Поиск по этому блогу

Апісанне “Па лясной сцяжынцы”

 

Апісанне “Па лясной сцяжынцы”

 

Каля дзевяці гадзін раніцы. Іду па лясной сцяжынцы, усыпанай цёмным прэлым лісцем. Неўзабаве спыняюся каля паламанага ветрам маладога граба. Парослы зялёным мохам, з карой у цёмна-белых крапінах, ён стаіць каля сцяжынкі маўклівы, неабаронены, цяжка паранены. Гнуткі арэшнік нагнуўся над ім, затуляючы сонца, якое ўпарта прабіваецца праз зялёную сцяну лесу, каб пабыць і тут, на ціхай сцяжынцы, сваімі праменьчыкамі-зайчыкамі прабегчыся, праскакаць па ёй. Галінкі тонкай елачкі, да якой ціснецца, стараючыся адштурхнуць, высокі стволік арэшніку, праз сцяжынку цягнуць да граба зялёныя лапкі. Ім хочацца затуліць пакалечаны граб, вершаліна якога ўпала і ляжыць, выцягнуўшыся ў неглыбокай ямцы. Жоўценькія горбачкі пяску, выкінутыя на паверхню кратом, сям-там узвышаюцца ў ёй.

Непадалёку ад пакалечанага граба таўсцейшы, мацнейшы граб. Яго галінкі ўнізе пасохлі, пачарнелі. Прыйдзе час – і паломяцца яны, без гучнага трэску ўпадуць на зямлю.

Насупраць братоў-грабаў, справа ад сцяжынкі, -- сапраўдны волат, бацька-дуб. Упэўнены ў сабе, ён стаіць на пагорачку і ніякага ветру не баіцца. Яго ствол пакрыты тоўстай цвёрдай карой, прарэзанай глыбокімі канаўкамі. Чорныя мураўі, не спыняючыся, поўзаюць па кары, шукаючы штосьці.

Набліжаюся да бацькі-дуба і стараюся абхапіць яго. Куды там! Не атрымалася, не хапіла маіх рук. На пальцы залезлі чорныя мураўі, сваё месца, сваю тэрыторыю абараняюць. Не спадабаўся я ім.

Паднімаю галаву, але не бачу вершаліну. Тоўстымі вузлаватымі галінамі затулена яна.

Іду далей па сцяжынцы. Яна ўецца, мінаючы дрэвы і кусты: то паднімаецца ўгору, то апукаецца ў ямінкі і раўчукі.

Са сцяжынкі выходжу на дарогу. Выезджаныя аўтамабілямі каляіны, падобныя на шырокія разоры, бягуць па ёй, выводзячы да людзей.

Дзе-нідзе ў каляінах стаіць мутнаватая дажджавая вада. Зялёныя раслінкі нахіліліся над ёю, хочуць пакупацца, але не адважваюцца: боязна ім.

Як надзейныя вартавыя, паўз дарогі стаяць дубы. Некаторыя перапляліся галінамі. На адной з іх вырасла, прымасцілася елка. Нібыта незвычайна акрабат, цягнецца ўгору. Бацька-дуб даў ёй прытулак, не пашкадаваў свайго соку.

Ці доўга так будзе?

Думаю, што не. Вырасце елачка, шырока раскіне галінкі, а дуб знясіліцца, пастарэе. Не хопіць яму соку, каб наталіць смагу ёлачкі. Засохнуць яе галінкі, скінуць зялёныя іголкі, а сама яна не зможа пакінуць дуб і сысці на зямлю, каб ад яе ўзяць сілы. Не тое месца выбрала для жыцця, для красы (Аляксей Якімовіч).

Ваколіца горада Слоніма каля вёскі Дзеравянчыцы. 10. 09. 2018 г.

         [Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 81 -- 82] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.