Поиск по этому блогу

Фантастычна-містычнае апавяданне "Паветраны шарык"

 

                                                                                       Аляксей Якімовіч

                                                                          

ПАВЕТРАНЫ ШАРЫК

Фантастычна-містычнае апавяданне

 

1

Пасля паўдня ў кабінет да Сцяпана Трафімовіча, які працаваў бухгалтарам у невялікай камерцыйнай фірме, прыйшлі Алег і Зоя. Яны працавалі ў аддзеле збыту і са Сцяпанам звычайна сустракаліся толькі на калідоры. Ён, стары халасцяк, прывык быць адзін. І гэта яго задавальняла.

-- Як жывеш, калега? -- прывітаўшыся, пацікавіўся Алег.

Сцяпан насцярожыўся. Нездарма ружовашчокі, жыццярадасны Алег цікавіцца жыццём адзінокага халасцяка. Неўзабаве штосьці папросіць, няйначай.

-- Жыву, як усе, -- не паднімаючы галавы, суха адказаў Сцяпан.

-- Сцёпка, галаву паднімі! -- як да блізкага сябра, звярнулася да Трафімовіча высокая хударлявая Зоя, у якой з Алегам даўно быў раман. -- Заўтра разам на шашлыкі паедзем.

Сцяпан зняў акуляры, пакруціў іх у руках і прамовіў, раздзельна вымаўляючы кожнае слова:

-- Я? З вамі? Паеду?

-- Шаноўны, -- перагнуўшыся цераз стол, сказаў, як праспяваў, Алег, -- мы цябе з добрай жанчынай хочам пазнаёміць.

Трафімовіч затуліўся рукамі.

-- Не!

Заўтра субота, вольны дзень. Ён, як звычайна, позна ўстане, выспіцца. Потым сходзіць у лазню, вып'е бакальчык свежага піва, а вечарам у сваім утульным пакойчыку ляжа на канапу і паглядзіць тэлевізійны фільм.

-- Мужык ты ці не мужык? -- кончыкам востранькага язычка аблізнула пульхненькія губкі Зоя. -- Я паабяцала Тані, што прывязу цябе.

-- Яе зваць Таня? -- вырвалася ў Сцяпана.

-- Вось і дамовіліся! Заўтра ў дзевяць гадзін чакай нас каля пад'езда. Мы на машыне пад'едзем і забярэм цябе, -- сказаў Алег і разам з Зояй выйшаў з кабінета.

2

Сцяпан лёг спаць у адзінаццаць гадзін вечара, а ў дзве гадзіны ночы прачнуўся і пачуў, што па калідоры хтосьці ходзіць, ступаючы цяжка, упэўнена.

Трафімовіч прыўстаў і хацеў уключыць святло, але з калідора данёсся голас, падобны на замагільны:

-- Не ўключай святло. Сёння ноч светлая, месячная. Пры святле месяца ўбачыш ты мяне.

Сцяпан напружыўся і сцяў кулакі, рыхтуючыся абараняцца, а ў пакой зайшоў высокі мужчына сярэдніх гадоў у доўгім белым адзенні. Ён быў падобны да яго, Сцяпана: і нос даўгаваты, і твар смуглявы, і бровы чорныя, кусцістыя.

Мужчына адсунуў ад стала крэсла і сеў на яго.

-- Я твой дзед Аляксандр. Не бойся мяне, унучак.

Сцяпан выдыхнуў з грудзей паветра і прагаварыў, стараючыся не паказаць страху:

-- Мой дзед на вайне загінуў. Я яго ніколі не бачыў.

Белым касцістым кулаком мужчына стукнуў сабе ў грудзі.

-- Я загінуў на вайне! Я!

На нейкае імгненне Трафімовічу здалося, што ён плыве, як трэска, падхоплены імклівым цячэннем ракі.

-- Ты прыйшоў з таго свету?

-- Прыйшоў, каб папярэдзіць, што цябе чакае бяда.

