Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ГРАМАТЫЧНАЯ СУВЯЗЬ ПРЫМЕТНІКА З НАЗОЎНІКАМ У РОДЗЕ І ЛІКУ

Творчы ўрок у 3 класе. ГРАМАТЫЧНАЯ СУВЯЗЬ ПРЫМЕТНІКА З НАЗОЎНІКАМ У РОДЗЕ І ЛІКУ

 

Мэты: фарміраваць паняцце пра граматычную сувязь прыметніка з назоўнікам  у родзе і ліку; фарміраваць уменні і навыкі вызначаць род і лік прыметнікаў у залежнасці ад формы назоўніка; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; паказаць значэнне дрэва ў жыцці чалавека.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

 Паўтарыце з рознай інтанацыяй.

(Ціха.) Вучэнне – свет, невучэнне -- цемра!

(Мацней.) Вучэнне – свет, невучэнне -- цемра!

(Моцна.) Вучэнне – свет, невучэнне -- цемра!             [3, с. 175, “Беларускія прыказкі…”].

Будзьце ўважлівыя! Вывучаючы новую тэму сённяшняга ўрока, разам будзем ісці да свету.       

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце патрэбную літару. Растлумачце яе напісанне. Адгадайце загадку.

Румяны (П, п)іліп

                                                   Да галінкі прыліп. (Яблык.)            [3, с. 349, “Беларускія прыказкі…”].           

                                                                                З народнага.

• Знайдзіце прыметнік у тэксце.

4. Чыстапісанне.

                       я  зя  яс  ям

                       вясна  веснавая  веснавы

• Знайдзіце агульную частку  слоў вясна, веснавая, веснавыі.

• Як называюцца гэтыя словы?

З’явы веснавыя  радуюць людзей.

• Пра якія веснавыя з’явы гаворыцца ў сказе?

• Назавіце прыметнік.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к.  Гэта часціна мовы аздабляе, упрыгожвае мову чалавека, дае прыметы розным словам. Без яе цяжка адрозніць прадмет ад прадмета.

• Якая гэта часціна мовы? Хто здагадаўся?  (Прыметнік.)

Але, прыметнік. Ён сёння прыйшоў да нас, каб расказаць, як змяняецца па родах і  ліках, як можна вызначыць яго род і лік.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Хвілінка адкрыцця.

            веснав - ы дзень        веснав - ая раніца     веснав - ое неба   веснав - ыя дні

            высокі - і чалавек                 высокая - ая сцяна    высок - ае неба  высок - ія дамы

            летні – і дзень                       летняя - яя раніца     летн - яе сонца  летн – ія грыбы

• Пастаўце пытанні да гэтых словазлучэнняў. Ці можна з іх дапамогай вызначыць род і лік прыметнікаў? Ці залежыць ён ад назоўніка, з якім звязаны?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Вывад: прыметнікі змяняюцца па родах і ліках. Прыметнік мае той жа род і лік, што і назоўнік, з якім прыметнік утварае словазлучэнне, звязаны.

Ведайце! У форме множнага ліку прыметнікі роду не маюць.

• Вызначце канчаткі прыметнікаў. Ці залежаць яны ад роду прыметніка?

Вывад : прыметнікі мужчынскага роду маюць канчаткі -ы, -і, жаночага -- -ая, -яя, ніякага -- -ае, -ое, -яе.

Прыметнікі ў форме множнага ліку маюць канчаткі -ыя, -ія .

Праца з практыкаваннем.

Запішыце словазлучэнні, выкарыстаўшы прыметнікі. Абазначце канчаткі назоўнікаў і прыметнікаў. Вусна вызначце іх род і  лік.

Узор. Прыгож[ы] колер[ ]- прыгож[ая] тканін[а] - прыгож[ае] ззянн[е].

          Новы дом                    ...сукенка                   ...паліто

          Глыбокі калодзеж      ...рака                         ...возера

          Малады лес                 ...яблыня                    ...дрэва

          Сіні васілёк                 ...фарба                      ...неба

          Шырокія                     ...дарогі                      ... палі

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Вызначыць род прыметнікаў, як і назоўнікаў, можна толькі ў адзіночным ліку, бо канчаткі прыметнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду ў множным ліку аднолькавыя.

• Як вы разумееце значэнне слова "глыбокі"?

