Поиск по этому блогу

Інтэрв'ю з жыцця

Узнагароду ўручае дырэктар Касцянёўскай сярэдняй школы
Разам з дачкой Аленай і ўнукам Дзімам



                                                                                                             

                                                                                                          

Аляксей Якімовіч

ІНТЭРВ’Ю НА РОЗНЫЯ ТЭМЫ

“Каханне – гэта хімічная рэакцыя…”
Гутарка з дзяўчынай, якая верыць у каханне

Ёй 19 год. Навучэнка спецыяльнай сярэдняй установы. Някепска вучыцца, лічыць, што сур’ёзна адносіцца да жыцця. Назавём яе Таняй.
-- Таня, каханне, па-твойму, гэта…
-- …своеасаблівая хімічная рэакцыя.
-- Нават так?
-- Я дзесьці чытала, што сімпатыю адзін да аднаго людзі адчуваюць з дапамогай своеасаблівай хімічнай рэакцыі, якая спрыяе іх знаёмству.
-- Напэўна, падобная сітуацыя была і ў цябе.
-- Упершыню стала сустракацца з хлопцам у 15 год. Яму мінула 16. Не, закаханасці тады я не адчувала. Мне з ім проста было цікава.
-- Ты верыш у каханне? Сустракала, бачыла закаханых людзей?
-- Веру, сустракала, бачыла. Часцей закаханыя – людзі сталага ўзросту, ім пад сорак ці за сорак. Часам назіраю за імі, едуы ў цягніку. Глядзіш на іх і адпачываеш целам і душою.
-- А сексуальныя адносіны спрыяюць каханню, умацоўваюць яго?
-- Не заўсёды. Сама ведаю маладых людзей, якія разбягаюцца, разам правёўшы ноч… Спачатку трэба доўга сябраваць, а ўжо потым…
-- Як доўга?
-- Ну, месяцаў дзевяць.
-- У цябе, відаць, ёсць хлопец.
-- Ёсць. Ён цяпер далёка, у іншай вобласці, на маёй радзіме. Часта думаю пра яго, сумую… Лічу, што гэта і ёсць каханне…
-- Ён і начуе ў цябе дома?
-- Я ў яго таксама начую. Мая мама не супраць.
-- Да гэтага ў цябе, канешне, былі хлопцы, з якімі склаліся сур’ёзныя адносіны.
-- Былі. Гэта трэці. А тых я не кахала, не.
-- Сяброўства і каханне, калі так сказаць, розныя паняцці?
-- Вядома ж. У мяне ёсць сябар. З ім мы не абдымаемся, не цалуемся, але мы патрэбны адно аднаму. Нядаўна ездзіла да яго ў той горад, дзе ён служыць у войску. А як жа! Паўтары гады яго не бачыла.
-- Лічыш, якім будзе каханне праз дваццаць год?
-- Гэткім жа самым. Будуць і слёзы, і расчараванні, і ўсмешкі, і вялікая радасць будзе.
-- А ці можна дабіцца кахання?
-- Напэўна, можна. Падарункамі, цёплымі адносінамі…
-- А што ж рабіць тым, да каго яшчэ не прыйшло каханне?
-- Чакаць.
-- Дзякуй табе, Таня. Няхай заўжды будзе з табой тваё каханне.

Што думаеце Вы? Ці згодны з Таняй?

“Мне трэба было знайсці які-небудзь прадмет, каб стукнуць яму па галаве”
Гутарка з дзяўчынай, якая абараняла сваю годнасць

Васемнаццацігадовая сланімчанка Наташа пазнаёмілася з ім выпадкова. Абаяльны трыццацігадовы каўказец стаў да яе тэлефанаваць, прызнаўся ў каханні.  Паддаўшыся ўгаворам, яна прыйшла да яго ў кватэру, каб пагаварыць, разабрацца ў пачуццях.
-- Наташа, ты прыйшла ў чужую кватэру і…
-- Нейкі час мы сядзелі за сталом, размаўлялі. Ён піў піва, а я – чай. Гаварылі пра Дастаеўскага, Пікасо…
-- Моцных спіртных напояў на стале не было?
-- Ад гарэлкі я адразу ж адмовілася… Не, давайце закончым гэтую размову. Мне жахліва, мне цяжка ўспамінаць тое, што адбылося. Не будзем! Не! Не магу!
І ўсё-ткі, Наташа.. У які момант ты адчула для сябе небяспеку?
-- Тады, калі пакаціў мяне на падлогу…
-- Нават на падлогу?
-- Калі я сабралася ісці, сабралася пакінуць яго, пакаціў… Вам трэба ведаць псіхалогію каўказца. А яна мне зразумела, бо ў мяне бацька грузін па нацыянальнасці. Калі каўказец чуе “не”, то гэта можна параўнаць з чырвонай анучай перад носам раз’юшанага быка. Каб дамагчыся свайго, ён пачаў мяне біць.
-- Што ты адчувала ў той момант?
-- Крыўду. Я ж даверылася яму, дужаму і, як здавалася мне, такому разумнаму. Было жаданне хутчэй пакінуць гэтую кватэру. Падумалася: “Калі ён згвалціць мяне, то потым заб’е, знішчыць…” Мне трэба было знайсці які-небудзь прадмет, каб стукнуць яму па галаве… Пацягнула за настольніцу… Настольніца ўпала… Я намацала рукою рукаятку нажа і нанесла яму ўдар… Спадзявалася, што траплю яму ў нагу, каб параніць і забраць ключы. Ён жа замкнуў кватэру, а ключы паклаў сабе ў кішэню…Пацэліла не ў нагу, а ў правае міжрабер’е.
-- А потым?
Потым зачынілася ў суседнім пакоі. Ён жа гадзіны дзве страшна лаяўся, пагражаў мне рознымі карамі. Потым супакоіўся. Адамкнуў дзверы і выпусціў мяне на волю…
Ведаеце? Я не люблю, калі робяць мне балюча. Люблю сябе, паважаю сябе  і магу пастаяць за сябе, не апускацца. Чаму я павінна быць ніжэй за яго? Ці не так?
-- Так, Наташа. Добрых табе сустрэч.
-- Дзякую.

Што думаеце Вы? Ці згодны з Наташай?

