Поиск по этому блогу

Прыгодніцка-гістарычная аповесць "Панскае дзіця"


АЛЯКСЕЙ ЯКІМОВІЧ



ПАНСКАЕ ДЗІЦЯ
Прыгодніцка-гістарычная аповесць

У 1794 годзе ў Польшчы, у Беларусі і ў Літве адбылося нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць царскай Расіі і Прусіі, якія ў 1793 годзе ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай.
Пасля падаўлення паўстання адзін з яго актыўных удзельнікаў пан Канстанцін Валовіч просіць свайго слугу Міхала, каб выратаваў яго маленькага хлопчыка Сымонку. Яму не хочацца, каб згінуў на беларускай зямлі род Валовічаў.
Міхала  стараюцца дагнаць царскія жаўнеры-карнікі.
Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе. Друкаваць у гэтым варыянце.
Упершыню надрукавана ў часопісе “Маладосць” (№ 9, 12, 1998 год).
Змешчана ў кнізе “Калі кукавала зязюля”, выпушчанай у свет “Выдавецкім домам “Звязда” ў 2013 годзе.
   Якімовіч, Аляксей.  Калі кукавала зязюля : аповесці / А. М. Якімовіч. – Мінск : Выд. дом “Звязда”, 2013. – 208 с. (Пераходны ўзрост).














З дзіцём на руках

Цёплае вераснёўскае сонца лагодным святлом залівала лес. Чырванела трапяткое лісце асін, па-святочнаму ззялі гронкі каліны.
Міхал таропка ішоў па лесе. На ягоным плячы вісела торба, за плячыма -- стрэльба, а на руках ён трымаў дзіця -- маленькі жывы камячок. З-пад самых ног Міхала імкліва, нібы язычок-агеньчык, выскачыла вавёрка, прашасцела па апалым лісці і, падскочыўшы, імгненна ўскарабкалася на яліну: села на тоўсты сук і стала глядзець на Міхала.
Міхал прыпыніўся, пальцам, які пачарнеў ад пораху, дакрануўся да шчочкі дзіцяці і ўголас прамовіў:
-- Куды ж нам цяпер, Сымонка?
За спіною, разарваўшы цішыню, прагучаў стрэл. Рыжуха-вавёрка, мільгануўшы хвастом, як га сказаць схавалася ў дупло, а Сымонка надзьмуў губкі і заплакаў:
-- А-а-а...
-- Не плач, Сымонка. Я абавязкова цябе выратую, не аддам ім. Не плач, -- суцяшаючы малога, прагаварыў Міхал і шпарка пакрочыў па лесе.
Але маленькі хлопчык зусім яго не разумеў. Напалоханы стрэлам, ён плакаў усё мацней.
                    Помнім добра, што рабілі,
                                                 Як нас дзёрлі, як нас білі.
                                                 Дакуль будзем так маўчаці?
                                                 Годзе нам сядзець у хаце! --
не ведаючы, як супакоіць малога, Міхал заспяваў Песню беларускіх жаўнераў, якая нарадзілася ў 1794 годзе, калі пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі.
Чаму заспяваў менавіта гэтую песню? Калі б у яго раптам запыталіся пра гэта, то ён і сам не адказаў бы.
                     Нашто землю нам забралі?
                                                 Пашто ў путы закавалі?
                                                 Дачкі, жонкі нам гвалцілі!
                                                 Трэ, каб мы ім заплацілі!
Міхал спяваў ціха, ледзь раскрываючы губы, ды каб хто глянуў на яго збоку, то ўбачыў бы, як агнём загарэліся вочы, а на пераноссі, між броваў, сышлася глыбокая складка.                                      
                                                  Ці ужо мы ўсе сабакі?
                                                  Гаспадары -- не бурлакі.
                                                  За што маем крыўду знаці?
                                                  За што церпіць наша маці? --
спяваў Міхал.
Сымонка супакоіўся, перастаў плакаць, заплюшчыў вочкі, закалыханы ці то грознай песняй, ці то рытмічнай хадой Міхала.
Усцешаны, Міхал заспяваў весялей, як, бывала, спяваў, калі з сябрамі ехаў на Зорцы ў паходнай калоне:
                                                  Бывай здарова, Грыпіна!
                                                  Параска! Мая дзяўчына!
                                                  Ад вас цяпер ад'язджаем,
                                                  Да Касцюшкі ўсе прыстаем.
Ззаду зноў прагучаў стрэл. Ужо бліжэй. Сымонка ўздрыгнуў, але, на шчасце, не прачнуўся.
"Страх на мяне вы наганяеце. Не, не паддамся я роспачы, не аддам вам Сымонку", -- падумаў Міхал і,  прытуліўшы хлопчыка да грудзей, прашаптаў перасмяглымі вуснамі:
-- Спі, маленькі!

Просьба пана Канстанціна Валовіча

Ужо якую гадзіну за Міхалам гоніцца карны атрад царскіх салдат. Спачатку яго выручыла хутканогая Зорка. Шмат вёрстаў яна праскакала. А тут, каля лесу, занаравілася. Стала, бы ўкопаная. Міхал і прасіў яе, гладзячы рукою па ўспененых баках, па шыі, і, не стрываўшы, бізуном перацягнуў. А яна ні з месца.
Даўно, яшчэ да паўстання, казаў яму пан Канстанцін Валовіч: "Міхал, з норавам твая кабыла. Памяняй яе. Любога каня можаш узяць з маёй стайні".
Ён, Міхал, не паслухаўся, усё аднекваўся. Не мог разлучыцца з Зоркай. Слабенькая, кволенькая нарадзілася Зорка. Конюхі думалі, што не выжыве. А Міхал пашкадаваў яе. З соскі малаком паіў, сярод ночы, усхапіўшыся, бывала, бег да яе. Акрыяла Зорка, прыгожай кабылкай вырасла. Сам, нікому не давяраючы, да верхавой язды яе прывучыў. Стралою насіўся па выгане. Ды, здаралася, упарцілася яна, наравілася.
"Распесціў ты Зорку, таму і з норавам яна", -- аднаго разу заўважыў пан Канстанцін.
Мабыць, меў ён рацыю. Падвяла Зорка... Каля самага лесу! А ўжо ж адарваліся яны ад царскіх салдат.
-- Зорачка, давай! -- усклікнуў Міхал, нацягнуўшы павады.
І тут прагучаў стрэл. Жаласна заіржаўшы, Зорка пачала валіцца на бок. Міхал саскочыў на зямлю, азірнуўся: імчацца царскія салдаты, пыл за сабою пакідаюць.
Прыціснуўшы да грудзей Сымонку, Міхал пабег у лес.
Калі б не Сымонка, ён абавязкова затаіўся б на ўзлеску і агнём сустрэў бы салдат-карнікаў. Так пачаставаў бы, што надоўга запомнілі б. Калі б не Сымонка... З ім нават адстрэльвацца няма як.
Прасіў пан Канстанцін, сам сцякаючы крывёю:
-- Міхал, вазьмі Сымонку і скачы, пакуль можна вырвацца. Выратуй майго сына. Ён мой род прадоўжыць. Міхал, ратуй... Хутчэй!..
Ён, Міхал, узяў Сымонку, ускочыў на Зорку і прыпусціўся з месца. Ды заўважылі царскія салдаты, наўздагон кінуліся.
Ні разу ён, Міхал, не ўцякаў з поля бою, пакінуўшы сяброў. А на гэты раз пакінуў: мусіў выканаць загад пана Канстанціна.
Павінен жыць на тутэйшай зямлі род Валовічаў. Павінен...
Згасне адзін даўні беларускі род, згасне другі, трэці... Хто ж потым тут будзе жыць?..
Справа, дзе сцяною стаялі магутныя яліны, пачуўся зычны камандзірскі голас:
-- Макашоў, чаго там таўчэшся? Наперад! Хутчэй!
Міхал прыкусіў губу. Зразумела, чаго дамагаюцца карнікі. Хочуць абкружыць, узяць як у кіпцюры, каб не выпусціць.
Міхал добра ведаў гэтае ўрочышча, якое людзі калісьці Новінамі назвалі. Ён павярнуў налева. Там пагорак парослы асінкамі, бярозкамі. Яшчэ не позна. Можна вырвацца. Можна...
З-за пагорка данёсся стрэл. Задрыжала асінка, скінуўшы лісток...
Усё. Позна. Застаецца адно: бегчы наперад. Там багністае балота, праз якое ні праехаць ні прайсці. "Схаваюся каля балота, -- вырашыў Міхал. -- Мо, дасць Бог, не знойдуць, падумаюць, што ўтапіўся, ускочыўшы знянацку ў дрыгву".
"Тук-тук", -- стукае ў скронях.
"Тук-тук", -- б'ецца пад пальцамі маленькае сэрцайка жывога чалавечага камячка.
Лес расступіўся. Вось і балота.
-- Макашоў, наперад! Хутчэй, Макашоў! -- падганяе зычны камандзірскі голас.
Трымаючы леваю рукою Сымонку, Міхал правай зняў з-за плячэй стрэльбу. Ён не здасца. Ён добра запомніў наказ: тут род Валовічаў павінен жыць.
-- Макашоў, хутчэй!
За маладзенькімі елачкамі (яны раслі густа, адна пры адной) Міхал заўважыў вывернутую яліну.
"Вось дзе добры схрон", -- прамільгнула ў галаве.
Прадраўшыся праз ельнічак, Міхась залез пад выварацень. Непадалёку пачуўся трэск галля, а потым -- стогн.
-- Макашоў, што з табою? -- данёсся да Міхала той самы зычны камандзірскі голас.
-- Фартушноў, я паслізнуўся, упаў, ледзь калена сабе не разбіў, -- паскардзіўся Макашоў.
-- Радавы Макашоў, я табе не Фартушноў, а пан яфрэйтар. Шукай бандыта Стасевіча, шукай!
-- Я хіба не шукаю? -- агрызнуўся радавы Макашоў.
Міхал сядзеў прытаіўшыся.  Салдат усяго двое. З двума ён справіцца. А ці справіцца?.. Магчыма, раптам крыкне каторы з іх перад тым, як сканаць. Сябрукі непадалёку, на выручку прыбягуць. Трэба сядзець. Няма як рызыкаваць.
-- Пан яфрэйтар, няма яго тут! -- заенчыў радавы Макашоў.
-- А дзе ж ён дзеўся? Пад зямлю праваліўся, думаеш?
-- У балоце ўтапіўся. Палез і ўтапіўся. Што яму заставалася рабіць? -- адказаў радавы Макашоў.
-- І праўда, утапіўся! -- весела, нібыта яму чын павысілі, усклікнуў яфрэйтар Фартушноў.
-- Пан яфрэйтар, чаму мы так ганяемся за гэтым хлопцам? Няўжо ён важная птушка? -- пацікавіўся радавы Макашоў.
-- Стасевіч -- правая рука бандыта Валовіча. Мала гэтага. Панскае дзіця ў яго. Палкоўнік Свіньін загадаў капітану Іванову знішчыць панскае дзіця, -- растлумачыў яфрэйтар Фартушноў.
-- Дык што ж будзем рабіць, пан яфрэйтар?
-- Даложым капітану Іванову, што ўтапіўся бандыт Стасевіч. Хадзем.

Думы капітана Іванова

У капітана Іванова з самага ранку разбалеўся зуб. Ныў, тузаў, прымушаючы хапацца за даўно няголеную, парослую рыжым шчэццем шчаку.
Каб прыглушыць зубны боль, капітан Іваноў выпіў запар два кілішкі гарэлкі. Зубны боль крыху адпусціў. Але ж капітана Іванова мучыў, ніяк не мог адпусціць другі боль -- боль ягонай душы.
"Чаму ж я такі нешчаслівы? Няўжо пад нешчаслівай зоркай нарадзіўся я?" -- думаў капітан Іваноў, у злосці кусаючы рыжы вус.
Ён ненавідзеў і сваіх салдат, якія ніяк не маглі злавіць бандыта Стасевіча, і гэты, як яму здавалася, змрочны, няходжаны лес, і ўсіх тутэйшых бунтаўшчыкоў, якія так неспадзявана пачалі паўстанне.
Ён, капітан Іваноў, нёс службу ў Вільні, калі вясною дайшло да іх, што ўзбунтавалася мясцовая шляхта і сялянства, што аб'явіўся начальнік паўстання Тадэвуш Касцюшка.
Спачатку паўстанцы вызвалілі Варшаву, а апоўначы 22 красавіка і ў Вільні загучалі касцельныя і царкоўныя званы. Шчасце, што ён, капітан Іваноў, як заяц, спаў у гэтую ноч. "У нас пачалося. Да зброі клічуць званы", -- адразу здагадаўся ён і, як быў у сарочцы і сподніках, сеў на каня і панёсся, ратуючыся. Калі б не ўцёк з Вільні, то і з ім было б, як са стаўленікам Кацярыны ﺍﺍ гетманам Касакоўскім: завіснуў бы ў пяньковай пятлі.
Капітан Іваноў уявіў, як ён вісіць на віленскай плошчы, як вецер пагойдвае ягонае цела, а віленчукі, праходзячы міма, плююць у ягоны бок. Аж скаланула капітана Іванова.
З лесу выйшлі яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў. Маларослы, падобны да хлопчыка-падлетка, радавы Макашоў цягнецца за цыбатым яфрэйтарам Фартушновым, нібы хвост..
-- Ну, што? -- гукнуў капітан Іваноў, падаўшыся наперад.
-- Няма іх! -- гукнуў у адказ яфрэйтар Фартушноў.
Капітану Іванову вельмі хацелася заехаць яму ў сківіцу. Аж рука засвярбела. Ды ўставаць лянота.
-- У балоце яны ўтапіліся! У багне! -- скаліць ва ўсмешцы зубы яфрэйтар Фартушноў.
-- У балоце, у багне, пан капітан, -- падтаквае радавы Макашоў. А сам вачэй не спускае з пачатай бутэлькі, якая ляжыць на траве.
І гэтыя, як і тыя, што ўжо выйшлі з лесу, што сядзяць побач, кажуць, што Стасевіч у багне ўтапіўся. Быццам згаварыліся.
Капітан Іваноў пхнуў нагою кілішак. Ён пакаціўся і, дзынкнуўшы, разбіўся аб камень, урослы ў зямлю.
"Не шанцуе мне. Зусім не шанцуе", -- з горкасцю падумаў капітан Іваноў. Зноў нагадалася яму, як уцякаў з Вільні, як потым сустрэўся са сваімі. Канешне, ён не прызнаўся, што пакінуў роту на волю лёсу. Сказаў, што з самага пекла, з бою вырваўся, калі ўсе, да адзінага, палеглі. Здаецца, паверылі яму, ды пры штабе не пакінулі, як хацелася. І не ўзнагародзілі. Паслалі служыць у карны атрад палкоўніка Свіньіна. А сапраўднае пекла ён зведаў на Кобрыншчыне, калі пад вёскай Крупчыцы 17 верасня (войскам камандаваў генерал-паручнік Аляксандр Васільевіч Сувораў) сустрэліся ў баі з паўстанцамі. Упершыню ён, капітан Іваноў, убачыў, як зацята б'юцца сяляне-касінеры. Не аднаго салдата косамі звалілі яны з каня. Калі б не казакі, то невядома, чыя ўзяла б. Націснулі казакі, і адступілі паўстанцы, схаваўшыся за сценамі Крупчыцкага кляштара кармелітаў. Але і кляштар іх не выратаваў. Уварваўшыся ў кляштар, казакі пасеклі іх шаблямі, нават параненых не пашкадавалі. Ён, капітан Іваноў, таксама засек пяць параненых барадатых касінераў. Дабіў...
Растапырыўшы пальцы, капітан Іваноў узняў угору руку і сыкнуў, са свістам выдыхнуўшы з грудзей паветра:
-- Пяць!
-- Пан капітан! -- падаў голас яфрэйтар Фартушноў. Уставіўся, лыпае вачыма.
Трэба было б даць яму ў пашчэнку, каб лішне не надакучаў. Надта ж старанны. З-за ягонай стараннасці сядзі тут, ламі галаву. Разбілі пад Крупчыцамі гэтых бунтаўшчыкоў, але некаторым паўстанцкім атрадам, хоць і моцна пабітым, удалося вырвацца. І атрад, якім, як данеслі віжы, камандаваў шляхціц Канстанцін Валовіч, вырваўся, падаўся ў свае родныя мясціны, на хаду залізваючы раны. Удагонку за ім адправілі карнікаў палкоўніка Свіньіна. Усё-ткі дагналі, трапілі тыя ў засаду. Шмат іх перастралялі, ды адзін, Міхал Стасевіч, вырваўся, паімчаўся на кані. А гэты лупаты яфрэйтар Фартушноў заўважыў, што Стасевіч дзіця на руках трымае. Крыкнуў: "Ён дзіця ратуе!" Зразумела, чыё дзіця. Віжы данеслі, што ў атрадзе Валовіча ягоная жонка з маленькім хлопчыкам. Пачуўшы крык яфрэйтара Фартушнова, загадаў палкоўнік Свіньін: " Іваноў, бяры людзей і дагані бандыта. Дзіця мне прывязеш. Лепей мёртвае, чым жывое. Пад корань род Валовічаў знішчым".
Усіх іх тут не шкодзіла б знішчыць. Але чаму ён, капітан Іваноў, павінен па лесе гойсаць? Разбіўшы атрад Валовіча, сябрукі, як відаць, перамогу святкуюць, бутэлькі адкупорылі...
Як скрозь зямлю праваліўся той Стасевіч. Ён, капітан Іваноў, зноў без узнагароды застанецца. А іншым чыны даюць, і зямлёю тут надзяляюць, і душамі сялянскімі адорваюць. Як людзі зажывуць яны... Не ён, капітан Іваноў.
-- Пан капітан, -- усклікнуў яфрэйтар Фартушноў, -- вунь падпаручнік Зубаў. Ад палкоўніка Свіньіна, няйначай.
Сапраўды, з-за павароткі паказаў коннік. Падскакаў да ўзгорка, дзе сядзелі жаўнеры.
-- Тпру-у! -- нацягнуў павады вобраці і саскочыў з каня.
Капітан Іваноў устаў і змахнуў з каленяў прыліплыя травінкі. Ён не любіў падпаручніка Зубава, не пераносіў яго. Падпаручнік Зубаў яшчэ пораху як след не панюхаў, а стаў ад'ютантам палкоўніка Свіньіна. Вядома ж, і чыны, і іншыя ўзнагароды неўзабаве як з рога ўсяго многа на яго пасыплюцца.
-- Злавілі Стасевіча? -- запытаўся падпаручнік Зубаў.
"Нават не прывітаўся са мною, нават рукі мне не падаў. Быццам не я, а ён старшы па чыне. Калі б ты быў пад маёй камандай, то я б табе даў пакаштаваць рэдзькі", -- падумаў капітан Іваноў і, не хаваючы раздражнення, адказаў:
-- У балоце яны ўтапіліся.
У падпаручніка Зубава шчылінкі вачэй сталі вузкімі-вузкімі.
-- Дзе-э?
-- У балоце! У багну мы яго загналі.
Падпаручнік Зубаў пакруціў галавою, тым самым паказваючы, што ані слову не верыць.
-- А палкоўнік Свіньін загадаў, каб дзіця яму прывезлі.
Капітан Іваноў адчуў, як лоб пакрываецца ліпкім потам. Усё, канец. З кішкамі праглыне палкоўнік Свіньін.
-- Чуеце? -- бы на малога, патрос пальцам падпаручнік Зубаў.
Капітан Іваноў заўважыў на яго пальцы залаты пярсцёнак.
"Раней гэтага пярсцёначка ў цябе не было", -- мільганула ў галаве капітана Іванова.
-- Падпаручнік, дзе ты пярсцёнак раздабыў? -- не стрываўшы, запытаўся ён.
Падпаручнік Зубаў тыцнуў пальцам ледзь не ў самы нос.
-- Чытай!
-- Ай-чы-на а-ба-рон-цу свай-му, -- па складах прачытаў капітан Іваноў. Ён стаяў разявіўшы рот і маргаў вейкамі вачэй.
-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў падпаручнік Зубаў. -- Не дайшло? Гэты пярсцёначак Канстанціна Валовіча. Хіба ты не чуў, што Тадэвуш Касцюшка найбольш адданых узнагароджваў гэткімі пярсцёнкамі замест медалёў?
-- Вы забілі Валовіча?
-- Я, -- пахваліўся падпаручнік Зубаў.
Капітан Іваноў хацеў расказаць яму, як ён пяць параненых паўстанцаў дабіў у Крупчыцкім кляштары, але падпаручнік Зубаў ускочыў у сядло і, скрывіўшы губы, сказаў:
-- Лепей мёртвае, чым жывое. Зразумеў?
-- Ыгы, -- разгубіўся капітан Іваноў.
-- Гы-гы-гы... -- зарагатаў падпаручнік Зубаў і, прышпорыўшы каня, панёсся як на злом галавы.
Капітан Іваноў глядзеў яму ўслед датуль, пакуль ён не схаваўся за павароткай, а затым плюнуў, павярнуўся і крыкнуў, звярнуўшыся да салдат:
-- Расселіся! Усе ў лес! У лес! Знайсці бандыта! Дзіця сюды, мне! Жывое альбо мёртвае!

Пад вываратнем

Седзячы пад вываратнем, Міхал чуў, як, перагаворваючыся між сабою, пайшлі яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў, але ён не вылез з-пад вываратня, бо ведаў: можна нарвацца на засаду.
У Міхала забалела спіна, зацяклі ногі, але ён баяўся паварушыцца, каб не разбудзіць Сымонку.
"За што ж цябе яны хочуць забіць? Ты ў чым вінаваты? Ты ж нікому ні на кроплю зла не зрабіў. Нявінны ты. Няхай адсохне тая рука, якая на цябе паднімецца", -- падумаў ён.
Прайшло, напэўна, з паўгадзіны. Міхалу нагадалася Волька-Волечка, дачка Пархвена Катлярэвіча, які жыў на хутары, у лесе. Волька-Волечка часта прыходзіла да іх у вёску, у Ганькі. Ён, Міхал, не заўважаў яе, як і іншых дзяўчатак-падлеткаў, якія свой вольны час бавілі на вуліцы.
А мінулай вясной, у цёплы сакавіцкі дзень, якраз на гуканне вясны, убачыў яе і аслупянеў: такой прыгожай, такой прывабнай яна яму здалася. Твар смуглявы, бровы тонкія, бы сажай наведзеныя, губы пульхныя, а стан, як у бярозкі белай. У той дзень яны, хлопцы, як заведзена на гуканне вясны, калоду да хат сталых дзяўчат цягалі, тым самым зычылі, каб замуж хутчэй пайшлі.
Усклікнуў Міхал, калі крыху ачомаўся:
-- Ці не Пархвена Катлярэвіча ты дачка?
Волька-Волечка засаромелася, расчырванелася.
-- Няўжо ж ты не пазнаў мяне?
-- А хіба пазнаеш каліну, якая раптам расцвіла?
Думаў, што Волька-Волечка тупне абцасікам, як дзікая козачка ножкай, і паляціць. Ды не, не паляцела, не ўцякла. Стрэльнула вочкамі, паказаўшы на калоду.
-- Куды вы гэтую калоду цягнеце?
Пазней як на духу прызналася Волька-Волечка: " Міхал, я даўно цябе прыкмеціла, а ты на мяне нават не глядзеў".
Адчуў Міхал, як сэрца часта забілася, як у грудзях закіпела шалёная маладая кроў.
-- Хочаш, да вашай хаты калоду зацягну, да самага парога, і там пакіну?
Не жартаваў ён. Няхай кіўнула б галавою Волька-Волечка -- узяўся б за доўгую вяроўчыну і пацягнуў бы калоду праз усю вёску, потым па лясной дарозе, якая да Вольчынай хаты вядзе. Нідзе ні на хвілінку не прыпыніўся б.
А Волька-Волечка пытаецца, быццам не разумеючы:
-- Навошта ты гэтую сукаватую калоду да нашай хаты пацягнеш?
У Міхала ногі адразу сталі млявымі. Здалося, нават убок павяло.
-- Каб ты замуж выйшла хутчэй! -- выдыхнуў.
-- Няўжо ж за цябе? -- не разгубілася Волька-Волечка.
Міхал распраміў плечы, выпнуў грудзі. Маўляў, глядзі, Волька-Волечка, які я прыгажун.
-- За мяне!
-- Сказаў як звязаў, -- выгаварыла Волька-Волечка. -- Я ж табе не раўня. У пана ты служыш, за адным сталом з ім сядзіш.
Але, ён, Міхал, з самага маленства служыў у пана Канстанціна Валовіча. Дый, можна сказаць, не служыў, а сябраваў, гадаваўся з ім. Разам і коней у начное ганялі, і на рэчку разам хадзілі. А калі ў маёнтак з'язджаліся госці, то пан Канстанцін як роўню побач з сабою за стол яго садзіў. Некаторыя шляхціцы спярша крывіліся, а потым прывыклі, перад ад'ездам Міхалу руку паціскалі. Пан Канстанцін грамаце навучыў: пісаць, кніжкі чытаць. Гэтыя кніжкі яму, Міхалу, новы свет адкрылі.
-- Міхал, вось што я табе параю, -- сказала Волька-Волечка, -- калоду ты па Ганьках пацягай.
-- Чаму? -- сумеўся Міхал.
Зусім вылецела з яго галавы, што ў вёсцы на гуканне вясны дзецюка часам прымушалі калоду за сабою цягаць. Як пакаранне за тое, што ад Калядаў да гэтага дня не ажаніўся.
Не адказала, засмяялася Волька-Волечка і пабегла да сябровак. Неўзабаве да Міхала данёсся яе вясёлы, гарэзлівы голас:
                    А у нас сёння Масленіца, Масленіца,
                                        Вылецела з куста ластавіца,
                                                                                ластавіца,
                                       Села-пала на калу, на калу,
                                       Кідала масла па каму, па каму.
                                       Хто ухопіць, дык таму, дык таму.
                                       Наша Волечка ухапіла, ухапіла,
                                       У кубачку растапіла, растапіла,
                                       Свайго мілага паіла, паіла.
Пасля гэтага ён сустрэўся з Волькай-Волечкай толькі на Гуканне вясны. Яшчэ не блізка было да сяўбы, але ўжо бабкі-павітухі закопвалі ў зямлю гаршкі з кашай, тым самым паказваючы, што вось-вось перародзіцца зямля, набрыняе сокамі жывымі, і зерне, кінутае ў яе ўлонне аратым, -- прыйдзе час -- важкім коласам нальецца.
Вол бушуе -- вясну чуе, дзеўка плача -- замуж хоча. Так кажуць людзі. Праўда, у гэты дзень не плакалі дзяўчаты.
Па ўсім наваколлі разносіліся працяглыя заклінальныя песні:
                    Жавароначкі, прыляціце.
                                                  Вясну красную прынясіце.
                                                  У-у-у!
Асабліва звонка гучала працяглае "у-у-у!", трывожачы і даючы прыліў новым сілам. Гэта дзяўчаты, узабраўшыся на самыя высокія горкі, (некаторыя, найбольш увішныя, пазалазілі на дрэвы, на стрэхі хат), перагукваліся песнямі-вяснянкамі і, як птушкі вясною, у спяванні дужаліся: хто гучней наваколле словамі-воклічамі асыпле.
А пасля Міхал разам з Волькай-Волечкай гушкаўся на арэлях, наладжаных пры браме хаты.
Высока ўзлятае ўгору Волька-Волечка, заліваецца чыстым смехам. А ён, Міхал, радасна гукае:
-- Каб лён высокі рос!
-- Ой! -- узлятаючы, усклікае Волька-Волечка.
-- Каб жыта высокае расло!.. -- яшчэ мацней гукае Міхал.
Калі ж хлопцы і дзяўчаты гуртам спалілі на плыце ляльку зімы, з анучаў скручаную, яны з Волькай-Волечкай селі на лаўку, і Міхал, набраўшыся смеласці, прызнаўся:
-- Волька-Волечка, я начамі не сплю, пра цябе адну толькі і думаю.
Сапраўды, пасля той сустрэчы на Масленіцу нават сон у яго адабрала. Адно заплюшчыць вочы -- Волька-Волечка, прыгажуня-гарэзніца, як наяве, выплывае. З панам Канстанцінам паедзе на луг ці на поле -- з Волькай-Волечкай у думках размову вядзе. Пан Канстанцін пра што-небудзь запытаецца, а ён, Міхал, не ведае, як адказаць, бо недачуў.
Здагадаўся пан Канстанцін.
-- Міхал, ты часам не закахаўся?
Хоць і сябар пан Канстанцін, ды не прызнаўся Міхал: духу не хапіла.
-- Не-э.
Але пана Канстанціна не падманеш.
-- Адчувае мая душа, што пасля жніва тваё вяселле згуляем. Ох і патанцую я!
Расплюшчыў вочы, заварушыўся Сымонка.
-- Ма, -- выразна прагаварыў.
-- Спі, Сымонка. Спі, мой хлопчык! -- прашаптаў Міхал.
І яно, малое, маму просіць. Болей няма тваёй мамкі, Сымонка, няма. А здаецца, зусім нядаўна твая мамка веснім сонейкам усміхалася, калі на радзінах купалі цябе (вада -- той кругазварот, у які ўвайшоў ты, нанава ад багоў народжаны) і тры разы абносілі вакол хлеба (хлеб -- з печы, а ты -- пакланенне агню, задобрыванне агню да новага чалавека), а потым клалі на кажух каля парога (парог -- мяжа да хаты ў новы свет, парог аберажэ ад нягод).

