Поиск по этому блогу

Аўтарскае слова. Грыбалаўка

                                                         Аўтарскае слова. Грыбалаўка.                                               

 

Ёсць так называемыя аўтарскія словы, якія прыдуманы канкрэтнай асобай, аўтарам. Падобныя словы вырашыў стварыць і я. Адно з іх – грыбалаўка (націск падае на першую літару а).

Як узнікла гэта слова?

Непадалёку ад горада Слоніма ў ваколіцах вёскі Новая Стража я неяк знайшоў невялікі малады лясок. На пагорачку ўзвышаліся стройныя елачкі, жылістыя дубкі. Але не гэтым ён мяне здзівіў. Тут расло вельмі многа баравікоў. Яны былі рассыпаны па ўсім ляску і нават спусціліся ўніз, на дарожку, якая вяла паўз ляска. Колькі, вы думалі б, я тут назбіраў? Цэлы мех. Адно мяне непакоіла. У гэтым ляску, асабліва там, дзе ўзвышалася трава, былі кляшчы. Таму туды стараўся не заходзіць. А потым, назбіраўшы грыбоў, распранаўся воддаль, пры вялікай дарозе, і правяраў і цела, і адзенне. Такім чынам часта знаходзіў кляшчоў. А гады праз два пасля таго, як побач высеклі стары лес, а гэты, малады, крыху прарэдзілі, яны зніклі, прапалі. А баравікі засталіся, радавалі мяне. Вось і назваў я гэта месца Грыбалаўкай.

 Як у некаторых мясцовасцях людзі па-іншаму называюць баравікі?

Адзначаем! Праўдзівыя, праўдзівікі – найлепшыя, сапраўдныя грыбы.

                                                 З крамянымі грыбочкамі

                                                 Грыбалаўка сустрэла.

                                                 Чакаючы мяне,

                                                 Ўсе вочы праглядзела.

                                                            Аляксей Якімовіч.

1. Якія новыя словы можна скласці з літар, што ўваходзяць у прыметнік “крамянымі”? 

2. Якія новыя словы можна скласці з літар, што ўваходзяць у назоўнік “Грыбалаўка”?

3. Падбярыце блізкія па значэнні словы да прыметніка крамяны.

4. Усе вочы праглядзець – гэта

а) доўга і старанна глядзець, чакаючы;

б) доўга і старанна глядзець, не чакаючы.

Выберыце патрэбнае.

5. Уставіўшы першае слова, дапішыце параўнанне.

 …, як грыбок.

6. Карэньчыкі грыбоў, з якіх яны вырастаюць, -- гэта … (грыбнік, грыбніца).

Выберыце патрэбнае.

 

Скорагаворка

У Грыбалаўцы грыбнікі збіралі крамяныя грыбы.

Паспрабуйце паўтарыць хутка і выразна.

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы напісаны наадварот).

Яывіздўарп.

1. Анім, мі, ымар, ымарк, ман. 2. Акўал, лаб, абыр, арак. 3. Ынцом, ыворадз,  ікгурп. 4а. 5. Ікьнелам. 6. Ацінбырг.  

 

Хатняе заданне. Паспрабуйце стварыць сваё аўтарскае слова, якое мае беларускае гучанне.