Поиск по этому блогу

Апавяданне "Зялёная Рука"

 

                                                                                                          Аляксей Якімовіч

 

ЗЯЛЁНАЯ РУКА

Апавяданне

 

1

Бяда, як вядома, прыходзіць нечакана. Так здарылася і з Косцікам – высокім хударлявым хлопцам, які ў пачатку лета скончыў дзесяць класаў і прыехаў на канікулы ў вёску да дзеда Мікалая. Гэта было ў нядзелю. А ў панядзелак зранку да Косціка прыбегла ягоная равесніца Оля, што жыла па суседству. На нагах ў яе былі чырвоныя туфлі з невялікімі стаптанымі абцасамі і блішчастымі пражкамі, падобнымі на язычок гадзюкі.

-- Косцік, грыбы ў лесе з'явіліся: і лісічкі, і праўдзівыя! – з парога выпаліла яна.

-- Дык хадзем, назбіраем, -- адразу ж загарэўся ён.

Оля нахмурылася, абцягнула на тонкай дзявочай таліі кофтачку ў сінія гарошынкі.

-- Не магу. Мама загадала, каб на балоце сена зграбла.

-- А чаго ж ты тады да нас прыбегла? – задзівіўся Косцік.

-- Бо табе хацела паведаміць, -- прызналася Оля і, сказаўшы “Я пайшла”, накіравалася дамоў.

Косцік крыху пастаяў, падумаў і вырашыў: трэба ісці па грыбы, пакуль вяскоўцы ў лес не набеглі. Грыбныя мясцінкі ён добра вывучыў яшчэ ў мінулыя гады, усе абышоў з дзедам Мікалаем.

2

Весела насвістваючы, Косцік бадзёра крочыў па лясной дарозе. На душы было светла, радасна, хацелася спяваць.

-- Касіў Ясь... – з грудзей хлопца вырвалася песня і адразу ж абарвалася: пры самай дарозе ён убачыў чырвоныя жаночыя туфлі з невялікімі стаптанымі абцасамі, на якіх выдзяляліся блішчастыя металічныя пражкі, падобныя на язычок гадзюкі. Туфлі стаялі роўненька, адзін каля аднаго, як на вітрыне магазіна.

Косцік працёр вочы. У гэткіх жа самых туфлях толькі што Оля да яго прыбягала. Але ж яна на балота падалася! Няўжо падманула і цяпер пацяшаецца, схаваўшыся паблізу?

Юнак збочыў з дарогі, ступіў некалькі крокаў і зніякавеў. Каля маладой, чырванаватай хваінкі ляжала кофтачка ў сінія гарошынкі, ну зусім як Оліна.

У душы ў Косціка штосьці ёкнула, абарвалася. Ён ступіў яшчэ некалькі крокаў і за вялікім ядлоўцавым кустам з сухой верхавінкай убачыў Олю. Скурчыўшыся, басанож, без кофтачкі, яна ляжала на пакрытай мохам палянцы, а вакол яе дружнымі сямейкамі раслі лісічкі.

Не адрываючы вачэй, Косцік глядзеў на Олю. На шыі дзяўчынкі выразна выдзяляліся няроўныя зялёныя пляміны, падобныя на адбіткі пальцаў, а па саламяных валасах, па круглаватым твары, па жываце поўзалі вялікія рыжыя мурашкі.

“Во колькі вас сабралася!” -- падумаў Косцік і, з сілай адарваўшы ад зямлі нагу, цяжкую, бы налітую волавам, дакрануўся да Олінага жывата, намерваючыся скінуць на зямлю рыжых нахабнікаў. Жывот дзяўчынкі быў халодны і цвёрды, што камень.

Косцік усклікнуў ад жаху і неспадзеўкі і хацеў ірвануцца, пабегчы праз лес напрасткі, не разбіраючы дарогі, але неспадзявана хтосьці груба схапіў яго за валасы, а затым упіўся ў цемечка, як свярдзёлак.

Праваю рукою юнак дакрануўся да галавы і тут жа адхапіў яе: валасы на цемечку, чаго ён ніяк не чакаў, былі збіты ў каўтун.

Хлапец закрычаў, як тапелец, і паімчаўся праз лес.

3

Косцік спыніўся каля крынічкі, якая павольна цякла на ўскрайку лесу. Вада ў ёй была на дзіва чыстая, светлая, пясчанае дно, усланае маленькімі рознакаляровымі каменьчыкамі, здавалася казачным.