Прадчуванне бяды

У гэты дзень Панас разам з сястрой Волькай і бацькам, Пархвенам, пасвіў каля лесу кароў. Папрасілася Волька: "Татка, і я з вамі паганю кароў. Надакучыла дома сядзець".
Яму, Панасу, дванаццатае лета мінула, а Волька, як кажуць у народзе, дзяўчына на выданні. У Волькі ўжо і жаніх ёсць – хлопец Міхал з суседняй вёскі Ганькі. Цяпер Міхал разам з панам Канстанцінам Валовічам дзесьці з царскімі войскамі змагаецца, ваюе. Сумуе без Міхала Волька. Нават з рук у яе ўсё валіцца. На днях разбіла гаршчок з варанай капустай. Несла гаршчок, каб на стол паставіць, а на дварэ вецер праляцеў, свіснуў па-маладзецку, па-разбойніцку, салому на страсе задраўшы. Волька ўздрыгнула і выпусціла з рук гаршчок. Потым села на лаву і дала волю слязам.
-- Не плач, дачушка. Гаршчок разбіла?.. Большай бяды не было б, -- пашкадавала яе маці.
І бацька сказаў:
-- Волька, не разводзь макраты. Пажывём – новага дабра нажывём.
Куды там! І слухаць не хоча. Плача, абхапіўшы рукамі галаву.
Маці здагадалася, чаму Вольку так праняло плачам.
-- Паплач, дачушка, -- прамовіла яна, абняўшы Вольку за плечы, -- мо палягчае табе. А твой Міхал, вер мне, вернецца да цябе. Жывы і здаровы ён. Чуе маё мацярынскае сэрца, не падманвае яно мяне.
-- Э-э!.. -- крэкнуў бацька і выйшаў на двор.
Не стала жыцця пасля таго, як тут сталі гаспадарыць чужынцы – царскія прыслужнікі. На мінулым тыдні ў Ганькі прыскакалі царскія салдаты. Бабуля Параска (яе два ўнукі, пабраўшы косы, пайшлі да Касцюшкі) не вытрывала:
-- Мае вы саколікі, чаго вы тут усё гойсаеце? Хіба пакінулі што ці забыліся?
Раз’ятрыліся “госці”, бабулю бізуном так спаласавалі, што тры дні ляжала, не магла падняцца. Бацька хадзіў у Ганькі, лячыў бабулю Параску: рознымі зёлкамі паіў. З самай ранняй вясны ён разам з маці зёлкі збірае, сушыць, настойвае.
Бацька і на дудзе іграць мастак.
І сёння ён узяў з сабою дуду-неразлучніцу. Дуду ён сам зрабіў, сам мяшок для дуды пашыў з палатна ды смалой яго абмазаў.
Нядаўна ён, Панас, чуў, як у Ганьках некаторыя мужчыны даказвалі, што дуда – чартоўскі інструмент. Дзядзька Піліп, які жыве праз хату ад бабулі Параскі, дык цэлую гісторыю распавёў.
-- Іду гэта я, браткі, каля балота, -- пачаў ён, -- а над зямлёю густы туман сцелецца. Раптам чую: хтосьці на дудзе іграе. Цікавасць мяне разабрала, вырашыў паглядзець, хто так стараецца. Іду, а дуда галосіць-свішча. Марозам мяне прабрала, але ўсё роўна іду. Быццам самі сабою ногі вядуць. Падыходжу бліжэй і бачу: сагнёны чорт сядзіць на купіне і на дудзе іграе. Вочы вылупіў, шчокі раздзімае. Здранцвеў я ад страху, пра ўсё на свеце забыўся. Не памятаю, як з балота выбраўся, як дамоў прыбег.
Выслухалі мужчыны дзядзьку Піліпа, павохкалі, паспагадаўшы яму, дый разышліся, так і не давёўшы спрэчку да канца, бо хоць і пяўся дзядзька Піліп, даказваючы, што дуда – чартоўскі інструмент, але не ўсе пагадзіліся з ім.
“Што ж скажа бацька, калі запытацца ў яго пра гэта?” – падумаў Панас і нясмела прамовіў:
-- Татка, ты даўно іграеш на дудзе. Праўда, што дуда – чартоўскі інструмент?
Усміхнуўся краёчкамі вуснаў бацька.
-- А як ты лічыш, сынок?
-- Не ведаю, -- шчыра прызнаўся Панас.
-- Паслухай. Зараз “Цялушачку” зайграю, -- сказаў бацька і паднёс да рота дуду.
Зайграла, заспявала дуда. Слухае Панас і чуе, як пастух раніцай у рог трубіць, заклікаючы гаспадынь, каб быдла з хлявоў выганялі. Рыпяць у хлявах дзверы; звонка пераклікаючыся, выганяюць жанкі быдла на пашу. Важна ідуць каровы па вуліцы, яшчэ млявыя пасля сну. А вось ужо яны каля лесу. Птушкі ў ім пяюць, сонейку радуючыся. Чаму ж гэта воўк завыў, пысу ўверх падняўшы? Дык ён жа бабіну цялушачку счуў, якая ў лесе заблудзілася. Жаласна рыкае цялушачка. Боязна ёй. І баба плача па цялушачцы, галосіць.
Іграе бацька на дудзе, вочы прыплюшчыў. Пэўна ж, і яму шкада бабіну цялушачку. Жаласна, аж сэрца разрываючы, спявае-выводзіць дуда. Ды нечакана яна змяніла свой голас, весела зайграла, бо баба знайшла ў лесе цялушачку і ад шчасця заспявала.
Скончыў бацька іграць, зірнуў на Панаса.
-- Пра што, сынок, расказала табе дуда? Хіба пра тое, як чэрці баль спраўляюць?
-- Не, --  замахаў галавою Панас. – Як баба сваю цялушачку знайшла.
Як відаць, загарэўся, разахвоціўся бацька, бо, ускінуўшы дуду, зайграў вясёлы танец “Таўкачыкі”.
Тут ужо і Панас не сцярпеў. Заспяваў, у такт прытоптваючы босаю нагою:
                    Шах, мах, таўкачыкі,
                                                      шах, мах, дубовыя,
                                                      да работы гатовыя.
                                                      Шах, мах, таўкачыкі,
                                                      шах, мах, асінавы,
                                                      з работы Максімавай.
                                                      У розных кутах валяліся,
                                                      ў адну ступу дасталіся.
                                                      Шах, мах, таўкачыкі,
                                                      вы скачыце, багачыкі,
                                                      а мы тады будзем,
                                                      як хлеба дабудзем.
Неспадзявана гулкі стрэл перуном грымнуў у лесе. Волька ўздрыгнула, як і тады, калі вецер свіснуў па-разбойніцку, па-маладзецку, а Панас міжволі ўцягнуў галаву ў плечы.
-- Татка, хто гэта страляе? – запытаўся ён.
Спахмурнеў твар у бацькі.
-- Мабыць, зноў царскія салдаты за паўстанцам ганяюцца.
Другі раз грымнуў стрэл.
-- Ой! – усклікнула Волька.
-- У Новінах страляюць, -- прыслухаўшыся, адзначыў бацька.
“Ба-бах!” – трэці раз данеслася з Новінаў.
-- Гіцлі! За людзьмі, як за зверам, палююць. Яшчэ адальюцца ім людскія слёзкі, -- прашаптаў бацька.
“Яны людзей ловяць не толькі ў вёсцы, а і ў лесе. І да нас яны дабяруцца. Не пакінуць у спакоі”, -- падумаў Панас.
З-за кустоў выбег сабака Жук. Сёння яго не ўзялі з сабою, дома на прывязі пакінулі.
-- Татка, наш Жучок з прывязі сарваўся, нашыйнік з сябе скінуў! – сказаў Панас і, не стрываўшы, ускочыў на ногі.
Жук падбег да Панаса, раз, другі лізнуў руку.
-- Жук, табе што было сказана? – насупіў бровы бацька.
-- Татка, не крычы на Жука, не праганяй яго, -- заступіўся Панас.
І Волька стала дапамагаць брату:
-- Тата, не праганяй. Няхай пабудзе з намі. Надакучыла яму на прывязі сядзець.
Жук, Панас гэта добра вывучыў, разумеў, калі за яго заступаюцца. Звычайна, каб аддзячыць, ён станавіўся на заднія лапы, упіраўся пярэднімі ў грудзіну і лізаў у шчаку.
А цяпер Жук задраў уверх пысу і працягла, па-воўчы, завыў.
-- Жучок, чаго ж ты выеш? – пагладзіла сабаку Волька. – Жучок!..
Жук паглядзеў на яе разумнымі вачыма. Напэўна, яму вельмі хацелася штосьці сказаць.
-- Ляж, Жучок, ляж! – загадала Волька.
“У-у-у…” – гэтак жа, як і першы раз, па-воўчы завыў Жук.
-- Пайшоў вон! – тупнуў нагою бацька.
-- Жучок! Жучок! – усклікнуў Панас, просячы сабаку, каб замаўчаў.
Нарэшце супакоіўся Жук, перастаў выць. Лёг, выцягнуўшыся. Дыхае часта-часта, высунуўшы чырвоны кончык языка.
-- Татка, чаго ж ён так развыўся? – пацікавілася Волька.
-- Бяду чуе, -- адказаў бацька.
У Волькі губы выцягнуліся дудачкай.
-- Бяду?
-- Бяду, дзеткі, бяду.

“Што ж рабіць?”

Волька сядзела як нерухомая. Лепей не казаў бы бацька, што Жук чуе бяду. За апошні час шмат бяды яны пабачылі. І вясною чорнай хмарай бяда на іх насунулася.
У лесе яшчэ ляжаў снег, асеўшы ў кустах, пад камлямі дрэў, калі прыехаў да іх Піліп з Ганькоў і замест прывітання сказаў:
-- Бяда, Пархвен.
Яна, Волька, разам з маці і Панасам дровы каля хаты складвала, якія бацька толькі што пакалоў.
Так і застыла маці з бярэмем дроў у руках.
-- Што за бяда, Піліпка?
Пачухаў Піліп за вухам, у роспачы пляснуў рукою па патыліцы.
-- Пан аб’явіўся, Юлька. Забірае ён нас.
-- Дык вы ж спрадвеку вольныя людзі, -- не паверыў бацька.
Дзядзька Піліп сеў на калодку, згорбіўся.
-- Былі вольныя, а хутка пад панам будзем хадзіць.
І Волька, як і бацька, анічога не разумела. Хіба ж можна вольных людзей за нейкі адзін дзень прыгоннымі зрабіць? Каму ж такое ўзбрыло ў галаву? Які разумнік знайшоўся тут?
-- Так, так, будзем, -- цяжка ўздыхнуў дзядзька Піліп. – Нашу вёску разам з людзьмі гэтая самая… царыца расейская… Як яе?
-- Кацярына, -- падказаў бацька.
-- Во, во! Кацярына, немач каб яе, свайму прыслужніку, палкоўніку… Свіньін ягонае прозвішча… Узнагародзіў жа Бог такім прозвішчам!..
-- Ты карацей, -- перапыніў дзядзьку Піліпа бацька.
-- Палкоўніку Свіньіну царыца нас падаравала.
-- І людзей, і сабак? – усклікнуў Панас і, нагнуўшыся, абняў за шыю Жука.
Жук, як звычайна, круціўся каля Панаса, ні на крок ад яго не адыходзіўся.
Волька ведала, што Панас вельмі любіць Жука, што жыць без яго не можа. Іншы раз маці зварыць мяса, а Панас яго схавае і Жуку занясе. І бацька на Панаса сварыўся, і маці казала, каб не песціў сабаку. Панас слухае, нібыта пагаджаецца, а адвернуцца яны – зноў прысмакі Жуку цягне. Адкарміў Жука, сыты Жук, што лінь, поўсць аж блішчыць на ім.
Вядома, што на душы ў Панаса. Нездарма ён абняў Жука: баіцца, каб той царскі палкоўнік Свіньін сабе яго не забраў.
Дзядзька Піліп пацягнуў сябе за доўгі вус, паморшчыўся.
-- Ёй што, Кацярыне-царыцы? Для яе мы – цягавітае быдла.
-- Цяпер без дазволу пана і дзяўчыну хлопец замуж не возьме, -- сказала маці, пакасіўшыся на Вольку.
Волька пачырванела. А сэрцайка тахкае, тахкае. Ну чаго ж яно так рвецца з грудзей? Хіба ёй ёсць з-за чаго хвалявацца? Іхняя ж сям’я не з Ганькоў. Як былі вольнымі, так і застануцца вольнымі. І Міхалам палкоўнік Свіньін не пакамандуе. Міхал нарадзіўся і вырас у маёнтку Валовічаў. Валовічы, як аднаго разу казаў бацька, даўно сваіх людзей на волю адпусцілі…
Б’ецца сэрцайка… Так білася яно і ўчора, калі яна з Міхалам сустрэлася. Узяў Міхал яе за руку. Яе, Вольчына, рука ў ягоную ручышчу, як у пастку, трапіла.
Яна ірванулася, каб вызваліць руку, ды Міхал ласкавыя, казачныя словы на вушка ёй стаў шаптаць:
-- Мая любая Волька-Волечка, як зару-заранічку выглядаю я цябе. Ззяеш ты, быццам зорачка на цёмным небе…
Такога нагаварыў, што ў яе, Волькі, шчокі як агнём гарэлі. А пад канец сказаў Міхал:
-- Волька-Волечка, заўтра да вас прыеду, тваіх бацькоў і маці папрашу, каб цябе замуж за мяне аддалі. Пан Канстанцін сватам будзе.
Канешне, чакала яна гэтага, сагрэў ёй Міхал душу, але і вельмі разгубілася. Не дзіва. Сам пан Канстанцін прыедзе.
-- Міхал, мы простыя людзі. З панамі толькі вітаемся. Ці даспадобы будзе ў нас пану Канстанціну?
-- Даспадобы. Абы ты дала згоду. Ды каб твае бацькі былі не супраць, -- прагаварыў, як праспяваў, Міхал.
-- Вось як павярнулася! – вядзе сумную гаворку дзядзька Піліп. – Да торбы дажывёмся мы…
-- Шмат каму прыйдзецца торбы шыць, -- пагадзіўся бацька.
-- Што ж будзе з намі? – прамовіла маці, націснуўшы на словы “з намі”.
Дзядзька Піліп устаў, пераступіў з нагі на нагу. Вядома, не хочацца яму азмрочваць добрых людзей.
-- Палкоўнік хваліўся, што і хутарскіх прымусіць на сябе працаваць.
-- Як гэта прымусіць? – устрапянуўся бацька.
-- У вёску пераселіць.
-- А я не захачу! – з выклікам прагаварыў бацька.
-- Сілком пераселіць. Будынкі папаліць. Пагражаў. Дужа сярдзіты палкоўнік. Сам тоўсты, чырванашчокі і залатыя пагоны на плячах, -- сказаў дзядзька Піліп і пайшоў паволі, нага за нагу.
-- Пархвен, -- звярнулася да бацькі маці, -- што ж нам рабіць?
-- Не хутка палкоўнік Свіньін дабярэцца да нас. Пакуль тут пажывём, пабачым, як далей павернецца. Мо яшчэ і абыдзецца. А не – на іншае месца перабяромся, дзе нас ніякі сабака не знойдзе.
Не паверыла Волька, што нейкі палкоўнік людзей сілком прымушае, каб служылі яму, ды яшчэ будынкі паліць. “Дзе ж гэта бачылі, каб без дай прычыны будынкі палілі? Дзядзька Піліп любіць баечкі баяць, да праўды няпраўду далажыць”, -- падумала яна.
З самага ранку бацька і маці прыбраліся як на свята. І Панас апрануў новую кашулю, непадатлівы віхор на галаве прычасаў, перад гэтым добра яго вадою змачыўшы. А яна, Волька, на лаве, як на цвіках, сядзела. Не выцерпела, выбегла на дарогу і бачыць: чужынцы на конях едуць. Уперадзе – тоўсты, чырванашчокі, з залатымі пагонамі на плячах, як і казаў дзядзька Піліп. Не баяў ён баечкі.
Убачыўшы Вольку, палкоўнік Свіньін падняў руку.
-- Стой!
Волька з усіх ног кінулася назад. А насустрач Жук бяжыць, заліваецца брэхам. Пачуў, што чужыя набліжаюцца.
З хаты выскачылі бацька, маці, Панас.
-- Палкоўнік Свіньін! – выдыхнула Волька.
-- Жука застрэляць! – усклікнуў Панас і панёсся, бліскаючы голымі пятамі.
Праз некалькі хвілін на падворак уехаў палкоўнік Свіньін з салдатамі. Збоку Панас ідзе, Жука цягне. Жук скаліцца, бурчыць, а Панас угаворвае яго:
-- Жучок, супакойся. Жучок!..
Важна сядзяць на конях чужынцы. Адзін, белабрысы, ёй, Вольцы, падмаргнуў. Дык яна за маці схавалася.
А палкоўнік Свіньін уставіўся на бацьку дый кажа прама, што называецца, у лоб:
-- Я твой пан, мужык.
-- Над намі няма пана. Вольныя мы, як і прадзеды нашы, -- запярэчыў бацька.
У палкоўніка Свіньіна шыя стала чырвоная-чырвоная, як грэбень у пеўня.
-- Забудзься пра тое, што было, хам. Цяпер я, палкоўнік Свіньін, тут камандую. Каб у вёску перасяліўся. Два дні даю…
Бацька збялеў, губы дрыжаць. А салдатам весела: усміхаюцца яны.
Волька не заўважыла, калі на падворку з’явіліся пан Канстанцін Валовіч і Міхал.
Яна ўбачыла, як пан Канстанцін пад’ехаў да таўстуна-палкоўніка і прагаварыў:
-- Пан палкоўнік, узброеных салдат на мірных людзей прывялі? Непрыгожа, пан палкоўнік.
-- А ты хто такі? – прыжмурыўся палкоўнік Свіньін.
-- Я мясцовы шляхціц Канстанцін Валовіч. І не тыкайце вы мне.
Палкоўнік Свіньін неяк адразу павесялеў, нават, здалося Вольцы, узрадаваўся.
-- Дык гэта твой маёнтак, як цацачка, каля Ганькоў стаіць?
Пан Канстанцін вазьмі ды скажы:
-- На чужы каравай раток не разяўляй.
-- А я разяўлю і з’ем! – вымавіў палкоўнік Свіньін і шырока разявіў рот. Ён у яго стаў падобны на пашчу вялікага зубастага шчупака.
-- Вы мяне з маёй жа зямлі збіраецеся сагнаць, пан палкоўнік? Не дамся я вам. Мы, тутэйшыя, моцна прывязаныя да сваёй зямлі і ўмеем яе бараніць, -- заявіў пан Канстанцін.
-- Бунтаўшчык! – вылупіў вочы пан палкоўнік. – Узяць яго!
Волька заўважыла, што Міхал схапіўся за шаблю.
“Тут, на маіх вачах, ён загіне!” – тахнула ёй у галаву.
-- Міхал! – крыкнула яна.
-- Міхал, не трэба, -- нахмурыўся пан Канстанцін.
-- Шкада, што не на дарозе мы сустрэліся, -- прагаварыў Міхал.
Міхала і пана Канстанціна абкружылі конныя вайскоўцы, заламалі назад рукі.
-- Усе будынкі папаліць! – прахрыпеў палкоўнік Свіньін і паехаў з падворка.
Калі ён ад’ехаўся, маці папрасіла:
-- Паночкі, дайце хоць нажытае дабро нам павыносіць.
-- Выносьце. Мы пачакаем, -- дазволіў той белабрысы салдат, які падмаргнуў Вольцы.
Гучна плакала маці, калі салдаты запалілі хату, калі ад хаты заняліся гумно і хлеў. А з бацькавых вачэй ні слязінкі не выкацілася. Праўда, потым паскардзіўся ён:
-- Лягу спаць, а прад вачыма полымя стаіць…
-- Пройдзе, Пархвен. Ты моцна не бядуй. Таго, што было, ужо не вернеш, -- прасіла маці.
Бацька не паслухаўся палкоўніка Свіньіна: не паехаў у Ганькі. У той жа дзень далей у лес падаўся, зямлянку пад жытло выкапаў, а затым і новы зруб пад хату заклаў. Неяк праведалі людзі, дапамаглі хату паставіць, хлеў пабудавалі. Разам, талакой.
А пана Канстанціна і Міхала завезлі ў горад і ў астрог да калоднікаў пасадзілі. Пазней ад людзей праведала Волька, што ўцяклі яны з астрога і да Тадэвуша Касцюшкі далучыліся.
“У Новінах па ім, па маім каханым, стралялі. Ён уцякаў… Ён!.. Што ж рабіць мне? Што?..” – думала Волька.

“Не плач, Сымонка…”

Наплакаўшыся, заснуў Сымонка. А Міхал сядзеў, думаючы. Цяжка на душы. На сваёй зямлі, дзе нарадзіўся, узгадаваўся, дзе спрадвеку жылі прашчуры, пад вываратнем мусіць хавацца. Чаму ж такая горкая доля ў яго? А ці ў аднаго яго? Не, не ў аднаго… Вось і Сымонка бяду зазнаў. А ён жа яшчэ, можна сказаць, не радаваўся ні птушынаму спеву, ні яркаму сонейку…
Смутак у вачах Міхала, смутак і на душы… Дзе ж цяпер Волька-Волечка? Аб чым яна думае? Нелюдзі не далі вяселле згуляць… Вольчыну хату спалілі, а яго, Міхала, разам з панам Канстанцінам у астрог, да калоднікаў. Нібыта злачынцаў якіх. Заварушыліся калоднікі, як чэрві ў нагрэтай вясеннім сонцам зямлі, калі ўпіхнулі да іх Міхала і пана Канстанціна. Як жа! Яны, зладзюгі і забойцы, яшчэ не бачылі, каб у астрог саджалі такога важнага шляхціца, як Канстанцін Валовіч. Нюхам адчулі яны, што ён не раўня ім, што важная птушка. А адзін дык пазнаў пана Канстанціна. Шыракагруды, да самых вушэй зарослы чорнаю як смоль барадою, ён саскочыў з драўляных нараў і, расставіўшы крывыя ногі, са здзекам прагаварыў:
-- О-о, сам пан Канстанцін Валовіч да нас завітаў! Просім, шаноўны пане. Чым багаты, тым і рады.
Зарагаталі павесялелыя калоднікі. А пан Канстанцін прамаўчаў. Здагадаўся ён, што крываногі знарок задзіраецца.
Нарагатаўшыся, закрычалі, загудзелі калоднікі:
-- Нупрэй, пан размаўляць з табою не жадае!
-- З гонарам ён!
-- Не пазнае!
-- Заеўся!
-- Пад дых яму, Нупрэй!
Падахвочаны сябрукамі, Нупрэй рвануў на грудзях кашулю (уся ў дзірах была яна ў яго).
-- Не пазнаў мяне, пане? Памятаеш, як увосень я тваіх коней са стайні вывеў, а ты мяне дагнаў і там жа, на стайні, бізунамі адлупцаваў? Памятаеш? Га?
Не спускаючы вачэй, Міхал пазіраў на Нупрэя. Сапраўды, Нупрэй-канакрад ноччу вывеў з Валовічавай стайні двух самых лепшых коней. Добра, што конюхі хутка агледзеліся і пану Канстанціну паведамілі. Пан Канстанцін і ён, Міхал, пусціліся наўздагон за канакрадам. Усё-ткі дагналі яго, злавілі за Ганькамі. У вёсцы як звычайна робяць з канакрадамі? Да смерці забіваюць. А пан Канстанцін Нупрэя пашкадаваў. Загадаў усыпаць гарачых, каб памятаў, што грэх на чужое квапіцца, і адпусціў з мірам. Нупрэй тады аж праслязіўся, дзякуючы, у ручку стараўся цмокнуць.
-- Паночак, адальюцца табе нашы слёзкі. У астрозе роўныя мы з табою. Памятаеш мяне? Кажы хутчэй!
-- Памятаю. Ну і што? – спакойна сказаў пан Канстанцін.
Яшчэ мацней, яшчэ зласней загудзелі калоднікі:
-- Нупрэй, дай яму!
-- Пацеш нас!
-- Юшку спусці! Няхай надоўга запомніць цябе!
-- Дай! Дай!
Па-мядзведжаму перавальваючыся на крывых нагах, Нупрэй стаў набліжацца да пана Канстанціна. Калоднікі адразу змоўклі, узбуджаныя, засаплі насамі.
Міхал (не абдзяліў яго Бог сілай, на спрэчку, бывала, падковы разгінаў) амаль без замаху стукнуў Нупрэю ў вуха. Нупрэй і вохнуць не паспеў. Упаў як падкошаны і застыў на падлозе, раскінуўшы ногі. З паўгадзіны сябрукі яго адкачвалі, пакуль акрыяў, прыйшоў у сябе.
Болей ні Нупрэй, ні іншыя калоднікі не лезлі ні да Міхала, ні да пана Канстанціна.
Пан Канстанцін нудзіўся ў астрозе, іншы раз месца сабе не знаходзіў. Калі ж праведаў, што на спатканне не пускаюць жонку, паню Зосю, то дзве ночы запар не спаў, а на ягоных скронях – заўважыў Міхал – з’явіліся першыя сівыя валасы.
-- Гады якія! – сказаў тады пан Канстанцін. – Я ж не ведаю, што з сынам маім…
Незадоўга да іхняга арышту пані Зося нарадзіла пану Канстанціну сыночка. Сымонкам ён назваў свайго першынца.
Аднаго дня пана Канстанціна выклікаў да сябе палкоўнік Свіньін. Змрочны вярнуўся ў астрог пан Канстанцін.
-- Міхал, я яму галаву крэслам хацеў разбіць. Не ведаю, як стрымаўся.
-- Пан Канстанцін, чаго ён выклікаў вас?
-- Мой маёнтак да сваіх рук прыбірае. Пахваліўся мне.
-- Як гэта прыбірае? – Міхал усклікнуў так гучна, што калоднікі ўздрыгануліся.
-- Забірае, як у бунтаўшчыка. Такога панапісваў на мяне! Быццам я навакольных сялян узбунтаваў, супроць царскай улады выступіў.
-- Мы ж толькі заступіліся… За нявінных…
-- А яму гэта і трэба было… Нагледзеў ён мой маёнтак. Загарэліся ў яго вочы…
-- Куды ж нас цяпер? – глуха прамовіў Міхал.
-- Царскія прыслужнікі адну дарогу нам адкрылі: у Сібір.
 Міхал заўважыў, як сцішыліся калоднікі. Марозам абдало іх страшнае слова Сібір.
Сібір… У Сібір… Выходзіць, ён, Міхал, ужо ніколі не ўбачыць Вольку-Волечку, не стрэнецца з ёю, самага ласкавага слова не скажа ёй. Светлай зорачкай загарэлася на небасхіле Волька-Волечка – і згасла. Растапталі шчасце… Нейкі прыблуда Свіньін растаптаў. Ён, Міхал, запомніць гэтае прозвішча. Навек запомніць. У грудзях агнём яно выпечанае.
Дні ў астрозе цягнуліся як адна беспрасветная ноч. Ды заззяла сонейка надзеі. У астрог дайшлі чуткі, што ў Варшаве шляхта ўзняла паўстанне, што начальнікам паўстання стаў генерал Тадэвуш Касцюшка. Неўзабаве паўстанне і тут успыхнула.
Занерваваліся наглядчыкі, ходзяць хмурныя, азіраюцца, а пан Канстанцін павесялеў, як зноў на свет нарадзіўся.
-- Цары здавён на нас нападалі, -- стаў расказваць Міхалу. – Асабліва Іван Жахлівы стараўся. У студзені тысяча пяцьсот шэсцьдзесят чацвёртага лета выправіліся ад Полацка і Смаленска дзве яго трыццацітысячныя арміі, каб злучыцца каля Оршы. Найвышэйшым гетманам нашага войска быў князь Мікалай Руды. Каб не даць злучыцца варожым калонам, першым напаў ён на трыццацітысячнае войска, якім камандаваў князь Пятро Шуйскі, атакаваў яго, хоць меў не больш за чатыры тысячы збройных ваяроў. Палова чужынскага войска палегла на полі бою разам з Пятром Шуйскім, а астатнія паразбягаліся па лясах. І з гэтымі тое ж будзе. Не прасілі мы іх да сябе.
-- Пакуль паразбягаюцца, шмат бяды наробяць, -- заўважыў Міхал.
Пан Канстанцін сказаў, падумаўшы:
-- Міхал, ты не здагадаўся, чаму яны нас з нашай зямлі зганяюць?
-- Чаму?
-- Яны ведаюць, што мы вельмі прывязаныя да зямлі. Гэткая прывязанасць да зямлі дае нам любоў да Бацькаўшчыны, нас як нацыю зберагае. Калі наш чалавек зрушыцца з месца і пойдзе ў свет, тады ён і сваю нацыянальнасць страціць, бяспамятны стане. Дык вось: нашай нацыянальнасці стараюцца пазбавіць нас.
У той дзень Міхал і пан Канстанцін дамовіліся, што, як бы там ні было, уцякуць з астрога…
-- Ну, чаго стаў? – данёсся да Міхала знаёмы голас яфрэйтара Фартушнова.
-- Не знойдзем мы Стасевіча, -- адказаў радавы Макашоў.
-- Палкоўнік Свіньін з капітана Іванова шкуру спусціць, калі не знойдзем.
-- Каб толькі з яго! Думаеш, што нас пашкадуе?
-- Дзе ж гэты бандыт? Цягаемся па лесе… Сваімі рукамі яго задушыў бы.
-- Так ён табе і дасца.
-- Дасца. Таго бандыта, Валовіча, застрэлілі? Застрэлілі. І гэтага застрэлім.
“Вярнуліся!” – падумаў Міхал.
На руках заварушыўся, ціха заплакаў Сымонка.
Міхал нагнуўся над ім і, горача дыхаючы ў тварык, зашаптаў:
-- Не плач, Сымонка. Не плач!..

