Аляксей Якімовіч
Верш “Беларусы”
(дадзены ў скарачэнні)
Завуць нас
беларусамі,
Адметны наш народ.
Мы на зямлі бацькоўскай
Жывём не першы год.
У нас свае імёны:
Алесь, Кастусь, Сымон,
Змітрок, Міхась, Мікола,
Пятрусь, Піліп, Антон.
Парася і Аксеня,
Палуся і Настуся,
Хрысціна і Маруся,
Гэля і Таклюся.
І вёскі назву мелі:
Баравікі,
Дуброва,
Ліпляны, Лістапады,
Людчыцы, Клянова.
Там ягады збіралі:
Брусніцы і чарніцы,
Ажыны, журавіны,
Дурніцы і суніцы.
Майстроў было нямала:
Каваль каня каваў,
Кравец адзенне шыў,
А
дойлід будаваў.
Купалле святкавалі,
Калядачкі зімой,
Гуканнем заклікалі
Цяпло ўсёй грамадой.
Пралескі нас здзіўлялі,
Нас чараваў чабор.
Грыбны лес называлі
Прыгожым словам бор.
Ігралі на цымбалах,
На гуслях, на дудзе
І дудачка, бывала,
Нас цешыла ў бядзе.
2021
Цалкам верш надрукаваны ў кнізе “Загадкавы храм” (аповесць і вершы), якая ў
лістападзе 2021 года выйшла ў выдавецтве “Беларусь”.