• Падбярыце аднакаранёвыя словы да прыметніка "глыбокі".

• Пры напісанні слова "глыбокі" ў якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна?

• Ці можна ў прыметніку "глыбокі" праверыць правапіс літары ы шляхам падбору праверачнага слова?

Праца з тэкстам.

Прачытайце. Выпішыце з тэксту словазлучэнні назоўніка з прыметнікам. Вызначце іх род і лік.

 

Арол

(гульня)

Выбіраюцца з усёй грамады дзяцей большая дзяўчынка маткай птушанят і дужэйшы хлопчык арлом – хапаць птушанят. Дзеці становяцца за маткай у рад і трымаюць адзін аднаго рукамі за плечы, а арол становіцца ўбаку. Цяпер матка бярэ кій у рукі і, размахваючы ім, крычыць: “Акыш, арол! Акыш, арол!” Арол хапае апошняе птушаня, тузае туды-сюды і адрывае, затым адрывае такім жа спосабам другое, трэцяе, пакуль не застанецца адна матка. Тады матка хаваецца сярод дзяцей і адтуль крычыць: “Арол, арол, не забраў! Арол, арол, не забраў!” Дзеці ў гэты час хутка становяцца вакол маткі парамі, счэпліваюць між сабой рукі накрыж, замыкаюць подступы да маткі. Арол, налягаючы грудзьмі і рукамі, ірве гэтыя замкі, і, як парве іх, гульня канчаецца (з народнага) [2, с. 21, “Беларускія народныя гульні”].

• Падзяліце тэкст на часткі, апошнюю перакажыце.

У слове “рад” напісанне літары д не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму. (Радок.)

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Настаўнік. Цяпер паслухайце казку.

Сустрэліся на сцяжынцы Шпачок і Камар.

- Учора да нас на балота Сарока прылятала, з намі, Камарамі, праводзіла ўрок «Граматычная сувязь прыметніка з назоўнікам у родзе і ліку». Скажу табе па сакрэту: я лепей за ўсіх засвоіў гэтую тэму, - пахваліўся Камар.

Шпачок пераступіў з лапкі на лапку.

- Граматычная сувязь прыметніка з назоўнікам у родзе і ліку?.. Я не разумею, што гэта такое.

- Прыметнікі змяняюцца па родах, ліках і склонах, - стаў тлумачыць Камар.- . Прыметнік мае той жа самы род і лік, што і назоўнік. Вось і ўсё.

- Які ж ты разумненькі, Камарык, насаты тварык! – усклікнуў Шпачок.

Вырашэнне займальнай сітуацыі.

• Якую памылку зрабіў Камар, сказаўшы «прыметнік мае той жа самы род і лік,  што і назоўнік»? Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка. (Прыметнік мае той жа самы род і лік,  што і назоўнік, з якім прыметнік утварае словазлучэнне, звязаны.)

Гульня «Загадкі па прыметах».

Па наступных прыметах назавіце прадмет. Пры спісванні напішыце назву гэтага прадмета, падкрэсліце канчаткі і абазначце род і лік прыметнікаў.

            М. р., адз. Л.     

Узор. Шэры, зубасты, галодны – гэта воўк.

           Кругленьк.., маленьк.., калюч.. – (гэта вожык).

           Шэр.., даўгавух.., касавок.. – (гэта заяц).

           Высок.., стройн.., беластвол.. – (гэта бяроза).

           Высок.., бяздонн.., блакітн.. – (гэта возера).

           Светл.., прамяніст.., сакавіцк.. – (гэта раніца).

• Як вы вызначылі род і лік прыметнікаў?

Назіранне за словам.

Хто хутчэй запіша назоўнікі з прыметнікамі, якія характарызуюць прадметы з боку:

формы                       тэмпературы             смаку

вагі                             велічыні                     кошту

шырыні                     колеру                                   адлегласці

узросту                      часу                            характару

прыналежнасці         прывабнасці              цвёрдасці

Самастойная праца.

Прачытайце. Ці можна вызначыць род выдзеленых прыметнікаў?

                                            Дзяціны час!.. Я памятаю

                                            Зімы прыход у нашым краю.

                                            Стаіць над лесам шум маркотны;

                                             Па небе хмары, як палотны,

                                             Паўночны вецер рассцілае,

                                             І бель над далямі звісае,

                                             І ціха стане на падворку,

                                             І лес жалобную гаворку,

                                             Свой гоман восені канчае

                                             І моўчкі зіму  сустракае.