“Я хачу быць не проста чалавекам, дзяўчынай, а зоркай…”
Гутарка з дзяўчынай, якая сустракаецца з двума хлопцамі

Ёй васямнаццаць год. Дзяўчына як дзяўчына, своеасабліва думае, разважае, многія равесніцы цягнуцца да яе, выказваюць набалелае. У інтэрв’ю назавём яе Жанай.
-- Жана, значыць, у цябе два хлопцы, з якімі ты сустракаешся, чуеш ад іх ласкавыя словы. А ці ведаюць яны адзін аднаго?
-- Здагадваюцца, часам ставяцца адзін да аднаго насцярожана, з недаверам. І так працягваецца ўжо цэлы год.
-- Цалуешся і з адным, і з другім у час сустрэч?
-- Цалуюся, хаця, прызнаюся шчыра, не люблю цалавацца. Дый многія мае знаёмыя дзяўчынкі гэтага не любяць, ёсць такія, што цярпець не могуць пацалункаў. А хлопцы не разумеюць гэтага, лезуць цалавацца. Ім падабаецца.
-- Адкуль у цябе такое жаданне фліртаваць? Што за прычына?
-- Прыкольна.
-- Адрэналін у крыві павышаецца?
-- Думаю, што так. Ведаеце? Я хачу быць не проста чалавекам, дзяўчынкай, а зоркай, на якую ўсе глядзяць, пра якую ўсе гавораць. Я хачу быць у цэнтры ўвагі.
Жана смяецца, гулліва пазірае на мяне, а затым працягвае:
-- Бачу, што вы мяне зусім не разумееце. Ведаеце, чаму, здараецца, палітыкі газіроўкай абліваюцца?
-- Растлумач, калі ласка.
-- Бо ў нейкі час ім увагі не хапае. Пра іх не пішуць, іх не паказваюць, забываюцца пра іх. Тады яны стараюцца напомніць пра сябе такімі экстравагантнымі ўчынкамі. Што ж рабіць, калі розуму бракуе?
-- Жана, а як ты адносішся да сваіх хлопцаў? Абодвух кахаеш?
-- Аднаго кахаю, а да другога прывыкла. Хаця, хаця… Раней кахала моцна, шчыра. А цяпер, бывае, лаўлю сябе на думцы, што кахання не маю да яго. Яно кудысьці знікла, прапала, быццам у чорную яму правалілася…
-- З тым, другім, зусім некаханым, перастала б сустракацца.
-- Прапаноўвала яму, каб пакінуў мяне, але ён не хоча. А самой шкада яго кідаць.
-- Ты як сабака на сене: гадка з’есці і шкада пакінуць.
-- Так… Магчыма…
-- А што ж ты адчуваеш, ідучы з імі на сустрэчу?
-- Радасць, вакол пялёсткі кружацца… Усё шэрае становіцца алым. Тады толькі адзін колер бачу перад сабою – алы. Гэта як у дальтоніка. Для яго ўсе колеры аднолькавыя. Але адзін з іх усё-ткі выдзяляецца, адметны. Так і ў мяне. Бачу перад сабою алы. І гэтага мне дастаткова…
-- Поспехаў табе, Жана.
-- Дзякую.

Як Вы адносіцеся да дадзенай сітуацыі?


“У тую ноч упершыню пацалавалася я”
Гутарка з дзяўчынай, якая марыла пра першае спатканне

Размаўляю з закаханай дзяўчынай. Ёй 16 год. Назавём яе Кацяй.

-- Каця, спатканне – гэта…
--- …сустрэча двух людзей… маладых людзей.
-- А першае спатканне?
-- Першае спатканне – гэта інтрыга, пачуцці, хваляванне і надзея.
-- У колькі год адбылося тваё першае спатканне?
-- Мне было чатырнаццаць.
-- А яму?
-- Шаснаццаць.
-- Як ён прызначыў табе спатканне?
-- Спачатку мы сустрэліся проста так. А аднаго дня ён прапанаваў: “Давай сустрэнемся каля клуба (А. Я.: каля вясковага клуба)”. Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю.
-- Але ты адразу пагадзілася на сустрэчу?
-- Адразу, бо ўжо ведала яго, давярала яму.
-- Як адчувала сябе, ідучы на першае спатканне?
-- Канешне, хвалявалася, думала: “Няўжо я яму так моцна спадабалася, што хоча сустрэцца са мной?” Ён прыгожы, шмат дзяўчынак з надзеяй пазірала на яго. А ён ні з кім не завязваў блізкіх адносін, трымаў дыстанцыю. Можа, выбіраў? І вось выбраў мяне. Я ганарылася сабой.
-- Табе хацелася крыкнуць людзям, каб ведалі, што ідзеш на спатканне?
-- Яшчэ як хацелася! Хацелася сказаць ім: “Я доўга чакала гэтай хвіліны. Я не горшая за іншых”.
-- Як доўга працягвалася спатканне?
-- Сустрэліся мы а палове адзінаццатай вечара, а разышліся ў чатыры гадзіны раніцы. Спачатку размова не клеілася, а потым разгаварыліся. Ён прызнаўся, што часта назіраў за мною, што спадабалася яму, заінтрыгавала яго.
-- І першы пацалунак быў?
-- Так. У тую ноч упершыню пацалавалася я. Спачатку было няёмка, а потым ужо прывыкла… Пасля гэтага спаткання я паверыла ў сябе, як след сябе ацаніла і зразумела, што ў жыцці не ўсё бывае кепска, што ёсць шмат светлага.
-- Ты некаму расказвала пра сваё першае спатканне?
-- Стрыечнай сястры. Яна для мяне як сяброўка. Парадавалася за мяне, абнадзеіла, сказала, што ўсё складзецца добра.
-- А склалася?
-- Сустракаюся з іншым. А з тым, з першым, мы доўга не бачыліся, неяк непрыкметна разышліся. Новыя захапленні з’явіліся ў нас. Цяпер проста сябруем, хаця ён прапаноўваў мне сустракацца. Але ж у мяне другі!
-- Якія эмоцыі цяпер выклікае ў цябе спатканне?
-- Самыя станоўчыя. Шаснаццаць год – час сустрэч, час знаёмстваў… Не толькі вучоба патрэбна нам…
-- Калі б раптам тады цябе не пусцілі на першае спатканне, змірылася б, не пайшла?
-- Не змірылася б, усё роўна пайшла б. Плакала б, прасілася, дагаджала, усё-ўсё ў хаце рабіла б і пайшла б.
-- Што скажаш тым, у каго наперадзе першае спатканне?
-- Спачатку трэба зразумець, што гэта за чалавек, упэўніцца ў сваіх пачуццях. А ўжо потым ісці на спатканне.
-- Дзякуй, Каця. Светлых спатканняў табе.