Неспакойныя думкі

Волька сядзела, абхапіўшы рукамі калені. “Так, Міхал у лесе. Па ім стралялі. Да мяне ён ішоў, прабіраўся. Мо цяпер ляжыць пад кустам паранены, сцякае крывёю… Дапамагчы яму трэба. Чаго ж я сяджу, як прыбітая?” – адна за адной прабягалі ў яе галаве думкі, адбіраючы спакой.
-- Татка, а Тадэвуш Касцюшка за нас, за просты люд стаіць? – падаў голас Панас.
Волька зірнула на бацьку. Не пусціць ён у лес, калі і вельмі моцна будзе прасіць. Адно застаецца: уцячы.
-- Татка, чаму маўчыш? – напомніў Панас.
-- За нас, за нашу волю, -- нарэшце адказаў Пархвен. Задумаўся ён. Цяжка даецца барацьба за волю. Калісьці дзед расказваў яму, што яны, Катлярэвічы, мусілі пакінуць абжыты кут і ўцячы сюды, у Ганькоўскі лес, калі кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі выдаў пастанову, якой адмяняў былыя каралеўскія прывілеі сялянам плаціць грашовы чынш, замяніўшы яго паншчынай.
“Ад заходняга пана ўцяклі, а цяпер усходні на нас зваліўся як снег на галаву, -- думаў Пархвен. – Шмат крыві ўжо пралілося. І яшчэ нямала пральецца. Як жа выжыць? Як адседзецца? Як выратаваць сям’ю? У гэткай калатнечы шмат якія сем’і перамалоціць, перамеле, многія сваіх не далічацца…”.
-- Татка, Тадэвуш Касцюшка за нас стаіць, а чаму мы яму не дапамагаем? – пацікавіўся Панас.
-- Хто гэта “мы”? – насупіў бровы Пархвен.
-- Усе мы! – выгукнуў Панас. – Калі б узялі косы і пайшлі да Касцюшкі, то не тое было б.
Пархвен няласкава зірнуў на сына. Ваяр знайшоўся! Зараз, чаго добрага, пабяжыць да Касцюшкі. Зусім няма розуму ў галаве.
-- Панаска, -- ласкава прагаварыў Пархвен, каб дайшло да сына, -- ну, пайду я да Касцюшкі, дзядзька Піліп пойдзе, іншыя ганькоўцы пойдуць, а хто зямлю будзе араць, хто сена быдлу на зіму накосіць?
-- Татка, не дадуць яны нам сваю зямлю араць, на панскую ўжо пасылаюць.
Нялёгка спрачацца з сынам, цяжка яму даказаць.
Пархвен устаў.
-- Волька, пабудзьце тут з Панасам, а я кароў з кустоў павыганяю. Яшчэ па лесе паразыходзяцца.
-- Добра, татка, --  азвалася Волька.
Бацька пайшоў, схаваўся за кустамі, а Волька да Панаса звярнулася:
-- Братка, я зараз у лес пайду.
-- Хочаш паглядзець, хто ў Новінах страляў? – выказаў здагадку Панас.
Вядома, хто страляў. Царскія салдаты… Чаго ж на іх глядзець? Іх лепей з вярсту мінуць. Але ж праўду Панасу няма як казаць.
-- Панас, пачакай мяне. Я хутка вярнуся.
-- Волечка, і я з табою пайду, -- заявіў Панас.
“Не, не адчэпіцца брат. Прыйдзецца ўзяць яго з сабою. Дый, мажліва, спатрэбіцца ён. Адна не спраўлюся, калі прыйдзецца несці параненага Міхала”, -- падумала Волька і сказала:
-- Хадзем.
-- Жук, за мною! – свіснуў Панас.
Усхапіўшыся, Жук завіляў хвастом.

Нечаканая сустрэча

У лесе ціха. Толькі, бывае, мыш прабяжыць, зашамаціць па сухім лісці ці пераспелы жолуд, выслізнуўшы са шкарлупіны, гучна чмякнуўшы, упадзе на зямлю.
-- Волька, што будзем рабіць, калі татка нас пакліча? – занепакоіўся Панас.
-- Не пакліча, -- сказала як адрэзала Волька. Цяпер яе нішто не стрымае. Няхай злуецца бацька, няхай. Яна сцерпіць, вытрывае. Дзеля Міхала. Міхалу яе дапамога патрэбна.
-- Волечка, ты надта не ляці, -- папярэдзіў Панас. – Яшчэ на царскіх салдат нарвёмся. Яны цяпер  злыя, як восы.
-- Злыя, -- адказала Волька. А сама пад кожны кусцік зазірае. Што, калі пад густым кустам Міхал ляжыць?
Дзяўчына хацела пагукаць, паклікаць Міхала, ды адумалася. Салдаты на крык прыбягуць. Дзесьці тут яны блукаюць.
-- Волечка, чаму царскія салдаты прыйшлі на нашу зямлю? – усё дапытваецца Панас. – Наша зямля ім патрэбна?
-- Не толькі зямля, але і мы.
-- Хочуць, каб мы на нашай зямлі працавалі на іх?
-- Быццам сам не ведаеш?! – папракнула брата Волька.
-- Я ведаю, -- як дарослы, сказаў Панас. – Але мяне вось што яшчэ трывожыць: што ж з намі будзе, калі раптам не спатрэбімся мы ім?
-- Чаму не спатрэбімся? Яны і з хутароў зганяюць, каб сваімі парабкамі зрабіць.
-- Усяк можа стацца. Ну, заўпарцімся мы, не паслухаемся іх. Што тады з намі яны зробяць?
“Панас хоць малы, а правільна разважае, -- падумала Волька. – Упартых не любяць яны. Калі ім будзе не даспадобы, то ў астрог пасадзяць ці хату спаляць, як бацькаву спалілі. Абачлівы стаў бацька. Нездарма ў самую глухамань забраўся, з людзьмі амаль не сустракаецца. У Ганькі ідзе толькі тады, калі вельмі прыспічыць”.
-- Волечка, -- парушыў маўчанне Панас, -- добра, што мы Жука ўзялі. Ён царскіх салдат адразу счуе. Не захопяць яны нас знянацку.
Волька не паспела адказаць, бо Жук, забрахаўшы, кінуўся наперад і знік у кустах. Неўзабаве з-за кустоў данёсся ягоны віск.
Волька схапіла брата за руку.
-- -- На царскіх салдат мы нарваліся. Уцякайма, Панас!
-- Яны майго Жука заб’юць! Не дам! – усклікнуў Панас і, вырваўшыся ад сястры, пабег праз кусты, напралом.
Волька кінулася за братам. Каля высокага ядлоўцавага куста, убачыла яна, стаялі царскія салдаты з вінтоўкамі ў руках: адзін маларослы, ну зусім як хлопец-падлетак, а другі цыбаты. Непадалёку, трымаючы за шыю Жука, сядзеў Панас. Уздыбіўшы на загрыўку поўсць, Жук імкнуўся вырвацца ад Панаса.
Другі раз вось так, блізка, што называецца, нос у нос, сутыкнулася Волька з царскімі салдатамі. Першы раз, калі спалілі хутар, бацька і маці былі непадалёку, а цяпер…
-- Макашоў, файную кралю мы з табою злавілі, -- падаў голас цыбаты вайсковец.
-- Яна, пан яфрэйтар Фартушноў, сама да нас у рукі прыбегла, -- ашчэрыў ва ўсмешцы шчарбаты рот салдацік, падобны да падлетка.
-- Не прыбегла б, калі б я цябе сюды не прывёў, -- пахваліўся цыбаты.
“Маларослага салдата зваць Макашоў, а цыбатага – Фартушноў”, -- адзначыла пра сябе Волька, як праз туман пазіраючы на незнаёмцаў.
Яфрэйтар Фартушноў ступіў наперад і расставіў рукі, імкнучыся абняць Вольку.
Пад ногі яму, вырваўшыся ад Панаса, кінуўся Жук, забрахаў, грабучы заднімі лапамі зямлю.
-- Малы, забяры сабаку, бо зноў ботам як садану!.. – зыркнуў вачыма яфрэйтар.
Панас схапіў за нашыйнік Жука, адцягнуў і прытуліўся да яго шчакою.
-- Жук!.. Жучок!..
-- Адпусціце нас, -- адступіўшыся, прамовіла Волька. У яе, беднай, усе жылачкі трэсліся.
-- Не-э! – яфрэйтар са смакам плюнуў пад ногі. – Мы вас да капітана Іванова завядзём.
-- Я не пайду, -- заявіў Панас.
-- Пойдзеш, -- прамовіў яфрэйтар і шчоўкнуў затворам вінтоўкі. – Я да трох не гавару. Запомні, малы.
Волька зірнула на Фартушнова. Вочы ў яго нейкія нерухомыя, мутныя, бы ў нежывога сома. Такі не пашкадуе. Застрэліць, як кацяня.
-- Панас, не бойся. Хадзем. Яны нас адпусцяць. Мы ж аніякага зла ім не зрабілі, -- як не сваім голасам сказала Волька.

Пад прымусам

Панас моўчкі ішоў за Волькай. Упершыню яго вялі вось так, пад прымусам. Раней яны жылі спакойна. Ніхто ім не пагражаў, ніхто іх не чапаў. Не было таго дня, каб у хату не заходзілі людзі. Некаторыя, як грыбнікі, напрыклад, забягалі, каб вады напіцца, зімою лесарубы часта грэліся каля цёплай печы, расшпіліўшы доўгія, да пят, кажухі. Здаралася, што ў хаце начавалі стомленыя падарожныя, якія за сваімі плячыма не адну вярсту пакінулі.
Шмат рознага ад розных людзей пачуў Панас: і пра далёкія заморскія землі, і пра казачных волатаў, і пра беларускіх князёў, якія баранілі свой край.
Ад бацькі і маці Панас навучыўся паважаць людзей. “Прымі падарожнага, бо некалі сам будзеш у дарозе”, -- не раз і не два напамінаў бацька. А пасля таго, як з’явіліся тут царскія салдаты, яшчэ адну жыццёвую навуку засвоіў ён: ёсць людзі, з якімі лепей не страчацца.
Панас стараўся не паказваць страху, хоць і вельмі баяўся і за сябе, і за сястру, і за Жука, якому ўжо дасталася ад цыбатага яфрэйтара. Ён нават ціха засвістаў сабе пад нос.
Яфрэйтар і радавы Макашоў прывялі Панаса і Вольку на ўзлесак, дзе сядзеў капітан Іваноў. Злосць ніяк не адпускала капітана Іванова. Калі б да яго раптам падкацілі вялізную гармату і сказалі” “Страляй, і ты ўвесь свет знішчыш”, ён стрэліў бы, не раздумваючы.
А з асаблівай асалодай ён расправіўся б з начальнікам паўстання Тадэвушам Касцюшкам. “Народны заступнік!.. Вольнасць усім людзям хочаш даць! Вось каб аркан табе на шыю, як каню, і з сілай сціснуць! Паглядзеў бы я, як вольна задыхаў бы ты”, -- у думках жадаў ён Тадэвушу Касцюшку.
Убачыўшы, што яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў вядуць хлопчыка і дзяўчыну, капітан Іваноў устаў і адкінуў нагою пустую бутэльку.
-- Хто такія? Чаму? Навошта?
-- Пан капітан… – пачаў яфрэйтар Фартушноў.
-- Чаму прывялі? Хто такія?
“Рыжы зусім п’яны”, -- падумаў Панас, пазіраючы на капітана Іванова.
Да гэтага яму ні разу не прыходзілася бачыць п’яных. Падвыпіўшых бачыў. На вялікія святы, на Вялікдзень ці Каляды бацька ўрачыста даставаў з куфра і ставіў на стол бутэльку з гарэлкай. Гэтай бутэлькі хапала на ўсе святы і яму, і гасцям. Весела тады было ў хаце. Бацька і госці жартавалі, спявалі, пускаліся ў скокі.
Панас адступіў і прытуліўся да Волькі.
-- Хто? Чаму? – раўнуў капітан Іваноў. “Вылупілі вочы, як недапечаныя, а гэты Макашоў дык і смаркач на губу павесіў. А ты ж хочаш, каб мы з ім былі роўныя”, -- з нянавісцю падумаў ён, успомніўшы пра Тадэвуша Касцюшку.
-- Пан капітан, яны па лесе бадзяліся. Злавілі мы іх, -- набраўшыся смеласці, адрапартаваў яфрэйтар Фартушноў.
-- Бадзяліся… Злавілі… Так… – зірнуўшы на палоннікаў, цмокнуў губамі капітан Іваноў. “Зараз загадаю яфрэйтару Фартушнову, каб гарачых усыпаў ім. Хоць душу адвяду”, -- падумалася яму.
-- Пан капітан, -- падаўся наперад яфрэйтар Фартушноў, -- сабака ў іх. Сабачка…
Пачуўшы слова “сабака”, Жук ашчэрыў зубу, забурчаў.
Панас пагладзіў Жука, супакойваючы.
“Што ж яны, Жучок, з табою хочуць зрабіць?” – падумалася яму. Чуў ён, як адзін падарожны расказваў бацьку, што ў далёкай заморскай краіне, якая называецца Кітай, людзі, кітайцы, гадуюць сабак, як свіней, каб потым з’есці.
-- Сабака… Так… Сабака… – капітан Іваноў ніяк не мог даўмецца, чаму яфрэйтар Фартушноў завёў гаворку пра сабаку, і таму яшчэ большая злосць апанавала ім. Ён адчуваў, што вось-вось з нечуванай лютасцю накінецца на яфрэйтара Фартушнова і будзе біць, біць… У яго нават кончыкі пальцаў задрыжалі.
-- Пан капітан, бандыт Стасевіч, відаць, непадалёку схаваўся. Сабака яго знойдзе. Знойдзе, пан капітан, -- таропка прагаварыў яфрэйтар Фартушноў.
Капітан Іваноў павесялеў. Ягоную злосць як рукою зняло. Згінула яна, уцякла, як вада праз рэшата ўцякае.
-- Знойдзе сабачка! Пан капітан…
--Так! Так! – капітан Іваноў уставіўся на Панаса. – З намі ў лес пойдзеце. Вы з сабакам уперадзе, а мы – ззаду. Дайшло?
-- Не, -- сказала Волька, апярэдзіўшы Панаса.
“Не даўся вам Міхал у рукі. Ну і я вам не памочніца”, -- падумала яна.
Капітан Іваноў зноў уставіўся на Панаса.
-- А ты?
-- Хлопчык, вядзі, -- вытыркнуўся наперад радавы Макашоў, які да гэтага хаваўся за спінай яфрэйтара Фартушнова.
-- Не пайду. Я вольны чалавек, -- ціха, але выразна прамовіў Панас.
Такога нахабства ад малога капітан Іваноў не чакаў. У яго ад неспадзеўкі дыханне перахапіла.
-- Пан капітан, ён за сястрой паўтарае. Як яна, так і ён, -- падказаў яфрэйтар Фартушноў. – Давайце застрэлім яе.
-- Не яе, а яго застрэлім, -- пазяхнуўшы, прагаварыў капітан.
Панаса быццам аглушыла. Рыжы збіраецца яго застрэліць… За што? За тое, што ён нарадзіўся тут? Што на вочы ім трапіў?
Поўнымі болю вачыма Панас паглядзеў на сястру.
-- Хадзем, Панас. Няхай іх!.. – прагаварыла Волька.
-- Фартушноў, кліч салдат. Яны спатрэбяцца нам, -- ухмыльнуўся капітан Іваноў.

Развітанне з сябрам

Волька і Панас з Жуком уперадзе, а салдаты ззаду, як і хацеў капітан Іваноў, ішлі па лесе.
-- Мо і абыдзецца? Выратуй яго, Божа! Мо і абыдзецца! Божа, выратуй! – ледзь чутна шаптала Волька перасмяглымі губамі.
Каля балота Жук, гучна забрахаўшы, кінуўся да вываратня, пад якім сядзеў Міхал. Нюхнуў адзін раз, другі, пацягнуўшы носам, і прысеў на заднія лапы, слупам застыў.
-- Пан капітан, пад вываратнем бандыт! Там схаваўся, -- узрадаваўся яфрэйтар Фартушноў.
-- А мы каля самага вываратня былі і не заўважылі, -- хлюпнуў носам радавы Макашоў.
-- Не распускай язык! – прыкрыкнуў на яго яфрэйтар Фартушноў.
Капітан Іваноў дастаў з похваў шаблю. Ён уявіў, як паведаміць палкоўніку Свіньіну, што расправіўся з бунтаўшчыком і з панскім дзіцем. Несумненна, пахваліць яго палкоўнік Свіньін, да ўзнагароды прадставіць. Мажліва, генерал-паручнік Аляксандр Васільевіч Сувораў пра яго даведаецца. Няхай пашэпчуцца зайздроснікі.
-- Фартушноў, выпорвай бандыта!
Яфрэйтар Фартушноў махнуў рукою, даючы знак салдатам, каб набліжаліся да вываратня, а сам стаў заходзіць збоку.
“Гаў-гаў-гаў…” – забрахаў Жук.
Усё адбылося імгненна. Яфрэйтар Фартушноў, амаль не цэлячыся, стрэліў. Жук падскочыў і ўпаў на зямлю, выцягнуўшы лапы. З прастрэленай галавы на пысу сцёк чырвона-буры струменьчык.
Панас нейкі час стаяў як здранцвелы.
-- Усё! – потым вырвалася з ягоных грудзей. Ён ірвануўся да нерухомага Жука.
-- Куды ты? – схапіў яго за плячо яфрэйтар Фартушноў.
-- Пусці! Пусці! Пусці!.. – Панас біў яфрэйтара Фартушнова кулакамі па грудзіне. У яго было адно жаданне: дабегчы да свайго вернага сябра, укленчыць перад ім і гладзіць, гладзіць яго па мяккай поўсці.
-- Выгадавалася ваўчанё! – вылаяўся яфрэйтар і пхнуў Панаса.
Панас упаў на зямлю, перавярнуўшыся на спіну. Да яго падышоў капітан і падняў нагу. Вось-вось наступіць ботам на грудзіну.
-- Братка! Братачка! Сцярпі! – заплакала Волька.
Панас стаў на карачкі і падпоўз да Волькі.
-- Дайце! – працягнуў рукі. – Дазвольце! Я закапаю Жука. Дайце! Дазвольце!
-- Не, -- усміхнуўся капітан Іваноў.
Панас рукамі разгроб лісце.
-- Я тут ямку выкапаю! Тут закапаю яго. Дайце! Выкапаю і закапаю-у!
Волька ўзяла Панаса пад пахі і падняла.
-- Сцярпі, братка!
Панас зірнуў на капітана Іванова.
-- Дазвольце!
-- Макашоў, адвядзі іх і вартуй, -- зморшчыўся капітан Іваноў..
Радавы Макашоў прыкладам вінтоўкі штурхнуў Вольку, потым Панаса.
-- Ну, ідзіце… Ідзіце…
А ў самога губы пасінелі, трасуцца.
Панас пайшоў, спатыкаючыся, як сляпы. Крыху прайшоўшы, азірнуўся і сказаў:
-- Бывай, мой сябар! Бывай!

“Не ўсё яшчэ скончана”

Пачуўшы брэх сабакі, Міхал падумаў, што хтосьці з тутэйшых жыхароў прыйшоў у лес. Узрадаваўся ён, хацеў падаць голас, бо ведаў: свой чалавек абавязкова яму дапаможа. Шмат сялян з навакольных вёсак змагалася ў атрадах начальніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі. У адным атрадзе пана Канстанціна Валовіча было больш чым трыццаць сялян-касінераў. У атрад прыходзілі і па аднаму, і невялікімі купкамі, некаторых прыводзілі з сабою тутэйшыя шляхціцы, якія марылі аб незалежнасці Бацькаўшчыны. А з якой радасцю сяляне сустракалі сваіх вызваліцеляў! Бывае, спыніцца атрад на начоўку ў вёсцы – дзядзькі, кабеты нясуць хлеб, сала, малако… Як гаворыцца, чым багаты, тым і рады. А вечарам моладзь ладзіць танцы. Да позняй ночы іграе гармонік, б’е бубен… Зранку, глядзіш, новыя ахвотнікі ў атрадзе. Ідуць на крывавае жніво. Родныя праводзяць іх за ваколіцу, каб там са слязьмі на вачах развітацца.
Асабліва запомніўся яму, Міхалу, сівы як лунь стары з вёскі Загор’е. Трох унукаў-блізнятаў прывёў ён у атрад. Сказаў пану Канстанціну: “З табою яны пойдуць. Іхняга бацьку засек царскі ўрадавец. Няхай адпомсцяць яны”.
Ды нядоўгай была Міхалава радасць. Застукала ў скронях, калі данёсся да яго крык яфрэйтара Фартушнова: “ Пан капітан, пад вываратнем бандыт!” А потым… Потым заняло ў грудзях, калі пачуў галасы Панаса і Волькі. “Сілком салдаты вас сюды прывялі, здагадаліся, што сабака мяне знойдзе. Як жа дапамагчы мне вам?” – думаў Міхал.
-- Эй ты, вылазь! – перапыніў думкі вокліч яфрэйтара Фартушнова.
Вайна – не гульня ў жмуркі. Гэта Міхал даўно зразумеў. Ён паклаў вінтоўку і вылез з-пад вываратня, адною рукою трымаючы Сымонку. Каля самага вываратня ляжаў забіты Жук, крыху далей, скупіўшыся, стаялі салдаты. Уперадзе – п’яны рыжы афіцэр з пагонамі капітана на плячах.
“Добра, што ні Панаса, ні Волькі тут няма. Адпусціце іх. Цяпер яны вам непатрэбныя. А на мяне, нібы на дзікага звера, дзівіцеся. Думаеце, што ваша ўзяла? Не, не ўсё яшчэ скончана… “ – падумаў Міхал.
-- Дзе зброя, бандыт? – вызверыўся капітан.
-- Я не бандыт, -- адказаў Міхал.
-- Зброя дзе? Я, капітан Іваноў, у цябе пытаюся!
-- Пад вываратнем, -- сказаў Міхал. Не хацелася яму ўводзіць у злосць п’янага капітана.
-- Фартушноў! – галёкнуў капітан Іваноў.
Ад купкі салдат аддзяліўся цыбаты яфрэйтар і, укленчыўшы, палез пад выварацень. З паўслова зразумеў ён капітана Іванова.
-- Стасевіч! Бандыт! Пяць крокаў улева. Хутчэй! – крыкнуў капітан Іваноў.
“Баішся ты мяне, хоць і без зброі я. Зараз пакажу табе, што і без зброі можна змагацца. Выйдзе п’янка з тваёй галавы, калі смерць перад вачыма ўбачыш”, -- падумаў Міхал і ступіў пяць крокаў улева.
-- Фартушноў, чаго там корпаешся? – не сцярпеў капітан Іваноў.
Затрапятаўшы нагамі, яфрэйтар Фартушноў вылез з-пад вываратня, цягнучы за сабою стрэльбу.
-- А-а-а… – ціха заплакаў Сымонка.
-- Не плач, хлопчык. Не плач! – прашаптаў Міхал.
Сымонка зірнуў на яго шырока расплюшчанымі вачанятамі і прыязна, як толькі могуць гэтак дзеці, усміхнуўся. Невядома, што падумалася яму.
-- Во ягоная зброя, пан капітан.
Капітан Іваноў падышоў да яфрэйтара Фартушнова, уважліва агледзеў стрэльбу, нават носам пацягнуў, панюхаўшы, а затым павярнуўся да Міхала.
-- Наша вінтоўка. Так, Стасевіч?
-- Так, -- не стаў таіцца Міхал. – У баі я яе здабыў.
Наблізіўшыся да Міхала, капітан Іваноў махнуў шабляй.
-- Дарую жыццё, калі…
Міхал не спускаў вачэй з шаблі. Вельмі ж патрэбна яна яму! Яна дапаможа выбавіцца з бяды, выратуе нявіннага Сымонку. Каб толькі бліжэй падышоў капітан Іваноў, каб хоць на крок бліжэй…
-- Калі хлопчыка, панскае дзіця, сваімі рукамі задушыш, дарую табе жыццё, Стасевіч.
-- Гы-гы-гы, -- рагатнуў яфрэйтар Фартушноў і адразу ж сціх, бы вадою захлынуўся.
-- Задушы, Стасевіч. Вялікай сілы тут не трэба.
-- І вялікага розуму, -- падтакнуў капітану Іванову Фартушноў.
-- Не трэба вялікай сілы, Стасевіч. Двума пальцамі сцісні. Хрусне пад пальцамі – і ўсё. Вольны ты. Ты ж змагаўся за волю. Волі хацеў. Дарую табе волю. Я, капітан Іваноў!
“Што ж ён вярзе? – падумаў Міхал, разгубіўшыся на якую хвіліну. – Хоча, каб я жыццё і волю купіў цаною забойства? Хіба ж можна жыць, пазбавіўшы жыцця дзіцяці, якое, відаць, і твар мамкі не запомніла? Хіба можна быць вольным, узяўшы на душу страшны грэх? Няўжо не даходзіць гэта да цябе, капітан Іваноў?”
-- Ну, сцісні! Набярыся мужнасці! Усё роўна яно мярцвяк! Палкоўнік Свіньін загадаў, каб мы яго забілі. А слова палкоўніка – для нас закон.
Болей Міхал не мог трываць.
-- Глядзі, -- сказаў ён і паклаў Сымонку на зямлю.
-- Нагою раздушыш? – прамовіў капітан Іваноў і, хіснуўшыся, падышоў бліжэй.
Міхал праваю рукою схапіў капітана Іванова за валасы, а леваю выхапіў шаблю і прыставіў яе яму да горла.
-- Ы-ы-ы… – вырвалася ў капітана Іванова.
Салдаты загаманілі, а яфрэйтар Фартушноў ускінуў стрэльбу, цэлячыся ў Міхала.
-- Ты, гніда! – звярнуўся да капітана Іванова Міхал. – Калі твой яфрэйтар не апусціць стрэльбу, то я, як смярдзючаму казлу, горла табе перарэжу. Ну!
Капітан Іваноў пазелянеў ад страху. Цяпер ён не думаў ні пра чыны, ні пра ўзнагароды, ні пра палкоўніка Свіньіна, ні пра панскае дзіця, якое хвіліну назад прагнуў знішчыць.
-- Ну! – паўтарыў Міхал, лязом шаблі дакрануўшыся да горла капітана Іванова.
-- Не страляць! – праз сілу прагаварыў капітан Іваноў.
-- Загадай салдатам, каб да балота адышліся.
Капітан Іваноў з жахам паглядзеў на халодную сталь шаблі.
-- Назад! Назад!
Салдаты сталі адступацца да балота.
-- Бягом! – крыкнуў Міхал.
Салдаты дружна павярнуліся і пабеглі.
Кінуўшы шаблю, Міхал падняў Сымонку.
Амаль нічога не цямячы ад страху, капітан Іваноў прагаварыў:
-- Пажартаваў я… Я…
-- Вось табе за гэты жарт! – Міхал кулаком стукнуў капітану Іванову па галаве і пабег.