                                             А сетка белая гусцее

                                             І бліжай-бліжай снегам сее.

                                             І вось над хатай, над гуменцам

                                             Сняжынкі жвавыя гуляюць,

                                             Садок і дворык засцілаюць

                                             Бялюткім, чыстым палаценцам.

                                                                          Якуб Колас           [5, с. 142 -- 143, “Новая зямля”].

• Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да выразу “ў нашым краю” (у нашым краі) і слова “палаценцам” (ручніком).

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                  Стаіць каля рэчкі,

                                                   Крычыць малы Рыгорка:

                                                   -- Татка, ваду вып’е

                                                   Вялікая … (вясёлка)!

                                                                Аляксей Якімовіч.

• Вызначце род і лік прыметнікаў.

Праца са словам.

Прачытайце адказы дзяцей.

- Мне падабаецца беларуская мова, бо ўрокі на ёй праходзяць цікава.

- Мне падабаецца беларуская мова, бо яна вельмі  лагодная.

- Мне падабаецца беларуская мова, бо на ёй размаўляе мая бабуля.

• У якім сказе ёсць прыметнікі? Назавіце іх. (Беларуская, лагодная.)

• Падбярыце сінонімы да слова "лагодны". (Дабрадушны, ласкавы, спакойна-мяккі.)

• Якім з гэтых сінонімаў можна замяніць слова “лагодны” ў вышэй названым сказе?

• Якой часцінай мовы з'яўляецца слова "лагодны"? (Прыметнікам.)

• Выберыце патрэбнае і вызначыце род і  лік прыметніка "лагодны" (голас,

вецер, ветрык, снег, сняжок,  дождж, дожджык, чалавек).

• Складзіце і запішыце сказ са словам "лагодны".

Фізкультхвілінка.

З дапамогай пальчыкаў пакажыце, як з неба спускаецца вясёлка, як яна дакранаецца да ракі і п’е з яе ваду, як потым, задаволеная, паднімаецца ўгору і знікае, схаваўшыся ў хмарках.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Ад якой часціны мовы залежыць іх напісанне? Вусна пастаўце да прыметнікаў пытанні.

 

Сакавік

Маразы і завеі змяняюцца част.. адлігамі. Паветра халодн.. і вільготн.., але ўсё часцей праясняецца шэр.. неба, снег робіцца мокр.. і цяжк.. . На адкрыты.. мясцінах паказваюцца першыя праталіны.

У сонечн.. дні на вуліцах ажыўлена цырыкаюць вераб’і (Віталь Вольскі “Сакавік”)  [4, с. 17, “Месяц за месяцам”]. 

• Вызначце сэнс слова “адліга”. (Пацяпленне зімой з раставаннем снегу.) [1, с. 45,  “Тлумачальны слоўнік”].   

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай.

Н а с т а ў н і к. Зноў запрашаю вас на сустрэчу з казкай.

На дзень нараджэння Сарока падарыла Шпачку кнігу вершаў. Кніга была зусім новая.

Шпачок паўдня цешыўся, малюнкі ў кнізе разглядваў, а потым знайшоў зацішны куточак пад кусцікам і пачаў чытаць.

Прыляцеў Камар, прывітаўся:

- Добры дзень, шаноўны Шпачок.

Шпачок таксама прывітаўся з Камаром і пахваліўся:

- А мне Сарока на дзень нараджэння  кнігу падарыла. У гэтай кнізе шмат чаго напісана!

- Прачытай, калі ласка, - папрасіў Камар.

- Слухай! – адказаў Шпачок і прачытаў: -- Залатое сонца радуе дзяцей.

- Някепска напісана! – прапішчаў Камар.

- У гэтым сказе ёсць прыметнік “залатое”. Дапамажы мне вызначыць яго род і лік, - папрасіў Шпачок.

Камар падняў угору правую ножку, як людзі, бывае, паднімаюць указальны палец, калі штосьці стараюцца даказаць.

- Гэты прыметнік мужчынскага роду множнага ліку, бо ён адказвае на пытанне якое?.

- Няправільна! – затрос галавою Шпачок.

Камар  дудачкай выцягнуўся.