Што думаеце Вы? Ці згодны з Кацяй?

“Больш яна не будзе красці, баіцца”
Гутарка з дзяўчынай, якая ўчыніла самасуд  над сяброўкай

Ёй 19 год. Вучыцца, як сама сказала, у хабзе (А. Я.: прафесійна-тэхнічным ліцэі). Назавём яе Валяй.

-- Валя, ад вас сапраўды пацярпела ваша сяброўка?
-- Былая сяброўка, Люда. Пасля Новага года яе пабілі каля ёлкі, якая стаіць у цэнтры горада.
-- Былая? Чаму ж так?
-- Яна ў мяне хлопца адбіла.
Сімпатычная Валя сядзіць насупраць мяне. На плечы падаюць густыя шаўкавістыя валасы, у вачах скачуць вясёлыя гарэзлівыя зайчыкі. Я ўважліва гляджу на яе, стараюся зразумець.
-- У які час пабілі Люду? Колькі вас было?
-- Я, Люда і трое хлопцаў. Біць пачалі ў дзве гадзіны ночы.
-- Значыць, спачатку ў вас нармальна складвалася?
Мне думалася, што Валя перапыніць гэтую прыкрую размову, замкнецца ў сабе. Але ж не. Адказвае ахвотна, жвава, праўда, галаву апусціла і з-пад ілба весела і гулліва пазірае на мяне.
-- Нармальна. Гулялі каля ёлкі, потым выпілі.
-- Шмат выпілі?
-- Адну бутэльку віна. Віно купляў Гена. Людзе стала холадна, а яму горача. Дык ён ёй сваю куртку аддаў. Сам аддаў, яна яго не прасіла. У куртцы ляжалі грошы. Люда ведала, што яны ў куртцы, бачыла. Нам захацелася яшчэ выпіць. Па віно пайшлі Люда і Гена. Каля прылаўка ён узяў у яе куртку, палез у кішэню, каб разлічыцца, але грошай не знайшоў, прапалі яны. Тады Люда сказала, што за свае купіць віно. Купіла бутэльку. Мы выпілі і з Людай сталі разбірацца. У яе ж, усе ведалі, грошай не было, на халяву піла.
-- Ты таксама біла Люду?
-- Я не біла. І яшчэ адзін хлопец не біў, не хацеў. Білі двое. Яна ўпала.
-- Калі ўпала, білі нагамі?
-- Нагамі не білі.
Валя паднімае галаву і ўзіраецца на мяне. Усё тыя ж сонечныя зайчыкі гарэзліва скачуць у яе вачах. “Ты таксама біла! І нават нагамі!” – карціць сказаць мне, але стрымліваю сябе.
-- У Люды сінякі былі і на руках, і на нагах?
-- І на руках, і на нагах, і на твары засталіся.
-- Не шкадавала яе? Яна ж твайго хлопца адбіла. Так?
-- Не шкадавала. Няхай ведае!
-- Як доўга вы білі няшчасную?
-- Адну гадзіну.
-- Цэлую гадзіну?
-- Давалі адпачыць, а потым зноў білі.
Мне становіцца не па сабе, жахліва. Узнікае жаданне расстацца з Валяй, але трэба працягваць размову.
-- Вы ж маглі забіць яе!
-- Маглі забіць. Больш яна не будзе красці, баіцца. Калі мяне ўбачыць, то на іншы бок вуліцы пераходзіць.
-- Валя, цябе ў хабзе баяцца, ты лічыш сябе крутой?
-- Так сабе, сярэдне. Пабойваюцца.
-- Але ж з такімі адносінамі да знаёмых ты некалі заляціш.
-- Я не баюся. Хлопцы мяне не выдадуць, калі нават міліцыя сур’ёзна возьмецца за іх.
Цікаўлюся ў вучняў 9 класа, сярод якіх пяць дзяўчынак і адзін хлапчук.
-- Ці правільна паступіла кампанія, збіўшы сваю сяброўку за крадзеж?
Правільна -- 0. Няправільна – 6.
-- Як вы паступілі б у дадзенай сітуацыі?
Дараваў бы і больш не сустракаўся з ёю –2. Пакараў бы, але не так жорстка – 4.
-- Ці ўзялі б вы Валю сабе ў сяброўкі?
Не ўзялі б – 4. Узялі б, каб перавыхаваць – 2.

А як лічыце Вы?

КАРОТКІЯ ІНТЭРВ’Ю

“З якім сэрцам ты прыйдзеш на суд дзядоў і прадзедаў?”

Кожны чалавек павінен зразумець адну простую ісціну: ён не вечны на гэтым свеце. І трэба задумацца цяпер: а што ты зрабіў за гэты маленькі прамежак часу? З якім сэрцам ты прыйдзеш на суд дзядоў і прадзедаў? Таму хоць адным учынкам – любоўю да роднай мовы, пашанай да яе – вы атрымаеце павагу ад сваіх продкаў.
                                                                                                 Іра, 9 клас.
А як лічыце Вы?

“Думкі ў мяне бываюць розныя…”

Адказвае Насця, ёй 15 год.
-- Што ты думаеш пра сённяшніх маладых людзей?
-- Думкі ў мяне бываюць розныя, бо і маладыя людзі бываюць розныя. Не падабаецца мне, што яны занадта самастойныя. А падобная самастойнасць часта праяўляецца ў тым, што кураць, выпіваюць.
-- Ці ўмеюць яны быць галантнымі кавалерамі?
-- Умеюць, калі захочуць. Могуць сказаць добрыя словы, асабліва ў Міжнародны жаночы дзень і ў дзень Святога Валянціна. Іншы раз нечакана дадуць шакаладку альбо партфель з падручнікамі дамоў паднясуць. А вось старэйшыя хлапчукі больш нахабныя і прамыя. Калі прыліпнуць да цябе на дыскатэцы, то ўжо цяжка адліпнуць ад іх.

