Поиск по этому блогу

Быў выпадак "У грыбы"

 

Быў выпадак

 

У грыбы

 

Напрыканцы лета ў дзень беларускай пісьмовасці вырашыў на веласіпедзе паехаць у лес, каб назбіраць лісічак, а потым прадаць іх.

Выехаў яшчэ да дня, бо наперадзе чакала няблізкая дарога. Было цёмна. Ні людзі, ні машыны ў горадзе амаль не сустракаліся. Толькі дзе-нідзе бегалі зграі сабак, што, канешне, насцярожвала: ведаў з уласнага вопыту, што сабакі не любяць веласіпедыстаў, часта з енкам бягуць да іх, нападаюць.

Спачатку ехаў па тратуары, як патрабуюць гэтага правілы дарожнага руху. Анідзе не было з’езду з аднаго тратуара на іншы, на суседні. Часта прыходзілася спыняцца.

Перад мостам, які ўзвышаўся над ракой Шчарай, не вытрымаў: вырашыў ехаць не па тратуары, а па мосце. Спадзяваўся, што ў цемнаце праскочу.

Не тут тое было. Дзесьці на сярэдзіне моста мяне дагнала легкавушка.  Гучны мужчынскі голас загадаў:

-- Спыніцеся і злезьце з веласіпеда!

Спыніўшыся, убачыў, што легкавушка міліцэйская. З яе вылез чалавек у міліцэйскай форме.

Я злез з веласіпеда. “Магчыма, на пяць – сем рублёў здам грыбоў, а аштрафуюць на дваццаць. Зарабіў як Заблоцкі на мыле!” – пранеслася ў мяне ў галаве.

-- Як ваша прозвішча? – стаў дапытвацца міліцыянер.

Не тоячыся, назваў свае біяграфічныя дадзеныя. Уключыўшы планшэт, ахоўнік правапарадку праверыў іх і паведаміў мне, што я парушыў правілы дарожнага руху, выехаўшы на дарогу.

“Зараз складуць пратакол і аштрафуюць мяне. І гэта ў дзень беларускай пісьмовасці, які для нас, пісьменнікаў, як свята!” – падумалася. Праўда, на гэта свята я, як заўжды, не трапіў: не запрасілі, забыліся пра мяне.

Я не памыліўся. Міліцыянер дастаў паперу і пачаў складаць пратакол.

-- Не штрафуйце! – прабубніў.

Міліцыянер папрасіў мяне не хвалявацца і, склаўшы пратакол, пацікавіўся:

-- Раней вы парушалі правілы дарожнага руху?

-- Праверце, -- прамовіў я.

Супрацоўнік міліцыі праверыў. У сваёй базе парушэнняў з майго боку ён не знайшоў.

-- Аштрафуеце? – вырвалася ў мяне.

-- Цяпер не аштрафуем, а ў наступны раз, калі дапусціце аналагічнае парушэнне, аштрафуем, -- прагучала ў адказ.

Развіталіся мы даволі ветліва. Міліцыянер папрасіў мяне, каб быў асцярожны, каб не выязджаў на дарогу, кіраваўся ўзбочыны.

Ці паверыў я, што не будзе штрафаваць? Шчыра скажу: не паверыў. Дый знаёмыя, калі паведаміў ім пра гэты выпадак, зазначылі:

-- Склалі пратакол – значыць, аштрафуюць.

Пакрыўджаны, апустошаны, я прыйшоў дамоў і напісаў:

                                                  Ў дзень нашай мовы

                                                  Мяне аштрафавалі.

                                                  Тады мне здалося:

                                                  У душу на.. .

 

                                                  Выграблі капейчыну,

                                                  Тую, што хаваў.

                                                 Сяджу і вымаўляю:

                                                 Каб вас чорт … !

Не, мяне не аштрафавалі. Міліцыянер стрымаў сваё слова. Дарма я пакрыўдзіўся.

Усё, як гаворыцца, адбылося прыстойна: парушыў – затрымалі – папярэдзілі.

Няхай той невядомы міліцыянер прабачыць мне за мой верш, за маю крыўду.