Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс канчаткаў прыметнікаў у множным ліку

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ     

 

Тэма: правапіс канчаткаў прыметнікаў у множным ліку.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                          Зорка, старажытны,

                                                          Сур’ёзны, ганаровы --

                                                          Гэта словы нашай мовы.                

                                                                          Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Хвілінка кемлівасці.

Выпішыце словазлучэнні з прыметнікамі ў множным ліку з асновай на цвёрды і зацвярдзелы зычны.

Новыя мясціны, новая мясціна, старыя гарады, стары горад, навагодняе віншаванне, навагоднія віншаванні.

Карыстаючыся даведкай, праскланяйце іх.

Для даведкі.

Канчаткі прыметнікаў у множным ліку на цвёрды і зацвярдзелы зычны: Н. ыя, Р. ых, Д. ым, Т. ымі, М. ых.

Вывад.                                                        

Прыметнікі, у якіх аснова заканчваецца  на цвёрды і зацвярдзелы зычны, у множным ліку маюць наступныя канчаткі:  Н. ыя, Р. ых, Д. ым, Т. ымі, М. ых  [3, стар. 257, “Беларуская мова”].

Назавіце слова.

                                       Пішам без памылак

                                                      Шчырымі пачуццямі, дружнымі братамі,

                                       Добрымі размовамі, летнімі дажджамі,

                                       Сцюдзёнымі крыніцамі, вядронымі … (садамі).

                                                                                        Аляксей Якімовіч.

Абазначце канчаткі прыметнікаў з вершаванага тэксту і растлумачце іх правапіс.

 Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “светлыя” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Для даведкі: светлыя праменьчыкі – светлыя ўспаміны.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне прыметніка “светлыя”?

Прыметнік  “светлыя” разам з назоўнікам, да якога ён адносіцца, пастаўце ў творным склоне.

Хвілінка кемлівасці.

Выпішыце словазлучэнні з прыметнікамі ў множным ліку з асновай на г, к, х і на мяккі зычны.

Суседняя вёска, суседнія вёскі, шырокія лугі, шырокі луг.

Карыстаючыся даведкай, праскланяйце іх.

Для даведкі.

Канчаткі прыметнікаў у множным ліку з асновай на г, к, х і на мяккі зычны: Н. ія, Р. іх, Д. ім, Т. імі, М. іх.

Вывад.

Прыметнікі, у якіх аснова заканчваецца  на на г, к, х і на мяккі зычны, у множным ліку маюць наступныя канчаткі: Н. ія, Р. іх, Д. ім, Т. імі, М. іх [3, стар. 257, “Беларуская мова”].

Назавіце слова.

                                       Пішам без памылак

                                                      Бялюткім  гурбам, летнім дажджам,

                                       Тонкім дрэвам, шырокім дарогам,

                                       Звонкім песням, глыбокім … (марам).         

                                                                           Аляксей Якімовіч.

Абазначце канчаткі прыметнікаў і растлумачце іх правапіс. 

Праца са сказам.              

Складзіце скорагаворку са слоў.

Гучаць, мяккія, мякка, гукі. (Мяккія гукі гучаць мякка.)

Растлумачце напісанне выдзеленых літар. 

Прыметнік  “мяккія” разам з назоўнікам, да якога ён адносіцца, пастаўце ў родным склоне.                                                                                               

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар ыя, ія, ых, іх, потым напішыце беларускае слова “спрытныя” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Пішам у В. склоне: спрыяльныя абставіны (прыметнік мае канчатак ыя, як у Н. склоне), лёгкія сняжынкі (прыметнік мае канчатак ія, як у Н. склоне) --  прыгожых птушак (прыметнік мае канчатак ых, як у Р. склоне), алімпійскіх чэмпіёнаў (прыметнік мае канчатак іх, як у родным склоне).          

У прыведзеных прыкладах склон адзін (вінавальны), а канчаткі ў першым выпадку супадаюць з канчаткамі назоўнага склону, а ў другім выпадку – з канчаткамі роднага.

