Поиск по этому блогу

Планы, мары выпускнікоў

 

Планы, мары выпускнікоў

 

Вы закончылі школу. Ці збыліся вашы планы, мары?

  Што трэба зрабіць сённяшнім дзесяцікласнікам, каб здзейсніліся іх планы?

Вось такія пытанні я задаў былым выпускнікам і вось што яны сказалі.

 

Юля, выпускніца 2005 года.

-- Планы, мары збыліся. Цяпер я дырэктар магазіна. У мяне ёсць сям’я. Мы пабудавалі дом, купілі машыну. Трэба працаваць, мацаваць сям’ю і свой дабрабыт.

Што трэба зрабіць сённяшнім дзесяцікласнікам? Няхай з мяне бяруць прыклад.

 

Валерыя, выпускніца 2016 года.

-- У мяне не было ніякіх планаў. Закончыла школу і пайшла вучыцца на прадаўца. Неяк само сабою так атрымалася.

Сённяшнім дзесяцікласнікам сказала б прыкладна так: “Калі вы жывяце ў раённым гарадку, уцякайце ў вялікі горад: у сталічны або абласны. У маленькім гарадку без падтрымкі вам будзе цяжка. Тут праблемы з працай і маленькія зарплаты”.

 

Ніна, выпускніца 2018 года.

-- Былі планы, былі мары. Некаторыя з іх збыліся. Добра, калі ёсць уплывовыя бацькі. З імі лягчэй жыць, лягчэй рухацца ўперад. Надзейны тыл заўсёды прыбаўляе ўпэўненасці.

У час вучобы ў школе плануйце, як вам жыць далей, загадзя падумайце, якую прафесію выбераце, дзе будзеце вучыцца. І аснову той, будучай вучобы закладвайце ўжо ў школе.

 

Мікола, выпускнік 1967 года.

-- Гады ідуць. Ці задаволены сваім жыццём? Скажу шчыра: не вельмі. Нямала зрабіў памылак, якія перашкодзілі здзейсніць намечаныя планы. За ўсё, як гаворыцца, прыходзіцца плаціць.

Сённяшнім выпускнікам параіў бы адно: будзьце ўважлівыя, не дапускайце памылак. Некаторыя з іх вельмі балюча джаляць не толькі вас, але і вашых блізкіх.

 

Галя, выпускніца 2012 года.

-- Планы былі. Шмат працавала ў школе, старанна вучылася. Гэта дапамагло ў далейшым жыцці. Нешта ўжо ўдалося зрабіць. Але на гэтым я не спынілася. Стараюся ажыццявіць тое, што задумваецца.

Некаторым старшакласнікам здаецца, што жыццё – гэта цячэнне ракі, якое заўсёды нясе цябе ў патрэбным накірунку. А гэта не так. Цячэнне можа выкінуць і на бераг, дзе будзе цяжка, адзінока. Таму рыхтуйцеся пераадольваць цяжкасці, вучыцеся плыць і супраць цячэння.

 

А як адказалі б на пастаўленыя пытанні Вы, нашы чытачы?

                                                                   Падрыхтаваў Аляксей Якімовіч