Да сваіх

Куля ўсё-ткі дагнала Міхала. Яна балюча пеканула яму ў правае плячо. Міхал адчуў, як па спіне, распаўзаючыся, папоўз струменьчык крыві, але ён не збавіў ходу, бег не спыняючыся, леваю рукою трымаючы Сымонку. Цяпер у Міхала не было зброі. Толькі кемлівасць і знаходлівасць маглі яму дапамагчы. Менавіта знаходлівасць яго нядаўна выратавала, як не раз і не два выручала ў баі, як дапамагла і тады, калі ён разам з панам Канстанцінам вырашыў уцячы з царскага астрога.
Праўда, і шчасце было на іхнім баку, выпадак ім дапамог. Аднаго дня, прыйшоўшы з канцылярыі, куды яго выклікаў сам палкоўнік Свіньін, пахваліўся канакрад Нупрэй:
-- Заўтра паеду ў госці да палкоўніка.
-- Так і чакае ён цябе! – прысвіснуў хтосьці з калоднікаў.
-- Чакае. Палкоўнік у свой маёнтак мяне запрасіў.
Вярсты за тры ад астрога палкоўнік Свіньін зладзіў сабе маёнтак, высокім тынам яго абнёс, сажалкі павыкопваў. Калоднікі, якіх ганялі на працу да палкоўніка Свіньіна, казалі, зайздросцячы: “Жыве, як у Бога за пазухай”.
-- Палкоўнік мяне на крэсла пасадзіў, віном пачаставаў, -- салоўкам заліваецца канакрад Нупрэй.
-- За што ж табе ад яго пашана гэткая? – пацікавіўся Міхал.
-- На стайні ў палкоўніка неаб’езджаны жарэбчык. Папрасіў палкоўнік, каб я яго да сядла прывучыў. Ведае палкоўнік, што ніхто лепш, чым я, жарэбчыка не абвучыць.
-- Адзін ты не справішся, -- падсеў да Нупрэя пан Канстанцін.
-- Аднаму нялёгка справіцца, -- пагадзіўся Нупрэй. – Палкоўнік сказаў, каб яшчэ двух малойцаў сабе я падабраў.
Міхал адчуў, як у грудзях часта забілася сэрца. Нездарма пан Канстанцін завёў гаворку з канакрадам Нупрэем. З астрога ён вырашыў вырвацца, няйначай.
-- Вазьмі мяне і яго, -- кіўнуў галавою пан Канстанцін, паказаўшы на Міхала. – Ён з маленства каля коней ходзіць. Сіла ў яго. З любым канём справіцца.
Канешне ж, Нупрэй добра запомніў, якая сіла ў Міхала. Маўчыць, думае, моршчыць лоб.
-- Чаму ж вам так зарупела мне дапамагчы? – нарэшце прагаварыў.
Пасля таго, як Міхал агрэў Нупрэя, ён ні разу не назваў пана Канстанціна на ты.
-- Сядзім жа, як у меху, -- пачаў пераконваць канакрада пан Канстанцін. – Хоць сякеру вешай тут, сцены і тыя прасмярдзелі. Вольным паветрам хочацца дыхнуць.
-- Кожнаму хочацца! – вочы ў Нупрэя бліснулі, як у ката ноччу. – За паветра трэба заплаціць.
-- Я заплачу, не пашкадую, -- пан Канстанцін дастаў з кішэні прадаўгаваты, як цыбуліна, гадзіннік на  срэбным ланцужку і падаў яго Нупрэю. – Бяры. Твой ён.
Гэты гадзіннік – падарунак жонкі пані Зосі – адзінае багацце, якое засталося ў пана Канстанціна. Вельмі даражыў ім пан Канстанцін. Не раз яго хаваў, перахоўваў, бо ведаў: убачыць сквапны чужынец – развітвайся, лічы, што няма гадзінніка ў цябе.
-- І вазьму… – тоўстымі, закарэлымі ад гразі пальцамі Нупрэй узяў гадзіннік і схаваў за пазуху.
Два конныя салдаты прыгналі Міхала, пана Канстанціна і Нупрэя ў маёнтак палкоўніка Свіньіна і, пакінуўшы каля ганка сваіх коней, адразу ж павялі на стайню.
Што агонь, быў жарэбчык у палкоўніка Свіньіна. Ён доўга не даваў надзець на сябе вобруць. Брыкаўся, станавіўся на дыбы, стараўся ўкусіць, злосна фыркаючы. Тады Міхал накінуў яму на шыю пятлю і заціснуў так, што жарэбчык аж захроп.
Зняможанага, абмяклага, яны ўтрох – Міхал, пан Канстанцін і Нупрэй – вывелі жарэбчыка на двор, трымаючы за доўгую вяроўчыну.
На ганку стаяў палкоўнік Свіньін, а непадалёку тоўпіліся падначаленыя: усім ім было цікава паглядзець, як калоднікі абвучаць маладога жарэбчыка.
На двары жарэбчык зноў падняўся на дыбы.
Міхал і пан Канстанцін, пераглянуўшыся між сабою, кінуліся ўбок. Нупрэй, не ўтрымаўшы, пусціў вяроўчыну.
-- Разбягайцеся, бо затопча! – што ёсць сілы крыкнуў Міхал і прарэзліва свіснуў.
Палкоўнік Свіньін забег у сенцы, салдаты хто куды, гарохам урассыпную.
Міхалу і пану Канстанціну таго і трэба было. Яны ўскочылі на асядланых коней, пакінутых канваірамі каля ганка, гікнулі, свіснулі. Панесліся коні, сцелючыся хуткакрылымі птушкамі.
Пакуль салдаты апамяталіся, пакуль павыводзілі са стайні коней, Міхал і пан Канстанцін былі ўжо далёка.
“Той раз вы мяне не злавілі і цяпер не зловіце. Хваробу вам!” – думаў Міхал.
Ён бег, пакуль не перахапіла дыханне, пакуль ад слабасці не стала кружыцца галава.
“Трэба адпачыць, набрацца сіл, бо ўпаду, непрытомны”, -- падумалася яму.
Міхал стаў, асцярожна паклаў на мох Сымонку, скінуў з сябе кашулю, разарваў яе і, моршчачыся ад болю, перавязаў рану.
Гулліва ўсміхаючыся, Сымонка глядзеў на Міхала. “Які ж ты малайчына! Адкуль у цябе столькі цярпення? Іншы, калі б гэтулькі, як табе, выпала на долю, зайшоўся б ад крыку. А ты ж яшчэ і галодны”, -- з замілаваннем падумаў пра Сымонку.
Міхал сеў каля хвойкі і ўзяў Сымонку на рукі. “Будзьце мужнымі і будзьце шчаслівымі!” – нагадаўся яму паўстанцкі дэвіз Тадэвуша Касцюшкі.
-- Будзьце мужнымі! – уголас прагаварыў.
Так, мужнасці ў яго хопіць, на літасць царскаму войску, якое спіць і бачыць сябе ўладным, ён не здасца. І са сваёй зямлі не сыдзе, тут застанецца, як бы там ні было. Ён чалавек, а не нейкае перакаці-поле. Праўду казаў пан Канстанцін: страціўшы сваю зямлю, чалавек і сваю нацыянальнасць страціць.
Аднаго разу, яшчэ да паўстання, пан Канстанцін расказаў яму, Міхалу, як незадаволеная царскімі ўрадоўцамі беларуская шляхта паслала скаргу на імя царыцы Кацярыны ﺍﺍ, а з Пецярбурга адпісалі просьбітам, што «белорусские обыватели с начала присоединения их к Российской империи усыновлены под державою и пожалованы всеми теми правами и преимуществами, какими древние российские подданные пользуются».
-- Выходзіць, і мяне ўсынавілі пры жывых бацьках? – выслухаўшы, абурыўся Міхал.
-- Выходзіць, што так. Без мяне мяне жанілі, -- нявесела пажартаваў пан Канстанцін.
-- А хто ж мае права за мяне вырашаць, як мне жыць? – усклікнуў Міхал.
-- Іхняе права – сіла, -- сказаў пан Канстанцін. – Царскія ваяводы і земскія камісары гаспадараць на нашай зямлі, нібыта ў сябе ў казарме.
-- Пан Канстанцін, мы ж на сваёй зямлі хутка чужаземцамі станем, нейкай непатрэбшчынай! – занерваваўся Міхал.
А пан Канстанцін яшчэ больш яго азадачыў:
-- Ужо становімся, Міхал.
Самі сабою сцяліся кулакі ў Міхала.
-- Я і за зброю магу ўзяцца!
-- Некалі ўсе возьмемся, -- дакончыў размову пан Канстанцін.
На руках у Міхала заварушыўся Сымонка.
-- Зараз мы да сваіх пойдзем. Пойдзем, хлопчык. Да сваіх!.. – прагаварыў Міхал і, устаўшы, пайшоў праз лес.

“Хай іх Бог не чапае…”

Павыганяўшы з кустоў кароў, Пархвен вярнуўся назад. Каля лесу, дзе ён толькі што сядзеў, не было ні Волькі, ні Панаса, ні Жука.
-- Волька-а!.. – паклікаў Пархвен.
Але не азвалася дачка.
-- Пана-ас! – ужо мацней гукнуў Пархвен.
І сын не азваўся.
Пархвену ўспомнілася, як выў Жук, падняўшы ўгору пысу.
-- На бяду, -- прашаптаў Пархвен і падаўся ў глыб лесу. Ён ведаў, дзе шукаць дзяцей: у Новінах, там, дзе нядаўна прагучалі стрэлы.
“Такі ж не паслухаліся мяне, палезлі на ражон. Яшчэ застрэляць іх тыя вылюдкі і ўтопчуць у балота, -- думаў Пархвен. – Мабыць, Панас падгаварыў Вольку. І ў яе, хоць і замуж ісці збіраецца, вецер у галаве”. Прыйшло на памяць, як прасіла ў яго дачка, каб дазволіў выйсці замуж.
Перш, вядома ж, з маці яна перагаварыла. Разам і прыйшлі да яго. Ён, Пархвен, якраз нож аб камень тачыў. Сам зрабіў яго з абломка касы.
-- Татка, -- нясмела пачала Волька.
-- Чаго, дачушка? – азваўся ён, водзячы нажом па камяні.
Пачырванела Волька, апусціла галаву, пальцамі вышыванку на кофце перабірае.
-- Татка, я замуж іду…
Востры нож слізгануў па камяні, ледзь па руцэ Пархвену не рэзнуў. Ён, Пархвен, чамусьці не на дачку, а на жонку, на Юлю, зірнуў.
-- Так, так, -- кіўнула галавою Юля.
-- Хіба ты здурнела? – знячэўку накінуўся на Юлю Пархвен. – Яна ж зусім дзіця!
-- Вырасла наша дачушка. Замуж ідзе, -- сказала Юля, ражком хусцінкі выціраючы вочы.
Пархвен перавёў позірк на дачку. Нічога не скажаш, вырасла Волька, сапраўднай паненкай стала. А ён і не заўважыў за клопатамі-турботамі. Усё дзіцём яна яму здавалася. Непрыкметна, як адно імгненне, праляцелі леты.
Пархвен устаў, паклаў нож на камень.
-- За каго ж ты ідзеш?
-- За Міхала, татка.
Так, добрага хлопца выбрала дачка. Міхал і прыгожы, і працавіты. Можна было б парадавацца, на іх гледзячы, калі б не такі час.
Бацька, Лявон, нездарма перад смерцю папярэдзіў, каб далей ад царскіх прыслужнікаў трымаўся. Як у ваду, глядзеў ён. Быццам адчуваў, што новае гора яны прынясуць.
Як і цяпер, увосень, збітага прывезлі ганькоўцы бацьку дамоў.
-- Лявонка, хто ж цябе так збіў? – загаласіўшы, заламала рукі маці, Настуся.
-- Царскія салдаты, -- прашаптаў бацька.
Гэта было ў той год, калі заявіліся сюды царскія ўрадоўцы. Бацька ў тую восень у горад з ганькоўцамі паехаў, каб бульбу прадаць. У апошнія дні быў вясёлы, гаваркі. Як ніколі, жартамі сыпаў, песні спяваў… Бы на бяду.
У горадзе, сабраўшы на рынку людзей, царскі афіцэр выступаў. Не сцярпеў бацька, калі пачуў ад афіцэра: “Радуйцеся! Вызвалілі мы вас”.
-- Ад каго вызвалілі, галубок? Мяне ніхто за чуб не трасе.
-- Дурань ты! – абурыўся афіцэр. – Я цэлых паўгадзіны стараюся, расказваючы, а да цябе анічога не дайшло.
-- А ты, галубок, не старайся нас, дурняў, вучыць, і сам дурнем не будзеш, -- адказаў бацька.
Доўга не думаючы, афіцэр пляснуў бацьку па твары, а бацька з развароту яму поўху (не прывык ён, каб білі). Упаў афіцэр, заенчыў. Нібы лютыя сабакі, накінуліся на бацьку царскія салдаты: збілі, стаўклі нагамі. Паміраючы ад пабояў, наказаў яму, Пархвену, бацька:
-- Сынок, асцерагайся іх, не звязвайся з імі, не чапай. Хай іх Бог не чапае.
А потым памерла і маці, Настуся. Не на доўга перажыла яна бацьку. Патухла, як свечка, на якую нечакана дзьмухнулі.
-- Каб толькі не спазніцца!.. Каб толькі не спазніцца!.. – бегучы па лесе, шаптаў Пархвен, як шэпча гаротнік, просячы Бога, каб лепшую долю паслаў.
Паспрыяў Бог Пархвену. Жывымі і здаровымі ўбачыў ён Вольку і Панаса. Іх вёў па сцежцы, пратаптанай дзікамі, маларослы салдацік, падобны да падлетка.
Пархвен хацеў выскачыць, бо ведаў: на гэтай сцежцы яма, якую ён сам выкапаў на дзікоў і добра замаскіраваў. Але непадалёку ад ямы, каля гонкай маладзенькай хваінкі, канваір скамандаваў Панасу і Вольцы:
-- Эй вы, стойце!
Панас і Волька сталі. Панас плача, усё паўтараючы:
-- За што?.. За што?..
А Волька суцяшае яго:
-- Не плач, братка!
Пархвен засоп носам. Аж ноздры захадзілі. Як жа выратаваць дзяцей? Напасці на салдата? Вядома, можна напасці і аглушыць. Але ж сябрукі знойдуць яго і пачнуць шукаць таго, хто аглушыў, каб адпомсціць. Натрапяць на хутар – спаляць са злосці.
“Сынок, асцерагайся іх, не звязвайся з імі, не чапай. Хай іх Бог не чапае”, -- прыйшлі на памяць бацькавы словы.
“Не, не буду я нападаць, па-іншаму зраблю”, -- падумаў Пархвен. Ён лёг на зямлю і застагнаў, як паранены:
-- А-а-а… А-а-а…
-- Хто там? Хто? – устрапянуўся салдацік.
-- А-а-а! – другі раз застагнаў Пархвен. “Ну, ідзі. Хутчэй ідзі. Чаго стаў слупам? Не ўкапалі ж цябе! Ідзі!” – у думках прасіў ён салдата.
Той з аглядкай стаў набліжацца. Пархвен адпоўз назад.
-- А-а-а!.. – зноў застагнаў.
-- Хто там? Азавіся! – прамовіў салдат і, узмахнуўшы рукою, з грукатам праваліўся ў яму.
Усхапіўшыся, Пархвен выбег на сцежку.
-- Дзеткі, сюды!
Мінуўшы яму, Волька і Панас падбеглі да яго.
-- Татка, гэта ты так стагнаў? – пацікавілася Волька.
Не адказаўшы Вольцы, Пархвен запытаўся ў Панаса:
-- Сынок, чаму ты плачаш?
-- Яны нашага Жука забілі. Яны!.. – мацней заплакаў Панас.
-- Хадзем. Хутчэй хадзем, -- падштурхоўваючы ў плечы, Пархвен пагнаў перад сабою сваіх дзяцей.

Роздум

Тулячы да грудзей, Міхал нёс маленькага Сымонку. Ногі міжволі вялі яго на знаёмы Пархвенаў хутар.
“Куды ж я іду?” – тахнула Міхалу ў галаву. Ён спыніўся. Зусім вылецела з галавы, што Катлярэвічы болей не жывуць там, на хутары.
Пасля арышту ён, Міхал, ні разу не бачыў Вольку-Волечку, але ад ганькоўскіх, якія прыйшлі ў атрад пана Канстанціна, чуў, што ў іншае месца перабралася Пархвенава сям’я.
Міхал хацеў папрасіць пана Канстанціна, каб на дзень-другі адпусціў дамоў. Магчыма, дазволіў бы пан Канстанцін, і ён, Міхал, абавязкова знайшоў бы новае Пархвенава жытло (людзі падказалі б, дзе яно, людзі ўсё ведаюць), але пачаліся жорсткія баі з царскім войскам, якое ўзначаліў генерал-паручнік Аляксандр Сувораў. Якраз тады ў адным з баёў Міхалу ўдалося адбіць сваю Зорку. А потым прыйшлося адступаць. Няроўныя былі сілы. Адзін за адным на вечны спакой адыходзілі баявыя сябры. Вось і пана Канстанціна не стала. Невядома, дзе ягоная магілка… Дый ці ёсць яна? Мажліва, кінулі яго пад куст і прысыпалі пяском…
Не верыцца, што няма пана Канстанціна, што спіць вечным сном. Яшчэ ж зусім нядаўна ён жартаваў, падбадзёрваў, пра мінулае свайго народа расказваў.
Міхал прыхінуўся да дрэва, заплюшчыў вочы і ўявіў: гарыць цяпельца, сполахамі-агеньчыкамі прарэзвае цемру. Пан Канстанцін сядзіць каля самага цяпельца. Вакол – паўстанцы: хлопцы, дзядзькі… Многія з іх даўно пасівелі…
-- Кожны з нас павінен свой народ любіць, ім ганарыцца, для яго дабра і славы жыць і працаваць, -- вядзе гаворку пан Канстанцін.
-- Эх! – уздыхае хтосьці. – Калі б не чужынцы, то і цяпер працавалі б мы. Нашы рукі да работы прывыклі.
-- Памалоцім чужакоў і вернемся дамоў, -- даносіцца з цемры густы бас.
-- У кожнага з нас сям’я, кожны з нас да яе прывязаны, пра яе думае. Ну, а якія павіннасці беларусаў у сям’і? – пытаецца ў сваіх паплечнікаў пан Канстанцін і, крыху памаўчаўшы, сам адказвае: -- Трэба, каб у сям’і маліліся і гаварылі па-беларуску, каб беларускія звычаі захоўвалі, каб беларускі характар выяўлялі.
-- Як гэта? – пытаецца Змітрок – старэйшы з тых трох братоў-блізнятаў, якіх прывёў у атрад пакрыўджаны царскімі салдатамі сівы як лунь стары з Загор’я.
-- Як? – перапытвае пан Канстанцін. – Паслухай павучальную гісторыю. На двор да аднаго нашага шляхціца ўехаў заморскі госць і, убачыўшы прыгожы драўляны палац, усклікнуў: “О! Які цуд! Я ніколі ў жыцці не бачыў так прыгожа складзеных дроў!”
Паўстанцы, як адзін, выбухнулі рогатам. Смяецца і пан Канстанцін. Утульна, весела каля цяпельца. Быццам не йдзе вайна.
-- І палац, і дом, які мы будуем, павінны адрознівацца ад палацаў, дамоў, якія ў іншых землях будуюцца, -- тлумачыць пан Канстанцін. – Будуючы сабе сядзібу, свой адметны характар выяўляем мы. І калі ўсякія ўзоры, малюнкі на кашулі вышываюць нашы матулі ці сёстры, таксама свой характар выяўляюць яны.
-- Вось як! – склаўшы губы дудачкай, працягла вымаўляе Змітрок.
Цікавы ён хлопец, непадобны на іншых. У першы ж дзень заявіў пану Канстанціну, паставіўшы перад ім сваіх братоў:
-- Хоць і блізняты мы, але я старэйшы з іх, бо першым нарадзіўся.
Дружна заківалі галовамі малодшыя браты-блізняты: маўляў, так, старэйшы ён. Як бацьку, Змітрака яны слухаліся.
Праўда, адзін раз не паслухаліся, зрабілі па-свойму. У час бою каля Крупчыцкага кляштара, убачыўшы, што населі на іх, на падмогу кінуліся, хоць і крычаў ім Змітрок, каб самі ратаваліся.
Загінулі яны, а Змітрок жывы застаўся. Дзе ж ён цяпер? Магчыма,  ужо лёг на полі бою, глядзіць нежывымі вачыма ў неба, а над ім чорнае груганнё кружыцца, спускаючыся ўсё ніжэй…
Міхал адчуў, як сціснула сківіцы і даўкі камяк падступіў да горла.
-- А-а-а… – заплакаў Сымонка.
-- Не плач, дзіцятка! – прамовіў Міхал, праглынуўшы салёны камяк. – Не плач…
Зноў нагадаўся той дзень, калі яны з панам Канстанцінам вырваліся з царскага астрога. Што малыя дзеці, радаваліся яны. Радаваліся свежаму паветру, птушыным спевам, кожнай травінцы, кожнай ялінцы радаваліся, усёй душой купаючыся ў гэтай радасці, як у нагрэтай сонцам рачной вадзе.
-- Хутка, Міхал, з Зосяй і Сымонкам я сустрэнуся. Як ты думаеш: засумавалі ў маёнтку яны без мяне? – прагаварыў пан Канстанцін.
-- Канешне, засумавалі, чакаюць не дачакаюцца, -- усміхнуўся Міхал.
Пазней яны праведалі, што за дзень да гэтага забраў маёнтак палкоўнік Свіньін, а паню Зосю выгнаў на двор. З маленькім Сымонкам у чужых людзей яна прытулілася.
Не, не ў чужых…
Учора вечарам, калі спыніліся яны, каб адпачыць, пан Канстанцін падазваў Міхала і сказаў:
-- Міхал, непадалёку, на хутары, пані Зося з Сымонкам. Надзейны чалавек паведаміў мне, што шукаюць іх царскія прыслужнікі. Трэба забраць іх…
-- Едзем, -- прамовіў ён, Міхал, і пайшоў сядлаць коней.
Калі вярталіся ў атрад, забраўшы Сымонку і пані Зосю, вырвалася ў пана Канстанціна:
-- Зосечка, і ў сне я не падумаў бы, што ў чужых людзей будзеш хавацца ты.
-- Яны мне не чужыя, -- сказала пані Зося. – Яны мне свае. Не сваякі, але свае. Як у сябе дома, жыла я ў іх.
Так, свае. Не родзічы, але родныя. Чужыя не будуць ратаваць. Чужыя растопчуць і пасмяюцца… Жыла… Яшчэ ўчора вечарам жыла пані Зося… А сёння зранку ад першай кулі загінула. Павалілася, войкнуць не паспела. Ляжала, спалатнелая, а на вуснах, у самым куточку, дзве крывінкі, як дзве слязінкі, застылі…
Нечакана прагрымеў той першы стрэл… Няўжо знарок першай яе выбралі, пацэлілі? Не мужчыну-воя, а яе, паненку чорнавалосую… Мусіць, знарок… Шукалі і знайшлі…
У пана Канстанціна ні слязінкі не пралілося. Не было калі плакаць яму.
-- Да бою! – скамандаваў ён.
І прынялі яны бой. Няроўны бой… Бязлітасны бой…
Міхал стаяў, кусаючы губы… Куды ж цяпер ісці? У Ганькі, як адразу хацеў? А што, калі там чакаюць яго? Не дурні яны… Чакаюць… І прагрыміць нечаканы стрэл…
Міхал нагнуўся над Сымонкам і прашаптаў:
-- Сымонка, вечарам, як сцямнее, пойдзем у Ганькі. Людзі дапамогуць табе. Людзі свае, не чужыя…

Адчай

Пархвен прывёў Вольку і Панаса на балота, дзе пасвілася быдла.
-- Волька, чаму пайшлі без дазволу? Я ж вам казаў, каб тут сядзелі, -- строга зірнуў на дачку. Канешне, з яе спрос, як са старэйшай.
-- Татка, я думала, думала… – Вольцы не хапала духу, каб вымавіць апошнія словы, сказаць праўду.
-- Ну, ну… – падахвоціў Пархвен.
-- Татка, я думала, што там Міхал, што царскія салдаты яго шукаюць, -- усё-ткі прызналася Волька. Не ўмела і не прывыкла яна хлусіць. Як помніць сябе, самым патаемным звычайна дзялілася з маці. А ці зразумее яе бацька? Вядома, вінаватая яна: не трэба было ёй браць з сабою Панаса. Панасу яшчэ жыць і жыць. А ёй… Ёй, хоць грэх так думаць, няма жыцця без Міхала. Колькі начэй недаспала яна пасля таго, як Міхала забралі ў астрог! Колькі разоў глядзела на дарогу, якая вядзе ў Ганькі! Чакала, спадзявалася: а мо пакажацца Міхал? Дарма сядзела, дарма выглядала. Нават у сне ні разу да яе ён не прыйшоў. Быў і не стала яго. “Мусіць, пакрыўдзіўся ён на мяне, раз і ў сне не прыходзіць”, -- думала яна. А аднаго разу не вытрымала, заявіла маці:
-- Мама, я схаджу ў астрог, да Міхала. Праведаю яго.
Выслухала яе маці і сказала:
-- Адну не пушчу. І я пайду з табою.
Каля астрога народу, як на рынку. Праўда, на рынку заўжды гамонка, смех, а тут ціха, нібыта на пахаванні. Твары ў людзей шэрыя, быццам пылам пакрытыя. Некаторыя стаяць, згорбіўшыся, з надзеяй пазіраючы на высокую астрожную сцяну, некаторыя сядзяць і ляніва жуюць акрайчыкі хлеба. Вольцы, як толькі яна ўбачыла астрог і гэтых людзей, здалося, што магілай дыхнула на яе.
Маці падвяла Вольку да варотаў, каля якіх стаялі два дзябёлыя, надзьмутыя салдаты: адзін быў старэйшы, а другі – малады.
-- Паночкі, -- звярнулася да іх маці, -- прапусціце нас. Будзьце ласкавыя.
Старэйшы нахмурыўся і рэзка прагаварыў:
-- Да каго?
-- Да Міхала, -- зніякавела маці. – Міхал наш, тутэйшы хлопец. Я з дачкой… Ён жаніх маёй дачцэ. Вяселле збіраліся згуляць, ды Бог не даў…
-- Да якога Міхала?
-- Міхала забралі з панам Канстанцінам Валовічам, -- пасмялела маці. – Пана Канстанціна многія ў нас ведаюць. Пусціце, паночкі…
-- Не дазволена!
-- Чаму не дазволена? – здзівілася маці.
-- Пусціце! Мы ўсяго на адну хвілінку, -- стала дапамагаць Волька.
-- Да іх не дазволена!
-- Ідзіце, бо і вас пасадзім, -- папярэдзіў малады салдат.
-- За што нас? – усклікнула маці.
-- Пасадзяць. Ім нядоўга. Ідзіце адгэтуль, пакуль не позна, -- параіў нейкі стары.
Пайшлі. Доўга потым, зайшоўшы за нечый хлеў, каб не бачылі, плакала Волька. Думала, што, даўшы волю слязам, сваё гора выплача. Але так і не выплакала. Тузае, шчыміць рана на душы. Мабыць, ужо ні час не залечыць і ніякія слёзы не зальюць.
-- Татка, не змагла я ўсядзець, не змагла! – усклікнула Волька. – Татка-а!..
У Пархвена заторгалася левае брыво. “І мяне яны падкасілі. Божа, чаму такія нешчаслівыя мы?” – падумаў ён і сказаў з папрокам:
-- Не змагла… Хіба мала паўстанцаў па лясах паразбягалася? І ты за кожным будзеш бегаць? За ўсімі не ўбегаешся.
-- Татка, не ўгаворыш ты мяне.
Пархвен дрыготкай рукой правёў па твары. На сваім стаіць дачка. Быццам забылася, што зусім нядаўна ішла па тонкай кладачцы, якая ледзь не паламалася. Напэўна, пасля пажару трэба было яшчэ далей перабрацца. Перабрацца… Далей… А хіба там не йдзе вайна? Па ўсім краі гора пажарам разлілося. А тут і магілкі засталіся. Дзедава, бабіна, бацькава, мацерына… Адна пры адной…
-- Волька, чым ты дапамагла б яму? Што, сіла ў цябе? Як саломінку, яны тваю сілу паломяць, -- з горкасцю прамовіў Пархвен.
Волька адчула, што ў душы нараджаецца непрыязь да бацькі, незалежна ад яе волі, сама сабою нараджаецца. Халадком, як позняя восеньская раса, абцягвае яна душу.
“Ты мяне не зразумееш, -- думалася. – Табе не пажалішся. Не, не…”.
-- Татка! Татка!.. – так і не выказаўшы да канца сваю крыўду, Волька адвярнулася і заплакала.
Пархвен апусціў галаву. У спрэчку кінулася дачка, чаго раней ніколі не было. Крыўду затаіла. А за што, запытацца? Хіба ён вораг ёй, хіба Міхала не шкадуе? Не ведае, што і ён хадзіў у астрог, каб Міхала праведаць.
-- Юля, я хоць перадачу яму занясу. Мо прымуць ад мяне, -- сказаў, калі Юля і Волька ні з чым вярнуліся з горада.
Сам торбачку спакаваў, паклаўшы ў яе і хлеба, і сала, і яек. Але і яму, што называецца, паказалі ад варот паварот. Шчасце, што палкоўніку Свіньіну на вочы не трапіў. Калі б сустрэў яго, то запытаўся б ён, чаму ў вёску не перасяліўся. І новую хату спалілі б. А Волька, дурніца, крыўдзіцца.
Пархвен перавёў позірк на Панаса. І ён хлімкае, і ён ваўчанём глядзіць. Насланнё нейкае. Можна падумаць, што не царскія ўрадоўцы, а ён, Пархвен, ва ўсім вінаваты.
-- Слухайце, -- звярнуўся да сына і дачкі Пархвен. – Я зараз быдла далей пераганю. А вы дамоў ідзіце.
-- Татка, -- падняў заплаканыя вочы Панас, -- я вярнуся і Жука закапаю.
У Пархвена зноў тарганулася левае брыво.
-- Не цяпер!
-- Калі, татка?
-- Потым, -- сказаў Пархвен і, падумаўшы, дадаў: -- Я сам яго закапаю, сынок…
Панас не адказаў. Пайшоў, спатыкаючыся.
-- Волька, -- прамовіў Пархвен, -- не лазьце па лесе. Я вельмі прашу цябе, Волечка.
-- Добра, татка, -- паабяцала Волька.

