Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 3
Гісторыя трэцяя
Рознае здараецца ў жыцці. Бывае так, што навіны
прыходзяць нечакана. Так нядаўна адбылося і ў мяне.
Знаёмая ўгаварыла, каб па электроннай пошце блізкага
сваяка адправіў свае вершы ў “Газету пенсіянера”. Сказала, што гэта выданне з
павагай адносіцца да паэтычных твораў сваіх чытачоў, пастаянна, з нумара ў
нумар друкуе іх.
Паслухаўся знаёмую, адправіў некалькі вершаў па
электроннай пошце. А на наступны дзень на яе адрас прыйшло пісьмо ад жанчыны з
Мінска (назавём яе Аленай). Яна паведаміла, што працуе ў Белпошце, пакінула нумар
свайго тэлефона і папрасіла, каб тэрмінова пазваніў да яе.
Я засумняваўся. У наш вірлівы час нямала жулікаў, якія
выбіраюць розныя спосабы, каб ашукаць цябе. Восенню да мяне, набраўшы хатні
нумар тэлефона, пазваніла маладзіца, імкнучыся разыграць вядомую схему,
звязаную з вулічнай аварыяй, у якую нібыта трапілі твае родзічы. А ўзімку, у
лютым, на мой мабільнік прыслалі чатыры эсэмэскі са сваім нумарам тэлефона і
лаканічным надпісам “Прэзент”. Маўляй, тэлефануй да нас, падарунак атрымаеш.
Крыху павагаўшыся, набраўся рашучасці і патэлефанаваў да
Алены. Яна сказала, што мае вершы прыйшлі не ў “Газету пенсіянера”, а на яе
адрас, у Белпошту, што памыліўся я. Яшчэ пачуў ад яе, што гэтыя вершы ёй вельмі
падабаюцца, што яны надзвычай прыгожыя і душэўныя, параіла паслаць іх у
беларускамоўныя літаратурныя выданні. “Мяне там не вельмі прыхільна
сустракаюць”, -- шчыра прызнаўся я і пацікавіўся: -- А ці не маглі б вы цяпер
пераслаць мае вершы ў “Газету пенсіянера?”
Яна адразу ж пагадзілася, паабяцала, што нават
патэлефануе туды, каб даведацца, ці атрымалі іх супрацоўнікі рэдакцыі. Калі да
гэтага званіў я, рэдакцыя не адказвала.
Алена не падманула. Неўзабаве ўбачыў у “Газеце
пенсіянера” свой першы верш. Парадаваўшыся, пазваніў Алене і прачытаў іншы
верш, напісаны на тэму кахання. Яна ўважліва паслухала і сказала: “Я веру ў
вас. Талент праб’е сабе дарогу”.
Як гаворыцца, яе словы ды Богу ў вушы.
Я жыву у Слоніме.
Ёй горад Мінск
спрыяе.
Слова беларускае
Знаходзіць нас, яднае.
Аляксей Якімовіч
2025 год