Поиск по этому блогу

Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Белакрылая птушка”

 

Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Белакрылая птушка”

 

Логіка – уменне разважаць і рабіць вывады.

Сінонімы да слова “інтуіцыя”: чуццё, прадбачлівасць, здагадка.

 

У мінскім выдавецтве “Беларусь” выйшла мая кніга “Белакрылая птушка”, у якой змешчаны дзве аповесці і вершы.

 

1. Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”.

Зноў рэзка і патрабавальна прагучаў званок.

Дзяўчынка зірнула ў ваўчок, але на пляцоўцы за дзвярыма анікога не заўважыла.

Хтосьці чужы звоніць. У таты і мамы ёсць ключы ад кватэры. Яны не сталі б яе турбаваць, даўно адамкнулі б дзверы.

“Не буду адчыняць, дома мяне няма”, -- вырашыла старшакласніца і хацела адысціся ад дзвярэй, але працяглы званок прымусіў яе спыніцца.

-- Хто там? – не вытрывала яна.

-- Галя!.. – данеслася з-за дзвярэй.

Дзяўчынка насцярожылася, нават на дыбачкі прыўстала. Голас юначы, незнаёмы. Нейкі хлопец заявіўся і звоніць без перапынку, непакоіць. Што ж гэта найшло на яго?

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Каля акна”;

б) “Вовік”.

З двух варыянтаў выберыце патрэбны.

 

2. Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”.

Вовік апусціў галаву і прамовіў ціха, як вучань, які нашкодзіў любімай настаўніцы:

-- Не праганяй, калі ласка. Скарпіён нядаўна каля вашага пад’езда мяне пабіў, размаляваў.

“Яго сябрука зваць Скарпіёнам, з ім ён пабіўся” – здагадалася дзяўчынка.

-- З тым, які ў гарачай пустыні жыве? – прагаварыла з насмешкаю. Няхай ведае Вовік, што яго сябры яе зусім не цікавяць.

-- І гэты вакол сябе пустыню стварае, -- паківаў апушчанаю галавою Вовік. – Пашанцавала, што ўцёк ад яго.

“Хоць і размаляваны, але зусім не страшны, стаіць перада мною прыгнечаны, знябожаны”, -- зірнуўшы на хлопца, падумала Галя і ўжо без насмешкі вырашыла ўдакладніць:

-- Скарпіён – клікуха бандыта?

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Разам у кватэры”;

б) “Нечаканы званок у дзверы”.

З двух варыянтаў выберыце патрэбны.

 

3. Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”.

-- Чаго глядзіш шырока расплюшчанымі вачыма? – як з іншай планеты, данёсся да хлопца насмешлівы Галін голас.

-- Фотаздымак прыкольны. Відаць, балетам займаешся, -- выказаў здагадку хлопец з Нараставіч.

-- Ёгай. Спецыяльныя практыкаванні вывучыла, -- паведаміла дзяўчынка і ўважліва, як бы вывучаючы, паглядзела на госця. – Не верыш?

Вовік паціснуў плячыма. Цяпер яму было ўсё роўна, чым займаецца Галя: ёгай ці балетам. Думкамі ён ужо перанёсся ў родную вёсачку.

-- Паказаць, як займаюся? – прапанавала дзяўчынка.

Хлопец другі раз паціснуў плячыма. Яму не хацелася крыўдзіць гэту адзінаццацікласніцу, сказаўшы ёй, напрыклад, так: “Не трэба. Потым пакажаш”.

Галя ўключыла музычныя калонкі. Ціхая, лагодная музыка загучала ў кватэры.

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Каля акна”;

б) “Спецыяльныя практыкаванні”.

З двух варыянтаў выберыце патрэбны.

 

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы напісаны наадварот). 1. Ківов. 2. Ырэтавк у мазар. 3. Іннавакыткарп яыньляыцепс.

 

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.