Каля крынічкі

“Міха-ал!” – Вольцы хацелася закрычаць так, каб і на тым свеце пачулі.
-- Першым разам, Божым часам. Госпаду Богу памалюся, святой Мацеры Божай прыкланюся, -- таропка зашаптала яна. – Ёсць у свеце многа царыкаў, а мне тры трэба: першы царык – ясны месяц на небе, другі царык – воўк у калодзе, трэці царык – мядзведзь пад выскаддзей. Як мне з ім не сходзіцца, а ім за адзін стол не садзіцца, і не піць, і не есць, не гуляць, так рабу-зверу з маім суджаным, з ясным месяцам не сходзіцца, не відацца, не стракацца.
-- Сястрычка, -- шмаргануў носам Панас, -- чаму ты кажаш замову ад ваўкоў?
Усё-ткі пачуў Панас. Але, ад ваўкоў замову яна кажа, тую замову, якой некалі бабуля Настуся яе навучыла.
Як сёння было, помніць яна, Волька. Пасадзіўшы на лаву, вучыць, навучае яе бабуля:
-- Унучка, зорачка мая, калі ўбачыш у лесе шэрага воўка, не ўцякай, а хутчэй замову прымаўляй.
-- І шэры воўк спалохаецца, уцячэ? – пытаецца яна ў бабулі.
-- Сваёй дарогай ён пойдзе, цябе не зачэпіць. Але ты слоўца ў слоўца кажы, -- настаўляе бабуля.
Вось і спатрэбілася ёй бабуліна замова. Праўда, супраць іншых, якія след у след за Міхалам ступаюць. Няхай аберажэ, няхай выратуе яго бабуліна замова.
-- Я свайго яснага месяца, -- мацней кажа Волька, -- загаворваю дзвёмі зарамі – ранняй і вячэрняй – застанаўляю, цёмнай ноччу пасцель усцілаю, дробнымі зорамі адсяваю. Воўку валоўства, ваўчыцы юцы, чорнай рызай вочы засцілаю, застанаўляю і замыкаю зубы, губы, ногці, когці залатымі замкамі, сярэбранымі ключамі. Я ж тыя ключы вынімаю і на сіне мора кідаю. Майму яснаму месяцу, чур ад пары да пары, да слушнага часу.
-- Волечка, мне страшна, -- прызнаўся Панас.
Волька абнімае Панаса за плечы. Яны ў яго гарачыя-гарачыя, а каля шыі, пад яе локцем, б’ецца, трымціць жылачка.
-- Не бойся, Панаска. Усё будзе добра, -- супакойвае Волька не толькі брата, але і сябе.
-- Не. Без Жука мне ўжо ніколі не будзе добра, -- крывіцца Панас.
-- Даўся табе Жук. Забудзься пра яго. Казаў жа табе татка: плачам гору не паможаш.
-- Я вярнуся! Я закапаю Жука! – стараецца вырвацца Панас.
Волька мацней трымае брата. Не, яна яго нікуды не адпусціць. Яна ж паабяцала бацьку.
-- Супакойся, братка. Ну, супакойся, бо і я заплачу. Зараз каля крынічкі пасядзім, адпачнём. – Волька вядзе Панаса да крынічкі (яна, атуленая кустамі, ціха булькоча, выбіваючыся з-пад зямлі на волю) і садзіць на лаўку.
Лаўку бацька зрабіў, калі яны пабудавалі новую хату. Хата непадалёку ад крынічкі.
Як жа супакоіць Панаса? Вельмі ж узрушаны, узнерваваны ён. Проста не ў сабе. Перапалохаецца маці, калі ўбачыць яго такім.
А Панас сядзіць, згорбіўшыся. З-пад палатнянай кашулі вытыркаюцца вострыя плечукі, часам уздрыгваюць, быццам хтосьці нябачны бязлітаснай рукой па спіне яму сцёбае.
Волька наставіла далоню над струменьчыкам, што выбіваўся з-пад зямлі. Вада абпякла холадам.
“Як цяжка цяпер нам усім!” – падумала дзяўчына і ціха заспявала:
                    Расла, расла чаромуха,
                                                    Тонка, высока.
                                                    Тонка, гонка, высокая,
                                                    Лістком шырока.

                                                    Няможна з той чаромушкі
                                                    Лісточка сарваць.
                                                    Няможна і дзяўчыначкі
                                                    Засватанай браць.
Волька скончыла спяваць і яшчэ больш задумалася. “Няможна засватанай браць” – вось як у песні пяецца. А яе Міхал і засватаць не паспеў. Дык што ж выходзіць? Вольная яна?.. Не, не… Яна ніколі не выйдзе замуж за іншага хлопца. Акрамя Міхала, ніхто ёй не патрэбен.
Помніцца, як каля крынічкі яны сядзелі. Міхал (ну й дзівак!) завёў гаворку пра туры – абложныя вежы, якія ахоўвалі вояў пры штурме гарадскіх сцен і валоў.
-- Волька-Волечка, змысныя былі нашы прашчуры, -- расказвае, стараючыся. – Туры іх ахоўвалі не толькі ад стрэлаў, там было і рознае начынне для падкопу пад сцены, пад валы.
-- Тыя даўнія воі сядзелі ў турах, як у хатах? – пырснула смехам яна.
-- Чаму сядзелі? Ім некалі было адседжвацца. Яны ваявалі, да гарадскіх сценаў падбіраліся…
Дзівак! Які дзівак яе Міхал! Ёй хацелася б, каб расказваў пра тое, як салоўка на досвітку спявае, каб ласкавыя словы на самае вушка шаптаў. Ды не скажаш жа яму пра гэта. І тады… яна заспявала пра крынічаньку, пра каханне, гарэзліва пазіраючы на Міхала:
                     Капаў, капаў крынічаньку
                                                  Нядзелечак дзве.
                                                  Любіў, любіў дзяўчыначку
                                                  Людзям – не сабе.
Міхал прыняў выклік, падхапіў:
                                                   Жаль, жаль, жаль мне будзе:
                                                   Возьмуць яе у людзі,
                                                   Возьмуць яе у людзі.
Радасная, званчэй заспявала яна:
                                                   А ужо ж тая крынічанька
                                                   Замуцілася,
                                                   А ужо ж мая дзяўчыначка
                                                   Зажурылася.

                                                   Да ужо з маёй крынічанькі
                                                   Арлы ваду п’юць,
                                                   Да ужо ж маю дзяўчыначку
                                                   Да шлюбу вядуць.
Як мала трэба для шчасця! У той дзень яна, Волька, была шчаслівейшая за ўсіх на свеце. Усе-ўсе нягоды ззаду засталіся, як у незвычайнай казцы са шчаслівым канцом. Як ёй хацелася, каб бясконца працягвалася песня пра крынічаньку!..
Волька заплюшчыла вочы і ўявілася ёй, што яна зноў сядзіць з Міхалам і спявае, радасць па лесе разносячы.
                                                    Адзін вядзе за ручаньку,
                                                    Другі за рукаў.
                                                    Трэці ідзе галосячы:
                                                    Любіў, ды не узяў.

                                                    Ой, жаль не памалу,
                                                    Любіў дзеўчыну змалу,
                                                    Любіў дзеўчыну змалу,
                                                    Любіў, ды не узяў!
-- Волька… Сястрычка!.. – бы здалёку, данёсся Панасаў голас.
-- Што? – устрапянулася Волька.
-- Што будзем рабіць, сястрычка?
Што? Бацька наказваў, каб дамоў Панаса завяла. Дома мама… Да яе прытуліўшыся, набалелае можна выказаць.
-- Дамоў пойдзем, Панас.

На шчасце?

Волька і Панас выйшлі з лесу. Вось і паляна, на якой бацька з талакоўцамі пабудаваў новую хату. Перад самай хатай вялізнае, як сподак, возера. Човен стаіць каля берага. На гэтым чоўне ён, Панас, з бацькам не раз і не два лавіў рыбу. Спусцяць сеткі з чоўна, паставяць іх каля берага, а зранку, яшчэ да сонца, знімаюць іх. Блішчыць луской, трапечацца ў сетцы рыба. Багата яе ў возеры. За хатай – курган, сям-там парослы ядлоўцам.
-- У кургане нашы прашчуры пахаваныя, -- неяк заўважыў бацька.
-- Выходзіць, і даўней, да нас, тут людзі жылі? – пацікавіўся Панас.
-- Думаю, што жылі, -- сказаў бацька.
-- А куды ж яны падзеліся? – хочацца ўсё-ўсё ведаць Панасу.
-- Можа, пакінулі яны наседжанае месца.
“Чаму пакінулі?” – новае пытанне круціцца ў Панаса на кончыку языка, ды ён саромецца запытацца пра гэта ў бацькі. Самому трэба думаць і разважаць. Галава не для таго, каб на ёй шапку насіць.
Канешне, не па сваёй волі даўнія прашчуры сваё жытло пакінулі. Сышлі, бо бяда іх прымусіла. Вось і яны старое, наседжанае месца не па сваёй волі пакінулі. Хоць і прыгожа на новым месцы, але часта шчыміць на душы, калі ўспомніцца старая дзядулева хата. Добра, утульна было ў ёй, усім месца хапала.
-- Татка, нашых даўніх прашчураў вораг адгэтуль прагнаў, -- выказаў здагадку Панас.
-- Мо так і было. А мо проста на месцы знішчыў, -- адказаў бацька.
Панас глядзіць на курган, часта маргаючы вачыма. Знішчылі… Бадай, так. Пабітыя, у адзін капец складзеныя, тут пахаваныя. Шмат крыві і слёз тут калісьці пралілося. Вельмі шмат…
-- Панас, зірні: за маё плячо павучок зачапіўся! – усклікнула Волька.
Але, павуцінкай зачапіўся. Сядзіць на павуцінцы, замёр: баіцца выдаць сябе.
-- Ну і што? – прамовіў Панас.
-- Ну і што! Ну і што! – перадражніла брата Волька. – Павучок шчасце прыносіць. Хіба не ведаеш?
Сапраўды, ёсць такая прымета: шчасце прыносіць павучок таму, за каго павуцінкай зачапіўся. І сястра, вядома, марыць аб шчасці. Ды ці прынясе ёй шчасце гэты маленькі павучок? Ці будзе шчасце ў хаце? Бацька, калі будаваў новую хату, сенцы з усходу паставіў. Каб шчасцю ў хату было лягчэй увайсці.
-- Цяпер шчасце не міне нашу хату. З першым усходам сонца ўвойдзе яно да нас, -- сказаў ён, гледзячы на новыя сенцы.
З хаты выйшла маці. Стала, узіраючыся. Волька і Панас пакрочылі хутчэй.
-- Панаска, чаму ты такі заплаканы? – усклікнула маці.
Панас павярнуўся бачком і прыкусіў губу. Ён не мог гаварыць: слёзы падступілі да горла.
Маці зірнула на Вольку.
-- Дачушка…
Заікаючыся ад хвалявання, Волька расказала маці, як у лесе царскія салдаты запынілі іх і каля вываратня застрэлілі Жука.
-- Крыжа на іх няма! – выслухаўшы дачку, сказала маці.
Панас падняў галаву. На ўсход паставіў сенцы бацька. А шчасце мінула хату.

Хітрыкай

Волька так і не сказала маці, што прымусіла яе пайсці ў лес, не паспела падзяліцца самым запаветным, бо неўзабаве і бацька прыйшоў дамоў.
-- Пархвен, а ты чаго? – здзівілася маці. – Каровы па лесе паразыходзяцца, пагубяцца.
-- Не пагубяцца. Я іх у Лужок перагнаў.
Урочышча Лужок непадалёку ад хаты. Трава там добрая, ядкая. Калі шмат работы, калі няма каму пасвіць кароў, іх заўсёды прыганяюць на Лужок. Іншы раз да вечара там пасвяцца.
-- Юля, зайдзі на хвілінку ў хату, -- сказаў бацька і адчыніў дзверы ў сенцы.
-- Я зараз, зараз, -- зусім разгубілася маці. Цяжка ўздыхнуўшы, яна накіравалася за бацькам.
“Нездарма татка так рана прыйшоў дамоў. Вырашыў праверыць, ці прывяла я Панаса, -- здагадалася Волька. – Цяпер жа ён з мамай хоча параіцца: што далей рабіць, як быць. Вядома, што ў яго на душы. Панас, таго і глядзі, без дазволу ў Новіны пабяжыць, каб з Жуком развітацца, каб закапаць. А там яго сустрэнуць, так прывецяць, што…”
-- Братка, -- нясмела пачала Волька, -- ты не бяры ў галаву.
-- А калі не выходзіць з галавы? Што я з сабою магу зрабіць? – буркнуў Панас.
-- Ну, сплачашся ты. Мама зараз расплачацца. Усе ўзбурацца ў нашай хаце. Добра будзе? Скажы.
Панас не паспеў адказаць, бо з хаты выйшлі бацька і маці. Бацька нёс у руках падвясны свяцільнік, які да гэтага, ведала Волька, заўжды ляжаў у куфры.
-- Дзеці, – прагаварыў бацька, сеўшы на тоўстае бярозавае палена, – добры майстар выкаваў гэты свяцільнік.
-- Ну і што? – прамовіў Панас.
Незадаволенасць адчула Волька ў ягоным “ну і што?”
А бацька, як нічога ніякага, далей вядзе гаворку:
-- Чулі ад дзеда Лявона, дзе раней ён жыў?
-- У Загор’і, -- адказала Волька за сябе і за Панаса.
-- А ведаеце вы, калі гэты свяцільнік вешалі ў хаце?
Гэтага Волька не ведала. Не ведаў пра гэта і Панас.
Волька заўважыла, як ён з цікавасцю паглядзеў на бацьку.
-- Татка, калі? – запыталася Волька.
-- На свята, якое называецца Жаніцьба Пасвета.
-- На свята? – заварушыўся Панас.
-- А вы не здзіўляйцеся, -- далей распавядае бацька. – Не святкуюць яго ў Ганьках. Забылася яно тут. А ў Загор’і не забыліся, святкавалі. У верасні месяцы, калі яшчэ даволі цёпла, але цемра апускаецца даволі рана, калі лучыну трэба запальваць. “Жаніцьба Пасвета” – даўняе свята нашых продкаў. І гэты свяцільнік называецца пасвет.
-- Чаму? – азваўся Панас.
Волька глядзіць на Панаса і бачыць: загарэліся іскрынкі ў ягоных вачах. “Дасць Бог, акрыяе ён”, -- падумала яна.
-- Слухайце, -- незвычайна ласкава кажа бацька. – На свята гэты свяцільнік падвешвалі ў хаце і запальвалі свечкі. Свечкі знарок у горадзе куплялі, грошай на іх не шкадавалі. Яны гарэлі, давалі агонь, святло.
“Пасвет… Святло… – не раскрываючы вуснаў, шэпча Волька. – Святло даваў свяцільнік… І хаце… І людзям у душу… Прабівала святло цемру, змрок праганяла, шчаслівейшымі рабіла людзей…”.
-- Свята “Жаніцьба Пасвета” – гэта ўшанаванне Жыжаля – бога полымя і кавальскай справы. Ён выкаваў залатую калясніцу для Сонца і срэбную для Месяца, -- расказвае бацька. – І стрэлы-маланкі для Перуна.
-- Жыжаль стрэлы-маланкі выкаваў? – прыўзняўся Панас.
-- Не толькі стрэлы-маланкі, але і вясёлку, калі закахаўся ў прыгажуню-багіню Ладу. Пабачыўшы гэткі цуд, сваім мужам назвала яна яго.
Ёкнула сэрца ў Волькі. Успомнілася ёй, як сказаў аднаго разу Міхал:
-- Волька-Волечка, хочаш, з неба вясёлку дастану і табе падару?
Усміхнулася Волька.
-- Вясёлка не кожны дзень на небе бывае.
-- А я падпільную, калі ў рэчку апусціцца, каб вады напіцца…
Шчаслівая, смяялася яна…
-- Няўжо Жыжаль быў такі здатны? – не верыцца Панасу.
Хітра прыжмурыўся бацька.
-- Не толькі здатны, але і цярплівы. Каб выкаваць добрую рэч, добрае цярпенне трэба мець. Думаеш, Жыжалю заўжды ўсё ўдавалася? Не, сынок. Але ён не скнарыўся, не апускаў рукі. Таму і паважалі, любілі яго.
Панас змахнуў слёзы, расцёршы па твары пісягі.
-- Татка, і я сцярплю…
Бацька ўстаў і паклаў на галаву сына шырокую далоню.
-- Я веру ў цябе, сынок…
“Хітрыкай узяў, супакоіў Панаса татка. Вось чаму свяцільнік прынёс”, -- падумала Волька.
А бацька ўжо да яе павярнуўся.
-- І мы адсвяткуем “Жаніцьбу Пасвета”. Хатні агонь абручым з чалавечым каханнем. Упрыгожым Пасвет гірляндамі з лісцяў і асенніх кветак. Каб і ў нашай сям’і жыццё было такім жа шчаслівым, як у Жыжаля з Ладай. І да цябе, Волька, яшчэ прыйдзе тваё шчасце. Вернецца твой Міхал. Ён не загіне, не пакіне цябе. Не такі ён.
-- Татачка! – прашаптала Волька. Адлягло ў яе ад сэрца, забылася крыўда.

З  малітвай жаўнера

Седзячы ў лесе, Міхал непрыкметна задрамаў. І прысніліся яму пані Зося і пан Канстанцін. Нібыта прыйшлі да яго. Маладыя, прыгожыя, стаяць перад ім, узяўшыся за рукі, быццам закаханыя перад шлюбам.
-- Міхал, ты мой лепшы сябар. Так? – кажа пан Канстанцін.
-- Так, -- пагаджаецца Міхал. А сам не можа даўмецца, чаму менавіта гэткую гаворку пачаў пан Канстанцін. Хіба ж ён калі-небудзь не стрымаў слова, дадзенага пану Канстанціну, хіба ў астрозе па-брацку хлеб не дзялілі, хіба не стаялі разам пад агнём?
Пан Канстанцін нізка-нізка, да самых грудзей, апускае галаву.
-- Міхал, выратуй майго сыночка Сымонку.
-- Выратуй, бо счарнеем ад гора мы, -- дадае пані Зося.
Няёмка Міхалу. Ён жа паабяцаў, даў слова пану Канстанціну, што выратуе маленькага Сымонку. Дый за гэты цяжкі дзень ад душы палюбіў яго, дарагім Сымонка яму стаў: родным, сваім.
Пані Зося раптам нагнулася над Міхалам. Яе твар усё бліжэй, бліжэй…
-- Міхал, Сымонку ратуй! – шэпча яна перакрыўленымі вуснамі.
Міхал расплюшчыў вочы. Дзе ж Сымонка? Ага, на руках ляжыць і дыхае часта, перарывіста. Тварык у яго счырванеўся, зморшчыўся.
Міхал губамі дакрануўся да лобіка Сымонкі – губы абдало гарачынёю.
“Ён жа захварэў! – тахнула ў галаву Міхалу. – Нездарма прыйшлі ў сне пан Канстанцін і пані Зося. Папярэдзілі аб бядзе. Да людзей… Трэба хутчэй ісці да людзей…”.
Міхал устаў. Запякло плячо, закружылася галава, пацямнела ўваччу. Усё-ткі дае знаць рана…
Сымонка заварушыўся, заплакаў… Пераадольваючы млявасць, якая па-здрадніцку разлілася па ўсім целе, Міхал, не выбіраючы дарогі, пасунуўся праз лес.
Плача Сымонка… Не дай Бог, на руках памрэ… Як жа дапамагчы яму? Як?
-- … Пане, Ты ведаеш, што значыць мучыцца, бо сам мучыўся за віннасці людскія на крыжы… – Міхал пачаў казаць малітву беларускага жаўнера. Яе ведаў кожны паўстанец з атрада пана Канстанціна. Звычайна перад боем пан Канстанцін уголас вымаўляў яе, а ўсе іншыя воі дружна паўтаралі ўслед за ім. Незвычайна, урачыста гучала малітва. І сціскаліся губы, дужэйшай станавілася рука, мацней білася сэрца.
-- … Затым я прынясу Табе акрываўленае сэрца маё і каля прабітых ног Тваіх благаю пашкадаваць мяне… – шэпча Міхал.
Так, ён, не задумваючыся, аддаў бы сэрца сваё, калі б раптам данёсся голас з неба: “Аддасі Мне сэрца сваё – і ачуняе Сымонка”. Аддаў бы, як аддалі ягоныя сябры, змагаючыся за вольную Бацькаўшчыну.
Плача Сымонка, а з Міхалавых перасмяглых вуснаў вырываецца слова, як вырываецца полымя-агонь, імкнучыся ўгору:
-- … Я не гукаю да Цябе – адымі боль мой, але прашу, абы Ты даў мне сілы вытрымаць яго…
Яшчэ горш кружыцца галава, усё мацней пячэ параненае плячо. Як жа вытрываць, як дайсці? Няўжо ён зараз упадзе, непрытомны? Няўжо наканавана яму памерці ў лесе разам з Сымонкам? Хтосьці выпадкова ўбачыць іх і аслупянее, жахнуўшыся… Не, не… Трэба вытрываць, трэба дайсці…
-- … Бо я жаўнер і служэбнік Твой, о Пане, і жадаю вечна служыць Табе і Матцы маёй Бацькаўшчыне…
Жаўнер і служка… Служка і жаўнер… Павінен Бог пачуць ягоную малітву. Ён жа, Міхал, ані ў чым не саграшыў. Не краў, не хлусіў. А што на вайну пайшоў, дзе смерць сеецца, то не па сваёй волі. Бацькаўшчына, як суджаная, як нявеста, паклікала яго, каб абараніў.
-- … І ўзмацні мяне, Пане, у сядле маім, каб, змагаючыся з ворагамі, я дасягнуў слаўнай смерці і знайшоў вечнае жыццё…
Жыццё… Жыццё… Ён будзе жыць! Палкоўнік Свіньін ашалее, калі праведае… Сымонка, ты чуеш? Баіцца ён цябе. Больш, чым мяне, баіцца. Чуеш, Сымонка? Мы будзем жыць… Будзем… Калісьці, праз гады, я раскажу табе пра палкоўніка Свіньіна. І пра твайго татку, і пра тваю мамку раскажу… У царкве свечкі мы паставім. Паставім, памаўчым, святое слова паслухаем… Раскажу… Будзеш ганарыцца ты таткам і мамкай… А людзі песню пра іх складуць. Не забудуцца пра іх людзі… Над усім нашым краем песня будзе гучаць…
Над лесам сцелецца сівы гаспадар – паўзмрок. Ісці, прадзіраючыся праз кусты, усё цяжэй…
Што гэта? Няўжо агеньчык уперадзе мігнуў? Мо здалося, памроілася? Не, не здалося, не памроілася. Агеньчык… У акне хаты свеціцца ён. У акне агеньчык…
-- … Дзеля Твайго цярновага вянку выслухай мяне, Пане…
… Дзеля раны ў баку Тваім, выслухай мяне, Пане…
… Дзеля прабітых цвікамі рук і ног Тваіх, выслухай мяне, Пане… – праз сілу шэпча Міхал.
А Сымонка плача… Жывы Сымонка…

У хаце вечарам

Рада Волька, што бацька знайшоў спосаб, як дапамагчы Панасу. Ды хіба толькі яму? “Вернецца твой Міхал. Ён не загіне, не пакіне цябе. Не такі ён!” – чуюцца ў вушах бацькавы словы, гаючым бальзамам кладуцца на яе душу.
Горача сёння ў хаце. Маці звечара прапаліла печ і напякла хлеба. Важкія боханы хлеба ляжаць на стале, астываюць, ручніком накрытыя. Пахне хлебам у хаце…
-- Мамка, а за маё плячо сваёй лятучай павуцінкай павучок зачапіўся, -- пахвалілася Волька.
-- Бабіна лета пачалося – час, калі багіня Мокаш валадарыць, -- заўважыла маці.
-- А якая яна, гэтая багіня Мокаш? – пацікавіўся Панас. Ад бацькі, ад маці ён чуў пра даўніх багоў. І пра валадара сусвету Дальбога, і пра сярдзітага Перуна, і пра страшнага Чарнабога, які людзям не спрыяе. А сёння бацька пра Жыжаля расказаў. Жыжаль – добры і дужы бог. Каб у кузні каваць, добрую сілу трэба мець. Вось каб у яго, Панаса, была гэткая незвычайная сіла!
-- Пытаешся, якая яна, багіня Мокаш? – кажа маці. – У яе тонкія доўгія пальцы, доўгія серабрыстыя валасы, а вочы колеру астылага попелу.
-- Выходзіць, старая яна, -- падала голас Волька.
-- Але, -- кіўнула галавою маці. – Яна старая, як сам свет, і з’яўляецца валадаркай часу. А яшчэ яна апякуецца над тымі, хто прадзе, тчэ, вышывае. Самыя прыгожыя ўзоры, самыя цёплыя панчохі, самыя тонкія палотны выходзяць у тых, хто не забываецца пра яе.
Слухае маці Панас. Як сам свет, старая багіня Мокаш. Шмат летаў яна пражыла, шмат чаго пабачыла. Канешне, яна памятае, хто пахаваны ў кургане каля іхняга возера. Вось каб распытацца ў яе! Але ж хіба ўбачышся, сустрэнешся з ёю? Даўнія багі не любяць з людзьмі сустракацца.
-- Мы яе не бачым, а яна ўсё бачыць, усё чуе.
-- Як дамавік?
-- Як дамавік, -- адказала маці і, памаўчаўшы, дадала: -- Кожную восень багіня Мокаш тчэ з цудоўных нітак снегавое покрыва для зямлі. Яно ёй дапаможа перажыць і халады, і маразы, і завірухі. Калі яна прадзе, ад яе калаўрота адрываюцца маленькія нітачкі, якія разлятаюцца ў розныя бакі, а людзі лічаць іх павуцінкамі. Вось чаму ў час бабінага лета шмат іх лятае ў паветры.
“Не, нездарма павучок зачапіўся за маё плячо, -- падумала Волька. – Багіня Мокаш побач была, знак падала, што заступіцца”.
-- У багіні Мокашы і свой калаўрот ёсць? – падаў голас Панас.
-- А як жа, сынок. Не любіць яна проста так сядзець.
“Багіня Мокаш падобная на бабулю Настусю”, -- адзначыў пра сябе Панас. Добра помніцца яму, як доўгімі зімовымі вечарамі не адыходзілася яна ад калаўрота. Гудзе калаўрот, а з-пад бабуліных пальцаў бяжыць і бяжыць бясконцая кужэльная нітка.
-- Бабулька, не надакучыла табе прасці штовечар? – цікавіцца ён, Панас.
Бабуля глядзіць на яго гэткімі ж самымі вачыма, як і ў багіні Мокашы – вачыма колеру астылага попелу.
-- Не, унучак. Гэтая праца мне на радасць.
-- Чаму, бабулька?
-- Маленькі ты яшчэ, шмат чаго не разумееш. Што будзе, калі напраду пражы я? Га?
-- Натчэш палатна, бабулька. Альбо… Альбо рукавічкі звяжаш. Бабуля, звяжы мне новыя рукавічкі. Старыя ўжо знасіліся.
-- Абавязкова звяжу, унучак. У самы траскучы мароз будзе цёпленька тваім ручкам. Парадуешся ты, надзеўшы новыя рукавічкі. І я з табою парадуюся. Вось чаму мне на радасць гэтая праца.
-- Бабуля, табе радасна, калі мне радасна?
-- Але, унучак. А да працы трэба змалку прывучацца. Цяжка прыйдзецца таму, хто лынды б’е.
-- Я лынды не б’ю, -- адказвае Панас. – Я і маме, і тату дапамагаю, і дзядулю, і табе, бабулька. Скажы, што зрабіць. Адразу зраблю.
Ціха, па-старэчы смяецца бабуля.
-- Спаць ідзі. Позна ўжо.
-- Я яшчэ крышку каля цябе пасяджу, -- просіць Панас. Добра яму каля бабулі, спакойна.
Калі памірала бабуля Настуся, то паклікала яго да сябе і наказала:
-- Унучак, татку і мамку слухайся. Ні ў чым ім не пярэч.
-- Я заўсёды іх буду слухацца, -- паабяцаў ён, Панас. – А ты, бабулечка, не памірай, не пакідай нас…
-- Сынок, таго павучка, што прычапіўся да Вольчынага пляча, вы адпусцілі? – перапыніўшы думкі, запыталася маці.
-- Я зняла павуцінку і на волю яго адпусціла, -- сказала Волька.
-- Добра зрабілі. Павукі – вестуны багіні Мокашы. Яны паведамляюць нам, што багіня Мокаш да нас ідзе.
“Шмат чаго я яшчэ не ведаю”, -- думае Панас.
-- Далей паслухайце, -- працягвае маці. – Доўгай ноччу, калі стоміцца жанчына, седзячы за калаўротам, бывае, ціхенька падыдзе да яе багіня Мокаш, дакранецца да пражы – і пасерабрыцца яна. А потым сваім подыхам высушыць слёзы і пагладзіць па галаве. Спакой дасць. Ды пасля гэткага дотыку валасы ў жанчыны назаўжды застаюцца серабрыста-белымі, як выбеленая пража.
Панас глядзіць на маці.
-- Жанчыны ад дотыку багіні Мокаш сівеюць?
-- Ад людзей так я чула.
-- А ты казала, што яна добрая, над старымі заступніца. Дык чаму ж?.. Чаму да галавы дакранаецца? Яна ж ведае, што валасы пасівеюць.
-- Яна багіня часу, сынок. А час няўмольны. Разумееш?
Не, ніяк не можа зразумець маці Панас. Няхай гэтая багіня добрая, але ён і на парог яе не пусціць, калі раптам у хату заявіцца. Ён сам маму супакоіць, усё зробіць, любую работу, каб не засцілаліся яе вочы слязьмі, каб не было ёй цяжка. Як і абяцаў бабулі Настусі.
-- Сынок, -- звярнулася да Панаса маці, -- ад старасці ніякімі грашыма не адкупішся. Жыццё наша такое. Жыццё, сынок.
У дзверы неспадзявана грукнулі. Раз… Другі…
Панас ускочыў. Няўжо багіня Мокаш, пачуўшы іх, у хату просіцца? Няхай далей ідзе. Няхай!..
-- Панас, -- махнуў рукою бацька, -- сядай. Я сам адчыню.