Рукі і ногі ў Сцяпана пацяжэлі, сталі непаслухмяныя, а на лобе і твары выступіў пот.

-- Мяне заўтра ў лес на шашлыкі запрашаюць. Мне ехаць туды?

-- Унучак, сам вырашай. Ты ўжо не маленькі.

Дзед Аляксандр устаў і згінуў, нібы растварыўся.

Сцяпан лёг, рукамі ўзяўшыся за падушку. Пот каціўся па ягоным твары. Няўжо заўтра ў лесе яго падпільнуе бяда? Магчыма, што так. Але ж яна і ў хаце можа знайсці. Ад яе не зачынішся, не схаваешся. Нездарма людзі кажуць: да бяды недалёка. Што ж рабіць? Ехаць ці не ехаць у лес?

"Заўтра вырашу. Мне трэба супакоіцца", -- падумаў Трафімовіч і заплюшчыў вочы.

3

Пасля доўгага роздуму Сцяпан вырашыў, што паедзе ў лес з Алегам і Зояй. Правільна сказаў дзед Аляксандр: ён ужо не маленькі. Калі што, зможа пастаяць за сябе.

Узяўшы поліэтыленавы пакет, у якім ляжалі кавалак мяса на шашлыкі і бутэлька віна, у дзевяць гадзін ён выйшаў з пад'езда.

Неўзабаве на старэнькай легкавушцы пад'ехаў Алег. З машыны вылезлі Зоя і, як здагадаўся Сцяпан, яе сяброўка Таня -- бялявая жанчына гадоў трыццаці пяці. Яна першая працягнула Трафімовічу невялікую пульхненькую ручку і назвала сябе:

-- Таня.

-- Сцяпан! -- прамовіў ён, трымаючы ў сваёй вялікай халаднаватай руцэ гэтую цёплую пульхненькую ручку.

Таня яму спадабалася. Яна была рухавая, энергічная і гэткая ж пульхненькая, як і яе ручка.

-- Вось і пазнаёміліся! -- гукнуў з легкавушкі Алег. -- А цяпер папхніце мяне, бо акумулятар сеў, не заводзіцца.

Сцяпан, Зоя і Таня дружна ўперліся, пхаючы легкавушку. Набіраючы хуткасць, яна пакацілася з пагорачка і, чхнуўшы выхлапной трубой, завялася.

-- Залазьце! -- запрасіў Алег.

Разам з Таняй Сцяпан сеў на задняе сядзенне. Тут ляжала ружжо ў чахле.

-- Ты і ружжо з сабою ўзяў? -- звярнуўся да Алега Сцяпан.

-- Я яго заўжды з сабою важу. На ўсякі выпадак! -- ухмыльнуўся Алег.

4

З'ехаўшы з лясной дарогі, Алег спыніў легкавушку на палянцы, вакол якой раслі беластволыя бярозы.

-- Алежак, ты нас у сапраўдны рай прывёз! -- з асалодай прагаварыла Зоя і закружылася.

-- Вунь паветраны шарык вісіць! Гляньце! -- крыкнула Таня.

Сапраўды, на высокай бярозе, што расла на ўскрайку паляны, нерухома вісеў блакітны паветраны шарык. Доўгай чорнай ніткай, да якой была прымацавана белая паперка, ён зачапіўся за галіну.

-- Алежак, знімі яго! -- павярнулася да Алега Таня. -- На паперцы, відаць, напісана, адкуль ён прыляцеў.

Алег пакруціў галавою.

-- Няхай Сцяпан зніме. Я вышыні баюся.

Таня ўздыхнула і зірнула на Сцяпана, ласкава ўсміхнуўшыся яму.

Падахвочаны Танінай усмешкай, Трафімовіч кінуў на траву поліэтыленавы пакет, падышоў да бярозы, ухапіўся за ніжні сук, падцягнуўся і палез, як, бывала, лазіў у дзяцінстве, калі трэба было на дрэве прымацаваць шпакоўню.

