Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: падоўжаныя зычныя і іх правапіс

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: падоўжаныя зычныя і іх правапіс.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                        Палевы, буланы,

                                                        Пярэсты, вішнёвы --

                                                         Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Для даведкі: палевы – бледна-жоўты з ружовым адценнем колер.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: каменне ці камене?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Зычныя гукі [ж], [ч], [ш], [з′], [с′], [дз′], [ц′], [л′], [н′] у становішчы паміж галоснымі могуць вымаўляцца падоўжана.

Падаўжэнне зычных гукаў на пісьме перадаецца дзвюма літарамі: калоссе, бездарожжа.

Падоўжаны гук [дз′] на пісьме перадаецца літарамі ддз [4, стар. 137 -- 138, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад наступныя словы: багацце, суддзя.

Адзначаем падоўжаныя зычныя гукі [ц′],[дз′].

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Падаўжэнне зычных гукаў [ц′], [дз′] у становішчы паміж галоснымі на пісьме перадаецца дзвюма і трыма літарамі: цц, ддз.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: каменне.

Назавіце слова.   

                                                  У словах “разводдзе”,

                                                  “Жыццё”, “калоссе”

                                                  І “каменне” --

                                                  … (Падаўжэнне.)

                                                          Аляксей Якімовіч.

Якімі літарамі перадаецца падаўжэнне зычных гукаў у словах вершаванага тэксту “разводдзе”, “жыццё”, “калоссе”, “каменне”?

Праца са спалучэннямі слоў.

Са словам “зацьменне” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “зацьменне”?

Для даведкі: пачалося зацьменне – зацьменне ў галаве.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары д, дз, потым напішыце беларускае слова “стагоддзе” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: тона ці тонна?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! У словах іншамоўнага паходжання зычныя гукі не падаўжаюцца: калона, тэлеграма.

Выключэнне: ванна, манна, Жанна, Ганна [4, стар. 138, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: тона.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Па, калону, алеі, вяла, Ганна. (Ганна вяла калону па алеі.)

Растлумачце правапіс выдзеленых літар. Пры неабходнасці звярніцеся да тлумачальнага слоўніка.

Адзначаем! Неабходна адрозніваць падаўжэнне зычных гукаў ад іх падваення, якое таксама перадаецца на пісьме дзвюма літарамі.

Падваенне адбываецца на стыку прыстаўкі і кораня і на стыку кораня і суфікса.

Напрыклад: бясснежны (адзін гук [с′] адносіцца да прыстаўкі бяс-, а другі --  да кораня –снеж-); вясенні (адзін гук [н′]  адносіцца да кораня –вясен-, а другі з’яўляецца суфіксам [1, стар. 69, “Беларуская мова”].

                  [4, стар. 139, “Беларуская мова”]

Скорагаворка.

Восенню суддзя аддаў дачцэ жыллё (Аляксей Якімовіч).

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                     Конь бяжыць дамоў трушком.

                                                     У санях рыпіць палоззе.

                                                     Усё засыпана сняжком.

                                                     Пабялела наваколле,

Адказ: 1 – 4, 2 – 3, 3 – 2, 4 – 1.

Для даведкі: трушком – не вельмі хутка, напаўсілы.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “працаю, стараннем і інш. заняць высокае становішча ў жыцці”.

                                                        Раззлавалася, сказала

                                                        Маці сваёй Людзе:

                                                        -- Пара табе, дочанька,

                                                        … … … .                                        

Ці ёсць ў вершаваным тэксце і ў словах фразеалагізма падоўжаны або падвоены зычны гук?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: аццавібыв ў іздюл [2, стар. 55, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Што цікавей падаро(ж, жж)а,

                                   Негаданых з’яў бы(цц, ц)я,

                                   Шуму лесу, спеву збо(жж, ж)а,

                                   Новых песень запаро(жж, ж)а,

                                Спеву новага жы(цц, ц)я? [3, стар. 302, “Паэмы Я. Коласа”].

Раскрыйце сэнс слоў “негаданых”, “запарожжа”. (Неразгаданых; апынуўшыся за парогам хаты.)

Адказы на пытанні.

 Як могуць вымаўляцца зычныя гукі ў становішчы паміж галоснымі?

Як перадаюцца падоўжаныя зычныя гукі  на пісьме?

Ці падаўжаюцца зычныя гукі ў словах іншамоўнага паходжання?

Тэст.

Назавіце словы з падоўжанымі зычнымі.

1. Галлё.

2. Маляванне.

3. Паддаўся.

4. Меддзю.

5. Зацішша.

6. Асенні.

7. Павуцінне.

Адказ: 1, 2, 4, 5, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.       

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, лістапад 2020 года, № 11.