчаслівай дарогі табе, сынок! -- пажадала яна.

8

Сляды прывялі Герасюка да дома, у якім жыла ягоная дачка Валя. Ён даўно з ёю не бачыўся. Аднаго разу, гадоў пяць таму, у такі ж цёплы летні дзень ён завітаў да Валі, а яна яго не пусціла, выпаліўшы ў твар:

-- Не хадзі да нас! Ненавіджу цябе!

Сляды сталі каля пад'езда і звярнуліся да Паўла:

-- Адчыняй дзверы.

-- Не пайду туды! -- пакруціў галавою Павел.

-- Тут твая дачка жыве.

-- Яна адмовілася ад мяне, прагнала. А я ж яе ў садок вадзіў, у школу адпраўляў, потым ва ўніверсітэт уладкаваў, вывучыў. За маму пакрыўдзілася на мяне.

-- Трэба было не толькі вучыць, але і выхоўваць, -- папракнулі Сляды.

Павел адчуў, як даўкі камяк падступіў да горла.

-- Я стараўся, выхоўваў. Зразумейце мяне!

Сляды не хацелі разумець Паўла.

-- Выходзіць, не так выхоўваў. Адчыняй!

Павел уявіў, як у той раз бягом спусціўся па лесвіцы і выскачыў з пад'езда. Цэлы тыдзень не мог дайсці да сябе, з вачэй слязінкі змахваў.

-- Яна мяне зноў прагоніць.

-- Не прагоніць! Час лечыць раны, -- у нецярпенні тупнулі абцасікамі Сляды.

Герасюк узяўся за ручку і адчыніў дзверы. Хоць і адчужылася дачка, але яна ягоная крывіначка. Хіба не хочацца яму паглядзець на яе і на ўнучку Марынку, якую бачыў толькі здалёку, крадком прыходзячы да садка, у які вадзіла яе мама.

9

Дачка пусціла яго ў кватэру, нават запрасіла на кухню і пасадзіла на табурэтку. А Сляды схаваліся ў куце, дзе стаяў абутак.

-- Як жывеш, дачушка? -- нясмела кашлянуў Павел.

Валя стаяла каля акна, скрыжаваўшы рукі на грудзях.

-- Як усе людзі жывуць.

На кухні павісла прыкрая цішыня. "Я тут не свой і не чужы. Я ніякі", -- падумаў Герасюк і зноў кашлянуў у кулак.

-- Твой Генадзь дома?

-- Дома. У зале тэлевізар глядзіць, -- Валя гаварыла адрывіста, суха, як, бывае, знерваваны прадавец гаворыць з пакупніком.

-- І Марынка дома?

-- Марынка, бяжы сюды! Твой дзядуля прыйшоў! -- націснуўшы на слова "дзядуля", гукнула дачка.

На кухню прыбегла бялявенькая пухленькая дзяўчынка з вялікім белым бантам на галаве і стала, дзівячыся на Паўла. Павел засунуў руку ў кішэню і намацаў грошы. А Марынка паказала яму ружовенькі язычок і, затупацеўшы тоўсценькімі ножкамі, выбегла з кухні.

Паўлавы вусны скрывіліся ва ўсмешцы.

-- Дзічыцца яна мяне.

Шчокі ў Валі пачырванелі. Яна страсянула галавою. Відаць, хацела сказаць штосьці колкае, але стрымалася, узяла сябе ў рукі.

-- Есці будзеш?

"Хіба я не марыў, песцячы цябе, дачушка, што сваю ўнучку за ручку буду вадзіць? Я ж такі, як і ўсе", -- думаў Герасюк, пазіраючы на дачку.

-- Есці будзеш? -- рэзка паўтарыла Валя і ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.

У Паўла закружылася галава. Твар дачкі расплыўся перад вачыма. Яму здалося, што ён бачыць не белыя зубы, а востранькія клычкі. Ён устаў, выняў з кішэні жменю грошай, прыплюснуўшы далонню, паклаў іх на стол і выйшаў на калідор.

Валя сама адчыніла яму дзверы, сказаўшы на развітанне:

-- Мы ніколі не разумелі адно аднаго.

10

На двары Герасюк доўга і часта дыхаў, глытаючы цёплае паветра, як глытае яго рыба, выкінутая на бераг, а затым пацікавіўся ў Слядоў:

-- Куды яшчэ мяне заведзяце?

-- Да жонкі!

Ён стаяў на шумнай, шматлюднай вуліцы, а яму здавалася, што стаіць у пустыні, дзе тысячы распаленых сонечных праменьчыкаў, як іглінкамі, працінаюць яго, каб прычыніць боль.

-- У мяне няма жонкі.

-- Да той, якая была ў цябе!

"Бум-бум-бум..." -- гучна, працягла разнеслася ў паветры.

Павел наморшчыў лоб.

-- Што гэта?..

-- Царкоўныя званы звіняць, -- паведамілі Сляды.

Герасюк пажвавеў, дыхаць стала лягчэй, і боль у целе суцішылася.

-- Вядзіце мяне ў царкву!

-- Дарогі не ведаем. Ты ж туды ні разу не хадзіў.

Павел стаяў і ўсміхаўся, як дзівак. Сапраўды, у мясцовай гарадской царкве ён ні разу не быў. А ў дзяцінстве ў сваю, у вясковую царкву, хадзіў. Маці за ручку яго вадзіла. Як добрае, як светлае свята ўспамінаецца гэта. Столькі гадоў прайшло, а ўспамінаецца.