Вось і паветраны шарык. Сцяпан асцярожна зняў яго з галіны.

-- Адкуль прыляцеў? -- задраўшы галаву, гукнула Таня.

-- Тут па-нямецку напісана. Зараз прачытаю вам. Я нямецкую мову крыху ведаю, -- пахваліўся Сцяпан і, злезшы з бярозы, прачытаў:

-- Таму, хто прынясе гэты паветраны шарык у нямецкую амбасаду, фірма "Майер" заплаціць пяцьдзесят тысяч еўра.

-- Разыгрываеш нас! -- усклікнула Зоя.

Да Сцяпана падышоў Алег і ўставіўся на запіску.

-- Ён не хлусіць. Пяцьдзесят тысяч! Напісана! Нямецкую мову таксама крыху ведаю.

Трафімовіч адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Не блакітны паветраны шарык, а, можна сказаць, цэлы капітал у руках ён трымае. Багатая нямецкая фірма дзеля рэкламы не пашкадуе грошай. Пра гэты паветраны шарык напішуць і ў мясцовых, і ў замежных газетах, фотаздымкі змесцяць...

-- Узнагароду за паветраны шарык пароўну падзелім, -- падаў голас Алег.

-- Чаму пароўну? – здзівілася Таня. -- Я шарык убачыла, я папрасіла Сцяпана, каб на бярозу залез.

-- Не, пароўну падзелім! -- уступіла ў гаворку Зоя.

Сцяпан слухаў і сваім вушам не верыў. Ён грошы яшчэ не атрымаў, а яны ўжо дзеляць іх. Як гаворыцца, ласы на чужыя каўбасы.

-- Даражэнькія, а вы ў мяне запыталіся, ці аддам вам грошы? -- дрыготкім голасам прамовіў ён.

-- Не падзелішся з намі? -- спадылба зірнуў на Сцяпана Алег.

-- Не!

-- Усе грошы сабе забярэ! -- абурылася Таня і сцяла кулачкі.

-- Не аддасць! -- у роспачы крыкнула Зоя і глянула на Алега, як бы шукаючы ў яго падтрымкі.

-- Шарык мой! -- цвёрда сказаў Сцяпан.

Твары ў Алега, Зоі і Тані пазелянелі, як у мерцвякоў, а губы выцягнуліся, сталі падобныя на тонкія ніткі.

Сцяпан не на жарты перапалохаўся. Трымаючы перад сабою паветраны шарык, ён пачаў адступацца назад.

-- Аддай! -- тыцнуўшы рукою, паказаў на паветраны шарык Алег. На ягонай руцэ, заўважыў Трафімовіч, з'явілася поўсць, падобная на воўчую.

-- Аддай! -- паўтарыла за ім Таня і нядобра ўсміхнулася, паказаўшы вялікія воўчыя клыкі.

-- Аддай! -- прамовіла Зоя і застрыгла вушамі. Так, так, у яе вушы сталі як у ваўчыцы.

-- Не аддам! -- са страху закрычаў Сцяпан.

Алег, Зоя і Таня, як па камандзе, перакуліліся і ператварыліся ў шэрых ваўкоў.

Лабасты Алег-воўк лыпнуў вачыма на Сцяпана і аблізнуўся. Да яго падышла высокая Зоя-ваўчыца і прашаптала:

-- Давай яго з'ядзім!

-- Цяпер з'ядзім! -- шчоўкнуў зубамі Алег-воўк і паглядзеў на тоўсценькую Таню-ваўчыцу, якая стаяла воддаль.

Таня-ваўчыца кіўнула галавою.

"Яны сталі ваўкамі, а гавораць як людзі!" -- пранеслася ў галаве ў Сцяпана. Ён падбег да легкавушкі, упаў на сядзенне і зачыніў дзверцы.

