ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ
МОВЕ: ПРАКТЫКУМ
Тэма: Словы так, але, не
і знакі прыпынку пры іх.
Псіхалагічны настрой.
Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.
Гэта дзеяслоў, незакончанага трывання, незваротны, 1 спр., ужываецца ў
форме загаднага ладу, цяперашняга часу, адзіночнага ліку, 2-й асобы.
Да яго можна падабраць аднакаранёвае слова “пошук”, пачынаецца з дваццаць
сёмай літары алфавіта і заканчваецца адзінаццатай.
• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбнае нам слова.
(шукай)
• Якія словы беларускай
мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Паведамленне тэмы ўрока.
Разгледзьце
прапанаваную схему. Пра якую сінтаксічную адзінку (канструкцыю) яна нам
паведамляе?
[ ☺ ].
(Пра словы так, але, не.)
Для даведкі.
[☺] – словы так, але, не.
Вывучэнне і замацаванне новага
матэрыялу.
Ствараем праблемную сітуацыю.
Як пішам?
Так, мы нарэшце
дабраліся да ўскрайку леса.
Або
Так мы нарэшце
дабраліся да ўскрайку леса.
Што трэба ведаць, каб
адказаць на пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
• Якія словы з тых, што
сёння вывучаем, утрымліваюць сцвярджэнне? (Так,
але.) Якое слова ўтрымлівае
адмаўленне? (Не.) Ці аддзяляюцца яны
ў пачатку сказа коскай? Як вы лічыце? (Аддзяляюцца.)
Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам.
Так, мы нарэшце
дабраліся да ўскрайку леса.
Успамінаем вывучанае.
Запішыце дыялог,
дапоўніўшы першы сказ аднародным членам.
-- Сынок, ты ведаеш,
што словы бываюць адназначныя і … ? (Мнагазначныя.)
-- Так, я гэта вельмі
добра ведаю.
• Растлумачце ўмову
пастаноўкі коскі ў другім сказе.
Ствараем праблемную сітуацыю.
Як пішам?
“Вы хутка дабраліся да
ўскрайку леса?” -- “Так”.
Або
Вы хутка дабраліся да
ўскрайку леса, так?
Што трэба ведаць, каб
адказаць на пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
• Ці могуць словы так, але, не ўжывацца ў якасці самастойных сказаў (слоў-сказаў)? Як вы лічыце? (Могуць.
Пасля іх мы ставім такія ж знакі прыпынку, як і ў канцы простых сказаў.)
Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам.
“Вы хутка дабраліся да
ўскрайку леса?” -- “Так”.
Скорагаворка.
“Алег,
ты дапамог Алене?” – “Але”. (Аляксей
Якімовіч).
• Назавіце слова-сказ у
дыялогу і растлумачце пастаноўку знака прыпынку пры ім.
Прыказкі, прымаўкі.
Запішыце. Калі вы
згодны з прыказкай ці прымаўкай, дайце адказ словам-сказам так або але,
калі не згодны, -- словам-сказам не.
1. Адным сэрцам свету
не запаліш. 2. Багаты з багатым – свае людзі. 3. Ваша хата, ваша і праўда. 4.
Чужы кажух не нагрэе. 5. Дурная
птушка свайго гнязда не шануе. 6. Госцю гадзі, дый сябе глядзі. 7. З якім
спазнаешся, такім станешся [3, стар.
49, 50, 52, 66, 79, 87, 89, “Беларускія прыказкі…”].
• Падбярыце сінонім да
слова “шанаваць”. (Берагчы.)
• Падбярыце
аднакаранёвае слова да слова “гадзіць”.
(Дагаджаць.)
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку
са слоў.
Ніне, дапамагчы,
хацела, Іна? Не! (“Іна хацела дапамагчы
Ніне?” – “Не!”)
• Чаму пасля слова-сказа не мы ставім клічнік?
Працуем з сінонімамі і
фразеалагізмамі.
Замест кропак устаўце
прапушчаны сінонім (аднародны член сказа).
-- З даўніх часоў, …
людзі здабывалі агонь. Ці не так? (Здаўна.)
-- Але(,) вучыліся ім
валодаць, здабывалі.
• Вы
лічыце, што ў другім сказе пасля слова “але” трэба ставіць коску. Чаму?
Дакажыце гэта.
• Якім фразеалагічным
зваротам можна замяніць спалучэнне слоў “з даўніх часоў, здаўна”? (Ад Адама.) [4, стар. 9, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Ці
ёсць у гэтым дыялогу словы, якія ўжываюцца ў пераносным значэнні?
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы
па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, коскі.
Так(,) не те уж годы,
да и настроение не то (Гарацый).
Да(,) жалок тот, кто
скрыть своих несчастий не способен (Цэцылій
Стацый) [5, стар. 150, 179, “Античные афоризмы”].
Слоўнік.
Уж -- ужо; жалкий –
варты жалю.
Для даведкі.
Гарацый (65 – 8 да н. э.) – рымскі паэт.
Цэцылій Стацый (3 – 2
ст. ст. да н. э) – рымскі камедыёграф.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне
вачыма напішыце беларускае слова “сказы” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго,
добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага
слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да
назоўніка "лінза". (Выпуклае
або ўвагнутае аптычнае шкло.)
Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак
цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі [1, стар. 88, 189, “Тлумачальны
слоўнік”].