Косцік стаяў, аддыхваючыся пасля хуткага бегу, а ў галаве насіліся трывожныя думкі: хто ж так моцна за валасы яго схапіў? Чаму каўтун ні с таго ні с сяго з'явіўся на ёй? Магчыма, ён ужо згінуў, прапаў?

Хлапец нагнуўся, зірнуў у крынічку і, як у люстэрку, убачыў на галаве высокі агідны каўтун, а на ім – што за трасца! – зялёную пачвару, падобную на чалавечыя рукі: з крывым, як серп, ротам на сярэднім пальцы і падслепаватымі вочкамі на іншых чатырох. Пачвара паказала юнаку доўгі, завостраны на кончыку язык і спрытна саскочыла на траву.

Пальцы ў Косціка пахаладзелі, сталі нямець, а рукі і плечы затрэсліся. Як зачараваны, ён глядзеў на істоту, якую пра сябе назваў Зялёнай Рукой.

Перакрыўляючы хлопца, Зялёная Рука затрэслася, а затым прагаварыла ахрыплым, прастуджаным голасам:

-- Ведаю! Цябе зваць Косцікам. Не крывіся, Косцік. Зараз мы з табою вернемся на грыбную палянку, да тваёй Олі. Ты яе сваім пацалункам ажывіш.

Косцік жадаў аднаго: хутчэй пазбавіцца ад Зялёнай Рукі. Таму і запярэчыў ёй:

-- Оля халодная, як лёд. Яе ўжо нічым не ажывіш!

Зялёная Рука шчоўкнула загінастымі пальцамі, падобнымі на сталёвыя кручкі.

-- Ажывіш, калі ў вусны  пацалуеш.

-- Я баюся мерцвякоў. Яны потым сняцца мне, -- шчыра прызнаўся хлопец.

Зялёная Рука імклівай яшчаркай ускочыла Косціку на спіну, са спіны – на галаву і ўпілася ў цемечка. У Косціка затрэслася галава, як у крэсле зубніка ад раптоўнага болю.

-- Ты пойдзеш туды? – данёсся хрыплы голас Зялёнай Рукі.

-- Пайду! – праз зубы прамовіў юнак. Цяпер ён быў гатовы на ўсё.

4

Задраўшы галаву, Оля па-ранейшаму ляжала на палянцы, і вялікія рыжыя мурашкі старанна, завіхаючыся, поўзалі па ёй.

Вочы ў дзяўчынкі былі расплюшчаныя, яны з недаўменнем глядзелі ў далёкае бяздоннае неба, па якім ляніва плылі белыя кучаравыя хмаркі.

Зялёная Рука саскочыла з Косцікавай галавы і, паказаўшы на Олю, заморгала чатырма сваімі падслепаватымі вочкамі.

-- Цалуй у вусны!

Хлопец усхліпнуў і стаў на калені, нагнуўшыся над Оляй. Куточкі Олінага рота былі аб'етыя рыжымі мурашкамі, і таму яе рот здаваўся непамерна вялікім, нечалавечым.

-- Я ў лоб  пацалую, як нябожчыкаў цалуюць, -- сказаў Косцік.

Оля раптам заплюшчыла вочы, а потым зноў расплюшчыла іх.

Косціка бы варам аблілі.

-- Яна... Яна... Вочы!..

-- Цалуй! Бо ў зямлю ўкручу! Жывога! – папярэдзіла Зялёная Рука і наставіла перад сабою загінастыя пальцы-кручкі.

Юнак адчуў сябе зусім адзінокім, не патрэбным анікому, акрамя гэтай зялёнай істоты.

Кончыкамі пальцаў ён збіў з Олінага падбародка некалькі мурашак, моцна-моцна сціснуў губы, на імгненне прытуліўся імі да Оліных нерухомых вуснаў і адхіснуўся.

Оля падняла адну руку, потым другую, заварушылася.

Косцік задам папоўз ад яе, пакуль не ўпёрся ў калючы ядлоўцавы куст.

Оля тым часам устала і пацягнулася, як пасля моцнага сну. Твар у яе наліўся чырванню, зялёныя адбіткі зніклі з шыі.

Як і прадказвала Зялёная Рука, дзяўчынка ажыла, паўстала з мёртвай.

Але Косцік не адчуваў радасці, мабыць, таму, што жах знішчыў, выціснуў з душы гэтае трывалае чалавечае пачуццё.

-- Косцік, чаго ты каля куста, бы помнічак, стаіш? – спакойна, як нічога ніякага, прагаварыла Оля.