5

Ад перажытага ў Трафімовіча дрыжалі рукі і моцна білася сэрца. А вакол машыны, як разбойнікі, хадзілі ваўкі, якія нядаўна былі звычайнымі людзьмі.

"Нездарма дзед Аляксандр папярэдзіў, што мяне чакае бяда. Усё-ткі ў лесе падпільнавала яна. А магло б па-іншаму скласціся, калі б розум меў і паабяцаў ім, што грашыма падзялюся. Не, заўпарціўся!" -- нявесела падумаў Сцяпан.

У бакавое шкло пярэднімі лапамі ўпёрся Алег і разявіў пашчу, паказаўшы жоўтыя агідныя клыкі. А з другога боку Зоя і Таня прагна пазіраюць.

Сцяпан павярнуў ключ запальвання, стараючыся завесці машыну.

-- Ён уцячэ! -- усклікнула Таня.

-- Не ўцячэ, -- супакоіў яе Алег. -- Акумулятар у машыне сеў.

-- Прыйдзе час, і вылезеш. Мы пачакаем! -- з пагрозай прагаварыла Зоя.

"Можа, аддаць ім паветраны шарык і такім чынам адкупіцца?" -- падумаў Сцяпан, але адразу ж адагнаў гэтую думку. З ваўкамі па-добраму не дамовішся. Іншы спосаб трэба шукаць.

-- Вылазь! -- прабурчаў настырны Алег.

Павярнуўшыся, Сцяпан узяў з задняга сядзення ружжо, дастаў яго з чахла і зарадзіў.

-- Зараз вылезу!

Алег, Зоя і Таня адбегліся і сталі на ўскрайку паляны.

Трафімовіч вылез з легкавушкі, у адной руцэ трымаючы паветраны шарык, а ў другой -- зараджанае ружжо.

Алег, Зоя і Таня слупкамі застылі, сочаць за ім.

-- Пастраляю! -- папярэдзіў Сцяпан і назіркам накіраваўся ў глыб лесу. Ён разумеў: Алег, Зоя і Таня не пакінуць яго ў спакоі. Значыць, нейкім чынам трэба заблытаць сляды, адарвацца ад іх. Шкада, што гэты лес яму незнаёмы.

Ззаду пачулася воўчае выццё. Трафімовіч выстраліў угору і, апусціўшы ружжо, убачыў Алега, які поўз да яго, хаваючыся ў густой траве.

"Зоя і Таня знарок ззаду завылі: напалохалі, каб Алег, як з засады, выскачыў і за горла мяне схапіў", -- здагадаўся Сцяпан і наставіў на Алега ружжо.

-- Адыдзіся! Богам прашу. Ружжо двухствольнае. Адзін патрон не выкарыстаў я.

Алег моўчкі ўстаў, нагнуў галаву і рушыў на Сцяпана. Вочы чырвоныя, ненавісныя, з пашчы сліна на траву капае. Быў чалавекам, ды ў воўка перакінуўся. Магчыма, неўзабаве зноў стане чалавекам. Рука не паднімаецца ў яго страляць.

-- Алег, адстань ад мяне! Чуеш?

Не слухаецца, ідзе. Ужо зусім блізка ён.

-- Апусці ружжо, Сцяпан!

Трафімовіч прыплюшчыў вока, прыцэліўся і націснуў на курок. Пачуўся стрэл. Зарад трапіў Алегу ў лапу.

-- Гад! Параніў! -- крыкнуў ён і, кульгаючы, пабег назад.

-- Сам ты гад! -- прагаварыў Сцяпан і перазарадзіў ружжо.

У лесе завылі, загаласілі Зоя і Таня.

6

Бярозавы гай скончыўся. Сцяпан выйшаў на балота, парослае вялікімі густымі кустамі лазняку.

"Пайду праз балота. Магчыма, за балотам будзе вёсачка. Вяскоўцы падкажуць, як трапіць у горад", -- вырашыў Трафімовіч і пацягнуўся, падбадзёрваючы сам сябе:

-- Давай, браток, давай! Нядоўга засталося табе мучыцца.