А як лічыце Вы?

“Гісторыя нашай Радзімы надзвычай багатая”

Мяне вельмі хвалюе адно важнае пытанне: чаму сучасная моладзь так кепска адносіцца да свайго роднага краю, да сваёй Радзімы, да Беларусі? На першы погляд, гэтае пытанне не такое ўжо складанае. Але ж я пакуль не знайшла на яго адказу.
Няўжо маладым так нецікава ведаць мінулае старажытнай Беларусі, жыццё прашчураў, якія некалі таксама былі маладымі?
Гісторыя нашай Радзімы надзвычай багатая. Угледзьцеся ў яе – і ўбачыце постаці тых людзей (а іх было шмат), якія ўпарта імкнуліся палепшыць геаграфічнае і палітычнае становішча Беларусі, пашырыць літаратурнае мастацтва, зрабіць больш прывабнымі вёскі і гарады. Без іх не было б сённяшняй Беларусі -- адной з самых прыгожых краін у свеце.
Дык вывучайце гісторыю Айчыны, расказвайце пра яе сваім дзецям. Інакш праз 30 – 50 год Беларусь наогул перастане існаваць.
Памятайце: будучыня нашай Радзімы, нашага краю – гэта і будучыня нашых людзей.
                                                                                                     Іра, 9 клас.

А як лічыце Вы?

“…раней адпачынак моладзі быў больш цікавы і разнастайны”

Як адпачывалі раней і як адпачываюць цяпер? На гэтае пытанне адказвае дзевяцікласніца Наташа.
Пацікаўцеся ў мясцовых жыхароў больш сталага ўзросту, як яны адпачывалі раней, і вы ўпэўніцеся, што раней адпачынак моладзі быў больш цікавы і разнастайны.
Раней моладзь збіралася на стадыёнах ці іншых людных месцах воддаль ад вёскі. Там адзін з хлопцаў іграў на гітары, а дзяўчаты спявалі. Таксама хадзілі ў Дом культуры, дзе гулялі ў більярд, у шахматы. А ў такія гульні, як “Садоўнік” ці “Фанты”, гулялі нават хлопцы, якія прыйшлі з войска. Цяпер падобнымі гульнямі не цікавяцца нават дзесяцігадовыя дзеці. Магчыма, яны ўжо лічаць сябе дарослымі. Магчыма, нешта іншае на іх паўплывала.

А як лічыце Вы?

Анкета “Фобія ў маім жыцці”
Хто мы? Якія мы?

Прапанаваў вучням 9 і 10 класаў горада Слоніма анкету “Фобія ў маім жыцці”. Узялі і адказалі на яе толькі дзяўчынкі (усяго 10).
Чаго ж так панічна баяцца яны? Вышыні – 3, цемры – 4, найбольш. Адна з вучаніц прызналася: “Я баюся цемры, нават у сваёй хаце ці ў знаёмым месцы”. Крыві не пераносіць адна дзевяцікласніца, а адна дзесяцікласніца баіцца адна заставацца дома. Між іншым, яна зазначае, што некаторыя яе знаёмыя вельмі баяцца цалавацца. Прычынай фобіі яшчэ адной дзевяцікласніцы (баіцца хуткасці) стала невялікая аўтааварыя, і цяпер у час язды яна часта просіць бацьку, каб збаўляў хуткасць. Яшчэ адна яе аднакласніца адзначае, што некаторыя людзі баяцца ўваходзіць у ваду вышэй калена, а другая піша, што ў яе фобія на павукоў, насякомых. Праўда, у дзяцінстве яна баялася гука пылесоса, але здолела пераадолець гэты страх.
На пытанне “Як вы адчуваеце сябе на вуліцы горада і вёскі ў цёмны час?” сем дзяўчынак адказалі, што адчуваюць сябе кепска. Прывяду тыповыя выказванні:
а) я вельмі  баюся цемры, у цемры пачынаю бачыць нешта нерэальнае;
б) у цемры часам мне становіцца жудасна.
Сем дзяўчынак лічаць, што фобія можа напаткаць чалавека ў людных мясцінах: у магазіне, клубе, рэстаране, бары, на танцпляцоўцы. Вось некалькі адказаў:
а) некаторыя баяцца менавіта вялікай колькасці людзей (натоўпу);
б) я ведаю чалавека, які траціць прытомнасць у памяшканні, дзе шмат людзей.

А што думаеце наконт фобіі Вы?

“…я зноў пасварылася з усімі”

На пытанні адказвае дзяўчынка Алена, у якой не складваюцца адносіны з аднакласнікамі.
-- Як жывецца, .Алена?
-- Сёння ў школе я зноў пасварылася з усімі. Чаму я не магу знайсці з аднакласнікамі агульнай мовы? Чаму выводжу іх з сябе? Не разумею.
-- Якое пытанне ты часта сабе задаеш?
-- Чаму ў мяне няма сяброў? Я часта задаю сабе такое пытанне. Магчыма, я не такая, як усе? Магчыма, мой характар іншы? Але ж я стараюся яго выпраўляць.
-- Што цябе чакае наперадзе?
-- Набліжаюцца вольныя дні, а я без сяброў. Зноў цэлы вечар прыйдзецца быць адной.

Што сказалі б вы Алене? Ці не часта ў адказах яна ўжывае слова “я”?

“…вельмі баюся станавіцца маці…”

Я вельмі баюся станавіцца маці, бо гэта вельмі цяжкі клопат. Але калі такое адбудзецца, то буду любіць сваіх дзетак і клапаціцца пра іх. Маці ўсё павінна рабіць дзеля свайго скарбу. Я буду старацца, каб мае дзеці раслі разумнымі, выхаванымі. Калі гэта будзе дзяўчынка, буду даваць ёй парады, дапамагаць ва ўсім. А ў выхаванні хлапчука павінен удзельнічаць бацька.
Так, дзеці – гэта вялікая адказнасць, якая кладзецца на плечы бацькоў. Але бацькі павінны пераадолець усе цяжкасці на гэтым шляху і тым самым прадоўжыць род чалавечы.
                                                                                      Адказала Юля, 15 год.

