Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. КЛІЧНЫЯ СКАЗЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. КЛІЧНЫЯ СКАЗЫ

 

Мэты: раскрыць вучням асаблівасці клічных сказаў; фарміраваць уменні і навыкі  вызначаць клічныя сказы, інтанаваць іх, правільна будаваць; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выпрацоўваць увагу і акуратнасць у час выканання заданняў.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

 Н а с т а ў н і к. Паўтараем з рознай інтанацыяй і сілай голасу:

(Ціха). Як добра мне і маім сябрам на ўроку беларускай мовы!

(Мацней). Як добра мне і маім сябрам на ўроку беларускай мовы!

(Моцна). Як добра мне і маім сябрам на ўроку беларускай мовы!

Мне заўсёды добра на ўроку беларускай мовы.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце. Растлумачце напісанне прапушчанай арфаграмы. Адгадайце загадку.

                                                         Бегла ліска

                                                         Каля лесу блізка;

                                                         Ні сцежкі, ні дарожкі,

                                                         Толькі з..латыя рожкі. (Месяц.) [2, с. 355, “Беларускія прыказкі”].

                                                                                     З народнага.

4. Чыстапісанне.                                       

Прапішам першую літару слова-адгадкі.

                                 М  м  мл  ма  мг

                                месяц маро..  м...тор

Са словам "месяц" складзіце сказ, каб у канцы яго стаяў клічнік.

Растлумачце напісанне прапушчаных арфаграм.

Хто лепш вымавіць складзены вамі сказ?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. У нашага славутага паэта Якуба Коласа ёсць цудоўныя вершаваныя радкі:

                                               Слова і казка

                                               Ходзяць у пары

                                               Сеюць па свеце

                                               Дзіва і чары.

Дзіва і чары!.. На гэтым уроку чараўніца-казка раскажа нам пра клічныя сказы. Мы даведаемся, што яны выражаюць, як вымаўляюцца, з дапамогай якіх слоў іх можна пабудаваць. А ў дарогу з сабою  возьмем запіску-"дапамагатку".

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

                                                           Запіска-"дапамагатка"

                       заклік                                                                віншаванне                     

 

            прывітанне                Клічныя сказы выражаюць             моцнае пачуццё

                       загад                                                                 

                                                                                                     пажаданне

                                   Могуць мець спецыяльныя словы

                                               ах, ох, ух, ой і інш.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

- Як жывецца табе, сусед? - пацікавілася Сарока, аднойчы прыляцеўшы да Шпачка.

Шпачок устрапянуўся і ўсклікнуў, азірнуўшыся:

- Глянь, якая прыгажосць вакол! Лета стаіць!

- Выходзіць, някепска жывецца., - вызначыла Сарока настрой Шпачка.

- Летам мне заўжды някепска, - усміхнуўся Шпачок. - Можна на бярозцы пасядзець, на галінцы крыху пагайдацца, можна да крынічкі паляцець, халодненькай вадзічкі папіць, а потым паспяваць на пацеху суседзям.

- Так, так, так! - застракатала Сарока і ўсклікнула: - Як добра летам!

- Няхай жывуць нашы песні! - падхапіў Шпачок.

- А ты ведаеш, што цяпер мы з табою выкарысталі клічныя сказы? - прагаварыла Сарока.

Шпачок з недаўменнем паглядзеў на сяброўку.

- Не ведаеш? Тады я прачытаю табе правіла "Клічныя сказы".

- Калі ласка, - пагадзіўся Шпачок. - Мне прыемна паслухаць вучоную Сароку.

Заззяўшы ад шчасця, Сарока дастала з партфеля неразлучны падручнік беларускай мовы і прачытала:

- Ёсць сказы, якія вымаўляюцца з асаблівым пачуццём, больш голасна, чым іншыя. Гэта клічныя сказы. Яны выражаюць радасць, заклік, загад, пажаданне або прывітанне, здзіўленне. У канцы апавядальных і пабуджальных клічных сказаў ставіцца клічнік. У канцы пытальных клічных сказаў ставіцца спачатку пытальнік, потым клічнік.

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Разам з Сарокай прачытайце правіла "Клічныя сказы"  ў вучэбным дапаможніку.

Праверце, ці адпавядае матэрыял вучэбнага дапаможніка напісанаму ў вашай Запісцы-"дапамагатцы"? Магчыма, ёсць нейкія адрозненні?

Праца з вершаванымі тэкстамі.

Якія са сказаў выражаюць: 1) заклік; 2) прывітанне; 3) моцнае пачуццё; 4) загад;  5) пажаданне? Падбярыце прыклады да запіскі-"дапамагаткі". Прачытайце сказы з патрэбнай інтанацыяй.

                                   Песні ў полі, шум і гоман.

                                   Ну ж і выдаўся дзянёк!

                                                           Якуб Колас.

 

                                   На прастор, на шырокі разлог

                                   Выхадзі, мой народ, грамадою, --

                                   Сотні новых і ясных дарог

                                   Рассцілае жыццё прад табою!