-- Хадзем да жонкі! -- напомнілі Сляды.

-- Не пайду да яе, -- упёрся Павел. -- Я не вінаваты, што развёўся. Яна да разводу мяне давяла.

-- У чымсьці і ты быў вінаваты, -- не здаваліся ўпартыя Сляды. -- Відаць, мала ўвагі ёй удзяляў. Іншыя на святы кветкі ёй дарылі, а ты не дарыў.

-- Прыходзіла з падарункамі! -- прызнаўся Павел і наблізіўся да Слядоў. -- Вы хочаце, каб я праз пекла прайшоў. Чаму?

-- Мы хочам. каб ты зразумеў, для чаго на свеце жывеш, -- прагаварылі Сляды.

-- Дзень прайшоў -- і дзякуй Богу, -- панурыўся Павел.

Сляды, як і каля пад'езда Валінага дома, у нецярпенні тупнулі абцасікамі.

-- Хадзем!

-- Хадзем. Усё роўна не адчэпіцеся вы ад мяне, -- махнуў рукою Герасюк.

11

За сем гадоў, што мінулі пасля разводу, жонка, як і ён, пастарэла, але, было відаць, сачыла за сабою. Ад яе пахла дарагімі духамі, доўгія пазногці былі наманікюраныя, а галаву ўпрыгожвала мадэльная прычоска.

Яны сядзелі насупраць адно аднаго ў мяккіх крэслах.

-- Яшчэ не жаніўся? -- весела прагаварыла яна.

-- Ты ж таксама замуж не выйшла, -- адпарыраваў Павел.

-- Былі прапановы, -- сказала жонка і расхінула халат, паказаўшы круглае загарэлае калена.

Герасюк адвёў позірк убок.

-- Развяліся, а маглі б жыць, як людзі жывуць!

Жонка скоса паглядзела на яго.

-- Сам уцёк.

Павел устаў з мяккага крэсла. "Сам уцёк..." Ад добрага жыцця не ўцякаюць. Што ж, ён стрымае эмоцыі, што бурляць у душы, не будзе спрачацца. Гэтай улюблёнай у сябе жанчыне нічога не дакажаш. Няхай Бог даруе ёй.

-- Ну, я пайду.

Жончын твар неяк адразу асунуўся.

-- Ідзі, -- ціха прамовіла яна.

12

Апаўдні разам са Слядамі Павел вярнуўся дамоў. Ён адчыніў акно і сеў на крэсла. Сляды сталі побач, каля стала.

У кватэры было ціха.

-- Вас мая жонка так і не заўважыла, хоць вы за мною выйшлі, у калідоры крыху патаптаўшыся, -- парушыў маўчанне Павел.

Слядам, відаць, стала няёмка. Яны ўздыхнулі.

-- Мабыць, тады заўважыць, калі зусім пастарэе і нікому не будзе патрэбна.

-- Мабыць! -- адгукнуўся Герасюк. -- Я кепскі, я нядобры! Так?

-- Вельмі строга не судзі сябе, -- заўважылі Сляды. -- Паўдня з намі прахадзіў, а нічагуткі не зразумеў. Быллём парасло тое, што было. Не вернеш яго. Жыць трэба.

-- Як жыць? -- запытаўся Павел.

Сляды не паспелі адказаць, бо зазвінеў электрычны званок.

Павел ускочыў з крэсла і, адчыніўшы дзверы, убачыў участковага з вялікай аўчаркай на павадку.

-- Сабаку ўзяў. Магчыма, яна мне дапаможа знайсці вашага жартаўніка, -- паведаміў ён.

Сабака застрыг вушамі і ашчэрыў зубы.

Герасюк адступіў, а ўчастковы разам з аўчаркай зайшоў у кватэру.

-- Таварыш лейтэнант! -- у роспачы закрычаў Павел.

-- Сляды стаяць! -- тыцнуў рукою ўчастковы, паказаўшы на Сляды, якія стаялі, задраўшы насы.

Аўчарка забрахала, поўсць на ёй уздыбілася.

-- Навошта ты іх пусціў сюды? -- крыкнулі Паўлу Сляды.

-- Яны жывыя! -- усклікнуў участковы і адпусціў павадок.

Сляды ўскочылі на крэсла, з крэсла пераскочылі на стол, са стала -- на падаконнік і зніклі з вачэй. Раз'юшаная аўчарка таксама выскачыла за імі праз акно.

-- Таварыш лейтэнант, што вы нарабілі?! Гэта ж мае Сляды! Я сваё жыццё змяніў бы, калі б яшчэ крыху з імі пабыў, -- з дакорам прагаварыў Герасюк.

-- Дзядзька Павел, за мною! Мы знойдзем іх! -- гукнуў участковы і ірвануўся да дзвярэй.

Участковы і Павел на аўтобусным прыпынку ўбачылі аўчарку. Яна стаяла і выла, узняўшы галаву. Людзі, што сабраліся тут, насцярожана пазіралі на яе.

-- Гаспадара згубіла. Вось і плача! -- прамовіў хтосьці з іх.

Участковы падышоў да сабакі і пагладзіў яе. Аўчарка лізнула яго ў руку.

-- Сляды ў аўтобус ускочылі і паехалі. Увесь горад абшукаю, а знайду іх! -- сказаў Герасюк і, шырока ступаючы, пакрочыў па тратуары.

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.