А як лічыце Вы?

“Не пераносьце ў ложак праблемы, якія доўгі час не вырашаюцца”

Гутарка з разумнай маладой жанчынай

Ёй каля 25 -- 27 гадоў, замужам. Знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
-- Якія праблемы сёння асабліва хвалююць маладых мам?
-- Жыллё. Ужо шмат гадоў жывём у інтэрнаце. Аднастайнае інтэрнацкае жыллё напружвае, хочацца мець уласнае, сваё.
-- Што чакае ў недалёкай перспектыве?
-- Мяркуем купіць другаснае жыллё, трохпакаёвую кватэру.. Мы з мужам ужо ўсё пралічылі.
Так, банк на такое жыллё дае пазыку: ад 65 да 90 працэнтаў ад кошту кватэры. За 20 гадоў трэба будзе выплаціць яе, а таксама працэнты: ад 11% да 16 % ад кошту пазыкі. За гэта ў першыя паўтара гады будзем плаціць у месяц каля 800 рублёў. Потым будзе менш.
-- На каго разлічваеце?
-- На саміх сябе. Дапамогі ад бацькоў не чакаем, так як у іх свае праблемы, свае клопаты, погляды на жыццё.
-- Прыйдзецца нямала плаціць.
-- Іншага варыянту няма. Значыць, трэба прыстасоўвацца, старацца.
-- Як адносіцеся да праблемаў жыцця? Баіцеся іх?
-- Не баюся. Праблемы ўзнікаюць для таго, каб іх вырашаць. Яны нават падбадзёрваюць, не даюць застаяцца на адным месцы. Гэта своеасаблівы штуршок, які ўзбагачае вопытам. Звычайна вырашаем іх у крузе сям’і.
-- Што такое вопыт?
-- Вопыт – гэта веды, якія з’яўляюцца пасля таго, як вырашыш складаную праблему. Потым ён паспрыяе табе ў жыцці, дапаможа.
--  Якія праблемы асабіста Вам удалося вырашыць?
-- Вучылася далекавата ад Гродзеншчыны, на поўначы нашай краіны.  Бацькі заўпарціліся, не хацелі так далёка адпскаць мяне, маладую дзяўчыну, баяліся за мяне. Але я настаяла на сваім, пераканала іх, што спраўлюся і з вучобай, і з жыццём у далёкім горадзе. Так і адбылося. Цяпер задаволены ўсе: і мае бацькі, і я.
-- Не слухаешся бацькоў?
-- Прыслухоўваюся да іх, але канчатковае рашэнне прымаю сама.
-- Што дапамагае вырашаць узніклыя праблемы: вопыт, розум, інтуіцыя?
-- Больш давяраюся розуму. Канешне, ёсць людзі разумнейшыя за мяне. Але і я сябе лічу дастаткова разумнай для таго, каб пабудаваць жыццё.
-- Як я зразумеў, Вы з вялікім шанаваннем адносіцеся да свайго мужа.
-- Так. Гэта мой выбар.
-- Як паступаеце, калі іншы раз прыходзіць дамоў не ў настроі?
-- Маўчу, стараюся не аказвацца да яго, чакаю, калі супакоіцца.
-- Нейкіх чароўных прыёмаў не выкарыстоўваеце?
-- Ведаю, што ён вельмі любіць наша сумеснае дзіця. На яго ніколі не накрычыць, не павысіць голас. Таму стараюся, каб хутчэй устанавіў менавіта з дзіцёнкам кантакт. Наша крывіначка хутка паднімае яму настрой.
-- Вы, як мне здаецца, мудрая маладая жанчына, якая ўмее наладжваць быт, кахаць. А што такое мудрасць? Як вы лічыце?
Мудрасць можна запісаць такой формулай: мудрасць = розум + хітрасць.
-- Ці дастаткова Вам розуму, каб быць мудрай?
-- Пастаянна самаўдасканальваюся: чытаю літаратуру аб узаемаадносінах у сям’і, назіраю за іншымі людзьмі.
-- Што такое каханне, па-Вашаму?
-- Спачатку гэта хімічная рэакцыя, дзякуючы якой людзі, як і пэўныя хімічныя элементы, цягнуцца адно да аднаго. А потым яго трэба ўмацоўваць. Над каханнем трэба працаваць.
-- Ці можна ўсё-ўсё казаць каханаму і патрбаваць ад яго тое ж самае?
-- Думаю, што не. У кожнага была, ёсць і павінна быць свая прастора, на якую можна заходзіць толькі са згоды. Я, напрыклад, ніколі не палезу ў мабільны тэлефон мужа, не стану правяраць, з кім ён перамаўляўся.
-- Будзеце змагацца за каханне, калі ўбачыце, што яно дало трэшчынку?
-- Буду. Калі буду адчуваць, што патрэбна мужу, што не надакучыла яму. Даволі актыўна буду змагацца, не аддам яго.
-- Калі адчуваеце самае вялікае задаволенне?
-- Калі бачу, як муж і наша дзіця ўсміхаюцца, гуляючы.
-- Што параіце закаханым маладым, якія пабраліся шлюбам?
-- Не ўзнімайце бясконца тыя праблемы, якія доўгі час не вырашаюцца, не пераносьце іх у ложак. Ложак для адпачынку, для кахання.
-- Вы шчаслівая?
-- Так.
-- Чаму?
-- Ёсць сям’я, каханне, бацькі, любімая праца. Хаджу туды, як на свята.
-- Няхай так будзе і далей. Шчасця Вам, Іна.