Пад нагамі хлюпала вада. Часам ён правальваўся ў гразь па калені. Тады спыняўся, павольна выцягваў нагу і асцярожна ступаў на купіну, якая дрыжала пад цяжарам ягонага цела.

Нечакана з-за куста, што рос пасярод балота, выскачылі Зоя і Таня.

-- А-а!.. -- ад неспадзеўкі ўсклікнуў Сцяпан і, па пояс праваліўшыся ў балота, выпусціў ружжо.

Зоя і Таня рвануліся да яго. Сапуць цяжка, брудныя пырскі вакол сябе паднімаюць.

Сцяпан лёг на жывот, каб дастаць ружжо, але не дацягнуўся.

-- Не ўцячэш! -- з нянавісцю прагаварыла Зоя.

-- Грошай пашкадаваў? -- дадала Таня.

-- Унучак, трымайся! Я дапамагу табе! -- як з-пад зямлі, пачуўся крык, і на балоце з важкай лясінай у руках з'явіўся дзед Аляксандр.

Убачыўшы яго, прагныя жанчыны-ваўчыцы сталі. Дзед Аляксандр патрос лясінай.

-- Пачастую вас!

Зоя падняла ўверх пысу. Здавалася, вось-вось завые. Не, не завыла, сказала:

-- Ён мярцвяк!

-- З таго свету з'явіўся? -- азвалася Таня.

Дзед Аляксандр зноў патрос лясінай.

-- Будзе вам!

Згорбіўшыся, жанчыны-ваўчыцы палезлі ў куст, а дзед Аляксандр падняў ружжо і працягнуў яго Сцяпану.

-- Бяры, унучак.

Сцяпан вылез з гразі, стаў на купіну, узяў ружжо і падзякаваў:

-- Дзякую за дапамогу, дзядуля!

-- Больш я табе не дапамагу, не змагу. Не шкадуй іх, страляй, калі зноў кінуцца на цябе, -- параіў дзед Аляксандр і лёгка, як па сушы, пайшоў па балоце, аддаляючыся.

-- Да пабачэння, дзядуля! -- гукнуў Сцяпан і выцер слёзы на вачах.

-- Да сустрэчы, унучак! -- павярнуўшыся, адказаў дзед Аляксандр.

7

Зоя і Таня неўзабаве вылезлі з куста і накіраваліся да Сцяпана. Ён наставіў на іх ружжо.

-- Буду страляць.

-- У жанчын? – паказаўшы клыкі, усміхнулася Зоя.

"Не шкадуй іх, страляй, калі зноў кінуцца на цябе", -- успомніў Сцяпан словы дзеда Аляксандра і, прыцэліўшыся, выстраліў у Зою. Зарад трапіў ёй у грудзі. Яна тыцнулася пысай у балотную траву і ўпала на бок, а Таня кінулася наўцёкі.

Трафімовіч стаяў і моргаў вачыма.

-- Я паміраю! Дапамажы, -- прастагнала Зоя.

Яна ляжыць, памірае. Можа, пакінуць яе і пайсці? Але ж потым успомніцца, як страляў, як прасіла, каб дапамог. Будзе мучыць сумленне.

Трымаючы ружжо напагатове, Сцяпан наблізіўся да Зоі і запытаўся:

-- Не ўкусіш?

Кончыкам языка Зоя лізнула акрываўленую рану на грудзях і паглядзела на Сцяпана вачыма, у якіх застылі сум і боль.

-- Пацярпі крыху! -- сказаў Сцяпан і, скінуўшы з сябе кашулю, разарваў яе і перавязаў Зою.

-- Я не спадзявалася, што ты дапаможаш мне, -- прамовіла Зоя.

-- Жыві! -- уздыхнуў Трафімовіч і пабрыў праз балота, час ад часу паўтараючы, як замову: -- Я выберуся! Я дайду! Я змагу!

