Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Аферысты"

 

Быў выпадак

 

Аферысты

 

Гэта выпадак адбыўся ў суседняй Расіі. Пра яго я даведаўся са сродкаў масавай інфармацыі.

Да сямідзесяцігадовага прафесара, выкладчыка вышэйшай навучальнай установы патэлефанаваў незнаёмы нібыта з банка і папрасіў, каб прафесар перавёў на новую картку (якую быццам толькі што адкрыў банк) сто тысяч рублёў, бо, маўляў, пра тую картку, якая ў яго была, праведалі аферысты і падбіраюцца да яе, каб зняць грошы. Гэту інфармацыю прафесару пацвердзіў і супрацоўнік паліцыі (нібыта супрацоўнік), назваўшы сваё прозвішча, імя і імя па бацьку. Парфесар патэлефанаваў у бліжэйшы аддзел паліцыі і там яму пацвердзілі, што ў іх сапраўды працуе такі супрацоўнік. Пасля гэтага дверлівы выкладчык перавёў грошы на ўказаную аферыстам картку, дзе яны пазней бясследна згінулі.

Убачыўшы, што задуманае ўдаецца, аферысты праз нейкі час зноў патэлефанавалі да пенсіянера і сказалі, што ім трэба злавіць аферыстаў. Каб аперацыя прайшла паспяхова, яму трэба сваю кватэру прадаць іх прадстаўніку (нібыта прадстаўніку паліцыі). Сказалі, што гэта здзелка будзе несапраўднай, што яны яе анулююць пасля таго, як зловяць аферыстаў. Месцам афармлення пагаднення, здзелкі назвалі банк. Паслухмяны прафесар неўзабаве прыйшоў туды і падпісаў патрэбны аферыстам дакумент, не атрымаўшы за гэта ні капейкі. Так ён пазбавіўся кватэры, а потым і дачы, якую прадаў па рэкамендацыі тых жа аферыстаў. А атрыманыя грошы (не ведаю, што для гэтага яны прыдумалі) аддаў ім.

Як такое магло адбыцца? Па-першае, многія аферысты падманваюць вельмі ўмела, можна сказаць, прафесійна. Па-другое, яны могуць выкарыстаць у дачыненні да сваёй ахвяры гіпноз і такім чынам падпарадкаваць сваю ахвяру. Па-трэцяе, на чалавека іншы раз находзіць нейкае зацямненне. У такім выпадку ён не ўсведамляе, што робіць. Так бывае з тым, хто нечакана заблудзіўся ў лесе. Чалавек тады становіцца як сам не свой: не ведае, дзе знаходзіцца, куды яму трэба ісці.

Як не трапіць на сталёвы кручок бязлітасных прайдзісветаў, аферыстаў, злачынцаў?

Не ўступайце ў кантакт з незнаёмымі ці малазнаёмымі людзьмі, перапыняйце падобныя размовы.

Не пускайце ў сваю хату таго, хто называе сябе паліцыянтам (міліцыянерам), не сустракйцеся з ім на вуліцы ці ў нейкім іншым памяшканні. Для гэтага ёсць месца яго працы: аддзяленне міліцыі (паліцыі). Няхай вас павесткай, позвай афіцыйна выклічуць туды.

Калі адчулі нейкую падобную небяспеку, парайцеся з блізкімі людзьмі, раскажыце ім усё, як ёсць.

Дакументы, звязаныя з купляй ці продажам, афармляйце ў натарыяльнай канторы.

Не палянуйцеся схадзіць у патрэбны вам банк, пацікаўцеся, ці ўзніклі ў вас там нейкія праблемы.

Напішыце заяву, у якой укажыце, што фінансавыя здзелкі, пагадненні могуць праводзіцца толькі ў вашай прысутнасці.

Перш чым падпісаць нейкі дакумент, спачатку ўважліва азнаёмцеся з ім. Добра, калі вы гэта зробіце дома, на працягу некалькіх сутак, дасканала ўсё прачытаўшы, праверыўшы і абдумаўшы. Часта бывае так, што пры першым ці другім чытанні вы не заўважыце вельмі важную для вас дэтальку.