Поиск по этому блогу

Запаветы Божыя


З Катэхізісу

Два галоўныя запаветы Збаўцы нашага Ісуса Хрыста:
1. Любі Госпада Бога свайго ўсім сэрцам сваім, усёю душою сваёю і ўсім разуменнем сваім.
Гэта першы й галоўны запавет, а другі падобны:
2. Любі бліжняга свайго, як самога сябе.
                                                                                       
Дзесяць запаветаў Божых

1. Я -- Госпад Бог твой, няхай не будзе ў цябе іншых багоў, апрача Мяне.
2. Не рабі сабе куміра, ані чагось падобнага да таго, што на небе ўгары, што на зямлі ўнізе, што ў вадзе ніжэй зямлі: не пакланяйся ім і не служы ім.
3. Не кажы імені Госпада Бога твайго дарма.
4. Памятай дзень сыботні, яго святкуй: шэсць дзён працуй, зрабі ў іх ўсю работу сваю, а сёмы дзень, сыботу, пасвяці Госпаду Богу твайму.
5. Шануй бацьку свайго й маці сваю, каб добра табе было, і каб доўга жыў на зямлі.
6. Не забівай.
7. Не пералюбнічай.
8. Не крадзі.
9. Не сведчы ілжыва на бліжняга свайго.
10. Не пажадай сабе нічога з таго, што належыць бліжняму твайму.

Шляхі Божыя (Цноты Божыя)

1. Вера.
2. Надзея.
3. Любоў.

Шляхі маральныя (Цноты маральныя)
                                                                              
1. Мудрасць.
2. Справядлівасць.
3. Мужнасць.
4. Устрыманасць.

Галоўныя шляхі (цноты) і праціўныя ім грахі

1. Пакора – пыха.
2. Шчодрасць – прагавітасць.
3. Сарамлівасць – бессаромнасць.
4. Спагадлівасць – зайздрасць.
5. Мернасць – абжорства і п’янства.
6. Лагоднасць – гнеў.
7. Працавітасць – гультайства.

Сем добрых учынкаў для душы бліжняга

1. Грэшніка паправіць.
2. Таго, хто не ўмее, навучыць.
3. Таму, хто сумняваецца, даць добрую параду.
4. Сумнага пацешыць.
5. Прыкрасць цярпліва перанесці.
6. Крыўды шчыра выбачыць.
7. Маліцца за жывых і памерлых.

Сем добрых учынкаў для цела бліжняга

1. Галоднага накарміць.
2. Смаглага напаіць.
3. Голага апрануць.
4. Падарожнаму даць прытулак.
5. Хворага адведаць.
6. Вязню паспагадаць.
7. Памерлага пахаваць.

Грахі супраць Святога Духа

1. Празмерная надзея на Божае міласэрдзе.
2. Безнадзейнасць на спасенне, або адчай.
3. Непакорлівасць Хрыстовай навуцы.
4. Зайздрасць бліжняму Божае ласкі.
5. Закамянеласць у грахох.
6. Адкладанне каяння аж да смерці.

Грахі, якія выклікаюць Божую помсту

1. Забойства.
2. Жывёлапералюбнасць.
3. Крыўдзіць удоваў і сіротаў.
4. Стрымваць заработную плату работніку.

Чужыя грахі з нашае віны

1. Прынаджваць да грэху.
2. Намаўляць да грэху.
3. Загадваць, раіць грашыць.
4. Дазваляць грашыць.
5. Таіць грэх.
6. Спрыяць грэху.
7. Хваліць грэх.
8. Не караць за грэх.
9. Бараніць грэх.

Выкарыстаная літаратура

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Праваслаўны малітоўнік /Другое выданне папраўленае й дапоўненае : Кансысторыя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. – Таронта, Канада, 1990. – 164 с.
Дабраславіў на выданне 16 лютага году Божага 1966 Архіяпіскап Васіль.
Перад усімі заслужыліся: Яго Прасвячэнства Архіяпіскап Ньюёрскі й Віленскі Васіль. Яго Прападобнасць Архімандрыт Таронцкі й Тураўскі Мікалай. Яго Прападобнасць Пратаярэй Мітрат Сцяпан Вайтэнка