8

Сцяпану ўдалося выбрацца з балота. Ён сядзеў на ўзлеску, спіною прытуліўшыся да шурпатага ствала яліны. А з дупла на яго пазірала цікаўная рыжая вавёрка. "Чаго ён тут так доўга сядзіць? Няўжо яму няма куды ісці?" -- напэўна, думала яна.

Удалечыні жаласна завыла Таня-ваўчыца.

Трафімовіч наставіў перад сабою рукі, на якіх застылі кроў і балотная гразь. Цікаўная вавёрка шмыгнула ў дупло.

Сцяпан устаў і, узяўшы ружжо за ствол, штосілы стукнуў яго аб яліну. Ягоная рука больш не паднімецца на чалавека, які з-за сквапнасці перакінуўся ў воўка.

9

Сцяпану пашанцавала. Ён выйшаў на нядаўна скошаны луг, дзе стаялі стажкі сена. У адным са стажкоў вырыў нару, залез у яе і лёг. Нарэшце ён зможа адпачыць, набрацца сіл.

-- Сцяпан, ты ў стажку? -- пачуўся Танін голас.

-- Пракляцце! -- ледзь чутна прашаптаў Трафімовіч і заварушыўся.

-- Любы, мне надакучыла быць ваўчыцай. У горад хачу! -- паскардзілася Таня.

"Ёй горш, чым мне. І ў лес не хоча бегчы, і дамоў не можа вярнуцца, няма як", -- падумаў Сцяпан і прызнаўся, паведаміў:

-- Не бойся мяне! Я ружжо разбіў і ў балота кінуў.

-- Думаеш, што пашкадую цябе? Дурань ты! -- прамовіла Таня і палезла ў нару, лапамі заўзята разграбаючы сена.

-- Воўк?.. Ату воўка! Ату воўка! -- пачуўся побач мужчынскі крык.

Таня-ваўчыца заскуголіла і пабегла ў лес.

10

Сцяпан вылез са стажка ў і ўбачыў мужчыну з віламі ў руках.

-- Гэта ты там сядзеў? -- разгубіўся мужчына. -- А я думаю, чаго воўк туды лезе?

-- Ваўчыца! Гналася за мною.

Твар у мужчыны выцягнуўся.

-- Можа, яна шалёная?

-- Відаць, шалёная! -- прагаварыў Сцяпан і, падняўшы ўгору паветраны шарык, дадаў: -- Шарык у лесе знайшоў! Аж з Нямеччыны яго да нас прынесла.

-- Выходзіць, пайшоў у лес і заблудзіўся, а потым, як на бяду, шалёную ваўчыцу сустрэў?

Сцяпан пераступіў з нагі на нагу.

-- Мне ў горад трэба дабрацца.

-- Не бядуй. З сынам на машыне адпраўлю. Ён таксама гарадскі. Прыехаў, каб дапамагчы мне. Сёння з ім сена з балота возім, -- сказаў мужчына.

11

У нядзелю да Трафімовіча патэлефанаваў Алег.

-- Сцяпан, ты ўжо дома?

Сцяпанавы пальцы моцна сціснулі тэлефонную трубку.

-- Ты хто цяпер: воўк ці чалавек?

-- Чалавек! З бальніцы тэлефаную. І Зою ў бальніцу паклалі.

-- А Таня дзе?

-- Таня таксама ў бальніцы. Прыйшла наведаць нас. Сцяпан, паветраны шарык у цябе?

-- Няма. У лесе згубіў.

-- Згубіў! А мы ж за табою гэтулькі папабегалі! -- усклікнуў Алег і скрыгітнуў зубамі.

Сцяпан паклаў тэлефонную трубку і, ухмыльнуўшыся, паглядзеў на блакітны паветраны шарык, які вісеў на сцяне.

 

Змешчана ў зборніку “Русалка”. Выдадзены ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . –Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.