                                                           Якуб Колас.

                      

                                   Ты не гніся, брат, ніколі

                                   Траўкаю пахілай,

                                   Сам пружыны сваёй долі

                                   Выкуй ўласнай сілай!

                                                           Якуб Колас.

 

                                    Белым снегам замятае

                                    Вецер чорныя палі,

                                    Нібы вопратку ўздзявае

                                    Шыр прасторная зямлі.

                                              Гэй вы, коні, гэй, малыя!

                                              Што заснулі? Весялей!

                                              Гэй, у скачку, залатыя!

                                              Варушыцеся жывей!

                                                          Якуб Колас [4, с. 82, 107, 156, 235, “З майго летапісу”].                              

                                   -- Ату воўка! Ату воўка! –

                                  Стаіць заяц і крычыць.

                                  Бедны воўк падціснуў хвост

                                  І стралой дамоў ляціць!

                                                      Аляксей Якімовіч.

Прыдумайце і назавіце сказы, якія выражаюць віншаванне,  прывітанне.

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Прачытайце і растлумачце, які знак прыпынку патрэбна паставіць у канцы кожнага сказа.

                                              -- Мама! Чуеш – во, во(!)

                                              Хтось па даху пабег(!)

                                              Гэта злодзей ці хто(?)

                                              -- Не, сынок, -- гэта снег!

 

                                              -- А што трэба яму(?)

                                              Чаго ўзлез ён на дах(?)

                                              Ці ён грозіць каму,

                                              Ці спужаў яго страх(?)

 

                                              -- Ой, блазнота мая,

                                              Ну ж з цябе і смяляк(!)

                                              Чаго думка твая

                                              Устрывожана так(?)

                                                               Якуб Колас [5, с. 80, “Раніца ў нядзельку”].   

Падбярыце сінонім – літаратурны адпаведнік – да слова “смяляк”. (Смяльчак.)

Прачытайце сказ.

Як прыгожа блішчыць на сонцы ранішняя раса(!)

Падбярыце сінонім да слова “блішчаць”.

1. Пералівацца, зіхацець.

2. Ззяць, свяціць.

Падбярыце свае сінонімы да слова “блішчаць”.

Ці з’яўляюцца роднаснымі (аднакаранёвымі) словы “блішчаць” і “бліскавіца” (маланка)?

Пры напісанні слова “блішчаць” у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

Растлумачце правапіс літар шч у слове “блішчаць”.

Перакладзіце на рускую мову слова “блішчаць”. (Блестеть.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Блішчаць – слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце арфаграмы.

Выразнае чытанне.

Прачытайце клічныя па інтанацыі сказы спачатку як апавядальныя, потым як пытальныя.

Наш клас  -- пераможца. Мы атрымаем узнагароду.

Наш клас  -- пераможца! Мы атрымаем узнагароду!

Наш ласс – пераможца?! Мы атрымаем узнагароду?!

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Цяпер прачытаю працяг казкі пра Шпачка і Сароку.

Шпачок пырхнуў крыльцамі, узляцеў і сеў на пянёк. На высокім пяньку ён заўжды адчуваў сябе больш упэўнена.

- Сяброўка, я чуў, што ёсць словы ах, ой, вох, якія таксама ўваходзяць у клічныя сказы.

- Так. Гэта спецыяльныя словы – словы-выгукі і «хітрыя» словы, з дапамогай якіх утвараюцца клічныя сказы, - растлумачыла адукаваная Сарока.

Шпачок ступіў на край пянька, пахіснуўся і ўсклікнуў:

- Ах, я ледзь не ўпаў!

- Вось як хутка ўтварыў ты клічны сказ з дапамогай спецыяльнага слова ах! – адзначыла Сарока.

Лексічная праца.

Дапішыце сказы. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў канцы іх.

Цудоўная вёска. Эх, … (пажыць бы тут!)

Лез на дрэва і ўпаў. Ой, … (як баліць!)

Высокі дуб. Ух … (ты!)

У слове “дуб” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Дубок.)

Якое правіла вы прымянілі?

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                  Сонца прыпякае,

                                  Растае сняжок.

                                  Па вуліцы мчыцца

                                  Звонкі … (ручаёк).

                                               Аляксей Якімовіч.

Ці ёсць у тэксце клічны сказ? Абгрунтуйце сваю думку.

Пабудуйце клічны сказ са словам “ручаёк”. (Як хутка бяжыць ручаёк!)

Што ён выражае?

Праца са словам.

Н а с т а ў н і к. Я хацеў скласці віншаванне для свайго сябра, але прыйшла Памылка Памылкаўна і пераблытала ўсе словы. Дапамажыце навесці парадак.

Табе віншую поспехаў з днём нараджэння жадаю падарожжаў прыемных цябе

Які знак прыпынку паставім у канцы сказаў?

Як трэба чытаць клічныя сказы?

Фізкультхвілінка.