Цуд, які адбыўся

Гэтая містычная гісторыя (пра яе ў “Газеце Слонімскай” пісаў журналіст Мікола Канановіч) здарылася некалькі гадоў таму назад пасля таго, як мною ўжо былі напісаны містычныя і дэтэктыўныя творы.
Быў канец мая. У той цёплы вясенні дзень я басанож працаваў на сваёй дачы, якая знаходзіцца каля вёскі Чамяры Слонімскага раёна. Непадалёку на сваім дачным участку (ён знаходзіцца перад маім участкам) шчыраваў мой сусед Мікалай – зубны ваенны лекар у адстаўцы.
“Мікалаевіч, на небе хмарка з’явілася”, -- раптам данёсся да мяне яго голас. Я падняў галаву і ўбачыў над нашымі ўчасткамі невялікую цёмную хмарку. “Можа, дождж будзе?” – выказаў сваё жаданне. “Не будзе”, -- адказаў  мой сусед. “Нешта будзе. Хмарка проста так не з’яўляецца”, -- не пагадзіўся з ім.
Праз нейкі час на зямлю сталі падаць рэдкія дажджынкі. Не зважаючы на іх, мы працягвалі працаваць. Неспадзявана над нашымі галовамі так аглушальна грымнула, што мы моўчкі, не сказаўшы адзін аднаму ні слова, пабеглі ў свае дачныя  хаты.
Дождж закапаў часцей. “Каля градкі стаяць мае тапкі”, -- стоячы ў верандзе хаты, успомніў я і прыпусціўся на агарод. Схапіўшы тапкі, па цэментаванай дарожцы (яна праходзіць пасярэдзіне майго ўчастка), пабег назад (Мікола, як высветлілася пазней, прыадчыніўшы дзверы,  назіраў за мною.) Над галавою страшэнна грымнула. Я ўскочыў ў хату.
Пад вішанькай, справа ад цэментавай дарожкі, застаўся мой веласіпед, на рулі якога вісела сплеценая са шпагату сетка – падарунак маёй былой цешчы. “Сетку памочыць. Веласіпед у хату трэба завесці”, -- падумаў я і зноў выскачыў на двор.
Схапіўшы веласіпед, таропка павёў яго ў напрамку хаты, а каля самай веранды прыпусціўся, пабег, што, лічу і цяпер, выратавала мяне.  
“Кап-кап-кап”, -- капаюць, б’юць па мне дажджынкі, цешацца. Разам з веласіпедам ўваліўся на веранду і ў трэці раз пачуў аглушальны выбух грому. У гэтае ж самае імгненне да мяне данёсся яшчэ адзін гук, падобны на той, калі стукнеш каменем аб жалеза або жалезам аб жалеза.
Я міжволі сагнуўся. “Маланка стукнула ў металічны слупок маёй агароджы, якая пры дарозе. Але ж я стаю. Значыць, жывы, у мяне не пацэліла”, -- падумаў і, зачыніўшы дзверы, зайшоў у пакой хаты і ў куточку прымасціўся на канапу.
Дождж неўзабаве скончыўся. У той дзень ён быў невялікі, мне нават прыйшлося паліваць агарод.
“Агонь – полымя!.. Полымя – агонь!.. Агонь – полымя!..” – данёсся з вуліцы ўзбуджаны голас маёй суседкі Ліды, якая нядаўна купіла тут дачны ўчастак. Яе хата стаяла насупраць маёй, крыху далей, праз адну дачную хату.
“Магчыма, гарыць што-небудзь”, -- занепакоіўся я і, выйшаўшы на двор, на дарозе ўбачыў Міколу і Ліду. Ліда махала рукамі і аднатонна паўтарала:  “Агонь – полымя!.. Полымя – агонь!.. Агонь – полымя!..”
“Што тут нарабілася?” – вырашыў пацікавіцца.
Вось што пачуў ад няшчаснай жанчыны.