Чаму так? Ад чаго гэта залежыць?

Хвілінка кемлівасці.

Называем назоўнікі, да якіх адносяцца прыметнікі спрыяльныя, лёгкія, прыгожых, алімпійскіх: абставіны, сняжынкі, птушак, чэмпіёнаў.

Назоўнікі абставіны, сняжынкі неадушаўлёныя, а назоўнікі птушак, чэмпіёнаў адушаўлёныя.

Вывад.

Калі прыметнікі ў множным ліку адносяцца да неадушаўлёных назоўнікаў, то іх канчаткі супадаюць з канчаткамі назоўнага склону, калі ж яны адносяцца да адушаўлёных назоўнікаў, то іх канчаткі супадаюць з канчаткамі вінавальнага склону [4, стар. 146, “Беларуская мова”].

                     [3, стар. 257, “Беларуская мова”]

Назавіце слова.

                                       Я гляджу і бачу

                                                      Глыбокія азёры, тонкія галінкі,

                                                      Новыя малюнкі, магутныя дубы,

                                       Густыя лазнякі, гонкія … (асінкі).                 

                                                                           Аляксей Якімовіч.

Абазначце канчаткі прыметнікаў і растлумачце іх правапіс.

Скорагаворка.

На малюнку мы бачым маленькіх вераб’ёў і чорных гракоў (Аляксей Якімовіч).

Ці паўтараецца арфаграма ў словах скорагаворкі?   

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                                Вабяць летам грыбнікоў

                                                                У бярозавых лясах

                                                                Жоўтыя сястрычкі.

                                                                Выраслі лісічкі.

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершаваным тэксце словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Пастаўце прыметнікі разам з назоўнікамі, да якіх яны адносяцца, у творным склоне.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “цёмныя, з ветрам, з маланкаю, грымотамі і навальнічным дажджом ночы”.

                                                                      У акно гляджу,

                                                                      Праціраю вочы.

                                                                      З трывогаю чакаю

                                                                      … .

Вызначце прыметнік у вершаваным тэксце. Праскланяйце яго.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: яыванібар ычон [1, стар. 250, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                 Каля пасады лесніковай

                                                 Ц(е, я)гнуўся гожаю падковай

                                                 Стары, высокі лес ц(я, е)ністы.

                                                 Тут верх асіны круглалісты

                                                 Спл(я, е)таўся з хвоямі, з дубамі,

                                                 А елкі хмурымі крыжамі

                                                 Высока ў небе выдзялялісь,

                                                 Таемна з хвоямі шапталісь [2, стар. 4, “Паэмы Я. Коласа”].

Раскрыйце сэнс слоў “пасада” (тут: хата з гаспадарчымі будынкамі), “гожаю” (прыгожаю).

Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “выдзялялісь”, “шапталісь”. (Выдзяляліся, шапталіся.)

Вызначце прыметнік множнага ліку ў вершаваным тэксце і растлумачце правапіс яго канчатка.

Пастаўце ў множным ліку прыметнікі “стары”, “высокі”, “цяністы”, падабраўшы да іх адпаведныя назоўнікі.

Адказы на пытанні.

 Якія канчаткі маюць прыметнікі ў множным ліку?

Ад чаго залежаць канчаткі прыметнікаў множнага ліку ў вінавальным склоне?

Тэст.

Дапасуйце прыметнікі да назоўнікаў. Якія з іх запісаны памылкова?

1. (Чырвоныя) сцягоў.

2. (Чырвоныя) сцягамі.

3. На (магутныя) хвалях.

4. (Глыбокі) снезе.

5. (Магутныя) хвалям.

6. (Свежыя) навінаў.

7. (Звонкі) ручайком.

Адказ: 4, 7, назоўнікі ў гэтых словазлучэннях у адзіночным ліку, што не адпавядае тэме.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

3. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, жнівень 2021 года, № 8.