Косцік устаў на ногі. Яны аслабелі і дрыжалі, быццам у хворага. 

-- А я таксама прыйшла ў лес, не сцярпела.

Юнак апусціў галаву. Оля нічога не ведае, не памятае. Ці казаць ёй пра Зялёную Руку? Відаць, не трэба, невядома, як аднясецца да гэтага Зялёная Рука, якая дзесьці паблізу затаілася, няйначай.

-- Косцік, у цябе каўтун на галаве! – са здзіўленнем усклікнула Оля.

Косцік падняў галаву і міжволі спыніў свой погляд на голых Оліных грудзях.

Дзяўчынка зачырванелася і затулілася рукамі.

-- Ты  ідзі, ідзі, Косцік, а я на балота збегаю, сена зграбу.

Косцік азірнуўся, як злодзей, і , выйшаўшы на дарогу, накіраваўся дамоў.

5

Апаўдні Косціка запыніла на вуліцы Оліна маці, цётка Маруся. У яе, як і ў Олі, валасы былі саламяныя, а вочы вялікія, срэбраныя, выразныя. У гэты дзень яна выглядала стомленай: твар у яе схуднеў, завастрыўся, пад вачыма выступілі сінякі.

-- Косцік, – гучна, хвалюючыся, пачала цётка Маруся, – мая Олечка не такая, як заўжды, змянілася Олечка...

Хлопец мацней насунуў на лоб спартыўную кепку, якую надзеў на галаву, вярнуўшыся з лесу, каб схаваць каўтун.

-- Ыгы.

-- Косцік, ты не ведаеш, што здарылася з ёю?

-- А што?

-- Олечка стала грубая, чэрствая. Косцік!..

-- Пераходны ўзрост. Усяк бывае, -- адказаў юнак, каб толькі не маўчаць. Хіба скажаш цётцы Марусі праўду? Дый усёй праўды ён і сам не ведае. Зялёная Рука раптам з'явілася і раптам прапала, свой знак пакінуўшы на ягонай галаве. Хадзі цяпер з гэтым знакам, як з гняздом. Яна яшчэ аб'явіцца, напомніць пра сябе...

-- Мабыць, узрост. Мабыць, пераходны! -- ціха прамовіла цётка Маруся і, як пабітая, паплялася па вуліцы.

 

6

Вечарам разам з Оляй Косцік сядзеў каля хаты пад старой ліпай. Над зямлёю клубамі плыў густы туман, ахутваючы вёску, а каля вуха дзынькалі, кружыліся надакучлівыя камары.

-- Даўно ў нас не было такога туману, -- у задуменні прагаварыла дзяўчынка, плячом прыціснуўшыся да Косціка.

Юнак уздрыгнуў і заёрзаў на лаўцы.

-- А ты баязлівец! – з насмешкай сказала Оля.

Незадаволены, Косцік засоп носам. Раніцай Зялёная Рука папракала яго, называла баязліўцам. Цяпер тое ж самае ад Олі прыходзіцца чуць. Быццам згаварыліся яны. Мабыць, трэба расказаць сяброўцы пра тое, што здарылася ў лесе.

-- Я не баязлівец! Я дакажу!

-- Дакажы! Давай! – вочы ў Олі засвяціліся, як два зялёныя ліхтарыкі. Зялёнае святло ўпала на Косцікаў твар. Ён таксама зрабіўся зялёны, як нежывы.

Хлопец ускочыў, сагнуўся пытальным знакам. А Оля засталася сядзець на лаўцы. З яе вачэй усё лілося зялёнае святло.

-- Дакажаш, землячок?

-- Ты хто? – стараючыся не паказаць страху, запытаўся Косцік. Ён нарэшце зразумеў: на лаўцы сядзіць не Оля, а нейкая незвычайная істота ў вобліку Олі, якая з Зялёнай Рукой дзейнічае заадно.

-- Я -- Тая! – з гонарам паведаміла істота. Яе вочы патухлі, зялёнае святло знікла, прапала, быццам і не было яго.

-- Мне так і называць цябе – Тая?

-- Называй, калі жадаеш.

Косціку хацелася ўцячы, зашыцца ў самы цёмны кут і сядзець там, доўга не выходзячы, але ён не мог так зрабіць, бо ведаў: Тая і Зялёная Рука ўсё роўна знойдуць яго, не адпусцяць.

