Поиск по этому блогу

Як я купляў сабе пінжак


З напісанага даўней

Вакол абновы

Два месяцы працягаўся я па магазінах, каб купіць пінжак.
-- Не магу купіць сабе пінжак. Пінжакі малых памераў ёсць у продажы, а большых памераў днём з агнём не знойдзеш, -- паскардзіўся знаёмаму.
-- А я маленькіх цвічкоў не магу купіць. У нас так: пінжакі выпускаюць маленькія, а цвікі – вялікія, -- сказаў знаёмы і параіў: -- Дарма не бі ногі. Схадзі ў дом быту і закажы сабе абнову.
Паслухаўшыся яго, восьмага верасня накіраваўся ў дом быту, што знаходзіцца на Брэсцкай вуліцы.
-- Мы вам маглі б пашыць пінжак, але патрэбнай тканіны ў нас няма, -- паведамілі там.
Я адправіўся ў стары ваенны гарадок, дзе таксама размяшчаецца дом быту. Там мне сказалі:
-- Мы ўжо цэлы тыдзень не працуем. Няма тканіны.
Накіроўваюся ў магазін “Тканіны”, дзе купляю неабходны матэрыял.
На Брэсцкую вуліцу расхацелася ісці, а таму заходжу ў дом быту, што знаходзіцца ў цэнтры Слоніма насупраць помніка Леніну. Закройшчыца хуценька зняла з мяне мерку, а затым касір-прыёмшчыца стала афармляць заказ.
Яна ўсё піша, а я ўсё сяджу, задаволены. Нарэшце чую:
-- За пашыў пінжака з вас адзін мільён сто шаснаццаць тысяч пяцьсот рублёў.
Я ўстаю з крэсла.
-- На мінулым тыдні, калі быў у вас, вы сказалі, што пашыў пінжака каштуе адзін мільён  рублёў.
-- Я сказала прыблізна. Распішыцеся.
За адзін тыдзень цана ўзрасла на сто шаснаццаць тысяч пяцьсот рублёў”, -- адзначаю пра сябе, але распісваюся ў квітанцыі і аддаю касірцы ручку. Яна ж тыцкае пальцам у верхні кут квітанцыі.
-- Яшчэ тут распішыцеся.
-- Навошта?
-- За пераразлік.
Гляджу з недаўменнем.
-- За які пераразлік?
-- За пашыў пінжака вам прыйдзецца даплаціць у выпадку інфляцыі. Такі загад выдаў наш дырэктар.
-- За пераразлік распісвацца не буду. Заплачу тую суму, якую налічылі мне цяпер, у дзень заказу, -- кажу, агрызнуўшыся.
Касірка кліча сабе на дапамогу сяброўку. Мабыць, нейкую начальніцу. Я не цікаўлюся, хто яна, бо добра ведаю, што ў падобных сітуацыях сваё прозвішча яны звычайна не называюць.
-- Ён не хоча распісвацца за пераразлік.
-- Не хочаце? А ў нас маленькая зарплата! – са злосцю кідае мне начальніца.
-- За пашыў пінжака я плачу вам мільён сто шаснаццаць тысяч пяцьсот рублёў. Хіба гэта мала?
-- Мала!
-- Дык у магазіне гатовы пінжак каштуе мільён чатырыста тысяч рублёў!
-- Не хочаце распісвацца за пераразлік – забірайце тканіну!
Маё абурэнне паступова нарастае.
-- Калі забяру тканіну, то занясу і пакладу яе вашаму дырэктару на стол.
Мне ўсё-ткі аддалі квітанцыю. Іду дамоў абураны, узлаваны, разнерваваны. Сустракаю знаёмага.
-- Ну як, пашыў сабе пінжак? – цікавіцца ён.
Расказаў яму аб тым, што здарылася ў доме быту, а затым запытаўся:
-- Можа, паскардзіцца на іх?
Знаёмы махнуў рукою і азірнуўся.
-- Братка, дарма не бі ногі. Ідзі дамоў, ляж на канапу і адпачні. У нас цяпер шмат розных праблем.
                                                                      Аляксей Якімовіч, жыхар г. Слоніма.
                                                                      Напісана ў верасні  1998 года.
                                                                      Газета тады магла каштаваць 2500 рублёў.

Колькі каштуе пасадзіць бульбачку?

Неяк разгаварыўся са знаёмым калгаснікам Іванам К. Тэму гаворкі закранулі балючую, гарачую, як і цяперашняя веснавая пара – пасадка бульбы.
-- Сёлета я пасаджу сорак пяць сотак. Для гэтага мне спатрэбіцца прыблізна 700 кілаграмаў бульбы. У калгасе выпісаў адну тону, бо трэба нешта ж есці. За ўсё заплачу чатыры мільёны рублёў, -- сказаў знаёмы.
Рэч у тым, што ў мінулым годзе ў многіх вяскоўцаў не ўрадзіла бульба. Некаторыя накапалі столькі ж, колькі пасадзілі. Таму людзі вымушаны звяртацца да старшыні свайго калгаса, каб выпісаць бульбы для пасадкі. Не, я не хачу папракаць старшынь калгасаў. Маўляў, абдзіраюць бедалагу калгасніка, беручы грошы за бульбу. Вядома, за ўсё трэба плаціць.
Майму знаёмаму калгасніку яшчэ пашанцавала. Яму ўдалося выпісаць бульбы, а многім не хапіла. Людзі ўзбуджаныя, незадаволеныя, нават сварацца адзін з адным. Вясковае начальства нервуецца.
“Божа! Да чаго ж мы дажыліся! – думаю я. – Па радыё, па тэлебачанні, у газетах трубяць пра дасягнутыя поспехі, пра нейкі эканамічны цуд, а калгасніку ноччу не спіцца, усё непакоіцца, як пасадзіць бульбу”.
-- За пасадку і апрацоўку бульбы я, відаць, заплачу яшчэ 150 тысяч рублёў, -- працягвае гутарку Іван К. – Магчыма, нават больш. Каб выкапаць бульбу, аддам яшчэ каля паўтара мільёна рублёў, што на транспарт, што на закуску, што на гарэлку. Вось і лічы. Больш пяці мільёнаў будзе каштаваць мне бульбачка. А мая зарплата ў месяц – мільён дзвесце тысяч. Выходзіць, пяць месяцаў ад пасадкі да капання буду працаваць толькі на бульбу. А яшчэ невядома, ці ўродзіць яна.
Я прыкідваю: колькі мне, настаўніку, каштавала б яна, калі б, напрыклад, вырашыў пасадзіць дзесяць сотак бульбы.
У калгасе насенне мне не выпішуць. Прыйдзецца ісці на базар. Там за дзесяць кілаграмаў прыйдзецца заплаціць тысяч шэсцьдзесят плюс за тое, каб прывезці бульбу на поле. Затым у калгасе трэба выпісаць чатыры тоны гною па восемдзесят рублёў за тону. Яшчэ на 320 тысяч палягчае кішэнь.  Трактарыст за пасадку возьме 250 тысяч. Потым яе трэба будзе апрацаваць: за сотку заплачу 20 тысяч, не меней. Карацей, мне расхацелася саджаць бульбу.
Успамінаю пасляваенныя пяцідзесятыя гады. Я тады быў малы, але добра адклалася ў памяці, як аднавяскоўцы ў калгасе працавалі амаль што за дарма, за славутыя працадні. У сярэдневяковым Рыме рабоў хоць кармілі, а калгаснік мусіў яшчэ думаць, як яму зарабіць на хлеб.
                                                               Аляксей Якімовіч, в. Касцяні.
                                                           Напісана ў маі 1998 года.