“Усё не сплануеш, як ні старайся”
Гутарка з жанчынай, якая займаецца прадпрымальніцтвам

Прывабная жанчына, верная маці дваіх дзяцей. Назавём яе Нінай. Ёй каля 38 – 40 гадоў.
-- Займаецеся бізнесам, Ніна?
-- Маю свой невялікі магазін, у якім прадаю кандытарскія вырабы.
-- А да гэтага займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю?
-- Была аўталаўка. З мужам шэсць гадоў ездзілі па вёсках і прадавалі прадукты харчавання там, дзе не было магазінаў.
-- Чаму пакінулі гэтую працу?
-- Стала нявыгадна ездзіць, прапаў прыбытак. Абязлюдзелі вёскі. Некаторых старых жыхароў пазабіралі да сябе ў горад дзеці, а большасць паўмірала, можна сказаць, на нашых вачах. Таму пачала таргаваць у горадзе.
-- Як прадпрымальніца, якую адзнаку паставілі б сабе па пяцібальнай сістэме?
-- Тры.
-- Толькі тры?
-- Толькі тры. Не ўсё зрабіла, што хочацца. Хацелася б мець большы абарот, але не хапае сродкаў.
-- У жыцці ўсё загадзя плануеце?
-- Усё не сплануеш, як ні старайся. Жыццё імклівае, не стаіць на месцы. Бывае, нешта аджывае, з’яўляецца штосьці новае. Трэба ўбачыць новую сітуацыю, не марудзячы, зрэагаваць на яе і ўкараніць. Трэба ісці ў нагу з жыццём.
-- Вы хацелі б быць кіраўніком краіны?
-- Асноўная задача кіраўніка краіны – паляпшаць жыццё людзей. Гэта вельмі адказна. Хацелася б быць каля кіраўніка, стаць яго дарадчыкам. Думаю, што нешта добрае параіла б яму. Ёсць розум, ёсць жыццёвы вопыт.
-- Ці хацелася б, каб Вас называлі бізнес-ледзі?
-- Не.
-- Чаму?
-- Бізнес для мяне – праца, як і на любым дзяржаўным прадпрыемстве, у любым дзяржаўным магазіне. Праўда, яна больш адказная. Менавіта ад мяне залежыць, атрымаю прыбытак ці не. Я трымаю на сваіх жаночых плячах не проста магазін з кандытарскімі вырабамі, а і свой лёс, і сваю сям’ю. Заўжды помню пра гэта.
-- Разам з прыбыткам прыходзіць і пазітыўны настрой?
-- Пазітыўны настрой стварае не толькі прыбытак. У мяне ёсць прадавец, які рэгулярна атрымлівае заработную плату  і такім чынам матэрыяльна падтрымлівае сваю сям’ю. Ад майго абароту атрымлівае грошы і той, хто дастаўляе тавар. Прама і ўскосна дапамагаю людзям. І гэта радуе, стварае адпаведны настрой.
-- А ці радуюць Вас Вашы пакупнікі?
-- Настрой прадаўца і пакупніка ўзаемазвязаны. Заўжды помню пра гэта. Таму стараюся прывозіць розны тавар, улічваючы розныя магчымасці пакупнікоў, а 2 – 3 разы ў месяц наогул мяняю асартымент.
-- У Вас няма пастаяннага тавару, як гаворыцца, фішкі Вашага магазіна?
-- Ёсць. Гэта заварныя беларускія пірожаныя. Многія прыходзяць спецыяльна, каб набыць іх, чакаюць чарговага прывозу.
-- Ці звяртаюцца да Вас пакупнікі на беларускай мове?
-- Звяртаюцца, асабліва людзі ва ўзросце. Мне так прыемна іх слухаць! Радуецца душа.
-- Багацце. Што гэта такое, па-Вашаму?
-- Багацце – жыццёвая неабходнасць, як і любы інструмент, які дапамагае табе. Чым лепш капаць поле, каб атрымаць добры ўраджай? Рукамі ці рыдлёўкай? Адказ тут адназначны: рыдлёўкай.
-- Што дае бізнес, акрамя прыбытку?
-- Ён дысцыплінуе, не дазваляе расслабляцца, увесь час трымае ў тонусе. Ён прымушае рухацца, а, значыць, і жыць.
-- Ці маглі б Вы выдзеліць галоўную рысу ў сваім характары?
-- Прыстойнасць. Тое, што маю, зарабіла сумленнай працай, нікога не падманула. Плаціла падаткі, аддавала дзяржаве ўсё, што належыць, не ўтойвала, не хавала.
-- Ці далі б Вы свайму сыну значную суму са сваіх зберажэнняў, калі б ён раптам вырашыў заняцца прадпрымальніцтвам?
-- Спачатку вывучыла б, чым хоча заняцца, ці сур’ёзна хоча заняцца, а ўжо потым прыняла б рашэнне.
-- Ці маглі б Вы пачаць свой бізнес з самага пачатку, з нуля?
-- Пачала б, не зважаючы на абставіны, ціха, без скаргі, без наракання на свой лёс.
-- Якое плацце Вы апранулі б, калі б Вас раптам запрасілі на святочны баль бізнесменаў?
-- Звычайнае плацце цёмнага колеру, якое ў мяне ёсць. Новае спецыяльна не заказвала б.
-- Каго ўзялі б з сабою на той святочны баль?
-- Мужа.
-- Чаму?
-- Бо сама сабе яго даўно выбрала. Ён мой рухавік, мой аднадумец, ён той, з кім магу параіцца, каму магу даверыцца ў любую хвіліну.
-- Поспеху Вам, Ніна.

“Для мяне заўжды аўтарытэтам былі мае бацькі”
Інтэрв’ю з урачом з Гродна Аннэтай Рамуальдаўнай