Дзіця ў печы

“Хто ж так позна завітаў да нас?” – з трывогай падумала Юля. Пасля таго, як яны перабраліся на новае месца, рэдка хто заходзіць да іх. Не ўсе ў Ганьках ведаюць, дзе яны паставілі новую хату.
У сенцах грукнула.
-- Божа! – прашаптала Юля. – Няўжо зноў іх прынесла? Няўжо і тут знайшлі?
-- Мама! – заварушылася на лаве Волька.
І Вольцы страшна. І яна баіцца. Куды ж схаваць яе? Мо сказаць, каб у падпечак залезла?
У сенцах зноў грукнула.
Юля ўстрапянулася.
-- Пархвен!
-- Не бойцеся, -- данёсся з сенцаў Пархвенаў голас.
Юля ўстала. У хату ўвайшлі Пархвен і, чаго яна ніяк не чакала, Міхал з дзіцем на руках.
Апярэдзіўшы яе, Юлю, да Міхала падбегла Волька.
-- Волька, адыдзіся, -- адапхнуў дачку Пархвен. – Паранены ён.
-- Вой! – усклікнула Волька.
І Юля, як па камандзе, за ёю падхапіла:
-- Вой!
-- Не войкайце! – прыкрыкнуў Пархвен. – Валовічава дзіця ў яго…
-- Валовічава? – вырвалася ў Юлі.
-- Пана Канстанціна забілі. І паню Зосю забілі. Адзін Міхал вырваўся, уцёк. А дзіця хворае. Трэба ратаваць Сымонку.
Юля нагнулася над Сымонкам і, прыслухаўшыся, пачула, як хрыпаціць у ягоных грудзях.
-- Волька, коўдру давай, -- сказала яна.
Волька сцягнула з печы коўдру і падала маці.
-- Вось…
Юля ўзяла Сымонку на рукі.
-- На лаве рассцялі, Волечка. Дзіця ў печ будзем саджаць.
-- Сымонка памірае! – прамовіў Міхал.
-- Панас, устань з лавы, -- не адказаўшы Міхалу, прагаварыла Юля. – Волька на лаве коўдру рассцеле.
Панас усхапіўся з лавы і адышоўся ўбок. Разгублены, збянтэжаны, глядзеў ён, як маці і Волька распранаюць маленькага Сымонку. Няўжо сапраўды жывое дзіця ў печ яны пасадзяць? З печы хлеб толькі што дасталі. На печы спяць, адпачываюць, яду ў печы вараць, печ хату абагравае. Вясною, перш чым выгнаць у поле жывёлу, маці на пячной засланцы корміць кароў, прыгаворваючы: “Як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так бы і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім дварэ”. А калі пахавалі бабулю Настусю, то, вярнуўшыся з могілак, адчынілі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, каб смерць праз комін пайшла. Пацікавіўся ён, Панас, у маці:
-- Мамка, а ці дапаможа гэта, ці пойдзе смерць праз комін?
-- Дапаможа. Агонь святы. Ён ачышчае. Зразумеў, сынок?
Так, ён, Панас, той раз паверыў маці, зразумеў: святы агонь ачысціць ад смерці, і смерць пойдзе праз комін. Але хіба ж можна хворае дзіця саджаць у печ? Яно там задыхнецца ці згарыць.
У Панаса задрыжалі губы.
-- Мамка, няможна Сымонку ў печ!
Да Панасавага пляча дакрануўся бацька.
-- Сынок, некалі мы і цябе ў печ саджалі. Як бачыш, жывы і здаровы ты.
-- І мяне? – не паверыў Панас.
-- Цябе, сынок. Вельмі хварэў ты, як быў маленькі. Баяліся, што памрэш.
-- Волька, лапату давай! – распараджаецца маці.
Волька борздзенька зняла з печы драўляную лапату (на ёй хлеб у печ саджаюць) і паставіла яе на прыпек, трымаючы за ручку. А маці, захутаўшы Сымонку ў коўдру, паклала яго ў бляху, з якой не так даўно дастала спечаны бохан хлеба; потым гэтую бляху паставіла на лапату і пасунула Сымонку ў печ.
Ціха-ціха стала ў хаце.
-- Печ, печ, памажы! Печ, печ, памажы! – парушыўшы цішыню, уголас зашаптала маці.
-- Хопіць! – сказаў бацька.
-- Хопіць, -- уздыхнула маці і дастала Сымонку з печы.
Бацька паднёс да рота Сымонкі лыжку з нейкімі сваімі лекамі і пачаў яго паіць, падахвочваючы:
-- Пі, Сымонка. На здароўе пойдзе. Пі.
-- Сымонка паправіцца? – падаў голас Міхал.
-- Раўней дыхае. Абавязкова паправіцца, -- прамовіла гаспадыня.

Падслуханая размова

Панаса разбудзіў праменьчык сонца, які, прабіўшыся праз акно, як надакучлівы гарэза, казытаў ягоны твар.
Панас расплюшчыў вочы і павярнуўся на бок. Уставаць не хацелася. Звычайна, прачнуўшыся, ён бег на двор. Там яго чакаў Жук. Ткнуўшы лапамі яму ў грудзі, Жук языком стараўся лізнуць у твар.
Болей ніколі не сустрэне яго Жук.
                    Люлі, люлі, люлі,
                                                         Прыляцелі куры.
                                                         Селі на балотах
                                                         У высокіх ботах,
                                                         Сталі сакатаці –
                                                         Няма чаго даці, --
данеслася да Панаса песня-калыханка.
Панас саскочыў з палацяў, нацягнуў на сябе нагавіцы, кашулю і выйшаў з-за печы. Маці сядзіць на лаве, калыша Сымонку (калыска вісіць на круку, прыбітым да бэлькі).
-- Мама…
Маці прыклала палец да вуснаў.
-- Тс-с-с…
-- Ён спіць? – шэптам запытаўся Панас.
-- Спіць, -- гэтак жа шэптам адказала маці.
-- Паправіўся?
-- Ачуняў, даў Бог. Новы чалавек у нашай хаце, сынок.
Панас на дыбачках наблізіўся да калыскі. Новы чалавек – хлопчык Сымонка – спаў.
“У нас ён застанецца, будзе жыць, -- падумаў Панас. – На аднаго чалавека пабольшае ў нашай хаце. Выгадуецца. Волька маме дапаможа яго глядзець. І ён, Панас, будзе калыхаць Сымонку. А калі падрасце, на возеры ў чоўне пакатае. Пакажа Сымонку, як шчупакі ўлетку каля берага грэюцца…”.
“Новы чалавек” – Сымонка – зморшчыўся. Панас думаў, што зараз заплача. Аж не.
-- Апчхі! – гучна чхнуў. Панас ад неспадзеўкі ўздрыгнуў.
-- Панас, ідзі еш, -- сказала маці. – Бульба на стале ў місцы стаіць. Я ручніком яе накрыла, каб не астыла.
Сядзіць Панас за сталом, есць гарачую бульбу, запіваючы халодным кіслым малаком.
-- Сынок, -- звярнулася да Панаса маці, -- я Сымонку ў наша, у сялянскае, адзенне апранула. Тваё яшчэ засталося. У куфры хавала. Спатрэбілася, як бачыш.
-- Ыгы, -- пагадзіўся Панас.
-- Усяк можа стацца, сынок. Мажліва, царскія салдаты да нас заявяцца. Палююць яны за Сымонкам.
-- Чаму? – папярхнуўся Панас.
-- Род Валовічаў задумалі знішчыць. Як муляк, ім гэты хлопчык.
Панас паставіў на стол конаўку. Болей не хочацца есці. Прапаў апетыт.
-- Сынок, калі будуць пытацца ў цябе, кажы, што гэта малодшы брацік твой, што Лявонкам яго зваць.
-- Чаму Лявонкам мы яго назвалі?
-- У гонар твайго дзеда, сынок.
-- Скажу. А дзе Волька і Міхал?
-- На дварэ.
Панас устаў, адчыніў дзверы і выйшаў у сенцы.
-- Міхалка, -- данёсся да яго Вольчын голас.
-- Што, Волька-Волечка? – азваўся Міхал.
“На прызбе яны сядзяць”, -- здагадаўся Панас і стаў, прыслухоўваючыся. Цікава ведаць, аб чым гамоняць яны.
-- Міхал, даруй мне.
-- За што? – пацікавіўся Міхал.
-- Я ж навяла салдат на цябе.
-- Не, Волька-Волечка.
-- Але ж наш Жук прывёў…
-- І Жук невінаваты.
-- Міхалка, я адчувала, што па табе стралялі. Я пабегла, каб дапамагчы табе. Ды не дапамагла. На зло табе зрабіла…
Панас стаяў, натапырыўшы вушы. Вось як павярнулася! Міхал з Сымонкам пад вываратнем хаваўся.
-- Волька-Волечка, -- прамовіў Міхал, -- навошта ты мучыш сябе? Яны ж Панаса застрэлілі б, калі б ты не пагадзілася з імі ісці. Хіба не так?
-- Пагражалі, што застрэляць. У мяне аж уваччу пацямнела, як пачула.
-- Забудзься, выкінь гэта з галавы.
-- Не магу. Назаўсёды са мною застанецца. І ты, Міхалка, ужо не зможаш мяне кахаць так, як раней кахаў.
-- Волька-Волечка, дурнічка ты! Я цябе яшчэ болей кахаю. Без цябе няма жыцця мне, -- зашаптаў Міхал, угаворваючы Вольку, каб не мучыла сябе.
Стаіць Панас, сам сабе не рады. І навошта яго панесла ў сенцы? Лепей у хаце пасядзеў бы, з маці крыху пагаварыў бы. Што ж цяпер рабіць? Назад, у хату, вярнуцца? Але ж маці пацікавіцца, чаму так хутка вярнуўся. Што скажаш ёй? А, было не было.
Панас гучна кашлянуў і выйшаў на двор.

Сімвал няшчасця

Зачырванелася Волька, убачыўшы Панаса. Бы дзікая козачка, адскочыла ад Міхала.
-- Міхалка, я ў хату пайду, -- заспяшалася.
Міхал рукою пацягнуўся да Волькі.
-- Яшчэ хвілінку пасядзі.
-- Не, Міхалка. Сымонку пакалышу. Стамілася мама. З ім пасядзіш! – Волька паказала Панасу язык і пабегла ў хату.
Панас правёў вачыма сястру. Бач ты, пакрыўдзілася. А з-за чаго, запытацца? З Міхалам не намілавалася? Дык што выходзіць? Яму, Панасу, да паўдня трэба спаць, чакаць, пакуль не намілуецца? Быццам вечара ёй не хопіць.
Калі б не было тут Міхала, то ён не сцярпеў бы, абавязкова сказаў бы Вольцы: “Вечарам мілуйся!”
-- Панас, як там Сымонка? – парушыў маўчанне Міхал.
-- Спіць. Мама яго калыша і калыханку спявае, -- ахвотна паведаміў Панас, а потым запытаўся ў Міхала: -- Плячо табе моцна баліць?
-- Во тут баліць! – сказаў Міхал, прыціснуўшы руку да грудзей, там, дзе сэрца, а затым узяў трэску і вострым яе канцом вывеў на пяску нейкі незразумелы знак.
-- Міхал, што гэта? – пацікавіўся Панас. Ён ніколі не называў Міхала “дзядзькам Міхалам”. Прывык Міхалам зваць. З першага дня, як убачыў яго ў Ганьках.
Запомніўся Панасу той дзень. Зімою гэта было. Ён, Панас, прыйшоў у Ганькі, каб з хлопчыкамі з горкі пакатацца. Горка адразу ж за Ганькамі. Высокая, стромкая. Каўпаком яе называюць ганькоўскія. Мабыць, таму, што, як каўпак, над усім наваколлем узвышаецца.
Дык яны, хлопчыкі, узбяруцца на самую вяршыню Каўпака, сядуць на кій, як на каня, і імчацца ўніз па ледзяной дарожцы. Вецер твар холадам абдае, дух аж займае. А навокал гамонка, смех. Хтосьці не скіраваў, у гурбу паляцеў, хтосьці перакуліўся. Панасу таксама не пашанцавала. Не ўтрымаўшыся на кіі, перакуліўся адзін раз, другі, аб лёд каленам балюча выцяўся, а потым з разгону ў снег зарыўся. Заплакаў ад болю.
-- Чаго ж ты расплакаўся, братка? – пачулася над самаю галавою.
Панас прыўстаў і бачыць: прыгожы светлавалосы хлопец над ім стаіць, усміхаецца.
-- І ты заплакаў бы, калі б так, як я, каленам стукнуўся, -- паскардзіўся Панас.
-- Уставай. Годзе табе ляжаць. – Светлавалосы падняў Панаса, снег з кажушка абтрос: -- Як зваць цябе?
-- А цябе як зваць? – запытаўся ў адказ Панас.
-- Мяне Міхалам, -- засмяяўся хлопец.
-- А мяне Панасам.
-- Дык ты хутарскі, Пархвена Катлярэвіча сын? – здагадаўся Міхал.
-- Але, -- кіўнуў галавою Панас.
-- Твой дзед Лявон царскіх салдат не пабаяўся, не плакаў, калі білі яго. А ты калена выцяў! Бяда вялікая!
Сядзіць Панас поруч з Міхалам, з нецярпеннем чакае ад яго адказу.
-- Хочацца табе ведаць, што намаляваў я, -- у задуменні кажа Міхал. – Гэта так званая руна – пісьмовы знак старажытных скандынаваў.
-- А дзе яны жывуць, тыя скандынавы? Далёка ад нас?
-- Далёка, аж за морам. – Міхал тыцнуў трэскай у намаляваны ім знак. – Гэтая руна абазначае сімвал няшчасця, бо першай стаіць у слове “град”.
Уздыхнуў Панас. Вось чаму Міхал вывеў менавіта гэтую руну – сімвал няшчасця. Цяжка Міхалу. Мабыць, яшчэ цяжэй, чым яму, Панасу. Усіх сваіх сяброў у баі ён страціў. Відаць, стаяць яны ў ягоных вачах. Доўга не расстанецца ён са сваімі сябрамі, доўга яны не будуць адпускаць яго. Нездарма такі сумны. Нават Волька не змагла яго развесяліць. Не адпускаюць сябры…
-- Міхал, дарма вы кроў пралілі, -- нясмела пачаў Панас.
У Міхала бровы сышліся на пераноссі.
-- Чаму ты так кажаш, Панас?
-- Разбілі вас. Царскія ўрадоўцы навек у нас застануцца.
Міхал устаў, прайшоўся сюды-туды.
-- Разбілі… Канешне, разбілі яны нас, але не перамаглі. Памяць пра загінуўшых застанецца. Нашы песні застануцца…
-- Якія песні?
-- Хочаш паслухаць, што мы спявалі?
-- Хачу.
Міхал зноў сеў на прызбу і ціха заспяваў сваю любімую “Песню беларускіх жаўнераў”:
                    Помнім добра, што рабілі,
                                                 Як нас дзёрлі, як нас білі.
                                                 Дакуль будзем так маўчаці?
                                                 Годзе нам сядзець у хаце!
“Годзе нам сядзець у хаце”, -- пра сябе паўтарыў Панас. Вось каб дачакацца таго дня, калі ў лясах зноў пачнуць збірацца паўстанцы! Тады і ён да іх пойдзе. Добра было б, каб Міхал павёў у бой. Міхал ваяваў з царскімі салдатамі, усе іхнія хітрыкі ведае.

Два браты

-- Хочаш паслухаць адну казку? – звярнуўся да Панаса Міхал.
-- Хачу, -- адказаў хлопец.
-- Ну дык набярыся цярпення і слухай, -- прагаварыў Міхал.
Вось якую казку расказаў ён Панасу.
         Жылі-былі два браты. Старэйшага звалі Мір, а малодшага – Вайна. Абодва здатныя, удалыя, прыгожыя. Ад бацькі перадалося ім багацце вялікае – умельства кавальскае, незвычайнае.
-- Дзеткі мае, -- бывала, казаў бацька, -- даражыце гэтым багаццем. Працуйце, для Людзей куйце – сабе шчасце выкуеце. І не верце Гадзюцы Балотнай, што за вёскай жыве. Станеце для яе каваць – бяду выкуеце.
Штодзень звоняць у кузні браты, бацькаў наказ выконваюць. Здалёку і зблізку едуць да іх Людзі. Адны, каб нейкую патрэбную рэч заказаць, набыць, а іншыя проста так: на іхняе майстэрства паглядзець, падзівіцца.
Дружна, ладна працуюць браты, дружна, ладна і між сабою жывуць. З добрым словам устаюць, з песняй працу канчаюць. А яшчэ любяць яны схадзіць на пагорак, які непадалёку ад кузні. Незвычайныя малюнкі з пагорка братам адкрываюцца: далёка-далёка сялянскія палі распасціраюцца, лугі краскамі квецяцца, вёсачкі разбягаюцца, як заможныя гаспадары, паважна гарады стаяць.
На гэты пагорак пачала выходзіць і Гадзюка Балотная. Задумаўшы ліхое, у прыгажуню-дзяўчыну перакінулася. Аднаго разу падышла да братоў і прамовіла:
-- Чула я пра ваша незвычайнае майстэрства, пра вашы залатыя рукі, якія любую рэч выкуюць. Выкуйце мне, калі ласка, пярсцёнак дзівосны, царскі. Аддзячу вам за стараннасць: шчасце дам.
Успомніў старэйшы брат бацькавы словы, здагадаўся, хто перад ім.
-- Не патрэбна тваё шчасце. Нам шчасце бацька даў. Прэч з вачэй! – сказаў ён.
-- Навошта крыўдзіш дзяўчыну? – заступіўся малодшы брат. – Выкуем ёй пярсцёнак – няхай парадуецца.
-- Нядобрую плату яна нам прапаноўвае, -- не пагадзіўся з ім Мір. – Каб яе плата слязьмі не азвалася. Не веру я ёй.
         Не паслухаўся Вайна. Развітваючыся, шапнуў дзяўчыне, Гадзюцы Балотнай:
-- Прыходзь сюды  праз тры дні і тры ночы. Выкую табе пярсцёнак.
Тры дні і тры ночы ўпотай ад брата каваў Вайна пярсцёнак. Лепшыя ўзоры для яго падабраў, каштоўнымі каменьчыкамі ўпрыгожыў, сваё імя на ім надпісаў. На чацвёрты дзень рана-раненька на пагорак прыбег. Ужо чакае яго там Гадзюка Балотная. Надзеў Вайна  ёй на палец пярсцёнак – і пра ўсё забыўся. Чараў-туманаў  напусціла на яго Гадзюка Балотная. Ні родная зямля, ні брат, ні праца Вайне не мілыя. Гадзюка Балотная абвіла за шыю, шэпча, нашэптвае:
-- Шчасце ў працы ты бачыш? Табе здаецца, што па-іншаму нельга жыць? Глянь на мяне. Не працую, а раскошна жыву. Шмат хто мне пазайздросціць. Цяжкім молатам махаць – гэта не шчасце.
 Запалі ў душу Вайне яе словы. Не есць, не п’е, а ўсё думае, як  шчасце здабыць. Пазелянеў, счарнеў ад гэткіх думак.
-- Што з табою, братка? – іншы раз падыдзе, запытаецца ў яго Мір. – Які чарвяк цябе точыць? Скажы! Ці ж не родныя мы?
Вайна насупіць бровы, агрызнецца:
-- Адчапіся, мне і без цябе цяжка.
Нарэшце не вытрываў Вайна. Прыляцеў да Гадзюкі Балотнай і прамармытаў:
-- У чым, па-твойму,  шчасце?
-- У багацці, у золаце шчасце, -- кажа Гадзюка лісліва. – Чым болей золата будзе, тым болей і шчасця прыбудзе.
-- Дзе ўзяць золата? – у адчаі ўсклікнуў Вайна.
-- Выкуй востры меч і ў Людзей забяры багацце іхняе.
Зірнуў Вайна на спелую збажыну, прыслухаўся да птушынага спеву, і зазвінела ў вушах  золатам, золатам…
Твар скамянеў, пальцы ў кулакі сцяліся. Закрычаў ён:
-- Выкую востры меч! Здабуду багацце! Золата мяхамі буду мераць!
Прыйшоў Вайна ў кузню і  зачыніўся, каб чорную працу не перапынілі. Днём і ноччу бесперапынку б’е молатам, востры меч куе.
Адчуўшы нядобрае, Мір не адзін раз стукаў у дзверы, прасіў:
-- Братка, адчыні. Чаго ад мяне хаваешся?
Ні слова ў адказ. Толькі кавальскія мяхі злосна сапуць ды жалеза звініць.
Тры дні і тры ночы Вайна каваў востры меч, пакуль не выкаваў. На чацвёрты дзень перад братам з’явіўся.
“Жых-жах”, -- сячэ над галавою мячом, вострым, што брытва, у дзікім смеху заходзіцца:
-- Пайду шчасце шукаць! Шчасце пайду здабываць!
-- Тут тваё шчасце, -- сказаў Мір. – Для людзей куй – сабе шчасце выкуеш.
-- Досыць! Намахаўся я! – крыкнуў Вайна.
 Спацелы, узмакрэлы прыбег на пагорак, Гадзюку Балотную кліча:
-- Дзе ты, сяброўка? Шчасця хачу!
Чорнай зданню перад ім ліслівіца вырасла.
-- Добра, што меч узяў, -- усміхаецца. – Хутка станеш самым багатым, самым шчаслівым.
-- Паб’ю! Патапчу! Многа золата хачу! – узняў меч Вайна.
-- Не спяшайся, -- стрымлівае яго Гадзюка Балотная. – Няхай згіне гэтае абрыдлае святло. Няхай Людзі заснуць, супакояцца. Знянацку бурай наляціш, мячом іх пасячэш – і ўсё багацце тваё, тваё золата.
-- Цяпер пабягу. Ноччу з дарогі саб’юся, -- не цярпіцца Вайне.
-- Не хвалюйся. Мае верныя слугі, Совы-драпежніцы, табе дапамогуць, у цемры дарогу пакажуць. А потым вёскі падпаліш. Во будзе светла!
 Зайшло сонца, цемрай пакрылася зямля. Кліча Гадзюка сваіх слуг – шэрых Соў:
-- Мае мілыя драпежніцы, мае птахі ненажэрныя, ляціце сюды, пакажыце асілку Вайне дарогу да людскіх сялібаў!
Зашумелі крыллем, сабраліся на пагорку Совы-драпежніцы. Хусцінкаю чорнаю, як твань балотная, махнула Гадзюка, знак Совам падала. Вуглямі засвяціліся драпежныя вочы, паляцелі Совы, неразумнаму Вайне дарогу да людскіх сяліб паказваючы.
Імчыцца Вайна, спяшаецца, моцна сціснуўшы меч у руках.
І запалымнела зямля пажарамі, абнялося неба дымнымі хмарамі… Галосяць Людзі, просяць літасці. Вайна не чуе стогнаў, не ведае жалю. Мячом направа, налева махае. Хоча золата, золата…
Тры дні і тры ночы лютаваў. Апусцела зямля, стала жэглішчам. А Вайна напакаваў мяхі золатам і загадаў, каб палонныя сярод недаступнага дрыгвяністага балота пабудавалі каменны хорам. Туды, у скляпенні, пасцягаў мяхі. За сямю дзвярамі, за сямю замкамі  трымаў іх,  любуючыся золатам. Зусім знялюдзеў. Валасамі аброс, мыцца перастаў. Толькі на золата глядзіць. Ды неўзабаве надакучыла яму забаўка гэткая. Зноў чарвяк стаў яго тачыць, стала смылець на душы, стала грызці нуда. Няма шчасця. Ходзіць па хораме, шукае нечага, быццам дзень згублены, учарашні, і, не знаходзячы, зубамі скрыгоча…
Не ведае Мір, што сталася. За двух працуе, вестачкі ад брата чакае не дачакаецца.
Лепей не чакаў бы. Громам з яснага неба грымнула тая вестачка. Прынёс яе Старац сівабароды.
 Пакланіўшыся да зямлі-матухны, прамовіў ён:
-- Мір, ратуй нас. Ні малога, ні старога не шкадуе твой брат Вайна. Усё наўкола папаліў, патаптаў. А жывых у зямлянкі загнаў. Папрасі, каб адумаўся, каб нам зла не чыніў. Цябе ён паслухаецца. Вы разам раслі, гадаваліся, разам матчыны песні слухалі. Заступіся за нас, гаротных.
Мір выйшаў на пагорак, зірнуў, прыслухаўся – і сэрца ад жалю зайшлося. Ні  спеву птушынага, ні голасу чалавечага не чуваць. На зямлі ўсё зруйнавана, знішчана.
“Не паслухаўся Вайна бацькавага слова. Усё-ткі выкаваў пярсцёнак для Гадзюкі Балотнай”, -- падумаў Мір і звярнуўся да Старца з такімі словамі:
-- Не дойдзе маё слова да Вайны.  Цяпер ён слуга Гадзюкі Балотнай. Яна ягоная дарадчыца. З Людзьмі хачу гаварыць.
Вярнуўшыся ў кузню, Мір зрабіў дзівосную  дудку. Як зайграў, дык загаварыла яна чалавечым голасам:
-- Людзі, выходзьце! Не бойцеся Вайны. Будзем зноў араць, будзем нанава будаваць.
З закурэлых зямлянак вылезлі на свет белы Людзі, на пагорку сабраліся.
А Мір выкаваў сталёвыя мячы, сохі зрабіў.
 -- Будзе чым араць, будзе чым і абараніцца, -- так казаў Людзям. – Не бойцеся Вайны. Ён адзін, а нас – тысячы. Не перамагчы яму нас. Здасца ён, знясіліцца. На поле ідзіце, зямлю паднімайце.
Паслухаліся Людзі, зямлю пачалі араць. А Вайна ў сваім каменным хораме месца сабе не знаходзіць. Як беспрытульны, па пустых пакоях бадзяецца. Млосна яму.
“Не дала Гадзюка мне шчасця”, -- шэпча ў злосці.
Падслухала, пачула яго Гадзюка Балотная. Прыпаўзла, заскрэблася ў дзверы.
-- Адчыні, будзь ласкавы.
Адчыніў ёй Вайна, а за парог не пусціў, закрычаў:
-- Аддавай мой пярсцёнак, махлярка! Аддай, бо без шчасця жыву!
-- Не хвалюйся, супакойся, -- кажа Гадзюка. – Будзеш шчаслівы. Для поўнага  шчасця мала золата ў цябе. Калі запакуеш  мяхамі скляпенні, каб і мыш не пралезла,  адразу шчасце ў твой хорам увойдзе.
-- Увойдзе? – засмяяўся Вайна. – Дзе золата ўзяць?  У Людзей апошняе адабраў.
-- Адабраў? Ідзі на пагорак – убачыш.
Схапіў Вайна меч і на пагорак панёсся. Убачыў палеткі, засеяныя збажыною, залітыя сонцам.
-- Маё гэта! Усё маё! – галёкнуў і хутчэй ветру ўніз паляцеў.
Гадзюка Балотная глядзіць услед, усміхаецца, а Вайна штосілы крычыць:
-- Патапчу! Папалю! Пасяку!
Ды Людзі не ўцякаюць на злом галавы. Пасталі сцяною шчыльнаю, непраходнаю. У руках мячы блішчаць, у вачах – рашучасць.
Вайна замахнуўся мячом, а перад ім сотні мячоў бліснулі, вочы яму зусім асляпілі. Задрыжаў ён як ліст асінавы і на балота пабег, схаваўся за дзверы жалезныя.
Людзі на поле вярнуліся, а вакол балота варту паставілі.
І цяпер сядзіць Вайна на балоце, у каменным хораме, быццам у клетцы зачынены. Усё меч точыць, іншай працы не ведае.
А Мір з ранку да вечару ў кузні звоніць. Людзей радуе і сам радуецца.
-- Вось як! – прамовіў Панас.
-- Чаму перамаглі людзі? Бо не збаяліся, дружна на бітву выйшлі. Дружны народ заўсёды моцны. Запомні гэта, Панас, -- сказаў Міхал.