“Я з імі адной вяровачкай звязаны. Пакуль не разарву гэтую вяровачку, не пазбаўлюся ад іх,” – з горкасцю падумаў і сказаў:

-- Я ведаю. Ты – сяброўка Зялёнай Рукі. Ты не проста Тая, ты – нячыстая сіла.

Тая пажвавела, заварушылася.

-- Так! А ты лічыш сябе чыстым, бездакорным? Памяць у цябе кароткая. Успомні, як у губкі мяне цалаваў. Мы знарок з Зялёнай Рукой табе так падстроілі. Твой пацалунак сілы, энергіі мне прыбавіў, а цябе зламаў, прыгнуў. Як пабіты сабака, вочы апусціўшы, ходзіш ты цяпер. Ты – нішто, баязлівец ты, як і твае суайчыннікі. Храмаў сабе набудавалі, каб схавацца там ад нас. Свечачкі паліце, святым агнём адгароджваецеся...

-- Што вы задумалі? Чаго хочаце? – прагаварыў Косцік, ледзь варочаючы языком, які стаў як шурпаты камень.

-- Сказаць?

-- Скажы.

-- Сон цябе не возьме, калі скажу.

-- Гэтай ноччу я і так не засну, -- прызнаўся Косцік.

Ягоны адказ, як відаць, спадабаўся Таі. Яна засмяялася, задаволеная сабою і сваім жыццём.

-- Вас, людзей, мы неўзабаве да сябе забярэм, нам дапамагаць, прыслужваць будзеце.

-- Як і вы, мы ўсе станем нячысцікамі?

Тая пырснула на хлопца зялёным святлом.

-- Дрыжыш, пабялеў. Было б з-за чаго. Ачніся, азірніся і ўбачыш: твой людскі род ужо амаль не адрозніваецца ад нас, нячысцікаў. Па самыя вушы брудам зараслі.

-- Чаму вы на маёй галаве каўтун звілі? Га?

Тая патушыла вочы-ліхтары, варухнулася на лаўцы.

-- Зялёная Рука яго звіла, каб тваім розумам харчавацца.

Косцікавы бровы-дужкі прыўзняліся, папаўзлі ўгору.

-- Хіба ёй свайго не хапае?

-- Свайго хапае, але і чужым не шкодзіць пакарыстацца, -- прамовіла Тая і, устаўшы з лаўкі, пайшла па вуліцы, кіруючыся за вёску.

7

Косцік стаяў, узяўшыся рукамі за каўтун. Што ж выходзіць? Зялёная Рука звіла на ягонай галаве гняздо-каўтун, каб розум пакрысе высмоктваць, а разам з ім і душу , без душы і без розуму яго стараецца пакінуць. Напэўна, штосьці падобнае і з Оляй яны ўжо зрабілі, дзесьці схавалі яе. Няўжо цётка Маруся ўсё жыццё Таяй будзе любавацца? Яны ж зусім чужыя...

“Чужыя, чужыя... Не свае мы тут, чужыя, чужыя!” – запульсавала нейкая жылачка, забілася ў Косціка на скронях. Ён адняў рукі ад галавы і працягнуў іх уперад, туды, куды пайшла Тая, растварыўшыся ў тумане.

-- Ты мяне не зламала, не сагнула, не, не! Я спалю цябе! А калі ўдасца, то і Зялёную Руку заадно. Не дазволю вам мой розум забіраць.

8

Узяўшы ў гаражы каністру з бензінам, Косцік таропка пакрочыў па вуліцы. Таю дагнаў за вёскай. Яна прывяла яго на пакінуты хутар, дзе рос здзічэлы сад і стаяла ў крапіве старая хата без вокнаў, з дзіравай страхой і скасабочанымі дзвярыма.

Каля хаты Тая ўключыла вочы-ліхтары. Пры іх зялёным святле хлопец заўважыў пад страхою прадаўгаватае гняздо, падобнае на тоўсты лядзяш. Такія гнёзды – ведаў ён – часта робяць восы.

Нячыстая сіла крыкнула па-савінаму, падаўшы ўмоўны сігнал, і з гнязда-ледзяша  вылезла, паказалася Зялёная Рука.

Косцік прыціснуўся да вялікага каменя-валуна, які ляжаў непадалёку ад хаты, сцяў кулакі, напружыўся. Вось якая аса звіла сабе гняздо на пакінутым хутары! Зусім блізенька ад вёскі. Каб як след узяцца за тутэйшых людзей.

-- Мая гаспадыня! Я пасялілася там, стала членам іх сям'і, -- паведаміла Тая.

