Поиск по этому блогу

Кажуць-8

 

Кажуць,

што ёсць арганізаваныя групы людзей, якія называюць сябе жанчынаненавіснікамі (альбо жонканенавіснікамі). Мужчыну яны ставяць на больш высокую прыступку, чым жанчыну. Жанчына, на іх думку, ніжэйшая асоба, якая павінна выконваць іх волю і жаданні.            

Аж не верыцца.

Чытаю даўнюю народную прыказку: жонка не лапаць, з нагі не скінеш.

Да ўсіх адразу ж дайшоў яе сэнс? Паразважайце. Час ёсць.

Сёння

не ведаю, як у Беларусі, а а ў Расіі падобныя згуртаванні ёсць. Нядаўна глядзеў тэлеперадачу, прысвечаную гэтай тэме. Запрасілі туды падобных жанчынаненавіснікаў. Цынічна і нахабна глядзяць яны на жанчыну. Так, заяўляюць, што мужчына – цар і Бог. Значыць, жанчына ва ўсім павінна падпарадкоўвацца ім, быць нейкай шэрай мышкай, каля якой ходзіць кот з кіпцюрамі. Яны звычайна нежанатыя, ставяць сваёй мэтай дабіцца блізасці з жанчынай і прынізіць яе, насмяяцца. Дзеля гэтага праводзяць гульню (калі можна назваць падобнае глумленне гульнёю) “Паляванне на маманта”. Мамант – паўнаватая жанчына. Менавіта блізасці з такой жанчынай дамагаюцца. Потым нават узвешваюць яе на вагах, каб даказаць іншым падобным аматарам, што ў іх яна самая цяжкая. А яшчэ адкрыта называюць жанчын падстаўкай для ног, іх інтымныя фотаздымкі распаўсюджваюць сярод сяброў-аднадумцаў, у інтэрнэце.

Як можна адносіцца да гэтага?

Размяшчэнне фотаздымкаў жанчыны ў інтэрнэце без згоды – гэта парушэнне яе правоў, што вядзе да крымінальнай адказнасці. Жанчыне не трэба быць паслухмянай авечкай. Трэба абараняць сваю годнасць. Многія жанчынаненавіснікі, як заўважыў, нешчаслівыя ў шлюбе, пакінутыя жонкамі, жанчынамі. Не здолеўшы стварыць сям’ю, зрабіць жанчыну сваім інтымным сябрам, яны пачынаюць такім чынам помсціць ёй. Гэта не ўпрыгожвае мужчыну. Свае здольнасці і сілу можна паказаць праз вялікае каханне. Тады не прыйдзецца напамінаць жанчыне, што ты гаспадар. Яна сама стане для  цябе добрай гаспадыняй.  

Успамін.

Успамінаецца маё жыццё ў вёсцы. Паміж жанчынамі і мужчынамі там заўсёды                                                                        складваліся роўныя адносіны, ніхто з іх не падкрэсліваў сваё “я”. Мужчыны лічылі жанчын слабейшымі, больш далікатнымі, а таму былі іх абаронцамі, цяжкую фізічную працу стараліся браць на сябе. Ніхто з іх не нагадваў, як цяпер, што жанчына створана з рабра мужчыны. Для мяне стала дзіўным, калі праз колькі гадоў убачыў, што ў некаторых мясцовасцях жанчыны бяруць у рукі сялянскую касу і, выходзячы раніцай на луг, старанна косяць траву. У нашай вёсцы падобнага не было. Насміхаешся з жанчыны – значыць, насміхаешся са сваёй сястры і маці. Помні пра гэта, мужчына. Цані тое, што дала табе прырода, не ператварай сваю сілу ў зло.

Ведаю адну сямейную пару. У яго слабы зрок, не можа хадзіць па горадзе адзін. Заўжды побач з ім яго жонка. Ідуць поруч, узяўшыся за рукі. Паміж імі, пенсіянерамі, узаемавыручка і каханне. Сустрэўшы, з павагай гляджу на іх.

Што парэкамендаваў бы жанчыне?

Імкнучыся апраўдаць свае ганебныя ўчынкі, жанчынаненавіснікі кажуць, што ў нашым грамадстве шмат жанчын, якія адкрыта шукаюць блізкасці з мужчынам, вядуць сябе амаральна, непрыстойна. Жанчына, не кідайся першаму сустрэчнаму на шыю, не прадавай сябе за кілішак алкагольнага напою. Рана ці позна, а гэта прывядзе да сапраўднай распусты, разбурыць цела, пакіне нядобры след у душы. Будзь вышэй сваіх інтымных жаданняў. Калі наспела небяспечная, зманлівая сітуацыя, затармазі і цвёрда скажы: “Не, я не такая!”

                                                   Жанчына, будзь разумная,

                                                  Годнасць беражы.

                                                  Многія мужчыны --

                                                  Гэта міражы.

                                                        Аляксей Якімовіч

Як вы адносіцеся да гэтага?