-- Дзе нарадзіліся, дзе Ваша малая Радзіма?
-- Я нарадзілася ў горадзе Гродна на невялікай вуліцы ў прыватным сектары. Некаторыя гэты мікрараён называюць вёскай у горадзе. Мае бацькі з Бераставіцкага раёна. Таму часта ездзіла туды, але сваёй Радзімай лічу Гродна.
-- Што найбольш запомнілася з дзяцінства?
-- У маёй бабулі Алены Францаўны (яе ўсе называлі бабця Гэля) шэсць унучак і ніводнага ўнука. Усе, акрамя маёй малодшай сястры, старэйшыя за мяне. Летам мы збіраліся ў бабулі ў вёсцы. Сястрычкі любілі паспаць, а я ўставала разам з бабуляй. Найбольш запомнілася, як рана-раненька сяджу на парозе і клічу бабцю Гэлю, а яна ў летняй кухні пячэ блінчыкі. Тады мне было каля пяці гадоў.
-- Як зваць Вашых бацькоў?
 -- Люся Юзэфаўна і Рамуальд  Казіміравіч. Для мяне заўжды аўтарытэтам былі мае бацькі. Мой папа, нягледзячы на тое, што вырас у вёсцы, паступіў у інстытут у Мінску і закончыў яго з чырвоным дыпломам. Мне здавалася гэта нерэальным у той час. Мае бацькі вучылі мяне дабівацца ўсяго, чаго хочаш, не баяцца няўдачаў. Прывяду фразу, якую часта паўтарала мне мама, яна і да гэтага часу гучыць у маёй галаве: “Не брыдка не ведаць чагосьці, брыдка не хацець ведаць”. У старэйшых класах я “падсела” на кнігі Пауло Коэльо і дабавіла сабе яшчэ адзін дэвіз: “Калі ты чаго-небудзь хочаш, увесь Сусвет будзе спрыяць таму, каб жаданне тваё збылося”.
-- Які інстытут закончыў Ваш бацька? Ён нешта расказваў Вам са свайго жыцця? Слухалі яго ўважліва?
-- Папа закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці інжынер-механік. Ён часта расказваў мне пра сваё студэнцкае жыццё, успамінаў свае анекдоты. Калі была ў дзявятым класе, усёй сям’ёй ездзілі ў Мінск. Там папа наладзіў нам экскурсію па месцах сваёй маладосці.
-- Папа – гэта…
-- Папа – гэта кожная адрамантаваная рэч у доме, кожная рашоная задача па матэматыцы, гэта ўрокі ваджэння і будова аўтамабіля, гэта чалавек, які ў маіх вачах умее ўсё.
-- Мама – гэта…
-- Мама – гэта заўжды патрэбная парада, гэта душа кампаніі, якую любяць усе мае сяброўкі, гэта педагагічны падыход, у якім самае галоўнае – навучыць вучыцца.
-- Вашы ўражанні са школьнага жыцця?
-- Я закончыла дзве школы. Да дзявятага класа вучылася ў СШ 20, а апошнія два гады ў ліцэі № 1 горада Гродна. З “дваццаткі” ўспамінаецца, як хадзілі ў паход, а ліцэй пакінуў, канешне, больш успамінаў. Там было вельмі насычанае грамадскае жыццё. З многімі аднакласнікамі і цяпер сябрую, з некаторымі нават працую.
-- Грамадская праца для Вас была радасцю ці цяжарам?
-- Мне падабалася гэта. Так, у ліцэі я арганізоўвала розныя канцэрты, лінейкі ў пачатку і напрыканцы навучальнага года, нават спявала, ездзіла ў Польшчу на конкурс красамоўства з тэкстам пра Гродзенскі фарны касцёл, які сама напісала. Ва ўніверсітэце была старастай.
-- Старастай групы?
-- Так.
-- Сябар – гэта…
-- Сябар – гэта чалавек, якога можаш не бачыць шмат гадоў, але калі сустрэнеш, то адчуеш, што быццам разлучыліся ўчора. Сябар – гэта чалавек, які зразумее цябе без слоў.
-- Ці помніце сваё першае каханне?
-- Сваё першае каханне помню вельмі добра. У 14 гадоў закахалася ў хлапчука, які быў старэйшы за мяне на два гады. З ім мы пазнаёміліся ў касцёле. Гэта было чыста платанічнае пачуццё без узаемнасці.
-- Перажывалі з-за гэтага?
-- Вядома, перажывала. Колькі слёз было праліта ў падушку, колькі вершаў напісана! Прайшло шмат гадоў, але і цяпер ў час рэдкіх сустрэчаў з гэтым маладым чалавекам адчуваю сябе некамфортна.
-- Чаму выбралі прафесію ўрача? Хто паўплываў на гэты выбар? Магчыма, нешта паўплывала.
-- Чаму выбрала такую прафесію, нават не магу сказаць. Я проста ведала з дзяцінства, што буду ўрачом, хаця ў маёй сям’і няма ўрачоў. Мае бацькі нават былі крыху супраць, хацелі, каб развівалася ў лінгвістычным накірунку.
-- Значыць, гэта лёс? Верыце ў лёс?
-- Ці веру ў лёс? Даволі складанае пытанне. Веру, што ў кожнага з нас свая мэта, якую нам вызначыў Бог, але таксама веру, што мы вольныя ў сваім выбары. Да гэтай мэты можна дайсці рознымі дарогамі, і выбар залежыць ад нас.                                           
-- А як успрымаеце прымаўку “беражонага і Бог беражэ”?
-- Цалкам згодна.
-- Чаму сталі хірургам? Ці падобна праца хірурга на працу мінёра? Як лічыце?
-- Спецыялізацыю абдумвала доўга. Спачатку шляхам выключэння. Я дакладна ведала, што не стану няўролагам, псіхіятрам, дэрматолагам, лорам альбо педыятрам. Паступаюча ва ўніверсітэт, хацела стаць акулістам. Але паступова спынілася на працы хірурга або анестэзіёлага. У анестэзіялогіі крыху пабаялася рэанімацыі. Мне трэба размаўляць з пацыентамі, а там вельмі шмат людзей у коме, якія, магчыма, нават не чуюць цябе. Я заканчвала ўніверсітэт у Польшчы. Там у плане выбару прасцей. Здаеш экзамен і падаеш дакументы на адну спецыялізацыю. Тут, прайшоўшы нострыфікацыю, мне трэба было самой шукаць інтэрнатуру і працаўладкаванне. Маёй марай была сасудзістая хірургія, кожнае лета бясплатна там працавала, каб чаму-небудзь навучыцца. Пасля ўніверсітэта я год прапрацавала ў гэтым аддзяленні. А затым склалася так, што пасля дэкрэтнага адпачынку мне прапанавалі працу ў аддзяленні гнойнай хірургіі, якая радыкальна адрозніваецца ад працы ў сасудзістай. Не магу сказаць, што ахвотна пагадзілася, пабойвалася, але не шкадую, што рызыкнула.