У час грымотаў яна сядзела каля акна і глядзела на дарогу. І, напэўна, у той момант, калі маланка стукнула ў металічны слупок маё агароджы, неспадзявана па дарозе, з пагорачка, папаўзло, пакацілася вялікае полымя. Перад хатай Ліды яно нечакана ўзнялося, пайшло на яе і гэтак жа нечакана, як і з’явілася, прапала, анічога не пашкодзіла, прымусіўшы маю суседку здранцвець. “Навошта я купіла гэтую дачу? Чаго мяне сюды паперла?” – стоячы перада мною, галасіла яна.
У той дзень разам з Лідай на дачы была і яе дачка. У час дажджу яна стаяла на дварэ. А калі грымнула, то ўбачыла, што на зямлю каля нашых дач упала вогненная страла. Гэтая нябесная госця імгненна загнала маладую жанчыну ў хату.
Павойкаўшы, паўздыхаўшы, мы з Міколам адправіліся на свае дачныя ўчасткі. І вось што прыйшлося пачуць ужо ад яго.
Калі я з веласіпедам падбягаў да хаты, схапіўшы яго пад вішанькай, Мікола ўбачыў, што пасярэдзіне яго агарода  ў напрамку дарогі на вышыні веласіпеда нясецца полымя агню, падобнае на прычоску (пазней мы яго назвалі”вогненная галава”). “Нейкая гадасць Мікалаевіча даганяе”, -- пранеслася ў галаве ў Міколы. Вогненная галава не магла напрасткі дабрацца да мяне, бо на мяжы з майго боку раслі высокія, густыя яблыні, а непадалёку ад хаты плёўся вінаград. Ён заканчваўся роўна з вуглом веранды.
Я павярнуў за вугал веранды, і вогненная галава пад прамым вуглом на ўчастку Міколы павярнулася і паімчалася да мяне. Я знік у хаце, а Мікола ўбачыў каля  майго парога клуб агню. “Мікалаевіч столькі агню ў хату за сабою пацягнуў!” – падумаў мой сусед.
Але ён, як відаць, памыліўся. У той дзень я не бачыў ні гэтага нябеснага агню, ні самой вогненнай галавы. Пагаварыўшы, паразважаўшы, мы прыйшлі да такой высновы: вогненная галава даганяла менавіта мяне, была як бы запраграмавана на мяне. Калі б я не прыбавіў ходу перад хатай, мы абавязкова сустрэліся б каля самага парога.
Ніякага знаку пасля сябе ні на металічных слупках, ні на агароджы (яна ў мяне з алюмініевай сеткі) вогненная галава не пакінула. Толькі ў тым месцы, дзе паварочвала, некалькі каліваў бульбы прывялі. Потым яны адышлі, зазелянелі.
Ці магла быць вогненная галава шаравой маланкай? Думаю, што не. Шаравыя маланкі, як вядома, звычайна рухаюцца за хваляй паветра. А ў самым пачатку паміж мною і ёю была немалая адлегласць (можаце падлічыць самі, калі падкажу, што мой і Міколаў участак па пяць сотак;  яго даўжыня крыху большая, чым шырыня). Дый уцягнуў бы я шаравую маланку разам з веласіпедам у хату.
Цяпер перад паездкай на дачу і ў больш далёкія мясціны заўсёды надзяю праваслаўны крыжык. Набыў яго ў той жа самы дзень.
Вось такая незразумелая з’ява напаткала мяне і маіх суседзяў лагодным вясновым днём. Хто не верыць, няхай прыедзе і спытаецца ў Міколы, у Ліды. Праўда, пра гэта мы не любім гаварыць, нават не ўспамінаем. Магчыма, так яно і лепей.