“Хвалішся, што цётку Марусю падманула, пасялілася ў яе,” – адзначыў пра сябе Косцік. Ён спадзяваўся, што нячысцікі пра Олю гаворку распачнуць.

-- А ён не супраціўляецца, гатовы служыць нам? – пацікавілася Зялёная Рука.

--  Нейкі неспакойны, бунтуецца ён.

-- Няхай пабунтуецца. Пасля апоўначы я прыйду да яго, усядуся яму на галаву. А пакуль не трывож мяне, не кліч, бо, сама ведаеш, да апоўначы ўжо не азавуся я, мёртвым сном буду спаць, -- прамовіла Зялёная Рука і, бліснуўшы шклянымі вачыма, знікла ў гняздзе.

Тая штосьці прабубніла сабе пад нос і падалася за хату, неўзабаве схаваўшыся за яе рогам.

Стараючыся не дыхаць, не сапці, Косцік падбег да хаты, адкруціў накрыўку каністры і плюхнуў бензін на гняздо-лядзяш. Затым выхапіў з кішэні карабок, дастаў запалак, але не паспеў запаліць: з-за рога хаты выйшла Тая і асляпіла яго зялёным святлом сваіх вачэй-ліхтароў.

-- Кінь карабок, не ўздумай паліць! Кінь!

-- Так  і паслухаўся я цябе, нячыстая сіла! – скрыгітнуў зубамі хлопец.

-- Зялёную Руку не шкадуеш – сваю суседку Олечку пашкадуй. Яна, сапраўдная Олечка, у хаце на саломе ляжыць, намі звязаная, – сказала Тая і ступіла крок, наблізілася да Косціка.

-- Хлусіш, нячыстая сіла!

-- Яна не хлусіць, я тут! – данёсся з хаты Олін крык.

Юнак выцягнуў шыю, прыслухоўваючыся. А Тая ступіла яшчэ адзін крок, зялёным святлом слепячы яму вочы.

-- Божа, ратуй нас, грэшных! – усклікнуў хлопец і, чыркнуўшы запалкам, кінуў яго на гняздо. Яно ўспыхнула, што порах, загарэлася, закруцілася, завішчэла нечалавечым голасам, а потым кроплямі зялёнай смалы пырснула на Таю. Тая ўпала на зямлю, кульнулася праз галаву і ператварылася ў чорную галавешку, на якой распаўзліся, як чарніла, зялёныя кроплі.

А полымя ўжо абхапіла не толькі гняздо – прыстанішча Зялёнай Рукі, але і пабітую на дзіры страху і падгнілы зруб.

Доўга не думаючы, Косцік пераскочыў праз чорную галавешку, якая ўсё яшчэ курылася, і, рвануўшы на сябе скасабочаныя дзверы, праз сенцы забег у хату.

Звязаная вяроўчынай, Оля ляжала на кучы гнілой саломы. Яе твар у водбліску пажару быў чырвона-крывавы.

Косцік моўчкі ўзяў Олю на рукі і панёс, сагнуўшыся ад цяжару. На двары паклаў на траву і зубамі развязаў вяроўчыну.

-- У мяне рукі і ногі анямелі, -- паскардзілася дзяўчынка.

-- Яны хацелі, каб у нас не толькі рукі і ногі, але і душы анямелі. Каб нічога не помнілі, не адчувалі мы. Нашу памяць у нас хацелі забраць.

Косцік чаравікам наступіў на галавешку з зялёнымі плямінамі. Галавешка трэснула пад ягонай нагой, але не зламалася.

– Вось што ад Таі засталося. Бачыш, Оля?

-- Яна разам з Зялёнай Рукой злавіла мяне, прымушала, каб на могілкі ішла, крыжы там ламала. А я не пагадзілася. Дык яны звязалі мяне і кінулі на гнілую салому.

Наском чаравіка Косцік з сілай стукнуў па галавешцы. Яна ўзляцела ў паветра, перакруцілася і, трапіўшы ў полымя, загарэлася зялёным агнём.

-- Вунь як гарыць нячыстая сіла! – усклікнула Оля.

Скінуўшы кепку, Косцік дакрануўся да цемечка. Агіднага каўтуна на галаве не было, ён прапаў.

Хлопец усхліпнуў і заплакаў уголас, не саромеючыся.

-- Косцік, чаго ты  расплакаўся? – разгубілася Оля.

-- Згінулі, згарэлі страшныя чары Зялёнай Рукі! – размазваючы па шчоках слёзы, прагаварыў Косцік.

 

 

Выдадзены ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.