- Чаму гэта няправільна?

- Бо я ведаю!.. Я ўжо ўсё ведаю пра род і лік  прыметнікаў. Мне нядаўна сяброўка Сарока растлумачыла.

Камар ад крыўды раздзьмуўся, стаў тоўсты, нібы хрушч.

- Чаму ж ты тады, такі  вялікі разумнік, пытаешся ў мяне?

Шпачок з сілай загарнуў кнігу.

- А я хацеў праверыць, на што ты здатны!

• Хто мае рацыю ў гэтай спрэчцы? Дакажыце.

Гульня «Сказы-жартаўнікі».

Выправіце памылкі ў сказах з парушанай сэнсавай сувяззю. Змяніце прыметнікі так, як патрабуюць назоўнікі, з якімі гэтыя прыметнікі звязаны. Пастаўце да прыметнікаў пытанні. Назавіце канчаткі прыметнікаў і растлумачце іх правапіс.

Цацкі берагуць малога Алеся. Морква любіць белых трусоў.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а гукі грому – Бух! Бух! Бух! – потым перадасце і вы.

                                                   -- Бух! Бух! Бух! --

                                                   Бухнуў гром.

                                                   Потым дождж

                                                   Прыйшоў з вядром.            

                                                          Аляксей Якімовіч.

• Цяпер пакажам, як грыміць гром, прамовім разам: “Бух! Бух! Бух!”

• Падбярыце прыметнікі да назоўніка "гром" .

Пераклад ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Перакладзіце на беларускую мову.

Хороший пример; дружеский разговор; желанная игрушка; сильное течение; кирпичное здание; прекрасный отдых; лучшие подруги; понятные объяснения; большая делегация, нежный лепесток.

• Абазначце канчаткі прыметніка і назоўніка.

• Растлумачце значэнне слова  "пялёстак".

• Параўнайце гучанне і напісанне слова "пялёстак" у рускай і беларускай мовах.

• Складзіце і запішыце сказ са словам "пялёстак".

• Пры напісанні слова "пялёстак" у якім месцы падсцерагае вас Памылка Памылкаўна?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пялёстак -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца і гучыць.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Сышлі халодныя туманы,

                                   Заслоны шэрыя смугі,

                                   І недалёка ён, дзень жаданы,

                                   Сусветны госць наш дарагі.

 

                                   Як пасмы золата, праме(н, нн)і

                                   Бруяцца з сіняй гл(ы,у)біні,

                                   І сеюць радасць поўнай жменяй

                                   Іх жыватворчыя агні.

 

                                   У ззянні песцяцца б(я, е)розы,

                                   Галлё спусціўшы да зямлі,

                                   І роняць сокі -- шчасця слёзы --

                                   На заімшэлы(я, е) камлі               [6, с. 45,  Якуб Колас “З майго летапісу”, “Май”].

• Назавіце прыметнікі і вызначце іх род і лік.

• Растлумачце значэнні слоў "смуга" (дымка, туман), "бруіцца" (цячы, пераліваючыся па няроўным дне), "камель" (ніжняя частка ствала дрэва) [1, с. 61, 148, 310,  “Тлумачальны слоўнік”]. Пры неабходнасці звярніцеся да тлумачальнага слоўніка.

• Што вясною здабываюць з бярозы?

• Якую карысць прыносіць чалавеку дрэва не толькі вясною, але і ў іншыя поры года?

Тэст.

У кожным радзе слоў знайдзіце і падкрэсліце "лішні" прыметнік.

Прыметнікі, якія адносяцца да мужчынскага роду:

1) смелы юнак; 2) малады хлопец; 3) дужыя мужчыны.

Прыметнікі, якія адносяцца да жаночага роду:

1) прывабная дзяўчына;  2) зялёныя алоўкі; 3) высокая трава.

Прыметнікі, якія адносяцца да ніякага роду:

1) сіняе неба; 2) цёмная хмара; 3) маладое пакаленне.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Прыметнік -- верны спадарожнік назоўніка. Дакажыце, што гэта так.

8. Заданне на дом. 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія народныя гульні : / Мінск : Юнацтва, 1993. – 39 с.

3. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

4. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

5.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

6. Колас, Я. З майго летапісу : выбр. вершы / Якуб Колас. — Мінск : Беларусь, 1967. — 308 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 19 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.