Поиск по этому блогу

Нешта не так


З напісанага даўней

Нешта не так

Пад гром гармат на Каўказе адбылося аб’яднанне Расіі і Беларусі ў саюз. Многія, асабліва людзі старэйшага ўзросту, якія марылі аб саюзе, на выбарах галасавалі за саюз. Здавалася б, цяпер павінны радавацца. Ды чамусьці радасці на тварах заўзятараў саюза не бачу. Мабыць, інстынкт самазахавання падказвае, нашэптвае ім: “Адбываецца нешта  не так”.

Куды ідзём?

Дзеля чаго існуюць дзяржава і ўсе яе органы ўлады? Адна з асноўных функцый дзяржавы – эканамічна развівацца і паляпшаць дабрабыт яе грамадзян. Раней усё было зразумела: мы будавалі камунізм. А калі нашы кіраўнікі адчулі, што з гэтай задачай ім не справіцца, то хуценька пераарыентаваліся і абвясцілі аб будаўніцтве сацыялізма – ніжэйшай мадэлі камунізма.
Што ж мы будуем цяпер? На гэтае пытанне цяжка знайсці адназначны адказ. Як мне здаецца, усе апошнія гады мы будавалі аб’яднанне Расіі і Беларусі ў саюз. Дзеля гэтага, каб правесці адпаведныя рэферэндумы, былі кінуты велізарныя сродкі. Нямала іх пайшло на знішчэнне нацыянальнай сімволікі, роднай мовы ў дзіцячых садках, у школах, у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, на вайну з дэманстрантамі, іншаземнымі пасольствамі і, наогул, з Захадам.
А да чаго прыйшлі? Многія цяжка ўздыхаюць: “Цэны кожны дзень растуць”. Я не зусім падзяляю такую думку. У нас не цэны высокія, а нізкія зарплаты, як вынік неэфектыўнай сістэмы.

Што дасць аб’яднанне?

Ці палепшыцца пасля аб’яднання жыццё людзей? Калі беларускім і расійскім палітыкам задаюць такое пытанне, яны з імпэтам пачынаюць разважаць аб далёкай перспектыве. Магчыма, яны збіраюцца пражыць шмат стагоддзяў, але для большасці гэта нерэальная мара. Значыць, нам, як гэта часта бывае, абяцаюць рай у неакрэсленым будучым. А прыгожа апранацца, смачна есці, з камфортам адпачываць хочацца сёння.
Расійскія бізнесмены-палітыкі (там звычайна хто палітык, той і бізнесмен) з радасцю заяўляюць, што нарэшце атрымалі “цывілізаваны калідор” для свайго бізнесу ў Еўропу. Значыць, аб’яднанне нямала дасць алігархам і ім падобным. Дзеля іх, напэўна, так заўзята стараюцца.

Што набылі? Што страцілі?

Палітыка інтэграцыі з Расіяй прынесла нам некаторыя выгоды. Ніхто не стане аспрэчваць такога факту. Але разам з тым мы па сутнасці самаізаляваліся ад Еўропы. Хто з нашых эканамістаў падлічыў, што мы страцілі. Пра гэта, на жаль, нічога не чуў ад афіцыйных асобаў. Увесь час толькі прыходзіцца слухаць надакучлівыя заклікі: «На Западе нас не ждут!»
Кепска, што “не ждут”. Значыць, мы самі ў гэтым вінаватыя. А Польшча, краіны Прыбалтыкі, якія выбралі шматвектарны шлях развіцця, эканамічна мацнеюць, маюць стабільныя цэны, неблагую зарплату, перспектыву ў жыцці.

Шмат хлусні

Вакол аб’яднання шмат хлусні. І з Мінска, і з Масквы нас не раз і не два супакойвалі, што аб’ядноўваюцца дзве суверэнныя дзяржавы, што мы, беларусы, не страцім свой суверэнітэт. А нядаўна сябар нашых беларускіх кіраўнікоў старшыня Дзяржаўнай Думы Расіі Генадзь Селязнёў з экрана тэлевізара заявіў аб тым, што ў перспектыве Беларусь «войдёт в состав России».
Пасля гэтага, думаю, нашы хлопцы паедуць і паляцяць у так называемыя гарачыя кропкі.
                                                                    Аляксей Якімовіч, снежань 1999 года.