Хто ён?

У 2011 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” асобнай кнігай выйшла мая аповесць-казка “Я, Сямён і барабашка”. Прыкладна ў гэты ж час ноччу (было каля трох гадзін) праз сон пачуў, як на кухні хтосьці нябачны тры разы стукнуў у сцяну. Дзіўныя гучныя гукі разбудзілі. Крыху паляжаўшы з расплюшчанымі вачыма, устаў, уключыў святло і зайшоў на кухню. Там анікога не ўбачыў.
А стукі пасля таго сталі паўтарацца (звычайна пасля дванаццаці гадзін ночы, калі сон быў нямоцны). Мой госць (магчыма, нябачны спадарожнік) ужо стаў стукаць ў дзверы так, як стукаюць сагнутым пальцам, костачкай. Колькі разоў? Два альбо тры разы.
Расказаў аб гэтым сваім блізкім, якія жывуць у іншым доме, на вуліцы Яршова, дзе раней жыў і я. Яны засумняваліся. Пачаў прыслухоўвацца да стукаў, аналізаваць, каб знайсці ўзаемасувязь паміж імі і тымі падзеямі, якія адбываюцца ў маім жыцці. Заўважыў, што мой спадарожнік звычайна стукае перад выхадам у свет маёй чарговай кнігі, як бы паведамляючы аб гэтым. І жонка ўспомніла, што ў той час, калі жыла са мною, ноччу чула незразумелыя званкі ў дзверы. Мне нагадалася, што таксама іх чуў, але тады не надаў ім вялікай увагі. “Мала што можа здацца!” – прыкладна так разважаў. Званкі гучалі працягла і прыглушана, даносіліся як бы здалёку. Між іншым, два такія званкі пачуў ужо ў новай кватэры.
Цяпер прывяду некаторыя прыклады, якія лічу неадназначнымі, містычнымі.
У 2017 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла мая кніга для дзяцей “Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі”. Ужо пасля выхаду кнігі рэдактар выдавецтва паслала мне тры экзэмпляры кнігі і дамову, каб падпісаў яе і адаслаў ім назад. Прайшоў тыдзень. Дамовы і кніг я не атрымаў, хаця карэспандэнцыя з Мінска прыходзіць да мяне на трэці дзень. Стаў турбаваць супрацоўнікаў пошты. Чуў ад іх адзін і той жа адказ: “Бандэроль на ваша імя не паступала”. Мінуў яшчэ адзін тыдзень. Раніцай ў суботу прыйшоў да ўнука і паведаміў яму: “Сёння я атрымаю бандэроль з выдавецтва”. “Ты гэта ведаеш?” – запытаўся ён. “Ведаю, -- упэўнена заявіў. -- Сёння ноччу чуў, як мой барабашка тры разы пастукаў у дзверы, паведаміў”.
Каля дванаццаці гадзін зайшоў на пошту і папрасіў супрацоўніцу аддзялення, каб праверыла, ці ёсць у іх мая бандэроль. Яна пайшла на склад (гэты выпадак запомніла, нядаўна размаўляў з ёю) і неўзабаве прынесла прысланую з “Народнай асветы” бандэроль, прамовіўшы: “Яна ўжо даўно ў нас ляжыць”.
Чаму ляжала? Чаму яе пасля некалькіх маіх зваротаў ніхто не ўбачыў на складзе? Дзіўна і незразумела.
Дзіўнае і незразумелае не спынілася. Потым ужо супрацоўнікі выдавецтва два тыдні  не маглі атрымаць падпісаную і высланую мною дамову. Яна таксама праляжала ў іх на вахце без усякага руху.
Другі прыклад. Летам 2018 года моцна загарэўся падвал суседняга дома (дзве дзяўчынкі пасля пажару нават трапілі ў рэанімацыю). Ці не першым пра пажар праведаў я. Як? Мой сябар барабашка пастукаў у дзверы, прымусіў прачнуцца. Нейкі час я ляжаў, варочаўся на ложку, а затым за акном пачуў гул цяжкіх аўтамабіляў: пажарныя ехалі ратаваць людзей.
Трэці прыклад. Складаная, няпростая сітуацыя стварылася вакол мяне ў апошні час. Перад гэтым нябачны госць, папярэджваючы, стукаў штодзень, адзін раз нават днём, калі я задрамаў, лежачы на канапе. Два стукі былі падобныя на тыя, калі стукнуць у дзверы не костачкай пальца, а далонню (адзін раз барабашка стукнуў на кухні ў падлогу).
Чацвёрты прыклад. Неяк у сне, як на яве, убачыў побач з сабою вялікага белага голуба. “Магчыма, гэта быў мой барабашка. Магчыма, прыйшоў-прыляцеў у вобліку птушкі”, -- падумалася тады.
Як адношуся да дадзенай сітуацыі? З гумарам, аптымістычна, у размове з блізкімі стараюся пажартаваць.
Як адчуваю сябе, калі чую стук? Не зусім камфортна, улічваючы тое, што ў маёй невялікай кватэрцы галава на ложку знаходзіцца на адлегласці 1, 5 метра ад дзвярэй.
Лічу, што менавіта ён, мой гаспадар-госць, выратаваў мяне на дачы, не даў прайсці праз парог агню-полымю, якое нечакана з’явілася з навальнічнай хмаркі.
Чаму пішу аб гэтым? Трэба выказацца!     8. 12. 2018 г.
 Ісус Хрыстос
 Апосталы Ісуса Хрыста