Ці падобна праца хірурга на працу мінёра? Першая мая рэакцыя: вядома, не. Але, падумаўшы, ужо не адказала б так катэгарычна. Часцей усяго ў медыцыне мы дыферэнцыруем паміж некалькімі дыягназамі. На жаль, здараецца, што сапраўды ходзім, як па мінах, не ведаючы, як арганізм зрэагуе на нашы дзеянні.
-- У які ўніверсітэт паступілі? Як апынуліся ў Варшаве?
-- З дзяцінства я двухмоўная. Заўжды чула дзве мовы: польскую – дома, у касцёле, рускую – у школе, ад сяброў, ад знаёмых і незнаёмых. З другога класа ўмела чытаць і пісаць па-польску і заўжды наведвала не толькі нашу звычайную, агульнаадукацыйную школу, але і Польскую Мацеж Школьную, дзе некалькі разоў у тыдзень праводзіліся ўрокі граматыкі, гісторыі Польшчы. Але я не ставіла перад сабою мэту вучыцца менавіта ў Польшчы, рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання. І ўсё-ткі, калі ўся мая група здавала ўступныя экзамены ў Гродна (гэта было ў маі), таксама вырашыла проста паспрабаваць. Паспрабавала і паступіла на бясплатнае навучанне з добрай стыпендыяй. Але так як дакументы на вучобу павінны былі прыйсці толькі ў жніўні – верасні, то здала і цэнтралізаванае тэсціраване, па выніках якога была залічана ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Нават наведвала там заняткі, але калі атрымала ўсе дакументы з Польшчы, паехала вучыцца туды. У кастрычніку адправілася на год у Лодзь на падрыхтоўчае аддзяленне, а праз год паступіла ў Ягеллонскі ўніверсітэт горада Кракава, дзе і правучылася 6 гадоў. Пасля пятага курса выйшла замуж. Муж жыў у Гродна, не захацеў пераязджаць у Польшчу, таму інтэрнатуру праходзіла ўжо ў Беластоку, каб быць бліжэй да яго.
-- Што такое нострыфікацыя?
Дыплом універсітэта, які не каціруецца ў Беларусі, трэба нострыфіцыраваць, падцвердзіць. У Мінску ёсць спецыяльная арганізацыя, якая параўновае праграмы і гадзіны навучання і і падцвярджае дыплом альбо адпраўляе на дадатковую здачу якіх-небудзь прадметаў. Я не здавала дадатковых экзаменаў. Дакументы разглядваліся каля паўгода, пасля чаго мне выдалі пасведчанне аб сапраўднасці майго дыплома.          
-- Ці даводзілася рабіць аперацыі? Калі даводзілася, то што адчувалі, адчуваеце?
-- Аперацыі рабіла і раблю самастойна, хаця за плячыма няма шматгадовага вопыту. Але чым часцей робіш які-небудзь від аперацый, тым больш упэўнена сябе адчуваеш. Таму і менш хвалюешся.
-- Аперацыя ўрача падобна на рамонт аўтамабіля, які праводзіць інжынер? Гэта так?
-- І так можна сказаць.
-- Колькі дзяцей у Вашай сям’і? Як пераадольваеце сямейныя цяжкасці, звязаныя з выхаваннем і з побытам?
-- У мяне двое дзяцей. Ім 2 і 4 гады. Мы маладыя бацькі, многага, магчыма, не ведаем. Таму чытаем літаратуру, прыслухоўваемся да бабуляў. Але мая думка, мой галоўны прынцып – выхоўваць трэба любоўю і гутаркай. Кожную праблему не замоўчваць, прагаворваць.
-- Ці верыце ў сілу народнай медыцыны, у слова, напрыклад, у замовы?
-- Да народнай медыцыны ў мяне такі падыход. Калі мы выкарыстоўваем травы (напрыклад, рамашку альбо кару дуба), якія маюць сваё даказанае супрацьзапаляльнае дзеянне, то я не супраць. А калі хтосьці замест таго, каб дэзінфецыраваць рану, прыкладвае нейкую прыдумку з рознай сумесі, то супраць: на свае вочы бачыла людзей, якія траплялі ў бальніцу з ускладненнямі пасля такой народнай медыцыны. А што датычыць замоў, то катэгарычна супраць іх. Лічу гэта вялікім грахом.
-- Але ж Ісус Хрыстос і яго паслядоўнікі лячылі і лечаць словам. Ці не так?
-- Па-першае, Ісус і Яго паслядоўнікі лячылі малітвай, гэта радыкальна адрозніваецца ад замовы. А па-другое, нам далёка да Ісуса Хрыста.
-- У якім узросце чалавека ў кішэчніку могуць з’явіцца паліпы?                 
-- Паліпы могуць з’явіцца ў любым узросце, нават  у маладых людзей да дваццаці гадоў. Усё залежыць ад тыпу паліпа.
-- Што рабіць, калі павышана мачавіна?
-- Трэба ведаць, што нормы мачавіны адрозніваюцца ў розным узросце. Яны розныя і ў залежнасці ад полу, у мужчын паказчыкі крыху вышэйшыя. Акрамя таго, невялікае павышэнне мачавіны можа быць варыянтам нормы. У любым выпадку, калі ў вашым аналізе лабараторыя адзначыла, што ўзровень павышаны, трэба пачаць з пераздачы аналіза. Напярэдадні абследавання пастарайцеся зменшыць ужыванне высокабялковай ежы, якая можа завышаць паказчыкі. Калі аналіз усё-ткі павышаны, трэба выканаць УЗІ органаў поласці жывата, так як мачавіна паказвае на працу печані і почак. 
-- Хто ў Вашай сям’і лідар? Ваша роля Вам падабаецца?
-- Хто ў маёй сям’і лідар? Напэўна, усё-ткі муж, апошняе слова заўжды застаецца за ім. Я задаволена сваёю сям’ёю. Ведаю: калі буду разрывацца, не змагу прыняць рашэнне, то мой муж выслухае мяне і зробіць адназначны выбар, які супакоіць і зніме многія праблемы.
-- Цэнтр жыцця. Што гэта, па-Вашаму? Ці хацелі б быць там, у цэнтры жыцця?
-- Дык і я знаходжуся ў цэнтры жыцця. Кожны дзень сустракаю шмат людзей, з якімі хоць нядоўга, але размаўляю. Кожны дзень мяне здзіўляюць мае дзеці. Часта атрымліваю навіну, што хтосьці памёр, але і адначасова вельмі часта чую, што ў знаёмых нарадзілася дзіцятка. Нягледзячы на тое, што буднія дні падобныя, кожны дзень розны. Не трэба шукаць цэнтра жыцця далёка.



Вершы чытачам ад Аннэты Рамуальдаўны