Між жыццём і смерцю

На балоце пасвіліся каровы, а Пархвен, прылёгшы пад кустом, думаў, разважаў. Учора доўга яны з Міхалам размаўлялі. З гэтай размовы Пархвен зразумеў: паўстанцы разбіты, крывёю заліта паўстанне.
-- Міхал, ты не шкадуеш, што пайшоў да паўстанцаў? – пацікавіўся ён, Прахвен.
Не задумваючыся, адказаў Міхал:
-- Калі б зноў пачалося, то зноў пайшоў бы.
-- Шмат добрых людзей пабілі, -- сказаў Пархвен.
Уздыхнуў Міхал.
-- Вайна заўсёды самых лепшых забірае.
Вельмі карцела запытацца Пархвену, што Міхал далей думае рабіць, ды так і не асмеліўся, чамусьці не павярнуўся язык.
Задумаўся Пархвен, не заўважыў, як падкраліся да яго яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў.
Радавога Макашова сябрукі толькі вечарам выцягнулі з ямы, у якую заманіў яго Пархвен. Доўга дапытваўся ў радавога Макашова капітан Іваноў, дзе падзеліся палонныя: хлопчык і дзяўчынка.
-- Не ведаю, -- адно і тое ж, як добра вызубраны вайсковы артыкул, паўтараў радавы Макашоў. – У кустах хтосьці стагнаў. Я пайшоў на стогн і праваліўся ў яму.
Па загадзе капітана Іванова абшукалі ўсе бліжэйшыя кусты, але ні палоннікаў, ні таго, хто стагнаў, так і не знайшлі.
-- Балван ты, Макашоў! – вылаяўся капітан Іваноў, трымаючыся за галаву. Ледзь дайшоў ён да сябе пасля таго, як пачаставаў яго Міхал.
-- Гы… – ухмыльнуўся яфрэйтар Фартушноў.
-- Балван! – са смакам паўтарыў капітан і на наступны дзень аддаў новы загад: рассыпацца па лесе, знайсці і прыцягнуць бандыта Стасевіча і панскае дзіця.
Разам з іншымі салдатамі на пошукі адправіліся яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў.
Збілі яны ногі, лазячы па лесе, пакуль нарэшце не ўбачылі Пархвена.
-- Давай гэтага барадача прыцягнем да капітана Іванова, -- загарэўся яфрэйтар Фартушноў.
-- А навошта? – паскроб патыліцу радавы Макашоў.
-- Няхай дапытае яго пан капітан. Мажліва, ён бачыў бандыта Стасевіча.
-- Давай прыцягнем, -- пагадзіўся радавы Макашоў. Надакучыла яму бадзяцца па лесе. Дый слова яфрэйтара – закон для яго.
Ад неспадзеўкі ўздрыгнуў Пархвен, калі яфрэйтар Фартушноў і радавы Макашоў, выскачыўшы з кустоў, у адзін голас крыкнулі, наставіўшы на яго вінтоўкі:
-- Рукі ўверх!
Пархвен адразу пазнаў радавога Макашова. “Шкада, што не скруціў ты сабе галаву, падаючы ў яму”, -- падумаў ён.
Наперад ступіў цыбаты.
-- Рукі! Я загадваю, я, яфрэйтар Фартушноў. Са мною да трох не гавары. Запомні!
-- Пан яфрэйтар, зараз я яго прыкладам агрэю! – падахвоціўся маларослы.
-- Пачакай, Макашоў. Яшчэ паспееш.
“Трэба неяк ратавацца, бо затаўкуць. Ім нядоўга. Прыкінуся дурнем. З дурня заўжды малое спагнанне”, -- падумаў Пархвен і, устаючы, прагаварыў:
-- Паночкі, у вас жа стрэльбы. А я ніколі стрэльбу ў руках не трымаў. Чаго ж вы мяне так спалохаліся?
-- Ну, ну… Ты… Трымай язык за зубамі, бо адрэжу, -- ужо больш лагодна сказаў яфрэйтар Фартушноў.
-- Паночкі, чаго ж вы хочаце ад мяне? – знябожыўшыся, прамовіў Пархвен.
-- Да пана капітана Іванова завядзём цябе. Ён разбярэцца, хто ты і адкуль. Ідзі, пакуль на курок не націснуў, -- балюча тыцнуў у спіну ствалом вінтоўкі яфрэйтар Фартушноў.
Падняўшы дуду, Пархвен пацягнуўся ледзь перастаўляючы ногі. “Ім нічога не дакажаш. І праўда, націснуць на курок, застрэляць, як Жука. А я ж яшчэ ўнукаў на руках не трымаў, не няньчыў”, --думаў ён.
Салдаты прывялі Пархвена на ўскраек лесу, дзе сядзеў рыжы афіцэр. Убачыўшы Пархвена, ён устаў і пайшоў насустрач.
“Капітан Іваноў, той самы, пра якога мне Міхал расказваў”, -- адзначыў пра сябе Пархвен.
Не дайшоўшы да Пархвена колькі крокаў, капітан Іваноў галёкнуў:
-- Каго прывялі?
-- Быдла пасвіў, пан капітан, -- далажыў яфрэйтар Фартушноў.
Капітан Іваноў са злосцю паглядзеў на яго. Служака, ды дурань гэты яфрэйтар Фартушноў. Нейкага мужыка прывалок. Прыйдзецца разбірацца з ім. Быццам іншых клопатаў у яго няма. Тут пра галаву трэба думаць, каб з плячэй не зляцела. Выпусціў Стасевіча… За гэта палкоўнік Свіньін пад суд аддасць.
-- Эй ты, чалавечак, як цябе зваць? – скрывіўшыся, прамовіў капітан Іваноў.
-- Пархвенам.
-- Дзе ж ты жывеш, Пархвен? – ляніва, па слове, цадзіў з сябе капітан Іваноў.
-- На хутары, паночак.
Капітан Іваноў куснуў вус. “На хутары… Выходзіць, непадалёку хутар. На хутары можна адпачыць, свежай курацінай паласавацца”.
-- Пархвен, завядзеш нас на свой хутар, -- сказаў капітан Іваноў.
Ягоныя словы быццам аглушылі Пархвена. Завесці на хутар – значыць выдаць Міхала. Ён жа там, у хаце. Адразу пазнае яго капітан Іваноў. Усім будзе канец. І Міхалу, і Сымонку, і Вольцы, і Юлі, і Панасу, і яму, Пархвену. Дык няхай яго аднаго застрэляць…
-- Застрэльце, а не павяду! – вырвалася ў Пархвена.
-- Смерці хочаш? – валасатая рыжая рука паволі пацягнулася да кабуры.
Пархвен не зводзіў вачэй з гэтай валасатай рукі. Застрэліць, упаду, ламаччам закідаюць… Няхай… Не аднаго мяне… Ніхто не лічыў і ніколі не палічыць, колькі людзей у лясах ляжыць. Застрэліць… А ці выратуе мая смерць маю сям’ю? Мусіць, не. Яны не дурні, здагадаюцца, што кагосьці хаваю на хутары. Проста так смерць не выбіраюць. Здагадаюцца, будуць шукаць наш хутар… Знойдуць. Часу ім хапае. Яны ж не жнуць, не косяць.
Пархвен мацней сціснуў у руцэ дуду. “Дуда мне дапаможа, выратуе ўсіх нас”, -- прамільгнула ў галаве.
-- Дык што выбіраеш, Пархвен? – капітан Іваноў пачаў расшпільваць кабуру. “Зараз застрэлю я гэтага мужыка. Мо хоць душу адвяду”, -- падумаў ён.
-- Паночак, павяду я вас. Павяду! -- прамовіў Пархвен.
-- А чаму адразу не хацеў? – Вочкі-шчылінкі капітана Іванова ядуць, працінаюць Пархвена.
-- Дык уся ж мая сям’я на хутары, паночак. Баюся я вас.
-- Бачу, што баішся, -- задаволены, кіўнуў галавою капітан Іваноў.

Трывожны сігнал дуды

Міхал прынёс з хаты тоўстую кнігу ў цёмнай вокладцы.
-- Гэтую кніжку мне пан Канстанцін падарыў. Заўжды з сабою яе нашу, -- пахваліўся Панасу.
-- Мусіць, моцна ты яго любіў? – прагаварыў Панас.
Уздыхнуў Міхал.
-- Шчырым беларусам быў пан Канстанцін. Не раз і не два ён казаў: “Няхай лепей загіну, чым адракуся ад свайго народа. Душапрадаўцам, здраднікам ніколі не буду я”.
“Вось яно што! – думае Панас. – Адрачыся ад народа – значыць здрадзіць, чужынцам свой край і свой народ прадаць, як быдла прадаюць. І ад роднай мовы адмовіцца. Казаў жа неяк бацька, што многія паны ад роднай мовы адмовіліся, на чужой сталі гаварыць. Яшчэ і заяўляюць з фанабэрыяй: “Не хачу гаварыць на мужыцкай мове”.
-- Міхал, цяпер многія адракуцца ад свайго народа? – запытаўся Панас.
-- Думаю, што знойдуцца. Адны са страху, другія з-за сквапнасці чужынцам стануць служыць. Ды годзе пра іх. Хочаш, кнігу табе пачытаю?
-- Пачытай! -- узрадаваўся Панас. Усё-ткі цікава праведаць, што разумныя людзі ў кнігах пішуць.
Аднаго дня, калі ён, Панас, ездзіў з бацькам у горад, бацька прывёў яго на базар і паказаў на стос кніг, якія ляжалі на прылаўку.
-- Сынок, разумныя людзі гэтыя кнігі напісалі.
Панас таргануў бацьку за рукаў.
-- Купі.
-- Дорага каштуюць яны. У мяне грошай не хопіць. Дый чытаць я не ўмею, -- прызнаўся бацька.
А Міхал тым часам разгарнуў кнігу.
-- Гэтую кнігу напісаў князь Мікалай Крыштоф Радзівіл, званы Сіроткам. У лета 1583-е за мора ён ездзіў, а вярнуўшыся, напісаў у кнізе, як жывуць там людзі. Слухай, што піша: “Месца гэтае прыгожыя дамы і лазні мае. Прадмесці поўныя садоў, агародаў, крыніц і пладоў усялякіх. Ёсць тут і дрэвы, на якіх чарвячкі, што шоўк вырабляюць, гадуюцца і жывуць…”.
-- Шоўк – гэта палатно? – пацікавіўся Панас.
-- Тонкае, далікатнае палатно, -- тлумачыць Міхал. – Паны сабе з яго адзенне шыюць.
-- Панскае палатно?
-- Але, панскае, -- сказаў Міхал.
“Пашанцавала ж князю Радзівілу, -- думае Панас. – Дзіўную краіну ён пабачыў. Чарвякі па дрэвах поўзаюць і шоўк вырабляюць! Відаць, жанчынам лёгка там жывецца. Прасці ім не трэба. Чарвячкі за іх прадуць…”.
“Ёсць у садах надзіва шмат пацукоў, якіх яны пацукамі фараонавымі называюць, -- старанна чытае Міхал, -- асабліва ж у вёсках, дзе яны значную шкоду земляробам чыняць, курэй і гусей ядуць”.
Панас скрывіўся. Не, ён там не жыў бы. Разгадавалі пацукоў… На сваёй зямлі лепей. Праўда, няшмат тут садоў, але затое вакол лес, у якім і маліны, і чарніцы, і брусніцы… Якіх толькі ягад няма!.. Восенню і груш-дзічак можна накалаціць. Смачныя яны, калі пасушыць. Зімою не ад’ясіся…
З хаты выйшла Волька. У гэты момант сігнал дуды данёсся з лесу. “Трывога! Трывога!” – пратрубіла, прайграла дуда.
-- Гэта ж бацька знак нам падае! – ускочыў Панас.
-- Знак бяды, -- дрыготкімі вуснамі прашаптала Волька.
І маці пачула, як трывожна пратрубіла дуда. Выбегла яна з хаты.
-- Міхалка, хавайся! Мабыць, царскіх салдат сюды нясе.
Міхал загарнуў кнігу, устаў і накіраваўся да дзвярэй.
-- Сымонку з сабою забяру.
-- Не, Міхал, -- не дазволіла маці. – Сымонка ў нас застанецца. Яшчэ не зусім акрыяў ён.
-- Міхалка, не стой! Бяжы! – усклікнула Волька.
-- Я непадалёку буду, -- сказаў Міхал і падаўся ў лес.

Старыя знаёмыя

Сапраўды, гэта Пархвен затрубіў у дуду, папярэджваючы аб небяспецы. Ён ведаў: зразумеюць яго родныя. Дуда ў ягоных руках умела не толькі плакаць і смяяцца, але і сігнал трывогі падавала. Ад бацькі, ад Лявона, Пархвен гэтаму навучыўся.
Бывала, пасадзіць яго бацька побач і кажа:
-- Ану, сынок, сігнал трывогі падай.
-- Навошта? Мы ж мірна жывем. Ніхто нас не чапае, -- звычайна аднекваўся Пархвен.
-- Сёння не чапаюць, а заўтра зачэпяць. Шмат якія цары-валадары да рук нас стараюцца прыбраць.
Не верыцца Пархвену, што нейкі цар-валадар паквапіцца на іхнюю маленькую хаціну, войска прышле, каб забраць яе.
-- Сынок, не лянуйся, -- падахвочвае бацька.
Як у ваду ён глядзеў. Знайшоўся цар-валадар, які прыслаў да іх цэлае войска.
Пархвен пратрубіў і зірнуў на капітана Іванова. А капітан Іваноў каршуном на яго накінуўся.
-- Хто дазволіў? Чаму затрубіў?
-- Я проста так, -- паціснуў плячыма Пархвен.
-- Проста так нічога не бывае, -- ашчэрыўся капітан Іваноў. – Ведаю я вас!..
-- Паночак, я “Цялушачку” зайграю! Хочаш?
-- Не распускай язык! – прыкрыкнуў на Пархвена капітан Іваноў.
Пархвен і “госці” выйшлі з лесу.
-- Твая хата? – дыхнуў Пархвену ў патыліцу капітан Іваноў.
-- Мая. І возера маё, -- адказаў Пархвен. Няхай бачыць гэты рыжы гіцаль, што няма чаго яму баяцца.
З хаты выйшла Юля. Стала, узіраецца.
“Няма Міхала ў хаце, схаваўся, -- з палёгкай уздыхнуў Пархвен. – Калі б быў у хаце, то назад кінулася б Юля, каб папярэдзіць Міхала, што царскія салдаты паблізу. Як жа выправіць іх? Думаў, што адседзіцца ў лесе, перажыве навалу, ды не выйшла”.
-- Пархвен, твая жонка там стаіць? – запытаўся капітан Іваноў, калі наблізіліся да хаты.
-- Мая кабета. Юля, прывітайся з гасцямі, -- таропка прагаварыў Пархвен.
А Юля стаіць як аглушаная.
-- А хто ў хаце? – выцер пот з ілба капітан Іваноў.
Пархвен непрыкметна маргнуў Юлі: маўляў, не бойся, не з’ядуць яны цябе.
-- Дзеці ў хаце, паночак.
-- А бандытаў вы не хаваеце?
-- Што вы, паночак! – нарэшце выдыхнула Юля.
-- Фартушноў, за мною! – махнуў рукою капітан Іваноў. – Праверым, хто ў іх у хаце.
-- Просім, -- прамовіла Юля і першая пайшла ў хату. За ёю падаліся капітан Іваноў, Пархвен і яфрэйтар Фартушноў.
Ці думаў капітан Іваноў, што гэты лясны чалавек (так ён назваў пра сябе Пархвена) хавае ў сваёй хаце Стасевіча? Не. Сапраўдным недарэкам здаўся яму Пархвен. “Такія недарэкі здатныя толькі есці і спаць”, -- з пагардай падумаў ён. Ды капітану Іванову трэба было паказаць, хто тут сапраўдны гаспадар.
Убачыўшы ў калысцы маленькага Сымонку, насцярожыўся капітан Іваноў. Двума пальцамі ён дакрануўся да Сымонкавай кашулькі.
-- Чыё дзіця?
-- Маё! Мой сыночак! – зніякавела Юля.
Капітан Іваноў зірнуў спярша на Юлю, а затым на Пархвена. Не такія маладыя гэтыя Пархвен і Юля, а дзіця ў іх зусім малое, як і Валовічаў хлопчык. Хлопчык…
Капітан Іваноў пацягнуў носам, як паляўнічы сабака, які адчуў здабычу.
-- Хм…
-- Паночак, цішэй! – папярэдзіла Юля. – Дзіця разбудзіце.
Капітан Іваноў нагнуўся і паказытаў дзіця вусамі.
-- Гы-гы-гы… – штосьці хрыплае, падобнае на смех, вырвалася з ягоных грудзей.
Прачнуўшыся, Сымонка расплюшчыў вочкі.
Капітан Іваноў наставіў над ім валасатую пяцярню.
-- Вашага хлопчыка Сымонкам зваць?
Юля (страх у яе як рукою зняло) адштурхнула капітана Іванова і паклікала Сымонку:
-- Лявонка, дзіцятка, хадзі да мяне.
-- Ма… – прамовіў Сымонка і працягнуў угору пульхненькія ручкі.
Юля ўзяла яго на рукі і прытуліла да грудзей.
-- Лявонкам яго зваць. Паночак, позні ён у нас, -- вінавата прагаварыў Пархвен.
Капітан Іваноў расшпіліў каўнер і прагаварыў са стогнам, як безнадзейна хворы:
-- Фартушноў, абшукай.
-- А навошта шукаць, паночак? За печчу Волька і Панас. Болей нікога няма ў хаце, -- сказала Юля і паклікала: -- Дзеці, выходзьце!
З-за печы выйшлі Волька і Панас.
-- Пан капітан, дык гэта тыя ж самыя, якія ўцяклі ад нас! – разявіў рот яфрэйтар Фартушноў.
Капітан Іваноў павярнуўся да Пархвена.
-- Яны ўцяклі! – сказаў з націскам.
-- А што ж ім заставалася рабіць? – паціснуў плячыма Пархвен. – Расказвалі яны мне, як ваш салдацік у яму ўваліўся. На дзіка выкапалі паляўнічыя, а ён…
-- Без цябе ведаю, -- перапыніў капітан Іваноў.
Пархвен паківаў галавою.
-- Даруйце, калі што не так.
-- Фартушноў, хадзем адгэтуль. Хадзем! – прамовіў капітан Іваноў і як нежывы пасунуўся з хаты.
“Пранесла. Пакуль пранесла”, -- падумаў Пархвен.

Святатацтва

Пархвен, Волька, Панас і Юля з Сымонкам на руках выйшлі з хаты. На беразе возера, ціха перагаворваючыся між сабою, сядзелі царскія салдаты.
-- Юля, дзе Міхал схаваўся? – парушыў маўчанне Пархвен.
-- У лес пабег, -- праз сілу сказала Юля. Дзіўна: у хаце, калі рыжы афіцэр падступіўся да Сымонкі, яна, здаецца, не адчувала страху. А вось цяпер ніяк не дойдзе да сябе. У грудзях усё дрыжыць, калоціцца.
-- Татка, -- падаў голас Панас, -- колькі так будзе працягвацца?
Пархвен пераступіў з нагі на нагу. Што сказаць сыну? Напэўна, надоўга гэтыя ўсядуцца тут. А маглі б дома поле араць, хлеб у поце здабываць, як звычайна людзі яго здабываюць.
-- Татка, і ты да іх у рукі трапіў, -- не дачакаўшыся ад бацькі адказу, папракнуў Панас.
-- На балоце схапілі, падкраліся. Не думаў я, што і на балота прыпруцца, -- прамовіў Пархвен.
-- А я… У мяне… У мяне ўваччу пацямнела, калі рыжы пра Сымонку стаў распытвацца, -- прызналася Волька.
-- Сірацінка мая! – мацней прытуліўшы Сымонку, з пяшчотай прагаварыла Юля.
-- А мог бы па-панску жыць, у лакірованых ботах хадзіць, -- уздыхнуў Пархвен. – Во якой пакручастай бывае доля!
-- Не ляпайце языкамі. Бяды не абяромся, калі яны пачуюць, -- выгаварыла Пархвену і Вольцы Юля. Некалі і Волька, як цяпер Сымонка, ляжала ў яе на руках, даверліва тулячыся шчочкай. Канешне, Сымонка мог бы як сыр у масле качацца. Але ж і яна з Пархвенам паставіць яго на ногі. Не ў багацці шчасце. Галоўнае: каб здароўе было.
Юля зірнула на Вольку. Завастрыўся твар у дачкі, вочы патухлі. Вядома, у думках з Міхалам цяпер яна. Як жа далей складзецца ў іх? Хоць бяры ды за мора іх пасылай… Божа… Божа!..
-- Гы-гы-гы… -- данёсся ад возера рогат яфрэйтара Фартушнова.
-- Каб ты да заўтрашняга дня не дажыў! Каб твае вочы не свяцілі! Каб табе рукі адняліся! – пачула Юля, як прашаптаў Панас.
-- Сынок, каго ты так выклінаеш? – затрывожылася яна.
-- Таго… Цыбатага… Яфрэйтара Фартушнова… Ён нашага Жука застрэліў.
-- Сынок, няможна клясці.
-- Чаму?
-- Грэх.
-- Ён жа Жука застрэліў.
-- Бог яго пакарае. А табе няможна клясці.
-- Калі яшчэ пакарае? Чуеш, як рагоча? Весела яму.
-- Сынок, я закапаў Жука, -- уступіў у гаворку Пархвен.
На вачах у Панаса выступілі слёзы.
У Юлі мурашкі прабеглі па спіне.
А яфрэйтар Фартушноў, нарагатаўшыся, устаў і накіраваўся да іх, да хаты.
-- Мамка, ён сюды ідзе! – усклікнула Волька.
-- Няхай ідзе. Не кране ён нас, -- супакоіла дачку Юля.
-- Не сядзіцца яму! – буркнуў Панас.
-- Панаска, глядзі, не чапай яго, -- папярэдзіў сына Пархвен.
Наблізіўшыся, яфрэйтар звярнуўся да Пархвена:
-- Гаспадар!
-- Чаго? – неахвотна адказаў Пархвен. Бывае, што трэба цярпець. І цярпенне – сіла. І яно, цярпенне, здараецца, дапамагае адолець ненавісніка.
У яфрэйтара рот да вушэй.
-- Гаспадар над хатай і над возерам! Гы-гы-гы…
“Здзекуецца ён нада мною, -- здагадаўся Пархвен. – Пры дзецях… Сваю сілу паказвае”.
-- Я тут гаспадар! Я! – цвёрда сказаў Пархвен.
Яфрэйтар адразу перастаў смяяцца. Уставіўся, строга глядзіць на Пархвена.
“Дайшло!” – падумаў Пархвен.
-- Гаспадар!.. Твой малы… Гы… Мабыць, не дае спаць… Гы…
-- Скажы мне: у цябе ёсць маці? – рэзка прагаварыў Пархвен.
-- Ёсць. Ну і што? – сумеўся яфрэйтар.
-- Дык паедзь да яе і запытайся, як ёй прыходзілася гадаваць цябе. Яна табе раскажа…
Яфрэйтар воўкам зірнуў на Пархвена.
-- Не вучы вучонага. Не вучы… Рыдлёўка ёсць у цябе, гаспадар?
-- Каля хлява стаіць. Бяры, -- сказаў Пархвен. Няхай бярэ рыдлёўку гэты нахабнік, няхай хоць зусім забірае, раз яна яму так спатрэбілася. Абы хутчэй пайшоў, абы з вачэй далоў.
Але Фартушноў пакуль не збіраўся ісці. Ён тыцнуў пальцам, паказаўшы на курган.
-- Там курган насыпаны?
-- Нашы прашчуры там пахаваны, -- не падазраючы благога, адказаў Пархвен.
-- Добра… Добранька, -- прамовіў яфрэйтар і, узяўшы каля хлява рыдлёўку, палез на курган.
-- Татка, чаго яго туды панесла? – здзівіўся Панас.
-- Пабачым.
Яфрэйтар тым часам узлез на курган і, папляваўшы на рукі, з сілай усадзіў лязо рыдлёўкі ў зямлю.
-- Татка, ён жа курган капае! – усклікнуў Панас.
-- Чалавеча, што робіш? – гукнуў Пархвен.
-- Ты ж сам мне казаў, што тут твае прашчуры пахаваны. Мо і багаценькія яны былі. Ім ужо ўсё роўна, а мне, мажліва, удасца пажывіцца, -- адказаў яфрэйтар Фартушноў.
-- Кінь, чалавеча. Грэх на сваю душу не бяры, -- прагаварыў Пархвен.
-- Не смяшы мяне. У нас шмат такіх курганоў параскопвалі. Некаторым пашанцавала, на шырокую нагу зажылі. І мне, дасць Бог, пашанцуе. Гэты ж курган зусім некрануты.
-- Дзе гэта ў вас?
-- А там, дзе нарадзіўся я, -- пахваліўся яфрэйтар.
Пархвен слухаў і сваім вушам не верыў. Самы вялікі грэшнік не асмеліцца курган раскапаць, парушыць. Ганарліва стаяць курганы, узвышаючыся над наваколлем. А яфрэйтар… Пра Бога ўспомніў, але Бога ў сэрцы не мае ён. Чорт усяліўся ў яго. Хваліцца, што ў іх курганы даўно параскопвалі, паразрывалі… Нездарма так лютуюць. Гэтую зямліцу па кавалках раздзяруць.
-- Святатацтва! – прашаптаў Пархвен.
-- Татка, чаго стаіш? Забяры ў яго рыдлёўку! – крыкнуў Панас.
-- Няхай капае. Няхай натоліць сваю прагу.
-- Баішся? Баішся ты? Дык я пабягу!
Пархвен схапіў сына за руку.
-- Галава гуза шукае? Забыўся, што з дзедам Лявонам яны зрабілі?
Заложна, у ахвотку капае яфрэйтар. Па самыя плечы ўжо ў яму залез.
-- Хлопцы! – гукнуў. – Я шкілет выкапаў!
На курган, усхапіўшыся, пабеглі салдаты. Пархвен з Панасам, не стрываўшы, таксама пашыбавалі за імі.
Пархвен прабраўся наперад. У яме, выкапанай яфрэйтарам, сапраўды быў нябожчык. Побач з ім ляжалі кавалкі медзяных дроцікаў.
-- Тут не пажывішся. Бяднота! – сказаў Фартушноў і знізу ўверх паглядзеў на сваіх сябрукоў.
-- Не руш нябожчыка! – прамовіў Пархвен.
-- Га? Не чую, -- прыставіў руку да вуха яфрэйтар.
-- Не руш нябожчыка! – паўтарыў Пархвен.
-- Фартушноў, бягом да мяне! – данёсся голас капітана Іванова.
-- Рабяты, руку падайце! – крыкнуў яфрэйтар.
Радавы Макашоў працягнуў руку. Яфрэйтар ухапіўся за яе, вылез з ямы і, кінуўшы рыдлёўку, пабег з кургана. І іншыя пачалі спускацца ўніз. Некаторыя з іх ціха перагаворваліся:
-- Бач ты, дакапаўся!
-- Як крот, рыў.
-- Было з-за чаго старацца.
-- Дурань ён, скажу я табе. Спадзяваўся, што золата знойдзе. Не яму – капітану Іванову дасталася б, калі б знайшоў.
-- А памятаеш, як крупчыцкі кляштар мы ўзялі? Капітан Іваноў цэлы мех дабра з кляштара вынес.
-- Святатацтва! – прамовіў Пархвен і, узяўшы рыдлёўку, стаў засыпаць нябожчыка – свайго прашчура.