• Выкарыстаўшы слова “лінза”, складзіце і запішыце сказ на
вывучаемую тэму. (“Цяпер ты ведаеш, што
такое лінза?” – “Але, цяпер я ведаю, што такое лінза”.)
• Лінза -- слова адназначнае ці мнагазначнае?
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Лінза, дабрабыт (дастатак, багацце), дабрачынец
(дабрадзей), упарадкаванасць (добраўпарадкаванне), блякласць, бліскаўка,
блізкасць.
Адказ. Лінза, дабрабыт (дастатак, багацце), дабрачынец (дабрадзей), упарадкаванасць
(добраўпарадкаванне), блякласць, бліскаўка, блізкасць.
Для даведкі.
Линза (1), благосостояние (2), благотворитель (3), благоустройство
(4), блёклость (5), блёстка (6), близость (7).
Сустрэча з беларускай
народнай казкай.
Прачытайце.
Сабака намачыўся ў ваду, укачаўся ў пясок, прыйшоў да ката і кажа:
-- Ці звоўчыўся я?
Кот адказвае:
-- Не!
Узлаваўся сабака.
-- Кажы, што звоўчыўся!
-- Ну, звоўчыўся (урывак
паводле казкі “Воўк, стары сабака і кот”) [2, стар. 28,
“Беларускія народныя казкі”].
• Назавіце слова-сказ у тэксце.
• Якое слова ў дыялогу можна замяніць словам так
ці але?
(Выклічнік “ну”.)
• Раскрыйце сэнс слова “звоўчыўся”. (Стаў такім жа, як воўк.)
Назавіце словы.
-- Жалудоў
шмат назбірала? –
Мама ў свінкі запытала.
-- Не, іх сёння не збірала.
Пад дубочкам моцна… (спала).
Уздыхнула мама:
-- Растаўсцела ты, дачушка!
Свінка гучна закрычала:
-- Дзе мая … (падушка)?
Аляксей Якімовіч.
• Вызначце вывучаную
пунктаграму ў вершаваным тэксце.
Сустрэча з народным параўнаннем.
Назавіце народнае
параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з чатырох слоў (першая
яго частка “як з неба”).
-- Спалохаў, Антось!
Як з неба …!
-- Не! Ціха ішоў
І каля цябе спыніўся.
Аляксей Якімовіч.
• Ці ёсць у гэтым вершаваным тэксце слова-сказ?
• Растлумачце
пастаноўку знакаў прыпынку ў канцы сказаў.
Другая частка народнага параўнання,
напісаная наадварот: ясўілавз
[3, стар. 444, “Беларускія прыказкі…”].
Праца са сказамі.
Запішыце сказы ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі і выберыце
патрэбнае тлумачэнне для кожнага.
1. Словы так, але, не ў пачатку сказа мы аддзяляем коскай.
2. Пасля слоў-сказаў так,
але,
не мы ставім такія ж знакі прыпынку, як і ў
канцы простых сказаў.
“Ён хацеў цябе
павіншаваць”. – “(Т, т)ак?”
Не(,) вясна была
дружная і цёплая.
• Які сказ мог
папярэднічаць гэтаму, другому?
Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна
прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
Ганна
Ці
то сон, ці то здань?..
Чула музыку я!..
Не, то – мара мая…
Ах, а(т, д)стань ты, а(т, д)стань,
С(э, е)рца мне не тумань! [6, стар. 444, “Паэмы Я. Коласа”].
• Растлумачце
пастаноўку коскі ў трэцім сказе.
Творчая
хвілінка.
Якія
словы тут
рыфмуюцца?
1. Спалучэнне са словам
“так” так і не прыйшоў
Рыфмуецца з такім жа спалучэннем вось
так і з.. .
2. Спалучэнне са словам “так” так,
слова стрымаю
Рыфмуецца з такім жа спалучэннем так,
нешта а.. .
3. Спалучэнне са словам “не” не, ужо аддаў
Рыфмуецца з такім жа спалучэннем не,
сёння з.. .
4. Спалучэнне са словам “але” але, будзем адпачываць
Рыфмуецца з такім жа спалучэннем але, трэба с. . .
5. Спалучэнне са словам “так” нам так і сказаў
Рыфмуецца з такім жа спалучэннем яму
так і напісаў.. .
• Адказы да
вершаванага тэксту
(выкарыстоўвайце толькі
для кантролю; напісана наадварот апошняе
слова сказа): ўошйанз,
юамырта, ўарбаз, ьцапс,
ўасіпан.
Адказ на пытанне.
• Што вы ведаеце пра
пастаноўку знакаў прыпынку пры словах так, але, не?
Тэст.
Назавіце сказы,
запісаныя правільна, без парушэння пунктуацыйнай нормы.
1. “Добра, калі ўсё
добра”. – “Але”.
2. “Ці падабаюцца табе
халодныя зімовыя дні?” – “Не”.
3. “Шчасціць табе ў
жыцці, напэўна!” – “Так жыццё мяне пакуль не крыўдзіць”.
4. “Ты не баішся начной
цемры?” – “Не, не баюся”.
5. “Шчаслівы той, хто
многага дасягнуў у жыцці”. – “Так, відаць”.
Адказ: 1, 2, 4, 5.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік
беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П.
Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --
Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2.
Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. :
Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.
3.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы
/ склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. –
556 с.
4. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны
слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М.
Янкоўскага. – Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М.
Янкоўскі.
5. Казачёнок Т. Г.,
Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.
6. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск :
Маст. літ., 1986. — 448 с.