Уявіце, што прыплыла невялікая хмарка. Распачаўся дожджык. Цёплыя кроплі паліваюць градкі на бабуліным агародзе: спачатку -- агурочкі, потым – бурачкі, затым, -- моркву, пасля – памідоры. Пакажыце гэта з дапамогай вашых пальчыкаў.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў сустрэнемся з казачнымі героямі. Паслухайце казку.

- Сарока-белабока, сёння да мяне ў госці прылятаў сваяк Салавей, - паведаміў Шпачок. – У яго шмат прыгожых песень. А нядаўна ён напісаў яшчэ адну цудоўную песенку.

Сарока незадаволена страсянула галавою.

Шпачок адразу ж заўважыў гэта і пацікавіўся:

- Я штосьці не так сказаў?

- Ты няправільна вымавіў слова песеньку. У гэтым слове ёсць мяккі знак.

- А я не ведаў гэтага, - сказаў Шпачок і прапанаваў: - Сарока-белабока, давай са словамі “песень” і “песеньку” ўтворым клічныя сказы.

- Давай, - сказала Сарока.

Складанне сказаў.

Разам з Сарокай і Шпачком  утварыце клічныя сказы са словамі “песень”, “песеньку”.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

- Яшчэ раз сустрэнемся з Сарокай і Шпачком і паслухаем іх гаворку.

- Сарока-белабока, давай мы зробім так. Ты будзеш дыктаваць, а я буду пісаць пад тваю дыктоўку, - прапанаваў Шпачок.

-  Хочаш паказаць мне сваю граматнасць?

 - Канешне, хачу! – прызнаўся  Шпачок і ўзяў вострую галінку.

- Пішы, - сказала Сарока і прадыктавала: - Ох, як цяжка вымераць даўжыню пакоя крокамі!

Востраю галінкаю Шпачок напісаў на вільготным пасля дажджу пяску:

- Ох, як цяшка вымерать даужыню пакоя кропкамі!

- Ты ж няправільна напісаў! – усклікнула Сарока.

- Правільна! – не пагадзіўся Шпачок. – У канцы клічнага знака я паставіў клічны знак, а пасля спецыяльнага слова – коску.

- Ты аж у чатырох словах зрабіў памылкі! – незадаволена прагаварыла Сарока.

Праца з дэфармаваным сказам.

У якіх словах Шпачок зрабіў памылкі і чаму? Запішыце сказ правільна. Што ён выражае?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы чалавека, які кіруе канём, седзячы на санях,  -- гэй, гэй, гэй --  потым прамовіце і вы.

                                                Белым снегам замятае

                                                Вецер чорныя палі,

                                                Нібы вопратку ўздзявае

                                                Шыр прасторная зямлі.

 

                                                 Гэй вы, коні, гэй, малыя!

                                                 Што заснулі? Весялей!

                                                 Гэй, ускочку, залатыя!

                                                 Варушыцеся жывей!

                                                                Я. Колас [4, с. 107 -- 108, “З майго летапісу”].

Растлумачце пастаноўку клічнікаў у вершы.

Прамовім яшчэ раз разам: “Гэй, гэй, гэй!..” 

Узбагачаем мову народным словам.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Пр(і, ы)йдзі пад вечар ты на поле

                                   І палюбуйся ім, саколе!

                                   Ў якія роўныя  шнурочкі

                                   Цяпер пакладзены снапочкі!

                                   І як пр(і, ы)гожа-слаўны бабкі!

                                   Якія ладныя іх шапкі! [3, с. 205, “Новая зямля”].

Раскрыйце сэнс слоў “ладныя” (прыгожыя, добра зробленыя), “бабкі” ( тут: некалькі снапоў збожжа, састаўленых пэўным чынам на ніве.) [1, с. 49, “Тлумачальны слоўнік”]. Якімі словамі іх можна замяніць?

Тэсты.

Выберыце клічныя сказы. Абазначце іх знакам "+".

А. 1. Вясенняе сонца ласкава свеціць 

2. Як ласкава свеціць вясенняе сонца

3. Вясенняе сонца

4. Расцвітай, мая зямля

Б 1. Як добра быць разам з блізкімі

2. Ты любіш быць разам з блізкімі

3. Я люблю быць разам з блізкімі

4. Няхай прыгажэе наш край

З якіх слоў можна скласці клічны сказ? Абазначце іх знакам "+".

1. Бачыў, рабінку, ты, калі-небудзь

2. А, прыгожа, як, рабінка, цвіце

3. Нашай, каля, расце, хаты, рабінка

4. Направа, павярніцеся, хутчэй

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Адкажыце на пытанні. Пры неабходнасці звярніцеся да запіскі-"дапамагаткі".

Якія сказы называюцца клічнымі? Што звычайна яны выражаюць?

Што ставіцца ў канцы апавядальных і пабуджальных клічных сказаў?

Што ставіцца ў канцы пытальных клічных сказаў?

9. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Колас, Я. З майго летапісу : выбр. вершы / Якуб Колас. — Мінск : Беларусь, 1967. — 308 с.

5.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.