Яфрэйтар Фартушноў падказвае

Капітан Іваноў моўчкі глядзеў на яфрэйтара, які спяшаўся да яго. Новая хваля злосці паступова паднімалася ў душы капітана Іванова. Яна стала паднімацца пасля таго, як яфрэйтар гучна абвясціў, што выкапаў шкілет чалавека. “Не на дабро гэта”, -- падумаў капітан Іваноў. Успомнілася яму, як гэткім жа восеньскім днём, калі, як і цяпер, над зямлёю плыло бабіна лета, у іхнім маёнтку капалі сажалку. Карпаў бацька вырашыў развесці. Спорна працавалі барадатыя сяляне. Непадалёку на лаўцы разам з бацькам сядзеў і ён, Іван Іваноў, малады юнкер з рыжымі вусікамі, якія толькі што сталі прабівацца над верхняй губой.
Капаюць людзі, час ад часу да бацькі звяртаюцца, самі сябе падахвочваючы:
-- Фаміч, за добрую работу не забудзься нас чаркай пачаставаць.
-- Будзе, будзе вам чарка, -- паважна ківае галавою бацька.
Ды не давялося работнікам-мужычкам выпіць магарыч. Каля куста бэзу выкапалі яны шкілет чалавека, чэрап якога быў раскроены не іначай як сякерай.
Спахмурнелі мужычкі і заявілі ў адзін голас:
-- Фаміч, болей не будзем капаць.
Лістом слаўся бацька, прасіў іх, каб скончылі пачатую работу, абяцаў як след пачаставаць, ды не паддаліся работнікі на ягоныя ўгаворы. Закінулі на плечы рыдлёўкі і папляліся, шморгаючы лапцямі па апалым лісці.
Вылаяўшыся, бацька зноў сеў на лаўку. З куточкаў ягоных вачэй выкаціліся дзве слязіны.
-- Не на дабро гэта. Не на дабро, Ванька.
Ён, Іван Іваноў, чуў ад людзей, што няправедна нажыў багацце бацька. “Яшчэ рыгнецца яму, бокам вылезе. Грэх і ў зямлю не закапаеш”, -- амаль не тоячыся, казалі людзі, асабліва на святы, падвыпіўшы.
Ён, Іван Іваноў, тыцнуў пальцам, паказаўшы на шкілет.
-- Бацька, твая работа? Праўду людзі кажуць?
Як чарвяк, закруціўся бацька.
-- Разумнік ты ў мяне! А ведаеш ты… Не, ты не ведаеш, што твой дзед, а мой бацька гэты маёнтак п’яны ў карты прайграў і кулю сабе ў лоб пусціў! Не ведаеш!..
-- Штосьці чуў, -- сказаў ён, спагадаючы бацьку.
-- Штосьці – не ўсё. Усё, усё паслухай. Не аднаму мне цяжар на душы насіць, -- кажа бацька, а вочы агнём гараць. – Без капейчыны твой дзед мяне пакінуў. Ломанага грошыка за душою я не меў. Я тады, як і ты, зусім малады быў. Пахавалі мы бацьку. Зіма, мяцеліца за акном вые, а я сяджу за сталом, сам вось-вось воўкам завыю. Злосці поўныя косці… Як падумаю, што трэба з маёнтка выбірацца, дык зубамі заскрыгачу…
-- На бацьку злаваў? – пацікавіўся ён, Іван Іваноў.
-- А на каго ж яшчэ?! Сяджу, скрыгачу зубамі, а тут купец у наш дом заявіўся, просіцца пераначаваць. Кажа, што заблудзіўся ў цемры. Пусціў я яго, у бацькаў пакой завёў, а сам праз шчылінку пазіраю. Перш чым легчы спаць, выцягнуў купец мяшочак з золатам, па стале залатыя манеты рассыпаў, лічыць, губамі бязгучна варушачы. Ён залатыя лічыць, а ў мяне ў скронях: тук-тук, тук-тук… “Не выпушчу я жывым цябе адгэтуль”, -- думаю.
-- Чаму ж ты яго каля хаты закапаў? Не мог далей завезці? – папракнуў ён, Іван Іваноў.
-- Не мог! – перайшоў на крык бацька. – Думаеш, лёгка мне было? Рукі абмяклі, калі яго, нежывога, сяк-так з дома выцягнуў… А за залатыя свой маёнтак выкупіў. Ты гора не знаў, жыў не горш за іншых.
-- Ну, а чаму… Чаму цяпер загадаў тут капаць?
Засоп носам бацька, не знайшоўшы адказу.
-- Не на дабро гэта. Не на дабро…
-- Бацька, не бяры ў галаву. Ну, выкапалі яны шкілет. А хто дакажа, што ты таго купца забіў? Вунь колькі летаў прайшло!
Бацька неяк адразу абмяк, стаў шэры, як пясок пад нагамі.
-- Не на дабро гэта…
Праз тыдзень згарэў у іх свіран, а потым з дымам пайшла і стайня. Бацьку паралізавала… Гаспадарка, так добра наладжаная ім, стала заняпадаць…
І вось зноў шкілет, як напамінак аб даўнім. Не будзе дабра, не будзе…
Капітан Іваноў уявіў, як, выцягнуўшыся, стаіць перад палкоўнікам Свіньіным. Вочы ў палкоўніка Свіньіна крывёю налітыя.
-- Дзе бандыт Стасевіч? Дзе? – грукае кулаком па стале палкоўнік Свіньін.
-- Уцёк, пан палкоўнік.
-- А дзіця?
-- І дзіця панёс з сабою, пан палкоўнік.
-- Я цябе!.. Я!.. Згнаю! – шалее палкоўнік Свіньін.
-- Чаго клікалі, пан капітан? – падбег яфрэйтар.
-- Цябе хто пасылаў, дубіна?
Стаіць яфрэйтар, есць вачыма капітана Іванова.
-- Куды, пан капітан?
-- На курган, ёлупень.
-- Вы, пан капітан, здаецца, не супраць былі.
-- Калі здаецца, то хрысціцца трэба. Зараз як размахнуся, як гваз…
-- Пан капітан, калі б я золата знайшоў, то і з вамі падзяліўся б.
Капітан Іваноў глядзіць на яфрэйтара, як глядзяць на казюрку, якая неспадзявана запаўзла на па-святочнаму прыбраны стол. “Чаму ён такі дурань, гэта яфрэйтар? Падзяліўся б… Як з роўняй. Ды ён, капітан Іваноў, з горла ў яго золата вырваў бы, анічога яму не пакінуў бы”.
-- Чаго пале-эз?
-- Твар у яфрэйтара Фартушнова раптам расплыўся ва ўсмешцы.
-- Пан капітан, зараз я вам такое скажу-у!..
-- Ну!.. – насцярожыўся капітан Іваноў.
-- Пан капітан, гэты Пархвен-гаспадар не такі ўжо недарэка, як нам здаецца.
Капітан Іваноў прыжмурыў левае вока, быццам збіраўся стрэліць з рэвальвера.
-- Мне ніколі не здаецца. А калі табе, то…
-- Пан капітан, гляньце на дзіця!
Капітан Іваноў сціснуў зубы. Так, сапраўдны дурань яфрэйтар. І не проста дурань, а набіты дурань. Вядома, разумее ён, што зараз без зубоў застанецца. Але не ведае, як выкруціцца, не ўмее. Ён, капітан Іваноў, на нейкае сялянскае дзіця павінен глядзець! Ды яму гэтыя сялянскія дзеці як костка ў горле стаяць. Наглядзеўся ўжо, тут служачы.
Капітан Іваноў устаў і падняў руку, сцятую ў кулак.
-- Зараз як гваз…
У яфрэйтара Фартушнова задрыжала ніжняя пашчэнка.
-- Пан капітан, у Пархвена старэйшыя дзеці русявыя, а малое чарнявае. І сам ён русявы, і ягоная жонка русявая. Не ягоны гэта хлопчык, не ягоны…
Капітан Іваноў апусціў руку.
-- А чый жа ён?
-- Бандыта Валовіча! – выпусціўшы з сябе паветра, выпаліў яфрэйтар Фартушноў.
Капітан Іваноў наморшчыў лоб. Хоць і баліць, аж расколваецца галава, але трэба думаць, думаць… Усе яны русявыя, а малое чарнявае… Чарнявае… О-о, як галава трашчыць!.. Значыць, чарнявае… І праўда, не такі недарэка Пархвен, як адразу падумалася пра яго. Знарок прытвараўся, дурня строіў. Усе яны тут прытвараюцца… Усе… Стасевіча, калі ўцякаў, падстрэлілі. Салдаты данеслі, што кроў была на зямлі… Паранены, ён не мог далёка ўцячы. У Пархвена прытулак знайшоў. Дзесьці схаваў яго Пархвен. А дзіця не паспелі схаваць…”.
-- Пан капітан, трэба дапытаць Пархвена, -- падказаў яфрэйтар Фартушноў.
-- Дапытаем. Мы яго абавязкова дапытаем, -- усміхнуўся капітан Іваноў.
Засыпаўшы нябожчыка, Пархвен разам з Панасам спускаўся з кургана.

Цяжкая работа

-- За мною! – скамандаваў капітан Іваноў яфрэйтару і накіраваўся да хаты. Не, на гэты раз ён ужо не адступіцца, да канца давядзе даручаную яму справу. Як кажуць? Альбо пан, альбо прапаў.
-- Татка, вунь рыжы. Сунецца да нас, як чорная хмара, -- паведаміў Панас.
Пархвен стаў, чакаючы капітана Іванова. Ён адчуў: быць бядзе. Рана ці позна – ведаў Пархвен – павінна была наступіць развязка. І ён у думках рыхтаваўся да гэтага, просячы Бога аб адным: каб дапамог зберагчы яму сям’ю, каб не загінула яна.
-- Пархвен! – наблізіўшыся, сказаў як стрэліў капітан Іваноў.
Пархвен спадылба зірнуў на свайго мучыцеля.
-- Чаго яшчэ трэба, паночак?
“Зараз скінеш лісіную шкуру. Да чаго дадумаўся! Мяне, капітана Іванова, двараніна, за нос водзіць! Мой нябожчык бацька, царства яму нябеснае, купца не пашкадаваў, сякерай засек. Дык няўжо ж я пашкадую цябе, Пархвен, лясны ты чалавек? Ты для мяне як пыл пад ботам”, -- падумаў капітан Іваноў, даводзячы сябе да злосці.
-- Што вам трэба?
Капітан Іваноў схапіў Пархвена за грудзіну і што ёсць сілы стаў трэсці, паўтараючы адно і тое ж:
-- Падманваеш мяне? Падманваеш?..
Панас выхапіў з бацькавых рук рыдлёўку і ўзняў яе, замахнуўшыся.
-- Татку адпусці, бо!..
Перад вачыма капітана Іванова на секунду мільгануў пакалечаны чэрап купца-нябожчыка.
-- Фартушноў, страляй у малога! Страляй! Чуеш? – завішчаў ён, не адпускаючы Пархвена.
Яфрэйтар Фартушноў стаяў, лыпаючы вачыма. Вядома, ён не раздумваючы застрэліў бы Панаса, але ў яго, як на тое гора, не было вінтоўкі: на беразе возера пакінуў яе.
-- Юля, забяры Панаса! – гукнуў Пархвен, сціснуўшы ў запясці рукі капітана Іванова.
Юля перадала Вольцы Сымонку, падбегла да Панаса, вырвала з ягоных рук рыдлёўку і кінула яе на зямлю.
-- Сынок, няўжо ж загубіць усіх нас вырашыў ты?
А Пархвен яшчэ мацней сціснуў у запясці рукі капітана Іванова.
-- Пусці! – прахрыпеў капітан Іваноў.
Пархвен расціснуў пальцы, і капітан Іваноў адскочыў убок.
-- Пан капітан, я салдат паклічу! – усклікнуў яфрэйтар. – Яны…
-- А ты? Ты салдат ці шула ў гумне? – капітан Іваноў з развароту даў яфрэйтару ў сківіцу.
Той, сагнуўшыся, заенчыў і выплюнуў з рота чырвона-бурую сліну.
-- Паночак, дык што ж табе трэба ад мяне? Скажы па-людску, -- звярнуўся да капітана Іванова Пархвен.
Капітан Іваноў азірнуўся: ад возера таропка ідуць, спяшаючыся на падмогу, салдаты. Уперадзе – радавы Макашоў. Вінтоўку трымае, як перад атакай.
-- Што? – у капітана Іванова пена выступіла ў куточках губ. – Хлусіш! Малое дзіця не тваё, а панскае! Бандыта Валовіча яно! Спалю вас!..
-- Стой, пан капітан! – пачуўся вокліч.
З-за рога хаты выйшаў Міхал.
-- Міхалка! – у роспачы закрычала Волька.
-- Юля, вядзі Вольку ў хату! – гукнуў Пархвен.
Юля абняла Вольку за плечы і павяла ў хату, суцяшаючы:
-- Дачушка, супакойся. Супакойся, дачушка!..
-- Пан капітан, мяне бяры. За мною ты ганяўся, -- сказаў Міхал.
Капітан Іваноў сваім вачам не верыў. Вось ён, Стасевіч. Сам выйшаў, сам здаўся. Жывым ці мёртвым даставіць яго палкоўніку Свіньіну? Мабыць, лепей жывым. За жывога большую ўзнагароду дасць палкоўнік Свіньін. Стасевіч дапёк палкоўніку не менш, чым Канстанцін Валовіч. З радасцю расквітаецца з ім палкоўнік Свіньін.
-- Фартушноў! – паклікаў капітан Іваноў.
Тут як тут яфрэйтар. Хоць і пабіты, але рады старацца.
-- Што загадаеце, пан капітан?
-- Бандыту Стасевічу рукі звяжы.
Яфрэйтар Фартушноў стаіць, моршчыцца.
-- Не дайшло?
Яфрэйтар лыпнуў вачыма.
-- Пан капітан, у яго ж не сіла, а сілішча. Схопіць за горла, сцісне – і канцы. Яму ўсё роўна, як паміраць: ці ад кулі, ці на шыбеніцы.
-- Ну! – насупіўся капітан Іваноў.
-- Пан капітан, лепей збіце на горкі яблык.
Капітан Іваноў абвёў позіркам салдат.
-- Хто звяжа рукі бандыту Стасевічу? Крок уперад!
Стаяць усе, кожны вочы стараецца схаваць. Ганьба! Ганьба! Цэлы атрад з ім, капітанам Івановым, а не знойдзецца смельчака, каб рукі бандыту звязаў. Прыйдзецца застрэліць яго. Застрэліць?.. Але ж дойдзе да палкоўніка Свіньіна, што ніхто з атрада не асмеліўся падысці да Стасевіча. Невядома, як паглядзіць на гэта палкоўнік Свіньін. Дый сябрукі-афіцэры будуць кепікі строіць. Што ж рабіць?..
-- Пан капітан, -- падаў голас яфрэйтар, -- загадайце Пархвену-гаспадару, каб рукі бандыту звязаў.
З палёгкай уздыхнуў капітан Іваноў.
-- Няхай звяжа.
Яфрэйтар зняў з сябе папружку і кінуў яе Пархвену.
-- Вяжы, Пархвен-гаспадар.
-- А сам? – сказаў Пархвен, злавіўшы папругу.
-- Давайце, дзядзька Пархвен, -- прамовіў Міхал. – Не хачу, каб яны мяне вязалі.
Пархвен падышоў да Міхала. Яму здавалася, што папружка пячэ рукі, быццам агнём.
-- Вось да чаго, сынок, дажыўся я. Ганебнае раблю.
Міхал, скрыжаваўшы, наставіў рукі.
-- Вяжыце, дзядзька Пархвен.
Пархвен моўчкі звязаў Міхалу рукі. Сам капітан Іваноў падышоў, праверыў, ці добра заціснуты вузел.
-- Куды павядзеш мяне, пан капітан? – запытаўся Міхал.
-- Ты вельмі не спяшайся. Сядзь, адпачні. Ну, сядай! Каму сказана?
Міхал сеў на прызбу. А капітан Іваноў, заўважыўшы курыцу-чубатку, якая прыбегла на падворак, выняў з похваў шаблю і секануў чубатцы па шыі. Чубатка ўпала на пясок.
-- Яфрэйтар Фартушноў, занясі курыцу ў хату. Няхай абскубуць і звараць мне.
Яфрэйтар Фартушноў схапіў чубатку за лапы і панёс у хату.
-- Радавы Макашоў, стань насупраць хаты і пільнуй. Нікога не ўпускай і не выпускай. Калі што, страляй без папярэджання, -- камандуе-распараджаецца капітан Іваноў.
-- Ёсць! – адрапартаваў радавы Макашоў і стаў насупраць дзвярэй, напагатове трымаючы вінтоўку.
З хаты выйшаў яфрэйтар Фартушноў.
-- Пан капітан, яны ўжо ў печы падпальваюць, ваду ставяць. Падагнаў я іх. У мяне да трох не гавары.
-- Угу, -- буркнуў капітан Іваноў і сеў на калодку, закінуўшы нагу за нагу. Цудоўна складваецца, нічога не скажаш. Трэба крыху адпачыць, курацінай паласавацца і ў дарогу. Да палкоўніка Свіньіна. Жывым даставіць ён яму Міхала Стасевіча. А дзіця… Дзіця лепей мёртвае, чым жывое. Так хочацца палкоўніку Свіньіну.

У чоўне і за чоўнам

-- Ужо і з курамі ваюеш, пан капітан! – не сцярпеў, упікнуў Міхал.
Капітан Іваноў пазелянеў ад злосці. Не здаецца Стасевіч. Свой гонар паказвае.
-- Фартушноў!
Яфрэйтар непадалёку ад капітана сядзеў, чакаў ягонай каманды.
Ускочыў яфрэйтар Фартушноў.
-- Што загадаеце, пан капітан?
-- Мухай у хату!. Прынясі сяннік.
-- Я зараз! – выскаліўся яфрэйтар Фартушноў і рвануў у хату. Не прайшло хвіліны – назад вылятае, сяннік перад сабою трымае.
“Мой, на якім я спаў”, -- адзначыў пра сябе Панас. Ён зірнуў на бацьку. А бацька стаіць, шчыльна сціснуўшы губы.
Яфрэйтар Фартушноў кінуў сяннік на зямлю і ботам на яго наступіў.
-- Прынёс, пан капітан!
-- Выпатрашы яго.
-- Зразумела, пан капітан! – Яфрэйтар Фартушноў выняў з похваў шаблю, разрэзаў ёю сяннік і, падняўшы яго, страсянуў раз, другі, трэці… Па падворку разляцелася салома, якою быў набіты сяннік.
-- Татка, што яны задумалі? – хочацца ведаць Панасу.
-- Маўчы, сынок, -- папярэдзіў бацька.
Капітан Іваноў устаў з калодкі і шырока расставіў ногі.
-- Стасевіч, не здагадаўся, што я прыдумаў?
Міхал падняў галаву, распраміў плечы.
-- Ідзі сюды! – паклікаў капітан Іваноў Міхала.
Міхал наблізіўся да капітана Іванова.
“Добра, што Волька-Волечка ў хаце, што не ўбачыць яна, як яны будуць мучыць мяне, -- падумаў Міхал. – Што ж выбраць? Смерць ці здзекі? Смерць лёгка знайсці. А вось перахітрыць яе не кожнаму ўдаецца. Так і пан Канстанцін не раз і не два перад боем казаў. Значыць, трэба змагацца, пакуль ёсць хоць невялікая надзея. А смерць і маленькаму Сымонку пагражае. Кроў з носа, а трэба яго выратаваць, выканаць наказ, дадзены панам Канстанцінам. Каб не мучыўся ён на тым свеце, каб не наракаў, каб лёгка яму там было”.
-- Пасадзім у сяннік і ў чоўне пацягнем!.. Спадабаецца? – крыва ўсміхнуўся капітан Іваноў, не спускаючы вачэй з Міхала.
-- Не раздзімай храпы, не раздзімай! – ціха, але выразна прагаварыў Міхал.
Капітан Іваноў як апараны ўскочыў з калодкі і затрос кулакамі.
-- Сам павязу цябе ў чоўне! Сам! А потым, потым… Будзеш шчаслівы, калі захлібнешся!..
-- Татка, што нам рабіць? – прамовіў Панас. – Утопяць яны Міхала. Татка!..
-- Пархвен, -- гукнуў капітан Іваноў, -- нясі вяроўчыну!
-- У сенях вісіць. Самі бярыце, калі вам трэба, -- сказаў Пархвен. “Я вам не служка”, -- хацеў дадаць, ды стрымаўся.
-- Я прынясу, пан капітан, -- падахвоціўся яфрэйтар Фартушноў.
-- Давай!
-- Пан капітан, Стасевіч, дасць Бог, захлібнецца. А панскае дзіця нам трэба забіць. Палкоўнік Свіньін не захоча аб яго пэцкаць свае рукі, -- прынёсшы вяроўчыну, сказаў, як адрапартаваў, яфрэйтар Фартушноў.
-- А ты? – прагаварыў капітан Іваноў.
-- Я магу… Пан капітан, я ўсё магу…
-- Па дарозе задушыш дзіця. Мёртвае прывязем палкоўніку Свіньіну. А цяпер са мною на чоўне паплывеш.
-- Пан капітан, каго-небудзь іншага вазьміце. Я плаваць не ўмею, -- спалохаўся яфрэйтар.
-- Ты ж на чоўне будзеш стаяць, дурань! Ну, ідзі! – штурхнуў Міхала ў плечы капітан Іваноў.
-- Татка, яны павялі Міхала… А Сымонку заб’юць! – аж затросся Панас.
Пархвен пагладзіў сына па галаве.
-- Супакойся, сынок. Пастараемся выратаваць Сымонку. І Міхалу, дасць Бог, удасца ўцячы.
-- Татка, як? Яны ўжо ў човен селі.
-- Міхал, -- гукнуў Пархвен, -- яфрэйтар цябе павязе, а сам, як курыца, плавае!
-- Я табе паплаваю! – крыкнуў з чоўна капітан Іваноў. – Зараз сам Стасевіча за чоўнам у сянніку павязеш.
-- А калі не захачу?
Капітан Іваноў выняў з кабуры рэвальвер.
-- У мяне захочаш! Давай сюды!
-- Паночак…
-- Давай!..
-- Татка, не ідзі да іх, -- прагаварыў Панас.
-- Сынок, памаўчы, -- прагаварыў Пархвен і накіраваўся да возера. Ён узяў вясло, якое ляжала на беразе, сеў у човен і адштурхнуўся.
-- Пан капітан, калі бандыта Стасевіча ў сяннік пасадзім? – пацікавіўся яфрэйтар Фартушноў.
-- Сам залезе, калі на сярэдзіну возера заплывем. А заўпарціцца – куля ў лоб.
-- А што, калі ён нам па галаве, як у лесе?
Капітан Іваноў прысеў на кукішкі, трымаючыся за борт рукою.
-- Не асмеліцца. Чуў, як Пархвенава дачка нядаўна крычала? Кахае яна яго, і ён яе кахае, мне думаецца. Нездарма сюды прывалокся.
-- Ну і што?
-- Пархвенаву сям’ю спалім, калі хоць скрыва гляне на мяне ці на цябе.
Човен паволі плыў па возеры. На беразе стаяць салдаты, дзівяцца.
“Так і не давялося мне тут уволю рыбы палавіць”, -- з горкасцю падумаў Пархвен.
Човен выплыў на сярэдзіну возера.
-- Стой! – скамандаваў Пархвену капітан Іваноў.
Пархвен перастаў грэбці. Човен спыніўся.
-- Фартушноў, дай бандыту сяннік, -- сказаў капітан Іваноў.
Падаўшыся ўперад, яфрэйтар працягнуў Міхалу сяннік.
-- Бяры!..
Пархвен маргнуў Міхалу, і яны разам гайданулі човен. Не ўтрымаўшыся, яфрэйтар Фартушноў пляснуўся ў ваду.
-- Таплюся! Ратуйце! – закрычаў, пускаючы бурбалкі.
-- Ратуйце яго! – прахрыпеў капітан Іваноў і ўшчарэпіўся рукамі за борт.
-- Ён жа човен пераверне, нас утопіць! Тут глыбіня! Да берага трэба плыць! – усклікнуў Пархвен, непрыкметна разгойдваючы човен.
-- Давай! – пабялелымі вуснамі прашаптаў капітан Іваноў.
Канешне, някепскі служака яфрэйтар Фартушноў, але свая шкура даражэй. Жыццё ні за якія грошы не купіш.
Пархвен пагнаў човен да берага, а яфрэйтар, захлёбваючыся, крыкнуў:
-- Ратуйце! Рату…
Капітан Іваноў адвярнуўся. На беразе тоўпяцца салдаты, гамоняць. “Загадаю ім, каб селі на човен і цела тапельца выцягнулі. Па-хрысціянску яго пахаваем. Як у баі загінуўшага”, -- крыху супакоіўшыся, падумаў капітан Іваноў.
Човен прыстаў да берага. Апярэдзіўшы Пархвена, капітан Іваноў выскачыў з чоўна.
-- Вылазьце! – звярнуўся да Міхала і Пархвена.
Пархвен, а за ім і Міхал вылезлі на бераг.
Капітан Іваноў махнуў рэвальверам.
-- Макашоў, з бандыта Стасевіча вачэй не спускай, пакуль мы тапельца не выцягнем.
-- Баішся ты мяне, пан капітан, -- сказаў Міхал.
Капітан Іваноў тыцнуў рэвальверам, паказаўшы на хату.
-- Бягом туды, бандыт! І не рыпайся!
-- Сынок, хадзем, -- прагаварыў Пархвен, цягнучы Міхала за сабою.
Каля хаты радавы Макашоў спыніў Міхала і Пархвена.
-- Куды? Тут стаяць!
“Ні мяне, ні Міхала да сябе ты не падпусціш”, -- падумаў Пархвен і звярнуўся да радавога Макашова:
-- У хату мне можна зайсці?
-- Не дазволена!
-- Я на хвілінку…
-- Не дазволена!
-- Жонцы скажу, каб кураціну пану афіцэру прынесла. Пусці…
-- Пану капітану? – радавы Макашоў наморшчыў лоб.
-- Яму. Бачыш, які злы па беразе бегае?
-- Ідзі, -- падумаўшы, дазволіў радавы Макашоў.
-- Татка! – памкнуўся да Пархвена Панас.
-- Сынок, стой тут і чакай мяне, -- сказаў Пархвен і пайшоў у хату.
-- Міхал, -- усклікнуў Панас, -- салдаты ў човен селі, тапельца хочуць выцягнуць!
Міхал не паспеў адказаць, бо з хаты выйшлі Пархвен, Волька з Сымонкам на руках і Юля. Юля трымала перад сабою чыгунок з варам.
-- Пан салдат, я курыцу пану афіцэру зварыла. Бачыце? – наблізіўшыся да радавога Макашова, Юля лінула яму варам на галаву.
Радавы Макашоў кінуў стрэльбу і затуліўся рукамі. Пархвен схапіў яго і павалок за хату.
-- А-а-а! – заенчыў ад болю радавы Макашоў.
Да яго падскочыў Міхал і звязанымі рукамі саўгануў пад дых.
Радавы Макашоў сагнуўся і ўпаў.
-- Пабеглі! – крыкнуў Пархвен і, узяўшы з рук Волькі Сымонку, кінуўся ў лес.
Не дагналі царскія салдаты Міхала і Катлярэвічаў. Следу не знайшлі.

Замест эпілога

З “Кароткай энцыклапедыі Беларускай ССР”, Мн., 1978. Т. 1 С. 547: “Паўстанне 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, нац-вызв. Паўстанне (24 сак.-16 ліст.)супраць царскай Расіі і Прусіі, якія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай (1793), і супраць рэакц. Магнацтва, што захапіла ўладу ў Рэчы Паспалітай у выніку Таргавіцкай канфедэрацыі 1792… На Беларусі і ў Літве паўстанне пачалося 16 крас. У Шаўлях… Пасля паражэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай. У выніку яна ліквідавана як дзяржава. Паўстанне мела вял. Уплыў на далейшае развіццё нац.-вызв. Барацьбы ў Польшчы, Літве і на Беларусі”.

Змест

З дзіцём на руках
Просьба пана Канстанціна Валовіча
Думы капітана Іванова
Пад вываратнем
Прадчуванне бяды
“Што ж рабіць?”
“Не плач, Сымонка…”
Неспакойныя думкі
Нечаканая сустрэча
Пад прымусам
Развітанне з сябрам
“Не ўсё яшчэ скончана”
Да сваіх
“Хай іх Бог не чапае…”
Роздум
Адчай
Каля крынічкі
На шчасце?
Хітрыкай
З малітвай жаўнера
У хаце вечарам
Дзіця ў печы
Падслуханая размова
Сімвал няшчасця
Два браты
Між жыццём і смерцю
Трывожны сігнал дуды
Старыя знаёмыя
Святатацтва
Яфрэйтар Фартушноў падказвае
Цяжкая работа
У чоўне і за чоўнам